Сала з гарчычкай
У сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя студэнты чацвёртага курса медыцынскага інстытута здавалі іспыт па тапаграфічнай анатоміі; яго вынік быў надзвычай важны для будучых лекараў, якія выбралі хірургічную спецыяльнасць. Толькі адзнака “выдатна” давала права надалей вучыцца “на хірурга” студэнту, які бачыў сябе спецыялістам хірургічнага профілю: артапедам, хірургам, траўматолагам, акушэрам-гінеколагам, афтальмолагам або отарыналарынголагам.
Папулярнай сярод студэнтаў, ды і выкладчыкаў медыцынскага інстытута, была прымаўка: “Здаў “топачку” – можна жаніцца”! (Ніколі не чула “жаночы” варыянт выслоўя; выкладчыкі ведалі, што ў патрыярхальнай Беларусі дзяўчыны ідуць замуж тады, калі іх бяруць у жонкі).
На падрыхтоўку да іспыту давалася максімальная колькасць дзён, парадка дзесяці-дванаццаці. За гэты час трэба было паўтарыць папластовую будову анатамічных абласцей, узаемаразмяшчэнне органаў, іх праекцыю на скуру, стаўленне да шкілета, кровазабеспячэнне, інервацыю і лімфаадток ва ўмовах нормы і паталогіі з улікам узроставых, палавых і канстытуцыянальных асаблівасцяў арганізма чалавека.
Зімой 1977 года мужчынская і жаночая зборныя каманды інстытута па баскетболе былі запрошаны ў Рыгу, на міжвузаўскі турнір, які пачынаўся за тыдзень да наступлення канікул. Для датэрміновай здачы сесіі дэканатам навучальнай установы быў выдадзены дазвол на экзаменацыю баскетбалістаў па вольнаму графіку; у іх ліку была і аўтар.
У першую чаргу я здала “лёгкія” прадметы і пакінула на падрыхтоўку “топачкі” восем дзён, сумясціўшы запланаваную мною дату з датай здачы экзамену суседкамі па пакоі інтэрната, Ірай і Людай.
Неўзаметку праляцелі дні падрыхтоўкі. Перад іспытам, прыкладна ў чатыры гадзіны раніцы, я ўсё яшчэ паўтарала “папластовую будову анатамічных абласцей”.
Ірачка Кароль даўно ўжо ўсё вывучыла, але ў знак салідарнасці са мной рабіла выгляд, што працуе з анатамічнымі атласамі. Таварка абрала самае любімае студэнтамі становішча цела – лежучы, прадбачліва паклаўшы побач з сабой навучальныя дапаможнікі.
Камфортная пастава Ірыны схіляла да спакою: сяброўка перыядычна засынала і прачыналася.
Ахопленая прагай ведаў – у ноч перад іспытам самая лепшая запамінальнасць матэрыялу, я не бачыла кароткачасовай адсутнасці Іры ў шэрагах “навучэнцаў”.
Нясцерпна захацелася есці; я ўспомніла аб падвешанай за акном авосьцы з хатнім салёным салам.
Ціхенька дастаўшы з форткі жаданы прадукт, я падышла да сяброўкі, нахілілася да яе вуха і шчырым шэптам спытала:
– Іра, ты хочаш сала з гарчычкай?
Здрыгануўшыся ад нечаканасці, сяброўка прачнулася. Цяжка апісаць выраз яе твару: гэта было абурэнне напалову з пагардай. Холадна адказаўшы “не”, яна адвярнулася да сценкі і неўзабаве зноўку заснула.
Такая рэакцыя сяброўкі не перашкодзіла аўтару з апетытам з’есці далікатэс і паспаць дзве гадзіны да ранішняга абуджэння Ірыны і Люды.
Падрыхтоўка да іспыту – гэта не толькі паўтарэнне і замацаванне ведаў; гэта яшчэ і карпатлівая разведвальная работа студэнтак. Як трэба апрануцца, ці варта фарсіць у кароткай спадніцы, ці прымальны макіяж, ці дапушчальная самая простая ўкладка валасоў, ці дарэчныя някідкія ўпрыгожванні?
Перад іспытам па тапаграфічнай анатоміі падобныя пытанні не ўзнікалі; усё было відавочна: хірургічны халат умеранай даўжыні, медыцынская шапачка, пад якую былі схаваны ўсе валасы, зменны абутак, ніякіх упрыгожванняў, каротка падстрыжаныя пазногці.
Перад уваходам у аўдыторыю я надзела акуляры для далечыні, якімі карысталася толькі на лекцыях. “Разведка” данесла, што ў класным пакоі не знятыя са сцен наглядныя дапаможнікі; я ўзброілася акулярамі ў надзеі падглядзець на табліцах патрэбны мне матэрыял. З другога боку, з дзяцінства я была пераканана, што ўсе людзі ў акулярах – надзвычай разумныя (прастадушная памылка!), і спадзявалася стварыць спрыяльнае ўражанне на экзаменатара.
