Раздзел 14. 08-08-2024

...у якім чуйнасць бярэ верх над напорам



Чаго Глеб цярпець не мог, дык гэта безрабоцця. Час, праведзены больш чым у трох метрах ад самалёта, лічыўся бескарысным, а бяздзейнасць на працягу трох хвілін прыраўноўвалася да гультайства. І кусала, драла знутры, гонячы шукаць хоць які занятак.

Толькі задумацца: камандзір з намеснікам сарваліся на разведку, а яму пільнаваць чародку ахламонаў. Ды куды як лепш было б падняцца ў паветра самому, хоць і ў трэці раз! Усё роўна Глеб хутчэй адкусіў бы сабе язык, чым назваў папярэдні вылет удалым.

Быў і другі горача нелюбімы пункт. Ён напрамую вынікаў з першага, але тычыўся не самога Глеба, а ўсіх, хто ў сакраментальны час аказваўся поруч. Цяпер жа поруч была эскадрылля: ён прадбачліва сабраў паднаглядных ля сябе, нібы квактуха куранят.

– Няма сэнсу нагадваць, што лётчык-знішчальнік, які плануе дажыць да заўтра, перш-наперш павінен вынішчыць у сабе разгільдзяйства! Пастаянная гатоўнасць да адпачынку расслабляе, прытупляе пільнасць. З-за таго не так проста вярнуцца ў стан боегатоўнасці. Таму лепей не сыходзіць з яго зусім – прынамсі надоўга. А для гэтага кожную вольную хвіліну займаць справай!

Было б няблага адрасаваць лекцыю Лідзе, але якраз яе Глеб не вылавіў. Ён не здагадваўся пакуль, што яму і Слаўку патэнцыйна пагражае раздзяленне, а ўсё ж адсутнасць гэтай выскачкі яго, прызнацца, парадавала. Ім і так прыйшлося вярнуцца да стала, яшчэ засланага абрусам – канцы звешваліся да таго нізка, што, пераступаючы цераз лаўку, можна было мазнуць па тканіне падэшвай. Месца дыслакацыі Глеб з задавальненнем змяніў бы: надта свежым быў успамін пра фіяска з насценгазетай. Аднак хіба гэта навучанне, калі слухачам дазволена разваліцца на траўцы, замест таго каб культурна знемагаць за “партай”?

А тая Жучка яшчэ пакеплівае з яго інструктарскай працы. Ды тут толькі тым і займаешся, што настаўляеш маладых ды нядбайных!

– Зразумела, справа пойдзе не якая заўгодна! – Глеб, які так і не прымусіў сябе ўсесціся, праходжваўся ўздоўж стала, аўтаматычна вымяраючы кожным крокам паўметра. – У ідэале вы павінны адпрацаваць навык-другі, карысны ў палёце. Наўрад ці самі па сабе ашчаслівяць вас зрокавая памяць, вакамер, адчуванне прасторы... Зрэшты, чаго я распінаюся? Група ў нас тут зборная па ўменнях, мусілі засвоіць хоць як. Але гэта не значыць, што адзін раз налаўчыліся, а далей можна сапці між вылетамі ў хмызах... Ёсць у каго запалкі?

– У мяне! – мігам азваўся Слаўка і, памацаўшы па кішэнях, перакінуў яму карабок.

Закурваць Глеб не збіраўся, для гэтага ў яго мелася запальніца. Карабок ён шпурнуў на стальніцу падалей ад усіх, і той, гайдануўшыся на вузкай грані, ляпнуўся плазам.

– Волкаў, колькі ад таго краю стала да карабка? Адлегласць!

– Метры два будзе, – прабубніў Коля, неахвотна адарваўшыся ад халаднаватага абеду, з якім урэшце з’яднаўся пасля вяртання з санчасці. На пераноссі ў яго красаваўся пластыр, маскіруючы (або выпінаючы?) самае яркае сённяшняе дасягненне. – Што, не?

Саша Гнядых адсачыў месцазнаходжанне карабка, пакасіўся на Глеба і з нязменным выразам твару ўтаропіўся ў абрус.

