Дарожныя назiраннi

Дарожныя назіранні

Урач-стаматолаг Аляксей Іосіфавіч Вайцяховіч адносіцца да той катэгорыі спецыялістаў, на прыём да якіх варта ехаць за сто кіламетраў.

У кнізе “Гісторыя аховы здароўя Баранавіцкага края” я пісала аб паважаным мною лекары наступнае:

 “Стаматолагі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя Баранавіцкага раёна першымі ў Брэсцкай вобласці ўкаранілі сучасную тэхналогію лячэння адэнтыі – дэнтальную імплантацыю. Па праве, піянерам выкарыстання гэтай эфектыўнай методыкі лячэння “бяззубых і малазубых” можна лічыць Аляксея Іосіфавіча Вайцяховіча. Менавіта ён, нягледзячы на ўсе арганізацыйныя складанасці, даў магчымасць праблемным стаматалагічным пацыентам, у прамым і пераносным сэнсе, адчуць “смак жыцця”.

Пры паўторным наведванні прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Леда-Мед” супрацоўнікі медыцынскага цэнтра, якія калектыўна прачыталі маю мініяцюру “Візіт да стаматолага”, удакладнілі, што расходныя матэрыялы, часова размешчаныя на прывабных частках цела пацыенткі, былі стэрыльнымі. Гэтак жа, як і сурвэтка, якая выконвала ролю інструментальнага століка.
 
Я прынесла свае прабачэнні калегам за недакладную інфармацыю і запэўніла, што выпраўлю дапушчаную недакладнасць, што і раблю зараз.
 
Пасля завяршэння медыцынскіх маніпуляцый я дабралася да ўмоўленага месца, дзе мяне павінна было забраць прахожае маршрутнае таксі.
 
У той дзень фартуна адвярнулася ад мяне. Ні ў паказаны час, ні праз пяць-дзесяць-пятнаццаць хвілін, маршрутка так і не з’явілася.

Набраўшы нумар дыспетчарскай службы прадпрыемства пасажырскіх перавозак, я так і не атрымала выразнага адказу, чаму замоўленае напапярэдні маршрутнае таксі не забрала мяне з Баранавічаў? Вырашыўшы зладзіць “разбіранне” неабавязковым перавозчыкам, адправілася ў Целяханы “на перакладных”.

Выпрабаванні пачаліся з кіроўцы таксі, які падвозіў мяне на вакзал “Баранавічы-Палескія”. Ён пакутаваў слоўнай дыярэяй, захворваннем, характэрным для мужчын са згасаючым лібіда. За дзесяць хвілін паездкі я даведалася аб усіх яго сямейных праблемах; асаблівы акцэнт быў зроблены на здароўе жонкі. Яна кожны дзень “памірала” і кахаючы муж выклікаў хуткую дапамогу. А гэтыя “брыдкія” дактары не забіралі “цяжкую” хворую ў стацыянар!

Я ўстойліва трымалася ўсю паездку, ківаючы галавой або аднаскладова адказваючы на пытанні гаваруна. Але калі клапатлівы муж сказаў, што пагаршэнне стану здароўя спадарожніцы жыцця наступіла пасля яе вяртання з Егіпта, майму цярпенню прыйшоў канец:

– А што, зараз “цяжкія” хворыя, якім паказана стацыянарнае лячэнне, лятаюць на адпачынак у гарачыя краіны? Гэта дактары хуткай дапамогі Вашай жонцы парэкамендавалі? – з вонкавай прастадушнасцю, удакладніла я.

– Не, гэта я купіў жонцы пуцёўку, каб яна адпачыла! – адказаў кіроўца.

“Гэта ты добра прыдумаў, ад твайго шматслоўя любая жанчына захварэе!” – падумала я.

Таксіст заехаў на прывакзальную плошчу.

– У Вашай жонкі – перыяд фізіялагічнай перабудовы арганізма, так званы клімакс. Да яго трэба ставіцца спакойна, з разуменнем, што ўсе жанчыны праз гэта праходзяць. (Ды і мужчыны, адзначыла я пра сябе, масіруючы віскі: забалела галава, стомленая залішне гаманкім кіроўцам). Гэта я Вам як лекар кажу, –  расплаціўшыся, супакоіла я шматслоўнага шафёра. І, не даўшы яму магчымасці задаць пытанне, пакінула транспартны сродак.

