Маё - не маё

Маё – не маё

Першыя пару гадоў замужжа я прымала падарункі мужа да святаў, дзякавала яго і …складвала прэзенты ў зацішнае месца. Не таму, што дары пакідалі жадаць лепшага, не: яны проста былі “не маімі”.

У нейкі момант мой “назіральны” муж заўважыў, што я не нашу падораныя ім рэчы і ўпрыгожанні і пацікавіўся, чаму?

Я не стала хітраваць і шчыра прызналася Валодзю, што яго падарункі добрыя, але яны – “не мае”. Выразна растлумачыць, што гэта значыць, я не змагла, прапанаваўшы мужу кампраміснае рашэнне: надалей ён дорыць мне толькі кветкі, а падарункі я буду выбіраць сама.

Заўважу пры гэтым, што ў мужа добры густ: ацэньваючы маё чарговае набыццё, ён іншы раз кажа:
– Я ведаю, што ты гэта не будзеш насіць.

Як правіла, прагноз мужа спраўджваецца.

Рэалізацыя маёй прапановы выглядала прыкладна так: прымяраючы дома чарговую абноўку, я інфармавала мужа, што гэты гарнітур (сукенка, футра, боты, упрыгожванні…) – яго падарунак да Новага году, 8-га Сакавіка, Дню Перамогі, 1-га Траўня, дню нараджэння мяне ці сыноў, Дню медыцынскага работніка. Часта да названых святаў дадаваліся Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова, Дзень работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Дзень Парыжскай Камуны…

На мінулым тыдні, будучы ў горадзе пастаяннага пражывання нашай сям’і – Баранавічах, пасля выканання ўсіх запланаваных спраў, я зайшла ў аптэку, размешчаную ў гіпермаркеце “Карона”. Набыўшы патрэбныя медыкаменты, павольна шпацыравала па зале: у мяне было каля дваццаці хвілін да прыбыцця маршрутнага таксі, прыпынак якого размяшчаецца насупраць гіпермаркета.

– Так, аддзел ювелірных вырабаў… Калі апошні раз я адзявала залатыя ўпрыгожванні? Ужо і не ўзгадаю, толькі маленькія завушніцы нашу, каб дзірачкі ў вушах не зараслі… І наогул, не люблю я золата, срэбра мне падабаецца больш, –  нетаропка разважала я.

– Так, жаночыя сумкі і галантарэя…Сумак у мяне дастаткова, ды і сын нядаўна брэндавую жаночую сумку падарыў, – працягвала разважаць я.

– А вось у аддзел касметыкі і парфумерыі трэба зайсці, у мяне духі закончваюцца, – вырашыла я, паглядзеўшы на гадзіннік.

За стойкай знаходзіліся два прадаўцы, якія абслугоўвалі дваіх пакупніц.

Падышоўшы да стэлажоў з таварам, я пераканалася ў нядрэнным асартыменце парфума.
Чакаючы, калі вызваліцца маладзенькая прадаўшчыца, паглядзела на жанчыну, якой менеджар па продажах распавядала пра шматузроўневую сістэму абароны скуры ад старэння.

Аднаго толькі погляду на твар дамы хапіла, каб вызначыць, што ніякія паліятыўныя меры ёй ужо не дапамогуць і адзіны шлях аднаўлення прывабнай знешнасці – нож пластычнага хірурга.

Прадавец скончыла выкладанне рэкамендацый “па вяртанню маладосці” і, ставячы штампы на купоны, растлумачыла, што пры куплі крэмаў на наступны ўзровень абароны, пакупніцы будуць прадастаўлены значныя зніжкі.

Побач з жанчынай стаяў мужчына, па выразу твару якога было відаць, што яму немала надакучыла слухаць пытанні спадарожніцы і адказы на іх прадаўца.

Збіраючыся забраць два падрыхтаваных для яе пакета з “дзіва-крэмамі”, пакупніца звярнула ўвагу яшчэ на адну серыю касметыкі для даглядання за тварам. Перадаўшы пакупкі мужчыне, яна наблізілася да стэлажу і пачала ўважліва чытаць тэкст на адной з упаковак, адначасова задаючы пытанні менеджару па продажах.

