З-пад каупака

Шкло было ўсюды. Спераду, ззаду, збоку.

Ён двойчы абмацаў кожны сантыметр – зверху данізу, колькі мог дацягнуцца. Дарэмна. Ані дзірачкі, ані шчылінкі: суцэльны празрысты цыліндр. Нібы яго накрыў шклянкай выпадковы мінак, які крочыў гэтай жа паркавай алеяй. У спешцы або па няўвазе – пераблытаўшы з мухай. Накрыў і забыўся.

І цяпер шкло было ўсюды. Спераду, ззаду, збоку. І зверху – можна не баяцца, што ліне дождж.

А звонку былі людзі.

Яны куплялі марозіва сабе і дзецям. Шчоўкаліся з белымі аблокамі салодкай ваты. Дымілі на пашарпаных лавачках развясёлым кагалам. А адзін, схіліўшы да мальберта сівую капітанскую бараду, спрытна акрэсліваў партрэты зацікаўленых.

Людзі. Такія жывыя, чароўныя. Такія блізкія. І – абсалютна недасяжныя.

Ён клікаў іх. Крычаў ім. Адбіў да крыві костачкі пальцаў, а пасля і кулакі, спрабуючы прыцягнуць увагу. Дарэмна. Каўпак не прапускаў гукаў. Ні туды, ні адтуль: ровары праносіліся без строкату спіц, людзі смяяліся аднымі абліччамі, а лопнуты шарык толькі абвісаў зморшчанай анучкай. Пад купалам вісела гулкая цішыня.

Позіркі саслізгвалі па шкле, не затрымліваліся на чалавечай постаці ўнутры. Можа, яно рабіла і нябачным?

Не. Убачыць мог кожны – пры жаданні. Вунь з пагардай выгнула вусны дзяўчына-падлетак: крывава-чырвоная сукенка, цёмныя косы падманлівымі ахайнымі каласочкамі, вусаты плячысты тата, падчэплены за руку.

Няпроста быць роўняй гэткаму тату, калі ўласныя твае нагавіцы і кашуля выцвілі на сонцы да невыразнага бруднага колеру (у такі мусяць фарбаваць турэмныя сцены). Паголеная галава падтрымлівае вобраз, абуджаючы пытанні без адказаў.

Ён не памятаў сябе да каўпака. Не памятаў адчування скуры іншага чалавека, якога не аддзяляла б шкляная мяжа. Не мог згадаць, як гучыць смех і ці ўтвараюць які-небудзь шум паркавыя клёны, калі вецер гайдае іх вершаліны. Які ён наогул – вецер?

А можа, каўпак быў заўсёды.


***

Стройны чатырохлапы цень прабег па пяску, і перад шклом спыніўся сабака. Напяўся, узняў уважлівыя карыя вочы. Не які-небудзь зацюканы дварняк – бела-чорны сетэр з паставай герцагскага выжла і дагледжанымі ачосамі. Белы Бім.

Аб чым гэтае слова – «Бім»?

Сетэр абнюхаў каўпак унізе і прайшоў колькі крокаў, даследуючы яго стык з зямлёй. На ашыйніку захістаўся металічны ромбік, нацягнуўся павадок. Зняволены стаіў дух, зачараваны цудам: ніводны чалавек не затрымаўся, дзяўчо ледзь павярнула галаву, а жывёла! сабака!..

Павадок нецярпліва тузанулі. Сетэр, чыркануўшы вушамі па пяску, адарваўся ад вывучэння празрыстай перашкоды і подбегам рушыў за парай туфляў на абцасах. На шкле раставаў след ад сабачага дыхання.

Што гэта, калі не падказка? Шкло ўсюды: спераду, ззаду, збоку. А знізу?

Не дадумаўшы, ён упаў на калені і кінуўся капаць. Рукамі разграбаў пясок, апантана драпаў зямлю, цвёрдую, як бяздушны асфальт. Трэба зрабіць лаз, толькі і ўсяго! Наўрад ці каўпак працягваецца да цэнтра Зямлі. Калі не шкадаваць рук, калі раскрышваць паверхню дарогі лапік за лапікам, то рана ці позна падкоп дазволіць...

