Аселядзец

Аселядзец

Старэйшы сын Дзяніс падарыў бацьку акантовачную машынку – трымер для стрыжкі валасоў. Апроч самой машынкі, вытворцы дадалі ў набор спадарожныя тавары: нажніцы двух відаў, расчоску, алей і шчотачку для догляду за нажавым блокам.

Падарунак быў вельмі дарэчы; нягледзячы на пандэмію, дзве цырульні ў пасёлку былі пастаянна запоўнены наведвальнікамі, якія не заўсёды выконвалі патрабаванні санітарнага нагляду.

Дзяніс, калі нам прывёз трымер, правёў на бацьку майстар-клас для мяне, будучага цырульніка. Растлумачыў, як зараджаць машынку; паказаў, на якія дзяленні трэба ўсталёўваць нажавы блок для рэгулявання дліны валасоў, якія састрыгаюцца.

Пад кантролем сына я паспрабавала сябе ў новай ролі: у мяне ўсё атрымалася.

Каля паўгода прычоскай мужа займаўся сын, прыязджаючы да бацькоў на пабыўку.

Набліжаўся дзень нарадження мужа і я, неўзаметку назіраючы за ім, разважала аб падарунку.

Маю ўвагу прыцягнулі адрослыя валасы Валодзі. “Так, сапраўды, Дзяніс стрыг бацьку да Новага года, прыкладна паўтара месяца назад”, –  падумала я  і прапанавала мужу свае паслугі цырульніка.

– А ў цябе атрымаецца? – засумняваўся муж.

– Вядома, бо прафесіі лекара і цырульніка – роднасныя! Я ж цябе летам стрыгла! Ды і маёй сяброўцы Тошцы у інстытуцкія гады грыўку выраўноўвала! – упэўнена заявіла я, наўздагон падумаўшы:

“Чорт бы ўзяў мой доўгі язык! Калі Валодзя ўспомніць, чым скончылася мая цырульніцкая дзейнасць у студэнцтве, ні за што не пагадзіцца стрыгчыся!”.

Ці то муж забыўся, ці то я не расказвала яму пра адзіны эпізод маёй працы ў якасці цырульніка, ён пагадзіўся і я занялася стрыжкай “кліента”.

Перад працэдурай зразання валасянога покрыва, я ў думках вярнулася ў пачатак сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. У сяброўкі Тасі адрасла грыўка, і яна папрасіла мяне ўкараціць і выраўняць яе.

Я адмовілася, матывуючы нязгоду поўнай адсутнасцю ў мяне здольнасці на вока вызначаць роўнасць лініі. Тася настойвала; я згадзілася, папярэдзіўшы настырную сяброўку, што здымаю з сябе адказнасць за вынікі стрыжкі.

Шкада, што савецкая мода тых гадоў безнадзейна адстала ад сусветных тэндэнцый: з першага ж разу ў мяне атрымалася выдатная асіметрычная стрыжка!

Тошка не ацаніла маё наватарскае рашэнне і папрасіла:

– Злева нічога не чапай, а справа – ледзь-ледзь падрэж!

Наступным этапам стрыжкі было “падразанне грыўкі злева і пакіданне даўжыні справа”; за ім – “выраўноўванне яе цэнтральнай часткі”.

У выніку шматхадовай аперацыі грыўка ператварылася ў малюсенькія светлыя антэнкі, якія стаялі тырчком ля падзяляльнай паласы: твар – валасяное покрыва галавы.
 
Сяброўка, вывучаючы ў люстэрку новую прычоску, не магла схаваць свайго засмучэння. Я паспрабавала суцешыць яе прыкладам маркізы Матыльды, гераіні рамана Стэндаля “Чырвонае і чорнае”, якая ахвяравала пасмай валасоў у гонар свайго каханага, прасталюдзіна Жульена Сарэля.

Адцягваючы Тошку ад яе сумных думак, паспрабавала апраўдаць сваю няўмеласць; адпраўной кропкай для маёй балбатні паслужыла слова “прасталюдзін”, сказанае раней.