У будынку вакзала стаяў манатонны шум, характэрны для падобных збудаванняў.

Набыўшы квіток, накіравалася да пустой электрычкі.
Да моманту яе адпраўлення вагон запоўніўся напалову. Сацыяльная дыстанцыя выконвалася, тым не менш, маску я не здымала.

Чытаць са смартфона не хацелася; я пачала назіраць за пасажырамі. Мужчына сярэдніх гадоў (узрост я вызначыла па лысіне, якая, як правіла, не бывае ў маладых людзей) у чорным рэспіратары ўважліва ўглядаўся ў свой  ноўтбук.

Пенсіянеркі ў суседнім купэ абмяркоўвалі небездакорныя паводзіны іх агульнай знаёмай, легкадумнай Мані.

Наўскасяк ад мяне размясцілася кампанія з трох чалавек: хлопец і дзве дзяўчыны. У юнака, верагодна, нядаўна з’явіўся валасяны покрыў на твары; ён вельмі гэтым ганарыўся і бесперапынна пачухваў неіснуючае шчацінне. Дзяўчаты здаваліся сёстрамі, адна з якіх, па бачным вонкава праявам, была блізкай сяброўкай хлопца.
Верагодна, тройка правяла бурную ноч; моладзь па чарзе пазяхала і драмала. І наогул, была “не ў сабе”.

Я неўзаметку назірала за “закаханай парай” – сонцаахоўныя акуляры, маска і казырок бейсболкі давалі мне такую магчымасць.

Дзеўка, якая сядзела насупраць хлопца, перыядычна размяшчала свае ногі на яго сцёгнах. Пацярпеўшы нейкі час нязручнасць, юнак здымаў канечнасці “каханай” і апускаў іх на падлогу; праз пэўную часіну дзеянне паўтаралася.

Зносіны маладой пары нагадвалі мне адносіны мужа і жонкі са стажам, даўно абрыдлых адзін аднаму. З тварамі, якія не выказвалі ніякіх эмоцый, пара ляніва перакідвалася кароткімі рэплікамі; іншы раз да “змястоўнай” гутаркі далучалася другая дзяўчына.

Часу для разважанняў было дастаткова; ува мне загаварыла “старая перачніца”:
“Так, заўсёды гэтак бывае, калі адносіны маладой пары развіваюцца імкліва! Абыходзячы заляцанні, цукерачна-букетны перыяд, трапятанне, першыя дакрананні, надзеі, слёзы і чаканні. А на адной фізіялогіі доўга не пратрымаешся!”

Памяць вярнула мяне ў другую палову дзевяностых гадоў. Пасля заканчэння пасяджэння гарадскога выканаўчага камітэта галоўны лекар Баранавіцкай гарадской бальніцы, Лабковіч Генадзь Іванавіч, затрымаўся ў намесніка старшыні выканкама па сацыяльных пытаннях.

Я накіравалася да службовай машыны галоўнага лекара і, чакаючы кіраўніка, разгаварылася з Андрэем, ветлівым, абавязковым і старанным кіроўцам. Ён пацікавіўся, як прайшло пасяджэнне; мы з Генадзем Іванавічам усю дарогу абмяркоўвалі, ці будуць нас “біць”.

Коратка адказаўшы на пытанне Андрэя, што мы пазбеглі “збіцця”, перайшла на адвольную тэму:

– Андрэй, Вам падабаецца працаваць у нашай установе?

– Так, вельмі, тут такая добразычлівая абстаноўка. Я ж адразу пасля арміі ўладкаваўся на працу, так што розніца адчуваецца! – бадзёра адказаў хлопец.

– Дык ужо і ажаніцца можна, Андруша! – развівала я далей тэму.

Кіроўца нявызначана хмыкнуў:

– Дык няма з кім, Нэлі Гаўрылаўна!