“І не прыкідвайся, нібы не выслухваў варыяцыі на тэму разоў сто пяцьдзясят! – тут жа ўсхадзіўся Глеб. Вось ён, трэці раздражняльны фактар! – Мог бы цяпер вяшчаць замест мяне, але мы ж вышэйшыя за гэта! Зробім выгляд, што яшчэ ёсць што матаць на вус...”

Лютуючы, Глеб неяк выпусціў з-пад увагі, што сам падкрэсліў важнасць трэніровак незалежна ад досведу. Ён, чалавек рэзкі, імпульсіўны, арганічна не выносіў стрыманасці, узведзенай у куб (Дубоўка не ў лік), таму дагадзіць яму было вох як складана.

– Яшчэ версіі? Міхалёнак! – Глеб крута развярнуўся да новай ахвяры.

– Два метры. І дваццаць сантыметраў! – безапеляцыйна абвясціў Ігнат.

Арцём, прыкусіўшы губу, прыглядаўся да карабка з асцярогай юнага натураліста, які падазрае ўнутры чмяля. Выказвацца апошнім, тым больш пад гэтым скальпельным позіркам, тым больш пасля Ігната...

– Два дваццаць пяць, – рызыкнуў ён.

Глеб на ўсякі выпадак прабегся пальцамі па краі стала і скрозь абрус намацаў шчарбінку, якая, як ён ведаў, адзначала роўна два метры.

– У яблычак, – нехаця прызнаў ён. – Малодшы лейтэнант Варонін намуштраваны лепш за ўсіх. І гіпатэтычна не будзе мець праблем з пасадкай.

Перасягнуты Ігнат так і анямеў. Аднак для Колі, якому перашкодзілі засяродзіцца на ежы, дабіцца праўды было справай гонару.

– Арцём сядзіць бліжэй і бачыць пад іншым вуглом! А калі б усе ў адных умовах... Ды хто мы – снайперы? Да сантыметра ўгадваць!

– Я і бачу: снайпер тут і побач не прапаўзаў. Нават ганаровая налепка прысуджана, – працадзіў Глеб, якому рэзаў вока чужы пластыр, зароблены без аніякай сувязі з баявой працай. – Нічога, наступнае практыкаванне правядзем у дыяпазоне не двух метраў, а двухсот.

І ледзьве адвярнуўся, як з боку стала данёсся няпэўны гук. Чмыханне? Хмыканне?

Аказалася дастаткова.

– Раскоша якая! Пасесці на лаўкі, шчаку падперці, з тэорыйкай азнаёміцца! – Глеб парывіста налёг на стальніцу, і карабок апынуўся ў пляме кароткага паўднёвага ценю, які ўпаў амаль вертыкальна. Так няспрытную мышку накрывае змрок ад драпежных крылаў. – Та ў пекла тэорыю, у наш час прынята асвойвацца ў працэсе! Зарыентуешся – жыць будзеш, а не – туды табе і дарога. Уся навука, больш не трэба! Або круціся, або...

І з сілай прыбіў карабок да стала, аж бразнула лыжка ў Колевай талерцы. Кардонка расплюшчылася, пахаваўшы ўнутры запалкі.

На тварах – сцішанае недаўменне ад раптоўнага выбуху. Нават звыклы Слаўка ў няёмкасці ўздрыгнуў плячом.

А папераглядвайцеся! Меней дурноты будзеце выкідваць!

– Усё, што можна, адпрацоўваюць на зямлі.  П а к у л ь  можна! – адсек Глеб. – Вы толькі тут блазнюкі неабчасаныя, а там, – кіўнуў угору, – усе ўпрагаюцца ў адну лямку. Загадана рабіць – рабі. Хоць умееш, хоць не. Разбярэшся на хаду! А пад чэргамі няма часу гадаць, ці дакладна метры вымераў.

Для Колі не было звышзадачай скумекаць, як павярнуць сітуацыю сабе на карысць. Галава ў гэтага недарэкі варыла належна, няхай не заўсёды ў авіяцыйным ключы.

