Няудалы эксперымент
Для пешых паходаў у грыбы мы з мужам выбіраем адзін з двух кірункаў: “за канал” ці “за лыжную фабрыку”; яны абодва знаходзяцца прыкладна на аднолькавай адлегласці ад бацькоўскага дома.
Лес пачынаецца адразу ж за каналам Агінскага і тэрыторыяй лыжнай фабрыкі, прадукцыя якой была шырока вядома ў Савецкім Саюзе.
Неяк жнівеньскай раніцай, выканаўшы хатнюю працу, я выйшла на двор. Над зялёнай травой, у промнях узыходзячага сонца, клубілася пара.
Любуючыся відовішчам, я адразу ж ўспомніла рэакцыю на падобную прыродную з’яву мужа маёй сястры Таццяны, Уладзіміра Цыркунова. Панізіўшы голас, ён змоўніцкі пытаў:
– Нэлечка, чуеш?
– Што чуеш, Валодзя? Нічога не чую, тут жа – дзіўная цішыня! – здзіўлялася я.
– Грыбы “пішчаць”! – радаваўся сваяк удаламу жарту.
З таго часу, дапускаючы з’яўленне дароў лесу, наша сям’я любіць паўтараць неалагізм Валодзі пра грыбы, якія “пішчаць”.
Успомніўшы даўні дыялог са сваяком, зайшла ў дом і звярнулася да мужа:
– Валодзя, а можа сходзім у лес (напапярэдні я клятвенна яго запэўнівала, што “заўтра – ніякіх грыбоў, будзем адпачываць пасля штодзённых паходаў”)? Недалёка, за лыжную фабрыку?
– Так, вядома, давай сходзім, такое цудоўнае надвор’е! – пагадзіўся муж, велікадушна не нагадаўшы аб маіх учарашніх абяцаннях.
За фабрыкай знаходзіцца змешаны нягусты лес. Адразу ж пры ўваходзе ў яго сустракаюцца сыраежкі, лісічкі, чорныя бярозавыя грузды; у грыбныя гады мне трапляліся рыжыкі, бабкі, казлякі і баравікі.
У сезон ў нашых лясах шукальнікаў іх дароў не менш, чым саміх грыбоў. Не была выключэннем і нашая вылазка: прайшоўшы літаральна метраў сто, я сустрэла немаладога мужчыну, які абапіраўся на кій; у другой руцэ ён трымаў плецены туясок.
Кепка на галаве грыбніка прытрымлівала велізарную насоўку, якая спадала на плечы мужчыны.
“Сапраўдная куфія (мужчынская галаўная хустка, якая з’яўляецца часткай гардэроба прадстаўнікоў моцнага полу ў арабскіх краінах). Вельмі мудрае рашэнне: абарона ад распаўсюджаных у нашых месцах кляшчоў і ласінай мухі”,* – падумала я, бегла агледзеўшы экіпіроўку грыбніка.
Я павіталася з мужчынам і пацікавілася, ці шмат грыбоў ён сабраў?
– Ды не, я толькі што прыйшоў! – быў адказ.
– І якія грыбы Вы тут знаходзіце? – пацікавілася я.
– Я бяру ўсе ядомыя грыбы: сыраежкі, лісічкі, грузды, гаркушкі …, – няспешна пералічыў “араб” назвы пладовых цел.
Звяртала на сябе ўвагу правільнае рускае вымаўленне грыбніка, не характэрнае для карэнных жыхароў Целяхан. Для сябе я вырашыла, што візаві – адстаўны вайсковец, які доўгі час жыў у Расіі, адсюль і слушная гаворка мужчыны. З гэтай жа прычыны, лічыла я, ён і назваў вядомы грыб другім, незнаёмым мне “імём”.
– Магчыма, Вы кажаце пра ваўнянкі? – удакладніла я.
– Не, ваўнянка – гэта зусім іншае. А гэта – гаркушка, выдатны грыб для засолкі, – цярпліва тлумачыў мне суразмоўца. – Аднак, я Вам пакажу, менавіта зараз я іх збіраю!
Ён нахіліўся над “воўчымі” грыбамі – так у нас называюць усе неядомыя пладовыя целы, акуратна зрэзаў іх і паказаў мне зблізку.
– Дык у нас гэтыя грыбы не бяруць, іх жа вельмі шмат у лясах! – здзівілася я.
– А я бяру і засольваю разам з ваўнянкамі, сыраежкамі і гэтымі, як іх называюць? Чорныя такія… – задумаўся суразмоўца.
– Грузды? – падказала я.
– Так-так, грузды! – узрадаваўся дапамозе грыбнік.
– Грузды – вельмі смачныя грыбы, шкада, што ў нашай мясцовасці не сустракаецца грузд сапраўдны, белы, адзін з лепшых ядомых грыбоў. Часам можна знайсці скрыпіцу, – паспрабавала было я “асядлаць свайго любімага канька” – грыбную тэму.
Не атрымалася: мяне паклікаў муж. Пажадаўшы “арабскаму мужчыну” удачы, пайшла насустрач Валодзю.
