Неинтересные истории из жизни Казика и Юзика

НЕЦІКАВЫЯ ГІСТОРЫІ З ЖЫЦЦЯ ДАХАВІКОЎ КАЗІКА І ЮЗІКА

Дарослая кніга для маленькіх
Дзіцячая кніга для дарослых


ЗМЕСТ

1. Аднойчы.
2. Аднаго разу.
3. Хто такія дахавікі.
4. Як дахавікі куплялі лыжы.
5. Як сябры каталіся на лыжах.
6. Нага ў гіпсе.
7. Адна нуда на траіх.
8. Лётаць, як птушка. Амаль.
9. Маркотна ў горадзе летам.
10. Паездка ў Люцынку.
11. Дарога.
12. Вёска.
13. Казік прызнаецца Юзіку, дзе згубіў чароўную палачку.
14. Сеанс гіпнозу.
15. Скарб.
16. Рэканструкцыя.
17. Што рабіць?
18. Песня пра бойку на лузе.
19. Базыль і Васіліса.
20. Кватарант.
21. Поліўка.
22. Сутычка.
23. Трускалкі.
24. Рэцэнзія.
25. Як з'явілася кніжка пра дахавікоў.
26. Прэзентацыя.
27. Дахавікі-нябачнікі.
28. Як Казік захоўваў традыцыі.
29. Сустрэча з Пых-Пыхам.
30. З ворага ў сябры.
31. Магічныя словы.
32. Лазнік.
33. Настаўнік матэматыкі.
34. Урок.
35. Няўдалая спроба выкрадання чароўнай палачкі.
36. Зніклыя дукаты.
37. Цуд.
38. Базыль і Васіліса крадуць чароўную палачку.
39. Пагоня.
40. Good bye, чароўная палачка.
41. Развязка.
42. Фінал.

 





1. АДНОЙЧЫ

Аднойчы... З гэтага слова пачынаюцца шматлікія розныя гісторыі і наша гісторыя таксама не выключэнне.
Дык вось, аднойчы ў цэнтры сталічнага горада, на верандзе кавярні «П’яны літвін», побач з ратушай, сядзела вясёлая кампанія. Гэта былі: прывабная жанчына з рудымі валасамі, чорная варона віду Corvus corone і два невялікія чалавечкі ў чорных фетравых капелюшах-цыліндрах. Чалавечкі былі падобныя на маленькіх камінараў. Ці на гномаў. Але, у адрозненне ад гномаў, не мелі вусаў і бародаў.
Кампанія піла з парцэлянавых філіжанак духмяную каву з каньяком і смеючыся нешта абмяркоўвала. Чалавечкі махалі рукамі і ўвесь час круціліся на крэслах. Варона – каркала, і таксама махала крыламі. Ну а прывабная рудая жанчына прыгожа курыла доўгую цыгарэту, пускала ўгору колцы дыму і ажно пырскала ад смеху, назіраючы за сваімі суседзямі па століку.
Гэта былі дахавікі Казік і Юзік ды іх найлепшыя сяброўкі: пані Ядзвіга і варона Карына. На двары стаяў надзіва цёплы майскі надвячорак. Сталічны горад быў напоўнены водарам бэзу і чаромхі.
Дахавік Юзік прыўстаў з крэсла, паправіў пальцам акуляры на носе і пагрукаў лыжачкай па філіжанцы, у якой была кава з каньяком.
Але суседзі па століку нават не звярнулі на гэта ўвагу. Тады Юзік гучна сказаў:
– Папрашу цішыні! Шаноўнае панства! Хвіліначку ўвагі!
Дахавік Казік і варона Карына прыціхлі. Пані Ядзвіга паклала цыгарэту ў попельніцу. А Юзік працягваў сваю прамову:
– У гэты прыгожы вясновы дзень мы сабраліся тут, каб адсвяткаваць дзень нараджэння нашай цудоўнай пані Ядзвігі…

Стоп, стоп, стоп!!!
Нейкі правакацыйны пачатак для кнігі, якую могуць прачытаць дзеці. Ці не так, пані і панове? Нельга ж такое распавядаць, бо дзеці таксама захочуць кавы з каньяком. А кава з каньяком, як кажуць дактары, шкодзіць здароўю. Ды і прапаганда курэння ў нас забаронена, таму што курыць шкодна. А слова «філіжанка»? Хто яго зразумее?
Таму аповед пра тое, як дахавікі з сяброўкамі бавілі час ва ўтульным «П’яным літвіне» трэба неадкладна спыніць.
Не-ад-кладна!

2. АДНАГО РАЗУ

Што ж, паспрабуем яшчэ раз пачаць нашу аповесць. Прыгатаваліся? Дубль два.
Значыцца так: аднаго разу дахавікі Казік і Юзік, а таксама пані Ядзвіга і варона Карына, сядзелі ў цэнтры сталічнага горада на верандзе невялікай кавярні, назву якой мала хто ведаў, і пілі каву з малаком.
З ма-ла-ком!
Стаяў цёплы майскі надвячорак. У паветры гудзелі хрушчы. Сябры не спяшаючыся вялі нетаропкую свецкую гутарку. Вельмі змястоўную, як гэта звычайна і бывае ў кавярнях.
– Ах, якое цудоўнае надвор’е, праўда ж Казік? – дзявочым голасам спытала дахавіка Казіка пані Ядзвіга. – Табе падабаецца водар чаромхі?
– А як жа, падабаецца, – прыхлёбваючы каву адказаў Казік. – Ды і наконт надвор’я згодны, Ядзя. Цудоўная пагода.
– Так, так, пр-р-роста цудоўнае надвор-р’е, кар-р, кар, – падтаквала сябрам варона Карына, адсёрбваючы дзюбкай каву з кубачка.
– Cапраўды, які добры вечар, сябры, – падтрымаў гутарку і дахавік Юзік, папраўляючы на носе акуляры. – Я такі задаволены, што мы нарэшце здолелі сабрацца нашай кампаніяй у кавярні, каб адсвяткаваць дзень нараджэння горача любімай пані Ядзвігі.
Тут у кубачак вароны Карыны раптам упаў хрушч і варона флегматычна накіравала яго ў рот. Хрум-хрум…
– Якія тут смачныя пр-р-рысмакі, кар, – сказала Карына, нават не зразумеўшы, што хрушчоў у асартыменце кавярні зусім і не было.
– Афіцыянт, пр-рынясіце мне яшчэ пр-рысмакаў! – закаркала варона…

Стоп, стоп!
Ізноў не тое. Так можна было б пачынаць кнігу, калі б усе чытачы ведалі пра дахавікоў Казіка і Юзіка і іхніх сябровак.
Але ж відавочна, што не ўсе, хто разгарнуў гэтую кніжку, ведаюць аб іх. Бо напэўна не чыталі першую кнігу гісторый пра прыгоды Казіка і Юзіка, якая называецца «Дахавік Казік».
Чаму такая выснова, спытаеце вы?
Па-першае, наклад кнігі быў невялікі, усяго 2000 паасобнікаў на дзясяцімільённы край. Так што кніжку не магла прачытаць вялікая колькасць чытачоў. А па-другое… Па-другое, Казік не аднойчы скардзіўся сябру Юзіку, што яго амаль ніхто не пазнае на вуліцы.
– Юзік, калі б шмат людзей чыталі «Дахавіка Казіка», то напэўна б зналі мяне. Прапускалі б наперад у чарзе ў метро. А прыгожыя дзеўчыны на вуліцы нават дарылі б мне цыдулкі з нумарамі сваіх тэлефонаў. І пакідалі б на маіх шчоках адбіткі памады ад пацалункаў, – казаў дахавік Казік прыяцелю.
І дадаваў сумна:
– Але ж не прапускаюць, не дораць і не цалуюць. Толькі ў акадэміі паліцыі мяне яшчэ крыху помняць, бо там вісіць мой партрэт…
Таму для тых рызыкантаў, якія пачалі чытаць гэты твор, трэба хаця б караценька распавесці пра каго і пра што была напісана кніга «Дахавік Казік». І хто такія гэтыя самыя дахавікі.



3. ХТО ТАКІЯ ДАХАВІКІ
 
Дык вось, паважаныя чытачы: дахавікі – гэта чалавечкі невялікага росту, вельмі падобныя на хлопчыкаў. Яны носяць адзенне, якое нагадвае ўніформу камінараў: чырвоныя штонікі, чорны сурдут з залацістымі гузікамі і такі ж чорны капялюш-цыліндр.
Жывуць дахавікі шмат гадоў, бо адзін людскі год для іх, як адзін месяц. Яшчэ дахавікі адметныя тым, што ведаюць мовы звяроў і птушак. І нават могуць на іх размаўляць.
Яны добрыя і прыязныя. Хоць па начах часта бегаюць па дахах і гэтым палохаюць жыхароў. Да таго ж, шкоднікі, яшчэ і замінаюць людзям спаць.
«Хе, хе – засмяяўся б дахавік Казік, калі б яго назвалі шкоднікам. – Мы не шкоднікі, мы не даем людзям сумаваць. З намі вясёла, – сказаў бы ён».
«Так, так, мы вясёлыя і цікавыя! – пацвердзіў бы і дахавік Юзік. – З намі не засумуеш».
Чаму іх называюць дахавікамі, спытаеце вы? Таму што месца іх жыхарства – гэта дахі. А дакладней – паддашкі.
Не ведаеце, што такое «паддашак» або «гарышча»? Дык яно і не дзіўна, бо сучасныя дамы часта будуюць без паддашкаў.
А таму трэба ліквідаваць прабел.
Паддашак – гэта прастора паміж дахам і перакрыццем верхняга паверха будынка. У нашай мове існуе шмат слоў для абазначэння гэтай прасторы: вышкі, гарышча, паддашак, паддашша, падстрэшак.
Вы ўжо зразумелі, што дахавікі – гэта разнавіднасць гномаў. Але, як ужо было заўважана вышэй, без бародаў і вусаў.
Як вядома, гномы бываюць розныя.
Далей будзе ісці нудотнае пералічэнне розных іншаземных гномападобных істот. А таму дзеці і нецярплівыя дарослыя чытачы могуць прапусціць наступныя абзацы, каб не губляць час.
Такім чынам, у Польшчы жывуць красналюдкі, а ў Эстоніі – наксітралі. Ну, хто не знае знакамітых наксітраляў Мутэрку, Паўчаравіка і Бараду-з-Імху? Га? Пра іх напісаны цудоўныя кніжкі.
У Ірландыі водзяцца лепрыконы, а ў Фінляндыі – маахінены і мумітролі. Пра мумітроляў, дарэчы, таксама напісана шмат кніжак і створаны мультфільмы, якія вельмі-вельмі любяць дзеці.
І ў іншых краінах хапае розных гномаў. Ну напрыклад: у Англіі жывуць дворфы, у Ісландыі – альфуры. У Славакіі жывуць скраткі, а ў Чэхіі – трпаслікі. Вы толькі паспрабуйце вымавіць: т-р-паслікі!
У Расіі – дамавікі. Напэўна кожны знае дамавіка Кузю, пра якога ёсць кніжка і мультфільм.
У Францыі жывуць барбегазі, а ў Сербіі – патулякі. У Швецыі – томтэны і знакаміты Карлсан, а ў Германіі – цвергі. Нават у Фламандыі, хоць яна і не асобная краіна, таксама ёсць свае гномы-кляйнманекены.
Ну а ў нашай краіне жывуць дахавікі. Дакладней – жылі.
Як ужо было заўважана, дахавікі менавіта добрыя істоты. Але ў нашым краі водзіцца і процьма іншых істот. Не вельмі добрых, а нават зусім наадварот. Усіх гэтых ёўнікаў, пуннікаў, лазнікаў, паморкаў, ведзьмакоў, пячурнікаў, кадукоў, трасцаў, халераў, ваўкалакаў... Ды ўсіх іх і не пералічыш. Тым больш, што цяпер да ўсёй гэтай спрадвечнай нячыстай сілы дадаліся яшчэ сучасныя вечна п’яныя гаражнікі і брудныя дачнікі.
Дарэчы, нашы людзі здаўна адрознівалі кепскіх істот ад добрых. Таму добрых, – дахавікоў і хлеўнікаў, запрашалі на наваселлі – улазіны. А вось кепскіх – лазнікаў, пуннікаў і таму падобных нячысцікаў, у сваім доме бачыць не хацелі.
Дахавікоў у нас засталося няшмат, канкрэтна толькі два – Казік і Юзік.
Дахавік Казік – добры і шчыры, але крыху баязлівы. Хоць часам здольны пераадольваць баязлівасць і рабіць гераічныя ўчынкі.
«Я не баязлівы, – запярэчыў бы Казік, каб яму сказалі, што ён баязлівы. – Я абачлівы, – дадаў бы ён».
А дахавік Юзік – адукаваны, разважлівы і часам хітрамудры. Калі б дахавік Юзік пачуў, што ён хітрамудры, то таксама б запярэчыў:
«Я не хітрамудры, я – знаходлівы».
Яшчэ дахавік Юзік носіць акуляры. Бо вельмі любіць чытаць, а ад чытання, як вядома, псуецца зрок і развіваецца міапія – так па-навуковаму завецца блізарукасць.
«А што ж вы хацелі, – заўважыў бы дахавік Юзік, каб яго папікнулі блізарукасцю. – Паспрабуйце пачытаць пры лучыне або свечцы. Адразу зрок сапсуецца. А я так сто гадоў чытаў.»
Раней дахавікі былі шматлікім народам. Але іншыя дахавікі альбо папаўміралі, альбо эмігравалі ў розныя Англіі і Ірландыі, Амерыкі і Канады. Бо кажуць, што там жыццё, як мёду піццё.
На эміграцыі нашы айчынныя дахавікі прыкідваюцца мясцовымі ісконна-пасконнымі істотамі. Тымі, якія пералічаны ў пачатку нашага аповяду.
Праўда, у не такім і далёкім горадзе Кёнігсбергу, які па-нашаму завецца Каралявец, жыве яшчэ адзін дахавік – Гюнтэр. Ён сябар Казіка і Юзіка.
Ёсць у дахавікоў і іншыя сябры: сабака Маркіз, а таксама пані Ядзвіга і варона Карына, якая валодае нашай мовай, хоць і размаўляе са сваім варанячым акцэнтам, – пра іх чытачы ўжо ведаюць.
Ёсць у іх і ворагі – чорны кот Базыль і бандыт Глобус.
Так што, у агульных рысах, у дахавікоў амаль усё, як у нармальных людзей.
Але трэба ў рэшце рэшт пачаць наш аповед пра прыгоды сяброў. Няхай сабе і нецікавыя. Таксама варта папярэдзіць чытачоў, што ўсё напісанае ў кнізе – гэта чыстая праўда.
Аж да апошняй літары.


4. ЯК ДАХАВІКІ КУПЛЯЛІ ЛЫЖЫ

Гэтая прыгода пачалася ў студзені.
Як вядома, пасля восені мусіць прыйсці зіма. Так здарылася і гэтым разам. Скончылася восень, скончыліся дажджы, лістота абляцела з дрэў.
Настала зіма.
Цяпер вядома, якія ў нас зімы. Ні снегу табе ні маразоў.
Але гэтай зімой, на дзіва, у снежні выпаў снег.
Снег у снежні! Уяўляеце?
– Аёй, колькі снегу! – выгукнуў дахавік Казік, калі пабачыў белыя пухнатыя дахі гарадскіх будынкаў. Казік радаваўся снегу, як дзіцяня. А можа ў яго сапраўды была душа дзіцяці?
А вось дворнікі Пятровіч і Міхалыч, якія абслугоўвалі Казікаў дом і яшчэ тры суседніх, снегу зусім не ўзрадаваліся.
– А каб цябе пранцы ўзялі, каб табе скула вылезла – казаў, пагражаючы кулаком камусьці нябачнаму, Міхалыч, выцягваючы з каморкі шырокія шуфлі. Гэтымі рыдлёўкамі ён з Пятровічам збіраўся чысціць даручаную тэрыторыю.
Пасля снег выпаў яшчэ і яшчэ. А потым ударылі моцныя маразы, якія закавалі лёдам рэчкі і азёры.
Дахавік Казік працягваў жыць на сваім гарышчы старасвецкага дома. Па вуліцы Замкавай. У доме №29. Там у Казіка абсталявана сапраўдная кватэра. З маленькім ложкам, які стаіць паміж комінам і трубамі ацяплення. І нават з тэлевізарам.
Перад Калядамі Казік, як заўжды, паставіў у сябе на гарышчы ялінку, якую ўпрыгожыў цацкамі, цукеркамі і кітайскімі гірляндамі з сотняў лямпачак. Разам з сябрамі: дахавіком Юзікам, пані Ядзвігай і варонай Карынай, а таксама дахавіком Гюнтэрам і сабачкам Маркізам, якія прыехалі ў госці на святы, ён у чарговы раз сустрэў Божае Нараджэнне. Атрымаў кучу падарункаў (скажам па сакрэту – канкрэтна пяць)  і сам адарыў сваіх сяброў.
А потым прыйшоў і Новы год. Яго сябры сустрэлі ўжо ў раскошнай кватэры пані Ядзвігі.
Пасля Новага году Гюнтэр з Маркізам з’ехалі ў свой Каралявец, а дахавікі з сяброўкамі надалей працягвалі вясёла бавіць час. Ездзілі за горад, каталіся з горак на санках і атрымлівалі насалоду ад навакольнай прыроды. Заснежаныя краявіды зачароўвалі дахавікоў. У лесе паміж дрэў была пракладзена лыжня. Бегалі лыжнікі.
І тут дахавіку Юзіку раптоўна ў галаву пагрукалася чарговая ідэя. Чарговым разам.
– А ведаеш, Казік, давай і мы набудзем сабе лыжы, – прапанаваў ён. – Будзем прыязджаць сюды на тралейбусе і катацца на лыжах. Га?
Казік пачасаў патыліцу і адказаў:
– У цябе ідэя фікс? Хоць… А чаму б і не? Давай.
Трэба сказаць, што ідэя Казіку спадабалася. Ён у марах ужо ўяўляў сябе чэмпіёнам па лыжных гонках.
– Не ідэя фікс, а проста ідэя, – выправіў Казіка Юзік. – Ідэя фікс - гэта калі ты думаеш аб гэтым днямі, начамі і месяцамі. А мне ў галаву думка прыйшла раптоўна.
– Ну няхай проста ідэя, а не ідэя фікс, – пагадзіўся Казік.
Наступнай раніцай сябры сустрэліся на прыпынку і паехалі аўтобусам на край горада ў спартовы супермаркет «Дзікі слон».
Пасля таго, як дзікіслонскія дзверы на фотаэлементах аўтаматычна раз’ехаліся ў розныя бакі, дахавікі зайшлі ў краму. Нават не краму, бо крама – гэта ўсё ж маленькі магазінчык, а тут быў цэлы супермаркет. Ды не, нават не супермаркет, а гіпермаркет. Велізарная гандлёвая зала была напоўнена рознымі спартовымі таварамі. Тут можна было набыць усё: пачынаючы ад матузкоў і сканчваючы спартовымі яхтамі.
У лыжным аддзеле аж стракацела ад рознакаляровых лыжаў, палак, чаравікоў і акуляраў.
– Якія лыжы набудзем? – спытаў Юзіка Казік.
– Я б набыў вунь тыя, самыя шыкоўныя і дарагія, – сказаў дахавік Юзік і паказаў пальцам на прыгожыя чырвоныя лыжы. – Але возьмем мы вось гэтыя – самыя танныя, – і Юзік вытыкнуў тым жа пальцам на просценькія зялёныя лыжы.
– Чаму самыя танныя? – з крыўдай у голасе спытаў Юзіка Казік.
– Па-першае, таму, што мы пачаткоўцы і нам, каб навучыцца, патрэбны лыжы папрасцей. А па-другое… Па-другое, у нас не настолькі багата грошай, каб набыць два камплекты дарагіх лыжаў, два камплекты палак, дзве пары лыжных чаравікоў і дзве пары цёплых лыжных штаноў. На галодны зуб і гэта добра.
«Скнара», – ціха прамовіў Казік сабе пад нос.
– Што? – перапытаў Юзік.
– Нічога.
– Гэта раней грошы нам былі не патрэбны, бо мы ўсё здабывалі з дапамогай чароўнай палачкі, – працягваў Юзік. – Але ж ты, Казік, згубіў чароўную палачку. Вось цяпер зарабляй грошы і эканом на ўсім. Ты хоць памятаеш, дзе ты яе падзяваў, гэтую палку?
– Не, не памятаю, – адказаў Казік. – Я ж табе ўжо колькі разоў казаў, што не памятаю. Ды і адбылося гэта так даўно. Няўжо ты мне дасюль не прабачыў? А яшчэ сябар.
– Добра, – лагодна прамовіў Юзік. – Прабачыў. Але давай усё ж прыгадвай, дзе згубіў чароўную палачку. Можа знойдзем яе і перастанем думаць пра грошы. Махнуў палачкай – і вось табе лыжы. І ўвогуле, усё, што захочаш.
Дахавік Юзік скончыў сваю тыраду і пакрочыў да палічкі са спартовымі рэчамі.
А потым дахавікі з лыжамі, палкамі, чаравікамі і штанамі пайшлі расплачвацца да касы. А за імі ў гэты момант з-за паліцаў з адзеннем пільна сачылі чатыры вокі. І чатыры вухі. Якія, як радары, услухоўваліся ў кожнае слова сяброў.
Калі б Юзік пра гэта ведаў, то ён прамаўчаў бы пра чароўную палачку. Як кажуць, язык мой – вораг мой. На жаль.