– Дык калі ўменне прыдасца, чаму не праверыць усіх? Вечна адна й тая ж штукень: каму гарбаціцца, а каму... Вось Цёмыч! Сам адзначыўся, вочкі напружыў. А ці пацэліў бы не горш лейтэнант Гнядых?..

Пытанне на лязе між нявінным інтарэсам і развязнасцю. А чаму б і не? Коля і вышэйшы за гэтага дзікліўца, і ў плячах шырэйшы. Так, коле-колецца прыродная патрэба кпіць з кожнага, хто не адказвае нахрапам на нахрап.

Але ведаў бы, ёлуп, аб чым пытае!

– Слаў, растлумач яму! – страціў цярпенне Глеб і палез-такі ў кішэню па папяросы.

Слаўка ахвотна развярнуўся і пашукаў нешта позіркам. Доля карабка не асабліва яго засмуціла, як і тое, што ён па традыцыі аказаўся ў вядучага на падхваце. Наадварот, яго супакойвала магчымасць абапірацца на кагосьці разумнейшага. На крок адставаць, але імкнуцца следам.

– Бачыш, Калян, ву-унь там корань з зямлі тырчыць? Выгнуты такі. Згледзеў?

– Ну.

– Якой нагой ты цераз яго пераступіў бы, калі б сышоў з месца, дзе сядзіш? Правай, левай?

– Якой нагой? Хм, калі напрасцяк... І калі рушыць з правай... – Коля адцягваў час, асцерагаючыся рабіць прагнозы. Да кораня было метраў сем, не меней.

– А наш Гнядаш ведае.

Коля заткнуўся.

Агеньчык ад запальніцы Глеба лізнуў папяросу, і тут гук няяснага паходжання паўтарыўся. Больш за ўсё ён нагадваў здушанае чханне.

На гэты раз падрыхтаваны Глеб вылічыў крыніцу імгненна і рыўком задраў абрус.

Пад сталом паднялі піск, у няпрошанага візіцёра непрыцэльна паляцела некалькі пруцікаў. У змроку, утульным, як у расцягнутай на калках палатцы, бялелі дзве дзіцячыя галавы: хлопчык з дзяўчынкай прыладзіліся на кукішках над нейкімі крамзолямі. Вычарцілі на пяску з руплівасцю военачальнікаў, якія плануюць перасоўванне войскаў па ўсёй лініі фронту.

Гэтым паганцам што, недастаткова было насценгазеты? І не трэба так сціпла вочы акругляць, быццам ад дзіцячых лап меней шкоды, чым ад авіябомбы!

– У нас тут, здаецца, шпегі завяліся, – мнагазначна прамовіў Глеб. – Выкурыць бы зладзюг, а?

Трэці дзіцёнак, што ў някідкім сваім адзенні абапіраўся спінай на ножку стала, успрыняў выкрыццё па-філасофску.

– А хіба ёсць чаго выведваць? – засумняваўся ён, падціраючы макраваты нос. – І ў сваіх жа сядзім, не ў чужых. Вось калі фрыцы лагерам стаялі... Ай!

Глеб, які паспеў абысці стол, схапіў яго за каўнер, прышчаміўшы пасму кучаравых валасоў.

– То зарубі на носе: падслухачоў ні там, ні там не чакаюць абдымкі!

– Па-апрашу без рук! – галоўны шпег у паніцы рвануўся, выдраўся – ледзь не выслізнуў з велікаватай куртачкі, у якую пры жаданні можна было ўціснуць і другога такога ж падшыванца. – Гэй, мне мая адзежка пакуль патрэбна, залішняй няма!

Ён нырнуў пад лаўку і выскачыў з супрацьлеглага, бяспечнага боку стала.

– Гаўрош, – упершыню за дзень растуліў вусны Саша. На яго твары, зазвычай вытрымана-спакойным, усё выразней вымалёўвалася ўсмешка.

Глеб, аднак, не збіраўся забаўляць прысутных беганінай за малалетнім нягоднікам. Тым больш калі расцёр па пальцах нешта слізкае і зафіксаваў далёка не трапяткія адносіны да адзення.