Збіраючы грыбы, я ўсё думала аб гаркушках. Знаёмыя заўсёды лічылі мяне дасведчаным грыбніком. Як выявілася, дарма: я не ведаю некаторых, прыдатных да яды, макраміцэтаў**, шырока распаўсюджаных у нашых лясах.
Упершыню я змяніла сваім правілам. Прыйшоўшы з лесу дадому, я не ўзялася за пераборку грыбоў, а накіравалася ў хатнюю бібліятэку. Знайшла ілюстраваны дапаможнік для біёлагаў “Макраміцэты”, выпушчаны ў 1976 годзе выдавецтвам “Вышэйшая школа” Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў Беларускай ССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю.
Аўтары кнігі, Галіна Іванаўна Сяржаніна і Іван Іванавіч Змітровіч, апісалі сто семдзесят пяць відаў групы ніжэйшых раслін. Выданне ілюстравана “каляровымі фатаграфіямі, якія з дакументальнай дакладнасцю перадаюць багацце ў адценнях пладовых цел грыбоў” (з прадмовы кнігі).
Я адразу знайшла шуканы грыб: Lactarius rufus, гаркушка, грыб роду млечнік сямейства сыраежкавыя.
“Капялюшык пяць-сем сантыметраў, плоска-пукаты, затым шырокаваронкавідны або ўціснуты, з прамым краем і вострым грудком, які выступае, цёмна-бура-чырвоны, каштанава-буры, гладкі.
Мякаць шчыльная, тонкая, палевая, пад скуркай з адценнем капялюшыка, з едкім, вельмі багатым белым млечным сокам, непрыемным пахам”.
Далей ідзе апісанне пласцінкі, ножкі, зярліцы і месцаў росту млечніка.
“Пладаносіць у чэрвені-кастрычніку групамі. Вельмі распаўсюджаны ў БССР від.
Ужыванне: ядомы (салёны). Дапушчаны Дзяржаўным стандартам у нарыхтоўку”.
Інфармацыя з кнігі, выдадзенай у савецкія часы, мяне зацікавіла; я вырашыла паспрабаваць раней невядомы грыб.
У наступны паход у лес мы з мужам набралі крыху гаркушак. Я ўжыла такую ж апрацоўку, як і для груздоў: трохдзённае вымочванне з двухразовай зменай вады кожныя суткі, саракахвілінная адварка, саленне са спецыямі і размяшчэнне пад цяжар.
Працуючы з млечнікам, я не адчувала непрыемнага паху, пазначанага ў кнізе-даведніку; ён з’явіўся на этапе засолкі грыбоў.
Праз тры дні пасля нарыхтоўкі гаркушак, у кладоўцы я ўчула старонні, непрыемны пах; вызначыць яго паходжанне не склала працы.
– Чаму здзіўляцца, аўтары ж “Макраміцэтаў” папярэджвалі пра гэту ўласцівасць пладовых целаў! Можа, пасля засолкі, калі завершацца працэсы закісання, ён знікне? – спадзявалася я.
Дарма я цешыла сябе надзеяй: непажаданы душок толькі ўзмацняўся.
Майго цярпення хапіла на тыдзень: саленне, вінаватае ў паходжанні непрыемнага паху, было адпраўлена ў кампостную яму.
Муж, які назіраў завяршальны этап “нарыхтоўкі” гаркушак, па-філасофску пракаментаваў:
– Адмоўны вынік – таксама вынік!
P.S. Праведваючы свайго суседа, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Зіновія Мікалаевіча Каланчука, я расказала яму пра “новыя” грыбы і вопыт іх нарыхтоўкі, які не апраўдаў маіх надзей.
– Я ведаю гэтыя грыбы. Іх вельмі шмат у нашых лясах; капялюшык ніколі не бывае чарвівым! – адазваўся на маё апавяданне суразмоўца.
– А Вы што, збіралі гаркушкі?! – здзівілася я.
– Я – не, а вось мая цешча, Соф’я Маркаўна, выдатна іх саліла! – адказаў Зіновій Мікалаевіч.
Яго падтрымала дачка, Ніна Бераснева, якая з дзяцінства добра запомніла выдатны густ салёных гаркушак. Іх гатавала яе бабуля, жонка Акользіна Аляксандра Канстанцінавіча, першага старшыні калгаса, створанага ў Целяханах у 1939 годзе.
*Крывасмактальныя паразіты цеплакроўных жывёл. На целе чалавека яны могуць знаходзіцца некалькі сутак. Не з’яўляюцца пераносчыкамі захворванняў, характэрных для кляшчоў. Укусы мухі даволі непрыемныя і балючыя.
**Ад грэчаскіх слоў: makros – вялікі і mykes – грыбы.
Свидетельство о публикации №222082401447
С уважением и теплом,
Людмила Каштанова 16.07.2023 13:11 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
Вы правы: неправильно я солила горькушки. Их, оказывается нужно солить вместе с другими плодовыми телами, создав подобие осеннего грибного ассорти.
С улыбкой и теплом.
Нелли Фурс 17.07.2023 13:20 Заявить о нарушении