Незадоўга да майго дэбюту ў якасці стрыгуна, у нейкім “тоўстым” часопісе я прачытала артыкул пра сярэдневяковых цырульнікаў.

Па памяці я расказала сяброўцы, што першыя цырульнікі з’явіліся яшчэ ў тысячным годзе нашай эры пры манастырах. Згодна рэлігійных канонаў, каталіцкія святары павінны былі насіць на верхавіне паголены круг – танзуру, таму цырульнікі былі асабліва запатрабаваны ў храмах.

Паступова спектр паслуг цырульнікаў пашыраўся: яны пачалі выкарыстоўваць п’яўкі для кровапусканняў і выконваць выдаленне зубоў, лячыць ірваныя і адкрытыя раны, апёкі, пераломы, вывіхі і нават ампутаваць канечнасці.

– Ты мне зубы не загаворвай, прычым тут цырульнікі, гэта не яны, а ты мяне “абалваніла пад самы карэньчык”! Як я заўтра ў інстытут пайду?! –  Тошку не зацікавіла гісторыя ўзнікнення прафесіі цырульніка.

– У інстытут пойдзеш у сваёй бэжавай махеравай шапачцы, а там надзенеш белую медыцынскую баваўняную, ніхто і не заўважыць змен у тваёй прычосцы! – спакойна адказала я, не звяртаючы ўвагі на незадаволенасць сяброўкі, якая “прыняла пастрыг” некалькі хвілін таму.

Пакуль Таісія разглядала сябе ў люстэрку, я працягнула:

– Дык вось, у Сярэднія стагоддзі прасталюдзінаў лячылі цырульнікі – людзі, чыя прафесія так і называлася: “цырульнік-хірург”. Акрамя стрыжкі кліентаў, яны лячылі інфекцыйныя, венерычныя і скураныя захворванні, а таксама прымалі роды.

– А навошта ты мне ўсё гэта расказваеш?! Абсякла ўсю маю грыўку, а цяперака філасофствуеш! – абурылася “новапастрыжаная”.

– Вось няма ў цябе, Тошка, цярплівасці! Я ж хачу прааналізаваць прычыны маёй цырульніцкай непрыдатнасці! – наўмысна пакаянна, вымавіла я.

– Ну, і да чаго ты дадумалася? – пацікавілася сяброўка.

– Я яшчэ ў працэсе разважання! У часопісе было напісана, што лекар, які атрымаў у Сярэднія стагоддзі акадэмічную адукацыю, лічыўся элітай грамадства і лячыў людзей вышэйшых саслоўяў: назіраў за багатымі хворымі, усталёўваў дыягназы і распрацоўваў метады лячэння. Хірург жа на працягу некалькіх гадоў вучыўся ў гандлёвай гільдыі і карыстаў, у большасці сваёй, людзей ніжэйшых саслоўяў.

 Акрамя таго, спецыяльнасці лекараў і хірургаў былі дакладна размежаваны: лекары ніколі не паблажалі да “бруднай” медыцынскай працы.

– І што ты гэтым хочаш сказаць? – азадачылася Таська.

– Толькі тое, што я, хутчэй за ўсё, выберу тэрапію, а не хірургічную спецыяльнасць! – адказала я.

– І што? – сяброўка не ўлоўлівала сувязі паміж будучай кваліфікацыяй і маёй “крыварукасцю”.

– А калі не хірург, тое значыць, і не цырульнік! Я ж табе казала, як у Сярэднія стагоддзі называлася прафесія – “цырульнік-хірург”, “два ў адным”! – цярпліва тлумачыла я сяброўцы.

– Калі я цябе правільна зразумела, стаўшы лекарам, ты плануеш лячыць толькі прадстаўнікоў “вышэйшых саслоўяў”? Таму табе і неабавязкова быць “цырульнікам-хірургам”? – удакладніла Тоська.

– Прыкладна так, я буду лячыць людзей, толькі без падзелу іх на “саслоўі”. Ты ж сама магла пераканацца, які з мяне цырульнік-рукадзей, яшчэ не тое адрэжу! – пацвердзіла я здагадку сяброўкі.

