Знауца беларускага пiсьменства

“Знаўца” беларускага пісьменства

Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі пасля распаду Савецкага Саюза запатрабавала стварэння нацыянальнай сістэмы адукацыі. На падставе Закона БССР “Аб мовах у Беларускай ССР” (1990 год), была прынята Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у рэспубліцы.

Упамінанне ў Законе іншых нацыянальных моў не выпадкова: Беларусь – шматнацыянальная краіна. У ёй пражывае амаль восемдзесят пяць адсоткаў беларусаў, сем з паловай – рускіх, тры адсотка – палякаў, крыху больш за паўтары адсотка – украінцаў; колькасць татараў, габрэяў, азербайджанцаў, цыган, армян, літоўцаў і туркменаў складае адну дзесятую адсотка.

 Дзяржаўная праграма прадугледжвала перавод да 2000 года ўсіх устаноў сістэмы адукацыі і, у першую чаргу, школ, на беларускую і іншыя нацыянальныя мовы. На працягу чатырох гадоў пасля прыняцця Закону пачатковая школа была ў асноўным пераведзена на беларускую мову навучання.

Мой малодшы сын Паўлік якраз пайшоў у школу. Дзеці лёгка навучаюцца: першакласнік Паша хутка перайшоў на беларускую мову і пачаў дома размаўляць на роднай мове.

Я падтрымлівала жаданне сына гутарыць на беларускай мове і старалася не схібіць, падбіраючы ў размове патрэбныя словы. Ці то ў мяне, насамрэч, атрымлівалася годна мець зносіны на роднай мове, ці то Паша яшчэ дрэнна яе ведаў, ці то аўтарытэт маці быў высокі, але сын быў упэўнены, што лепш за мяне беларускую мову не ведае ніхто.

У другім класе школьнікам даручылі невялікае дамашняе самастойнае заданне. Да майго прыходу з працы, Паша на чарнавіку падрыхтаваў караценькую пісьмовую работу, якая складалася з чатырох-пяці простых сказаў, прыкладна такога зместу: “Сонца свеціць. Траўка зелянее.”

Натхнёны сваім першым “пісьменніцкім” вопытам, ён папрасіў мяне праверыць “сачыненне-пераказ”, што я і зрабіла.

Выправіўшы “памылкі”, убачыла расчараваны твар сына; ён чакаў пахвалы, а не такога грубага “здзеку” з яго тварэння. Я паспрабавала выправіць сітуацыю, нязграбна ўхваліўшы працу Пашы.

На наступны дзень дома мяне чакаў сюрпрыз. Супраць звычаю, сын пахваліўся сваімі “поспехамі” ў вучобе:

– А ў мяне па беларускай мове – двойка!

– Як двойка?! Я ж учора правярала тваё заданне! – абурылася я.

– Я так і сказаў Галіне Станіславаўне, калі яна хацела мне адзінку паставіць! – адказаў сын.
 
– І што настаўніца? – асцярожна ўдакладніла я.

– А яна адказала, што калі мама правярала, то паставіць двойку, адну на дваіх! – з’едліва прамовіў Паша.

– Не можа гэтага быць! А ты захаваў чарнавік? – з надзеяй на абеліванне маёй заплямленай рэпутацыі філолага, удакладніла я.

– Так, мама, захаваў, я нават Галіне Станіславаўне яго паказваў! – адказаў сын з нявінным выразам твару.

Я зверыла чыставы сшытак і Пашын чарнавічок: да маіх выпраўленняў у ім не было ніводнай арфаграфічнай памылкі!

Сын чакальна глядзеў на мяне, маўляў, што ты, мама, цяпер скажаш?!

– Прабач, сынок, у наш час былі некалькі іншыя правілы! – непераканаўча схлусіла я.

Адмоўны вынік – таксама вынік: з таго часу я ніколі не правярала ўрокі ў сыноў, такім чынам прывучыўшы іх да самастойнасці. Карыстаючыся спрыяльным выпадкам, пераклала на плечы мужа ганаровы абавязак наведвання бацькоўскіх сходаў спачатку малодшага сына (як жа я пайду ў школу, засмяюць жа “грамацейку”), потым – і старэйшага.

