Вытворчая цяжарнасць

“Вытворчая” цяжарнасць

У 1984 годзе ў Савецкім Саюзе, па ініцыятыве міністэрства аховы здароўя, Дзяржаўнага Камітэта па працы і Ўсесаюзнага цэнтральнага Савета прафесійных саюзаў, былі створаны інжынерна-ўрачэбныя брыгады; часовае палажэнне аб іх растлумачвала прычыны і задачы, пастаўленыя перад інжынерамі і медыкамі.

 “Інжынерна-ўрачэбныя брыгады з’яўляюцца адной з найбольш прагрэсіўных арганізацыйных форм сумеснай работы гаспадарчых, прафсаюзных арганізацый, устаноў аховы здароўя і органаў сацыяльнага забеспячэння па прафілактыцы і зніжэнні захворванняў і інваліднасці працоўных; ствараюцца для ўсебаковага кваліфікаванага вывучэння стану здароўя, прычын захворванняў, траўматызму, інваліднасці працоўных і службоўцаў, распрацоўкі і рэалізацыі мерапрыемстваў па іх ліквідаванню.

Інжынерна-ўрачэбныя брыгады арганізуюцца на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, медыцынскае абслугоўванне працоўных якіх ажыццяўляецца па цэхавым або тэрытарыяльным прынцыпе…”

Безумоўна, стварэнне брыгад было своечасовым: на асобных прамысловых прадпрыемствах краіны адзначаўся найвышэйшы ўзровень захворванняў з часовай непрацаздольнасцю.

У горадзе Баранавічы, у прыватнасці, кожны работнік аднаго з дрэваапрацоўшых прадпрыемстваў пятнаццаць дзён у годзе не выходзіў на працу ў сувязі з хваробай. А ў горназдабываючай прамысловасці Савецкага Саюза паказчыкі нявыхаду на працу з прычыны хваробы набліжаліся да сарака дзён у годзе!

Прасачыць аддаленыя вынікі рэалізацыі ўкаранення новай формы работы не ўяўляецца магчымым: пасля распаду СССР добрае пачынанне паціху “сышло” на не.

Да 1987 года, часу прызначэння мяне на пасаду намесніка галоўнага ўрача гарадской бальніцы па экспертызе часовай непрацаздольнасці, інжынерна-ўрачэбныя брыгады былі створаны на ўсіх буйных прамысловых прадпрыемствах горада Баранавічы.

Я прыступіла да працы на новай пасадзе ў жніўні, а ўжо ў кастрычніку работа ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі была паралізаваная званкамі інжынераў па ахове працы і тэхніцы бяспекі прадпрыемстваў, якія запрашалі мяне на пасяджэнні інжынерна-ўрачэбных брыгад па выніках дзевяці месяцаў. Паўторна вывучыўшы службовую інструкцыю, пераканалася: так, гэты раздзел працы ставіўся ў абавязкі эксперта.

Да таго часу я некалькі год была знаёмая з Жукоўскім Уладзіславам Васільевічам, загадчыкам аддзела гігіены працы Баранавіцкай гарадской санітарна-эпідэміялагічнай станцыі; мы кантактавалі на “ты”.

Ён распавёў, што ўзначалены ім аддзел займаецца вывучэннем гігіенічнай сітуацыі на прадпрыемствах, у арганізацыях, прамысловасці, будаўніцтве, транспарце, сувязі, энергетыцы і дзяржаўным сектары эканомікі; аналізуе прафесійныя захворванні і  захворванні з часовай стратай працаздольнасці, распрацоўвае на яго аснове прапановы па ахове здароўя працоўных.

Выслухаўшы калегу, я пацікавілася:

–  Медыкі дэталёва аналізуюць прафесійныя захворванні і  захворванні з часовай стратай працаздольнасці, навошта ж ваша служба займаецца дубляваннем?

– У нас розныя погляды на праблему: вы разглядаеце чыста медыцынскі аспект захворвання, а мы вывучаем узаемасувязь працастрат па хваробе і вытворчага траўматызму, пад вуглом зроку ўмоў працы работнікаў! – адказаў Уладзіслаў Васільевіч.

 “Прамаўчы – за разумнага сыдзеш”, –  падумала я, не паглыбляючыся далей у тэму размовы.

Пасля чарговага тэлефоннага запрашэння мяне на пасяджэнне інжынерна-ўрачэбнай брыгады ў кабінет увайшоў Уладзіслаў Васільевіч; я паскардзілася яму на жыццё:
– І там трэба быць, і тут трэба быць, хоць разарвіся!

– Не трэба разрывацца, патрэбна выбраць самыя праблемныя прадпрыемствы з высокім узроўнем захворванняў ці вытворчага траўматызму! А на пасяджэнні брыгад адносна паспяховых прадпрыемстваў я табе раю накіраваць загадчыкаў тэрапеўтычных аддзяленняў па тэрытарыяльным прынцыпе. Вунь іх колькі, ажно шэсць чалавек! – параіў мне калега.
 