5. ЯК СЯБРЫ КАТАЛІСЯ НА ЛЫЖАХ

Дзіўна, але дахавікі, якія пражылі на свеце так шмат гадоў, ніколі яшчэ не каталіся на лыжах.
Як? Чаму?
На гэтыя пытанні адказу няма.
Вось таму дахавікам і трэба было спачатку навучыцца апанаваць лыжамі.
Тым, хто ўмее бегаць на лыжах, гэта цяжка зразумець. Бо яны мяркуюць, што ўсе адразу нараджаюцца лыжнікамі. Проста з пялюшак падымаюцца і стаюць на лыжы. А можа ўжо нават у пялюшках ляжаць абутыя ў лыжы і з лыжнымі палкамі ў руках.
Але не, катацца на лыжах вучацца. Гэта азначае, што патрэбны інструктар. У якасці такога інструктара згадзілася выступіць пані Ядзвіга. Яна ў маладосці была чэмпіёнкай інстытута па лыжных гонках і ведала, што і як.
Сябры ўмовіліся сустрэцца раніцай у суботу на прыпынку. Калі больш дакладна – першага лютага а дзявятай. Утраіх. Каб потым даехаць да апошняга тралейбуснага прыпынку, які знаходзіўся на ўскраіне горада. Пасля гэтага яны планавалі пакатацца ў наваколлі на лыжах.
Але ўначы пайшоў моцны снег, узнялася завіруха, і да раніцы ўсе дарогі занесла. Таму пані Ядзя а восьмай раніцы патэлефанавала дахавікам і прапанавала пайсці пакатацца ў Цэнтральны парк. У горадзе было каля дзясятка паркаў і самым вялікім з іх быў Цэнтральны, які раскінуўся на ста пяцідзесяці гектарах. Па плошчы гэта прыкладна як дзвесце футбольных палёў.
Казік і Юзік выйшлі на вуліцу. Юзік гэтым разам заначаваў на гарышчы ў Казіка і яму раніцай не прыйшлося  дабірацца да сябрука праз увесь горад.
На вуліцы ўжо сканчвала працаваць снегаўборачная тэхніка. Заканчвалі работу і знаёмыя дахавікам дворнікі Пятровіч і Міхалыч, якія таксама прыбіралі снег. Яны кідалі яго шуфлямі ў тое месца, дзе ўлетку быў газон. Таму на месцы газона ляжала ўжо гара снегу.
– Прывітанне, Міхалыч! – павітаўся з дворнікам дахавік Казік.
– Вітаю, Пятровіч!  – а гэта паздароваўся з другім дворнікам Юзік.
– Казік, за мной! – выгукнуў ён і кінуўшы лыжы з разгону нырнуў у гурбу яшчэ мяккага неўтрамбованага снегу. Казік таксама паўтарыў дзеянні Юзіка.
Потым дахавікі пешшу дабрался да парка. Яны былі абутыя ў лыжныя чаравікі, на плячы – лыжы і лыжныя палкі. На цэнтральнай алеі Цэнтральнага парка іх чакала пані Ядзвіга. Яна ўжо паспела надзець лыжы. Дахавікі таксама сталі на лыжы, зашчоўкнулі мацаванні і ў чатыры вокі паглядзелі на пані Ядзвігу. Не, нават у шэсць вокаў, бо Юзік быў у акулярах.
У гэты момант маленькі хлопчык разам з татам і мамай праходзіў па алеі. Побач з дахавікамі. Хлопчык нават вывернуў шыю, пабачыўшы лыжы.
– Глядзіце, глядзіце – лыжы! – з захапленнем выгукнуў ён.
Дахавікі заўсміхаліся.
А пані Ядзвіга тым часам пачала свой інструктаж.
– Ну што, дахавікі, пачынаем рабіць з вас чэмпіёнаў свету, – пажартавала яна.
Ядзвіга была ў вязанай чырвонай шапачцы і каляровым лыжным камбінезоне. Шчокі ад марозу ў яе запунсавелі, а вейкі пакрыліся інеем. Ну не пані Ядзвіга, а нейкая супермадэль з глянцавай вокладкі моднага часопіса.
Дахавікі так загледзеліся на свайго «трэнера», што не адразу пачулі яе лекцыю.
– …Каб засвоіць бег на лыжах, неабходна падабраць камфортную і найбольш зручную экіпіроўку. Бачу, што з экіпіроўкай у вас усё выдатна, – сказала Ядзвіга, зірнуўшы на новыя штаны і чаравікі дахавікоў. І працягвала: – скаванасць у рухах і нязручнасць прыводзяць да падзенняў і траўмаў.
Пасля слова «траўмаў» пані Ядзвіга сапраўды аступілася і завалілася на бок. Казік з Юзікам гучна зарагаталі ў два горлы.
– Га-га-га, – гэта рагатаў Юзік. 
– Гы-гы-гы, – а гэта Казік.
Але пані Ядзя вельмі хутка паднялася. Дахавікі заўважылі, што яна збянтэжылася падзенню.
– Так, прыводзіць да траўмаў, – паўтарыла Ядзвіга.
– Мы ж дахавікі – па дахах скачам, якія траўмы? – прабурчэў Казік.
– Не кажы гоц, пакуль не пераскочыў, – так жа прабурчэў у адказ на Казікава бурчэнне Юзік, агучыўшы чарговую прымаўку, якіх у яго было процьма.
– Колькі ж ты, Юзік, ведаеш розных прымавак і прыказак? Як ты іх толькі запамінаеш? – прашаптаў Казік, пакуль пані Ядзвіга атрасала з адзення снег.
– Яны ў мяне ляжаць у куфары, – так жа прашаптаў у адказ Юзік і паказаў пальцам на сваю галаву.
Маўляў гэта і ёсць ягоны куфар.
– Між іншым, менавіта я надыктаваў народныя прымаўкі і прыказкі Яну Чачоту – першаму нашаму літаратару, першапачынальніку новай літаратуры, – працягваў Юзік. – Ведаеш пра такога, Казік?
– Нешта чуў, – схлусіў Казік.
– О, колькі мы з ім гутарылі. Я яму апавядаў пра прыказкі, а ён мне – дэкламаваў свае вершы.
– Дык з цябе, Юзік, і пачалася наша літаратура? Ты, можна сказаць, жывы класік. Наша нацыянальная каштоўнасць! – прамовіў Казік.
– Ну дык, – адказаў Юзік. – Я яшчэ і Яну Насовічу агучыў процьму прыказак і прымавак.
Было бачна, што яму вельмі прыемна ад Казікавых слоў.
– Па жыцці я не толькі класік, а і філосаф, – працягваў дахавік Юзік.  – Праўда, дасюль блытаю Гогаля з Гегелем.
– Правільна «філёзаф», – заўважыў Казік. Хоць ён і не ведаў значэння  гэтага тэрміну. Але дзесьці чуў, як нехта казаў «філёзаф» і гэтае слова Казіку вельмі спадабалася. – Юзік, а хто такія гэтыя гыгаль з гугалем?
Але Юзік не паспеў яму адказаць, бо размову перарвала інструктарка, якая нарэшце атрэсла снег.   
– Вы мяне не слухаеце! Хопіць размаўляць! – прыкрыкнула на дахавікоў пані Ядзвіга.
Дахавікі падпарадкаваліся.
– Прадоўжваем лекцыю, – сказала Ядзвіга. І працягвала: – Для засвойвання навыкаў лыжнага бегу неабходна не глядзець сабе пад ногі. Трэба канцэнтравацца на лыжні, а не на сваіх канечнасцях. Зразумеў, Юзік? Трэба трымаць ногі ў напаўсагнутым стане. Гэта дапамагае ўтрымліваць неабходны баланс і супраціўляцца падзенням. Уцяміў, Казік? Калі вы збіраецеся сур’ёзна засвоіць лыжную хаду, вам неабходна вывучыць асноўныя спосабы перамяшчэння. Сёння існуе толькі дзве тэхнікі бегу на лыжах – так званыя «канёк» і «класіка».
Але дахавікам ужо надакучыла слухаць свайго «інструктара». Ды і пакалелі яны на марозе. Колькі ж можна стаяць на месцы?
– Ядзя, ну давай ужо пачнем, – узмаліліся дахавікі.
– Добра, рабіце, як я!
І пані Ядзя пабегла класічным спосабам. А дахавікі за ёй, паўтараючы ўсе яе рухі. Спачатку ў дахавікоў атрымлівалася не вельмі добра. Некалькі разоў і Казік і Юзік падалі на бок. Але пакрысе яны сталі сябе адчуваць на лыжах больш упэўнена.
– Толькі не з’язджайце з горак, – павярнуўшы галаву крыкнула пані Ядзвіга дахавікам. – Вы яшчэ не навучыліся добра катацца.
Юзік паслухаўся Ядзвігу, а Казік – не.


6. НАГА Ў ГІПСЕ

Казік збочыў з лыжні і адштурхнуўшыся палкамі паехаў з гары ўніз. Гара была не вельмі стромкая, але ўся зарасла дрэвамі. Для вопытнага лыжніка ніякай праблемы. Але ж Казік стаў на лыжы ў першы раз.
– А-а-а! – гэта закрычаў Казік.
Ён пабачыў наперадзе бярозу, але зразумеў, што абмінуць яе не зможа.
Бах, бабах!!!
Казік моцна стукнуўся аб бярозу. На лобе адразу выскачыў гузак. Мацаванне адной лыжы трэснула і лыжа паляцела з горкі ўніз, а другая лыжа зламалася аб бярозу. Палкі разляцеліся ў розныя бакі.
Казік ляжаў у снезе. Ён паспрабаваў падняцца, але боль у левай назе не даў яму гэтага зрабіць.
Тут да Казіка падаспелі пані Ядзвіга і Юзік. Яны яго паднялі, узялі пад рукі і ўсе трое павольна пакрочылі да выхаду з парка. Казіку давялося скакаць на адной назе, абапіраючыся на сяброў. Побач з галоўным выхадам з парка знаходзілася больніца хуткай дапамогі. А пры ёй траўмпункт. Туды яны і накіраваліся.
Казіку зрабілі рэнтген і хірург сказаў:
– Закрыты пералом лыткі. На шчасце, без змяшчэння. Дзіўна, звычайна такія пераломы пры падварочванні ступні. А вы кажаце, што ўдарыліся аб дрэва. Ідзіце, вярней скачыце ў дванаццаты кабінет, там вам накладуць гіпс.
– А м-мне т-там не будуць р-рабіць укол? – дрыжачым голасам спытаў Казік хірурга. – Я в-вельмі б-баюся ўколаў.
– Не, не будуць, – адказаў хірург.
Ён нахіліўся да Казіка і ціха прашаптаў Казіку ў вуха:
– Сорамна прызнацца, але я сам баюся ўколаў. Так што разумею пана.
Пасля гэтых слоў у дахавіка адлягло ад сэрца.
У дванаццатым кабінеце малады доктар наклаў Казіку на нагу гіпсавую павязку. А пані Ядзвіга ўручыла яму драўляныя мыліцы, якія яна набыла ў артапедычнай краме насупраць траўмпункта. Так Казік на тры месяцы трапіў з гіпсам на ложак. На шчасце не на больнічны ложак, а на свой. Бо ў больніцы правесці тры месяцы – гэта вельмі сумна.
Адзіным станоўчым момантам гэтага здарэння стала тое, што Казік прыгадаў, дзе ён згубіў чароўную палачку. Палачка знікла ў населеным пункце, які носіць назву Люцынка.
Як толькі дахавіковы лоб крануўся бярозы, а з вачэй пасыпаліся іскры, у памяці Казіка сталі ўсплываць розныя забытыя падзеі і вобразы. Як вынікае, калі-некалі бывае карысна ўдарыцца лобам аб дрэва.
Але Юзіку Казік вырашыў пакуль не апавядаць пра чароўную палку. Праўда, ён так і не ўзгадаў, якія магічныя словы трэба вымавіць, каб палачка спрацавала. Бо проста так, без магічных слоў, яна не дзейнічала. А іх Казік і забыў. Столькі гадоў мінула.
Ці можа трэба было яшчэ раз ударыцца аб што-небудзь галавой? Каб з вачэй пасыпаліся іскры. І тады магічныя словы магчыма прыгадаліся б самі сабой.



7. АДНА НУДА НА ТРАІХ

Прайшоў час. Казікаў пералом зросся. Месяц штовечар дахавік шпацыраваў па вуліцах – трэніраваў нагу, каб яна працавала, як раней. Пасля – бегаў. Затым – пачаў лазіць па дахах.
Неяк самотны дахавік Казік надвячоркам сядзеў на сваім даху. Ён думаў пра чароўную палачку.
А потым глядзеў на горад. На чырвоныя дахі гістарычнага цэнтра, на шпілі касцёлаў і званіцы цэркваў, на розныя вышкі і хмарачосы.
Вунь тэлевежа. А там беласнежны касцёл святога Францішка. А вунь за дамамі былая ваданапорная вежа, у якой цяпер кватэры працаўнікоў Горвадаканала.
Пасля таго, як гэты пункт вячэрняй праграмы быў выкананы, журботны Казік лёг спінай на дахоўку і пачаў глядзець у вышыню. На ўжо цямнеючае неба. Цяпер у Казіка быў другі пункт вячэрней праграмы: нуда. Казік нудзіўся. Сумаваў. Ён рабіў гэта з вялікім задавальненнем. Бо нават нудзіцца трэба ўмець. І любіць.
Але ўволю панудзіцца аднаму ў дахавіка не атрымалася, бо раптоўна ён пабачыў у небе дзве плямкі. Плямкі наблізіліся і ператварыліся ў дзвюх птушак, якія ляцелі сабе, а потым змянілі курс свайго палёту і накіраваліся проста да Казіка.
Праз хвіліну птушкі селі на комін. Гэта былі дзве гарадскія вароны: ужо знаёмая нам Карына і яе суседка па дому Кармэн, шэрая варона віду Corvus cornix.
Казік прыпадняўся.
– Пр-рывітанне, Казік! – пракаркала Карына.
– Вечар добр-ры, – таксама пракаркала Кармэн. – Мяне завуць Кар-рмэн.
– Будзем знаёмы, – Казік зняў свой цыліндр.
– Вось ляцелі па спр-равах і пабачылі цябе на даху, – патлумачыла Карына. – Дай, думаю, да нашага Казіка завітаем.
– Прыемна вас бачыць, – ветліва сказаў Казік.
– А чым пан займаецца? – спытала ў дахавіка Кармэн.
– Ды нічым, – адказаў дахавік. – Нуджуся.
– А можна і мы панудзімся р-р-разам з панам? – папрасіла Кармэн.
– Ды калі ласка, – дазволіў Казік.
– Ну іх к чорту, гэтыя спр-равы, кар, – сказала варона Кармэн. – Я маю р-рацыю, Кар-рына?
– Несумненна, так, – падтакнула Карына.
Казік сеў каля коміна на якім уладкаваліся вароны і яны сталі моўчкі нудзіцца ўтраіх.
І прасумавалі цэлы вечар, аж пакуль не надыйшла ноч.
Тады вароны сабраліся ляцець дамоў. На вуліцу Шпітальную. Там на вярхушках дрэў у іх былі гнёзды.
А Казік сказаў варонам:
– А цудоўна мы прабавілі час? Вясёла.
– Так, так, кар, кар, – адказалі вароны і задаволеныя паляцелі спаць.


8. ЛЁТАЦЬ, ЯК ПТУШКА. АМАЛЬ.

Птушкі адляцелі. Казік у каторы раз ім пазайздросціў.
«Адштурхнуўся, памахаў крыламі і ты ўжо ў небе. Вольны, як вецер. Ляціш – куды хочаш. Эх, мне б так», – думаў дахавік.
Але народжаны поўзаць лётаць не ўмее.
А Казіку захацелася хоць на нейкі час адчуць сябе птушкай. Праўда, былі моманты, калі і ён лётаў. Толькі гэта было або ў снах, або тады, калі ён падаў з вышыні. З даху, з балкона, з дрэва… Але калі ён падаў, то вольным сябе не адчуваў. Думкі былі аб іншым. Аб тым, як будзе балюча, калі прызямліцца. А часам і такіх думак не было, бо ў часе падзення Казік проста не паспяваў падумаць – так хутка ўсё адбывалася.
Хоць тут варта агаварыцца, што Казік забыўся, як ён лётаў на бусле. Амнезія. З кім не здараецца. Ды і якое задавальненне, калі цябе ўзялі за шыварат і  паднялі ў паветра? Забудзеш тут.
А Казіку так хацелася лётаць.
І тут перад Казікавым носам з’явіўся квадракоптар. Ці, як іх яшчэ называюць, дрон. Лятальны апарат з чатырма маторчыкамі.
Ён не раптоўна з’явіўся. А павольна. Ціхенька сабе падняўся. Жужжаў як чмель. І прыпыніўся на ўзроўні Казікавага носа. Нерухома вісеў і глядзеў на дахавіка аб’ектывам відэакамеры, якая была прымацавана да квадракоптара.
Што адбылося далей – проста неверагодна. Казік нечакана ўхапіўся за дзве дужкі, якія знізу былі прымацаваны да квадракоптара, і адштурхнуўшыся ад чарапіцы даху сігануў проста ў нікуды.
Дрон пад цяжарам Казікавай вагі павольна пачаў апускацца да зямлі.
– Ваў! Ура-а-а-а!!! – крычаў Казік.
Ён нарэшце здзейсніў сваю мару і ляцеў. Няхай і павольна, няхай і дадолу, але ляцеў! Сам.
Казік адчуваў волю. Адчуваў шчасце.
А ўнізе стаялі разгубленыя тата і маленькі сын, якія і запусцілі ў неба гэты квадракоптар. Яны назіралі, як іх апарат апускаецца далоў.
Тата ў адчаі круціў джойстыкі пульта кіравання, націскаў розныя гузікі, але квадракоптар не слухаўся гаспадара.
Казік пазнаў сваіх суседзяў па дому, якія жылі на другім паверсе. Пана Адама і ягонага сына Вінцука.
– Тата, тата! Глядзі, гэта Калсан, які жыве на даху! – закрычаў карапуз.
Казік гледзячы на Вінцука падумаў, што ў Карлсана напэўна быў не адзін маторчык, а чатыры. І пісьменніца наўмысна падманула чытачоў, каб яны не нарабілі сабе такіх жа апаратаў і не пачалі лётаць перад вокнамі яе кватэры.
А хлопчык усё крычаў:
– Калсан, Калсан!
І ў гэты момант у гэтым пункце Зямлі было дзве шчаслівыя істоты. А мо і тры, бо кожны тата напэўна таксама шчаслівы, калі шчаслівае ягонае дзіцянятка.



9. МАРКОТНА Ў ГОРАДЗЕ ЛЕТАМ

А потым зноўку ў сталічны горад невялікай еўрапейскай краіны прыйшло чарговае лета. Кіпеў асфальт, гулі кандыцыянеры і капала з кандыцыянераў.
У жыцці дахавікоў Казіка і Юзіка гэта было ўжо двухсотае ці трохсотае  лета. А можа сто дзевяноста дзявятае ці сто дзевяноста восьмае. Хто яго ведае?
 Самі дахавікі не памятаюць, у якім годзе яны нарадзіліся. Ды што там, у якім годзе, яны нават не памятаюць, якое тады было стагоддзе і хто стаяў на чале краіны. А людзей, якія ведалі аб даце нараджэння Казіка і Юзіка, ужо даўно няма на свеце – папаўміралі.
Яно і не дзіўна, бо хто з людзей можа пражыць трыста гадоў? Ды нават і не трыста, а хаця б дзвесце ці сто пяцьдзясят?
Праўда кажуць, што трапляюцца такія экзэмпляры людзей, якія жывуць па сто пятнаццаць гадоў і нават па сто трыццаць пяць, як адна бабулька ў Парыжы, але гэта ж у Парыжы. А нашы ж дахавікі зусім не ў Парыжы нарадзіліся, дык адкуль той французскай бабульцы ведаць пра нашых сяброў-дахавікоў і іх узрост?
Але мы адхіліліся ад тэмы.
Дом №29 па вуліцы Замкавай, на паддашку якога жыў Казік, летам напалову пусцеў, бо шмат жыхароў, збольшага пенсіянеры і дзеці, пераязджалі жыць на лецішчы і ў летнікі. Ці як шмат хто цяпер кажа – на дачы і ў летнія лагеры адпачынку. А калі надыходзілі выходныя, то і астатнія жыхары Казікавага дома сядалі ў свае аўтамабілі, электрамабілі, у аўтобусы і электрычкі, а некаторыя нават на ровары, і ехалі за горад.  Туды ж – на лецішчы. А таксама праведаць дзяцей у летніках.
А Казік заставаўся ў горадзе. І Юзік, які жыў у іншым раёне горада, таксама заставаўся.
– Не, ну вельмі крыўдна, – паскардзіўся праз відэасувязь Казік Юзіку, – яны там адпачываюць на прыродзе, дыхаюць паветрам, а мы з табой тут нюхаем асфальтавыя выпарэнні і маркоцімся. Бо табе ні  папалохаць каго-небудзь, ні добрую справу зрабіць. Каму зробіш добрую справу, калі практычна нікога няма? Ну, акрамя тых, якія сваімі аўтамабілямі псуюць паветра на вуліцах?
– Мне зрабі добрую справу, – адказаў Юзік, – а то ў мяне макулатуры назбіралася тон з пяць, дык ужо і спаць амаль няма дзе, бо ўсю прастору захапілі старыя паперы. Дык аднёс бы ты гэтую макулатуру, Казік, у прыёмны пункт.
– У прыемны пункт? – здзівіўся Казік. – А што там прыемнага ў гэтым пункце? Дармовы вай-фай ці можа цукеркі даюць?
– Ды не прыемны, а прыёмны. Пры-ём-ны! Гэта такое месца, дзе прымаюць розныя старыя паперы і кнігі.
– Ты Юзік невыправімы, ты адной толькі выгады шукаеш у любой сітуацыі.
– А чаму б і не, гы-гы, – адказаў са смехам Юзік. – Высокаадукаванай істоце грэх не выкарыстаць сябра ў цяжкую гадзіну. Гы-гы.
– Пяць тон, які жах, – працягваў бурчэць у манітор ноўтбука Казік. – Гэта ж колькі дрэў трэба было спілаваць, каб ты, Юзік, назбіраў пяць тон макулатуры? Вось з-за такіх чытачоў у нас лесу амаль і не засталося. Дзе, скажы мне, дзе мядзведзям жыць, га? Дзе гэтым, як іх – мамантам, хавацца?
– Якія маманты, Казік? Ты што, зусім ужо з глузду з’ехаў? Лухту нейкую вярзеш. Маманты даўным даўно вымерлі.
– Вось таму і вымерлі, што такіх чытачоў, як ты, развялося, што тых мурашоў. Пакуль ніхто чытаць не ўмеў – маманты былі, а як толькі чытаць усе навучыліся (не маманты, вядома, а людзі і розныя дахавікі) – маманты зніклі. Няма больш мамантаў!
Юзік хацеў запярэчыць, але Казік не даў.
– Ау! Маманты! – Казік выгукнуў гэтыя словы ў мікрафон ноўтбука так, што Юзік на іншым канцы горада амаль не зваліўся на падлогу з крэсла. І аглух на цэлую мінуту.
А калі слых ізноў вярнуўся да Юзіка, то ён крыкнуў Казіку:
– Ты яшчэ скажы, што з-за мяне і дыназаўры з паверхні планеты зніклі!
Але раззлаваны Казік яго ўжо не чуў, бо закрыў свой ноўтбук. А калі б ён не выключыў ноўтбук, то Юзік паспеў бы яму распавесці пра электронныя кнігі, якія можна чытаць не думаючы пра тое, што псуеш дрэвы на паперу. Але не паспеў.



10. ПАЕЗДКА Ў ЛЮЦЫНКУ

Прайшло некалькі дзён пасля размовы дахавікоў. Казік з Юзікам усё так жа маркоціліся ў душным горадзе. У рэшце рэшт дахавікі стэлефанаваліся і вырашылі на нейкі час выбрацца за горад.
Дакладней, спачатку гэта вырашыў Казік, які і прапанаваў Юзіку падацца ў вёску Люцынку, за сорак кіламетраў ад горада.
Галоўнай прычынай вандроўкі ў Люцынку было тое, што менавіта там калісьці знікла чароўная палачка.
Пра гэта Казік успомніў, калі ўзімку трапіў лобам у бярозу, катаючыся на лыжах. Іскры паляцелі з вачэй Казіка, у назе і галаве нешта шчоўкнула, і тут ён прыгадаў, дзе згубілася чароўная палка. Вось як яно бывае.
Дахавік канкрэтна не памятаў, пры якіх абставінах ён пазбавіўся чароўнай палачкі, але адбылося гэта менавіта ў Люцынцы.
Але ён пакуль так і не паведаміў Юзіку пра тое, што прыгадаў, дзе знікла чароўная рэч. Усяму свой час.
– Алё! – крычаў Казік у мабільнік. – Алё! Юзік, чуеш? А паехалі з’ездзім куды-небудзь за горад. Напрыклад, у Люцынку.
– Ну паехалі, – адказаў Юзік. У ягоным голасе чулася неахвота.
– Колькі мы там з табой не былі? Гадоў сто? – няўпэўнена спытаў Казік.
– Больш. Сто пяцьдзясят з хвосцікам, – адказаў Юзік.
Калі б Казік не прапанаваў сябру здзейсніць вандроўку, то Юзік цэлае лета праседзеў бы нявылазна ў сябе на даху, чытаючы ўсё, што патрапіць у рукі. Ад інструкцый па выкарыстанні побытавой тэхнікі да жаночых часопісаў. За чытаннем Юзік бы і не заўважыў, як праляцелі тры летнія месяцы.
Казік прапанаваў паехаць разам з імі і агульнай сяброўцы вароне Карыне, але яна гэтым разам не змагла, бо падпрацоўвала нянькай у нейкай знаёмай сям’і варонаў.
– Ды няхай, – сказаў Юзік. – Затое Карына заробіць грошай. І цалкам можа быць, што зводзіць нас у кавярню. Хе-хе.
– Ну ты, Юзік, і цынік, – з дакорам прамовіў Казік. Сказаў, як прыгваздзіў. Як убіў у сэрца цвік.
– Ужо і пажартаваць нельга, – бараніўся Юзік, які не чакаў такой рэакцыі на свае словы.
Калісьці, гадоў так сто пяцьдзясят таму, калі верыць Юзіку, які лепш помніў даты, дахавікі гасцявалі ў Люцынцы. У вядомага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гасцявалі – гэта занадта гучна сказана, бо спачатку пан Вінцэнт і не ведаў, што на гарышчы яго дома жывуць нейкія дахавікі. І толькі аднойчы, калі ён па неадкладных справах туды палез (кажуць, што ён на гарышчы хаваў свае рукапісы), то заўважыў у старым куфары Юзіка і Казіка. Яны соладка спалі на паперах пана Вінцэнта.
Пан Вінцэнт быў не толькі пісьменнікам, але, няхай чытачы даруюць за таўталогію, яшчэ і панам.
Наогул кажучы, усе людзі паны. І нават дахавік Казік – пан. І Юзік таксама пан. Але былі яшчэ і над панамі паны. Пісьменнік Вінцэнт якраз і быў адным з іх. І ў яго быў невялікі маёнтак. Гэта значыць кавалак зямлі і сяляне, якія працавалі на яго. Не на кавалак зямлі, зразумела, працавалі, а на пана Вінцэнта. А яшчэ ў пана Вінцэнта была прыватная школка і менавіта ў ёй потым Казік і Юзік навучыліся чытаць. Ад таго часу ў Юзіка ўлюбёная кніга – творы Адама Міцкевіча на польскай мове. Бо школка ж была польская. А вось у Казіка ўлюбёнай кнігі не было, бо чытаў ён, у параўнанні з Юзікам, мала.
Быў у пана Вінцэнта і ўласны тэатр. Адзін з першых у нашым крае. Але ў тым тэатры Казік з Юзікам не гралі, бо не было і няма ў іх артыстычнага таленту, не надзялілі іх гэтым талентам ні прырода-матухна ні Бог-айцец.


