Пракурор

“Пракурор”

Пасля папярэдняга тэлефоннага званка суседу, узяўшы танометр і фанендаскоп, я адправілася да Зіновія Мікалаевіча Каланчука, на сённяшні дзень – адзінага ў нашым пасёлку ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.

Вымераўшы ціск, праслухаўшы і прастукаўшы Зіновія Мікалаевіча, я ацаніла стан яго здароўя як добры і папрасіла расказаць пра пасляваеннае жыццё; успаміны ветэрана і ляглі ў аснову майго апавядання.

У пачатку 1946 года, дэмабілізаваўшыся з радоў Чырвонай Арміі, Зіновій Мікалаевіч уладкаваўся на працу сувязістам. У той час работнікам аддзяленняў сувязі належыла спецадзенне; за ім наваяўлены сувязіст адправіўся ў Пінск, абласны цэнтр па тагачасным адміністрацыйным дзяленні.

Слова “спецадзенне” ніяк не падыходзіла да дыхтоўнага цёмна-сіняга гарнітура і паліто, атрыманых маладым сувязістам; адзенне нагадвала форму работнікаў пракуратуры.

На зваротным шляху Зіновій Мікалаевіч, пераапрануты ў новае адзенне, разам з калегам і кіроўцам службовага аўтамабіля, заехалі ў кавярню мястэчка Лагішын, у той час – раённага цэнтра Пінскай вобласці Беларусі.

Заказаўшы абед, таварышы намякнулі Зіновію Мікалаевічу, што яго новая форма не будзе доўга насіцца: яе ж не “замачылі”!

Дзявацца няма куды, прыйшлося майму суседу дадаць да заказа “тры па сто” (у тыя часы, як выявілася, і кіроўцы пілі горкую!); буфетчыца з драўлянай бочкі наліла ў кантаваныя шклянкі гарэлку.

Пачуўшы, што ў 1946 годзе гарэлка адпускалася з драўляных бочак на разліў, я здзівілася і перапытала суразмоўцу:

– Дзядзька Жэня (па дзіцячай звычцы, я так называю свайго суседа), можа, Вы памыляецеся і пераблыталі гарэлку з півам? Я добра памятаю, што ў маім дзяцінстве бацькі, па дарозе з лазні, заходзілі ў сталовую і заказвалі піва: тату –  вялікі цяжкі шкляны куфель, а маме – маленькі!

– Не, нічога я не пераблытаў: пасля вайны і піва, і віно, і гарэлка разліваліся ў драўляныя бочкі!  Шкляная тара была дэфіцытам, яе беражліва захоўвалі і ніколі не выкідвалі! – растлумачыў сусед.

У свае дзевяноста чатыры гады Зіновій Мікалаевіч валодае вострым розумам і добрым пачуццём гумару. Распавядаючы аб трапезе ў кавярні, ён хітра ўсміхнуўся і працягнуў:

– А ў мяне, Нэля, з сабой быў арэометр, прыбор для вымярэння шчыльнасці вадкасцяў!

Мне захацелася пазнаць, для якіх вымярэнняў быў патрэбен сувязісту Зіновію Мікалаевічу арэометр:

– А як Вы выкарыстоўвалі гэты прыбор, дзядзька Жэня?

– Ну, табе нецікава будзе ведаць, як ён выкарыстоўваўся ў сувязістаў! А ў побыце ім карыстаюцца самагоншчыцы, вызначаючы градус вырабленага імі прадукта! – вымавіў Зіновій Мікалаевіч.

– Так, Вы маеце рацыю, я сапраўды не ведаю аб бытавым выкарыстанні арэометра: у нашым доме ніколі не гналася самагонка! Тата часам рабіў дзіўна смачнае яблычнае віно з дароў нашага сада, якое нагадвала крамны сідр! – адказала я.

Зіновій Мікалаевіч працягнуў:

– Дык вось, у кафэ я ўспомніў аб арэометры і вырашыў пажартаваць з таварышамі.
Дастаўшы прыбор з унутранай кішэні, пагрузіў яго ў шклянку з гарэлкай і злёгку нахіліўся да шкалы арэометра. У лічаныя секунды ля століка з’явілася маладая афіцыянтка і, нахіліўшыся да мяне, як бы выпадкова, правяла рукой па маім новым паліто. Пажадаўшы кампаніі прыемнага апетыту, яна падышла да буфетчыцы і нешта шапнула ёй на вуха.

У сатрапезнікаў з’явілася падстава пакепліваць над таварышам па службе:

– Па ўсім відаць, што спадабаўся ты ёй, Жэня! Мусіць, спатканне хацела табе прызначыць, ды пасаромелася нас, маладзенькая ж зусім!

У гэтым месцы апавядання суседа я ўспомніла эпізод фільма Эльдара Разанава “Сцеражыся аўтамабіля”, у якім герояў Інакенція Смактуноўскага і Алега Яфрэмава частуюць “грымучай сумессю”, півам з гарэлкай.

– А піва Вам не далі за кошт установы? – удакладніла я.

– Не, не прапанавалі, ды мы б і  адмовіліся: хто ж мяшае гарэлку з півам?! – адказаў Зіновій Мікалаевіч.

– Вось, перабіла мяне, а я яшчэ самага галоўнага не сказаў! – папракнуў мяне суразмоўца.

– Прабачце, больш не буду ўмешвацца, –  пакаялася я.

– Дык вось, пад’язджаючы да Целяхан, я засунуў руку ў левую кішэню паліто (менавіта з гэтага боку да мяне падыходзіла афіцыянтка) і выявіў канверт. А ў ім – трыста рублёў! Гэта прыкладна заробак рабочага за месяц! Папрасіў было кіроўцу вярнуцца ў Лагішын, ды саслужыўцы паднялі мяне на смех: сумленны, маўляў, знайшоўся, яны за адзін вечар “адаб’юць” гэтую суму!

Таварышы выказалі меркаванне, што супрацоўнікі кавярні прынялі мяне за пракурорскага работніка, а тут яшчэ я са сваім арэометрам, знешні выгляд якога добра знаёмы працаўнікам грамадскага харчавання.

– Так што, Нэля, мая спроба павесяліць таварышаў каштавала работнікам кафэ кругленькай сумы! – завяршыў гісторыю Зіновій Мікалаевіч.

Бачачы ў маіх вачах маўклівае пытанне, дадаў:

– Цябе, мусіць, цікавіць лёс атрыманых мною грошай?

– Так, а як Вы імі распарадзіліся? – пацвердзіла я меркаванне візаві.

– На наступны дзень, па дарозе на працу, я перадаў канверт з грашыма адміністрацыі дома-інтэрната для дзяцей-сірот, адкрытага ў Целяханах у 1944 годзе. Час быў цяжкі і галодны; бяздольныя дзеці мелі патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.

Вяртаючыся дадому, я разважала над атрыманай інфармацыяй:
 
– Зразумела, што ў той час Зіновій Мікалаевіч сам ледзьве зводзіў канцы з канцамі. Тым не менш, не паквапіўся на выпадковыя грошы! У сутнасці, пакаленне людзей, якое перажыло вайну, з’яўляецца выразнікам сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей!


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Рассказ про псевдопрокурора
очень понравился. Он правильно распорядился "взяткой", отдав деньги детдому.
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   28.07.2023 14:46     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Для того поколения, пережившего тяготы войны, счастье было не в деньгах...

С теплом и поклоном.

Нелли Фурс   29.07.2023 11:25   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.