Ён замёр, уткнуўшыся позіркам у ружовыя басаножкі. З таго боку. Маленечкія – такая пара змясцілася б у яго на далоні. І ён асцярожна разагнуў спіну над ледзь пачатым лазам, страсаючы з пальцаў пясчаныя крупінкі. (Якая непадатлівая глеба! Не заглыбіўся і на пару сантыметраў.)

А на ўзроўні твару – дзіцячы твар. Азадачана пашыраныя вочы, светлыя хвосцікі, ліловы зайчык пад пахай. Другая рука – у руцэ дарослай, пярсцёнкава-маршчыністай, чыя ўладальніца адвярнулася да шапіка з паветранымі шарамі.

Ён усміхнуўся, і ныццё абламаных пазногцяў адступіла на другі план. Як паразумецца? Згадаўшы сетэра, ён падыхаў на шкло і, калі тое запацела, няўмела намаляваў рамонак. Круглая сярэдзінка і сем пялёсткаў.

Малая тут жа накрыла выяву далонню, упусціўшы пад ногі зайчыка. З недаверам пашморгала пяцярнёй сюды-туды: не адціраецца! У чым падман?

Дзіцячыя пальчыкі аднялі ад шкла, уклалі ў іх нітку нябесна-блакітнага шара і схіліліся падабраць цацку. Шар хіснуўся ад ветру, нітка вольналюбіва заслізгала... Трымай жа! Позна: падарунак коціцца прэч.

Матлянуліся хвосцікі – малая ў спалоху павярнула галаву. Не, стой, толькі не ты! Калі ласка! Ён усхапіўся на ногі, ды яна не бачыла. Ружовыя басаножкі таропка тупалі за шарам, які падскокваў, і куляўся, і імкнуў у невядомасць, запарушаны дарожным пылам.

Намаляваны рамонак растаў, а на шкле па той бок засталіся шакаладныя разводы.

Да-рэм-на... Ілбом, далонямі, усім целам прыціснуўся ён да бязлітаснай паверхні, распластаўся па ёй, нібы намагаўся прайсці наскрозь. Калі сышоў сетэр, не было так блага. Цяпер жа хацелася спаўзці на зямлю і не варушыць нават зрэнкамі. Безвыходнасць, бессэнсоўнасць, бяссілле.

Няхай бы ёй ніколі не давялося надзець крывавую сукенку.

Чаму шкло ўсюды: спераду, ззаду, збоку? Чаму ў кожнага нехта ёсць, а ўсё, што застаецца яму, – узірацца ў расплывісты купал неба? У гэтай малой ёсць бабуля і зайчык. У фанабэрлівай дзяўчыны – тата з вусамі. У сетэра – гаспадыня на абцасах, прывязаная павадком. А вунь той маладзён у жоўтай байцы нічога вакол не заўважае, бо калупаецца ў матацыкле...

Злосць неспадзявана ўскіпела ў грудзях, забруіла ў мышцах. Ён з нянавісцю налёг на шкло – як яму здавалася, адзінае, што перашкаджала з’яднацца з усімі. А валасы, адзенне... Што адзенне! Не будзь чортава шкла, ён даўно крыкнуў бы, як хоча лічыцца сярод іх сваім. Тады яны маглі б чуць яго – так, чуць, а не толькі бачыць! І, канешне, пачулі б!..

Шкло паддалося пад ціскам, і ён ад нечаканкі хіснуўся. Не проста шкло – увесь каўпак зрушыўся з месца. Прапоўз трохі па дарозе і, варта было адсунуць рукі, застыў, ізноў прыкідваючыся маналітнай сцяной. Але насамрэч... насамрэч яго можна было штурхаць!

Што будзеш ты рабіць, муха, паланёная шклянкай?

У яго целе быццам уключылася тактыльная адчувальнасць. Яе адсутнасці немагчыма было заўважыць, зусім як адсутнасці ветру, калі ён ні разу ў жыцці не кранаўся скуры. Скура... У галаву пячэ сонца. Вочы слязяцца ад ззяння каўпака. Казытліва сцякае па спіне пот, перш чым усмактацца ў перапляценне ніцей кашулі. Вабная прахалода абвявае босыя ногі.

