Першы ганарар

Першы ганарар

Ля вытокаў руху юных натуралістаў у Расіі стаялі старшыня Сакольніцкай раённай рады працоўных і салдацкіх дэпутатаў Масквы, дзіцячы лекар Іван Васільевіч Рудакоў і настаўнік біялогіі Барыс Васільевіч Усесвяцкі.

У 1918 годзе першая біялагічная станцыя была адкрыта ў маскоўскіх Сакольніках; яна насіла назву “Станцыя юных аматараў прыроды”. Асноўнай мэтай заняткаў было паказаць хлопцам і дзяўчатам прыгажосць навакольнага свету, абудзіць цікавасць і любоў да вывучэння прыроды краіны. Праз год ужо дзейнічалі чатыры гурткі юных натуралістаў: птушкалюбаў, вадалюбаў, звералюбаў і батанікаў.

Неўзабаве пры станцыі адкрылася школа-калонія для дзяцей, чые бацькі ваявалі на франтах Грамадзянскай вайны. Для іншых хлопчыкаў і дзяўчат неабходна было прайсці месячнае выпрабаванне, пасля чаго прымалася рашэнне аб залічэнні. Пазней станцыя была перайменаваная ў “Цэнтральную біястанцыю юных натуралістаў”, а на тэрыторыі Савецкага Саюза пачалі адкрывацца філіялы арганізацыі.

У халодную пару года дзеці займаліся ў майстэрнях, рабілі шпакоўні, сінічнікі і дуплянкі. Увесну пачыналася падрыхтоўка расады, а затым – праца ў садзе і агародзе. За кожнай групай гуртка замацоўваўся ўчастак зямлі для правядзення агранамічных доследаў.

У сваёй працы юннаты кіраваліся васьмю асноўнымі запаведзямі, якія нацэльвалі даследчыкаў назіраць за навакольным светам, запісваць, замалёўваць (калі магчыма) і ўказваць месца, час і ўмовы сваіх назіранняў. Юннату прадпісвалася быць бесстароннім і праўдзівым, не рабіць паспешных высноў, не праверыўшы іх шматразовым паўтарэннем і, калі магчыма, старанна пастаўленым досведам. І, вядома, паведамляць “…у свой гурток і на Біястанцыю юных натуралістаў, каб яны прынеслі карысць агульнай працы”.

Гісторыя юннацкага руху на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пачалася ў 1918 годзе, калі ў Кармянскім раёне Гомельшчыны, на базе Ліцвінавіцкай школы-камуны, былі арганізаваны гурткі пад кіраўніцтвам П.Ляпяшынскага.

У Заходней Беларусі рух юннатаў пачаўся толькі пасля  Вялікай Айчыннай вайны – Брэсцкая абласная станцыя юных натуралістаў была створана ў лістападзе 1947 года; паступова да даследчага напрамку занятасці дзяцей далучаліся і іншыя раёны вобласці.

За даўнасцю гадоў не ўзгадаю, з якога класа пачыналася далучэнне вучняў Целяханскай сярэдняй школы да даследвання навакольнага свету, хутчэй за ўсё, з пятага.

Грамадска карысная праца мела земляробчае накіраванне. Ранняй вясной навучэнцы сеялі ў кветкавыя гаршчкі расаду цеплалюбівых раслін, якую пасля высаджвалі ў парнікі. З надыходам цяпла на прышкольнай тэрыторыі кожнаму класу выдзяляліся зямельныя ўчасткі для працягу справы савецкага селекцыянера Івана Уладзіміравіча Мічурына.

Да наступлення летніх канікул градкі засяваліся агародніннымі, палявымі, лекавымі і кветкава-дэкаратыўнымі культурамі; на апошнім у навучальным годзе ўроку біялогіі да школьнікаў даводзілася інфармацыя аб колькасці гадзін, якія кожны навучэнец павінен адпрацаваць на прышкольным участку падчас летніх канікул.