11. ДАРОГА

І вось праз шмат гадоў дахавікі вырашылі зноў наведаць Люцынку. Яны і раней туды ўсё збіраліся, але ім заўсёды што-небудзь перашкаджала.
Даехаўшы на метро да станцыі «Каменная морква», Казік падняўся на паверхню і пабачыў Юзіка, які ўжо чакаў яго каля ўваходу на станцыю.
– Здароў, стары! – крыкнуў Казік сябруку.
– Здароў, калі не кпіш, – буркнуў Юзік і паціснуў Казікаву руку. – Колькі цябе можна чакаць, я тут ужо цэлую гадзіну тырчу.
Каля станцыі метро знаходзіўся аўтобусны прыпынак, дзе спыпыняліся аўтобусы прыгарадных маршрутаў.
Дахавікі залезлі ў аўтобус, што ішоў у бок Люцынкі. Яны разваліліся ў крэслах і пад ненавязлівы гук тэлевізара, які вісеў у салоне, пачалі драмаць у прыемным чаканні прыезду ў вёску. Але паспаць не дала гучная кампанія турыстаў з суседняй краіны, якія заўважылі дахавікоў і пачалі іх даймаць сваёй балбатнёй.
– Ваша краіна нічым не адрозніваецца ад нашай, – казалі Казіку і Юзіку  турысты. – Усё ў вас па-нашаму, нават вунь на дарожнай шыльдзе напісана «Соблюдать скоростной режим».
– Як гэта нічым не адрозніваецца? – здзіўляліся Казік і Юзік.
– Так, не адрозніваецца, – зноў паўтаралі турысты.
– А ў вашай краіне ёсць дахавікі? – пыталі турыстаў Юзік з Казікам. – Няма? Ну во, а кажаце, што мы нічым не адрозніваемся.
– Дахавікоў у нас сапраўды няма, – адказаў адзін з турыстаў. – Але я ведаю аднаго заводскага дамавіка Казюка, які жыве ў нашым горадзе на збройным заводзе.
– Па-а-думаеш, заводскі Казюк, – сказаў Казік. – А дахавікоў няма. Ха-ха, нічым не адрозніваемся…
– А дзе вы ўвогуле былі ў нашым краі? – спытаў турыстаў дахавік Юзік.
Турыст, які апавёў пра Казюка са збройнага завода, адказаў за ўсіх:
– Шмат дзе. У сталіцы, на азёрах, у пушчы. Потым яшчэ на Шчуш… На Шчучы… На Шчушчышы… Цьфу ты! Не магу вымавіць.
– Можа на Шчучыншчыне? – спытаў Казік.
– Так, так, – пацвердзіў турыст.
– А скажыце яшчэ раз «Шчучыншчына», – папрасіў турыста Юзік.
– Шчу-шчы-шц… – і турыст ізноў запнуўся. Аж успацеў.
Дахавікі пачалі рагатаць.
– Гы-гы-гы.
Яны рагаталі так, што замежныя турысты нават пакрыўдзіліся на гэты смех.
А потым, затыкнуўшы вушы бярушамі, дахавікі соладка заснулі з думкай, што як класна яны «зрабілі» Шчучыншчынай гэтых снобаў-турыстаў.
І праспалі аж да самай Люцынкі.
Аўтобус спыніўся на прыпынку. Адчыніліся дзверы і заспаныя дахавікі вылезлі з аўтобуса. На такую калісьці знаёмую і такую цяпер незнаёмую люцынскую зямлю.
– Праз гадзіну я буду вяртацца ў горад! Сёння рэйсаў у Люцынку больш не будзе, таму, калі што, чакайце тут! – праз гучнае гудзенне матора крыкнуў дахавікам кіроўца аўтобуса.


12. ВЁСКА

Люцынка ўяўляла сабой дзясятак акуратных рознакаляровых хатак, побач з якімі былі невялікія і такія ж акуратныя агароды.
Мясцовым жыхарам відаць найбольш падабаліся жоўты, чырвоны і зялёны колеры, бо дамкі былі пафарбаваны пераважна ў гэтых колерах.
– Казік, мы выпадкова не ў суседнюю паўночную краіну прыехалі? – пажартаваў Юзік.
– Чаму? – здзіўлена спытаў Казік.
– Бо колеры ў хат, як у сцяга паўночнай краіны – жоўта-зялёна-чырвоныя.
– І адкуль ты ўсё ведаеш, Юзік? Пра сцягі і колеры, – захоплена сказаў Казік, чарговы раз здзівіўшыся эрудыцыі сябрука.
У дахавікоў склалася такое ўражанне, што вёска спіць, бо на вуліцы не было ніводнага чалавека.
– Ну, у які бок пойдзем? – спытаў Юзік Казіка.
– А куды тут ісці, калі ўся вёска – адна вуліца? – адказаў пытаннем на пытанне Казік.
– Як куды ісці? – здзівіўся Юзік. – Як сказаў бы наксітраль Паўчаравіка, можна ўперад, можна назад. У нас мінімум два варыянты.
– Пайшлі тады да дома пана Вінцэнта, – сказаў Казік. – Помніцца ён на гары стаяў. Ага, вунь і яна ў зеляніне дрэў.
– Так, і я прыгадаў! – радасна выгукнуў Юзік.
І дахавікі пакрочылі ў напрамку найвышэйшага пункту вёскі.
Калі Казік з Юзікам падыйшлі да гары, то іх ахапіла расчараванне. Вінцэнтавага дома не было, ад яго засталіся толькі абгароджаныя ланцугом прыступкі ганка, па якіх так весёла калісьці скакалі дахавікі. На месцы самога дома стаяў невялікі абеліск з выявай пісьменніка.
– Глядзі, сапраўды падобны на пана Вінцэся, – сказаў Юзік, калі яны наблізіліся да помніка. – Ну праўда ж, Казік?
– Праўда, – адказаў Казік. – Такі ж таўсцячок.
Каля таго месца, дзе жыў калісьці пан Вінцэнт, знаходзіўся невялікі двухпавярховы дамок.
– А можа ў ім жывуць сваякі пісьменніка? – выказаў здагадку Юзік.
– Я не ведаю, – сказаў Казік.
Тут на вуліцы нарэшце з’явіўся нейкі жыхар вёскі. Ён ішоў хістаючыся з боку ў бок і гучна спяваў песеньку:

Ад панядзелка да панядзелка дробны дождж ідзе,
Сабралася бедна басота ды гарэлку п’е…

Казік вырашыў звярнуцца да гэтага вясёлага жыхара Люцынкі. І падыйшоў да тубыльца.
– Вітаем, паважаны пане, – сказаў ветліва Казік і зняў з галавы свой капялюш, калі вясковы спявак змоўк. – Ці не падкажаце, хто жыве ў гэтым доме?
І Казік паказаў на двухпавярховы дамок.
– Чаму ж не? Падкажу, панове, – радасна сказаў спявак, які ўзрадаваўся таму, што хоць з некім можна пагаварыць на пустой вуліцы. – Дарэчы, мяне завуць Юрка. Тут жыве сям’я Балтавічусаў. Бацька, маці, і трое дзетак. Яны нядаўна пераехалі з горада. А вунь там за возерам стаіць іхні атэль, дзе вам можна прыпыніцца і пераначаваць.
І, развітаўшыся, вясёлы жыхар Люцынкі пакрочыў далей, спяваючы іншы куплет сваёй песенькі:

П’ем мы гарэлку, п’ем мы вішнёўку, будзем піць віно,
А хто прыйдзе, з нас насмяецца – будзем біць таго…

За возерам і сапраўды быў відзён вялікі дом пад гонтавым дахам.
– Глядзі, Казік, які прыгожы дом. І выглядае так, быццам пабудаваны ў пазамінулым стагоддзі, у часы Марцінкевіча. Пайду зірну, цікава ж.
І Юзік пайшоў паглядзець на атэль пана Балтавічуса. А Казік сеў на прыступкі ганка, якія засталіся ад Марцінкевічавага дома.

Толькі Юзік схаваўся за рогам атэля пана Балтавічуса, як раптоўна ўзняўся жахлівы вецер. Неба імгненна зацягнула хмарамі і пачаўся моцны дождж. Сапраўдная залева. Казік нават не паспеў дабегчы да найбліжэйшай хаты і схаваўся ад дажджу ў хмызняку. Навокал цяклі ручаі вады.
Дождж скончыўся так жа раптоўна, як пачаўся і ўсё навокал адразу зацягнула туманам.
Казіку зрабілася кепска. Магчыма ў яго панізіўся ціск. Або павысіўся. Усё перад вачыма Казіка паплыло, затым у вачах пацямнела, а ў вушах загуло. Потым Казік у тумане раптоўна пабачыў няясную постаць пісьменніка Вінцэнта, а побач … сябе і Юзіка. У вачах ізноў пацямнела… І ён страціў прытомнасць.
Калі праз нейкі час дахавік Юзік вярнуўся туды, дзе ён пакінуў Казіка, то ён пабачыў, што сябар знепрытомеў і ляжыць пад мокрым кустом. Ён падбег да Казіка, стаў яго тармашыць і прыпадымаць. Хутка Казіку палепшала. Нарэшце сябар ачуняў.
– Што гэта здарылася, Юзік? – спытаў сябра Казік.
– Нават не ведаю, – адказаў яму Юзік. – Можа смерч ці ўраган?
Дахавікі крыху пасядзелі, а потым паціху пайшлі да аўтобуса, бо час быў вяртацца.
– Ну вось, чароўную палачку не знайшлі – слабым голасам сказаў сам сабе Казік, – няўдала мы з’ездзілі.
– Чаму ж няўдала? – запытаў Юзік, які з мармытання Казіка расчуў толькі апошнія словы. – Жывыя, амаль здаровыя. Трэба будзе яшчэ раз прыехаць. 
– Прыедзем, – запэўніў Казік.
І дахавікі павольна пабеглі да прыпынка, каля якога ўжо спыніўся аўтобус. Мінула роўна гадзіна. Кіроўца аўтобуса не падмануў.


13. КАЗІК ПРЫЗНАЕЦЦА ЮЗІКУ, ДЗЕ ЗГУБІЎ ЧАРОЎНУЮ ПАЛАЧКУ

Аўтобус зафырчэў і пакаціў у бок горада. Турыстаў з суседняй краіны гэтым разам у салоне не было, таму дахавікі спакойна адпачывалі ад вясковых прыгод.
 – Казік, а ты помніш Асю – служанку князя Радзівіла? А тое, як мы падарожнічалі ў шахтах? – нечакана спытаў паўсоннага сябра дахавік Юзік.
– Не, Юзік, не помню. Бо я жыву так доўга, што шмат чаго забыў. Адчапіся.
– Я таксама шмат чаго не помню, – сказаў Юзік. На жаль. Але файна, што я помню шмат чаго, што не помніш ты. А ты помніш шмат таго, што не помню я. І гэта цудоўна, ну сапраўды ж, Казік?
– Сапраўды. Яшчэ са мной часам бывае так, што я адчую які-небудзь пах і раптам прыгадваю нейкую падзею, – прамармытаў Казік.
І ён ізноў задрамаў. Потым прачнуўся і думаў пра Люцынку.
На паўдарозе да горада Казік вырашыў патэлефанаваць пані Ядзвізе і распавесці пра сённяшнія прыгоды. Ён палез за тэлефончыкам у кішэнь, але раптам заўважыў, што тэлефончыка няма. Казік згубіў свой смартфон. Чорны паліраваны тэлефончык. Верагодна ён вываліўся з кішэні ў Люцынцы, калі Казік страціў прытомнасць.
– Юзік, у мяне для цябе дзве навіны. Адна добрая, другая – кепская. З якой пачаць?
– З кепскай, – адказаў Юзік.
– Я згубіў у Люцынцы свой смартфон.
– А якая добрая навіна? – сумна спытаў Юзік, падлічваючы, у колькі абыйдзецца пакупка новага тэлефона.
– Я прыгадаў, дзе знікла чароўная палачка, – паведаміў навіну Казік.
– Аёй! Няўжо? – Юзік аж падскочыў. Вочы дахавіка свяціліся радасцю і адначасова у іх быў недавер.
Сябры даехалі да горада і ўжо на Казікавым гарышчы абмеркавалі сітуацыю.
У Юзіка ўзнікла ідэя звярнуцца да знаёмага доктара-гіпнатызёра Збігнева Цукермана.
– Ёсць у мяне адзін знаёмы, – сказаў Юзік. – Доктар.
– Я што, хворы? – здзіўлена спытаў Казік.
– Ты не даслухаў, – перабіў яго Юзік. – Доктар-гіпнатызёр. Мы з ім пазнаёміліся калісьці ў гарадской бібліятэцы. Пан Збігнеў уводзіць у становішча гіпнозу. У гэтым становішчы можна прыгадаць нават тое, што забыў сто гадоў таму.
– Ты не хлусіш? – недаверліва спытаў Казік.
– Навука. Гэта табе не хухры-мухры, – запэўніў Юзік.
І Юзік патэлефанаваў доктару Цукерману. З просьбай, каб той увёў Казіка ў становішча гіпнозу. І тады Казік у гэтым становішчы прыгадае, як і дзе знікла чароўная палачка.
Цукерман згадзіўся. І прызначыў час для сеансу гіпнозу.


14. СЕАНС ГІПНОЗУ

Ва ўмоўлены час Юзік з Казікам падыйшлі да клінікі доктара Цукермана. Клініка знаходзілася на першым паверсе трохпавярховага дома. Яны зайшлі ў фае клінікі, дзе была і рэгістратура і гардэроб. Дахавікоў сустрэла прыгожая супрацоўніца ў белым халаце і на высокіх абцасах.
– Дзень добры, – мілагучным голасам павіталася з дахавікамі супрацоўніца клінікі. – Маё імя Матыльда. Чым магу дапамагчы? Вы запісаны да доктара Цукермана? Як вашы прозвішчы? Я ўдакладню час.
Адразу столькі пытанняў, што сябры нават збянтэжыліся.
– А ў нас няма прозвішчаў, – разгублена сказаў Юзік.
– Як няма? – здзівілася супрацоўніца Матыльда. – Ва ўсіх ёсць прозвішчы.
– Так, няма, – пацвердзіў словы Юзіка Казік. – Я дахавк  Казік, а гэта дахавік Юзік. Казімір Казіміравіч і Язэп Адамавіч.
– О, дык у вас усё ж ёсць прозвішчы. Пан Казіміровіч і пан Адамовіч. Добра, я зараз удакладню час прыёму, – сказала Матыльда, утаропіўшыся ў манітор камп’ютэра.
– Якія прозвішчы? – буркнуў Казік. Гэта імёны па бацьку.
Але Юзік таргануў Казіка за рукаў. Маўляў, не спрачайся – не першы раз нас абзываюць Казіміровічам і Адамовічам.
Яны пакінулі свае капялюшы ў гардэробе і Матыльда, цокаючы абцасамі па кафельнай падлозе, адвяла сяброў у кабінет доктара Цукермана.
– Збышак, тут да цябе пацыенты. Дахавікі, – пачулі яны праз прычыненыя дзверы.
– Вітаю, панове, – доктар Цукерман, таксама ў белым халаце, расплыўся ва ўсмешцы. – Заходзьце, заходзьце, зачакаўся.
Збігневу Цукерману на выгляд было каля шасцідзясяці гадоў. Невысокі, з кучаравымі валасамі, на пальцах левай і правай рукі па залатому пярсцёнку. З-пад накрухмаленага халата была бачна белая кашуля і чорны гальштук.
– Доктар, – звярнуўся Юзік да Цукермана, – Казік прыкладна сто пяцьдзясят гадоў таму згубіў у Люцынцы чароўну палачку. Ці можна неяк даведацца, як гэта адбылося? І прыгадаць канкрэтнае месца, дзе згубілася палачка?
– Гарантыі не дам, але паспрабаваць можна, чаму б не? – адказаў доктар. – Ведаеце, у маёй практыцы быў адзін выпадак, калі пацыент успомніў, дзе ён закапаў яйка дыназаўра. А гэта адбылося больш, чым сто пяцьдзясят гадоў таму.
Дахавікі недаверліва пераглянуліся, але нічога не сказалі.
Доктар пасадзіў Казіка на крэсла і загадаў счапіць рукі ў замок на патыліцы. Казік падпарадкаваўся.
Цукерман палічыў да трох і Казік не змог расчапіць рукі. Потым доктар загадаў:
– Спаць!!!
І Казік заснуў. Доктар увёў яго ў транс.
Але Юзік не паверыў, што Казік у гіпнатычным трансе.
– Не верыш? – спытаў Цукерман. – Мне – доктару гіпнатычных навук не верыш? Даўно мяне так ніхто не абражаў! Ну глядзі.
Доктар дастаў з шуфляды цыбуліну і сказаў Казіку:
– Я даю табе апельсін. Еш!
Казік з заплюснутымі вачыма ўзяў цыбуліну і пачаў яе грызці.
– Смачны апельсін? – спытаў Цукерман.
– Вельмі, – адказаў Казік.
– Абхазскі апельсін ці мараканскі? – задаў пытанне доктар.
– Мараканскі, – жуючы адказаў Казік. І даеўшы цыбуліну аблізнуўся.
У Юзіка вочы палезлі на лоб ад здзіўлення.
– Ну… – пачаў ён нешта казаць і запнуўся.
А доктар Цукерман пачаў гутарыць з Казікам. Ён распытваў яго пра Люцынку. Прасіў прыгадаць той дзень, калі знікла чароўная палачка і пра дзеянні Казіка.
І Казік прыгадаў. Ён  расказаў доктару, як калісьці, сто пяцьдзясят гадоў таму, калі яны з Юзікам жылі ў пана Вінцэнта ў Люцынцы, знайшоў чароўнае чорнае люстэрка. Люстэрка было падобна на паліраваны граніт. І нагадвала … сучасны смартфон. Чорны мабільны тэлефончык, такі ж, які нядаўна згубіў Казік.
Гэтае люстэрка Казік вырашыў схаваць. Закапаць у Люцынцы каля ганка Вінцэнтавага дома. Уначы Казік употайкі пачаў капаць ямку каля ганка і натыкнуўся на гаршчок з манетамі. Хтосьці да яго ўжо закапаў на гэтым месцы скарб. Казік паклаў у гаршчок з манетамі чорнае люстэрка і зноў закапаў гаршчок. Менавіта тады і знікла чароўная палачка. Казік яе згубіў. Верагодна чароўная палачка выпала з ягонай кішэні ў гаршчок. Але Казік не сказаў пра гэта Юзіку. Пабаяўся. Потым дахавікі пакінулі Люцынку і забыліся на гэты скарб.
І вось толькі што Казік гэта прыгадаў.
Доктар Цукерман вывеў Казіка з трансу. Казік нічога не памятаў. Ні пра цыбуліну ні пра свой расповед. Юзік усё яму апавёў.
– Вось што, панове, – сказаў доктар Цукерман. – За маю працу я папрашу ў вас дзясятую частку грошай з гэтага гаршчка. Што рабіць, трэба ўтрымліваць клініку. Ды і персанал мне дорага абыходзіцца, увесь час патрабуе павышэння заробку, – быццам апраўдваючыся, сказаў доктар.
– Разумеем, – пагадзіўся Юзік.
І дахавікі развіталіся. А калі яны забіралі ў гардэробе капялюшы, то Юзік падыйшоў да Матыльды і папрасіў нумар тэлефона. Тая напісала і працягнула паперку.
– Навошта табе яе нумар? – здзівіўся Казік.
– А раптам не дазванюся да доктара Цукермана, – патлумачыў Юзік.
– Лагічна, – пагадзіўся Казік.


15. СКАРБ

Праз тыдзень дахавікі зноў прыехалі ў Люцынку. Увечары. Апошнім рэйсам аўтобуса.
Яны нікім не заўважаныя дайшлі да гары, дзе калісьці стаяў дом пана Вінцэнта.
Казік з Юзікам скралі ў пана Балтавічуса дзве рыдлёўкі, якія ляжалі каля ўваходу ў дом. Пан Балтавічус выйшаў на двор і хапіўся рыдлёвак.
– Ах халера-трасца!!! – вылаяўся Балтавічус, – рыдлёўкі зніклі.
Але дарэмна ён злаваўся на шкодных Халеру  і Трасцу, бо гэта не яны, а нашы добрыя дахавікі пазычылі ў яго рыдлёўкі.
Уначы дахавікі выкапалі побач з ганкам ямку і знайшлі гаршчок са скарбам. Яны хуценька паклалі яго ў заплечнік і раніцай, першым жа аўтобусам, вярнуліся ў горад.
На Казікавым паддашку сябры распячаталі гаршчок. Там сапраўды былі залатыя дукаты, нейкая палка, падобная на тоўсты аловак фірмы Brauberg і … мабільны тэлефончык.
???
Чорнага колеру, сапраўды падобны і на люстэрка і на паліраваны кавалак чорнага граніту.
– Ура!!! – закрычаў Казік, калі пабачыў тоўсты аловак. – Юзік, чароўная палачка знайшлася.
Казік скакаў трымаючы ў руках аловак-чароўную палачку. Юзік выхапіў у яго палачку і таксама пачаў скакаць.
– Ура, знайшлі! – крычаў Юзік.
– А гэта мой тэлефончык, які я згубіў, – радасна сказаў Казік, выцягваючы мабільнік з гаршчка.
Гэта сапраўды быў тэлефончык, які Казік згубіў тыдзень таму ў Люцынцы.
– Але як? Як ён туды трапіў? – гучна спытаў Юзік? – Не было мабільных тэлефонаў у ХІХ стагоддзі. Тым больш, гэта твой тэлефончык. Які ты згубіў тыдзень таму.
– Я не ведаю, – адказаў Казік.
– Давай прасушым акумулятар і паспрабуем зарадзіць тэлефон, – прапанаваў Юзік. – Адзін мой знаёмы, – працягваў ён, – згубіў увосень на агародзе тэлефон. Знайшлі яго толькі вясной. Тэлефон раздзьмуўся. Знаёмы высушыў акумулятар на пячы і тэлефон пачаў працаваць як новы. Давай і мы паспрабуем.
Дахавікі высушылі тэлефончык на сонейку, зарадзілі яго і ўключылі. Здзіўленню іх не было межаў: тэлефон уключыўся. Пасля ўключэння на экране тэлефончыка з’явілася застаўка ў выглядзе фатаграфіі, на якой былі Юзік, Казік і … пан Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
– Як? – сінхронна ў голас выгукнулі Юзік і Казік. – Як такое магло здарыцца?
Але ніхто ім не адказаў на гэтае пытанне.
Пасля гэтага дахавікі ізноў паехалі ў клініку Цукермана. Дзе аддалі дзве жмені дукатаў доктару. Як і абяцалі.
Уначы Казік і Юзік закапалі гаршчок з залатымі дукатамі і чароўнай палачкай у гарадскім парку. Каб ізноў не згубіць. Да лепшых часоў.
Дахавікі капалі ямку, а з гушчару за імі ў гэты час пільна сачыла пара вачэй.


16. РЭКАНСТРУКЦЫЯ

Дахавік Казік, які соладка спаў на сваім гарышчы пасля начнога шпацыру па дахах і прагляду мультфільмаў, прачнуўся ад шуму. Казік не расплюшчваючы вачэй намацаў на крэсле, якое стаяла каля ложка, тэлефончык і паднёс яго да свайго твару. Потым Казік расплюшчыў адно вока, за ім – другое, і паглядзеў на экран.
– Вой, ужо тры гадзіны апоўдні, – здзівіўся Казік.
Недзе чуліся глухія ўдары:
Бом, бом!
Гэтыя ўдары заглушала нейкае рычэнне. Казік спусціўся са свайго гарышча ў пад’езд дома. Жыхароў нідзе не было бачна. Але Казік здівіўся не гэтаму, бо жыхары, на думку Казіка, былі на лецішчах. Казік здзівіўся іншаму – таму, што дзверы амаль усіх кватэр былі расчынены.
«Гм, дзіўна, з чаго б гэта?» – падумаў дахавік.
Ён ізноў залез да сябе на гарышча, а адтуль на дах дома. Цяпер бухканне і рычэнне былі чутныя яшчэ больш. Казік падыйшоў да краю даху і паглядзеў уніз. Яго здзіўленню не было мяжы – маленькія людзі ўнізе, ну быццам тыя лялькі Барбі і Кены, узводзілі плот навокал Казікавага дома. Людзі пэўна ж не былі цацачнымі – гэта з вышыні здавалася, што яны маленькія. А так, па факце, гэта былі звычайныя сярэднестатыстычныя людзі, ростам 1 метр 75 сантыметраў. І яны, гэтыя сярэднестатыстычныя людзі, усталёўвалі металічную агароджу.
«Што такое? Што такое, што здарылася?» – усхвалявана задаваў сам сабе пытанні Казік. Да таго ж, побач з домам працаваў бульдозер, які сваёй велізарнай рыдлёўкай зносіў у двары дзіцячую пляцоўку і ўсё, што было на яго шляху.
«Што ж гэта робіцца? Людцы добрыя, ратуйце!» – бязгучна прашаптаў Казік, раптам усвядоміўшы, што сканчваецца ягонае спакойнае ціхамірнае жыццё.
– Людцы, ратуйце! – цяпер ужо гучна крыкнуў Казік, але ніводнай жывой душы акрамя дахавіка ў доме не было. Толькі наводдаль, каля іншага дома, бачыўся гурток людзей, якія назіралі за падзеямі. Хутчэй за ўсё, гэта і былі жыхары Казікавага дома, вярней, частка гэтых жыхароў. Пэўна ж, частка, бо ў доме жыло куды больш людзей.
Казік выбраўся на вуліцу і пабачыў на новабудаваным плоце шыльду. Так, так, пачытаем што тут напісана: «Пашпарт аб’екта. Рэканструкцыя жылога будынка па вуліцы Замкавай 29. Плошча… Колькасць паверхаў… Тэрмін сканчэння рэканструкцыі… Генпадрадчык ААТ НІТАК – НІГЭТАК…».
Казік пакрочыў да натоўпу жыхароў, каб даведацца, што ж адбываецца.
– І што тут робіцца? – спытаў Казік у старой пані, якая жыла на першым паверсе.
– Вы, здаецца, на даху жывяце? – спытала пані.
– Так, – адказаў Казік. – Вас завуць, завуць…
– Пані Рэгіна, – падказала суседка. Дык вось, высяляюць нас на ўскраіну горада, у цьмутаракань. Рэканструкцыя. Ведаем мы гэтую рэканструкцыю. Такая карупцыя, што крый Божа. Усё разбураць і пабудуюць тут які-небудзь чарговы гандлёвы цэнтр. Нам хоць нейкую жылплошчу даюць, а вам жа нічога не дадуць, бо вы свой дах не аформілі ва ўласнасць.
– А як я аформлю, калі ў мяне і пашпарта няма? Гэта ж помнік архітэктуры, помнік гісторыі, – працягваў Казік. – Тут Цішка Гартны бываў, мае цёзкі Казімір Малевіч і Кузьма Чорны ў кавярні каву пілі. Як можна?
– Дык чыноўнікі даўно ўсё вырашылі, няўжо вы нічога не ведалі? – спытала Казіка пані Рэгіна. – Мы вось стаім чакаем машыны, каб перавезці мэблю і рэчы ў новыя кватэры.
– Не, я нічога не ведаў, – адказаў Казік.
Ён адыйшоў у бок і патэлефанаваў сябру Юзіку.
– Бяда, Юзік! – крычаў у тэлефон Казік. – Ой, бяда! Юзік, прыязджай хутчэй! Тэрмінова!
І пасля гэтага Казік стомлена плюхнуўся на лаўку, якая стаяла ля пад’езда суседняга дома.


