Водар катлет

 Водар катлет

На другім годзе працы ўчастковым тэрапеўтам паступіў выклік на дом да адной з жыхарак даручанага мне тэрапеўтычнага ўчастка Баранавіцкай гарадской паліклінікі нумар адзін.

Ганна Іванаўна раней звярталася ў паліклініку з нагоды вострых рэспіраторных захворванняў. Яна працавала інжынерам на адным з гарадскіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Пражывала ў двухкватэрным доме прыватнага сектара разам з маці, якая, са слоў дачкі, была сляпой. Аб сваім кароткім замужжы бяздзетная пяцідзесяцігадовая жанчына не згадвала.

З пункту гледжання мяне, маладога спецыяліста, Ганна Іванаўна была ідэальным пацыентам. Яна не звяртала ўвагу на лёгкія нядужання, не была вялікім аматарам прыёму лекавых сродкаў, абыякава ставілася да прапаноў “прафілактычна пракалоць вітаміны, АТФ або кокарбаксілазу*”, вельмі папулярнага ў той час “падтрымліваючага лячэння”, старалася “увільнуць” ад прапанаванага фізіятэрапеўтычнага лячэння.

– Я лепш парай ад гарачай бульбы падыхаю, ды ногі з гарчыцай папару, ды малачка з мёдам і содай згатую, вось і папраўлюся! – адгаворвалася Ганна Іванаўна ад медыкаментознага лячэння. – Вы ж, доктар, праслухалі мяне – у лёгкіх усё чыста, значыцца, запалення няма! А горла – глупства, звычайная справа!

Я ўжо і не ўзгадаю ў дакладнасці, якія менавіта раздзелы запаўняліся ў журнале выкліку лекара на дом, але ў ім дакладна была графа “З якой нагоды зроблены выклік”. Рэгістратары паліклінікі, якія не мелі медыцынскай адукацыі, запісвалі нагоду для візіту лекара на дом са слоў пацыента: галаўны або сардэчны боль, падвышаная тэмпература, боль у жываце, спіне і г.д.

Участковы ўрач, вывучыўшы запісы ў журнале, вызначаў чарговасць наведвання хворых, пачынаючы, як правіла, з “сардэчных хворых” і тых, якія пакутуюць “чэравам”. Такая практыка была выпрацавана вопытнымі ўчастковымі ўрачамі і дазваляла сваечасова выявіць сардэчны катаклізм або брушную катастрофу ў пацыента, які меў патрэбу ў неадкладнай шпіталізацыі.

 Ганна Іванаўна выклікала лекара на дом у сувязі з падвышанай тэмпературай і болямі ў горле; візіт да яе я пакінула “на потым”.

Выклікаў у той дзень было шмат; час “потым” наступіў каля трох гадзін дня. Падыходзячы да хаты, а справа была летам, я адчула пах катлет. Не крамных “вегетарыянскіх”, са слядамі мяса ў іх, а сапраўдных, свойскіх, якія рыхтавала мая мама пасля забою парасяці.

У той дзень я пачала прыём хворых у восем гадзін раніцы, потым – выязд на выдалены тэрапеўтычны ўчастак, візіты на дом… Пасля ранішняй кубачкі кавы і печанюшкі водар добрай дамашняй ежы выклікаў у мяне падвышанае слінавыдзяленне і … раздражненне.

Старажытнагрэцкаму філосафу Дыягену Сінопскаму прыпісваюць выслоўе: “Галодны мужчына – злы мужчына”. Дык гэта не толькі пра мужчын, гэта і пра некаторых жанчын таксама; у маёй галаве імгненна з’явіўся абвінаваўчы “лагічны ланцужок”:

– Малайчына Ганна Іванаўна! Доктара на дом выклікала, а сама катлеты смажыць, бо мама не можа з-за дрэннага зроку! А я па ўчастку бегаю, як галодны ганчак! Ну-ну, зараз пагляджу, якая ты “хворая”! – запальчыва разважала я пра “помсту сімулянтцы”.

