Жукi разладу
У 1940-1959 гадах мая радзіма, гарадскі пасёлак Целяханы Пінскай (цяпер – Брэсцкай) вобласці Беларусі, быў раённым цэнтрам. Дзіцячая памяць захавала выгляд галоўнай плошчы населенага пункта з размешчанымі на ёй павільёнамі, кіёскамі і шапікамі, у якіх сельскагаспадарчыя прадпрыемствы гандлявалі прадукцыяй ўласнай вытворчасці.
Гандлёвыя прадпрыемствы знаходзіліся па перыметры плошчы і уяўлялі свайго роду выставу дасягненняў народнай гаспадаркі раёна. У нядзелю, з вызначанай перыядычнасцю, на гэтай прасторы ладзіліся кірмашы, у якіх прымалі ўдзел прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў: калгасаў і саўгасаў Целяханскага раёна і суседніх з ім раёнаў Пінскай вобласці.
У пачатку шасцідзесятых гадоў, мяне, тады яшчэ дашкольніцу, бацькі ўзялі з сабой на кірмаш. Багацце гандлёвых радоў ўразіла маё дзіцячае ўяўленне: чаго там толькі не было! Гародніна і садавіна, мясныя і каўбасныя вырабы, вэнджаніна, саленні і квашэнні, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы! І мара дзяцей ўсіх узростаў – марожанае ў вафельных ражках!
Увагу бацькі, Лукашэвіча Гаўрыіла Карнеевіча, дыпламаванага агранома, прыцягнуў не асартымент прадукцыі выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў мініяцюры, а яркая металічная шыльда на адным з павільёнаў. Тата спыніўся каля яго, прачытаў, нявызначана хмыкнуў і нешта сказаў маме.
Паглядзеўшы на шыльду, не выявіла нічога цікавага: нейкая паласатая казюрка і літары, якіх я яшчэ не ведала.
Пераключыўшыся на агляд гандлёвых радоў, я адразу ж забылася і аб татавай цікавасці да невялікай па памерах шыльды, і аб казюрцы.
Пасля заканчэння першага класу школы, зноў апынуўшыся на цэнтральнай плошчы пасёлка, я змагла прачытаць інфармацыю, так зацікавіўшую бацьку. На таблічцы было размешчана паведамленне, у якім жыхарам Целяхан прапаноўвалася, у выпадку выяўлення небяспечнага шкодніка бульбы, даставіць яго па адрасе, згаданым ў аб’яве. За каларадскага жука належыла ўзнагарода – дзесяць рублёў.
Мяне асабліва зацікавіла тая частка паведамлення, у якой гаварылася аб заахвочванні “жукалова”; яна мела прыкладное значэнне. Загінаючы пальцы, метадам складання, я вызначыла, што на рубель можна купіць восем ці дзевяць порцый марожанага.
Прэміяльная грашовая сума ў дзіцячай свядомасці трансфарміравалася ў незлічоную колькасць халоднага ласунку. І ўсё гэтае шчасце – за аднаго маленькага паласатага жучка!
Я не “выдала” блізкім сваякам “сакрэтную інфармацыю” аб памеры ўзнагароджання за злоў шкодніка і стала заўзятай “агародніцай-бульбаводам”. Часова быў забыты любімы целяханскай дзятвой Агінскі канал; увесь вольны час я праводзіла ў агародзе.
Мама ставіла мяне ў прыклад: я ж “палола” бульбяныя градкі. Расчараванне напаткала маці, калі яна ўбачыла вынікі маёй працы: вытаптанае бацвінне паслёнавых раслін.
Прыйшлося сказаць праўду аб маёй цікавасці да плантацыі бульбы, выклікаўшы смех бацькоў і старэйшых сясцёр. Тата ўвёў мяне ў курс справы, распавёў аб каларадскім жуку і дадаў, што гэты шкоднік ў нашай мясцовасці не водзіцца.
Многа пазней я даведалася, што першыя ачагі паразы бульбяным шкоднікам на тэрыторыі СССР былі знойдзены ў Львоўскай вобласці ў 1949 годзе. Затым, у 1953 годзе, жукі з’явіліся адначасова ў Калінінградскай, Валынскай; Брэсцкай і Гродзенскай абласцях Беларускай ССР.
Гісторыя пошуку бульбянога шкодніка, якая распавядана мною, адносіцца да 1962-1963 гадоў; у той час каларадскі жук у нашых краях не сустракаўся. Па меншай меры, мая памяць не захавала якіх-небудзь эпізодаў барацьбы з “іншаземнымі дыверсантамі”.
