Па жыццi - рашучым маршам

Не люблю я хадзіць павольна. Не ўмею.

Ляціш, бывала, на ўсіх ветразях: б’е ў падэшвы асфальт, рукі – у кішэнях пухавіка (так сумка не саслізгвае з пляча), і паветра расступаецца, як хвалі перад акіянскім лайнерам. Чым шырэй, імклівей крок, тым больш распростваюцца плечы. Упэўнена, з палёгкай.

Думаеш: толькі б не лёд. І не святлафоры.

У апошнім выпадку праблема не столькі ў прыкрай затрымцы, колькі ў тых смельчаках, якія, падступіўшы да самай дарогі, нецярпліва балансуюць аж на броўцы – вось-вось саб’юць бакавое люстэрка ў неасцярожнага аўто. Альбо будуць збітыя самі. Што дзіўна, не дадаюць розуму і гады... Варта ж запаліцца чаканаму зялёнаму воку – куды дзяецца імпэт? Велічна кранаюцца з месца і тупаюць, тупаюць наперад дробнымі задаволенымі крокамі. Крочкамі. Крочачкамі. А ты, пакараная за асцярогу, з бязмоўнымі мацюкамі лавіруеш між людзей. Хутчэй жа, ну! Ох, нарэшце... Вырываешся на вольную прастору і паскараеш крок да зручнага тэмпу. У галаве само па сабе ўключаецца рытмічнае фізкультурнае: «Левай. Левай. Раз, два, тры...»

Ха, фізкультурнае.

Дзявяты клас – і група ЛФК. Таму што зрок, і пазваночнік, і сэрца (а на харэаграфію – можна, бо «хлопцаў з ПМК бяруць у войска»). Ні выбівалаў, ні бегу, ні, галоўнае, каната, ну а канькі і так колькі гадоў не дастаюцца нікому. Адно бескарыснае праседжванне ў раздзявалцы. І добра, калі да халаднаватай металічнай бляшкі пад столлю спартзалы ўскараскаецца хаця б палова шчасліўчыкаў, у той час як сама ты аднолькава спрытна ўзлезла б і па гнуткай вяроўцы, і па аблупленым дваровым турніку. Але табе дастаюцца паліклініка і заняткі на гумавых дыванках два-тры разы на тыдзень. Што ж, і на тым дзякуй.

Універ – і падзел факультэта на асноўную групу па фізкультуры і спецмедгрупу. ЛФКшнікі, якія традыцыйна ў меншасці, аўтаматычна трапляюць да апошніх і – алілуя! – становяцца паўнапраўнымі карыстальнікамі інвентару спартзалы: мячоў, палак, гантэляў, абручоў, ракетак для настольнага тэніса і бадмінтона... Хочаш – выгадоўвай прэс ды расцягвайся на ўсё тых жа гумавых дыванках. Хочаш – гуляй у дзяўчынку на шары, ля шара, пад шарам (які наогул завецца фітболам). Хочаш – займай трэнажоры, калі дамовішся са здароўечкам.

Аднак дзверы ў чароўную залу адчыненыя роўна ад першага снегу да першай траўкі, а ў астатні час, нават у лістападаўскія мінус два па Цэльсію, студэнты, не прыдатныя да спорту, строем адпраўляюцца на борзды шпацыр. Два-тры кругі вакол Свіслачы з пераходам па абгавораных мастах – і пот прабівае мацней, чым пасля беганіны па стадыёне, а красоўкі аказваюцца цяплейшымі за зімовыя боты. «Левай. Левай...» – міжволі адстуквае пульс у пацьмянелай свядомасці.

Фізкультурнае, значыць?

Ну-ну. Не смяшы!

– Так, дзяўчаты, цяпер усе апускаемся на адно калена. Вось так – стаім-стаім... А ну замерлі, трэба ацаніць агульны малюнак! Ды можаце вы не рухацца хоць пяць хвілін?

У нагу нясцерпна ўпіваецца рабрыстая падлога Футбольнага манежа. Такімі тэмпамі скура напухне сінявата-барвовымі ўзорамі... У вытрымцы практыкуюся не толькі я – пакутуе ўся тысяча з гакам дзяўчат-добраахвотніц, якія запісаліся ў спартыўна-моладзевае шэсце вайсковага парада. Не за проста так, вядома, а ўзамен на кантрольныя/залікі/экзамены/інтэрнат – у залежнасці ад ступені лаяльнасці дэканатаў (для студэнтак) або дырэктараў (для школьніц). Нягледзячы на плюсы, ахвяраваць каленам усё ж не варта. Значыць, справа нумар адзін – адшукаць у дамашняй аптэчцы эластычны бінт і патрэніравацца замацоўваць яго парай шпілек, падсунуўшы насоўку ў якасці падкладкі. А паколькі выконваць гэтую аперацыю прыйдзецца штодзень цягам месяца, трэба адпрацаваць рухі так, каб пазайздросцілі вайсковыя ўмельцы накручваць анучы.