Прахалода? Вецер?.. Значыць, існуе зазор! Іначай шкло запацела б, а паветра скончылася. Пад каўпаком жа хоць і душнавата, але цярпіма. А яшчэ (як позна прыйшла гэтая думка!) унізе, пакуль ён капаў, лёгкія напаўняліся з меншай напругай.

«Нагрэтае паветра лягчэйшае за халоднае і таму паднімаецца ўверх». Хто так напісаў?..


***

Шкло было ўсюды, і гэтае шкло рухалася. Мусіць, вар’яцкая была карціна. Першым паўзе па дарозе доўгі вечаровы цень – вычварны, непазнавальны. За ім штуршкамі прасоўваецца празрыстая пасудзіна, якую пхае знутры абарваная чалавечая постаць. Меркавана, мужчынская. Пасудзіна заграбае пясок і раз за разам храсне, але постаць упарта налягае плячом – і зрушвае пастку з месца.

Куды вядзе гэты шлях? Ці мае ён сэнс? Якая розніца, у які бок штурхаеш свой лёс, калі пры тым застаешся ў палоне?

Можа, рана ці позна трапіцца адчынены люк. Хаця сыходзіць уверх было б куды прыемней, чым уніз.

Уніз ён і глядзеў. Пад ногі. Босыя, у пыле, чамусьці з чуйнымі, не загрубелымі ступнямі – кожны дробны каменьчык упіваўся як канцылярская кнопка. А людзі перасталі яго цікавіць. Ён нават пазбягаў іх разглядваць, каб не сканцэнтраваць позірк на кім-небудзь адным. Каб не прывязаць позіркам, як павадком, сябе да яго. Каб не ўваскрэслі спадзевы. Дарэмныя.

Яго без цяжкасцей абагнаў сутулы хлопец: у руках – тэлефон, у вушах – слухаўкі, у вачах – ззяючы экран. Нават не азірнуўся. Толькі па шкле рвана скрыгатнула «сабачка» заплечніка.

Вось ён – першы гук з волі... які не нясе ў сабе вызваленне. Нічога не нясе. Проста напамін: нясі свой крыж у адзіночку.

Ад гэтай думкі больш не разрасталася ў грудзях чорная дзірка адзіноты. Думка вымярзала ў лядзяк. І тым больш цвярдзела і халаднела, чым гарачэйшым рабіўся твар ад прыкладзеных намаганняў.

Не трэба. Ад вас. Дапамогі.

Сябе. Уратую. Сам.

Не трэба. Ад вас. Дапамогі.

Сябе. Уратую...

Дзын-н-н-ннннннн!..

Ён не пачуў гэты гук – ён адчуў яго. Прыціснутымі да шкла далонямі, валаскамі на перадплеччах, зрэнкамі. Працяглая, тонкая, крыштальная нейкая вібрацыя прасякнула загусцелае паветра пад каўпаком.

Шкло датыкалася да шкла. Вібрацыю нарадзіў не каўпак – іншая пасудзіна, якая ўзвышалася насупраць на доўгай ножцы. Ваза? Чарка? Келіх?.. Вытанчанасць, акруглыя формы і празрыста-ззяйкія сценкі – залішне святочна для парку. Вакол камянямі выкладзена сімвалічная агароджа, як для кветніка. Жоўты, чорны, жоўты, і так па акружнасці. Бы нешта аб радыяцыйнай бяспецы.

Але камяні ён разгледзеў пасля. Бо на дне келіха – два метры над паверхняй зямлі – эмбрыёнам скруцілася хударлявая гнуткая постаць. Меркавана, жаночая.

Майка і шорты, выбеленыя сонцам. Няроўна абскубаныя рудаватыя пасмы. Босыя, як у яго, ступні. Вушы сутаргава заціснуты абедзвюма рукамі ў пальчатках без пальцаў, а галава ўткнута ў калені.

Хаваюся. Не бачу, не чую, не адчуваю. Мяне няма. Не чапайце мяне.

