Чортскура

Чортскура

У выхадны дзень, пасля папярэдняй дамоўленасці, да нас прыйшлі сябры, пара Навумовіч. У Сцяпана Мікалаевіча, галавы сям’і, з’явілася некалькі медыцынскіх пытанняў, якія ён хацеў абмеркаваць са мной.

Да прыходу гасцей я спякла пясочны пірог з тварожна-абрыкосавым начыненнем; пасля з’яўлення ў доме сяброў, хутка накрыла стол.

У чаканні чаявання госць узяў маю кнігу “Гісторыя аховы здароўя Баранавіцкага краю”, якая ляжала на стале. Пачаўшы прагляд выдання з прадмовы – прысвячэння маёй маці, Лукашэвіч (Кудрашовай) Ганне Еўдакімаўне – Сцяпан Мікалаевіч вымавіў:

– Як цікава, Нэлі Гаўрылаўна! Дык вось адкуль узялося Ваша імя, такое незвычайнае для нашай мясцовасці! Ваша мама хацела, каб Вы сталі лекарам, як і акушэр-гінеколаг Целяханскай бальніцы, Нэлі Пятроўна!

– Гэта сапраўды так, Сцяпан Мікалаевіч! Мама заўсёды паважліва ставілася да прадстаўнікоў настаўніцкага і ўрачэбнага саслоўя, часта паўтараючы, што ёсць дзве вечныя прафесіі – педагог і доктар. Так што маці, у пэўнай меры, абумовіла выбар мною ўрачэбнай спецыяльнасці.

– А мне здавалася, што Вы, такая сур’ёзная, заўсёды ведалі, што будзеце доктарам! – падключылася да размовы Святлана, жонка Сцяпана Мікалаевіча.

– Ды гэта зараз я “такая сур’ёзная”, а ведалі б вы мяне ў дзяцінстве! – не ўтрымалася я.

– А што, хіба ў дзяцінстве Вы былі іншай? – пацікавілася Святлана Мікалаеўна.

– Трошкі “іншай”, ужо і не ведаю, ці варта расказваць? – засумнявалася я.

– Трэба, абавязкова трэба, нам вельмі цікава ведаць! – уключыўся ў дыялог Сцяпан Мікалаевіч.

– Ну, добра, раскажу вам адзін эпізод з майго дашкольнага дзяцінства, –  пагадзілася я. – Вам, моладзі (мужу і жонцы – за пяцьдзесят з невялікім гадоў), не зразумець, што такое – дэфіцыт. А я дык добра ведаю значэнне гэтага слова! У нашай шматдзетнай сям’і падольская ручная швейная машынка была палачкай-ратавалачкай: на ёй мама шыла сукенкі і фартухі дочкам, а таксама кашулі і штаны сынам. Ды і сабе ўборы, якім зайздросцілі  ўсе целяханскія модніцы. Можаце сабе ўявіць, што ў пасляваенныя гады мама змайстравала сабе нябачаны тады швейны выраб – спадніцу з запа;хам? А яе эксклюзіўную чорную крэп-жаржэтавую сукенку, аздобленую бісерам, я дагэтуль захоўваю ў вырабленай бацькам адзежнай шафе!
 
Зрабіўшы невялікую паўзу, я прыступіла да выкладу асноўнай тэмы расказа:

– З нагоды мама купіла адрэз тканіны малескін, якую яна называла чортавай скурай. Шчыльная, трывалая і тоўстая баваўняная тканіна валодала  ўнікальнымі эксплуатацыйнымі якасцямі і, як казалі ў нас, была “носкай” (якая доўга не зношваецца, трывалая).

З цёмна-сіняга матэрыялу мама пашыла мне сукенку фасону “таццянка”. Надзеўшы яе і кінуўшы збеглы позірк у люстэрка, я выйшла ў двор: трэба ж пахваліцца абноўкай!

Сяброўкі, Валя і Таня Белкіны, жылі ў суседнім двары. Было дзве магчымасці трапіць да іх: прайсці праз брамку, пералезці праз студню ці плот; я выбрала апошні варыянт.

Наш бок паўтараметровага плота са штыкетніка я адолела лёгка. Сабраўшыся саскочыць на суседскую тэрыторыю, зразумела, што ўперад ходу няма: падолам сукенкі я зачапілася за драўляную планку. Павіснуўшы на ёй, я спадзявалася, што хто-небудзь прыйдзе мне на дапамогу.

Святлана Мікалаеўна не стрымалася:

– І што, новая сукенка парвалася?!