– Не вучылі цябе, што рэчы могуць цяжка даставацца? Усё гэта не маторнае масла, выпадкам? І табе яшчэ пасаду нянькі даверылі!

Слаўка, якому перападала за нячышчаныя боты і не падшыты падкаўнерык, спачувальна пацокаў. Каму, калі не яму, зведаць на сабе поўны спектр Глебавай уедлівасці?

Забытыя двайняты, расчараваныя тым, што ўсё цікавае адбываецца без іх, наважыліся высунуць галовы з-пад абруса. І калі кудлаты перапэцканы абармот выглядаў сярод гімнасцёрак да месца, то малышня, мірная і чысценькая (хоць і не ўсюды – пасля паловы-та дня па-за хатай), выклікала стойкі дысананс. Як на выгуле ў парку, далібог! У самы раз ганяць па дарожках абручы, кожныя пяць секунд раняючы іх мінакам пад ногі. Або, напрыклад, без плёну выпрошваць у мамы пеўнікаў на палачцы, а пасля забыцца на крыўду і абламаць куст бэзу на букет.

Глебу, чалавеку гарадскому да мозга касцей, не лезлі ў галаву вясковыя асацыяцыі. І чым ясней паўставаў у дробязях парк, прывідны і недасяжны, як перарваны на світанні сон, тым менш яснасці заставалася ў думках. А яны да разгубленасці не звыклі.

– Шо за яслі на базе палка? – гыркнуў ён праз папяросу. – Дома не сядзіцца, трэба знайсці прыгоды на азадкі?

Ён паспрабаваў злавіць дзяўчынку за руку, але яна пужліва шаснула за нагу Сашы, які вырас побач нібы з-пад зямлі. І не проста вырас, а з нечаканым уменнем падхапіў яе на рукі. Абое дружна ўтаропілі вочы ў Глеба: ну і што ты на гэта скажаш?

– Абы пад нагамі ў занятых людзей блытацца, – буркнуў ён. – Мы, між іншым, дзеля каго лётаем? Га, аферыстка?

Дзяўчынка зморшчыла нос ад папяроснага дыму і спадылба ўгледзелася ў няветлівы твар, на ўзроўні якога апынулася. Даследавала напружана, з адкрытым недаверам, уласцівым дзецям. Хіснуліся кудзеркі – яна імкліва адвярнулася і ўткнулася Сашу ў плячо.

– Якія мы пяшчотныя! – фыркнуў уколаты Глеб. – Ну і не дужа трэба!

Шпег, які не спяшаўся скарачаць адлегласць, пракаментаваў:

– Калі што, курыць шкодна! Не верыце – можаце майму тату напісаць. А ён у мяне ваенурач, не абы-хто!

Па твары ў яго блукала ўсмешка, на дзіва сарамлівая для такога свавольніка. Мусіць, бянтэжыла неахайная дзірка замест верхняга зуба.

Белагаловы брацік дзяўчынкі, неспакойна звёўшы бровы, сачыў за сцэнай з-пад стала. Далучацца да бязладдзя яму відавочна не хацелася, і Арцём запрашальна паляпаў па лаўцы побач з сабой. Хлопчык, разважыўшы, ускараскаўся, сеў. Абвёў позіркам дзядзькоў – ой, колькі! Сякі-такі вопыт падказваў, што галоўная ўмова наладжвання кантакту – ніякай цішыні.

– Я... э-э... Тоя, – мармытнуў ён у прастору. – А яна – Воя!

– Не выгаворвае ён, – патлумачыў шпег з уздыхам выхавацеля, які змарыўся выпраўляць гадаванца. – Рыкае што той тыгр, хоць заместа ланцужнага сабакі трымай. А наконт “ль” – ніяк. Замякка, ці што...

– Воля-Толя? – расшыфраваў Глеб. Надарылася ж гэтаму лопуху Арцёму мець справу з тымі, каго не слухаецца язык!

А асмялелая дзяўчынка, нядоўга думаючы, запусціла пяцярню ў Сашаву рудую чупрыну (рана ці позна хтосьці павінен быў гэта зрабіць).

– Ух, як у Званочка! – абвясціла ў голас.

– А гэта хто – Званочак? – нягучна спытаў ён.