Не ўзгадаю захаплення аднакласнікаў пры абвяшчэнні загада дырэктара школы, аднак выбару не было – трэба! (Нядаўна адна знаёмая мне расказала, што адміністрацыя школы адмовілася прымаць яе ў дзявяты клас пасля няўдалай спробы паступлення ў тэхнікум – у магчымай навучэнкі сярэдняй спецыяльнай установы не былі выпрацаваны “працадні”!).

Я пачынала адпрацоўку практыкі з першага ж дня летніх канікулаў. Не, не працавітасць падштурхоўвала мяне – хацелася хутчэй пакончыць з “працоўнай павіннасцю”!

Было некалькі прычын хутчэй завяршыць школьна-вытворчыя справы. Па-першае, сваёй чаргі чакаў немалы прысядзібны ўчастак і дзялянкі бульбы ў полі, якія таксама маюць патрэбу ў апрацоўцы. Па-другое, не за гарамі збор чарніцы, здача якой нарыхтоўшчыкам – вялікая матэрыяльная падмога для нашай шматдзетнай сям’і. Па-трэцяе, у старэйшых класах – дапамога бацьку ў нарыхтоўцы сена. І, па-чацвёртае – Агінскі канал, а ў падлеткавым узросце – Вулькаўскае возера, чакаюць не дачакаюцца!

А пра гульні з аднагодкамі, чытанне кніг, збор грыбоў і казаць не даводзіцца!
У апошней чвэрці сёмага класа настаўнік біялогіі прызначыў мяне “звеннявой” па вырошчванні травяністых раслін сямейства гарбузовых – кабачкоў. “Звяно” складалася з аднаго чалавека – мяне. Месца для пасадкі было выдзелена на краі школьнага агарода: у выпадку разрастання пляцістых гатункаў сцябло кабачка, якое сцелецца, зможа зачапіцца за агароджу.

У канцы траўня я высадзіла ў адкрыты грунт папярэдне замочанае насенне кабачкоў; прыкладна праз тыдзень яны ўзышлі. Яшчэ тыдзень, працуючы на праполцы плантацый грамадскай бульбы, я любавалася маладзенькімі раслінамі, палівала іх і рыхліла глебу ў міжраддзях.

 Адпрацаваўшы абазначаные ў загадзе “прыродазнаўчыя” гадзіны, я забылася і аб кабачках, і аб маёй “высокай” пасадзе “звеннявой”, і аб прышкольным участку! Першую групу “аграрыяў-адпрацоўшчыкаў” змяніла другая, другую – трэцяя і гэтак далей.

Некалькі разоў за лета, абменьваючы ў школьнай бібліятэцы мастацкую літаратуру, я забягала на даследчы ўчастак зірнуць на маіх падапечных – кабачкі раслі і назапашвалі вітаміны.

Перад пачаткам навучальнага года я зайшла на паддоследны ўчастак. Разрослае бацвінне кабачкоў не давала ніводнага шансу для росту пустазелля; прыпадняўшы лісце раслін, я ўбачыла гародніну вялікіх памераў.

У канцы верасня адбылося традыцыйнае “Свята ўраджаю”. Адным з экспанатаў школьнай выставы дасягненняў юных селекцыянераў быў “мой” кабачок вагой сем кілаграмаў.

Падводзячы вынікі сельскагаспадарчага года, дырэктар школы адзначыў лепшых навучэнцаў-“аграномаў” і ўзнагародзіў кнігамі перадавікоў-“аграрыяў”; у іх ліку была і я.

Пасля заканчэння ўрачыстай часткі вечара да мяне падышоў класны кіраўнік Аляксей Канстанцінавіч Сідзюк і прапанаваў напісаць кароткі артыкул аб “Свяце ўраджаю” у школьную насценгазету, што я і зрабіла.

Неўзабаве мая нататка аб сельскагаспадарчых дасягненнях целяханскіх школьнікаў была надрукаваная ў Івацэвіцкай раённай газеце “Сцяг камунізму”; як выявілася, туды яе адправіў Аляксей Канстанцінавіч.

У дзень выхаду газеты я была “героем дня”: нячаста ў сродках масавай інфармацыі друкуюць сачыненні юных карэспандэнтаў!

