Харэаграфiчны плэйлiст

САЎНДТРЭК ПЕРШЫ
«Каникулы – портфели под кровать, каникулы – и можно отдыхать!»

У маёй памяці харэаграфія пачынаецца з канца. З канца нулявога класа. Спартыўная зала, магнітафон, гнуткая чорнавалосая харэографка – і бадзёры матыў з прывязанымі да тэксту песні рухамі, якія не выветрываюцца з галавы і праз васямнаццаць гадоў. Пад кіраўніцтвам Чорненькай мы азартна запускалі ўяўныя партфелі ў нябыт, віталі лета плясканнем у ладкі... і ведаць не ведалі, што насамрэч гэта быў не канец.

Гэта быў пачатак.

У далейшым нас прыняў танцклас: люстраная сцяна, фартэпіяна і драўляны брус вышэй за пояс, ніжэй за грудзі. Нашу Чорненькую змяніла поўная немаладая харэографка з ярка нафарбаванымі вачыма і камандным голасам. Наваяўленыя першакласнікі, і блізка не знаёмыя з асновамі балету, мусілі заварочваць стопы ў вычварэнскую пятую пазіцыю, выпісваць вензелі пад «Лявоніху», сыграную мажным дзядзькам на баяне, і без стогнаў выконваць загад «Нагу – на станок!». А пасля заняткаў несціся ў раздзявалку з пунсовымі шчокамі, адчуваючы, як ные кожная мышца і агідна ліпне да спіны форма...

Дарэчы, пра форму. Чорны закрыты купальнік, чорная спадніца, чорныя калготкі з белымі плямамі ад чэшак (калі ўшчыкнеш, узнімецца пылок). Мой купальнік нацягваўся праз галаву і зашпільваўся знізу на кнопачкі, таму зручна было хадзіць у прыбіральню. Мне, аднак, не патрэбна была зручнасць, мне патрэбны быў купальнік як ва ўсіх – суцэльны і з адкрытай шыяй. Адсюль мара: хутчэй вырасці са свайго!

З успамінамі пра рэпетыцыі суседнічае ўспамін пра першы канцэрт. Дакладней, пра тое, як у чаканні нашага нумара давялося таўчыся ў праходзе актавай залы і моршчыцца: абруч упіваўся ў патыліцу. Рукі былі занятыя драўлянымі лыжкамі (імі належала прыстукваць падчас танцу «Светит месяц»), а яшчэ ж трэ было вырашыць адну істотную праблему. У хлопчыка, з якім я стаяла ў тройцы, заўжды былі цёплыя пальцы, а ў мяне – заўжды ледзяныя. Нягледзячы на ўсе спробы адагрэць іх аб спадніцу.


САЎНДТРЭК ДРУГІ
«Солнечный круг, небо вокруг – это рисунок мальчишки»

Класе ў пятым харэаграфія перастала быць абавязковым прадметам і многія з палёгкай закінулі форму ў нетры шафы. Тым жа жэстам, якім кідалі «партфелі» ў нулёўцы. Зрэшты, разам з пачатковай школай скончыліся пакуты ля станка, а значыць, самым трывалым заставалася адпрацоўваць на факультатыве канцэртныя нумары. Любая навучальная ўстанова мае пэўны набор святаў, і для запаўнення праграмы патрабуюцца выступоўцы.

У дзень X у танцкласе з’яўлялася кардонная скрыня з-пад сістэмнага блока, даверху запоўненая касцюмамі і іншай танцавальнай атрыбутыкай. Цяперашняя харэографка, на гэты раз Рудзенькая, згружала на фартэпіяна кіпу адпрасаваных рознакаляровых спадніц і прымалася за раздачу, прыкідваючы памер адзення кожнай і яе пазіцыю ў танцы. А пасля – бралася майстраваць прычоскі. У крэпкіх руках валасы ўкладваліся ў гулькі або хвасты, пратыкаліся шпількамі або намёртва сцягваліся гумкамі з прымацаванымі да іх штучнымі кветкамі памерам са сподак. Такія ж кветкі для дызайнерскай аднастайнасці надзяваліся на сярэднія пальцы рук. Гумкі былі тугія, таму пальцы прыпухалі і халаднелі, але да канца нумара пацярпець можна.