Воля няўпэўнена прыцмокнула. Аднак Саша з увагай узіраўся ёй у твар, нібы дзіцячае лапатанне было не меней важнае, чым безнадзейна перарваны ўрок.

– Мама не дазваляе казаць, – па-змоўніцку шапнула яна. – Але... Ну, у Любаўкі жарабятка нарадзілася. Увесну... Толькі нікому, так?

– Пазнаёміш? – ён тыльным бокам рукі выцер ёй шчаку ля вуха. Там з абеду засталася плямка бульбянога пюрэ.

– Але мама... – Воля зноў прыцмокнула, засяроджана калупаючы пальчыкам яго ордэн, каб пракручваўся на штыфце. – Мама кажа: чужым – каб нікому. Ён жа такенечкі, не Любаўка... Трэба, каб рос вялікі і даваў есці. А есці – самае-самае, праўда? – і машынальна памацала сарафанчык: ці на месцы кішэня? – Мама і нас не пускае... Але мы хадзілі глядзець. Там званочкі растуць.

Саша акуратна прыладзіў яе на локці зручней, хаця наўрад ці было цяжка.

– Я нікому не скажу. І ты не кажы.

Глеб дэманстратыўна скрыжаваў рукі на грудзях.

– Бачце, у каго язык разварушыўся! – прагаварыў ён, расцягваючы словы. – Са старшымі мы, значыць, памоўкваем, затое з дзецьмі балбатаць...

Саша сустрэў яго позірк неспадзявана цвёрда.  “П а к у л ь   я н а   ў   м я н е,   с в а р к і   н е   б у д з е”.

Атмасферу разрадзіла ўсё тая ж Воля, якой тэрмінова спатрэбілася пазяхнуць. Ды так, што яна ледзь не ўраніла галаву назад. Утрымала, здзіўлена хітнула ёю: што за напасць?

– Час дадому, – лаканічна зазначыў Глеб. Для ўліку адсачыў кожны чужародны аб’ект: адзін, другая... – Стоп, а дзе трэці? Толькі ж аціраўся тут!

Не верачы хвалёным вачам бывалага разведчыка, ён памкнуўся і ў гэты бок, і ў той... Што, надурыў цябе вясковы хлапчыска? Кружы, быццам ганчак, які згубіў лісіны след! Залезь і пад стол – раптам удача?

– Без Анціка не пойдзем! – хорам усклікнулі двайняты і пакаціліся са смеху ад гэтай адначасовасці.

Як ёсць – даў лататы, гадзянё! Перакінуў клопат на чужыя плечы. А, таго і варта было чакаць: лыпаў гэтак жа бессаромна, як Ліда.

– Ды ліха з імі ўсімі! Заняцца больш няма чым! – ускіпеў Глеб. – Спіхніце гэтых малекул на збройніц, усё роўна дзеўкі без вылетаў лухтой маяцца. А ну, Воля-Толя, шагам марш дрыхнуць! У нас у разгары навучальны працэс. А каб не заблукалі...

– Не-не, я пас! – палахліва замахаў Слаўка. Кірпай сваёй адчуваў, што акажацца крайнім. – Досыць з мяне суправаджэння, лепей ад бамбардзіроўшчыкаў “месеры” адганяць...

Арцём пачаў добраахвотна ўзнімацца з лаўкі, але пад позіркам Глеба з пакорай упаў назад. Заданне само знайшло выканаўцу: Саша працягнуў вольную руку Толю, і той паслухмяна ўхапіў яго за ўказальны палец.

– А людзі яшчэ вярзуць, што дзядзечкам не ўпільнаваць малечу, – напаўголасу мовіў шпег, які з хмызоў ухвальна назіраў, як аддаляецца белагаловы неспакой у двайным экзэмпляры. – Э, забабоны! Усё роўна што ляпнуць, нібы механізмы дзяўчаткам не па зубах. Ды галоўнае – зубы мець... – І прыкра шморгнуў носам: відаць, язык трапіў у нежаданую адтуліну. – Так-с, дзятву ўладкавалі, можна і за справы!


Рецензии