– Пара-ад – смирно! К торжественному маршу...

Цікаўна пагойдваецца мора беласнежных кепак, ліпеньскія сонечныя прамяні саслізгваюць па даўгіх рукавах піжамы... дакладней, танцавальнай формы... і з патроенай лютасцю накідваюцца на аголеныя дзявочыя шыі. Гарачавата для раніцы, а пачатак без таго перанеслі на гадзіну раней. Некаторым прыйдзецца нясоладка, калі не паклапаціліся пра сонцаахоўны крэм.

– Равнение направо... шаго-ом... марш!

Уздрыгвае паветра, працятае рытмічнымі ўдарамі барабанных палачак сувораўцаў. Следам уступае аркестр у суправаджэнні бразгату падкаваных металам ботаў. У спякотным марыве, закалыхваючы, размерана чаканяць крок ногі, ногі, ногі – незлічоныя, бясконцыя... Не, усё ж і ім ёсць канец: са звярыным рыкам выпаўзае тэхніка, ахутваючы бліжэйшых гледачоў едкімі дымавымі воблакамі. Зажмурваешся: толькі не на лінзы...

Горача, занадта горача. У шчаку бязлітасна паліць сонца, а твар не захінеш, як шыю, валасамі. Ногі пакрысе дзервянеюць – у колькі гадзін мы выйшлі са спарткомплексу на Даўмана? – і ўсё часцей цягне міргаць, зганяючы з вачэй мутную пялёнку...

Ноздры апякае рэзкі пах, і з неспадзяванай яркасцю праступаюць на праспекце фарбавыя мецінкі, згодна з якімі нам давядзецца перастройвацца ў калоны, ромбы, «каробкі», канцэнтрычныя акружнасці... А пад самы нос мне тыкаюць памочаную ў нашатыры ватку, перададзеную далёка ззаду.

– Нюхай як след! І на, папі. Наш выхад, а чатыры дзяўчыны зваліліся...

Я прыпадаю засмяглымі вуснамі да цёплай паўлітровай бутэлькі «Банаквы» і ўліваю ў сябе апошнія пару глыткоў. Як і нашатыр, бутэлька мела доўгае падарожжа, пакуль трапіла ў рукі танцорак пярэдніх шэрагаў.

А праўда, вось-вось пусцяць нашу музыку: аб асфальт ужо выверана грукаюць карабіны роты ганаровай варты – у такт саўндтрэку з «Піратаў Карыбскага мора»...

Але даўно гэта было, ведаеце. Хоць быццам і нядаўна. А цяпер у жыцця зусім іншы рытм.

Праца. Дом. Праца.

Замест праспекта Машэрава – праспект Незалежнасці і ўніверсітэцкі квартал, па якім ты, вырваўшыся на абед, шпарка крочыш аднастайнымі пуцявінамі, не маючы часу адысціся далёка. Раскіданыя сям-там вучэбныя корпусы, такія недарэчныя пасля суцэльнай кампактнай «тэхналожкі», расплоджаныя паўсюль інтэрнаты, стыхійная паркоўка, сталовая, дзе ты ні разу не была дзякуючы наяўнасці мікрахвалёўкі, стадыён, куды табе няма дарогі, сеткавая агароджа будоўлі, дзе павінен вырасці нечаканы тут шматпавярховік, пакуль жа расце толькі колькасць спілаваных дрэў і абурэнне работнікаў універсітэта, якім нязручна тэпаць у «Віталюр»...

Хутчэй, хутчэй! Рукі ў кішэнях, падэшвы чвякаюць па гразі, хада пакуль імкліва-пругкая – толькі так распраўляюцца плечы, згарбелыя за працоўным сталом. Паркоўка тым часам на вачах пакрываецца пліткай, як луской, каб звацца афіцыйнай, а ў касцяка дома надбудоўваюцца паверх за паверхам: першы, трэці, шосты, дзявяты...

Бягуць пад нагамі лужыны, бягуць хвіліны, бяжыць галава з-за збітага дыхання, і падступна захліпаецца сэрца. Ізноў.

Шалёны ўсё ж тэмп. Не вытрываю. Сыду з дыстанцыі...

Сыду, так. Але не цяпер.

«Нясіся з апошніх сіл, калі хочаш утрымацца на месцы, – даводзілі кэралаўскай Алісе, – а ўжо калі хочаш зрушыцца – ляці ўдвая хутчэй!»

Раз... Два...

Удых... Выдых...

Крок... Шырэй...

Хада... Раўней...

«Я не сдаюсь, но все-таки сдаю», – сумна канстатуе Еўтушэнка.

«Здаю, ды не здамся!» – упарціцца свядомасць вершам на верш.

Нельга, немагчыма бегчы... Але і прыцішыць крок не атрымаецца.

Бо хадзіць павольна ты не ўмееш.

Н е  ў м е е ш.


02–05.03.2019

Значонак, Д. Па жыцці – рашучым маршам / Д. Значонак // Маладосць. – 2021. – № 6. – С. 27–29.


Рецензии