– Як гэта – няма з кім?! Баранавічы – жаночы горад, выбірай – не хачу! – запратэставала я.

– Дык у тым і справа, што “не хачу”! – засаромеўся Андрэй.

– Ажаніцца не хочаш? – удакладніла я, нечакана для сябе перайшоўшы на “ты”.

– Не, ажаніцца я хачу, ды няма з кім! Толькі пазнаёмішся з дзяўчынай, яна адразу ж … – кіроўца не змог растлумачыць жанчыне, прыдатнай яму ў маці, сапраўдныя прычыны нежадання мяняць свой халасцяцкі статус.

– Яна з першага вечара на ўсё згодная, так, Андрэй? – прыйшла я на дапамогу юнаку.

– Ды менавіта так, Нэлі Гаўрылаўна! – узрадаваўся падказцы малады чалавек.

– Не засмучайцеся, Вы проста яшчэ не сустрэлі сваёй адзінай! – суцешыла я хлопца.

Прыйшоў галоўны доктар; мы з Андрэем скончылі размову, змест якой  захаваўся ў маёй памяці на доўгія гады.

Тым часам вагон электрычкі пусцеў; на адным з прыпынкаў выйшла маладая пара, на мой суб’ектыўны погляд, не меўшая сумеснай будучыні.

Неўзабаве аб’явілі Івацэвічы, раённы цэнтр Бресцкай вобласці, мой пункт прызначэння.
 
У невялікіх беларускіх гарадках чыгуначны і аўтавакзал знаходзяцца ў адным будынку. Падышоўшы да аўтобусных кас, даведалася, што рэйс у патрэбным мне напрамку – праз гадзіну.

Я даўно не ездзіла прыгарадным аўтамабільным транспартам. Мяне прыемна здзівіў парадак пасадкі пасажыраў у аўтобус: спачатку зайшлі грамадзяне, якія маюць білеты з зазначанымі месцамі; затым – ваяжоры, якія набылі квіткі на праезд стоячы. Прычым, уся працэдура запаўнення аўтобуса ажыццяўлялася без усякага ўдзелу кантралёра ці кіроўцы.

Заняўшы месцы, пасажыры ўтварылі групы “па інтарэсах”. Да канцавога прыпынку ехаць каля паўтары гадзіны: ёсць час абмеркаваць мноства актуальных тэм!
Літаральна за некалькі секунд да адпраўлення аўтобуса ў салон увайшла маладжавая і дагледжаная жанчына. Убачыўшы знаёмых, якія сядзелі тварам адзін да аднаго (аўтобуснае падабенства вагоннага купэ), падышла да іх, прывіталася і аглядзелася: куды б размясціць свае авоські?

У “купэ” знаходзіліся тры жанчыны пенсіённага ўзросту і мужчына, гадоў прыкладна сарака. Ён падняўся і прапанаваў сваё месца жанчыне:

– Сядайце, калі ласка!

“Не перавяліся яшчэ джэнтльмены ў нашым Палессі!” – не паспела я падумаць, як паследавала наступная фраза “ахвяравальніка” свайго законнага месца:

– Вы ж старэйшая за мяне будзеце! – з пачуццём выкананага абавязку, вымавіў мужчына і перамясціўся ў невялікі закутак, вольны ад сядзенняў –  месцы для інвалідаў-вазочнікаў.
 
Жанчына, не заўважыўшы сумнеўнага “ўзрастовага” кампліменту, падзякавала мясцоваму “рыцару”.

 Ён быў апрануты ў спартыўны касцюм Nike і красоўкі; у руцэ – скураная барсетка.

“Нейкі ў мяне сёння настальгічны дзень: у электрычцы – успаміны аб дзевяностых гадах, у аўтобусе – “прыкід братка”, таксама з дзевяностых!” – падумала я, мімаходам зірнуўшы на мужчыну.

Нейкі час “браток вісеў” на поручні аўтобуса, разглядаючы пасажыраў. Зазваніў тэлефон, спадарожнік зняў трубку і, адвярнуўшыся да акна, нягучна размаўляў з суразмоўцам.

