Дамавы конiк
Мой малодшы сын Павел, будучы дашкольнікам, умеў правільна і выразна фармуляваць свае думкі, бездакорна ствараючы складаназлучаныя сказы.
З узростам сыны памяняліся ролямі: старэйшы сын Дзяніс – прызнаны рытар; айцішнік Паша лепшым “суразмоўцам” лічыць камп’ютар.
Мая мама, якая размаўляла на бездакорнай рускай мове, першая звярнула ўвагу на здольнасці ўнука:
– Паглядзі, якое слова Паша “загарнуў”! Яго і не ўсе дарослыя ведаюць!
Вось менавіта аб гэтым перыядзе часу і пойдзе гаворка ў мініяцюры.
Як толькі малодшы сын дарос да разумення “што такое добра і што такое дрэнна”, я правяла з сынамі тлумачальную гутарку. Перад хлапчукамі была пастаўлена задача-ўмова: пасля майго прыходу з працы, на працягу паўгадзіны, “мяне няма дома”. Ні для каго, у тым ліку, і для сыноў і мужа.
Хлопцы трымаліся тры дні. На чацвёрты дзень, пры ўваходзе ў кватэру, мае каленцы трапілі ў “абдымкі” Пашы. Ён хныкаў і парываўся расказаць, як яго пакрыўдзіў брат (як высветлілася пасля, акуратыст Дзяніс прымусіў Паўла прыбраць раскіданыя па пакоі цацкі).
Праца намесніка галоўнага лекара па экспертызе падобна неаб’яўленым баявым дзеянням; усе скандальныя і неўрапатычныя жыхары горада Баранавічы і прымацаваных пяці раёнаў, хоць аднойчы, ды пабывалі ў кабінеце пасяджэнняў урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Не быў выключэннем і апісваемы дзень: больш за паўгадзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які прэтэндаваў на атрыманне спецыяльнага аўтатранспарту за дзяржаўны кошт, вымаўляў мне:
– Я кроў праліваў, а Вам жалеза для мяне шкада!
Я растлумачыла наведвальніку, што, на шчасце, у яго няма такіх сур’ёзных хвароб, пры якіх дзяржава вылучае ўдзельнікам вайны бясплатны аўтатранспарт. Не жадаючы мяне слухаць, ветэран, як загавор, паўтараў:
– Я кроў праліваў…
У кабінеце знаходзіліся ўрачы, за дзвярыма – пацыенты, якія чакалі камісійнага агляду і вынясення экспертнага рашэння; трэба было спыняць аднастайную гутарку. Вырашыўшы, што “крыві праліта” занадта многа, на чарговую тыраду пацыента адказала:
– Мой бацька, інвалід Вялікай Айчыннай вайны, больш за два гады, як Вы кажаце, “кроў праліваў”, а ніколі не ставіў перада мною задачы атрымання ім бясплатнага аўтатранспарту!
Я трапіла “ў яблычак”! Мужчына цяжка ўздыхнуў і напаўголаса вымавіў:
– І што я буду казаць сыну? Ён жа так жадае машыну!
Не было неабходнасці каментаваць апошнюю фразу; і без таго было зразумела, што жаданне ветэрана – змушанае.
І вось, калі ласка, пасля такога “кровапралітнага” працоўнага дня дома – таксама вайна!
Каюся, я не стрымалася. Павысіўшы голас, абурана вымавіла:
– Я працую, як ламавы конік, а вы, мужыкі, паміж сабой разабрацца не можаце!
Хныканне спынілася. Хлапчукі зачыніліся ў дзіцячым пакоі; праз кароткі час адтуль раздаўся іх смех.
Прайшоў тыдзень; вяртаючыся з працы, я забрала Пашу з дзіцячага садку. Прыйшоўшы дадому, выявіла ў кухоннай ракавіне брудныя талерку і кубак; Дзяніс быў захоплены гульнявой прыстаўкай.
Перапыніўшы цікавы занятак сына, я ўдакладніла:
– Сынок, у цябе сёння былі госці?
– Не, мама, а чаму ты так вырашыла?
– Бо ў нас не прынята пакідаць нямыты посуд у ракавіне!
– Ой, мама, прабач, гэта я забыўся, захапіўшыся гульнёй! Я зараз памыю!
Для Пашы, які не прымаў удзел у дыялогу, надышла “зорная гадзіна”:
– Дзяніс, мама працуе, як ДАМАВЫ конік, а ты нават посуд не памыў! – вымавіў “знаўца” цяжказапрэжных парод коней.
У гэтым годзе, працуючы ў агародзе, падумала: якім канём назваў бы мяне малалетні Паша ў цяперашні час?
Вельмі спадзяюся, што не ўладзімірскім цяжкавозам.
Свидетельство о публикации №222082600466
С уважением, теплом и улыбкой,
Людмила Каштанова 23.07.2023 15:21 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
Если мама ребятишек настоящая и любящая, то ей поневоле приходится быть "домашней ломовой лошадью", увы ...
С улыбкой и теплом.
Нелли Фурс 24.07.2023 15:06 Заявить о нарушении