Я добра ведаю катэгорыю жанчын такога роду: яны лічаць, што ўвесь свет павінен круціцца вакол іх. Да таго ж, наяўнасць гледачоў натхняе падобных асоб і дае пачуццё перавагі: вось, маўляў, якія дарагія пакупкі я магу сабе дазволіць!

Можа быць, я і паназірала б за жанчынай – “цэнтрам светабудовы”, але маршрутка-то  чакаць не будзе! Дзяўчына-прадавец, бачачы маю гатоўнасць зрабіць заказ, адцягнулася ад пакупніцы і спытала:

– Чым я магу Вам дапамагчы?

– Будзьце ласкавы, мне патрэбныя французскія духі ці жаночая туалетная вада з ноткамі любімых водараў мужчын, – папрасіла я.
 
Пераборлівая жанчына адрэагавала на словазлучэнне “французскія духі”; яе спадарожнік – “з ноткамі любімых водараў мужчын”; яны павярнуліся ў мой бок.

 Прадавец прапанавала духі “Cassandra”. Я адмовілася: іх востры водар нагадвае мне наложніц з гарэма султана (духі мне калісьці падарылі сябры, але я не карыстаюся імі – “не мой” водар).

– Не, не трэба кветкавых, вострых, салодкіх водараў, лепш за ўсё з пераважнымі ноткамі свежасці обо цытрусавых, – папрасіла я дзяўчыну.

– Так-так, ёсць такія, давайце паглядзім, – зразумела задачу прадавец і прапанавала выпрабаваць на сабе тры водару.

Я абрала невядомую мне раней туалетную ваду “SEL D'AZUR”; мне спадабаўся водар свежасці з цытрусавым адценнем.

Менеджар падушыла скуру на маёй руцэ паміж вялікім і ўказальным пальцамі; паўторна ўдыхнуўшы водар парфумы, я пацвердзіла куплю.

– Духі каштуюць .. рублёў, – сказала прадавец.

– Так, я ведаю, – кіўнула я і прыклала банкаўскую картку да тэрмінала для аплаты.

Укладваючы ў сумку набыццё (у якасці бонуса мне прапанавалі касметычку), я зірнула на мужчыну. Яго вочы выяўлялі змешаную гаму пачуццяў: прыкрасць, маркоту і пакорлівасць лёсу; спадарожніца “пакутніка” усё яшчэ была ў стэлажоў з таварам.

Працэдура куплі парфума заняла тры хвіліны. Маршрутнае таксі прыйшло сваечасова; усю паездку я адчувала лёгкі водар туалетнай вады.

Дома я раскрыла ўпакоўку і, падушыўшыся, паведаміла мужу, што “духі – гэта твой падарунак да Дня Савецкай Канстытуцыі, 5 снежня”.

 Цану я не агучвала: навошта яму ведаць, што невялікая пляшачка пахучай вадкасці – палова даходу беларуса-пенсіянера?!

Як бы тое ні было, беражлівыя адносіны да сваіх блізкіх – гарант доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця.

PS. Як аказалася, я не памылілася ў выбары парфума. Дваццацігадовы малады чалавек, які сядзеў побач са мной у глядзельнай зале падчас правядзення конкурсу прыгажосці “Міс Восень – 2022”, абраў у якасці суразмоўцы стажыраваную пенсіянерку, а не сваіх сяброў-равеснікаў.

Спрацавала-такі правіла: “Маё – не маё”!


Рецензии
Дужа добра, Нэлi! Дзякуй Вам!
Прывятанне Баранавiчам!

Игорь Лебедевъ   27.12.2022 09:41     Заявить о нарушении
Добрай раніцы, паважаны Ігар!

Дзякую за водгук!

Рада, што спадабалася мініяцюра. А за прывітанне Баранавічам - асаблівая падзяка!

Нелли Фурс   27.12.2022 11:05   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.