У сенцах драўлянага дома мяне сустрэла маці Ганны Іванаўны:

– Праходзіце, калі ласка, доктар, у кватэру, –  не адрываючыся ад працы, прапанавала яна і паказала рукой на завешаны цюлям праём уваходных дзвярэй.
Трохі затрымаўшыся ў пярэднім пакоі, я паспела разгледзець, чым была занятая пажылая жанчына.

На керагазе, у чыгуннай патэльні, смажыліся катлеты. Галіна Фёдараўна (імя і імя па бацьку маці пацыенткі я даведалася пазней) брала з эмаляванай міскі мясны фарш, фармавала катлеты, паніравала іх сухарамі і клала на гарачую патэльню.

У Ганны Іванаўны аказалася фалікулярная ангіна. Па медыцынскіх канонах таго часу, для папярэджання рэўматызму – магчымага ўскладнення інфекцыйнага запаленчага захворвання міндалін і лімфавузлоў насаглоткі, хворыя гнойнай ангінай падлягалі абавязковай шпіталізацыі.

Пацыентка адмовілася ад прапанаванага стацыянарнага лячэння, матывуючы нежаданне лячыцца ў бальніцы клопатам і добрым доглядам за ёй маці.

Я прызначыла Ганне Іванаўне лячэнне, папярэдзіўшы яе аб неабходнасці строгага захавання пасцельнага рэжыму і аб актыўным візіце (па ініцыятыве лекара) на трэці дзень захворвання. Выпісаўшы рэцэпты, падумала:

– А хто ж сходзіць за медыкаментамі для часова ляжачай хворай, бо бліжэйшая аптэка знаходзіцца ў цэнтры горада?

Галіна Фёдараўна нібы прачытала мае думкі. Яна ўжо скончыла прыгатаванне ежы і стаяла ў дзвяры, як быццам назіраючы за медычным аглядам.

– Добра, доктар, я прасачу, каб Аня не парушала Вашыя ўказанні. А за лекамі суседка сходзіць, яна хутка з працы прыйдзе, – запэўніла мяне маці хворай.

На наступны дзень я зайшла ў кабінет акуліста: мне хацелася даведацца пра магчымасці невідушчых людзей прыстасоўвацца да вядзення хатняй гаспадаркі. Распавёўшы калегу аб убачаным на візіце, высказала сумнеў у слепаце жанчыны.

– Адразу відаць, што Вы малады спецыяліст. Папрацуеце з маё, даведаецеся, што невідушчыя вельмі нядрэнна адаптуюцца да новых жыццёвых умоў, – пачаў тлумачэнне стажыраваны афтальмолаг. – А ў Вашым выпадку страта зроку ў пацыенткі была паступовай ці раптоўнай? – удакладніў доктар.

– Дачка казала, што зрок у маці пачаў зніжацца спакваля. Спачатку яна не бачыла дробны і сярэдні шрыфт у газетах і кнігах, потым колеры здаваліся ёй бляклымі і цьмянымі, затым выява ў тэлевізары “стала размытай”, а праз час і зусім перастала бачыць! – успомніла я размову з Ганнай Іванаўнай.

– Калі наступны раз будзеце бачыць невідушчую, паглядзіце ёй у вочы. Найхутчэй, у Вашай бабулі катаракта – памутненне крышталіка вока і адзіны спосаб ёй дапамагчы – замяніць крышталік на штучны, –  завяршыў кансультацыю калега.

На трэці дзень я наведала Ганну Іванаўну. Аглядзеўшы хворую, адзначыла паляпшэнне стану і прызначыла яўку ў паліклініку праз тры дні; Галіна Фёдараўна “назірала” за маімі дзеяннямі.

Адышоўшы ад ложка хворай, я звярнулася да её маці:

– Добра Вы, Галіна Фёдараўна, даглядалі дачку, ужо амаль здаровая!

Жанчына падышла бліжэй і мне ўдалося разглядзець яе вочы. Афтальмолаг меў рацыю: у Галіны Фёдараўны ў вобласці зрэнак меліся бялявыя плямы.