На думку спецыялістаў, з’яўленне каларадскага жука ў СССР супала па часе з перыядам “халоднай вайны” са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Не дзіўна, што сярод чутак была і версія аб наўмысным заносе бульбянога шкодніка сіламі Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення.
У нумары дваццаць адзін газеты “Аргументы і факты” за 2004 год быў апублікаваны артыкул “Жук на ЦРУ не працаваў”, у якім вядучы спецыяліст по “каларадскаму пытанню” кафедры энтамалогіі Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі Н.Траццякоў і супрацоўнікі гістарычнага архіва Федэральнай службы бяспекі далі тлумачэнні.
“У доўгі пералік непрыемнасцяў, прычыненых нашай краіне Цэнтральным разведвальным упраўленнем ЗША, “запуск” каларадскага жука занесці нельга. Ніякіх – нават ускосных – доказаў гэтага не выяўлена. Знакаміты шкоднік, хутчэй, – спадарожнік сусветных войнаў. У Еўропу ён трапіў у Першую, а да нас – у Другую, прыкладна ў 1943-1945 гг.
У 1956-1958 гг. шкодзіў па дробнаму, але ў паказаныя тэрміны яго напады зарэгістрыраваны ўжо як эпідэміі ў Калінінградскай вобласці і Закарпацці. І да гэтага часу, акрамя збору ўручную з наступным спаленнем, мы практычна нічога супрацьпаставіць яму не можам…”
Я пачала займацца агародніцтвам у сталым узросце; да таго часу каларадскі жук быў ўжо нязменным галаўным болем земляробаў. У нашай сям’і місія “зачысткі” бульбяных градак ад шкоднікаў была ўскладзена на мужа. Ён добрасумленна збіраў дарослыя асобіны і лічынкі жука; літаральна праз дзве гадзіны пасля завяршэння “аперацыі”, Валодзінай працы не было відаць.
Муж не згаджаўся з маімі папрокамі ў недабраякасным выкананні ім працы; ён сцвярджаў, што самым дбайным чынам падабраў ўсіх шкоднікаў.
У бягучым годзе мне прыйшлося на нейкі час падмяніць мужа. Раніцай, сабраўшы “ураджай” каларадскіх жукоў, вярнулася ў дом.
– Два дні не буду займацца гэтай няўдзячнай справай, – наіўна меркавала я.
У той жа вечар я пайшла ў агарод за зелянінай і абмерла: кусты бульбы, шчодра абсыпаныя каларадскімі лістаедамі і іх лічынкамі, нагадвалі гронкі спелай рабіны.
Прыйшоўшы ў дом, павінілася перад Валодзем за свае неабгрунтаваныя да яго прэтэнзіі адносна якасці збору жукоў.
Неўзабаве з Гродна, на пабыўку ў бацькоўскую хату, прыехала мая сястра Таццяна с мужам Уладзімірам. Я распавяла ім аб агародных “пакутах” і малаэфектыўнай барацьбе з бульбянымі шкоднікамі.
Як выявілася, “разборкі” з-за амерыканскіх жукоў маюць месца ў шматлікіх сем’ях, якія займаюцца вырошчваннем бульбы. Таццяна з Валодзем расказалі, што ў Гродна, выйшаўшы з катэджа на двор, часта выслухоўваюць скаргі суседзяў адзін на аднаго:
– Я заўчора сабраў усіх жукоў і лічынак з бульбы. Учора быў у камандзіроўцы, прыязджаю ўвечар, а ўсе градкі – чырвоныя! – сцвярджае муж.
– Я ўчора кожны кусцік аглядзела, сабрала цэлы слоічак з-пад маянэзу жукоў. Муж сёння раніцай пайшоў у агарод, сказаў, што зноў усіх шкоднікаў сабраў. А я выйшла за кропам да абеду – усё бульбяное бацвінне “пачырванела”! Значыць, падмануў і жукоў не збіраў! – гарачыцца руплівая гаспадыня.
Слухаючы падобныя апавяданні, я зрабіла адназначную выснову:
– Дамагліся-ткі праклятыя амерыканскія імперыялісты свайго! Шкоднымі, дробнапаскуднымі падкопамі, унеслі разлад у адносіны мужоў і жонак – агароднікаў постсавецкай прасторы!
Воляй-няволяй, казюркі са штата Каларада сталі жукамі сямейнага разладу.
Свидетельство о публикации №222082401350
Доброго здоровья и успешного дня!
С уважением и теплом,
Людмила Каштанова 07.07.2023 11:30 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
Второй год не высаживаю на приусадебном участке картофель, и сразу отметила, что "жить стало лучше, жить стало веселее!"
С улыбкой и теплом.
Нелли Фурс 09.07.2023 15:14 Заявить о нарушении