Вiленскi студэнт бел

Малады шляхціц па імені Вацлаў пакінуў бацькоўскі дом, каб вучыцца ў Вільні. Паступіў ва ўніверсітэт і зняў флігель у канцы Гандлёвай вуліцы, непадалёку ад таго месца, дзе Вільня ўпадае ў Вілію, у доме каноніка.
Дзяцей у каноніка не было, а з таварышамі студэнт не паспеў пасябраваць, ды і няма калі было яму - увесь час прысвячаў вучобе. Толькі ў нядзелю выходзіў пагуляць па горадзе, але нідзе асабліва не затрымліваўся.
Так прайшло паўгода. Неяк вясной, гуляючы па горадзе, вырашыў Вацлаў паглядзець Зарэчча. Перайшоў мураваны мост і пайшоў куды вочы глядзяць безназоўнай вуліцай, разважаючы пра тое, пра гэта.
Раптам чуе: жаночы смех. Глядзіць, па-над мурам сачаць за ім дзве языкатыя маладзіцы. Смяюцца і перагаворваюцца паміж сабой. Заўважылі, што студэнт глядзіць - тут жа зніклі. Пастаяў студэнт, чакаючы, калі зноў здадуцца прыгажуні. Так і не дачакаўшыся, адправіўся дадому.
У наступную нядзелю Вацлаў зноў адправіўся ў Зарэчча. Перайшоў мост і пайшоў туды, дзе сустрэў дзяўчат. Спыніўся перад мурам, толькі падняў галаву, глядзіць, а яны ўжо тамака. Маладыя, прыгожыя, глядзяць на яго і вабяць ветліва. Загаварыў - адказалі. І было нешта незвычайнае ў маладзіцах, у словах, у манеры гаварыць... Нібы яны нятутэйшыя. А студэнту гэта і падабаецца.
Пагаварылі яны нейкi час, пасля дзяўчаты развіталіся і схаваліся за мурам, а Вацлаў пайшоў дадому. Ішоў і думаў пра нiх, і так гадаў, і гэтак... Нічога не прыдумаў, лёг спаць. А ноччу прысніўся яму белы конь. Да чаго? Незразумела.
Мінуў тыдзень. Студэнт зноў перайшоў мост і пайшоў да знаёмага мура. Нікога. Колькі ні хадзіў уздоўж мура, колькі ні клікаў - нікога. Што ж, учарашняй вады не дагоніш, уздыхнуў Вацлаў, ды і пайшоў дадому.
У разважаннях аб маладзіцах ён стаў дрэнна спаць, закінуў вучобу, схуднеў і нават перастаў сачыць за сабой. Цэлымі днямі ляжаў у ложку, успамінаючы мілыя твары, смех і галасы дзяўчат... У такім атупенні прайшло яшчэ некалькі дзён.
У нядзелю студэнт зноў адправіўся ў Зарэчча. Прыйшоў, а маладзіцы тут як тут. Загаварылі як ні ў чым не бывала. Пытаецца, дзе былі, - маўчаць, аджартоўваюцца. Ужо хацеў сысці, як глядзіць, у сцяне адчынілася незаўважная брамка, і дзяўчаты стаяць унізе, вабяць унутр. Самі ў старадаўніх сукенках, з разрэзанымі рукавамі і стаячым каўняром.
Зайшоў унутр, прайшоў услед за нiмi праз зараснікі шыпшынніка і бэзу і апынуўся ў вялікім парку з шырокімі алеямі, садовымі павільёнамі і кветнікамі. Пайшлі гуляць.
Жартавалі, смяліся, пасля сталі бегаць адно за адным. Весела было Вацлаву, лёгка і добра. Раптам адна з дзяўчын і кажа, няёмка, маўляў, бегаць у верхняй сукенцы і абутку, давай без іх! А студэнт і не супраць, скінуў вопратку і бяжыць разам з маладзіцамі ў адным споднім... Па алеях, міма каскадных сажалак, міма аранжарэі, міма параднага двара... І вось ужо палац наперадзе!
Дзяўчыны ў дом, ён за імі! Бегаюць па пакоях, крычаць, гарэзяць… Набегаліся, упалі на дываны, ляжаць, адпачываюць. Ён і не заўважыў, як стаў цалавацца з маладзіцамі, а пасля і спляліся целамі, як муж з жонкай.
Ці доўга, цi коратка, пачало цямнець. Зірнуў Вацлаў у акно, каб паглядзець, у якім баку дом, глядзіць, і нічога не разумее. Быццам і Вільня за акном, ды іншая. Вуліцы незнаёмыя і дамы іншыя. Цуды, ды і толькі!
Дзяўчаты таксама падняліся: час! Запаліла адна з маладзіц свечку і пайшла наперад, асвятляючы шлях на лесвіцы. Глядзіць студэнт, а цені ў яе і няма. Глядзіць на другую - тое самае. І пах адчуваецца цяжкі, нібы ладану. Ідзе ён, спяшаецца на свежае паветра, толькі б прытомнасць не страціць...
Выйшлі ў сад. Вырушылі туды, дзе пакінулі вопратку. Пачалі апранацца. Прыспешваюць Вацлава дзяўчыны, ды ён і сам рады сысці хутчэй: нават жа дзіўнае месца. Дзіўнае і чужое.
Праводзілі да брамкі, хацеў студэнт развітацца, ды куды там: павярнуліся цераз левае плячо і галовамі кіўнулі. Зачынілі брамку, і цішыня. Толькі туман аднекуль напаўзае, таго і глядзі схавае дарогу. Пасля недзе сабака завыў, і Вацлаў паспяшаўся дадому.
На другі дзень зноў пайшоў да дзяўчат. Перайшоў мураваны мост, прайшоў па вуліцы, глядзіць, а вуліцы-та і няма! Ні вуліцы, ні мура, ні дома. Нават следу не засталося, нібы ніколі і не было. Дзе ён быў, і куды ўсё знікла - невядома…


Рецензии