17. ШТО РАБІЦЬ?

Праз дваццаць мінут Юзік на ролікавых каньках пад’ехаў да лаўкі, на якой сядзеў пахмурны Казік. Хутка да іх далучылася і варона Карына, якой патэлефанаваў і запрасіў прыляцець Юзік. Карына ўладкавалася на спінцы лаўкі.
– Што здарылася, Казік? – амаль разам і ў адзін голас трывожна спыталі Карына і Юзік. Толькі варона яшчэ дадала: – кар-р.
– Высяляюць, – ціха прамовіў Казік. Ён паглядзеў на Юзіка, потым яго позірк апусціўся долу, на Юзікавы ролікавыя канькі. Вочы Казіка на хвілінку загарэліся.
– Юзік, ты навучыўся катацца на роліках!?
– Так, – пацвердзіў Юзік.
Тут Казік ізноў прыгадаў, што яго высяляюць з дома і аблічча яго спахмурнела.
– І навошта я рабіў рамонт на сваім гарышчы? Усё адно ўсё кату пад хвост, – сказаў ён.
– Якому кату? Базылю, кар-р? – спытала варона Карына.
– Ды не, – адказаў за Казіка Юзік. – Гэта такі фігуральны выраз.
– Фігуральны? Я люблю глядзець фігурр-ральнае катанне, – сказала варона.  І па тэлевізар-ры і ў лядовым палацы. Там такая пр-рыгожая музыка, такія прыгожыя фігур-рысткі.
Юзік паглядзеў на варону і ў адчаі махнуў рукой:
– Ды ну цябе, Карына. Заўжды ты ўсё блытаеш.
 Потым ён спачувальна паглядзеў на Казіка і дадаў:
– Свая хатка, як родная матка.
– І што ж мне цяпер беднаму няшчаснаму рабіць? – У чарговы раз пытаўся ў сяброў Казік.
– Юзік, ты ж такі раз-зумны і мудр-ры, пр-рыдумай што-небудзь, кар-р – звярнулся да Юзіка варона Карына.
– Я б Казіка да сябе ўзяў, але ж вы ведаеце, я сам жыву ў вельмі сціплых умовах, – сказаў Юзік.
– І я на сваёй Шпітальнай сціпла жыву, кар-р-р – каркнула Карына.
Юзік заклаў рукі за спіну і пачаў хадзіць туды-сюды. Працягвалася гэта мінут дзесяць ці дваццаць. Нарэшце Юзік прыпыніўся і выгукнуў слова «эўрыка»!
– Эўрыка! Прыдумаў, – сказаў Юзік.
– Што ты прыдумаў? – з цікавасцю спыталі яго сябры.
– Мы табе, Казік, купім аўтамабіль, – радасна сказаў Юзік.
– Навоша мне аўтамабіль? – збянтэжана спытаў Казік. – Мне жыць няма дзе.
– Вось у аўтамабілі пакуль і пажывеш, – адказаў Юзік. – Цяпер лета, цёпла. А там і рэканструкцыя скончыцца.
– Дык у мяне ані гарэлага шэлега няма, якая машына, Юзік? – Казік амаль заплакаў.
– Нічога, мы з Карынай табе дапаможам грашыма і купім па аб’яве ўжываны аўтамабіль, – супакоіў сябра Юзік.
Ён не сказаў Казіку, што возьме некалькі залатых дукатаў з закапанага ў парку гаршчка.
Уначы Юзік таемна адкапаў гаршчок і ўзяў некалькі дукатаў. Пасля гэтага ён  ізноў закапаў гаршчок. Юзік быў захоплены сваёй справай і не заўважыў, што за ім назіралі два вокі, якія блішчэлі ў цемры.
Адкапаныя залатыя дукаты Юзік абмяняў у знаёмых на сучасныя нармальныя талеры.
І сябры за невялікія грошы набылі Казіку стары аўтамабіль. І дахавік стаў у ім часова жыць, пакуль рамантавалі дом.


18. ПЕСНЯ ПРА БОЙКУ НА ЛУЗЕ

Дахавік Казік сядзеў у сваім новым старым аўтамабілі і ад няма чаго рабіць круціў ручку налад аўтамагнітолы. Мелодыі і песні з’яўляліся адна за адной і так жа раптоўна сканчваліся, абрываючыся на палове ноты і слова.
Нечакана Казік пачуў штосьці знаёмае. Нехта з магнітолы спяваў: «Юзік і Казік, Казік і Юзік».
– Няўжо гэта пра нас з Юзікам напісалі песню? Нішто сабе, крута! – ці тое падумаў, ці тое выгукнуў Казік.
Ён услухаўся ў тэкст песні. Незнаёмы выканаўца спяваў:

  Сустрэліся неяк выпадкам на лузе
Юзік i Казік, Казік i Юзік.
Казік спяшаўся і не павітаўся,
Юзік пакрыўдзіўся і раззлаваўся.

Юзік спыніўся і запытаўся:
«Хто ты такі? Адкуль ты ўзяўся?»
Казік у адказ далікатна змаўчаў,
А Юзік пакрыўджаны ў лоб яму даў.

Казік за Юзікаў гузік схапіўся
Ды на сырую зямлю паваліўся…

«Якая хлуслівая і абразлівая песня, – падумаў Казік. – Мы ніколі з Юзікам не біліся, і Юзік не даваў мне ў лоб. Толькі выпадкова ён мне пару разоў даў па носе. Аднойчы, калі мы ў цемры лавілі кажана».
Дахавік Казік вырашыў паведаміць пра песню Юзіку. Ён патэлефанаваў сябру і ўсё яму апавёў.
Дахавік Юзік пачаў суцяшаць Казіка:
– Плюнь, Казік. Гэта вядомая песня. Яна не пра нас. Гэты муз;;ы;ка, які спявае, усё прыдумаў. Ён спявае пра выдуманых Казіка і Юзіка. Пра нашых цёзкаў. Але прыдуманых. Разумееш?
– Сапраўды? – недаверліва спытаў Казік.
– Ага, – адказаў Юзік. – А мы з табой сапраўдныя. Жывыя. Мы нарадзіліся сотні гадоў таму, а песню прыдумалі толькі напрыканцы ХХ стагоддзя.
– Ну, дзякуй, сябра, ты мяне супакоіў, – радасна сказаў Казік. Добра, не буду цябе адцягваць ад важных спраў. Пакуль.
Дахавік Юзік выключыў свой мабільнік і ціха сказаў сам сабе ўслых:
– А ўсё ж добра, што ў песні гэта Юзік даў Казіку ў лоб, а не наадварот.


19. БАЗЫЛЬ І ВАСІЛІСА

Пачынала змяркацца. У горадзе пакрысе настала шарая гадзіна. Аўтамабілі на вуліцах засвяцілі бліжнім святлом фар. Раптоўна адначасова ва ўсім горадзе загарэліся ліхтары. У дамах пачалі адно за адным свяціцца вокны.
Час ішоў і шарая гадзіна змянілася сапраўднай ноччу. Уверсе, над горадам, у дадатак да аўтамабільных фар, ліхтароў і вокнаў, засвяціў месяц.
Да гарадскога парка наблізіліся сілуэты дзвюх чатырохлапых хвастатых постацяў, якія былі амаль нябачныя. Блішчэлі толькі чатыры вокі. Так, быццам у іх адлюстроўвалася поўня. Дакладней, чатыры поўні.
– Стой, трэба пачакаць, мур-мяў, – сказала адна постаць другой. І яны замерлі і сталі чагосьці чакаць.
А потым машыны і людзі пачалі знікаць з вуліц, вокны пачалі тухнуць, а месяц хутка засланілі аблокі…
Гарадскі парк акутала цемра. Толькі на цэнтральных алеях гэтую цемру прарэзвала святло ліхтароў. І вось ужо апошні чалавек пакінуў парк. У сваёй будцы засталіся толькі сонныя паліцыянты, якія ахоўвалі паркавую тэрыторыю.
– Пайшлі, час, – прашапацела ў ночы.
І чатырохлапыя хвастатыя істоты рушылі ў цемру.
Першая постаць цягнула за сабой дзіцячую рыдлёўку. Яны моўчкі праслізнулі праз адчынены ўваход у парк і збочыўшы з асфальтавай дарожкі шпарка пакрочылі ў бок дрэў. Прыпыніліся, пачуўшы, што нехта ідзе.
Побач прайшлі з ліхтарыкамі два паліцыянты, якія ахоўвалі парк. Яны ішлі да паліцэйскай будкі.
Каты затаіліся. Потым пакрочылі далей.
– Дзесьці тут, мур-мур, – прамурчэла постаць з рыдлёўкай. – Васіліса, шукай свежаўскапаную зямлю.
– Знайшла. Тут, мур, – адказала Васіліса. – Капай, Базыль, мяў.
Так, так, гэта быў знёмы нам шкоднік – чорны кот Базыль. Вораг дахавікоў Казіка і Юзіка.
Базыль быў разам са сваёй сяброўкай кошкай Васілісай.
І першая постаць, якая належала Базылю, пачала капаць зямлю. Вырыўшы ямку, Базыль нешта выцягнуў з яе. Гэта быў гаршчок, які закапалі Казік і Юзік.
– Знайшоў, мяў. У гаршчку – грошы! А галоўнае, Васіліса – чароўная палачка!
– Ура, мяў! – радасна прамяўкала Васіліса.
Базыль выцягнуў з гаршчка чароўную палачку.
– Што б такога загадаць, мур-мяў? – сам сябе спытаў кот.
– Загадай, мяў, два кіло сасісак, – падказала яму Васіліса. – Трэба ж праверыць палачку ў дзеянні.
Базыль памахаў палачкай і вымавіў:
– Хачу два кілаграмы сасісак.
І кот з кошкай сталі чакаць сасісак. Але нічога не адбывалася. Базыль занерваваўся.
– Дзе мае сасіскі? – Базыль трос і махаў палачкай. – Дзе сасіскі?
Тут кошка Васіліса здагадалася, што акрамя палачкі трэба яшчэ прамовіць магічнае слова. Або нават некалькі слоў. Заклінанне.
– Я бачыла па тэлевізары мультфільмы і ў іх чараўнікі перад тым, як махнуць палачкай, прамаўлялі заклінанне. Таму палачка і не працуе, – патлумачыла яна Базылю.
Тут трэба сказаць, што кошка Васіліса цэлы год жыла ў дзіцячым садку. У старэйшай групе. Там яна часта глядзела мультфільмы разам з выхаванцамі. І нават навучылася разам з імі чытаць.
– А якое заклінанне трэба сказаць? – спытаў кот.
– Не ведаю, – сказала Васіліса, – гэта сакрэтныя словы.
Базыль хацеў забраць палачку і гаршчок з манетамі, але Васіліса загадала ўсё закапаць.
– Ты што, мяў, дурань? – сказала яна Базылю. – Калі ты забярэш усё гэта, а дахавікі прыйдуць і не знойдуць скарб, то яны зразумеюць, што нехта яго скраў. І мы ніколі не даведаемся пра магічныя словы. І гэтая чароўная палачка будзе ўсяго толькі алоўкам – кавалкам драўніны.
– А як нам даведацца, мур-мяў? – спытаў кот.
– Трэба і надалей сачыць за дахавікамі. Калі яны возьмуць палачку і нешта загадаюць – тут мы і даведаемся пра чарадзейныя словы, мяў-мяў, – растлумачыла Базылю Васіліса.
– Добра, – сказаў кот. – Тады можна, я вазьму адну манетку з гаршчка? Дахавікі ўсё адно не заўважаць. А мы купім сабе сасіскі. Калі ласачка, Васіліса.
– Ну бяры, – дазволіла кошка.
Базыль узяў адзін залаты дукат і зноў закапаў скарб. Рыдлёўку ён адкінуў у хмызняк. Яна ўжо была непатрэбна.
А хітрая Васіліса падумала, што калі яны з Базылём даведаюцца чарадзейнага слова, то яна падмане Базыля і прысабечыць чароўную палачку. І будзе пры яе дапамозе атрымліваць усё, што толькі пажадае. А замест Базыля знойдзе сабе ў сябры моцнага і прыгожага леапарда.


20. КВАТАРАНТ

Казік ужо тыдзень жыў у сваім старым аўтамабілі, які яму набылі Юзік і Карына. Потым – два тыдні…
Але нарэшце яму абрыдла хадзіць прасіцца ў туалет да жыхароў суседніх дамоў. Бо Казік быў выхаваным дахавіком і не мог спраўляць малую патрэбу на вуліцы ці ў двары.
– Гэта толькі ў казках ніхто не ходзіць у туалет, – казаў дахавік. – А я ж жывы, мне есці, піць трэба, а потым схадзіць па патрэбе. А дзе мне мыцца? У мяне ўжо спіна свярбіць. Па грамадскіх лазнях не находзішся.
І Юзіку ізноў прыйшлося думаць, як дапамагчы сябру. І ён ізноў прыдумаў. Юзік патэлефанаваў пані Ядзвізе, якая толькі што вярнулася дамоў з санаторыя, і папрасіў пусціць пажыць да сябе Казіка. Пані Ядзвіга павагалася і згадзілася. Бо як не дапамагчы сябру ў цяжкую гадзіну? І Казік пераехаў да пані Ядзвігі ў дом №13 па вуліцы Кароткабродскай. Часова, пэўна ж.
Дахавіку Казіку падабалася жыць на вышыні, пад самым дахам. Але ж і ў пані Ядзвігі было не кепска. Ну мяркуйце самі. Трохпакаёвая кватэра, самы цэнтр горада. Можна было не думаць пра грошы, пра абеды і вячэры. Цэлымі начамі бегаць па дахах і пераскокваць з аднаго дома на іншы. Спаць да абеду. Не думаць, што трэба памыць посуд. Можна было… Ды ці мала што яшчэ можна было. У Казіка было адчуванне, што ён і не губляў сваю чароўную палачку.
Але гаспадыня кватэры намагалася час ад часу заахвоціць Казіка да мыцця посуду.
– Казімір Казіміравіч! – клікала Казіка пасля сняданка пані Ядзвіга сваім мілагучным голасам. – Хадзіце мыць посуд.
А Казік на гэта адказваў так, як яго навучыў дахавік Юзік:
– Не мужчынская гэта справа. Няхай пані знойдзе мне сапраўдную мужчынскую справу. Ёсць такая? Ну там бандыта абяззброіць, або сена накасіць.
Але ніякага сена і касы-літоўкі ў пані Ядзвігі не было, таму прад’явіць Казіку мужчынскую справу яна не магла.
– Лайдак ты, Казік, – казала яна дахавіку.
Усе Казікавы абавязкі заключаліся толькі ў тым, каб вынесці смецце і замяніць перагарэлую лямпачку. Але лямпачкі перагаралі вельмі рэдка, а смецце Казік выносіў праз дзень. Карацей кажучы, турэцкі курорт, аll inclusive, а не жыццё.


21. ПОЛІЎКА

Да таго ж, пані Ядзвіга вельмі любіла гатаваць розныя стравы. У Казіка нават цяклі слінкі, калі яна рабіла галубцы або халаднік.
Але больш за ўсё Казік любіў поліўку з грыбамі. Поліўка – гэта такі вельмі тлусты гарачы суп.
А ў Юзіка ўлюбёнай стравай былі калдуны.
– А што, – казаў Казік, – гэта ж нашы адвечныя мясцовыя стравы. Страўнікі ў нас да іх прызвычаіліся.
На гэта Юзік жартаўліва адказваў чарговай прыказкай:
– Здароваму жывату і кій не ва;дзіць, а хвораму і рэдзька шкодзіць.
Таксама Казіку падабалася назіраць, як Ядзвіга Браніславаўна гатавала поліўку. Гэта быў вельмі складаны і працяглы працэс. Але Казік гатовы быў назіраць гадзінамі, ўцягваючы ў сябе носам усе прыемныя пахі. 
На кухні ён садзіўся на ўслончык, а гаспадыня пачынала выкладваць на стол інгрыдыенты. Жытні хлеб, сушаныя грыбы, моркву, цыбулю, смятану, соль, таматную пасту.
Пані Ядзвіга замочвала грыбы, адварвала іх. Працэджвала праз тканіну булён. Рэзала хлеб на лустачкі, сушыла яго ў духоўцы, потым таўкла і залівала булёнам. Потым усё змешвала: грыбны адвар, мясны булён, хлебную масу.
Пры гэтым пані Ядзвіга мармытала сабе пад нос песеньку:

Цячэ вада ў ярок, цячэ вада ў ярок,
Кладачку занясло.
Кладачка тоненька, вада халодненька,
А я малодзенька…

«Ага, маладзенькая. Не інакш, чатырнаццацігадовая Джульета», – з іроніяй у чарговы раз сам сабе казаў Казік, маючы на ўвазе пад Джульетай спяваючую пані Ядзвігу.
Потым пачыналася самае цікавае. Ядзвіга Браніславаўна ў патэльні абсмажвала на тлушчы рэзаную моркву і цыбулю  разам з таматнай пастай і высыпала ўсё гэта ў рондаль, дзе кіпеў і шкварчэў булён. Ах, які быў пах!
А потым было сапраўднае свята, калі пані Ядзвіга налівала поліўку ў талерку і ставіла побач пластыкавы кубачак са смятанай.
–  Пан Казік, запрашаю да стала, смачна есці! – шчабятала пані Ядзвіга.
– Дзякую, пані Ядзя.
І ў Казіка аж патрэсквала за вушамі, так хутка ён працаваў лыжкай.


22. СУТЫЧКА

Да абеду Казік спаў, як пшаніцу прадаўшы. А як тут не спаць, калі ўсю ноч займаешся тым, што бегаеш па дахах? З лёгкасцю паркуршчыка пераскакваеш з дома на дом. Засоўваеш галаву ў коміны і страшным голасам крычыш у цемру, палохаючы жыхароў.
Ніхто Казіка рана не будзіў, бо пані Ядзвіга была на працы.
Прачнуўшыся, Казік паснедаў. Ці паабедаў – гэта ўжо каму як падабаецца. Потым крыху адпачнуў і пайшоў гуляць па горадзе.
Ён перабег вуліцу на чырвонае святло светлафора, а потым, праходзячы паўз невялікі Мухаўскі рынак, адчуў знаёмы пах трускалак. 
«Чорт, я і забыўся, што сезон трускалак амаль скончыўся. А я яшчэ і ягадзіны не з’еў, – падумаў дахавік. – Вось што бывае, калі ўвесь час сядзіш дома. Пайду куплю ягад пачаставацца.»
Дахавік прайшоўся па рынку між гандлёвых радоў. Чаго тут толькі не прадавалі: ягады, садавіну, агародніну, мяса, рыбу.
Калі дахавік праходзіў побач з рыбнымі радамі, то пачуў крык:
– Людцы добрыя, рабуюць!!! – гэта лямантаваў вусаты прадавец рыбы.
Казік пабачыў, як вялікі і таксама вусаты чорны кот, які залез на прылавак, скраў рыбіну са скрыні.
– Ну я памацаю табе кіем рэбры! – пагразіў прадавец кату.
Кот аж здрыгнуўся ад ляманту прадаўца рыбы і ў той жа момант скокнуў з рыбінай у зубах падалей ад прылаўка. І трапіў акурат на Казіка. Казік пазнаў ката. Гэта быў Базыль, з якім у Казіка ўжо аднойчы была бойка на даху. Казік не ведаў, што Базыль некалькі месяцаў запар сочыць за ім.
У дахавіка ад страху падкасіліся ногі і цела Казіка само апусцілася на асфальт. А кот Базыль прызямліўся Казіку на галаву. Добра, што Казік быў у сваім фетравым цыліндры, інакш летальны вынік быў бы гарантаваны. А так Казік толькі набіў гузак на лбе, грукнуўшыся аб асфальт.
Бум!
Тканіна змягчыла ўдар. Але іскры з вачэй Казіка ўсё ж паляцелі. І ў гэты момант у галаве ў Казіка загучалі нейкія незразумелыя словы: «пампапам-цімнацім, пампапам-цімнацім, пампапам-цімнацім».
А кот спрытна скіраваўся да выйсця з рынка, абмінаючы наведвальнікаў злева і справа.
І знік.
«Пампапам-цімнацім» – усё гучала і гучала ў галаве Казіка.
Прадавец рыбы дапамог Казіку падняцца.
– Дзякуй пану, – падзякаваў Казік прадаўцу рыбы за дапамогу.
– Каб з яго скуру злупілі, каб ён здох, – кляў Базыля вусаты прадавец. – Гэты кот ужо не першы раз крадзе рыбу. І не толькі ў мяне.
А Казік атрас пыл з адзення і ўспомніўшы, навошта ён прыйшоў на рынак, пайшоў выбіраць трускалкі.


23. ТРУСКАЛКІ

Прайшоўшы па радах з трускалкамі, дахавік пабачыў у адной бабулькі велізарныя чырвоныя ягады. Яны былі памерам у два разы большыя, чым у іншых прадаўцоў.
– Колькі каштуе? – запытаўся Казік у бабулі.
– Клубніцы? 50 шэлегаў за кіло, – адказала старая прадавачка. – Усё натуральнае, з майго агарода. А як пахне… Вырошчваю на натуральным каровіным гною, а не на пестыцыдах.
– Натуральнае? На каровіным гною? – недаверліва перапытаў старую Казік.
Ён нагнуўся да прылаўка і панюхаў ягады.
– А чаму тады не пахне каровінымі лепяхамі? – прастадушна спытаў Казік прадавачку трускалак.
Бабулька амаль аслупянела ад пытання дахавіка. І не ведала, што адказаць.
Казік зразумеўшы, што ляпнуў нешта не тое, сказаў:
– Прабачце, прабачце, калі ласка. Бяру.
І палез у кішэнь за грашыма.
Бабуля ўзважыла трускалкі, спрытна скруціла скрутак з газеты і высыпала туды ягады.
– Смачна есці!
– Дзякую.
Казік задаволены пакрочыў дамоў. А з галавы не выходзіла: пампапам-цімнацім, пампапам-цімнацім.
Ён ішоў і думаў, што трэба запрасіць і Юзіка на трускалкі, бо ў самоце ласавацца сумна. Ды і пані Ядзвізе трэба крыху пакінуць. А то, калі есці аднаму, жывот забаліць ад кілаграма чырвоных ягад.
Казік высыпаў частку трускалак у талерку і паставіў у лядоўню. Гэта для гаспадыні кватэры. Потым патэлефанаваў Юзіку:
– Вітаю, стары! Прыязджай. Пачастую цябе трускалкамі.
Юзік прыехаў вельмі хутка. У гэтай сітуацыі патрэбна спрытнасць, а то можна і без ягад застацца.
Сябры залезлі на дах дома, у якім была кватэра пані Ядзвігі, і разгарнулі скрутак з ягадамі. Яны сядзелі на цёплай чырвонай дахоўцы і ласаваліся трускалкамі.
Ах, якое шчасце сядзець цёплым летнім днём на даху і атрымліваць асалоду ад смачных ягад!


