Я хачу!
На адлегласці прыкладна пятнаццаці кіламетраў ад Целяхан, на паўднёвым беразе Бабровіцкага возера, размяшчаецца невялікая палеская вёсачка Бабровічы.
Возера багата рыбай, лясы ў наваколлях вёскі – ягадамі і грыбамі.
Некалькі гадоў таму наша сям’я адправілася ў гэтыя запаведныя месцы па грыбы. Сабраўшы добры ўраджай, вярталіся дадому. Любуючыся прыгажосцю змешанага лесу, мы з сястрой Таццянай і мужамі (абодва – Валодзі), вялі няспешную гутарку.
За рулём машыны, як заўсёды, быў муж Таццяны, Уладзімір Максімавіч Цыркуноў, член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. У нейкі момант ён знізіў хуткасць і вымавіў, паказваючы рукой на адкрытую прастору вялікіх памераў:
– Глядзіце, алень!
На прылеглай да лесу ўскраіне паляны нерухома стаяў алень. Зірнуўшы ў бок машыны, ён нетаропка пабрыў у лес.
Паскардзіўшыся, што не паспелі як след разглядзець ляснога прыгажуна, мы паехалі далей.
Не раз пераконвалася ў дзейнасці “закона парных выпадкаў”, не падвёў ён і ў той раз. Мы яшчэ не скончылі абмен уражаннямі ад убачанага, як гісторыя з аленем, лепей сказаць, з аленямі, паўтарылася.
Прыкладна праз тры кіламетры ад месца сустрэчы з рагачом, з левага боку дарогі – такая ж вялікая штучная паляна-прасека. І зноў – алень, дакладней – парачка!
На гэты раз парнакапытныя млекакормячыя размясціліся непадалёк ад лясной дарогі. Уладзімір Максімавіч прытармазіў, і нам удалося добра разглядзець жывёл.
Самец з ганарліва паднятай даўгаватай галавой пазіраў у бок лесу. Галаву ўпрыгожвалі галіністыя рогі з вялікай колькасцю атожылкаў, добра развітая канчатковая частка якіх утварала ў самца карону, так званы “вянок”.
На высокіх і танкіх нагах – выцягнутае тулава з кароткім хвастом.
Параўнальна кароткая, руда-бурая, з адценнямі шэрага і чырвонага колераў, грубая поўсць; ніжняя старана шыі, жывата і канечнасцяў – святлейшая, чым асноўная афарбоўка аленя.
Другая жывёла, бязрогая самка меншых памераў, не выклікала такога захаплення, як рагач. Доўгія прамастаячыя вушы важанкі былі вельмі рухомымі, як сказалі б даўней, “яна стрыгла вушамі”.
– Гэта – высакародныя алені, завезеныя да нас з Белавежскай пушчы, – растлумачыў Валодзя.
Пастаяўшы кароткі час, белавежскія алені накіраваліся ў лес.
Абмеркаваўшы ўбачанае, мы загаварылі пра гонар Беларусі – Белавежскую пушчу, найбольш буйны астатак рэліктавага першабытнага раўніннага лесу, які рос на тэрыторыі Еўропы ў дагістарычныя часы.
У адносна некранутым стане, у выглядзе буйнога масіву, рэліктавы лес захаваўся толькі ў Белавежскім рэгіёне на тэрыторыі сучасных Беларусі і Польшчы. Рашэннем ЮНЕСКА нацыянальныя паркі краін-суседак, пад назвай “Белавежская пушча”, былі ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны.
Па ліку відаў раслін і жывёл Белавежская пушча не мае сабе роўных у Еўропе. Тут расце каля тысячы відаў раслін, дзвесце шэсцьдзесят відаў імхоў, каля трохсот відаў лішайнікаў і каля шасцісот – грыбоў.
Не менш разнастайная і фауна запаведніка: пяцьдзесят відаў млекакормячых, дзвесце дваццаць сем відаў птушак, сем – паўзуноў, адзінаццаць відаў земнаводных, дваццаць чатыры – рыб і больш адзінаццаці тысяч бесхрыбтовых жывёл – насельнікаў мёртвай і гнілой драўніны, верхавых і нізінных балот, трутавых грыбоў.
Больш дваццаці відаў жывёл і птушак заказніка занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Гутарачы, мы пад’ехалі да бацькоўскай хаты. Завяршаючы размову, Таццяна вымавіла:
– Не толькі мы, беларусы, любім Белавежскую пушчу. Яе унікальнасць настолькі ўразіла Аляксандру Пахмутаву і Мікалая Дабранравава, што ў сямідзесятыя гады яны напісалі песню аб запаведніку, якая, з лёгкай рукі “Песняроў”, папулярная і дагэтуль.
Літаральна праз тыдзень пасля апісаных падзей прыехаў старэйшы сын Дзяніс з унукамі, Гары і Давідам. Я расказала аб выніках паездкі ў грыбы тыднёвай даўнасці; усе, у адзін голас, запатрабавалі паўтарэння вылазкі менавіта ў тыя месцы.
Зборы грыбнікоў, у адрозненне ад рыбакоў і паляўнічых, нядоўгія: кошыкі, нажы, вада, яблыкі.
Пяцігадовыя ўнукі былі шчаслівыя: як жа, едзем у сапраўдны, вялікі лес!