«Пусть всегда будет солнце, пусть всегда будет небо...» – грымелі калонкі на ўсю актавую залу, пакуль мы суладна перабягалі і падскоквалі пад сцэнай, насупраць першага шэрага крэслаў. Паркет – штука слізкая, і перад важнымі канцэртамі Рудзенькая націрала каніфоллю лапік падлогі за кулісамі, а мы па чарзе шурхалі па ім наскамі чэшак – так не завалішся. Скоўвала толькі адна няёмкасць: пры падскоках узляталі і пышныя спадніцы ў гарохі. Занадта высока для 9 Мая і для пінжакоў ды камізэлек з ордэнамі.

З’яўленне ў жыцці канцэртаў падкінула неспадзяванак, пра якія дасюль неяк не было калі задумацца. Неабходнасць займець памаду, няўменне фарбаваць павекі, фатальная адсутнасць станіка... Пікантнасці дадавала паўпразрыстая тканіна іншага касцюма – жоўтых сарафанчыкаў, у якіх мы нагадвалі ці то чараду куранят, ці то старэйшую групу дзіцячага сада на ранішніку. Камплект дапаўнялі шорцікі, якія насілі ўрачыстую назву «жоўтыя трусяля», і пампоны чырлідарак ім у тон (у народзе – «махалкі»). Апошнія аказаліся рэччу шматфункцыянальнай і дазвалялі рабіць наступнае:
1) уласна, размахваць у такт падчас танцу;
2) шпурляцца адна ў адну, упускаючы на поле бою стужкі;
3) уладкоўваць на галаве ў якасці парыка;
4) спасцігаць асаблівасці наэлектрызаваных прадметаў;
5) падкладваць пад сябе, калі трэба сесці на халоднае;
6) адпрацоўваць карысны навык – знаходзіць сярод двух дзясяткаў амаль аднолькавых «махалак» уласныя;
7) захінацца спераду пасля выступлення, ссыпаючыся па прыступках сцэны...

Не вазьмуся прагназаваць, што сказала б дасведчаная ў плане макіяжу харэографка-папярэдніца, але фарбаваць павекі я не ўмею і цяпер.


САЎНДТРЭК ТРЭЦІ
«Брови мои, брови! Брови мои черные!»

У праграме аднаго з канцэртаў мы вычыталі, што з’яўляемся ансамблем «Медуніца». Назва атрымана ў спадчыну ад ранейшых танцорак – без увагі да таго, як яна карэлюе з усім спектрам вобразаў. У наша карыстанне перайшлі і касцюмы: больш-менш па памеры, зрэдку пацёртыя, а найчасцей – з самай дзіўнай камбінацыяй колераў. Узяць хоць змрочна-сіні купальнік у спалучэнні з какетлівай клятчастай спадніцай – пяцьдзясят адценняў ружовага.

Відаць, новаму танцу пад песню, у якой з народным лірызмам услаўляліся бровы, не пасаваў ніводны наяўны касцюм. Таму што аднойчы Чорненькая і Рудзенькая, узброеныя сантыметрамі, сабралі нас у актавай зале і аб’яднанымі намаганнямі ўзяліся здымаць меркі. А ў нашых абставінах далёка не кожная танцорка магла пахваліцца тым, што харэографкі пашылі ўбор на машынцы адмыслова для яе.

«Хожу я по улице, не нахожуся – ой, не нахожуся...» У рэшце рэшт камора з касцюмамі папоўнілася прамымі белымі сукенкамі з залатой аздобай і зручнымі разрэзамі да сцягна. Паўзверх былі накінуты пяшчотна-персікавыя палотны шыфону, і гэткія ж адыходзілі ззаду ад таліі, а іх канцы мацаваліся на сярэдніх пальцах рук. У палотнах лёгка было заблытацца, затое ў належны момант танцу яны расхіналіся на манер крылаў.

Ад касцюмаў не заўжды патрабавалася быць узорам эстэтычнасці. Неяк давялося франціць ільняным рыззём, быццам пераробленым з ануч для мыцця падлогі, па якім былі раскіданы каляровыя латкі. У нашу задачу ўваходзіла прытупваць красоўкамі і зацята ляпаць мётламі аб бетонныя школьныя пліты, трапляючы ў музыку: «Пой частушки, бабка-ёжка, пой, не разговаривай!»