Праз тыдзень у паштовай скрыні, разам з вялікай колькасцю перыядычных выданняў, якія выпісваліся нашай сям’ёй, я выявіла “Паведамленне аб паштовым пераводзе” на маё імя. Рэдакцыя газеты “Сцяг камунізму” ацаніла маю “журналісцкую” працу ў дзевяноста восем капеек.

У мяне не атрымалася папоўніць бюджэт нашай “ячэйкі грамадства” сваім “унёскам”. Мама, сямейны “міністр фінансаў”, адмовілася ад прапанаваных мною грошай, па-філасофску заўважыўшы:

– Гэта твой першы ганарар, выкарыстоўвай яго па сваім меркаванні.

Я паслухала параду мамы і купіла сабе штучныя перлавыя кліпсы, у якіх фарсіла на школьных, а потым і на інстытуцкіх вечарах.

Прайшло больш за пяцьдзесят гадоў. З прычыны эпідэміялагічнай сітуацыі, якая склалася ў апошнія гады, мы з мужам пераехалі з горада Баранавічы на маю малую Радзіму, гарадскі посёлак Целяханы, што на Брэстчыне.

22 чэрвеня 2021 года а чацвёртай гадзіне раніцы каля абеліска Брацкай магілы была праведзена агульнараённая акцыя “Запалім свечку памяці”, прысвечаная Дню памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і васьмідзесяцігоддзю яе пачатку. З’яўляючыся ўдзельніцай мерапрыемства, я напісала ў раённую газету “Івацэвіцкі веснік” (так зараз называецца выданне) пра сваі ураджанні аб праведзенай акцыі; маю кароткую нататку апублікавалі ў бліжэйшым нумары газеты.

Неўзабаве ад рэдакцыі “Весніка” прыйшло паведамленне аб паштовым пераводзе на суму трынаццаць рублёў дзевяноста сем капеек. Атрымаўшы “пісьменніцкія” грошы, я падумала:

– Узрасла, аднак, за пяцьдзесят гадоў аплата працы “пісак”! У пачатку сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя мая нататка прыкладна такога ж аб’ёму была ацэнена рэдакцыяй амаль у адзін даляр ЗША. А зараз – аж пяць з паловай даляраў!

Задумаўшыся, я і не заўважыла, як зайшла ў краму галантарэйных вырабаў. “Ногі самі паняслі”, – вырашыла я і накіравалася да аддзела біжутэрыі. Вывучаючы асартымент, прыцанілася да ўпрыгожванняў.

Майго ганарару хапіла б прыкладна на паўтары кліпсы: кошт сучасных фінціфлюшак быў не менш за пятнаццаць беларускіх рублёў.


Рецензии
Вечера доброго Вам, уважаемая Нелли!

Знаете, вспоминая свое школьное прошлое, волей-неволей задумываешься над тем, как умели в те времена организовывать детей. С одной стороны, вроде бы общественно-полезная работа, с другой стороны, подростки при деле, да еще и имеют возможность немного заработать. Причем заработать совершенно официально, и исключительно в рамках законодательства. Поди плохо - в таком возрасте заработать на карманные расходы, да при том еще и принести пользу.
Повторюсь, но умели во времена СССР работать с подрастающим поколением, хотя порой мы и роптали иногда, но получив на руки энную сумму, настроение-то, как-то повышалось.)
А первый собственные деньги - они всегда запоминаются на всю оставшуюся жизнь.

С глубочайшим уважением и самыми добрыми пожеланиями,

Сергей Макаров Юс   10.12.2022 19:45     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемый Сергей!

Искренне благодарю за отзыв!

Трудно с Вами не согласиться: наличие карманных денег словно повышало статус подростка. Пятьдесят советских копеек - это богатство, а рубль - целое состояние!

И потом, десятилетиями были стабильными цены и до сих пор наше поколение прекрасно помнит стоимость самых ходовых продовольственных товаров.

С самыми добрыми и искренними пожеланиями.

Нелли Фурс   11.12.2022 14:54   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.