Па прыездзе на месца, па існуючай практыцы, “замацавалі” хлапчукоў за дарослымі. Хуткі і рухомы Гары адправіўся за грыбамі з татам, павольны Давід склаў кампанію мне.
Мы ніколі не разыходзімся далёка; час ад часу – пераклікаемся адзін з адным. Лес для ўнукаў – раздолле; я пераканала іх, што крык, ды і наогул, падвышаны голас у хаце – прыкмета нявыхаванасці. Навучанне хлопчыкаў правілам добрага тону я звычайна завяршаю прыкладна такой фразай:
– У лесе, калі ласка, можна крычаць, колькі ўлезе, галоўнае – дзікіх жывёл не напалохаць!
Вось і адводзілі хлапчукі душу ў лесе, вывучаючы і параўноўваючы галасавыя магчымасці адзін аднаго.
Напоўніўшы кошыкі грыбамі, мы аднеслі іх да машыны. Падчас збору пладовых целаў Гарык зрэдку чуў, як Дзяніс удакладняў у мяне назвы грыбоў. Вось і прыйшла ў яго светлую галаву (унук – плацінавы бландзін) ідэя – памяняцца з братам праваднікамі.
Верагодна, гаваруну і аматару складаных слоў хацелася папоўніць свой слоўнікавы запас назвамі, незнаёмымі яму раней: ён “прамяняў” тату на бабулю.
Ужо і не скажу, ці шмат новых слоў запомніў Гарык; мне ж даводзілася паспяваць за шустрым унукам. Да моманту заканчэння вылазкі мая цікавасць да збору грыбоў была практычна страчана: ціхае паляванне не церпіць мітусні.
Вярталіся мы той жа дарогай, што і тыдзень таму. Праязджаючы міма прасторнай паляны, я сказала, што нядаўна мы тут бачылі высакароднага аленя, і коратка ахарактарызавала жывёлу.
Невялікі перыяд часу, неабходны для пераезду да іншай прагаліны, быў прысвечаны пытанням-адказам аб рагачы. Каля другой паляны я не ўтрымалася і пахвалілася, што тут мы бачылі ўжо двух аленяў.
– І я хачу, і я хачу! – пачаў Гары.
– Што ты хочаш, сынок? – удакладніў Дзяніс.
– Я таксама хачу паглядзець аленяў! – заявіў Гарык.
– Добра, сходзім у заапарк, там і паглядзіш! – адказаў сын.
– Не, я хачу, каб алені былі тут! – настойваў унук.
У дыялог уключыўся Давід:
– Я таксама хачу паглядзець аленяў!
– Алені – палахлівыя жывёлы і вельмі рэдка выходзяць з лесу! Бабулі пашанцавала, што яна іх тут убачыла! – цярпліва тлумачыў сын звычкі дзікіх звяроў.
Куды там!
– Я хачу, хачу, хачу, хачу! – наперабой загаманілі хлапчукі.
Робячы выгляд, што не заўважаю гэтага вэрхалу, я звярнулася да сына:
– А ты здагадваешся, Дзяніс, чаму тыдзень таму алені выйшлі да нас з лесу?
Уважліва паглядзеўшы на мяне, сын падыграў:
– Мусіць, вы добра сябе паводзілі, вось яны і выйшлі!
– Ды я таксама гэтак думаю! – адказала я сыну ў поўнай цішыні.
Дома хлопцы паабедалі, адпачылі і выйшлі на двор, дзе я займалася пераборкай грыбоў. Ад назірання за руціннай працай хлапчукоў адцягнула зграйка маладзенькіх верабейчыкаў, якая наладзіла ігрышчы на газоне.
– Бабуля, я хачу птушачку! – заявіў Гарык.
– Хочаш, Гарык, бяры! – “міласціва” дазволіла я.
– І я таксама хачу птушачку! – паведаміў наўздагон брату Давід.
– І ты, Давідзік, бяры! – дала дазвол я, не адрываючыся ад сартавання грыбоў.
Верабейкі былі маладыя і неразумныя (або, можа быць, гарэзлівыя?). Ухіляючыся ад унукаў, яны адляталі на невялікую адлегласць і зноў прызямляліся на газон; хлапчукі расцанілі паводзіны птушанят, як гульню.
Да моманту завяршэння сынам працы ў садзе, абодва птушкаловы былі ў “мыле” і нагадвалі “загнаных коней”.
Я коратка расказала Дзянісу перадгісторыю “газоннага палявання”.
– У табе, мама, загінуў вялікі Макаранка ці Сухамлінскі! – заўважыў бацька хлапчукоў.
Я сціпла апусціла галаву.
Да душавой кабіны ўнукі яшчэ змаглі дабрацца самастойна. Пасля водных працэдур Дзяніс, які заўсёды купае дзяцей, “выносіў гатовенькіх” у спальню; у той вечар ім не спатрэбіліся ні казкі, ні вячэрняе малако, ні калыханка “Дабранач, малыя!”.
Мелі рацыю мудрыя японцы, якія сцвярджалі, што “да пяці гадоў дзіця – цар”; яму нельга казаць слова “не”!
Свидетельство о публикации №222082401419
С уважением и теплом!
Людмила Каштанова 12.07.2023 15:49 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за хороший отзыв!
Вы правы: общение с внуками на равных требует хотя бы минимальных педагогических навыков.
Вот я и старалась!
С теплом и улыбкой.
Нелли Фурс 13.07.2023 12:43 Заявить о нарушении