Між тым танцавальныя абавязкі даўно выйшлі за межы школы. Політэхнічная гімназія, гандлёвы каледж, ЦПР «Светач», кафэ кінатэатра «Кастрычнік», Футбольны манеж, СПЦ з прытулкам... У апошні нас паклікалі дзеля віншавання малых прабывальнікаў з Днём святога Валянціна. У спісе і маштабная вонкавая лесвіца «Мінск-арэны», куды сагналі добрыя некалькі дзясяткаў школ для няўцямнага харэаграфічнага флэшмобу. А ў сёмым класе ўдзельніца ансамбля піла гарбату з ветэранам, які аказаўся інструктарам французскіх лётчыкаў з авіяпалка «Нармандыя-Нёман». І абяцаў пасадзейнічаць таму, каб нас запрасілі станцаваць у Францыі.

Мы натхніліся. Надзвычай. Як часта гэта выпадае – з’ехаць на гастролі ў іншую краіну і, можа, нават пажыць у прыёмных сем’ях?! Але, само сабой, справа не пайшла далей за фатаграфаванне нашай імправізаванай мастацкай кампазіцыі з васьмі дванаццацігадовых дзяўчатак. Прычынай усяму яўна злашчасныя куранячыя сарафанчыкі, якія ні за што не маглі выклікаць прыязнасці ў французскага боку. Шкада, народныя ўборы на той момант яшчэ не былі пашытыя.

Як думаеце, мо варта было паспрабаваць вобразы бабак-ёжак?..


САЎНДТРЭК ЧАЦВЁРТЫ
«You make me this, bring me up, bring me down...»

Найлепшае і найгоршае дзіцячае адзенне мае адну і тую ж уласцівасць: з цягам часу робіцца замалым. Да нашай радасці, форма эвалюцыянавала ў аксамітныя камбінезоны па таліі – самы стылёвы касцюм з усіх калі-небудзь надзетых, нягледзячы на колер... Так, ізноў здзекліва-ружовы. А потым мы ўпершыню ўклалі ў харэаграфію грошы і пераапрануліся ў сінія спартыўныя камплекты «футболка-легінсы-красоўкі». У такім выглядзе не сорамна было з’явіцца на раённых спаборніцтвах па чырлідзінгу.

Абноўленыя лімонныя «махалкі» (у знаёмай скрыні з-пад сістэмнага блока) загружаліся ў багажнік «хонды» Рудзенькай, а ўдзельніцы ансамбля набіваліся ў салон. Найбольш удачлівая – прыстойна побач з кіроўцай, астатнія – ззаду, адна ў адной на галовах. «Усім сагнуцца! Мінаем ДАІ!» Праўда, за кошт дзяўчат з малодшых класаў колькасць танцорак урэшце павялічылася да шаснаццаці, што перавысіла ёмістасць «хонды». Тады пачалі дабірацца часткова грамадскім транспартам – нагода палетуценіць, нібы мінакі заўважаюць ва ўсяго кагала аднолькавыя косы, заплеценыя «каласкамі» і зацэментаваныя лакам з бліскаўкамі. Самыя запамінальныя адчуванні выступоўцы – пульсацыя скуры галавы з-за тугой прычоскі (за яе, па традыцыі, адказвала Рудзенькая) і характэрны пах лаку ад застылых валасоў.

Менавіта на спаборніцтвах адкрылася несуцяшальная ісціна: нашы «два прытупы, тры прыстукі» немагчыма было назваць высокім мастацтвам. Неадточаныя рухі, прымітыўнасць элементаў і перастраенняў, якія гадамі пераходзілі з танца ў танец... Асабліва – недахоп фізпадрыхтоўкі. Мала хто з нас быў здольны хоць сяк-так сесці на шпагат ці прайсціся колам, у той час як суперніцы ў эфектных чырлідарскіх касцюмах утваралі жывыя піраміды і з бляскам выконвалі гімнастычныя практыкаванні. Гэта вам не паскакаць пару разоў пад «Axel F» Crazy Frog між таймамі ў Футбольным манежы.

Не сакрэт, што многае ўпіралася ў фінансаванне... Але грошы і прэстыжнасць не здаваліся нам неадольнай перашкодай. Справа прынцыпу: прасцецкая школка абавязана пайсці супраць мацёрых гімназій. І – хоць зрэдку, хоць у раёне – перамагчы.


САЎНДТРЭК ПЯТЫ
«Школьных дней календарь свой листок закрывает»

У некаторым здзіўленні прыгадваю, што ні разу не выходзіла на сцэну ў акулярах. Пры тым, што пад канец адзінаццатага класа зрок споўз да мінус шасці. На шчасце, узірацца ў гледачоў не патрабавалася – наадварот, пры залішняй увазе да залы існавала небяспека застыць бяспамятным слупом. Лепш за ўсё было скіроўваць позірк паўзверх галоў, у крайнім выпадку – сачыць за Рудзенькай, якая на тым канцы памяшкання адыгрывала ролю рухавай шпаргалкі.