Як у гэта паверыць? Усе шляхі адкрытыя. Вецер. Гукі. Пахі. Ніякай столі, акрамя неба – вызалачаны захадам блакіт, не скажоны купалам. Калі ўстаць ва ўвесь рост, лёгка перамахнеш цераз край келіха. Не трэба ні падкопваць, ні штурхаць, ні клікаць...

Збянтэжанасць. Сумневы.

Цяпер лета, гэта добра. Прыйдзе ж восень – знікне сонца, і дажджы напоўняць келіх. Пад каўпаком хаця б не вымачыць, не прадзьме – цалкам можна жыць, калі, дапусцім, перадумае ён рухацца-змагацца... А колькі працягнеш, трымаючы ізаляцыю на донцы?

Адзенне для восені зусім лёгкае. На паясніцы, дзе майка злучаецца з шортамі, бялее палоска скуры.

Ізаляцыя – памылка, а не выйсце.

Бо выйсце – выйсці!

– Гэй, дапамога не трэба? Гэй! Чуеш?

Яна не чула. Вядома ж. Але гэта не было нагодай спыняцца.

– Можа, табе там і ў самы раз, а ўсё ж выглядае не надта, – ён налёг на сценку, спрабуючы зрушыць каўпак і разам з ім келіх. Дарэмна. – У-уф... Прынамсі, мне... у маім вырабе... не жыццё... Вылез бы, каб мог. У выпадку чаго... і цябе выцягну... уніз спушчу... Уф! Калі надумаеш.

Ён пыхкаў, напіраў на шкло, якое туманілася ад гарачых дотыкаў, але келіх не паддаваўся. Двайнога цяжару было замнога.

– Цьфу, дурноцце... Згадзіся: сам вязень, а ратаваць сунецца! Лепш бы сваё... для пачатку вырашыў... уф... а потым да іншых прыкалупваўся...

Ён прыхіліўся плячом і скронню, пераводзячы дух. Перад вачыма мітусіліся чорныя кропачкі, эмбрыён не варушыўся.

– Проста адной наўрад ці добра – я так мяркую. Нават калі чуваць усіх... Гэта ж яшчэ горш – калі чуваць. Бо не з’яднацца.

Памацаўшы пухлінкі на далонях, якія – яму аднекуль было вядома – неўзабаве зробяцца мазалямі, ён зрабіў яшчэ адну спробу. Надзейней упёрся ступнямі ў зямлю, набраў паветра.

– Ану – р-р-раз!.. Мне, зрэшты... розніцы ніякай... Хоць вылазь, хоць ляжы. Уф-ф. Я дасюль... пра сябе толькі думаў... Пра сваю, гэтую... абдзеленасць. Што яна ў мяне аднаго. Ну й магу працягваць думаць. Але яшчэ крыху... ведаеш... паштурхаю... Бо неспакой у мяне... цяпер... уф... і пра сябе самога... і пра цябе.

Крак!..


***

Шкло было ўсюды. Вакол іх, на іх, пад імі. Толькі што яно здавалася маналітным, аднак лёгка рассыпалася на аскепкі – ён, распасцёрты на жываце, адчуваў іх, маленечкія і колкія. Шыяй за каўняром, грудзямі, лапаткамі скрозь «турэмнае» адзенне.

А пад шчакой казыталіся  н е й м а в е р н ы я  прахалодна-свежыя травінкі, якія
 н е п а р а ў н а л ь н а  шапацелі на ветрыку.

Гукі вярнуліся. Менавіта вярнуліся, а не прыйшлі ўпершыню: ён пазнаў іх. Вечаровы посвіст птушак, што імкліва праносяцца ў небе над паркам. Шурханне, з якім коціць дзіцячы вазок. Захоплены рознагалосы віскат зводдаль, таксама дзіцячы. Строкат ровараў – так, так, ён існуе! Як і задумлівы лопат клёнаў пры дарозе.