– Не, яна трымала мяне ў падвешаным стане. Нейкі час я матляла нагамі на вышыні каля паўметра ад зямлі, потым пачала клікаць на дапамогу. Спачатку ціха, потым усё гучней і гучней.

На мой лямант з дому выйшла мама. Зняла мяне, пяцігадовую, з плота, “дала крапіўкі” і забараніла пералазіць праз плот ці студню, а хадзіць толькі праз брамку.

– І Вы паслухалі маму? – пацікавіўся Сцяпан Мікалаевіч.

– Так, я трымалася цэлых два дні! На трэці дзень, калі мама была на працы, я зноў скараціла шлях да суседзяў. Памятаючы свой першы няўдалы вопыт пераадолення перашкоды, я ўзлезла на плот і, павярнуўшыся да яго тварам,  саскочыла на суседскі падворак.

Сяброўкі былі здзіўлены: адкуль я ўзялася?! Аказваецца, яны выглядалі мяне ў вокны; напярэдадні мы дамовіліся шыць уборы для сваіх анучных лялек.

Першай здагадалася Таня, сведка маёй ганьбы трохдзённай даўнасці:

– Мусіць, зноў цераз плот пералезла?

Прыйшлося сказаць праўду, заадно пахваліўшыся сваёй “вынаходлівасцю” – “заднім скачком”.

Муж і жонка Навумовіч пераглянуліся; яны і не меркавалі, што ў мяне было такое гарэзлівае дзяцінства.

Я не стала казаць пра іншыя свае дзіцячыя свавольствы; хапіла і аднаго эпізоду.
Пасля адыходу гасцей я ўспомніла пытанне, якое задаў мне сын колькі гадоў таму. Назіраючы за сваім пяцігадовым нашчадкам Гары, Дзяніс пацікавіўся:

– Мама, а я ў дзяцінстве таксама быў такім свавольнікам, як Гарык?

– Не, сынок, ты быў вельмі сур’ёзным і акуратным хлопчыкам! Заўсёды збіраў цацкі, мыў посуд, беражліва ставіўся да адзення, дапамагаў маме …

У Гарыка, які стаяў непадалёк, знікла цікавасць да расказу: ён не валодаў добрымі якасцямі свайго бацькі, пералічанымі мною. Зразумеўшы, што наўрад я скажу падобныя словы ў яго адрас, унук, змовіўшыся з братам Давідам, накіраваўся да плота – назіраць за суседскімі курачкамі.

– Аднак, Дзяніс, у паводзінах Гарыка я няўлоўна адчуваю нешта вельмі  знаёмае і блізкае! Толькі вось, хто ж гэта, “блізкі і знаёмы”, ніяк не ўспомню! – з усмешкай працягнула я апавяданне.

Сын улавіў змену майго “выхаваўчага” настрою; я перастала стрымлівацца і рассмяялася.

– Мама, няўжо паводзіны Гарыка падобныя на твае ў дзяцінстве?! Ніколі не паверу! – здзівіўся Дзяніс.

– Нажаль, гэта так, толькі мае выхадкі былі менш вынаходлівымі, чым у Гары!
 
Акселерацыя, аднак! – адказала я і распавяла эпізод “пераадолення сябе”, апісаны вышэй.

Да моманту вяртання хлапчукоў з агарода, мы з Дзянісам завяршылі абмеркаванне непедагагічнай тэмы.


Рецензии
Вечера доброго Вам, уважаемая Нелли!

Знаете, а ведь и в самом деле с людьми порой случаются удивительные метаморфозы.
Например, кто бы мог подумать, что самый отъявленный хулиган нашего и параллельного класса, который терпеть не мог любой порядок, повзрослев, станет... прокурором.
А, к примеру, самая большая шкода женского пола, что интересно и наверное, созвучно уважаемой Нелли, закончила медицинский и сейчас - заведующая отделением в районной больнице. Подумалось, может и правда, активность в детстве побуждает позднее выбирать стезю помощи людям?! Улыбаюсь...

И кстати, с легкой ностальгией читал о Подольской швейной машинке, сколько на ней интересных и красивых вещей было сшито...

С глубочайшим уважением и самыми добрыми пожеланиями,

Сергей Макаров Юс   27.07.2023 20:53     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемый Сергей!

Искренне благодарю за отзыв!

Соглашусь с Вами в вопросе наличия определённой связи между поведением человека в детстве и выборе профессии (или жизненного пути) во взрослой жизни.

Кстати, действия главной героини Вашего замечательного рассказа "Оторва", подтверждают высказанные Вами предположения об истинном лице "хулиганистых" девчонок.

С улыбкой и теплом.

Нелли Фурс   28.07.2023 12:19   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.