Да мяне даносіліся абрыўкі яго правільнай гаворкі, багатай эканамічнымі тэрмінамі.

“Напэўна, прадпрымальнік, – падумала я. – З раённай падатковай інспекцыі вяртаецца. І спартыўны касцюм апрануў спецыяльна: маўляў, голы як сокал, што з мяне ўзяць! Хаця, Дзмітрый Малікаў у студыю беларускага тэлебачання таксама прыйшоў у спартовым касцюме. Пэўна, хацеў падкрэсліць, што адносіцца да простага народу і не дарэмна яму, “галасістаму”, прысвоілі званне “народнага”. Тады трэба было апрануць не фірмовы спартыўны касцюм, а “трэнікі” з выцягнутымі каленцамі. А яшчэ лепей – галіфэ і “кірзачы”!” – павольна развівала я тэму невыканання дрэс-кода “зоркай”, якая давала інтэрв’ю.

У маёй свядомасці ўжо пачаў фармавацца віртуальны вобраз “усімі любімага” спевака, гэтакае знешняе падабенства “кіношнага” Глеба Жаглова. Пазл, аднак, не складаўся: я не магла “прымусіць” уяўнага Дзмітрыя Малікава сказаць, хаця б адну фразу, унікальным і непаўторным тэмбрам голасу Уладзіміра Высоцкага; народны артыст увесь час збіваўся на свае бясколерныя і малавыразныя галасавыя інтанацыі.

Ад тэмы разважанняў: “народны ці таленавіты”, мяне адцягнулі пасажыркі “аўтобуснага купэ”. Жанчына, якая зайшла ў транспарт апошняй, гучна выхвалялася знаёмым сваёй разумнай, прыгожай і працавітай дзесяцігадовай унучкай.

“А мужык вунь меў рацыю, сапраўды, “старэйшая будзе”!” – падумала я, супаставіўшы агучаны ўзрост унучкі і, меркаваны, бабулі.

Ініцыятыву ў гутарцы перахапіла цёмнавалосая паўнаватая жанчына пенсіённага ўзросту. З вымаўленнем, характэрным для беларускага Палесся (сумесь беларускай, рускай, украінскай, польскай мовы і ідыша), яна пачала пераконваць суразмоўніц у немэтазгоднасці апрацоўкі прысядзібных участкаў:
 
– Колькi каштуе гэтая бульба? Грошы! А пасадзi, прапалi, абганi, потым, усiм кагалам, выберы!

– Так-так, Ганулька! Навошта гэта патрэбна? Усё, лiчы, задарма ў краме цi на базары прадаецца! – працягнула тэму, зададзеную ініцыятарам размовы, сівавалосая хударлявая жанчына.

Спадарожніцы падтрымалі субяседніц: сапраўды, праца на зямлі даецца ўсё цяжэй і цяжэй.

Я задумалася. Ужо некалькі гадоў сястра Таццяна пераконвае мяне “знізіць севазвароты” на прысядзібным участку, а я ўсё супраціўляюся: як жа, усё сваё! А працавітыя палескія жанчыны на ўласным вопыце пераканаліся, што кожнаму ўзросту – свае фізічныя нагрузкі.

Адцягнуўшыся ад гутаркі сялянак, я пачала прадумваць пасадкі наступнага года, ужо на паменшаным удвая, а то і болей, участку.

Мне не ўдалося распрацаваць перспектыўны агратэхнічны план прысядзібнага ўчастку: адцягнуў званок тэлефона “джэнтльмена”; мая ўвага кароткатэрмінова пераключылася на яго.

На наступным прыпынку “вызваленыя жанчыны Палесся” выйшлі; на пустых крэслах размясціўся “прадпрымальнік”, які да таго часу скончыў тэлефонную размову.

Здавалася, што ён драмаў: прыцемненае шкло акуляраў хавала вочы.
 
Я стала неўзаметку разглядаць спадарожніка, пачаўшы з абутку. Добрыя белыя красоўкі, дыхтоўны спартыўны касцюм, яркая футболка…
 
Падняўшы вочы да твару мужчыны, я выявіла, што з-пад прыспушчаных акуляраў на мяне ўважліва, вывучальна глядзіць іх ўладальнік; я хутка павярнула галаву да акна.