Пакуль ён узіраўся ў мураша, які ля твару поўз уверх па травінцы, прыйшло разуменне, што чуць ён чуе, а вось бачыць... трохі расплывіста. І дасюль не заўважаў гэтага. Не здагадваўся, што прытупленыя пачуцці бываюць поўнымі. Ён міргнуў, дзівячыся самому сабе, а памятлівая рука знайшла ацалелыя акуляры, што былі запраўлены за каўнер. Таксама шкло... замест панішчанага. І рэчаіснасць застракацела найдрабнейшымі драбніцамі – яе, падрабязную, хацелася разглядваць ва ўсе вочы.

Ён пацягнуўся быў да акуляраў, каб садзьмуць парушынкі, як раптам цяжар на лапатках – які, аказваецца, быў – тузануўся і знік: былая вязніца адсунула нагу. Худая, прыгорбленая і, па ўсім відаць, высокая, яна скурчылася ў велічэзным аскепку келіха, як птушаня ў шалупайцы яйка, абаронча абхапіўшы галаву. Пакрысе, рух за рухам аднімаючы рукі, яна хапала ротам паветра, нібы апынулася ў чужароднай атмасферы з недахопам кіслароду. (Атмасфера? Кісларод?)

Сутарга прабегла па яе целе, і позірк сфакусаваўся на суседзе.

– Ты! Т-ты! Доўбень! Што ты ўтварыў? У цябе шарыкі за ролікі заехалі?! – хрыпла выгукнула яна. Уздрыгвалі абкусаныя вусны, ноздры шалёна раздзімаліся – акуляры адкрылі яму малапрыкметную міміку, і гэта было феерычна. – Прасіў цябе хто-небудзь, га? Прасіў?! Я ж цяпер... я не змагу!..

Яна ліхаманкава намацала бліжэйшы кавалак шкла, прыўзняла, выпусціла. Пацягнулася па іншы, нібы жадаючы сабраць «яйка» наноў. У адрозненне ад каўпака, які раскалоўся на малыя, з пазногаць, аскепкі насуперак усім законам фізікі (?..), келіх з такімі ж тоўстымі сценкамі распаўся на буйныя «пялёсткі». Шкляная ножка пераламалася ў трох месцах і ўтварыла доўгія празрыстыя цыліндры – няўцямнага паходжання для выпадковых мінакоў.

– Яшчэ скажы: незнарок! Скажы: не хацеў! – выплюнула яна, агрэсіяй маскіруючы надломы ў голасе.

– Знарок. Хацеў, – блазнаватая шчаслівая ўсмешка расцягнула яго вусны. Рассечаная скула заныла, тонка і вільготна, ды сцішылася пад лагодным павевам ветру.

Так  ч а р о ў н а, калі з табой размаўляюць.

Ён апасліва прыўзняўся на траве і павёў плячыма, даючы саслізнуць аскепкам.

– А... чаго хацела б ты?

Яна з гырканнем адшпурнула шкло, і яно разляцелася на драбніцы, трапіўшы ў стволік маладога клёна. Нелагічна, ненавукова. Але эфектна. А яна села ў «шалупайцы» па-турэцку і, стогнучы, схавала твар у далонях.

– А што цяпер хацець... Канапак з маслам! І сыру наверх. І пабольш!

Яе ўскалмачаныя валасы залаціліся на сонцы і больш не здаваліся абскубанымі. Фрызура і фрызура. Яшчэ і не з шараговых. А майка чамусьці аказалася ярка-апельсінавага колеру.

– З... гарбатай? – машынальна спытаў ён.

І ўслед за словам, што аднекуль узнікла на языку, прыйшоў смак крэпкай вадкасці з цукрам і лімонам, а яшчэ – гарачай пары на твары, а затым – пякоты кубка, якім грэеш далоні. У рэшце рэшт дакорліва забурчала ў жываце.

«Я... хачу... есці?»

– Ды хоць з кіпнем, абы сагрэцца! – яна, хмурачыся, зябка павяла плячыма, і над выразам майкі варухнуліся кашчавыя ключыцы. – Дарэчы, ты так зграбна падаў, што падраў кашулю, – яна бесцырымонна тыцнула цвёрдым пальцам ва ўласную яго ключыцу, дзе каўнер сапраўды разышоўся.

