Любiмiца
Мае ўзаемаадносіны з выкладчыцай кафедры замежных моў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута К. не склаліся з першых жа заняткаў. Пераважная большасць студэнтаў нашай групы скончыла школы з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы; узровень іх падрыхтоўкі адрозніваўся ад такога выпускніцы пасялковай школы.
Акрамя мяне, у групе было яшчэ тры першакурснікі, якія атрымалі сярэднюю адукацыю ў звычайных агульнаадукацыйных школах. Двум Сашам: Даносаву, старасце групы, і Галькевічу, спартоўцу, – выкладчыца Валянціна Іванаўна (імя і імя па бацьку зменены) не надавала такой пільнай увагі, як мне. Ды і Воля Бурлакова, сур’ёзная студэнтка з сумленнымі сінімі вачыма, ніяк не падыходзіла на ролю “дзяўчынкі для біцця”.
Немаладая жанчына К. была падобная на крыўдзіцельку шатландскага сэтэра – Белы Бім Чорнае Вуха – з кінафільма рэжысёра Станіслава Растоцкага. Падабенства са шкоднай суседкай уладальніка сабакі, інваліда Вялікай Айчыннай вайны, Івана Іванавіча, не абмяжоўвалася толькі знешнасцю: характаралагічныя асаблівасці выкладчыцы былі ідэнтычныя сварліваму нораву гераіні фільма.
Менавіта мяне Валянціна Іванаўна выбрала ў якасці аб’екта прыкладання сваіх педагагічных навыкаў. Перад апытаннем “настаўніца” ўважліва аглядала мяне, сваю “любіміцу”. Кожны раз погляд жанчыны, завітай дробнымі кучаравінкамі, затрымліваўся на маіх, задзірліва рудых, валасах.
Бліц-апытанне на адвольную тэму працягвалася, як правіла, нядоўга. Дачакаўшыся кароткай паўзы пасля свайго чарговага пытання, “ангелька” завяршала дыялог і з непрытоеным задавальненнем агучвала адзнаку маіх ведаў.
Вымаўленне выкладчыцы вышэйшай навучальнай установы практычна не адрознівалася ад такога настаўнікаў правінцыйнай школы. Хірургаў Валянціна Іванаўна “абзывала” словам – “сурджэр” (surgery), тэрапеўтаў – “сырапьютыст” (therapeutist). Службовая частка гаворкі, прыназоўнік “для”, гучаў як амерыканізм (лексічныя, фанетычныя і граматычныя асаблівасці ангельскай мовы ў ЗША) – “фор”.
Першым “дасканалае” веданне настаўнікам прадмета адзначыў мой аднагрупнік, брэстаўчанін Георгій Дабрыянін. Ён атрымаў добрую адукацыю і адказваў на пытанні, пастаўленыя Валянцінай Іванаўнай, на бездакорнай ангельскай мове. “Мовазнаўца” К. паспрабавала было выправіць вымаўленне студэнта: у адказ свабодалюбівы Жорык вымавіў тыраду, сэнс якой не зразумелі ні студэнты, ні выкладчыца.
– А што ты ёй сказаў, што яна адразу ж замоўкла? – пацікавіліся мы ў перапынку паміж заняткамі.
– Так, уласна, нічога асаблівага я і не сказаў. Проста нагадаў Валянціне Іванаўне, што ангельская мова адносіцца да англа-фрызскай падгрупы заходняй групы германскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям’і, з’яўляецца найважнейшай міжнароднай мовай і патрабуе паважлівага стаўлення да сябе, у тым ліку, і ў плане правільнасці вымаўлення.
Нямая сцэна і здзіўленае пераглядванне студэнтаў.
Першым ачнуўся Саша Галькевіч, баксёр, кандыдат ў майстры спорту, які валодаў выдатнай рэакцыяй:
– Ну, Жорык, ты і загарнуў! Мне і на рускай мове нічога не зразумела, а як ты ўсё гэтае нагрувашчанне “моў” на ангельскую пераклаў?!
– Так, і адкуль ты ведаеш, якое павінна быць вымаўленне, “ангелец”? – падключылася Раечка Галаўнёва, якая скончыла школу з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы.
– Усё вельмі проста, сябры мае! Са мной некалькі гадоў займаўся выпускнік Маскоўскага інстытута міжнародных адносін, які воляю лёсаў апынуўся ў Брэсце. Ён мяне так “нацягаў”, што замежнікі прымалі мяне за “свайго”! – гарэзна і бестурботна адказаў Георгій.
– Спадзяюся, яны цябе не завербавалі? – з наўмысна занепакоеным выразам твара, ўдакладніла я.
– Ды ну цябе, Нэлка! Вечна ты са сваімі прыколамі! Калі я па-іншаму гляджу на асобныя падзеі сучаснасці, дык гэта зусім не азначае, што я не з’яўляюся патрыётам сваёй Радзімы! – патэтычна вымавіў Георгій.