24. РЭЦЭНЗІЯ

Калі апошняя ягадзіна была з’едзена і апынулася ў страўніку Юзіка, Казік разгарнуў газету, каб акуратна скласці яе і пакласці ў кішэнь. Казік быў культурным дахавіком, а таму не выкідваў смецце на вуліцу.
І тут ён пабачыў у газеце знаёмыя словы. Там было напісана «Дахавік Казік».
– Юзік, паглядзі! Тут напісана пра мяне! – вочы Казіка аж гарэлі ад радасці. І Казік даў паглядзець газету Юзіку.
Юзік уважліва прабегся вачыма па тэксце, твар яго спахмурнеў.
– Гэта рэцэнзія на маю кніжку, – сказаў Юзік.
– На кніжку «Дахавік Казік»? Рэцэнзія?
– Так.
– А што такое рэцэнзія? – спытаў Казік.
– Водгук на кнігу. Добрая яна ці кепская, – растлумачыў Юзік.
– Пачытай мне, калі ласка гэтую рэцэнзію, – папрасіў Казік.
– Не трэба, Казік, бо засмуцішся. Рэцэнзія табе не спадабаецца.
– Ну прачытай, – усё адно папрасіў Казік.
– Глядзі, я цябе папярэдзіў.
І Юзік прачытаў яму рэцэнзію, якую напісала нейкая Ханна Салодкая – мама маленькай чытачкі Басі, а па сумяшчальніцтву яшчэ і крытыкеса.
Рэцэнзія на Юзікаву кнігу ў папулярнай газеце была разгромнай. У Казіка нават пацяклі слёзы, калі Юзік прачытаў яму тое, што напісала крытыкеса.
– А я цябе папярэджваў, – задаволена сказаў Юзік.
У рэцэнзіі Ханна Салодкая абуралася тым, што замест цікавых кніжак дзецям падсоўваюць «шэдэўры» у двухкоссях.
«Сялянская дзяржава пераўтварылася ў шматпавярховы гай і раптам зніклі амаль усе дахавікі» – пісала яна ў сваёй рэцэнзіі.
І працягвала:
«Амаль усе, ды не ўсе. Засталіся нейкія два, якія жывуць у горадзе. Цікава? Гм... Аднаму з іх спатрэбіўся тэлефон і ён знайшоў гаманец, набыў тэлефон і цяпер балбоча па ім з сябрам…».
Далей Ханна ў скрусе і журбе жалілася сваім чытачам:
«Я чытаю аповед уголас і нават не дзіўлюся, што старэйшая дачка пачынае нешта расказваць сваёй ляльцы, не слухаючы мяне. Гэта ўжо заканамернасць: кнігі ад выдавецтва «Худая літаратура» навяваюць жудасную нудоту. Быццам бы спецыяльна ўсё робіцца дзеля таго, каб адвадзіць ад мовы апошніх аматараў роднага слова, падсоўваючы з дзяцінства такія вось творы «таленавітых аўтараў…».
Юзік сабраўся чытаць наступны абзац, але Казік яго спыніў:
– А чаму выдавецтва называецца «Худая літаратура»? Супрацоўнікі сядзяць на дыеце? – запытаўся Казік.
– Га-га-га! – зарагатаў Юзік. – «Худая літаратура» таму, што яны выдаюць тонкія кніжкі. Танюткія. Для дзяцей.
– А-а-а. Я б ніколі не здагадаўся, – сказаў Казік.
І Юзік ізноў пачаў чытаць услых рэцэнзію Ханны Салодкай:
«Дзіўлюся: ва ўсім горадзе ніводная бібліятэка не мае дзіцячых вершаў Гадановіча, затое нудных кніжак – цэлыя стосы. Стаўлю кнізе адзнаку два. Альбо нават адзін. Не захапляе, не ўражвае, нічога не выклікае!».
Праўду кажучы, дахавік Юзік не вельмі і збянтэжыўся ад такой рэцэнзіі на свой твор.
– Аднаго разу, – апавядаў ён Казіку, седзячы разам з сябрам на самым версе шматпавярховага дома і боўтаючы ножкамі, – папрасілі мяне суседзі паняньчыць свайго трохгадовага ўнука Стасіка. Каб ён не румзаў, я вырашыў пачытаць яму кнігу. Узяў з палічкі «Дзікае паляванне караля Стаха» аўтарства Уладзіміра Караткевіча і пачаў чытаць. А карапуз не слухае, толькі плача. Тады я паклаў кнігу Караткевіча на палічку і пачаў чытаць яму «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча – шэдэўр, таўшчэзны том. Мая ўлюбёная кніга. Напэўна памятаеш, як пачынаецца?

Літва! Ты як здароўе ў нас, мая Айчына!..
Што варта ты, ацэніць той належным чынам…

Ну і так далей. Толькі Стасік давай яшчэ гучней румзаць. Тут я вырашыў ужыць апошні важкі аргумент. Бяру «Капітал» К;раля Маркса. Найвядомейшая кніга, твор, які можна сказаць перакуліў свет. Чытаю. А хлопчык увогуле пачаў біцца ў істэрыцы.
І толькі цукерка, якая завалялася ў маёй кішэні, дапамагла яго супакоіць.
Не ўсе, Казік, здольныя ўпадабаць сапраўдную літаратуру, – філасофскі падвёў вынік дахавік Юзік.
– А калі б ніхто не пісаў кепскія кніжкі, то як бы чытачы зразумелі, што добрыя кніжкі – добрыя? – запытаўся Казік, выціраючы рукавом слёзы. – Калі б не было тваёй нецікавай кніжкі, Юзік, то хто б зразумеў, што гэты Гадановіч – добры паэт? З чым бы яны параўноўвалі?
– Лагічна, – сказаў Юзік.
– Таму без кепскіх кніжак было б кепска, ніхто б не змог адрозніць цікавае ад нецікавага, добрае – ад нядобрага, – Казік нарэшце ўсміхнуўся і на гэтым скончыў сваю прамову.
– Дарэчы, песня спявачкі Хелены Свірыдавай «Пакуль», тэкст для якой напісаў узгаданы Гадановіч, стаіць у мяне на тэлефоне ў якасці рынгтона. Песня мне вельмі падабаецца. І калі ты мне тэлефануеш, Казік, то я кожны раз слухаю пачатак гэтай гадановічавай песні, – сказаў Юзік.
У гэты момант нехта пазваніў Юзіку і сапраўды, ягоны тэлефон заспяваў: «Пакуль, пакуль, гэты боль невядома адкуль…».
Але Юзік не стаў размаўляць і скінуў званок.
– А што гэта такое – «рынгтон»? – перапытаў Казік.
– Рынгтон, сябра, – гэта мелодыя, якая прайграваецца на мабільным тэлефоне для абвесткі аб уваходным выкліку або ўваходным тэкставым паведамленні, – мудрагеліста патлумачыў Юзік.
Толькі Казік так да канца і не зразумеў, што такое «рынгтон». Хоць толькі што слухаў гэты рынгтон на Юзікавым тэлефоне. Ды і на сваім тэлефоне па некалькі разоў штодня. Кожнага разу, калі яму нехта тэлефанаваў.


25. ЯК З’ЯВІЛАСЯ КНІЖКА ПРА ДАХАВІКОЎ

Але калі ўжо гаворка зайшла пра рэцэнзію на кнігу «Дахавік Казік», то трэба чытачам крыху распавесці і пра сам Юзікаў твор і пра тое, як ён з’явіўся.
Вы ўжо пэўна здагадаліся, што кнігу пра прыгоды дахавікоў, якая называецца «Дахавік Казік», пачаў пісаць адзін з гэтых самых герояў – дахавік Юзік.
Пасля таго, як Юзік выпадкова пабачыў і прачытаў у адным дзіцячым часопісе аповесць пра эстонскіх наксітраляў Мутэрку, Паўчаравіка і Бараду-з-Імху, то падумаў: «а чым мы з Казікам горшыя? Трэба і пра нашы прыгоды напісаць кніжку, каб суайчыннікі больш ведалі пра дахавікоў. А то пра розных замежных гномаў яны ведаюць, а пра нас – сваіх суседзяў – не. Забылі. Ганьба!».
І дахавік Юзік узяўся за кніжку.
Сваю кнігу Юзік пісаў шмат гадоў. Урыўкамі. На розных шматках паперы, якія трапляліся ў рукі. Пісаў пяром, алоўкам, шарыкавай ручкай. Дзе па-польску, дзе па-нашаму. Ілюстрацыі для кнігі Юзік таксама намаляваў уласнаручна. Як сумеў.
– Я пэўна ж не Уолт Дысней і не Ван Гог, – казаў ён сябруку Казіку. – Але, на мой погляд, у мяне атрымліваецца лепей, чым у сучасных мастакоў-постмадэрністаў.
– Несумненна ў цябе лепей, – падтрымаў Юзіка дахавік Казік. Ён, праўда, нічога не чуў ні пра якіх там постмадэрністаў.
У сваёй працы Юзік апісаў, як дахавік Казік уратаваў бусляня. Як дахавікі з варонай Карынай ездзілі на пікнік за горад, дзе выратавалі сабачку Маркіза. Як дахавікі працавалі перапісчыкамі і абяззброілі бандыта Глобуса. Як прабіраліся кантрабандыстамі праз мяжу ў слаўны горад Каралявец. Як… Ды пра ўсё ў некалькіх словах і не распавядзеш.
У часе прыгодаў дахавікоў асобныя аркушы будучай кнігі губляліся і шматгадовая Юзікава праца заставалася неўпарадкаваная і няскончаная. Ды і вопыту па напісанні кніжак у дахавіка яшчэ не было. Таму Юзік у рэшце рэшт і звярнуўся да аднаго свайго інтэрнет-знаёмага, так бы мовіць, саматужнага літаратара, каб той перапісаў напісанае і дапоўніў страчанае.
– Ці не хоча пан крыху зарабіць грошай і папрацаваць літаратурным неграм*? – запытаў Юзік свайго знаёмца. – У мяне для пана ёсць добрая прапанова.
Той, вядома, згадзіўся, бо каму не патрэбны грошы?
Праз пэўны час кніга была гатова.
І Юзік накіраваўся ў сталічнае выдавецтва «Худая літаратура». У выдавецтве яго сустрэў сам галоўны рэдактар уласнай персонай. Ён хуценька прабег вачыма па аркушах з тэкстам і сказаў Юзіку:
– Бяром! Ганарар атрымаеце пасля выхаду кніжкі. Будзеце браць гатоўкай ці надрукаванымі кніжкамі?
– Гатоўкай, – адказаў Юзік, якому заўсёды не ставала грошай.
– Добра, – сказаў галоўны рэдакар. – Я потым папярэджу бухгалтэрыю.
І выдавецтва выпусціла кнігу аб прыгодах дахавікоў, якую аўтар – Юзік, назваў «Дахавік Казік».
– А як жа яшчэ можна было назваць гэты твор? – казаў Юзік свайму літаратурнаму негру.
– Можна было назваць «Дахавік Юзік», – адказаў літаратурны негр. – Таксама прыгожая назва.
– Калі б я назваў яе «Дахавік Юзік», то гэта было б не вельмі сціпла, – запярэчыў Юзік. – Ды і Казік мог бы пакрыўдзіцца. А навошта мне крыўдзіць, а мо нават і губляць найлепшага сябра з-за нейкай назвы кніжкі? З-за драбнаты.
– Ну так. Згодны, – падтакнуў Юзіку літаратурны негр.
– Таму я і назваў яе імем найлепшага сябрука Казіка, – сказаў Юзік.
«А мог бы назваць яе «Дахавікі Еўропы». Прынамсі я б даў кнізе такую назву», – падумаў літаратурны негр. Але прамаўчаў, не стаў агучваць свае думкі дахавіку Юзіку.
А то так можна і працу згубіць. Калі крытыкаваць свайго працадаўцу.


26. ПРЭЗЕНТАЦЫЯ

На прэзентацыі кніжкі, якая адбылася ў адным з дзіцячых садкоў сталіцы, сабралася шмат народу. Дахавік Казік лічыў, лічыў прысутных і налічыў сто чалавек. Можа іх было і больш, але Казік збіўся з ліку, бо ў вачах аж стракацела ад каляровага адзення дзяцей.
Так-так, на прэзентацыі прысутнічалі практычна адны выхаванцы дзіцячага садка. Якраз у гэтым дзіцячым садку цэлы год і жыла кошка Васіліса.
Журналісты задавалі пытанні аўтару кнігі – дахавіку Юзіку:
– А чаму пан вылашыў напісаць кнігу? – маладыя журналісты яшчэ не вымаўлялі гук «р». – Навошта?
– Каб усе даведаліся пра майго найлепшага сябра Казіка. Бо крыўдна, што амаль ніхто не чуў пра гэтага цудоўнага дахавіка.
– Але ж і дзеці і далослыя сёння амаль не чытаюць кніг і не цікавяцца імі. Ды і мова, на якой напісана кніга, сёння ўжо мала каму злазумелая, – не адчапляліся ад Юзіка журналісты. – Дык навошта пану было губляць час?
– Не ведаю, – шчыра адказаў юным журналістам дахавік Юзік. – Душа прагнула. Як казалі продкі – рабі пільна – і тут будзе Вільня.
– Што-што, Язэп Адамавіч? – перапыталі ў Юзіка маладыя журналісты, якія не зразумелі прымаўкі.
– Ат, не звяртайце ўвагі, – махнуў рукой Юзік.
Ён падумаў, што ўжо мала хто разумее сэнс мясцовых прыказак і прымавак.
З-за таго, што і Юзік і ягоны літаратурны негр не былі журналістамі, мовазнаўцамі, а нават і сябрамі Саюза пісьменнікаў, то кніга атрымалася нудотная, з каструбаватай мовай. Нецікавая для дзяцей, нецікавая для дарослых.
Таму, шаноўныя чытачы, тыя, хто не чытаў кнігу «Дахавік Казік», не шмат згубілі і могуць пачытаць іншых аўтараў.
Альбо могуць рызыкнуць і працягваць чытаць гэтую новую кнігу пра жыццё, прыгоды і вандроўкі дахавікоў. Калі пэўна ж захочуць страціць свой бясцэнны час. Бо і гэтая кніга кепская, гісторыі – малацікавыя, і ўвогуле невядома, для каго дахавік Юзік і ягоны літаратурны негр напісалі свой чарговы «шэдэўр». Таму і называецца гэтая новая кніга «Нецікавыя гісторыі з жыцця дахавікоў».
Тут па сакрэту яшчэ трэба сказаць, што Юзік ізноў пашкадаваў грошай і мала заплаціў за працу над гэтай новай кнігай свайму літаратурнаму негру. Таму і атрымалася такая нічога не вартая кніга і такая неважнецкая назва кніжкі. А што ж ён хацеў? Такая вось помста.


27. ДАХАВІКІ-НЯБАЧНІКІ

Казік сядзеў на канапе ў зале і глядзеў тэлевізар. Тут пікнуў дамафон і праз нейкі час адчыніліся ўваходныя дзверы ў кватэру. Гэта з крамы вярнулася пані Ядзя. Дахавік хуценька падбег да яе і забраў цяжкія пакеты з пакупкамі. Ён занёс пакеты на кухню і высыпаў змесціва на кухонны стол. Хлеб, каўбаса, маргарын, туалетная папера, мыла…
– О, якое шыкоўнае мыла! – выгукнуў Казік, круцячы ў руках пластыкавы флакон-шкалік з яркай налепкай.
Унутры шкаліка знаходзілася вадкае ружовае мыла.
– Так, мне таксама падабаецца. Ты, Казік, забываеш мыць рукі перад ежай, таму я і набыла, – сказала пані  Ядзвіга.
– І ў якой краме ты яго набыла? – спытаўся Казік.
– Не, не ў краме. Калі я вярталася, то акурат перад дзвярыма пад’езда мне яго прапанаваў нейкі пан. Танна. Маўляў, у мяне для вас ёсць суперпрапанова. Я ашчадная жанчына, таму ахвотна набыла. У краме такое мыла каштуе ў два разы даражэй.
Пані Ядзвіга аднесла мыла ў ванны пакой. Потым яна прыгатавала абед і тут у госці да іх прыпёрся дахавік Юзік.
– Юзік, твой нос заўсёды адчувае пах поліўкі, – вясёла прамовіў Казік.
Юзіку нават падалося, што сказаў ён гэта з дакорам.
– Ад поліўкі я не адмоўлюся, – адказаў Юзік і паправіў пальцам акуляры на носе.
У гэты момант іх пагукала пані Ядзя:
– Дахавікі, ідзіце абедаць. Але не забудзьце памыць рукі, асабліва ты, Юзік, ты ж з вуліцы. А там поўна ўсялякай заразы.
І дахавікі пайшлі ў лазенку мыць рукі. Першым пачаў мыць Казік. Ён адкрыў кран з гарачай вадой, выціснуў толькі што купленае вадкае мыла на руку, пацёр ёй аб другую руку і паднёс рукі да крана. Пасля таго, як вада пацякла па руках, Казік раптоўна пабачыў… Не, так няправільна казаць, бо Казік наадварот, не пабачыў сваіх далоняў. Іх не было.
Тут на яго зірнуў Юзік і вочы ў Юзіка разам з акулярамі літаральна палезлі на лоб ад здзіўлення.
– Казік, дзе твае рукі?
– На месцы.
І Казік паглядзеў на свае локці.
– Я маю на ўвазе кісці рук. Яны дзе?
– Няма, –  са здзіўленнем сказаў Казік.
– Не можа такога быць. Гэта нонсэнс, – прамовіў Юзік.
Ён узяў ручнік і пачаў выціраць тыя месцы, дзе ў Казіка мусілі быць кісці рук. І адбыўся цуд – у Казіка ізноў з’явіліся далоні.
– Мыла! Я зразумеў – гэта мыла зрабіла рукі нябачнымі, – Юзік аж ззяў ад радасці, што ён здагадаўся.
– А давай вымый твар! – загадаў ён Казіку.
Казік падпарадкаваўся і выціснуўшы на рукі мыла, намыліў твар і валасы. А потым пхнуў усю галаву пад кран.
– Аёй! – выгукнуў Юзік. – Казік, у цябе знікла галава. І рукі зноў.
Казік паглядзеўся ў люстра і сапраўды – на месцы галавы нічога не было. Казіку зрабілася страшна. Ён хутчэй выцер свой твар і ізноў паглядзеўся ў люстра. Твар быў на месцы. Але валасоў не было. Тады ён выцер тое месца, дзе мусілі быць валасы. І зноў зірнуў у люстра. Цяпер усё было на месцы.
– Уф! – выдыхнуў Казік. У яго нават адлягло ад сэрца. – Чароўнае мыла, якое робіць нябачным, Юзік, – шэптам сказаў Казік.
– А давай напалохаем каго-небудзь, – прапанаваў Юзік. – Выйдзем нябачныя на вуліцу і папляскаем мінакоў па плячы ці дакранемся да вуха. А можна і дзяўчат пашморгаць за косы.
І дахавікі вырашылі або напалохаць гараджан, або зрабіць ім нейкую дробную шкоду.
Уяўляеце, паважаныя чытачы? Зрабіць шкоду. І гэта нашы станоўчыя героі. Няма слоў…
Дахавікі хуценька раздзеліся ў ванным пакоі, залезлі ў ванну, намыліліся і залезлі пад душ. Потым ціхенька, адчыніўшы ўваходныя дзверы, выйшлі на вуліцу палохаць людзей.
Пані Ядзвіга пачула рыпенне дзвярэй і пабачыла мокрыя сляды ног на падлозе. Яна зазірнула ў лазенку і заўважыла на пральнай машынцы адзенне дахавікоў і Юзікавы акуляры.
– Зноў нешта надумалі, – сказала сама сабе пані Ядзвіга.
А дахавікі ўжо былі на вуліцы. Яны паспелі напалохаць бабульку, якая ішла з крамы.
Дахавікі падчапілі пальцамі бабулькіну сетку з прадуктамі і прыўзнялі яе. Бабулька аж ускрынула, пабачыўшы, як яе цяжкая ноша раптам згубіла вагу і быццам паветраны шарык пачала падымацца ўгару. Дахавікі зарагаталі і выпусцілі сетку, якая ўпала далоў і грукнулася аб брук. На камяні пацяклі бялок і жаўток з разбітых яек і сок з пабітых памідораў.
Бабулька разгублена падняла сетку з пабітымі прадуктамі і пайшла назад у краму.
А нябачнікі-шкоднікі засталіся на месцы. Пакуль яны стаялі пад праменнем сонейка ў чаканні мінакоў, мыльная вада на іх целах абсохла і Казік з Юзікам зрабіліся бачнымі. І ўсе мінакі іх пабачылі. Голымі.
Пані Ядзя, якая выбегла з пад’езда, пачала іх сарамаціць і нават пляснула далоняй, а потым і венікам па голых азадках. Так дахавікі зганьбілі сябе.
– Ай-я-яй, – сказала з дакорам пані Ядзвіга. І перастала размаўляць з дахавікамі. Пакрыўдзілася.
Юзік усё ёй апавёў пра чароўнае мыла і ўзяў усю віну на сябе. Маўляў, гэта ён падбіў Казіка на шкоду.
Потым пані Ядзя пайшла ў найблізшы аддзел паліцыі і напісала заяву, што ёй прадалі такое дзіўнае мыла.
Паліцыя аператыўна высветліла асобу пана, які прадаў мыла. Як высветлілася, ён пераблытаў пані Ядзю з іншай жанчынай – хаўрусніцай махляроў. Гэта быў член міжнароднай шайкі, якая прамышляла крадзежам карцін. Вёў рэй у гэтай хеўры ўжо добра вядомы дахавікам бандыт Глобус, які перакваліфікаваўся з рабаўніцтва цацак і кніжак на крадзеж карцін.
Шайка планавала скарыстацца чароўным мылам, якое выкрала ў сакрэтнай амерыканскай лабараторыі, каб скрасці ў сталічным музеі знакамітую акварэльную карціну мастака Малевіча «Белы куб». Бандыты збіраліся абліць яе мылам, і калі акварэль стане нябачнай, то хацелі вывезці праз мяжу ў Англію, дзе меркавалі прадаць на аўкцыёне «Крысці» за тры мільёны амерыканскіх долараў.
Але пані Ядзя зблытала карты жулікам і выратавала карціну Малевіча.


28. ЯК КАЗІК ЗАХОЎВАЎ ТРАДЫЦЫІ

А Казік усё працягваў жыць у кватэры пані Ядзвігі. У яго было шмат вольнага часу. І  ён атрымліваў насалоду ад такога жыцця.
Аднойчы ўвечары Казік з пані Ядзвігай глядзелі па тэлевізары перадачу пра захаванне традыцый. Вядоўцы перадачы цікава апавядалі пра розныя мясцовыя традыцыі і засмучаліся, што старыя традыцыі сыходзяць з жыцця.
– Ты, Казік, так доўга жывеш на свеце, а ніякія старыя традыцыі і не захоўваеш, – з дакорам сказала дахавіку пані Ядзвіга. – Нават сорамна за цябе.
– Як не захоўваю? – крыўдліва спытаў Казік. – А хто па начах палохае людзей на апошніх паверхах? Ці не я з Юзікам?
– Ой, ой, знайшоў традыцыю. Бегаеце, як вар’яты па дахах. Якая ж гэта традыцыя? – Пані Ядзвіга нават пырскнула ад смеху.
– Такая. Наша дахавіцкая традыцыя! – Казік пачынаў злавацца, хоць звычайна вылучаўся бесканфліктным характарам. – Значыццца, ты лічаш, што я не здольны трымацца старых традыцый?
– Лічу! – на злосць Казіку сказала пані Ядзвіга.
Ну, добра, будзе табе традацыя, – паабяцаў Казік.
І яны моўчкі разыйшліся ў розныя бакі кватэры.
Казік вырашыў адпомсціць пані Ядзвізе і прыгадаць нейкую старую традыцыю, каб потым яе трымацца. Думаў, думаў. Не прыходзіць у галаву ніякая традыцыя. Тады ён патэлефанаваў сваёй сяброўцы вароне Карыне. Варона ў гэты час абедала тараканамі, якіх яна злавіла ля сметніка.
– Карына, я хачу захоўваць старыя традыцыі, але не ведаю, якія, – сказаў Карыне Казік. – Можа б ты мне параіла якую-небудзь?
– Лёгка, – адказала Казіку Карына, глытаючы чарговага вусатага таракана. – Завядзі тар-раканаў на кухні. Была калісьці такая тр-радыцыя – тар-раканы на кухні. Тады я ў госці да цябе хутчэй пр-рылячу, будзе мне чым паласавацца, кар.
І Казік паслухаўся Карыну і пачаў думаць, дзе знайсці тараканаў. Але ён ужо даўно не бачыў тараканаў. Не было іх і ў кватэры пані Ядзвігі. Раней тараканаў ў нашых дамах было шмат, але апошім часам яны некуды зніклі, і цяпер іх сустрэць практычна нерэальна.
Казік пачаў шукаць тараканаў, каб пасяліць іх на кухні пані Ядзвігі. Ён размясціў абвестку ў інтэрнеце, што купіць прусакоў. Прусакі – гэта рудыя тараканы.
І ўявіце сабе – Казіку адказалі і паабяцалі за два талеры дваццаць рудых тараканаў.
Праз пару дзён кур’ер сапраўды прынёс яму скрыначку з прусакамі. Казік выпусціў іх на кухні, але забыў паведаміць пані Ядзвізе. Прусакі адразу ж разбегліся па ўсяму памяшканні.
Дахавік пайшоў гуляць па дахах, а пані Ядзвіга прыйшла ўвечары дамоў, запаліла святло на кухні і пабачыўшы, як каля мыйкі сядзяць вусатыя рудыя тараканы і варушаць сваімі вусамі, ад страху згубіла прытомнасць і ўпала на падлогу. Вось так:
Бух!
Не, нават не так. А вось так:
Бабах!
Казіку, які вярнуўся са шпацыру, і пабачыў непрытомную пані Ядзвігу, якую аточылі вусатыя прусакі, давялося спачатку абліваць гаспадыню кватэры халоднай вадой, а затым нават выклікаць хуткую дапамогу.
Калі потым пані Ядзвіга прыйшла ў сябе, яна паставіла Казіку ўмову:
– Казік, адно з двух, або ў кватэры застануцца прусакі або застанешся ты.
І Казіку тэрмінова прыйшлося шукаць дыхлафос – сродак супраць тараканаў. Ён яго знайшоў у невялікай краме напрыканцы вуліцы Кароткабродскай.
Дахавік папырскаў дыхлафосам у кватэры і прусакі зніклі. Відаць яны збеглі да іншых гаспадароў. А пані Ядзвіга яшчэ цэлы тыдзень чхала і смаркалася ад гэтага дыхлафосу.
«Апчхі! А-а-апчхі!» – толькі і чулася ў кватэры.
Казік патэлефанаваў вароне Карыне і калі старая варона адказала і прамовіла «алё», выказаў ёй усё, што ён пра яе думаў. А напрыканцы сказаў:
– Дзякуй, дарагая. Пасобіла ты мне. Нічога не скажаш.
«Вось так і дапамагай сябрам, – скрушна падумала варона. – Сама ж вінаватай і застанешся.»
Так у Казіка не атрымалася захаваць старыя традыцыі. Але затое ён не згубіў свой часовы прытулак у пані Ядзвігі і не быў выстаўлены за дзверы.