 Я прыняла да ўвагі навуку стажыраванага доктара; у далейшым кіравалася правілам адбору наведвальных прадпрыемстваў, рэкамендаваным мне Уладзіславам Васільевічам.

Разам мы вывучылі справаздачныя формы і адабралі для наведвання пяць ці шэсць прадпрыемстваў, у пасяджэнні брыгад якіх мой удзел быў абавязковым.
Уладзіслаў Васільевіч паведаміў мне, што ён таксама будзе прысутнічаць на пасяджэннях двух інжынерна-ўрачэбных брыгад прадпрыемстваў, якія ён курыруе.

На наступны дзень круглы стол інжынераў і медыкаў адбыўся на Баранавіцкім мясакансервавым камбінаце, прадукцыя якога была добра вядомая масквічам і ленінградцам (жыхарам Баранавічаў заставалася толькі якасная ліверная каўбаса).
 
Загадчык здраўпункта далажыў аб стане захворванняў з часовай непрацаздольнасцю і вытворчага траўматызму на камбінаце; інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі – аб мерапрыемствах па паляпшэнні ўмоў працы, выкананых у бягучым годзе.
Слухаючы выступоўцаў, я ўсё думала:

“Чаму ж на гэтым прадпрыемстве такі высокі ўзровень захворванняў на гіпертанічную хваробу: кожны трэці бальнічны лісток – гіпертанічны крыз або абвастрэнне хваробы?”

Я задала пытанне, якое цікавіла мяне, урачу, замацаванаму за камбінатам, і даведалася, што:

– праца ў цэхах нумар два, тры і пяць вельмі цяжкая, людзі моцна стамляюцца;

– працоўныя цеху нумар адзін часта працуюць у начную змену і не маюць паўнавартаснага адпачынку;

– работнікі камбіната немаладыя і “назбіралі” мноства хвароб;

– у рабочай сталовай – толькі мясныя стравы, вельмі рэдка бываюць гародніна і малочныя прадукты.

Я убачыла, што Уладзіслаў Васільевіч, згодна ківаючы галавой, хавае ўсмешку.
Дапаўняючы выступоўцаў, ён прапанаваў унесці ў рашэнне пасяджэння брыгады некалькі прапаноў па паляпшэнні ўмоў працы.

Падводзячы вынікі пасяджэння, я акцэнтавала ўвагу адміністрацыі камбіната на пытаннях мэтазгоднасці забеспячэння гіпертонікаў прафілактычным лячэннем, дыетычным харчаваннем, санаторна-курортным лячэннем; загадчыку здраўпункта і замацаванаму доктару парэкамендавала праводзіць санітарна-асветніцкую работу для дадзенай катэгорыі асоб аб неабходнасці сістэматычнага прыёму лекаў; захаванні рэжыму працы і адпачынку; аб рацыянальным харчаванні і таму падобнае, і гэтак далей.

Мне самой спадабалася, як пераканаўча я выступіла. Бянтэжыла толькі нявызначаная ўсмешка майго калегі, якую ён старанна хаваў.

Пасля заканчэння пасяджэння, натхнёная першым удалым вопытам, я пацікавілася ў Уладзіслава:

– А чаму ты ўвесь час усміхаўся-ухмыляўся?

– А што, прыкметна было?

– Для засядацеляў – не, але ж я цябе добра ведаю!

Нечакана калега рассмяяўся:

– Ой, не магу! Прафілактычнае лячэнне, дыетычнае харчаванне, санаторна-курортнае лячэнне, рэжым працы і адпачынку! Павесяліла ты мяне, я ледзь стрымаўся, каб не рассмяяцца!

– Не разумею, што смешнае я сказала? – паспрабавала было пакрыўдзіцца я. Не атрымалася: смех Уладзіслава быў настолькі заразлівым, што я далучылася да яго.
Адсмяяўшыся, калега запытаў:

– Дык ты, на самой справе, не здагадваешся, чаму такі высокі ўзровень захворвання гіпертанічнай хваробай у працаўнікоў мясакамбіната? Ці так прафесійна, як сапраўдная актрыса, выконвала ролю?

– Якая роля, якая актрыса? – абурылася я.

– А-а-а, значыць, ты наіўная! Давядзецца адкрыць табе “страшную таямніцу”! – па-змоўніцку вымавіў Уладзіслаў.

– Давай ужо, не стамляй! – прыспешыла я калегу.

–  Гіпертанічная хвароба ў работнікаў мясакамбіната не толькі ад цяжкіх умоў працы або аднастайнай дыеты, а і ад шкодных звычак: кожны дзень трэба вынесці за прахадную кавалачак мяса, хаця б зусім маленькі! А гэта – стрэс, раптам на вахце знойдуць крадзёж, з работы можна вылецець! А не вынесеш – упушчаная выгада, зноў жа стрэс!