– Ну-ну, паглядзім! – прымірыцельна адгукнулася Тошка.
 
Ад успамінаў аб маім адзіным вопыце “стыліста” мяне адцягнуў муж, які ўжо падрыхтаваў працоўнае месца.

Я ўстанавіла рэгулятар даўжыні валасоў, якія трэба састрыгчы, на мінімальную лічбу, будучы ўпэўненай, што толькі крыху скарочу шавялюру мужа.

Пад манатоннае гудзенне трымера я і не заўважыла, як абстрыгла ўсю патылічную частку; праз астатнія кароткія валасы прасвечвалася скура галавы “кліента”.

“Вельмі каротка”, –  падумала я і перавяла рэгулятар даўжыні на максімальную адзнаку. Некалькі разоў прайшлася трымерам па галаве і, не заўважыўшы змен у прычосцы мужа, вярнула рэдуктар да дзялення, другога пасля мінімума.
 
Прадбачліва я пасадзіла мужа далей ад люстэрка і бліжэй да натуральнага святла; даверыўшыся “спецыялісту”, ён глядзеў у акно.

Да моманту заканчэння працэдуры маё цела калацілася ад ледзь стрымліваемага смеху; у галаве круцілася фраза  са зладзейскага жаргону: “сядзелец адкінуўся”.
Муж, мімаходам зірнуўшы ў люстэрка, накіраваўся ў душ. Адсмяяўшыся, я “зрабіла” сур’ёзны выраз твару і, дачакаўшыся Валодзю, пачала нахвальваць вынікі маёй працы:

– Табе так ідзе гэтая кароткая сучасная стрыжка, проста памаладзеў на дзесятак гадоў!

Муж паглядзеў у люстэрка. Я яшчэ раз вымавіла пахвальную фразу; Валодзя згодна кіўнуў галавой і падзякаваў “майстру”.

Я размясцілася за камп’ютарам; муж узяўся за чытанне.

Выглянула сонца; я павярнула галаву да акна, каля якога сядзеў Валодзя. Мой погляд “зачапіўся” за пасму цёмных валасоў у цемянной вобласці галавы мужа.

“Аселядзец”*, –  падумала я, гледзячы на вынікі маёй “філіграннай” працы.

Надаўшы твару заклапочаны выгляд, звярнулася да мужа:

– Валодзя, я не састрыгла парачку доўгіх валасінак на макушцы, зараз прыбяру іх нажніцамі!

Скончыўшы працэс стрыжкі, прызналася, што азначаў выраз “парачка доўгіх валасінак на макушцы”.

Валодзя засмяяўся:

– Дарма ты не паказала мне аселядзец! Хоць на кароткі час я б адчуў сябе адной з дзейных асоб карціны Ільі Рэпіна “Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану”!

– Не перажывай, даражэнькі, наступны раз я пакіну пейсы**! У цябе яшчэ ёсць час падумаць, кім ты зможаш уявіць сябе пасля чарговай стрыжкі!

Па красамоўнаму выразу твара мужа я зразумела, што наступнага разу не будзе.

*Аселядзец – мужчынская прычоска ў выглядзе доўгага чуба на выгаленай галаве ў цюркаў і іншых качавых народаў.

**Пейсы – доўгія непастрыжаныя пасмы валасоў з скроняў па шчоках, традыцыйны элемент прычоскі рэлігійных габрэяў-мужчын.


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Интересный рассказ! Ничего не поделаешь: в жизни надо пробовать все: и шить, и траву косить, и стричь. В старину многие так и делали. особенно у кого мальчишек много. Или мать или отец осваивали профессию парикмахера. Я тоже научилась подстригать и сына и мужа.
С уважением, теплом и наилучшими пожеланиями,

Людмила Каштанова   01.08.2023 14:47     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Сердечно благодарю за отзыв!

В медицине распространено выражение: "освоение смежных профессий".

Это высказывание в полной мере можно отнести и к женщинам, родившимся в Советском Союзе: "И швец, и жнец, и на дуде игрец".

С улыбкой и теплом.

Нелли Фурс   02.08.2023 12:41   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.