29. СУСТРЭЧА З ПЫХ-ПЫХАМ

Увечары Казік з Юзікам набегаліся па дахах вуліцы Кароткабродскай. Можна сказаць, выканалі свой дахавіцкі абавязак, і спусціліся ўніз на тратуар. Пашпацыраваць перад сном.
Вясёлыя і разгарачаныя яны ішлі па гранітнаму бруку тратуара. Раптоўна побач, на газоне каля кустоў, якія аддзялялі тратуар і газон ад праезджай часткі, нешта зашоргала. Дахавікі прыгледзеліся і пабачылі калючы мячык. Гэта быў вожык, які сядзеў у траве і шамацеў пустой фальгой ад марозіва. Было бачна, што смак марозіва вожыку вельмі спадабаўся.
Казік і Юзік прыпыніліся і, хоць ужо была шарая гадзіна, пачалі назіраць за вожыкам. Калі меркаваць па памерах жывёлы – прыкладна 10 цаляў у даўжыню і 6 цаляў у шырыню, гэта было не дзіцяці ці падлетак, а ўжо дарослы вожык.
Зразумеўшы, што яму нічога не пагражае, вожык паказаў сваю мыску.
Праз хвіліну вожык расслабіўся і заўважна паменшыўся ў памерах. Вось тут дахавікі яго і разгледзелі ва ўсіх дэталях – зрок у іх быў добры: выцягнутая мыска, мяккі светлы мех на брушку, заднія лапы з пяткамі, доўгія пальцы на, так бы мовіць, «ручках» і «ножках», з доўгімі і вострымі кіпцюрамі. Каб у гэтага звера быў не такі рахманы нораў, то стаўленне да яго дахавікоў наўрад ці было б такое спакойнае.
– Кхе, кхе, – наўмысна кашлянуў Юзік, каб прыцягнуць увагу вожыка.
Той азірнуўся і паглядзеў на дахавікоў.
– Ці можна з вамі пазнаёміцца, шаноўны вожык? – запытаўся Юзік і ў знак павагі зняў з галавы капялюш. Як вядома, дахавікі ведаюць шмат моў, у тым ліку і вожыкавую.
– Так, – адказаў вожык і толькі махнуў галавой, бо капялюша ў яго не было. – Можна.
– Мяне завуць Юзік, а гэта мой сябар Казік, – сказаў Юзік. – Мы дахавікі.
– А мяне завуць Пых-Пых, – сказаў вожык. – Я вожык.
– Ды мы ўжо бачым, што вожык, – адказаў Юзік. – А чаму вас завуць два разы? Пых і яшчэ раз Пых?
– Такое імя, – адказаў вожык.
– То можа і мне назвацца Юзік-Юзік? – звярнуўся Юзік да Казіка.
– А мне Казік-Казік, – адказаў Казік.
І дахавікі гучна зарагаталі.
– Чаму вы смяецеся? – пакрыўджана спытаў Пых-Пых?
– Не звяртайце увагі, – адказаў вожыку Юзік, – з намі такі беспрычынны рогат часам здараецца.
– Скажыце, пан Пых-Пых, а як вожыкі зімуюць? І дзе? Мяне гэта вельмі цікавіць, – задаў пытанне вожыку Казік.
– Мы – вожыкі, на зіму ўпадаем у спячку, – пачаў апавядаць Пых-Пых. Але Казік перабіў яго аповед новым пытаннем:
– Як мядзведзі?
– Так, – мовіў Пых-Пых. – Каб перазімаваць, нам трэба знайсці добры і надзейны прытулак. Даволі часта такім сховішчам выяўляецца нара. Бывае што чужая, а бывае і самі капаем. Нара мусіць быць досыць глыбокай. Кладучыся ў спячку, мы закаркоўваем усе ўваходы і выхады, каб нас ніхто не турбаваў. І спім, моцна скруціўшыся ў сваіх норках. І бачым сны аб тоўстых лічынках няпарнага шаўкапрада.
Пых-Пых прыпыніў свой аповед і спытаў дахавікоў:
– А ў вас выпадкова няма сабакі?
– Няма, адказаў Казік. – Быў у нас сабака Маркіз, але цяпер ён жыве ў Караляўцы. Маркіз вельмі добры сябар. І надзейны.
– Сабакі – нашы галоўныя ворагі зімой, – сказаў вожык. – Мы спім у норах, а сабакі, і беспрытульныя і гаспадарскія, вось у такі момант нас і могуць знайсці. І з’есці. Хоць у нас калючкі, але сабакі могуць нас разгарнуць, лёгка адолеўшы. Пашчай і лапамі. Пакуль мы ачомхаемся з прасоння, яны нас глыць!
– Не, наш Маркіз вожыкаў не ўжывае, ён любіць сасіскі, – сказаў Казік.
– А я люблю лічынак насякомых, саміх насякомых, чарвякоў. Магу з’есці і мышанятаў, і невялікага вужыка, і жабу, – паведаміў Пых-Пых.
– О, дык вас можна трымаць замест ката, – радасна сказаў Казік. – Будзеце лавіць мышэй.
– А я чытаў, – асцярожна сказаў Юзік, – што на вожыках гняздуюцца ўсе магчымыя паразіты – кляшчы, блохі, глісты. І што вожыкі з’яўляюцца пераносчыкамі шаленства. Менавіта таму вожыкаў не рэкамендуецца гладзіць і браць на рукі.
– Не бойцеся, я літаральна пазаўчора быў у ветэрынарным дыспансеры на дыспансерызацыі. Там мяне праверылі і зрабілі прышчэпку. Так што я не заразны, – запэўніў Пых-Пых.
– Мы так і падумалі, – сказаў Юзік.
Хоць падумаў ён зусім іншае.
– А ў вас ёсць сям’я? – спытаў вожыка Казік.
– Так, ёсць. Жонка Шых-Шых і двое дзетак: хлопчык Шуг-Шуг і дзяўчынка Шмыг-Шмыг.
– А дзе ж яны? – спытаў Казік.
– Засталіся ў старой нары. Мы – вожыкі, рамантычна заляцаемся да вожычых. Бегаем вакол вожычыхі, пыхкаем, фыркаем, нават спяваем арыі. А потым у нас цэлае лета мядовы месяц. А вось пасля мядовага месяца і пасля таго, як на свет з’яўляюцца дзеці, мы – таткі, лічым свой шлюбны абавязак выкананым і пакідаем сям’ю. А дзяцей жонка-вожычыха выхоўвае сама.
– І вам не сорамна, што дзеткі растуць безбацьковічамі? – спытаў Казік.
– Сорамна, – адказаў Пых-Пых, – але такі ў нас звычай. Я і сам свайго бацьку не памятаю. І нават імя па бацьку не маю.
І вожык зажурыўся.
– Ну добра, – сказаў Юзік, якому стала няёмка за тое, што яны ўвялі Пых-Пыха ў смутак, – дабранач, паважаны Пых-Пых. Спадзяюся, што сустрэнемся яшчэ не раз.
– І я таксама спадзяюся, – сказаў вожык.
І пабег па сваіх справах налева, а дахавікі павярнулі направа.


30. З ВОРАГА Ў СЯБРЫ

Сканчвалася лета. У апошніх чыслах жніўня Юзік і Казік каталіся на роварах па Цэнтральнаму парку. Пані Ядзвіга перад гэтым падарыла ім ровары, якія яна набыла за сваю прэмію. Калі чытачы яшчэ не забыліся, пані Ядзвіга дапамагла затрымаць міжнародную шайку, якая займалася крадзежам карцін, і паліцэйскае начальства ўзнагародзіла пані Ядзвігу грашовай прэміяй.
Дахавікі  з вялікай хуткасцю ездзілі адзін за адным па роварных дарожках і нарэшце адзін з дахавікоў – Казік, запыхаўся  і стаміўся.
– Гэй, Юзік, прыпыніся. Я так стаміўся, што няма моцы! – крыкнуў сябру Казік.
Але Юзік не чуў і ўпарта круціў педалі. А Казік прыпыніўся, злез з ровара і адкаціўшы яго ўбок – на газон, нагой падчапіў падножку і паставіў ровар на траву. А сам сеў адпачнуць пад вялікі тоўсты дуб. Свяціла сонейка, было яшчэ вельмі цёпла, быццам і не жнівень. Казік насунуў капелюш на твар і пачаў быў драмаць. Але тут нешта грукнула па ягоным капелюшы. Потым яшчэ і яшчэ. Казік падумаў, што гэта каменьчыкі, але пабачыў, што каля яго ўпаў не каменьчык, а жолуд.
Казік задраў галаву: на галіне дуба сядзеў дробны руды звярок і шпурляў у Казіка жалудамі. Звярок меў выцягнутае стройнае цела і пухнаты хвост. Круглая галава з вялікімі чорнымі вачыма, доўгія вушы з пэндзлікамі – чытачы пэўна ўжо здагадаліся, што гэта была вавёрка. Калісьці выявы такіх вавёрак былі на дробных грошах краіны.
Вавёрка яшчэ раз шпурлянула ў Казіка жалудамі і зарагатала. У гэты момант да Казіка пад’ехаў на ровары Юзік. Ён ужо паспеў зрабіць вялікае кола і аб’ехаў увесь парк па перыметры.
– Казік, адпачываеш?
– Адпачнеш тут, вунь некаторыя кідаюцца жалудамі, – і Казік паказаў пальцам угору.
Юзік зірнуў у тым накірунку, куды паказваў палец дахавіка і пабачыў на галіне дуба вавёрку.
– Гэй ты, хопіць хуліганіць!
Вавёрка ў адказ толькі засмяялася, і пераскочыўшы на суседнюю галінку, шпурлянула жалудом ужо ў Юзіка.
Бумс!
Жолуд трапіў у нос Юзіка. У міліметрах ад Юзікавых акуляраў. Ад нечаканасці Юзік выпусціў ровар і той са звонам упаў у траву.
– Ах ты ж, хуліганка! – выгукнуў Юзік.
Ён зняў акуляры, паклаў іх у кішэнь і сказаўшы «ну пачакай», спрытна палез на дуб.
– Давай, Юзік! – падтрымаў сябра Казік. – Гэтая парушальніца заканадаўства яшчэ не ведае, хто такія дахавікі.
Юзік даволі хутка залез на ніжнюю галінку дуба, потым яшчэ на адну. Вавёрка пабачыўшы, што ёй пагражае сур’ёзная небяспека, кінулася ў сваё дупло, дзе ў яе была невялікая кватэра.
Юзік палез за ёй. Ён пабачыў дупло, але яно было занадта маленькае, каб ён мог туды залезці. Тады Юзік засунуў у дупло руку і паспрабаваў намацаць вавёрку. Але вавёрка выявілася баявая:
– Ааа! – Заскуголіў ад болю Юзік. Таму што вавёрка ўкусіла яго за палец.
Юзік абматаў палец насоўкай, бо на пальцы паказаліся кроплі крыві, і крыкнуў дахавіку Казіку:
– Яна мяне ўкусіла за палец, я ёй гэтага не дарую! Буду чакаць пакуль вылезе. Каб надаваць ёй па азадку.
І Юзік сеў на сук ля дупла і пачаў чакаць. Гадзіну чакаў, дзве. А вавёрка не вылазіць. Казіку таксама надакучыла чакаць. Ды і есці ўжо захацелася.
– Юзік, а можа Бог з ёй, з гэтай вавёркай?
– Не, раз сказаў, буду чакаць хоць тыдзень, – адказаў Юзік.
– Юзік, я есці хачу.
– Ну едзь, падмацуйся. І мне сала з хлебам прывязі, – сказаў сябру хітрамудры Юзік, якому падабалася карыстацца паслугамі Казіка.
І Казік паехаў на ровары абедаць.
А Юзік застаўся чакаць, пакуль вылезе вавёрка. Каб яе пакараць.
Нарэшце праз пару гадзін вярнуўся Казік з невялікім пакункам. У якім былі смачныя хлеб і сала. Гэта пані Ядзвіга падрыхтавала абед для Юзіка.
Казік залез на дуб да Юзіка і аддаў яму пакунак з хлебам і салам.
Юзік разгарнуў паперу і ў нос ударыў водар смачнаты. Вавёрка, якая таксама адчула пах сала і хлеба раптам падала голас з дупла:
– Сябры, а можа памірымся. Я ж не са злосці. Проста мне было сумна і я вырашыла падняць настрой. Можа даруеце мне? Прабачце мне. Вы ж хлопчыкі, а я – дзяўчынка. Хлопчыкі не мусяць крыўдзіць дзяўчынак.
– Юзік, а можа сапраўды прабачым? – сказаў Юзіку Казік. Мы ж джэнтльмены.
Юзік павагаўся, паглядзеў на свой замотаны палец і сказаў:
– Згода. Вылазь ужо, не будзем цябе чапаць. Хоць і трэба было б табе надаваць па азадку.
Вавёрка асцярожна вылезла з дупла.
– Ах, як смачна пахнуць вашы ласункі, – сказала яна.
– Частуйся, – сказаў вавёрцы Юзік. І даў ёй кавалак хлеба з салам.
Вавёрка з задавальненнем пачала есці. Юзік, які ўжо прагаладаўся, таксама.
– А як цябе завуць? – спытаў вавёрку, уладкаваўшыся на невялікай галінцы, Казік.
– Вера, – жуючы адказала вавёрка, – а для сяброў Верка.
– А мы дахавікі. Я Казік, а гэта мой сябрук Юзік.
– Вельмі прыемна, – махнула хвастом вавёрка Верка.
Так у дахавікоў з’явіўся яшчэ адзін сябра. А мог жа з’явіцца і вораг. Калі б дахавікі былі не добрымі, а злымі істотамі.
І ў гэты самы момант галінка, на якой сядзеў Казік, трэснула і зламалася. Дахавік пачаў махаць рукамі  ў самы апошні момант паспеў за яе схапіцца. Але пад вагой Казіка галінка адламілася ад дуба і Казік разам з галінкай паляцелі уніз. Быццам той Віні-Пух з мультфільма.
Добра, што да зямлі было недалёка і Казік быў дахавіком. Гэта значыць, трэніраванай асобай. Інакш усё скончылася б сумна.
Казік упаў у траву.
Плюх!
Зноўку ў галаве, як і пасля сутычкі з катом Базылём, загучалі словы: «пампапам-цімнацім, пампапам-цімнацім, пампапам-цімнацім».
І тут Казіка асяніла бліскавічная думка і ён закрычаў:
– Юзік, я прыгадаў магічныя словы! Я ўспомніў! Заклінанне!
      

31. МАГІЧНЫЯ СЛОВЫ

Пакуль Казік ляжаў, з дуба спрытна злезла вавёрка Верка, а за ёй і Юзік. Яны дапамаглі Казіку падняцца.
– Я прыгадаў, – зноў радасна сказаў Казік, забыўшыся пра боль ад падзення.
– Што гэта за магічныя словы? – спытала вавёрка?
– Можна ёй сказаць? – спытаў Казік Юзіка.
– Ну калі яна цяпер наша сяброўка, то мы проста абавязаны сказаць. Якія сакрэты ад сяброўкі? – адказаў Юзік.
І дахавікі распавялі Верцы пра свае прыгоды, згубу і знаходку чароўнай палачкі, заклінанне.
Такім чынам, дахавік Казік зноў ударыўся і ўзгадаў чарадзейныя словы для чароўнай палачкі.
– Неадкладна запішы магічныя словы! – загадаў Юзіку Казік. – А то ізноў забудзем.
Юзік выцягнуў з кішэні нейкі аркуш з алоўкам і сказаў:
– Дыктуй.
Казік прадыктаваў: пампапам-цімнацім.
Юзік запісаў. Але запісаў словы лацінскімі літарамі, бо так яго калісьці навучылі пісаць у польскай школцы. Выглядала гэта так: pampapam-cimnacim.
– А давай адкапаем палачку і адразу праверым яе дзеянне, – прапанаваў Казік. – Ну Юзік, я не магу стрымацца. Давай праверым.
– Добра, – сказаў Юзік. – Тым больш, што мы ўсё адно ў парку. Але чым выкапаць гаршчок?
– У мяне ў дупле ёсць металічны шуфлік, – радасна паведаміла вавёрка. Нейкае дзіцяня згубіла, а я знайшла. Павесіла абвестку, але ніхто так і не звярнуўся па шуфлік.
– Тады нясі, – сказаў Верцы Юзік.
Вавёрка хутка прыцягнула шуфлік. Які насамрэч быў рыдлёўкай ката Базыля.
І дахавікі з вавёркай пайшлі да таго месца, дзе быў закапаны скарб з чароўнай палачкай.
– Вы будзеце стаяць на варце і сачыць, каб ніхто не падгледзеў, – сказаў Юзік Казіку і Верцы.
Казік і вавёрка адыйшлі ў розныя бакі і занялі свае пазіцыі.
А Юзік пачаў капаць.
Сябры не ведалі, што ў гэты момант з хмызняку за імі сочаць кот Базыль і кошка Васіліса.
Юзік выкапаў гаршчок, выцягнуў палачку і паклікаў Казіка.
– Што б такое загадаць? – спытаўся Казік у Юзіка.
– Загадай жаданне, каб ты зноў жыў на сваім паддашку на Замкавай вуліцы, – параіў Юзік.
І Казік загадаў жаданне, каб змог ізноў вярнуцца на свой паддашак у дом №29 па вуліцы Замкавай. Ён памахаў чароўнай палачкай і амаль шэптам сказаў магічныя словы «пампапам-цімнацім».
– І што? – спытаўся Юзік.
У яго голасе адчувалася расчараванне ад таго, што нічога не адбылося.
– І нічога, – адказаў Казік.
– Як? Няўжо палачка бракаваная? – у голасе Юзіка адчувалася расчараванне.
Але тут падбегла вавёрка Верка і сказала:
– Сюды ідзе бабулька з дзяўчынкай.
І сапраўды, да сяброў набліжаліся дзве постаці. Вялікая і маленькая. Казік пазнаў сваю суседку па доме №29. Пані Рэгіну. Яна ішла з унучкай. Гэтая пані жыла на першым паверсе.
Яны павіталіся.
– Вось вырашылі прагуляцца ў парку з Ганулькай, – сказала суседка. – Штосьці вас даўно не бачна, пан Казік.
І яна паведаміла, што адселеных жыхароў ізноў засялілі ў іх дом. Там зрабілі рэканструкцыю. Даволі хутка. Бо дом яшчэ быў моцны. А карумпаваных чыноўнікаў, якія за хабар хацелі знесці дом і пабудаваць на яго месцы гандлёвы цэнтр, арыштавалі.
– Такая карупцыя, што крый Божа, – наракала пані Рэгіна. – Але і на карупцыянераў-чыноўнікаў знайшліся сумленныя паліцыянты і следчыя.
Баба Рэгіна з унучкай Ганулькай пайшла далей, а дахавікі закрычалі:
– Ура, дзейнічае.
– А давай і Верцы зробім што-небудзь прыемнае.
Казік памахаў чароўнай палачкай, сказаў магічныя словы і загадаў, каб у Веркі ў дупле з’явіліся жалуды, арэхі і шышкі. Каб можна было камфортна перазімаваць.
– Якія жалуды напрыканцы жніўня? – здзівілася вавёрка. Але вырашыла ўсё ж пераправерыць.
Верка пабегла ў сваё дупло і сапраўды пабачыла там жалуды, арэхі і шышкі.
«Ну і чараўнікі» – падумала вавёрка.
А дахавікі вырашылі больш не закапваць скарб, а схаваць яго на паддашку ў Казіка.
– І паперку, на якой запісаны магічныя словы, таксама пакладзі ў гаршчок, – загадаў Юзіку дахавік Казік. – Каб мы зноў не забылі гэтыя словы.
Казік так і зрабіў. Ён выцягнуў паперку з кішэні і паклаў у гаршчок.
Кот Базыль з кошкай Васілісай увесь гэты час сачылі за дахавікамі. І хоць былі яны ўсяго метраў за дваццаць ад сяброў, але, магічных слоў не пачулі, бо Казік прамовіў іх занадта ціха. Але затое хвастатыя істоты пабачылі, як дахавік Юзік паклаў паперку з гэтымі чарадзейнымі словамі ў гаршчок.