“Па-іншаму гляджу” азначала чытанне Жорыкам забароненай у Савецкім Саюзе літаратуры.
З першага ж дня вучобы ў мяне склаліся выдатныя сяброўскія адносіны з іншадумцам Георгіем. Першакурснікі, знаёмячыся адзін з адным, коратка расказвалі пра сябе. Пераважная большасць студэнтаў нашай групы – карэнныя віцябляне. Слухаючы аднагрупнікаў, якія называлі месцам свайго нараджэння Віцебск, Жорык крыху засумаваў. Калі ж пачуў ад мяне: “Целяханы Брэсцкай вобласці”, павесялеў. І адразу ашаламіў прысутных заявай, што “Целяханы – самае лепшае месца на Зямлі!”.
У той момант я ўспрыняла гэта як ёрнічаннне. Жора адразу ж перасеў да мяне і ў падрабязнасцях распавёў пра любоў да палескага паселішча, якое было першым у кар’еры яго бацькоў-дактароў.
Пасля пераезда ў горад Брэст сям’я часта выязджала ў гарадскі пасёлак Целяханы, дзе ў яе засталося шмат сяброў. Вось гэтыя выезды-сустрэчы і пакінулі ў душы юнага Жорыка незгладжальны след.
Разумны, неардынарна думаючы і не прыстасавальны да ўмоў, Георгій выклікаў раздражненне асобных выкладчыкаў; у іх не было ні адзінага шансу “падлавіць” студэнта на няведанні прадмета: яму лёгка давалася вучоба. Тады ў віну Жорыку ставілася яго форма адзення, якая, па меркаванні заўзятых ахоўнікаў маральнасці, не адпавядала статусу навучэнца медыцынскага інстытута. За такую правіннасць яго часам выдалялі з аўдыторыі, што было для Георгія ўзнагародай.
Так і не змяніўшыся – прыстасаванства было яму чужое – Жорык у 1976 годзе перавёўся ў Рыжскі медыцынскі інстытут па месцы жыхарства жонкі. Восенню 1978 года загінуў у дарожна-транспартным здарэнні.
Георгій быў выдатным апавядальнікам; я з цікавасцю слухала яго аповеды пра змест прачытаных ім кніг, недаступных мне па аб’ектыўных прычынах.
Менавіта ад Жоры Дабрыяніна я даведалася, што існуюць “Праклятыя дні” Івана Буніна, “Сабачае сэрца” Міхаіла Булгакава, “Доктар Жывага” Барыса Пастэрнака, “Жыццё і лёс” Васіля Гросмана, “Архіпелаг ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына, “Круты маршрут” Яўгеніі Гінзбург; вершы паэтаў Сярэбранага стагоддзя.
Вярнуся, аднак, да тэмы вывучэння будучымі лекарамі іншаземнай мовы. Валянціна Іванаўна, пасля мудрагелістай фразы студэнта Дабрыяніна аб паходжанні ангельскай мовы, рабіла выгляд, што не заўважае “гэтага разумнага”, і ніколі не апытвала яго. Вызваленую такім чынам часовую нішу, заняла я: кожны занятак выкладчыца экзаменавала мяне.
Кожны раз пасля майго адказу “настаўніца” ўсім сваім выглядам паказвала, што я, нажаль, зусім не ведаю ангельскай мовы.
У якасці хатніх заданняў студэнты перакладалі артыкулы са штотыднёвага агульнага медыцынскага часопіса «The Lancet»; мае пісьмовыя пераклады заўсёды ацэньваліся на “выдатна”.
Мяне бянтэжылі гэтыя “арэлі”: вусны адказ – “нездавальняюча”, пісьмовы – “выдатна”.
– Ну, любіць цябе Валянціна Іванаўна, лю-бі-і-іць! Як жа такую яркую і сонечную не любіць! – пацяшаліся аднагрупнікі, паказваючы на маю рудавалосую галаву.
Усё стала на свае месцы, калі Жорык даведаўся ў лабаранта, што пісьмовыя пераклады “Ланцэту” студэнтаў нашай групы правярае загадчык кафедры замежных моў, дацэнт Л.А.Абраменка.
Дарэчы, менавіта яму я адказвала на іспытах. Веданне мною ангельскай і лацінскай моў было ацэнена кіраўніком кафедры на “выдатна”.
Свидетельство о публикации №222082401197
С уважением, теплом и наилучшими пожеланиями,
Людмила Каштанова 02.07.2023 13:03 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
На всю жизнь мне запомнилась "англичанка" Валентина Ивановна с её "дивным" произношением и редкостной "объективностью".
С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.
Нелли Фурс 03.07.2023 07:14 Заявить о нарушении