– Ты хочаш сказаць, што ўсе працаўнікі выносяць мяса? – удакладніла я.

– Ну, не ўсе выносяць: начальнікам сыравіну і прадукцыю камбіната вывозяць на машыне! – абыякава адказаў Уладзіслаў.

Не жадаючы прызнаваць сваю прастадушнасць, я расказала калегу свежы анекдот; да тэмы “крадзяжоў сацыялістычнай уласнасці” мы больш не вярталіся.

 Пасля пасяджэння брыгады прайшло два-тры тыдні; да мяне звярнулася работніца мясакамбіната, мая даўняя знаёмая. Прыкладна тыдзень у яе трымаўся высокі ціск, які не зніжаўся прыёмам  таблеціраваных гіпатэнзіўных прэпаратаў.

Я накіравала Людмілу ў дзённы стацыянар паліклінікі; на трэці дзень ціск нармалізаваўся і пацыентка зайшла да мяне далажыць аб выніках лячэння.

Люда была далёкай сваячкай па лініі мужа; я магла шчыра гаварыць з ёй.

Я пацікавілася, што магло справакаваць у яе ўздым ціску, можа, нейкае сямейнае бязладдзе?

– Не, дома ўсё добра, а вось на працы! – уздыхнула пацыентка.

– А што на працы, ты ж не начальнік, рабочая, якія могуць быць непрыемнасці? – здзівілася я.

– Дык дзяўчаты сказалі, што ў бліжэйшы час на прахадной будзе мяняцца супрацоўнік пазаведамаснай аховы, і я ўвесь тыдзень выходзіла з работы “пустая”! Шэсць дзён, уяўляеш?! А ты пытаешся, адкуль ціск?! – узбуджана адказала суразмоўца.

Я адразу ж прыгадала нядаўнюю размову з Жукоўскім У.В. і заднім чыслом “падпісалася” пад характарыстыкай, дадзенай мне калегам, – “наіўная”.

 Прайшоў год; мы з Уладзіславам Васільевічам удзельнічалі ў пасяджэнні інжынерна-ўрачэбнай брыгады Баранавіцкага завода аўтаматычных ліній.

Стажыраваны фельчар здраўпункта далажыла аб дасягненнях у медыцынскім забеспячэнні працуючых на буйнейшым прадпрыемстве горада: аб аснашчэнні здраўпункта сучасным абсталяваннем, сістэматычным правядзенні супрацьрэцыдыўнага лячэння групе дыспансэрных хворых, атрыманні імі ж дыетычнага харчавання за кошт прафсаюзных сродкаў і гэтак далей.

Затым, зрабіўшы невялікую паўзу, вымавіла:

– “Усе жанчыны завода, якія зацяжарылі на вытворчасці, атрымліваюць агульнаўмацавальнае лячэнне”.

 Пры гэтым фельчар “пераможна” паглядзела на прысутных: іншыя прадпрыемствы горада не маглі пахваліцца такімі новаўвядзеннямі.

 Мы пераглянуліся з калегам, чакаючы выбуху смеху засядацеляў, альбо каментарыя старшынствуючага. Нічога падобнага не здарылася, “пярліну” ніхто не заўважыў.
 
Уладзіславу Васільевічу, які валодае тонкім пачуццём гумару, вельмі хацелася “абыграць” незвычайную заяву і ўдакладніць, якім чынам медыцынскія работнікі праводзяць устанаўленне ў цяжарнай жанчыны месца наступлення зачацця: на вытворчасці або па-за тэрыторыяй прадпрыемства?

Уявіўшы, у якое рэчышча ўвойдзе пасля такога пытання абмеркаванне высокага ўзроўню захворвання і вытворчага траўматызму на прадпрыемстве, я ціхенька папрасіла калегу не акцэнтаваць увагу на відавочнай агаворцы.

Толькі пасля пасяджэння інжынерна-ўрачэбнай брыгады ў медыкаў з’явілася магчымасць, у сваім коле, “прайсціся” па “легкадумным” жанчынам, якія прамянялі працоўныя подзвігі на сумнеўныя задавальненні.


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Да, создание на крупных рабочих предприятиях инж-врачебных бригад - дело полезное. Интересно, что врачи уже догадывались, почему у работниц мясного комбината повышенное давление. Оказывается, выносили продукцию с комбината. Ну, надо же было как-то пресекать это дело. Ну нельзя честным людям этим делом заниматься - сильно на давлении отражается.
Производственная беременность - да, нарочно не придумать.
С неизменным уважением и теплом,

Людмила Каштанова   29.07.2023 14:10     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

В годы тотального дефицита работники торговли и перерабатывающей промышленности считали себя элитой. Первые могли "достать", вторые "вынести" (читай - украсть), продукцию комбината.

Как результат - стойкая гипертензия у "несунов"...

С улыбкой и теплом.

Нелли Фурс   30.07.2023 10:35   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.