32. ЛАЗНІК

Дахавікі схавалі скарб на гарышчы ў Казіка. Юзік малатком выбіў некалькі цаглін з коміна і запхнуў у створанае заглыбленне гаршчок. Прыкрыўшы яго цаглінай.
– Ну як? – спытаў Юзік.
Маўляў, ацані маю працу.
– Калі не ведаць, што там схованка, дык ні за што не здагадаешся, –  захоплена сказаў Казік.
А потым дахавікі зноў, у чарговы раз, паехалі ў Люцынку – вёска так і цягнула сяброў да сябе.
Нарэшце яны там пазнаёміліся з панам Балтавічусам, які займаўся турыстычным бізнесам і меў у Люцынцы атэль – той самы прыгожы дом пад гонтавым дахам, які дахавікі заўважылі яшчэ ў свой першы прыезд у вёску.
Пан Балтавчус – невысокі, з ледзь заўважным жывоцікам, які вырысоўваўся пад кашуляй, выявіўся чалавекам з энцыклапедычнымі ведамі. Ён столькі ўсяго цікавага апавёў дахавікам. Нават начытаны і эрудзіраваны Юзік шмат што пачуў упершыню. Але і сам Юзік мог здзівіць Балтавічуса сваёй эрудыцыяй і жыццёвым вопытам.
Асабліва Балтавічусу падабалася апавядаць пра гісторыю мясцовай кухні і аб старажытных стравах.
– А ці ведаеце вы, панове, пра калдуны графа Тышкевіча – старадаўнюю страву, аўтарства якой прыпісваeцца славутаму роду Тышкевічаў? – спытаў Балтавічус у дахавікоў. І не даючы Казіку і Юзіку раскрыць ірты працягваў: – упершыню тышкевічавы калдуны згадваюцца ў славутай кнізе «Літоўская кухарка». Начынка для калдуноў робіцца з грыбоў, вараных яeк, шынкі і цыбулі.
– Старадаўняя, як жа, – ціха са смехам шапнуў Юзік Казіку. – Гэта ж твой бацька навучыў кухара Тышкевічаў рабіць гэтыя калдуны. Памятаеш? Мы тады нават грыбоў у суседнім лесе назбіралі для гэтых калдуноў.
– Не, не памятаю, – сказаў Казік. – Уяўляеш, я забыўся.
– А я памятаю, – ганарліва прамовіў Юзік. – Мы тады яшчэ маленькімі былі і разам з добрымі грыбамі назбіралі мухамораў і паганак. І кухар графа стаміўся іх выкідваць з кошыка.
– Што вы там мармочыце? – спытаў пан Балтавічус.
– Абмяркоўваем пачутае, – адказаў Юзік.
Балтавічус наняў дахавікоў на працу. Маўляў, адпачнеце тут пакуль турыстычны сезон у разгары і крыху падзаробіце грошай. Праца заключалася ў тым, што Юзік і Казік павінны былі палохаць пастаяльцаў атэля, бо атэль рэпрэзентаваўся, як месца са сваімі дамавікамі.
– Дык мы ж не дамавікі, мы – дахавікі, – запярэчыў пану Балтавічусу Юзік.
– Ды якая розніца, халера вас вазьмі! – эмацыйна адказаў Балтавічус. – Турысты ўсё адно не разбіраюцца ў гатунках істот.
Але ў дахавікоў выявіўся канкурэнт – мясцовы лазнік.
Калі хто не ведае, лазнікі – гэта даволі злыя і шкадлівыя істоты. Лазнікі ростам меншыя за дахавікоў. Такія старыя дзядкі з касматымі валасамі. Яны вельмі любяць мыцца ў лазні ўначы. І дужа злуюцца, калі людзі занадта доўга мыюцца і з набліжэннем ночы не спяшаюцца пакінуць лазню. Тады лазнікі пачынаюць шыпець і хрыпець. Вішчэць і грукаць. Рохкаць і завываць – карацей кажучы, усяляк палохаць наведвальнікаў лазні. А калі і гэта не дапамагае, то пачынаюць рагатаць, як вар’яты і  шпурляць у людзей камянямі, каб у рэшце рэшт паспрабаваць іх выгнаць з лазні або нават забіць.
І рэдка хто з такіх запозненых наведвальнікаў лазні не ўцякае потым голым, прыкрыўшы азадак венікам, ад злога начнога гаспадара лазні.
Вось і ў балтавічусавай лазні злы лазнік затыкнуў комін. У выніку печка ў лазні ніяк не хацела затаплівацца. Да таго ж, ён яшчэ пачаў кідацца каменнем у наведвальнікаў. І турысты, якія адпачывалі ў атэлі Балтавічуса, так і не змаглі памыцца.
Дахавікі Казік і Юзік вырашылі зрабіць добрую справу (а таксама пазбавіцца канкурэнта) і выгнаць старога касматага лазніка, які не даваў адпачываючым мыцца.
Перад тым, як выгнаць лазніка, дахавікі пару разоў тузанулі яго. Потым Юзік узяў лазніка за шкірку і пачалася  такая размова:
– А ці шмат вас? – спытаў лазніка Казік.
– Так, шмат – адказаў лазнік. – І лазняў у людзей шмат – ёсць дзе жыць. Адсюль выганіце – пайду ў суседскую лазню, вунь за першай жа хатай стаіць, – здзекліва сказаў ён.
– І не менее вас, толькі зло, ліха людзям робіце – прамовіў Юзік.
– А з чаго нас паменее? – шчыра здзівіўся лазнік. – Мы нараджаемся, калі людзі робяць адзін аднаму кепскае. Адзін зрабіў суседу брыдоту, другі, трэці… Назбіралася шмат такой дрэні – і вось ужо нараджаецца нейкі лазнік, нячысцік ці балотнае ліха. І пакуль у свеце шмат зла – у нас усё будзе выдатна.
Казік і Юзік не змаглі больш трываць такіх здзекаў і выспякамі выгналі лазніка прэч з лазні.
– І каб мы цябе тут больш не бачылі! – крыкнулі ўслед лазніку дахавікі.
У адказ на гэта касматы лазнік толькі паказаў дахавікам язык і бадзёра пакрочыў да суседскай лазні рабіць новыя паскудствы.


33. НАСТАЎНІК МАТЭМАТЫКІ

Хутка ў Люцынцы і ваколіцы шмат хто з жыхароў даведаўся пра дахавікоў і нават пазнаёміўся з імі. Так бы мовіць, у другі раз. Бо сто з лішкам гадоў таму навакольны люд ужо знаў Казіка і Юзіка. Але, на жаль, тыя людзі даўно папаўміралі. І вось цяпер ізноў Казік і Юзік зрабіліся для нашчадкаў тых вяскоўцаў амаль сваімі.
Аднойчы захварэў мясцовы настаўнік школы. Яго не было кім падмяніць. А ўжо пачаўся навучальны год і дзеці пайшлі ў школу. І настаўнік, які ведаў, што дахавік Юзік вельмі адукаваны, папрасіў Юзіка замяніць яго ў вясковай школе, дзе вучыліся дзеці з некалькіх вёсак і хутараў. Усяго толькі на адзін урок.
І вось што з гэтага выйшла.
Каб выглядаць больш салідным, Юзік дзесьці знайшоў стары пацёрты скураны партфель.
– Які ж настаўнік без партфеля? – сказаў ён Казіку.
Туды ён паклаў бутэрброд з кілбасой. А што яшчэ можна пакласці ў партфель?
 Яшчэ дахавік купіў гальштук. Завязаў. Паглядзеўся ў люстра і застаўся задаволены. Звычайна ён насіў на шыі хустку, але ж настаўнікі ходзяць у гальштуках. Дрэс-код, так бы мовіць.
Усю ноч Юзік не мог заснуць. Ён вельмі хваляваўся, бо яму ніколі яшчэ не даводзілася быць настаўнікам у школе. У жыцці ён вельмі часта павучаў і Казіка і іншых сваіх сяброў, нешта ім тлумачыў. Але ж гэта зусім іншае.
Толькі пад раніцу Юзік заснуў, але не паспаў і гадзіну, бо зазваніў будзільнік.
Раніцой пан Балтавічус на свам аўто падвёз Юзіка да школы. Сонны Юзік у капелюшы, акулярах, гальштуку і з партфелем, ад якога смачна пахла кілбасой, зайшоў у настаўніцкі пакой. Павітаўся з настаўнікамі і настаўніцамі і адрэкаментаваўся:
– Язэп Адамавіч.
– Вельмі прыемна, – адказалі настаўнікі.
– Буду падмяняць Тодара Янавіча. Дарэчы, калегі, не падкажаце, які прадмет я буду выкладаць? – спытаў у настаўнікаў Юзік.
Адна з настаўніц, яшчэ зусім маладзенькая пані ў элеганцкім шэрым гарнітуры, здзіўлена адказала:
– Матэматыку. У пятым класе. А вам Тодар Янавіч не сказаў?
– Сказаў, – прамовіў Юзік. – Але я хвалююся, выбачайце. Даўно не выкладаў у школе, – схлусіў Юзік.
І адвярнуўшыся ад настаўнікаў, каб ніхто не бачыў, пазяхнуў.
Зазвінеў званок. Усе настаўнікі ўзялі класныя журналы, указкі і разыйшліся па класах. Юзік таксама ўзяў указку і класны журнал пятага класа, які самотна ляжаў на палічцы. Перажагнаўся і пайшоў шукаць гэты самы пяты клас.
Пабачыўшы на шыльдзе лічбу «5» Юзік адчыніў дзверы і зайшоў у клас. Там усё было як звычайна – вучні крычалі, бегалі паміж партамі і кідаліся сшыткамі.
– Кхе, кхе, – кашлянуў Юзік.
Але на яго ніхто не звярнуў увагу, бо ён быў такога ж росту, што і дзеці. Тады Юзік прыадчыніў дзверы і ляпнуў імі так, што партрэты матэматыкаў на сценах класа падпрыгнулі і ўпалі на падлогу. Падалося, што Архімед з Эўклідам і Лагранж з Лабачэўскім на партрэтах ад нечаканасці напалохаліся і твары ў іх перакасіліся.  Дзеці таксама напалохаліся і перасталі крычаць і бегаць.
– Добры дзень, дзеці. Я ваш новы настаўнік матэматыкі Язэп Адамавіч. Сядайце.


34. УРОК

Напалоханыя дзеці нарэшце ўселіся на свае месцы. Юзік быў задаволены, што ён прытварыўся такім грозным настаўнікам.
Інакш як заробіш аўтарытэт у такіх падшыванцаў?
– Сённяшняя тэма нашага ўрока называецца «Пісьмовае складанне і адніманне  адзінак  часу», – абвесціў Юзік.
Ён падыйшоў да класнай дошкі, узяў крэйду і напісаў назву тэмы. Потым дахавік паклаў указку на стол, разгарнуў журнал і сказаў:
– Так, так, двоечнікі, цяпер праверым, хто прысутнічае на ўроку.
Юзік працёр насоўкай акуляры, надзеў іх на нос і пачаў называць прозвшчы вучняў. Дахавік не раз бачыў у фільмах, што настаўнікі робяць менавіта так.
– Беларэцкі Андрэй.
– Тут, – сказаў, не падымаючыся, белабрысы хлопчык з першай парты.
Юзік узяў указку і стукнуў хлопчыка па галаве:
Бум!
Вучні зразумелі, што ў іх з’явіўся сур’ёзны настаўнік і зусім прыціхлі.
– Цябе не вучылі падымацца, калі гаворыш з настаўнікам? – гучна сказаў Юзік. – Бяры партфель і марш дамоў! Без бацькоў не прыходзь.
Хлопчык узяў рэчы і выйшаў за дзверы.
А Юзік працягваў:
– Братчык Юрась.
– Тутака, – адказаў вучань з апошняе парты.
– Яшчэ адзін, – незадаволена буркнуў Юзік. – Трэба казаць «я». Бяры рэчы і марш па бацькоў!
І Братчык накіраваўся ўслед за Беларэцкім.
Юзік прачытаў трэцяе прозвішча:
– Вецер.
Але ніхто не адазваўся. Юзік абвёў позіркам вучняў.
– Вецер Агна. Што, няма Агны? Ветрам здзьмула? – звярнуўся ён да дзяцей.
– Ды вунь яна! – закрычалі дзеці і паказалі пальцамі на дзяўчынку, якая напалохалася Юзіка і ад страху схавалася пад партай.
– А ну вылазь двоечніца! Бяры свой заплечнік і ідзі па бацькоў. Паразмаўляем з імі аб тваіх паводзінах.
Агна заплакала і выйшла з класа.
А Юзік вёў рэй далей:
Вішчынская Ганна!
– Й-я, – пісклявым голасам прапішчала зусім маленькая і таксама напалоханая дзяўчынка.
– Ну вось, зусім іншая справа, – задаволена сказаў Юзік. – І адказваеш правільна.
– А м-можна м-мне ў туалет? – заікаючыся спытала Ганна.
– Натуральна. Можна. Толькі звяртацца да мяне трэба «Язэп Адамавіч», – сказаў Юзік.
Ганна выбегла з класа.
– Выліваха Гервась.
– Я, – падняўся чарговы вучань.
– Малайчына, – сказаў дахавік. – Педагагічны працэс наладжваецца. Сядай.
І працягваў:
– Грынкевіч Андрэй.
– Я, – з хваляваннем сказаў Андрэй. – А можна і мне ў туалет, Язэп Адамавіч?
– Ідзі.
– А мне? – выцягнуў руку ўгору ўпітаны хлопчык. – Можна і мне ў туалет? Хачу пі-пі.
– Бяжы, – дазволіў Юзік. – Як тваё прозвішча?
– Кагут. Міхал, – адказаў вучань і пабег за аднакласнікамі.
Дахавік працягваў называць прозвішчы пазасталых вучняў, якія падымаліся і казалі «я»:
– Заблоцкі Васіль, Крыніцкая Паўліна, Кубліцкі Анатоль, Палівач Ян, Пустарэвіч Агата, Століч Алена, Таркайла Тодар.
Нарэшце Юзік назваў прозвішча апошняй вучаніцы:
– Цётка Алаіза. Якое смешнае прозвішча. Цётка, – не змог стрымацца Юзік.
– Яна хварэе, – адказала за Алаізу Паўліна Крыніцкая.
– Каб нешта сказаць, трэба спачатку падняць руку, – патлумачыў Юзік. – За парушэнне паводзін прэч з маіх вачэй! – загадаў Паўлінцы Юзік.
Паўлінка зашморгала носам і выйшла з класа ў калідор.
Тут некалькі дзяцей паднял рукі і закрычалі:
– Язэп Адамавіч, а можна і нам у туалет?
– Можна, – дазволіў Юзік.
І Кубліцкі з Заблоцкім навыперадкі кінуліся з класа, а за імі яшчэ двое вучняў.
У класе застаўся Юзік і трое пяцікласнікаў: Гервась, Алена і Тодар.
– Так, дзеці, – сказаў Юзік, – пераходзім да тэмы ўрока. Дарэчы, як назывецца тэма?
Гервась Выліваха падняў руку.
– Адказвай, – дазволіў Юзік. – Здаецца, цябе Гервась завуць.
Гервась падняўся, кінуў погляд у бок класнай дошкі, на якой была напісана тэма і сказаў:
– Тэма нашага ўрока называецца «Пісьмовае  складанне і адніманне  адзінак  часу».
– Правільна. Пяць. Заслужыў адзнаку, – і Юзік вывеў у класным журнале насупраць прозвішча Вылівахі вялікую чырвоную лічбу «5».
– А чаму пяць? – незадаволена і са слязьмі ў вачах спытаў Гервась. – Чаму не дзесяць ці хоць бы дзевяць? Ы-ы-ы! Што я бацькам скажу?
– Што такое? – закрычаў на Гервася раззлаваны Юзік. – Ты яшчэ і незадаволены?
Тут паднялі рукі напалоханыя Тодар і Алена:
– Язэп Адамавіч, нам трэба па патрэбе. Можна ў туалет?
Юзік адпусціў і іх.
І застаўся ў класе з адным заплаканым Гервасем Вылівахам.
Раптоўна дзверы ў клас адчыніліся. На парозе стаяла дырэктарка школы. Тая самая маладзенькая пані ў элеганцкім шэрым гарнітуры. За ёй былі бачны твары Юзікавых вучняў. Вучні з цікавасцю і страхам выглядвалі з-за спадніцы дырэктаркі.
– Язэп Адамавіч, зайдзіце да мяне ў кабінет, – загадала дырэктарка.
На гэтым настаўніцкая кар’ера Юзіка скончылася.

– І навошта толькі я набыў партфель і гальштук? – пытаў дахавік Юзік у Казіка.
– Эх, не разгледзелі яны твой педагагічны талент, – сказаў Казік.
– А ведаеш, – панура сказаў Юзік, – мне сорамна, што я крычаў на дзяцей і нават стукнуў аднаго хлопчыка ўказкай. Хоць я і прыкідваўся строгім настаўнікам, але ўсё адно мне няёмка. Ды і дзеці прынялі ўсё за чыстую манету.
– Так, нядобра атрымалася, – пагадзіўся Казік. – Але ж я ведаю, сябра, што ты добрая істота.


35. НЯЎДАЛАЯ СПРОБА ВЫКРАДАННЯ ЧАРОЎНАЙ ПАЛАЧКІ

Кот Базыль з кошкай Васілісай, якія ўжо некалькі месяцаў сачылі за дахавікамі, даведаліся, што Казік з Юзікам надоўга з’ехалі з горада. І яны вырашылі знайсці гаршчок з чароўнай палачкай і дукатамі. Каты небезпадстаўна меркавалі, што дахавікі схавалі скарб недзе ў Казікавым доме, бо яны зайшлі ў дом з гаршчком, а выйшлі без гаршчка. І больш яго з дома не выносілі.
– Базыль, – сказала кошка Васіліса, – дахавікоў ужо некалькі дзён няма ў горадзе, мур-мяў. Якраз зручны момант абшукаць гарышча. Я ўпэўнена, што гаршчок яны схавалі менавіта там, мяў.
Кот Базыль у гэты момант даядаў рыбіну, якую ён у чарговы раз скраў на рынку. Кот смачна абгрызаў косткі і аблізваўся.
– Мяў, мяў, – Базыль ажно мяўкаў ад задавальнення.
– Базыль, ты што? Не чуеш? – незадаволена спытала кошка Васіліса.
– Ды чую, чую! Мяў, – адгукнуўся кот. – Пачакай, даем рыбіну.
Базыль даеў рыбіну, зноў аблізнуўся і прамяўкаў:
– Ты маеш рацыю, Васіліса. Пайшлі.
– А выцерці пысу пасля абеду? – сказала кошка. – У нас у дзіцячым садку дзяцей прывучаюць да гігіены амаль з пялюшак.
Кот незадаволена выцер лапамі пысу.
«І звязаўся ж я з гэтай чортавай кошкай, – думаў Базыль. – Але нічога не паробіш, яна ўмее чытаць і без яе я не змагу скарыстацца чароўнай палачкай».
І чорны кот пакрочыў у накірунку Казікавага дома. А за ім белая кошка.
Ах, чытачы ж яшчэ не ведаюць, што кошка Васіліса мела амаль белы колер поўсці. Бо ў сцэне, калі яны ў парку адкапвалі скарб, была ноч. І колеру кошкі не было бачна.
Каты кароткімі перабежкамі наблізіліся да дома №29 па вуліцы Замкавай. Яны праслізнулі праз акно ў сутарэнні дома. У сутарэннях было цёмна, але каты знаходзіліся тут не ў першы раз і добра арыентаваліся. Таму ўпэўнена накіраваліся ў бок усходаў, якія вялі ў пад’езд дома.
Тут у змроку нешта мільганула і Базыль імгненна скокнуў на рух:
Скок!
– Мыш! Уцякла, халера. Мяў, – паведаміў ён Васілісе.
Гэта сапраўды было мышанятка. Якое цудам выратавалася ад Базыля. Базыль не ведаў ні яго самога ні ягонага імя. Але чытачам можна паведаміць, што мышаня звалі Пік-Пік.
Базыль з Васілісай жвава ўзбеглі па чыгунных прыступках усходаў на апошні паверх. А потым па драўляных драбінках залезлі на паддашак.
Каты асцярожна пачалі абследаваць паддашак. Спачатку дальнія куткі гарышча, а потым і «кватэру» Казіка.
– Нюхай, Базыль! – камандавала Васіліса. – Ты мусіш знайсці гаршчок.
І Базыль уважліва абнюхваў кожнае месца і кожную рэч. Казікаў ложак, тэлевізар, стол, крэслы. Іншую мэблю і нават Казікаў унітаз і ракавіну ўмывальніка. Але дарэмна. Гаршчком нідзе не пахла.
– Няма, – з журботай і нават адчаем прамяўкаў Базыль.
Кошка Васіліса, якая знаходзілася побач з комінам, раптам пачала прынюхвацца. Ёй падалося, што яна злавіла нейкі знаёмы пах.
– Базыль, мяў, хутчэй да мяне! – паклікала яна ката.
Базыль у некалькі скачкоў апынуўся побач з Васілісай і прыняўся абнюхваць усё навокал.
І знайшоў схованку дахавікоў.
– Васіліса, знайшоў!
Базыль лапай крыху адсунуў цагліну, якой быў прыкрыты гаршчок.
– Вунь ён.
Але ў гэты момант пачуўся шум і каты зразумелі, што на паддашак вяртаюцца дахавікі.
Васілісу і Базыля, як ветрам здзьмула. Лахі пад пахі і праз акно яны выскачылі на дах і пабеглі хавацца за дальнія коміны. Каб дахавікі не пабачылі іх. А потым ціхенька спусціліся далоў па пажарных драбінах.
Гэта сапраўды былі Юзік і Казік. Якія вярнуліся з Люцынкі. Раней, чым планавалі. Бо Юзіка выгналі са школы.
Так выкраданне скарбу катам прыйшлося адкласці на больш зручны час.



36. ЗНІКЛЫЯ ДУКАТЫ

Стомленыя Юзік і Казік забраліся на Казікаў паддашак. Яны заваліліся адпачываць. Казік – на свой ложак, а Юзік – на канапу-раскладанку, якую Казік трымаў для гасцей.
Адпачнуўшы, Юзік пачаў збірацца да сябе дамоў – у іншы канец горада, дзе ў яго таксама быў невялічкі пакойчык на паддашшы.
– Казік, – звярнуўся да сябрука Юзік, – а можна я вазьму адзін дукат з гаршчка? А то мне вельмі патрэбны грошы.
– Чаму ж не, вазьмі, – лагодна дазволіў Казік. Не абяднеем.
Радасны Юзік падыйшоў да коміна, дзе быў схаваны скарб.
– Казік, тут цагліна ссунута, – трывожным голасам сказаў Юзік. – Можа мы забылі паправіць? Або нехта тут быў?
– Супакойся, Юзік, – адказаў Казік. – Гаршчок на месцы? На месцы. Калі б яго нехта знайшоў, то адназначна б скраў. Відаць гэта мы забылі паправіць цагліну.
Юзік выцягнуў гаршчок і дастаў адну залатую манету. Потым ізноў запхнуў скарб на месца і акуратна прыкрыў цаглінай.
І паехаў дамоў.
Назаўтра Юзік ізноў заехаў у госці да Казіка. Маўляў, так засумаваў без сябра, што не можа і дня без яго пражыць.
І на працягу двух тыдняў амаль штодня наведваўся да Казіка ў госці. Хоць раней ён так часта да сябрука не ездзіў.
А потым Юзік знік. Быццам след замяло.
Казік разоў дваццаць тэлефанаваў сябру, але Юзік не адказваў. І тут Казік пачаў хвалявацца. Потым яго раптоўна чамусьці наведала думка праверыць скарб.
Казік выцягнуў гаршчок. Які быў падазрона лёгкі. Дахавік зазірнуў унутр гаршчка. Там ляжала чароўная палачка, паперка з запісаным чарадзейным словам і жменька дукатаў. Мо дзясятая частка ад таго, што там было раней.
«Дзясятую частку манет аддалі доктару Цукерману, на жменьку манет купілі мне ўжываную машыну, адзін дукат узяў Юзік. А дзе ж астатнія»? – сам сабе задаваў пытанне Казік.
Казік патэлефанаваў пані Ядзвізе і вароне Карыне. Ён ім апавёў пра прапажу дукатаў і Юзіка. І яны дамовіліся разам паехаць разшукваць дахавіка Юзіка.
Сябры знайшлі Юзіка на ягоным гарышчы. Дахавік ляжаў  на ложку. Адно вока ў яго было падбіта – пад вокам быў велізарны сіняк.
Пані Ядзвіга нават узняла рукі, пляснула ў далоні і заплакала, гледзячы на Юзіка.
А варона Карына сказала:
– Тр-рэба пр-рыкласці да вока губку «бадзягу». Яна вельмі дапамагае ад сінякоў.
– Няўжо цябе катавалі, каб выпытаць пра скарб? – з трывогай у голасе спытаў Казік Юзіка.
– Не, ніхто мяне не катаваў. Гэта мяне пабіў доктар Цукерман, – сказаў Юзік.
– Чаму? – у адзін голас спыталі варона, пані Ядзвіга і Казік.
– Ды так, паспрачаліся аб метадах гіпнозу, – уклонліва адказаў Юзік.
– Табе трэба звярнуцца ў паліцыю, – параіла Юзіку варона.
– Ні ў якім разе, – з хваляваннем запярэчыў Юзік.
– А дзе ж тады грошы. Калі цябе ніхто не катаваў? – не адставаў Казік. – Ці нас абрабавалі?
– Я, я… Гэта я ўзяў, – нарэшце прызнаўся Юзік.
– Ты? Калі? – недаверліва спытаў Казік.
– Калі да цябе прыязджаў. Пакуль ты быў на даху, я кожнага разу браў некалькі манет.
– Але навошта? Навошта табе столькі грошай? – пытаў Казік.
– На марозіва, – сказаў Юзік.
– Колькі ж ты марозіва адзін з’еў? – пані Ядзя была ўражана.
– Я не адзін, – адказаў Юзік. – Я з Матыльдай.
– З якой  яшчэ Матыльдай? – спытала варона Карына.
Матыльда – гэта супрацоўніца клінікі доктара Цукермана, – адказаў за Юзіка Казік. – Дарэчы, вельмі-вельмі прыгожая паненка.
І сказаў Юзіку:
– За гэтыя грошы можна купіць цэлы эшэлон марозіва.
– Які яшчэ эшэлон? – перапытаў Юзік.
– Чыгуначны, – сказаў Казік.
– Мы з Матыльдай іх выдаткавалі не толькі на марозіва, – патлумачыў Юзік.
– А на што яшчэ? – спыталі Юзіка сябры.
– На кіно.
– І ўсё?
– На кавярні.
– І толькі?
– На футра для Матыльды. Зіма ж хутка.
– Ах, вунь яно што, – зразумела ўсё пані Ядзвіга. – Хацела б я паглядзець на гэтую Матыльду.
– Што «вунь што»? – спытаў пані Ядзвігу Казік, які так нічога і не зразумеў.
– Я табе потым патлумачу, – паабяцала пані Ядзвіга.
– Так, так, Казік, мы табе потым патлумачым, кар-р, – прыткнула свае «тры грошыкі» і варона Карына.
– А з табой мы больш не размаўляем, – сказала пані Ядзвіга Юзіку.
Юзік амаль заплакаў:
– Сябры, мне вельмі сорамна, што я ўзяў грошы. Таму я і не адказваў на званкі. Ды яшчэ гэты сіняк.
Калі Казік з варонай і пані Ядзвігай выйшлі на вуліцу, то пані Ядзвіга з крыўдай сказала Казіку:
– А мне ты футра не падарыў!