“Неяк няёмка атрымалася: я за ім назіраю, а ён – за мной”, – падумала я, пад’язджаючы да свайго прыпынку.

Па дарозе дадому ўсё думала, дзе я раней чула паўтарэнне ў адной фразе слова “назіраю”?

Да сярэдзіны пешага шляху мяне ахінула: медыцынскі інстытут, перапынак паміж практычнымі заняткамі па паталагічнай анатоміі, свежыя анекдоты,  “прывезеныя” спартоўцам-фехтавальшчыкам Мішкай Блахіным з чарговых спаборніцтваў.

“Расцэнкі ў публічным доме, Кейптаўн:

Чорная жанчына – 50 даляраў,
Белая жанчына – 100 даляраў,
Назіраць – 150 даляраў,
Назіраць за назіральным – 200 даляраў”.

Дзіўна, усё ж, уладкавана жыццё: сюжэт анекдота, расказанага аднагрупнікам у студэнцкія гады, паўтарыўся праз шмат дзесяцігоддзяў!

У некалькі іншай, цнатлівай, інтэрпрэтацыі.

P.S. Гісторыя няскончанай размовы з кіроўцам Андрэем знайшла нечаканы працяг праз некалькі гадоў, у пачатку двухтысячных; я ўжо некалькі гадоў працавала ў сістэме аховы здароўя Баранавіцкага раёна.

Мы святкавалі юбілей калегі ў рэстаране. Я звярнула ўвагу на маладую пару, якая танчыла; з цеплынёй і пяшчотай яны глядзелі адзін на аднаго. Немагчыма было адвесці погляда ад гэтай цудоўнай карціны!

Прыгледзеўшыся, я пазнала ў мужчыне Андрэя. Ён упэўнена вёў у танцы сваю партнёрку і шчасліва ўсміхаўся.

Дачакаўшыся танцавальнай паўзы, я падышла да пары. Прывітаўшыся, нахілілася да вуха маладога чалавека і напаўголаса сказала:

–  Андрэй, гэтая дзяўчына – Ваш лёс!

–  Я ведаю, Нэлі Гаурылаўна! Пазнаёмцеся: Святлана, мая жонка! А Вы тады мелі рацыю, сказаўшы, што ёсць сапраўдныя, сціплыя дзяўчыны і што я абавязкова знайду сваё шчасце! Так яно і адбылося, у нас ужо і сынок расце! – з каханнем гледзячы на Святлану, вымавіў Андрэй.

Пажадаўшы моладзі дажыць да залатога вяселля, вярнулася да калег.

P.P.S. “Разбіранняў” са службай пасажырскіх перавозак я не ладзіла. Хіба паўтары гадзіны язды ў цесным мікрааўтобусе дадуць столькі назіранняў і ўражанняў, як ваяж “на перакладных”?


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Спасибо за интересный рассказ. Да, в различных поездках можно наблюдать интересные сцены. Поэтому я люблю различные поездки. Много по молодости приходилось ездить и автобусом, и поездом и электричках.
Помню, когда в молодости гостила у свекрови, от ж\д до деревни добиралась автобусом. и вот внимание мое привлек один мужчина. Уж больно вид у него был печально -угрюмый, весь был в каком-то невеселом раздумии. У других пассажиров нормальные, беззаботные лица. а вот у этого мужчины, что-то было тяжелое на душе. И вот уже в доме свекрови она сообщила мне, что у них в деревне муж убил жену и ведется следствие, и я сразу почему-то вспомнила про этого мужчину. Хотя, я могла и ошибиться.
Всего самого наилучшего!
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   04.07.2023 16:27     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

В молодые годы в поездках я любила беседовать с попутчиками, если они сами проявляли инициативу.

А сейчас больше люблю наблюдать за пассажирами; из их разговоров между собой узнаёшь много интересного и нового!

С улыбкой и теплом.

Нелли Фурс   05.07.2023 11:21   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.