Выцягнуўшы білет, супакоілася: я добра ведала адказы на ўсе шэсць пытанняў.
Экзаменаваў мяне прафесар Анатоль Мар’янавіч Дзямецкі, загадчык кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута.
А.М. Дзямецкі загадваў кафедрай з 1964 па 1991 год. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена адзінаццаць кандыдатскіх і дзве доктарскія дысертацыі; адна з іх – Панько Сяргеем Уладзіміравічам, у пачатку двухтысячных гадоў – начальнікам упраўлення аховы здароўя Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.
Кафедра аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута з’яўляецца піянерам у распрацоўцы навуковых работ па праблеме біялагічнага і лячэбнага дзеяння нізкачастотных лячэбных палёў.
Праводзімыя ў інстытуце даследаванні аказаліся настолькі актуальнымі, што прыказам міністэрства аховы здароўя СССР на Віцебскі ордэна Дружбы народаў медыцынскі інстытут была ўскладзена функцыя галаўной установы, а прафесар Дзямецкі А.М. зацверджаны старшынёй Праблемнай камісіі міністэрства аховы здароўя СССР “Магнітабіялогія і магнітатэрапія ў медыцыне”.
Перспектыўнасць вывучаемай кафедрай навуковай тэматыкі паслужыла падставай для стварэння Міжнароднай медыка-біёлага-тэхнічнай асацыяцыі магнітолагаў пад кіраўніцтвам Дзямецкага А.М., а таксама з’явілася стымулам да стварэння часопіса “Магнітатэрапія”, які пачаў выходзіць з 1991 года.
(Выкарыстаны матэрыялы з артыкула “Памяці настаўніка” – Анатоль Мар’янавіч Дзямецкі – лекар, педагог, вучоны (да 90-годдзя з дня нараджэння) аўтараў В.В.Становенка, А.У.Цецоха, Н.Г.Харкевіч, Л.І.Шаркова, часопіс “Навіны хірургіі”).
Як паказала жыццё, даследаванне лячэбнага дзеяння магнітаў аказалася перспектыўным напрамкам, які мае практычнае прымяненне. У пачатку двухтысячных гадоў усе арганізацыі аховы здароўя Баранавіцкага раёна былі абсталяваны адносна недарагімі апаратамі магнітатэрапіі, выкарыстанне якіх давала добры эфект пры лячэнні захворванняў вачэй, суставаў, скурных пакроваў, цэнтральнай нервовай і эндакрыннай сістэм, органаў стрававання і кровазвароту. Да таго ж, партатыўныя апараты маглі быць выкарыстаны ў хатніх умовах, што было немалаважным для раёна, насельніцтва якога больш чым на траціну складалася з пажылых людзей.
Аднак, адхілілася – я ж рыхтуюся да здачы іспыту па тапаграфічнай анатоміі.
Загадчык кафедры скончыў сумоўе з папярэднім студэнтам; надышла мая чарга адказваць прафесару.
Пачуўшы прозвішча экзаменуемай, Анатоль Мар’янавіч паглядзеў у заліковую кніжку, зверыў нумар групы ў маёй залікоўцы з дакументамі, якія ляжалі перад ім, і ўдакладніў:
– А чаму Вы прыйшлі сёння, а не са сваёй адзінаццатай групай, у якой іспыт будзе толькі праз тры дні?
– У мяне ёсць дазвол дэканата на вольны графік здачы экзаменаў, – адказала я.
– А з якой прычыны Вам дадзена такое права? Вы хворыя? – пільна паглядзеў на мяне загадчык кафедры.
– Не, я здаровая, проста за тыдзень да наступлення зімовых канікул наша зборная каманда павінна ехаць на спаборніцтвы ў Прыбалтыку, – сціпла апусціўшы погляд, вымавіла я.
Мелі рацыю “інтэрнацкія” ўсёзнайкі, кажучы аб асаблівым стаўленні прафесара да спартоўцаў!
– А якім відам спорту Вы займаецеся? – загадчык кафедры праявіў непадробную цікавасць да маёй асобы.
– Баскетболам, – адказвала я.
– А як жа акуляры, хіба яны Вам не перашкаджаюць? – пранікся прафесар праблемай “слабавідушчай”.
– Не, падчас гульняў і трэніровак я імі не карыстаюся: ярка-аранжавы мяч і так добра бачны, – трымала адказ я, інстынктыўна адчуўшы, што ўжо і не так цікавыя Анатолю Мар’янавічу мае веды пытанняў білета.
Распытаўшы, куды менавіта мы паедзем, хто будзе ў ліку нашых сапернікаў, колькі часу працягнецца турнір і якія віды на перамогу ў ім, прафесар перайшоў да апытання.