Як бы ні было, асваенне мною лінзаў прыпала на апошнія чатыры месяцы вучобы. Атрымліваецца, выпускны вальс – ледзь не адзіны танец, падчас якога я бачыла ўсё.

На жаль, заключнае школьнае выступленне рыхтавалася без нашых харэографак: ні Чорненькая, ні Рудзенькая не спецыялізаваліся на выпускных. Пакуль мы з пераменным поспехам вучылі вальсавыя крокі, яны напэўна ганялі ў танцкласе наступнае пакаленне ансамбля або рэпеціравалі ўласны нумар. Каб потым блукаць сярод гледачоў у вобразах шчуплага акулярыстага ката Базіліа і лісы Алісы, аматаркі футра: «Покуда есть на свете дураки, обманом жить нам, стало быть, с руки!»

Незнаёмая мініяцюрная настаўніца скеміла, што з былым харэаграфічным класам можна паставіць нешта больш цікавае, чым банальны вальс. Вынікам яе творчага падыходу стала грымучая музычная нарэзка, якая змяшчала ў тым ліку трэк «Potter Waltz» з фільма «Гары Потэр і Кубак Агню», «Ai Se Eu Te Pego», «They Don’t Care About Us» Майкла Джэксана... Ды і супраць факту не пойдзеш: калі пятнаццаці дзяўчатам дастаюцца пяць маральна гатовых да вальсу хлопцаў, трэба неяк выкручвацца.

Свой сямнаццаты дзень нараджэння я правяла ўсё ў той жа актавай зале – пад такое знаёмае «цягнем насочкі», «давайце актыўней», «яшчэ раз спачатку»... Да дзяжурнай рэпетыцыйнай ажыўленасці дадалася рэўнасць: цяпер здымалі з заняткаў не толькі ансамбль, а ўсіх. «Звычайных» таксама. Мы раз за разам адпрацоўвалі сумесны нумар-пазл – спачатку ў сценах школы, потым на няроўнай плітцы ўнутранага дворыка... А заадно фатаграфаваліся ў зеляніне бэзавых кустоў на прафесійны апарат дзяўчыны з паралельнага класа. Неблагая альтэрнатыва замове альбома.

У святкаванні заканчэння школы хаваецца вялізны агульнавядомы падман. Развітальны вальс дэманструюць двойчы: на апошнім званку і на выпускным вечары (у нашым выпадку – каб настаўнікі пабачылі і спіны, і твары выступоўцаў). Другі дубль пакідае прастору для новых спробаў і новых памылак, дазваляе паэксперыментаваць з даўжынёй сукенкі і глыбінёй дэкальтэ, а таксама ацаніць плюсы-мінусы распушчаных і сабраных валасоў. Ёсць тое, што гэтыя дублі аб’ядноўвае. Ці на майскім сонейку, ці ў змроку актавай залы – ізноў, як калісьці, будуць з прысвістам грымець калонкі, ізноў ушчыльную падбярэцца першы шэраг гледачоў... І падол ізноў будзе занадта высока, толькі на гэты раз – можна. Таму што вось-вось прыйдзецца даць дарогу новаму ансамблю «Медуніца»: пышныя спадніцы ў гарохі, гулечкі-шпількі і кветкі памерам са сподак; народныя ўборы або стылёвыя касцюмы ў абцяжку, пашытыя на нас ці набытыя за нашы грошы; танцавальная форма, правераная дзясяткамі выступленняў і падпісаная ўнутры сіняй ручкай: «ДАША З».

Так, паслядоўнікі наступаюць на пяткі. У нас жа наперадзе – не раз’езды па канцэртах і спаборніцтвах, а апошняя дыскатэка ў цёмным вестыбюлі: «Оранжевое солнце в облаках, оранжевое небо на руках!..» І няхай гэтая песня закальцуе танцавальны аповед, бо ён меў падобную напачатку.

Школа і харэаграфія засталіся ззаду. Незваротна. Праўда, універсітэт у свой час прапанаваў далучыцца да танцорак на вайсковых парадах... Але гэта іншая, зусім іншая гісторыя.


12–14.03.2021

Значонак, Д. Харэаграфічны плэйліст / Д. Значонак // Маладосць. – 2021. – № 6. – С. 22–27.


Рецензии