На прыём у паліклініку Ганна Іванаўна прыйшла ўжо ачунялай. Коратка распавёўшы ёй аб мерах па прафілактыцы рэўматызму, перавяла размову на маму і прапанавала пракансультаваць яе ў акуліста для вырашэння пытання аб аператыўным лячэнні.
 
– Доктар, маме ўжо семдзесят гадоў, якое аператыўнае лячэнне?! – запрацівілася пацыентка.

– А Вы – прапануйце, няхай сама вырашае! – настойвала я.

Праз нейкі час афтальмолаг, у якога я кансультавалася з нагоды захворвання Галіны Фёдараўны, пры сустрэчы сказаў, што пажылая пацыентка ў суправаджэнні дачкі прыходзіла да яго на прыём. Яна прайшла абследванне, супрацьпаказанняў для аператыўнага ўмяшання не выяўлена. Планавая аперацыя па замене крышталіка прайшла паспяхова і зрок у жанчыны быў адноўлены.

Прайшло больш за дваццаць гадоў; я тады ўжо прыступіла да працы ў Баранавіцкай раённай сістэме аховы здароўя.

Не ведаю, ці практыкуецца цяпер такая форма працы кіраўніцтва арганізацый аховы здароўя, як адміністрацыйныя абыходы, але ў пачатку двухтысячных гадоў мэтай камісійнага наведвання структурных падраздзяленняў лячэбнай установы было “выяўленне, ліквідацыя і недапушчэнне надалей” дэфектаў у арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі хворым “асобна ўзятага аддзялення”.

У склад камісіі пад старшынствам галоўнага ўрача ўваходзілі яго намеснікі, галоўная медыцынская сястра, дыетурач або дыетсястра, прадстаўнік санітарна-эпідэміялагічнай службы, загадчык бальнічнай гаспадаркі, інжынер па ахове працы, бальнічны правізар або фармацэўт.

У той час, калі галоўны ўрач і яго намеснікі наведвалі палаты і знаёміміся з хворымі, іншыя члены камісіі вывучалі стан спраў па сваім падзеле працы; пры падвядзенні вынікаў абыходу яны агучвалі рэзультаты праверкі “высокаму сходу”.

Алгарытм правядзення абыходу быў просты: зойдучы ў палату, адміністрацыя запытвалася ў хворых, як іх лечаць і кормяць, ці ёсць нараканні на працу медыцынскага персаналу, якія пажаданні па паляпшэнню ўмоў знаходжання ў стацыянары? У некаторых выпадках, калі дыягназ хворага быў няясны, галоўны ўрач браў пацыента пад сваю апеку або даручаў патранат аднаму са сваіх намеснікаў.

Першыя адміністрацыйныя абыходы ў аддзяленнях Баранавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы насілі для мяне азнаямленчы характар. Два аддзяленні, пульманалагічнае і эндакрыналагічнае, з’яўляліся міжраённымі для пяці бліжэйшых раёнаў Брэсцкай вобласці.

Эндакрыналагічнае аддзяленне Баранавіцкай раённай бальніцы па праве лічылася адным з лепшых у Брэсцкай вобласці. У аддзяленні працавалі высокакваліфікаваныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы. Да таго ж, загадчыку аддзялення, Сысоевай Галіне Мікадзімаўне, удалося прыцягнуць да аказання спонсарскай дапамогі кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў раёна, дзякуючы чаму структурнае падраздзяленне стацыянара нагадвала вялікі ўтульны дом.

Па гэтай прычыне я не дапушчала якіх-небудзь нечаканасцяў пры правядзенні адміністрацыйнага абыхода эндакрыналагічнага аддзялення.

 На ўсе пытанні кіраўніцтва бальніцы пацыенты давалі пераважна станоўчыя водгукі: і лечаць добра, і кормяць як дома, і персанал дасведчаны і ўважлівы… А вось душавыя кабіны і прыбіральні ў кожнай палаце не перашкодзілі б!