Збіты з тропу дотыкам скуры да скуры, ён прасачыў за яе рукой, а пасля ўтаропіўся ў свае сінія джынсы, якія з’явіліся заместа змрочных «турэмных» нагавіц.

А можа, джынсы былі заўсёды?

– Не, ну чаго яны зенкі вылупілі? – успыхнула яна неспадзявана. – Бачыш вунь тых дваіх?

Ён паправіў акуляры: на тым баку паркавай дарогі колішні тата з вусамі гайдаў на арэлях крывавасукенкавую дачку. Абое касіліся ў іх бок з пачуццём гідлівай паблажлівасці.

– Па-мойму, нас прымаюць за пацыентаў вар’ятні, – схаваўшы позірк, прамармытаў ён.

Яна тым часам цягнулася залізаць свежую драпіну блізу локця, але не даставала. Выпрастаўшыся, прыжмурыла вочы ў роздуме.

– А па-мойму, нічым мы не горшыя! – упэўнена заявіла яна і нецярпліва ўсхапілася на доўгія танклявыя ногі. Быццам не яе нядаўна ў літаральным сэнсе выкінулі ў чалавечы свет. Яна прыходзіла ў сябе так хутка, што ён не паспяваў дзівіцца зменам. – Ты толькі зірні на іх рукі!

І ён таксама прыкмеціў, хоць і не адразу. На той руцэ, якою тата гайдаў, былі зашчоўкнуты кайданкі – металічным ланцугом злучалі яго запясце з даччыным. Падавалася, ланцуг яны не заўважалі і пачуваліся зручна. Хто з дваіх яго прыдумаў?

А крыху далей... далей сядзеў на спінцы лавачкі нядаўні хлопец у слухаўках, які не бачыў нічога, акрамя тэлефона. Ззяючы экран утвараў вакол яго галавы нешта кшталту гумавай бурбалкі, якая дазваляла перасоўвацца, але цалкам заглушала вонкавыя гукі.

Як каўпак.

Вераб’і, цудоўныя жывыя вераб’і пругкімі шарыкамі падскоквалі да яго забытага пакета чыпсаў і смела цягалі крошкі. А ён не бачыў вераб’ёў, не чуў знешняе, не адчуваў, што сутуліцца спіна і, можа быць, зацяклі ногі. Ён існаваў унутры.

Яшчэ далей сівы мастак збіраў мастакоўскія прылады, каб вярнуцца на наступны дзень і зноў маляваць мінакоў. Ссунуўшы ўбок капітанскую бараду, ён укладваў фарбы і пэндзлі наўпрост у сярэдзіну грудзей – туды, дзе самотныя людзі маюць пустое месца. Нікім не занятае.

Пачулася роўнае вуркатанне, затым гучна зароў матор – і па дарозе ліха прамчаўся матацыкл. Знаёмы маладзён у жоўтай байцы, што наладзіў і асядлаў яго, прыветна памахаў былым вязням келіха і каўпака. Апошні па інерцыі ўзняў руку ў адказ, а сам вытарашчыўся на добрыя два дзясяткі адтулін, падобных на кулявыя, што ўсюды прадзіравілі байку, а з ёю і цела. Матацыкліст быў безумоўна жывы, а скрозь адтуліны безумоўна праглядаў парк.

Шкла не было, а раны былі. Бачныя і нябачныя. І былі  в а  ў с і х.

А вызваліцца са шклянога палону, зразумеў ён раптам, атрымалася толькі прыраўняўшы сябе да людзей, а людзей да сябе. Замест таго каб адчуваць сваю асобу больш нікчэмнай за асобу сетэра.

І ўсе-ўсе намаганні былі нарэшце не дарэмныя.

Яна ўдзячна свіснула ўслед матацыклу ды засмяялася – і азартна, і спачувальна. Пасля чаго асэнсавана сунула руку ў кішэню, дастала ключы і доўга разглядвала іх на далоні, зацягнутай у пальчатку. Павярнуўшыся да яго, з вінаватай, але і гарэзлівай усмешкай прызналася:

– А я... хм... я забыла, дзе прыпаркавала машыну. Дапаможаш?


12.08.2021–23.09.2022


Рецензии