 У канцы 2021 года, пачаўшы пісаць творы на беларускай мове, я звярнулася да сыноў з просьбай прывезці з Баранавічаў усе руска-беларускія і беларуска-рускія слоўнікі. Па рэкамендацыі сястры, Таццяны Цыркуновай, аўтара беларускамоўнага паэтычнага зборніка “Нататкі сэрца і душы”, папрасіла старэйшага сына Дзяніса набыць сучасны “Вялікі руска-беларускі слоўнік” аўтараў Купрысь Паліны Дзмітрыеўны і Яндальцава Дзмітрыя Міхайлавіча, які ўключае больш за пяцьдзесят тысяч лексічных адзінак.

Сыны прывезлі ўсе запатрабаваныя слоўнікі, у тым ліку, два – аўтара Грабчыкава Сцяпана Мітрафанавіча.

Гэтымі трыма слоўнікамі я і карысталася, шукаючы ў іх словы, у дакладным перакладзе якіх на беларускую мову я сумнявалася.

Падчас працы я іншы раз звярталася да невялікага беларуска-рускага слоўніка, прызначанага вучням пачатковых класаў. У кнізе, аб’ёмам сто семдзесят пяць старонак, я зрэдку знаходзіла словы, якія адсутнічалі ў названых вышэй слоўніках.

Пасля чарговай знаходкі патрэбнага слова, я прынялася вывучаць даведачнае выданне ў чырвоным тонкім пераплёце – навучальны дапаможнік для пачатковых класаў.

Так, дадзеныя складальнікаў і навуковага рэдактара, доктара філалагічных навук П.П.Шуба, Мінскае выдавецтва “Народная асвета”, год выдання – 1994-ты.
У левым верхнім куце абароту тытульнага ліста – дароўны надпіс, выведзены каліграфічным дзіцячым почыркам: “Дарагой маме ад сына Паўліка”.

Паслужлівая памяць узнавіла падзеі амаль трыццацігадовай даўнасці: праверка выканання дамашняга задання ў сына-другакласніка; “высокая” ацэнка нашай сумеснай працы школьным настаўнікам; віншаванні мужам і сынамі гераіні ўрачыстасці ў Міжнародны жаночы дзень; кветкі; вырабы, зробленыя рукамі хлапчукоў і вонкава несамавітая кніга, з хітрай усмешкай падораная малодшым сынам.

Шчыра кажучы, я тады не надала значэння Пашынаму падарунку; у нашай сям’і кніга заўсёды была жаданым дарам.

А вось цяпер, адклаўшы выданне ў бок, у чарговы раз парадавалася за цудоўнае пачуццё гумару малодшага сына: амаль трыццаць гадоў таму ён паднёс мне “свежанькі”, толькі што выдадзены беларуска-рускі слоўнік для пачатковых класаў!

Маўляў, дарагая мама – “знаўца” беларускага пісьменства, пачынай вывучэнне роднай мовы з азоў!

P.S. У 1995 годзе быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум, які пацвердзіў неабходнасць забеспячэння права на выбар мовы навучання, гарантаванага Канстытуцыяй.


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Да, неудивительно, что родители уже не могут знать того, что и как сейчас преподается в школе. Мне тоже приходилось помогать и детям и внукам. В учебниках такие сложные, бывают, задания дают, что диву даешься. И сама, с высшим образованием, не знаешь, как помочь школьнику.
Я поразилась. В современных учебниках по русскому языку во втором классе отсутствует слово " упражнение". Все задания под номерами, как по математике.
Я пользуюсь переводчиком, и переводчик часто переводит с ошибками.
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   08.08.2023 09:51     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

К большому сожалению, советская система всестороннего высококачественного школьного образования, одна из лучших в мире, после распада Советского Союза постоянно "модернизировалась", что дало свои результаты, увы, плачевные.

Выпускники школ неплохо ориентируются в точных науках, а вот литература, история, география и другие гуманитарные дисциплины, за исключением, пожалуй, иностранных языков, не в почёте.

С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.

Нелли Фурс   08.08.2023 14:51   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.