Члены камісіі толькі пераглядаліся, выдатна ведаючы, што фінансаванне аховы здароўя, як і ўсёй сацыяльнай сферы, пакідала жадать лепшага. Дарэчы, першыя двухмесныя палаты падвышанай камфортнасці з наяўнасцю санітарнага блока і душавой, а таксама тэлевізара і халадзільніка, з’явіліся ў раённай бальніцы ў 2002 годзе.

Жанчыны адной з палат эндакрыналагічнага аддзялення аказаліся даволі напорыстымі: ім хацелася зараз жа пачуць, калі ў палатах, апроч рукамыйніка, будуць душ і туалет.

Я коратка абмалявала цяжкае фінансавае становішча ў ахове здароўя**, расказала, што мы актыўна прыцягваем кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў для аказання спонсарскай дапамогі, якія намаганні патрабуюцца для знаходжання варыянтаў абмену “падоранага” нам збожжа на грошы для пакупкі абсталявання, медыкаментаў і расходных матэрыялаў… Завяршаючы прамову, растлумачыла, што пакуль не даводзіцца казаць аб камфорце: не да тлушчу, быць бы жыву.

Твары ў жанчын сталі сумнымі; толькі адна з іх, стоячы каля акна палаты, усміхалася.

– А я Вас ведаю, Вы – Фурс! – нечакана вымавіла яна.

Калегі пераглянуліся: маўляў, адкрыла Амерыку!

Нібы не заўважаючы здзіўленых поглядаў, жанчына працягнула:

– Я ведаю Вас яшчэ з пачатку васьмідзесятых гадоў, Вы былі ўчастковым тэрапеўтам і дома лячылі мяне ад ангіны! – радасна паведаміла пацыентка.

Намеснікі галоўнага лекара з цікавасцю паглядзелі на мяне: зараз праверым, ці такая добрая памяць у калегі, як здаецца наўскідку?

Я зрабіла выгляд, што ўспомніла хворую:

– Вы жывяце на вуліцы …

– Так-так, на вуліцы Уральскай! – падхапіла жанчына. – Вы тады маю сляпую маму накіравалі да акуліста, а я яшчэ супраціўлялася – якая аперацыя, яна ж пажылая?! А мама зрабіла аперацыю і пасля яе пражыла амаль дваццаць гадоў, дажыўшы да дзевяностагадовага юбілею! І ўсё Вас успамінала і дзякавала! – не магла спыніцца пацыентка.

У закутках памяці ўзнік вобразны рад: жвіровая вуліца Уральская, звілістая сцяжынка да двухкватэрнага доміка, невялікія сенцы і аблічча невідушчай сталай жанчыны ў керагаза …

І дзіўны водар катлет …

*АТФ – адэназінтрыфосфарная кіслата, паляпшае метабалізм, валодае антыарытмічным, гіпатэнзіўным і сасудапашыральным эфектамі. Прэпарат шырока выкарыстоўваўся ў васьмідзесятыя гады, па выразе пацыентаў, “каб падмацаваць сэрца”. Для гэтых жа мэт ўжывалася і кокарбаксілаза – прэпарат, які паляпшае метабалізм і энергазабеспячэнне тканін.

**У 1998 годзе ў Баранавіцкім раёне Беларусі фінансаванне сістэмы аховы здароўя складала 11, 4 даляра ЗША на аднаго жыхара; у 2000 годзе – 20,2 даляра; у 2012 годзе – 176, 4 даляра ЗША (дадзеныя з кнігі аўтара “Гісторыя аховы здароўя Баранавіцкага краю”).


Рецензии
Дзякуй, паважаная Нэля! Магчыма, водар катлет быу надзывычайна моцны?.. Магчыма, i кнiга тая вельмi цiкавая!..
З Новым годам! Натхнення і ўсіх даброт!

Игорь Лебедевъ   30.12.2022 17:20     Заявить о нарушении
Добры дзень, паважаны Ігар!

Сапраўды, водар катлет быў адчувальны здалёку, нездарма я ішла на пах...

Віншую Вас з надыходзячым Новым годам! Жадаю Вам здароўя і дабрабыту!

Нелли Фурс   31.12.2022 14:22   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.