37. ЦУД

Казік развітаўся з варонай Карынай і пані Ядзвігай і паехаў на метро дамоў на Замкавую. Даехаўшы да сваёй станцыі, выйшаў на паверхню. А навокал шумеў дзівосны горад. Казік павольна ішоў цудоўнай прыгожай вуліцай да дома. Падыйшоўшы да пад’езда, Казік пабачыў, як з пад’езда выходзіць маладая жанчына, якая штурхае перад сабой інвалідны вазок. У ім сядзела яе маленькая дачка. Гэта былі пані Хрысціна і Камілька. Яны жылі на першым паверсе, побач з пані Рэгінай.
Казік патрымаў дзверы пад’езда, каб суседка змагла бесперашкодна выкаціць вазок і павітаўся:
– Вітаю, пані Хрысціна. Вітаю, Камілька.
Казік выцягнуў з кішэні цукерку, якую насіў з сабой на ўсялякі выпадак, і даў яе дзяўчынцы.
Камілька ўзяла цукерку і падзякавала:
– Вялікі дзякуй, пан Казік.
– Цудоўнае надвор’е, – сказаў Казік пані Хрысціне. Самы час пагуляць.
І сапраўды, на двары быў канец верасня, а надвор’е было яшчэ амаль летняе. Бабіна лета – так у народзе называюць такі час.
Казік падымаўся да сябе на гарышча і думаў пра маленькую Камільку. Дзяўчынка нарадзілася здаровай, але потым у яе чамусьці адняліся ножкі. Бацька Камількі не вытрымаў гэтага і кінуў сям’ю. І вось пані Хрысціна адна выхоўвае дачку. Возіць яе на шпацыр. А самой жа яшчэ і працаваць трэба.
«І як толькі яна ўсё паспявае»? – здзіўляўся Казік.
Ён падняўся да сябе на гарышча. Паеў. Лёг адпачнуць і ўключыў тэлевізар. Паказвалі нейкі мультфільм, але Казік думаў пра сваё. Пра чароўную палачку, пра Юзіка, які прагуляў грошы, пра пані Ядвігу, якая пакрыўдзілася на тое, што Казік не падарыў ёй футра. Хоць і мог гэта зрабіць пры наяўнасці залатых дукатаў і чароўнай палачкі. Потым ён падумаў пра пані Хрысціну і Камільку. Потым ізноў пра чароўную палачку.
А потым яму ў галаву раптоўна прыйшла геніяльная ў сваёй прастаце думка:
«А чаму б мне не загадаць, каб Камілька выздаравела? У мяне ж ёсць чароўная палачка!»
Казік падхапіўся з ложка, падбег да коміна і выцягнуў гаршчок з чароўнай палачкай. Дахавік узяў чароўны аловак і загадаў, каб маленькая Камілька выздаравела. Потым прамовіўшы «пампапам-цімнацім» ён памахаў чароўнай палачкай ў паветры.
Казік не бачыў, але ў гэты момант у двары маленькая Каміла ўстала са свайго інваліднага вазка і пакрочыла да голуба, які хадзіў па бруку.
Сама.
Яе мама, якая размаўляла з суседкай, адвярнуўшыся ад дачкі, павярнула галаву ў бок Камількі. І спачатку нават не зразумела, што дачка пабегла за голубам, які дзёўб хлебныя крошкі.
А потым у двары разнёсся крык, адначасова трывожны і радасны:
«Божа»!
Казік пачуў гэты крык і пазнаў голас пані Хрысціны. Ён вылез на дах і пабачыў, як пані Хрысціна абдымае сваю ўжо здаровую дачку. Плачучы і ўсміхаючыся адначасова.
І Казік таксама пачаў усміхацца. Ва ўвесь рот.
Потым дахавік спусціўся назад на гарышча і ўспомніў пра пані Ядзвігу.
«Сапраўды, колькі я ў яе жыў, колькі яна мяне карміла-паіла, а я ёй нават футра не падарыў, – думаў Казік. – А магу ж. Элементарна.»
І ўзяўшы палачку дахавік загадаў, каб у пані Ядзі з’явілася норкавае футра. Ён сказаў «пампапам-цімнацім» і памахаў палачкай. А потым паклаў палачку ў гаршчок і запіхнуў яго на месца. І заклаў цаглінай.
Праз пятнаццаць мінут на гарышчы прагучаў тэлефонны званок. Тэлефанавала пані Ядзвіга.
Казік узяў тэлефончык:
– Слухаю.
Пані Ядзвіга ўсхвалявана сказала Казіку:
– Казімір, я тут палезла ў шафу і бачу – на вешалцы вісіць норкавае футра. Прызнавайся – гэта ты мне яго падарыў?
У той самы час, калі яна размаўляла з дахавіком, пані Ядзвіга круцілася каля люстра ў сваім новым футры. То левым бокам павернецца да люстра, то правым. Было бачна, што яна сама сабе вельмі падабаецца ў гэтай норкавай шубцы.
Казік не адказаў на пытанне Ядзвігі. Ён выключыў тэлефончык і заўсміхаўся.
«Але ж я забыўся пра Карыну, – падумаў Казік, – трэба і ёй штосьці падарыць.»
Ізноў дахавік выцягнуў гаршчок. Казік загадаў жаданне, каб варона Карына атрымала залаты ланцужок, якія яна вельмі любіла. Прамармытаў магічныя словы і памахаў палачкай.
А потым Казік успомніў пра Юзіка. Ён яшчэ той мантач, але ж сябар. Трэба і яму зрабіць падарунак.
І Казік адарыў Юзіка ноўтбукам.
«А я? – падумаў Казік. – усім зрабіў падарункі, а сабе?»
І Казік загадаў новы тэлефончык…

Сёння дахавік Казік быў шчаслівы. Ажно свяціўся ад радасці. Бо ён зрабіў падарунак сябрам і самому сабе, а галоўнае – дапамог дзяўчынцы Камільцы вярнуць страчанае здароўе. Гэта было найлепшае выкарыстанне чароўнай палачкі.


38. БАЗЫЛЬ І ВАСІЛІСА КРАДУЦЬ ЧАРОЎНУЮ ПАЛАЧКУ


Цэлы тыдзень Казік не размаўляў з Юзікам. Прынцыпова. Не размаўлялі з Юзікам і пані Ядзвіга і варона Карына. Пакрыўдзіліся.
«Дык як тут не пакрыўдзіцца на такое? – эмацыйна казала пані Ядзвіга. І працягвала: – Прагуляў грошы. Патраціў-памантачыў. І на што? Дакладней, на каго? На лёгкадумную паненку. Якая хоць і лёгкадумная, але здольная раздзець і пусціць з торбай не толькі няхітрага Юзіка, а нават самога доктара Цукермана! А Збігнеў Цукерман – гэта вам не нейкі дахавік Юзік. Але ж…»
– А адкуль ты ведаеш доктар-ра Цукер-рмана? – пацікавілася ў пані Ядзвігі варона Карына.
– Трэба чытаць свецкую хроніку, – патлумачыла Ядзвіга.
З-за такіх нацягнутых адносін з найлепшым сябрам у Казіка нават пачаў псавацца настрой. Выратавала становішча з Казікавым настроем пані Ядзвіга. Якая пасля таго, як у яе з’явілася новае футра з норкі, акружыла Казіка пільнай увагай і клопатам. Яна штодня тэлефанавала Казіку і запрашала да сябе на вячэру. А калі Казік з’яўляўся на Кароткабродскай 13, то карміла дахавіка ўлюбёнай поліўкай. А потым да іх далучаліся варона Карына і вавёрка Верка, якую Казік пазнаёміў са сваімі сяброўкамі. І яны ўчацвярых цэлы вечар пілі гарбату, завараную пані Ядвігай па асаблівым рэцэпце, і гулялі ў карты. У «дурня».
Аднойчы, калі яны ў чарговы раз гулялі ў карты, Казік паведаміў гаспадыні кватэры, вавёрцы і вароне:
– Я вырашыў з дапамогай чароўнай палачкі дапамагаць людзям. Навокал столькі хворых дзяцей, якіх трэба вылечыць. А колькі бяздомных жывёл. А колькі розных добрых спраў, на якія заўсёды не хапае грошай.
Казіка падтрымала і пані Ядзвіга.
– Малайчына Казік. Чым выдаткоўваць грошы на розных вярціхвостак кшталту гэтай Магды з клінікі…
– Якой Магды? – перабіла яе варона Карына. – Матыльды.
– Абое рабое! – не сунімалася Ядзвіга.
– Тр-рэба план пр-раекту скласці, – параіла Казіку варона.
– Які яшчэ план праекту? – не зразумеў дахавік.
– Я была ў адной установе, – патлумачыла Карына, – і там супр-рацоўнікі складалі планы пр-раектаў. З р-рознакалярровымі стр-рэлачкамі, гр-рафікамі і табліцамі.
– Абыйдуся без бюракратыі, – нервова адрэагаваў Казік.
– Добр-ра, добр-ра, – пагадзілася варона.
– Так, так, лепш без усялякай бюракратыі, – падтрымала Казіка вавёрка Верка.

А незадоўга да гэтага чорны кот Базыль і белая кошка Васіліса, якія сачылі за Казікавым домам, заўважылі, што Казік штовечар знікае з дома і вяртаецца амаль уначы.
– Зручны момант завалодаць чароўнай палачкай, мяў, – прамяўкала Васіліса.
– Я ўжо не магу трываць, так хачу атрымаць чароўную палачку, – прызнаўся Базыль.
– Тады давай сёння выкрадзем чароўную палачку, – прапанавала Васіліса.
– Згода, мур-мяў, – пагадзіўся Базыль.
І каты ўжо з раніцы пачалі сачыць за Казікавым домам, размесціўшыся ў сутарэннях суседняга будынка. Седзячы ў вентыляцыйным акне і час ад часу падсілкоўваючыся скрадзенай у рэстарацыі сардэлькай. Адтуль катам усё было бачна. Казік не мог выйсці з дома і не быць не заўважаны назіральнікамі.
Нарэшце дахавік спусціўся на дол з даху па пажарных драбінах дома і, як і ўчора і пазаўчора, кудысьці накіраваўся. Куды – кот і кошка не ведалі. А Казік, між тым, пайшоў па поліўку да пані Ядзвігі.
– А давай залезем на дах па пажарных драбінах, – сказаў Базыль Васілісе.
– Давай, – згадзілася тая.
І каты спрытна палезлі на дах. Адтуль яны праз акно праслізнулі на Казікава гарышча. Базыль выцягнуў цагліну, ухапіў гаршчок з дукатамі і чароўнай палачкай і ўжо сабраўся з ім бегчы. Але яго прыпыніла кошка Васіліса:
– Кінь гаршчок! Бяры толькі палачку, а то мы з гаршчком адсюль далёка не ўцячэм.
Базыль паслухаўся.
Васіліса схапіла паперку, на якой былі запісаны чарадзейныя словы, і адну манетку. Паперку і манетку кошка запхнула ў рот, за шчаку. І каты хутчэй пабеглі прэч, каб іх ізноў не заспеў Казік ці яшчэ хто.
Яны  пабеглі па даху, потым спусціліся ўніз па драбінах і саскочылі на зямлю.


39. ПАГОНЯ

Але катам ізноў не пашанцавала, бо на іх натыкнуўся дахавік Юзік, які акурат у гэты час падыходзіў да Казікавага дома. Каб замірыцца з сябрам і папрасіць у яго прабачэння. Юзік не рашыўся патэлефанаваць Казіку, хацеў паразмаўляць з сябрам вочы ў вочы. І не ведаў, што Казіка няма дома.
Юзік адразу пазнаў і ката Базыля і чароўную палачку ў ягоным роце. І ўсё зразумеў.
– Стаяць! – гучна крыкнуў ён катам. – Не рухацца!
Але дзе там – Базыль з Васілісай кінуліся бегчы. Юзік – за імі.
Каты выскачылі на перакрыжаванне вуліц і каля ўваходу ў краму канцтавараў пабачылі два электрасамакаты, якія нейкія хлопчык і дзяўчынка пакінулі без нагляду, на хвіліначку зайшоўшы ў краму.
Базыль кінуўся да самакатаў.
– За мной! – з чароўным алоўкам у зубах прамычэў ён Васілісе.
Базыль ускочыў на меншы самакат. За ім – Васіліса. Яна трымалася пярэднімі лапамі за Базыля. Кот схапіўся лапамі за руль і прыціснуў гузік уключэння. Хутка адштурхнуўся задняй лапай ад асфальту і націснуў на рычаг акселератара.
І пара катоў шыбка паімчала на самакаце па тратуары, аддаляючыся ад Юзіка.
Але Юзік таксама не разгубіўся. Ён схапіў другі самакат, кінуты без нагляду, актывізаваў яго і таксама адштурхнуўшыся нагой ад асфальту пачаў пагоню за выкрадальнікамі чароўнай палачкі.
Два самакаты імчалі па тратуарах, лавіравалі паміж пешаходаў, выскоквалі на праезжую частку, парушаючы правілы дарожнага руху. Адным словам, гэта была сапраўдная пагоня. Як у дэтэктывах.
З Татарскай вуліцы на Дамініканскую. Па Завальнай. Потым па Бенедыктынскай. На Ратушны пляц. Адтуль – на Нямецкую вуліцу. Затым у адваротны бок: на Конскую вуліцу. Па ёй – у бок Кароткабродскай.
Гонячыся за катамі, Юзік адной рукой выцягнуў тэлефон і набраў нумар Казіка:
– Стары, няма часу тлумачыць. Ты дзе? Кот Базыль скраў чароўную палачку. Ён на самакаце са сваёй сяброўкай якраз рухаецца ў бок Кароткабродскай. Трэба тэрмінова іх перахапіць. Я пераследую катоў! – амаль крычэў у тэлефон Юзік.
– Усё зразумеў! – каротка адказаў Казік.
І Казік кінуўся напярэймы выкрадальнікам.
Ён бег што было моцы.
А каты ўжо пад’яжджалі да пешаходнага мосціка, які быў перакінуты праз Пяшчаны ручай. Юзік пачаў ад іх адставаць.
Базыль узрадаваўся. Яшчэ трошкі і яны з Васілісай адарвуцца ад пагоні. Але раптам ён пабачыў наперадзе, з другога боку моста, Казіка. Казік стаяў раставіўшы ногі і раскінуўшы ў бакі рукі. Усім выглядам паказваючы, што памрэ, а ворага не прапусціць.
І Базыль затармазіў. Ды так рэзка, што яны з Васілісай кулём паляцелі на мост, а самакат праскочыў паміж парэнчамі і зваліўся ў Пяшчаны ручай.



40. GOOD BYE, ЧАРОЎНАЯ ПАЛАЧКА

З аднаго боку быў Казік, з другога – Юзік. Паміж імі на мосце – кот Базыль і кошка Васіліса.
Базыль апусціў хвост. Дахавікі зразумелі, што кот вельмі злы і гатовы біцца.
Хвост у хвост з Базылём стаяла Васіліса. Базыль глядзеў на Казіка, Васіліса – на Юзіка.
Але і дахавікі не збіраліся адступаць.
Базыль правай пярэдняй лапай выцягнуў палачку з зубоў.
– Васіліса, чытай магічныя словы, – ціха загадаў ён кошцы.
Васіліса выплюнула паперку, на якой рукой Юзіка былі напісаны словы «pampapam-cimnacim».
– Зараз я распраўлюся з вамі. А потым знішчу гэты край, дзе мяне ўсе крыўдзяць! Усе мяне б’юць, усе мне даюць выспятка! – крыкнуў дахавікам кот Базыль.
Дахавікі апынуліся за паўкрока ад гібелі.
Сам Базыль чытаць не ўмеў. Таму ён і папрасіў прачытаць словы кошку Васілісу, якая цэлы год жыла пры старэйшай групе дзіцячага садка і навучылася чытаць. І Васіліса прачытала словы.
Але яна думала, што там напісана кірылічнымі літарамі. Яна ж не ведала, што Юзік вучыўся ў польскай школцы. І што на нашай мове таксама можна пісаць лацінкай. Таму і прачытала магічныя словы няправільна. Замест «пампапам-цімнацім» Васіліса гучна прачытала:
– Ратрарат-сітпасіт.
І Базыль, які загадаў, каб дахавікі зніклі і распусціліся ў паветры, як выхлап ад аўтамашыны, памахаў палачкай і выгукнуў:
– Ратрарат-сітпасіт!
Але нічога не адбылося. Тады кот крыкнуў яшчэ раз:
– Ратрарат-сітпасіт.
Але і на гэты раз нічога не адбылося – дахавікі былі на месцы.
Кот Базыль разгубіўся:
– Халера, не працуе!
Ён некалькі разоў выкрыкваў чарадзейныя словы, але палачка не выконвала яго жадання.
Першым зразумеў у чым справа Юзік. Ён гучна зарагатаў.
– Гы-гы-гы.
Потым і да Казіка дайшло, што Базыль прыняў лацінскія літары за кірылічныя, а таму і заклінанне несапраўднае. І таксама зарагатаў:
– Ха-ха-ха!
Тут Базыль раззлаваўся і раптам зрабіў тое, што ад яго ніхто не чакаў. Ні Казік, ні Юзік, ні нават кошка Васіліса.
– Дык не даставайся ж ты нікому! – усклікнуў кот.
 І Базыль з усёй моцы шпурлянуў палачку ў рэчку, дзе яна адразу згубілася ў хвалях. Не паплыла па вадзе, як звычайны аловак, а адразу пайшла на дно. Бо гэта і быў незвычайны аловак. Згустак энергіі.
Ах! – ад нечаканасці выгукнулі дахавікі.
Мя-я-яў-ў! – а гэта працяжна крыкнула кошка Васіліса.
А чароўная палачка знікла ў хвалях Пяшчанага ручая. І плынь панесла яе няведама куды.
Можа праз сотні гадоў археолагі яе знойдуць і адкапаюць з пяску. І не зразумеюць, што перад імі чароўная палачка. А нават калі і зразумеюць, то хто ж ім паведаміць чарадзейныя словы? Хіба што Юзік з Казікам. Калі, пэўна ж, пражывуць яшчэ некалькі сотняў гадоў. Але і яны могуць да таго часу забыць магічныя словы.



41. РАЗВЯЗКА


Пакуль дахавікі прыпынялі Базыля з Васілісай, да месца сутычкі прыляцела варона Карына і прыбегла пані Ядзвіга з вавёркай Верай.
Яны заспелі дахавікоў у момант, калі тыя трымалі за шыварат ката Базыля і кошку Васілісу. Казік трымаў кошку, а Юзік – ката.
– Я надаю гэтаму паганцу па пысе! – крычэў Юзік.
– Можа не трэба так жорстка? – сказаў Казік, працягваючы трымаць за шыварат кошку Васілісу. – Ты ж чуў, што Базыля цэлае жыццё ўсе крыўдзілі. Таму ён так і разлютаваўся.
– Так, так, мяў, – замяўкаў Базыль, якому зусім не хацелася атрымаць па пысе.
– Я яго разумею, – сказаў Юзік. – Але не дарую яму!
І Юзік даў кату ў нос, прамовіўшы:
– Квіта, пане Мікіта.
Кот паляцеў у ваду. Плюхнуўшыся ў рэчку, варты жалю Базыль паспрабаваў выбрацца на бераг. Але з першай спробы ў яго гэта не атрымалася.
Казік выпусціў Васілісу і яна, чмякнуўшыся аб брук, кінулася дапамагаць Базылю вылезці з рэчкі. Кошка з мокрым катом, які падціснуў хвост, кінуліся прэч ад сяброў. Падалей ад небяспекі. Дабегшы да найбліжэйшага будынка і схаваўшыся за рогам, каты прыпыніліся і асцярожна высунулі голавы, каб паглядзець ці няма за імі пагоні. Пагоні не было.
Васіліса пачала лізаць пысу Базыля, залізваючы рану. І суцяшальна замяўкала:
– Ну не журыся, Базыль, мур-мяў. Паглядзі, што ў нас ёсць.
І кошка выплюнула з рота залаты дукат.
– На сасіскі нам хопіць, – сказала кошка. – І нават на сардэлькі.
У гэты момант яна забылася і пра сваю хітрасць і пра тое, што хацела замяніць Базыля на маладога леапарда.

Каты ўцяклі, а дахавікі з сяброўкамі ўсё стаялі на мосце праз Пяшчаны ручай. І глядзелі ў ваду.
– Можа наймём вадалазаў-дайвераў, каб адшукалі чароўную палачку? – няўпэўнена прапанаваў Юзік.
– Дзе ж ты тут яе знойдзеш? – сказаў Казік.
– Але варта было б паспрабаваць, – усё так жа няўпэўнена вымавіў Юзік.
– А кот Базыль сапраўды мог пры дапамозе чароўнай палачкі знішчыць увесь край? – спытаў Казік.
– Не хвалюйся, Казік. Пэўна ж, не мог. Энергіі не хапіла б. Гэта ж не атамная бомба, – сказаў Юзік. – Але нас знішчыць мог элементарна.
– А ты, Юзік, аптыміст, – з’яхіднічаў Казік. Але з’яхіднічаў неяк сумна.
– Не журыцеся, сябры, – сказала пані Ядзвіга. – Чароўную палачку, ясная рэч, шкада. Але галоўнае, што ў вас ёсць мы. А ў нас – вы.
– Так, не май сто рублёў, а май сто сяброў, – сказала вавёрка Вера.
– Жылі без палачкі і яшчэ пр-ражывем, кар! – аптымістычна пракаркала варона Карына.
– Рацыя, – сказаў Казік. У нас яшчэ засталася жменя залатых дукатаў, ёсць мая старая машына, у якой я жыў. Зможам падарожнічаць па краі. Толькі трэба накіраваць пані Ядзвігу на курсы кіроўцаў, каб магла легальна нас вазіць. А не так, як я. Без правоў кіроўцы.
– Я згодная, – сказала пані Ядзвіга.
– Трэба будзе і вожыка Пых-Пыха ўзяць з сабой, – прапанаваў Юзік. – А то ён адзін па горадзе швэндаецца. Сумна яму.
– Добра, – згадзілася пані Ядзвіга.
– А яшчэ мы маем шмат спецыяльнасцяў, – сказаў Казік. – Камінары, перапісчыкі, настаўнікі, вартаўнікі… Не прападзем. Так сябры?
– Так!!! – хорам адказалі сябры.
– Толькі шкада, што я не паспеў зрабіць пры дапамозе чароўнай палачкі шмат добрых спраў, – пашкадаваў дахавік Казік. – Мяне гэта турбуе больш за ўсё.


42. ФІНАЛ

Скончылася восень. Прайшла зіма. Пачалася вясна.
Стаяў цёплы веснавы вечар. У паветры гудзелі майскія жукі. Дахавікі Казік і Юзік, а таксама пані Ядзвіга, варона Карына і вавёрка Верка, сядзелі ў цэнтры сталічнага горада каля ратушы на верандзе невялікай кавярні. Сябры не спяшаючыся вялі нетаропкую гутарку.
Тут дахавік Юзік прыўстаў з крэсла і пагрукаў лыжачкай па кубачку з кавай.
Суседзі па століку нават не звярнулі на гэта ўвагу. Тады Юзік гучна сказаў:
– Шаноўнае панства! Папрашу цішыні! Хвіліначку ўвагі!
Пані Ядзвіга, вавёрка Верка і варона Карына прыціхлі. А Юзік працягваў сваю прамову:
– У гэты цудоўны травеньскі вечар мы сабраліся тут, каб адсвяткаваць дзень нараджэння нашай найпрыгажэйшай пані Ядзвігі…
Але тут устаў Казік і перабіў Юзіка.
– Пачакай, Юзік, мне трэба сказаць нешта важнае. Найважнейшае.
Ён павярнуўся ў бок пані Ядзвігі:
– А ведаеш, Ядзя, я зразумеў, што кахаю цябе, – прызнаўся пані Ядзвізе дахавік Казік. Ягоны твар зрабіўся чырвоным, як бурак. Казік ужо быў гатовы пачуць у адказ на сваё прызнанне смех ці нейкую іншую рэакцыю. Негатыўную. Але пані Ядзвіга радасна адказала:
– І я цябе кахаю, Казімір. Даўно. Не ўяўляю, як я буду жыць без цябе.
На гэтым наша гісторыя прыпыняецца. Але не сканчваецца. Бо, хутчэй за ўсё, мы цяпер дакладна пабачым новае пакаленне дахавікоў. І даведаемся пра новыя гісторыі.

P.S. Зазвінеў будзільнік. Дахавік Казік прачнуўся, расплюшчыў вочы і не мог зразумець – усё гэта яму прыснілася ці было насамрэч?
А вы як мяркуеце?



Уладзімір Васькоў, 2022 год.


Рецензии