Выдатна памятаю, што першым пытаннем білета было пытанне аб чатырохгаловай мышцы сцягна. Аб Musculus quadriceps femoris (лац.), якая займае ўсю пярэднюю і часткова бакавую паверхню сцягна, не ведалі толькі студэнты, якія дрэнна паспявалі; я не ставілася да іх катэгорыі.
Распавёўшы прафесару пра мышцу-разгінальнік, якая ў асноўным вызначае знешні від ніжняй канечнасці, я перайшла да будовы сярэдняга вуха, затым – да анатоміі клапаннага апарата сэрца.
Магчыма, Анатоля Мар’янавіча стаміла ўжыванне лацінскіх назваў клапанаў – атріавентрыкулярыс, трыкуспідаліс; даслухаўшы фразу, ён вымавіў:
– Дзякуй, дастаткова, выдатна!
Унёсшы адзнаку ў дакументы, загадчык кафедры працягнуў мне заліковую кніжку і пажадаў паспяховага выступу на турніры.
Падзякаваўшы прафесару, спрытна выйшла з аўдыторыі: а раптам Анатоль Мар’янавіч заўважыць, што я “недаадказала” яшчэ на тры пытанні білета?
Мае сяброўкі па пакоі інтэрната здалі экзамен на “добра”. Ірына, успамінаючы потым начны эпізод, кожны раз дзівілася:
– І як табе за пару гадзін да іспыту “сала з гарчычкай” у горла лезла?!
– Стомлены вучобай мозг патрабаваў падсілкоўвання! – спакойна адказвала я.
Прайшло дваццаць гадоў з моманту заканчэння інстытута. У чэрвені 1999 года наш курс сабраўся на вечар сустрэчы выпускнікоў. Пасля заканчэння афіцыйнай часткі, на якой прысутнічаў рэктар Мядзвецкі Яўген Нікандравіч (ён узначальваў інстытут з 1965 па 1979 год), мы вырашылі прайсціся па будынку.
Экскурсанты групкамі блукалі па калідорах галоўнага навучальнага корпуса, успамінаючы студэнцкія гады. Стажыраваныя ўрачы забыліся аб узросце і, расказваючы смешныя гісторыі, нястрымна рагаталі.
Пад’ём на чарговы паверх па лесвіцы з высокімі прыступкамі трохі пацішыў запал асобных гаманкіх апавядальнікаў: ніхто не хацеў дэманстраваць фізічную форму, якая пакідала жадаць лепшага.
Я ішла наперадзе; да моманту ўзыходжання на лесвічную пляцоўку ўсёй групы рытм майго дыхання аднавіўся.
– О-о, як тут двоечкамі пахне! – дэманстратыўна ўцягнуўшы паветра ў нос, заўважыла я.
– Нядзіўна, гэта ж кафедра аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі, – пракаментаваў маю заяву Саша Цецоха, адзін з галоўных арганізатараў юбілейнай урачыстасці.
Аказалася, што ён наўмысна “вывеў” групу да “страшнай” кафедры, якой загадваў у той час (зараз Аляксандр Уладзіміравіч Цецоха – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь).
– Памятаеце, як мы сцерагліся гэтай кафедры і не хацелі лішні раз сюды заходзіць? А зараз зусім не страшна, толькі “двоечкамі пахне”! – вымавіў Аляксандр.
Памяць Ірачкі Кароль аднавіла падзеі больш за дваццацігадовай даўніны; сяброўка палічыла неабходным расказаць прысутным аб падрыхтоўцы да іспыту па тапаграфічнай анатоміі жыльцоў асобна ўзятага пакоя інтэрната. Прычым, акцэнт быў зроблены менавіта на маіх харчовых паводзінах у ноч перад іспытам.
Ці то час старанна сцёр у памяці адчуванні перадэкзаменацыйнага мандража, ці то экскурсанты добра згаладаліся, аднак грамадскага ганьбавання ў свой адрас я не пачула. Мужчынская палова групы станоўча ацаніла мае смакавыя прыхільнасці:
– Мы таксама не адмовіліся б ад апетытнага замарожанага сала з ядранай гарчыцай!
Усё ж, дзіўна выбарачная наша памяць: да гэтага часу я памятаю і цёмна-бардовую сетачку-авоську, якая вісела за акном пакоя студэнцкага інтэрната; і невялікі кавалак салёнага сала, загорнуты ў пергаментную паперу, і меткі дробнай птушкі на адным з бакоў шматка сала; і яго непаўторна смачны густ, узмоцнены вострай гарчыцай!
А вось да якіх менавіта костак і ўзгорыстасцяў мацуюцца сухажыллі чатырохгаловай цягліцы сцягна, нажаль, не памятаю…
Свидетельство о публикации №222082600651
С уважением, теплом и улыбкой,
Людмила Каштанова 06.08.2023 07:37 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
Да, на встречах выпускников вспоминается наша золотая пора - студенческая юность!
С теплом и самыми добрыми пожеланиями.
Нелли Фурс 06.08.2023 17:51 Заявить о нарушении