Неслужбовае расследаванне
Пасля публікацыі мініяцюры “Ода савецкай прамысловасці” мне патэлефанавала сястра, Таццяна Цыркунова. Пагаварыўшы аб бягучых справах, яна спытала, якая менавіта “арцель” зрабіла такія трывалыя і доўгавечныя гумовыя боты?
Я сказала сястры, што змагла знайсці толькі памер абутку і артыкул выраба. Таццяне, правізару вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, добра вядомыя пастаўшчыкі гумовых медыцынскіх грэлак; яна выказала здагадку, што вытворцам “гістарычных” ботаў мог быць Бабруйскі завод гуматэхнічных вырабаў, цяпер таварыства з абмежаванай адказнасцю “Беларусьгуматэхніка”.
Завяршыўшы тэлефонную размову, я звярнулася да мужа з прапановай, звычайнай для грыбнога сезону:
– Валодзя, а можа ў лес сходзім? Недалёка, за канал Агінскага?
Муж здзіўлена паглядзеў на мяне:
– Мы ж учора хадзілі за грыбамі, ты ж да вечара іх перабірала і адварвала! Не надакучыла?!
– Дык мы ўчора хадзілі “за лыжную фабрыку”, а сёння прагуляемся “за канал”: раптам ужо грузды з’явіліся? – адказала я, быццам не заўважыўшы апошняй фразы мужа.
Пасля нядоўгіх збораў адправіліся ў лес. Любуючыся дзівоснымі фарбамі вераснёўскага лесу, у думках вярнулася да ранішняй тэлефоннай размовы.
– Але Таццяна мае рацыю, павінны быць таварны знак. Боты былі выпушчаны ў савецкі час; вытворца абавязкова наносіў на выраб маркіроўку! Гэта ж не сучасныя “фірмы-аднадзёнкі”, якія не шануюць сваю рэпутацыю! Значыць, я чагосьці не даглядзела, трэба будзе паўторна ўсе “загагуліны, разумееш” вывучыць, – разважала я.
Па вяртанні дадому, пасля выканання звычайнага рытуалу: сартаванне, чыстка, тэрмічная апрацоўка грыбоў – я занялася падрыхтоўкай да даследавання ботаў. Старанна, з ужываннем мыйных сродкаў і мяккай шчотачкі, вымыла іх і размясціла на прасушку пад стрэху, якая добра праветрывалася.
Вечарэла, і я адклала пошукі на заўтра.
Сонечнай раніцай, у двары, я прынялася за дэталёвае вывучэнне гумовага абутку. Так, памер, артыкул – гэта я ўжо бачыла. А што за малюсенькі кружочак на падоўжнай перамычцы падэшвы? Пры першаснам аглядзе ботаў я прыняла яго за дробныя пашкоджанні, непазбежныя пры працяглым нашэнні абутку.
Узброіўшыся акулярамі, я стала ўглядацца ў дробныя літаркі і знакі кляйма – нічога не разабраць. Прынесла яшчэ некалькі акуляраў – вынік той жа.
Падумала: “Парадаваўся б Іван Андрэевіч Крылоў “жывучасці” вобразаў яго геніяльных твораў; напісаная больш за дзвесці гадоў таму байка “Малпа і акуляры” актуальная і дагэтуль!”.
Успомніла, што ў скрыні дыхтоўнага дубовага стала, зробленага бацькам, захоўваецца дваякавыпуклая лінза, якой тата карыстаўся пры чытанні кніжных зносак, надрукаваных дробным шрыфтам. Абшукаўшы абедзве шуфлядкі (высоўная скрыня, слова змешанага нямецка-польскага паходжання, якое часта ўжываецца насельніцтвам Заходняй Беларусі), не знайшла патрэбны прадмет.
“Можа, унукі куды-небудзь падзелі? Давядзецца ісці купляць лінзу “на мястэчка”, – падумала я.
Цэнтр гарадскога пасёлка Целяханы традыцыйна называецца “мястэчка”. Мястэчка – адзін з відаў населеных пунктаў, разнавіднасць паселішча, якое гістарычна склалася ў Рэчы Паспалітай, на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Усходняй Латвіі, Польшчы, Украіны і Заходняй Расіі; часта – са значнай доляй габрэйскага насельніцтва.
– Верагодна, старажылы памяталі гады “за польскім часам” і, пасля прыходу “Саветаў”, “прысвоілі” гандлёвай плошчы назву катэгорыі населенага пункта – “мястэчка”, – разважала я, ідучы ў краму па пакупку.
Ад далейшага паглыблення ў гісторыю пасёлка і “местачковую” тапаніміку мяне адцягнула знаёмая жанчына, якая ішла насустрач. Мы прывіталіся, перакінуліся некалькімі фразамі, і я адправіліся далей.
– Цікава, а што, усё-ткі, адлюстравана на тым кружочку? – вярнулася я да “нашых бараноў”, дакладней, гумовых ботаў.
Тым часам я праходзіла міма аптэкі; у свядомасці склаўся асацыятыўны шэраг: гумовыя боты…аптэка…гумовыя вырабы…
У закутках памяці ўзнік эпізод маёй далёкай маладосці, які мае прамое стаўленне да тэмы аптэкі і гумовых вырабаў.
У “бясполым” Савецкім Саюзе было вельмі цяжка набыць вырабы нумар два: ці то іх мала выраблялі, ці то сэкс у СССР, усё-ткі, быў і тавар хутка раскупаўся.
У маёй сяброўкі Тамары здарыўся раман з мужчынам, далейшыя адносіны з якім былі нявызначанымі. Для ухілення ад непажаданых наступстваў неплатанічных зносін з каханым, Тома ўжывала механічныя, бар’ерныя, сродкі кантрацэпцыі.
У тэлефоннай размове таварка папрасіла мяне купіць і пераслаць ёй вырабы нумар два (у горадзе N., месцы пражывання закаханай Тамары, з яе слоў, яны адсутнічалі ў продажы).
Што не зробіш дзеля сяброўкі! Я адправілася ў цэнтральную раённую аптэку горада Баранавічы і, стаўшы ў чаргу, падумала:
“Колькі вырабаў набыць? Чаму ж я не спытала аб гэтым у Тамары?”
За роздумамі я і не заўважыла, што падышла мая чарга. Работніца аптэкі запытала:
– Вам – што?
– Мне – прэзерватывы!
У чарзе змоўклі размовы: маладая, вонкава прыстойная жанчына гучна вымаўляе такое непатрэбнае слова!
Фармацэўт удакладніла:
– А колькі Вам патрэбна?
Праводзячы ў розуме няхітрыя арыфметычныя дзеянні, я не была яшчэ гатовая да адказу. Секунду памарудзіўшы, вымавіла:
– Сто штук, калі ласка!
Аптэкар, зірнуўшы на мой руды, з выклікам, колер валасоў, паразумела кіўнула галавой і пачала адлічваць латэксныя вырабы. Пакупнікі, якія стаялі за мной у чарзе, пераглянуліся: маўляў, усё зразумела, прафура.
Падлік фармацэўта набліжаўся да канца. У гэты момант незамацаваная пасмачка рудых валасоў упала на твар; мне прыйшлося яе паправіць. Пакупніцы, якія ў думках назвалі мяне жанчынай з нізкай сацыяльнай адказнасцю, убачылі на маёй правай руцэ заручальны пярсцёнак.
Сапраўдны заручальны пярсцёнак, які муж заказаў на Поўначы, у свайго сябра Мікалая. Шырокі такі, ён займаў усю асноўную фалангу безназоўнага пальца правай рукі – тады былі модныя такія пярсцёнкі. Праўда, неўзабаве мне прыйшлося памяняць яго на тоненькае ўпрыгожванне: пры частым выкарыстанні грушы танометра (прафесійная неабходнасць тэрапеўта), у вобласці пяснафалангавага сучлянення безыменнага пальца з’яўляліся мазалі.
Адносіны да “разняволенай” пакупніцы пажылых жанчын з чаргі, якія ўбачылі на пальцы маёй рукі заручальны пярсцёнак, змяніліся. Іх твары сталі лагоднымі: я аказалася сучаснай савецкай жанчынай, якая плануе нараджэнне дзяцей!
А дарма матроны расслабіліся! Атрымаўшы ад фармацэўта пакет, я напаўголаса вымавіла:
– На першы час хопіць, а праз месяц – зноў прыйду!
Ахоўніцы чужых маральных каштоўнасцяў толькі з дакорам паківалі галовамі: што ж гэта за норавы ў сучаснай моладзі?!
P.S. З дапамогай набытай лінзы я ўважліва вывучыла таварны знак. Унутры акружнасці было напісана: “Гандлёвы дом”, у цэнтры кружочка – дзве загалоўныя літары “МК”.
Усёведны Інтэрнэт не назваў вытворцу ботаў, якія наша сям’я носіць ужо некалькі дзесяцігоддзяў.
І патрэбна было мне гэтае расследаванне?!
Свидетельство о публикации №222082401406
А знаете, порой такое случается - вот захватывает человека желание узнать о чем-то, докопаться до какой-то мелочи и все, все мысли теперь исключительно об этом.
И пока не добьешься своего, никак не может отпустить.
Хотя в некоторых случаях добраться до истины оказывается крайне нелегким занятием.
Наверное, помог бы статистический каталог предприятий резинотехнических изделий, вот только где взять такой каталог, чья давность насчитывает три, а и то более десятилетий.
Потому и приходится довольствоваться тем, что есть, а заодно думать с удовлетворением о том, что в советское время выпускали столь качественную продукцию.
С глубочайшим уважением и наилучшими пожеланиями,
Сергей Макаров Юс 24.07.2023 21:05 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
Вы правы: меня по-настоящему заинтересовал производитель "вечных" резиновых изделий.
Увы, полноценного расследования провести не удалось...
С улыбкой и теплом.
Нелли Фурс 25.07.2023 15:36 Заявить о нарушении