Дзьмухавец

   Жыла-была адна маленькая і не вельмі прыгожая кветачка. Навокал былі і чырвоныя, і блакітныя, і жоўтыя кветкі, а яна чамусьці была заўсёды зялёнай. Ніхто яе ніколі не любіў. Калі ранняй вясной маладая раслінка з'яўлялася на кветніку, казалі, што гэта нейкае пустазелле. Калі вырастала на лузе, то скошвалі і казалі, што ніхто не будзе есці такое сена. Кветачка была маленькая, непрыгожая і нясмачная. А гэтак жа хацелася, каб і ею любаваліся, і яе збіралі ў букеты, або ўпляталі ў вяночкі.
   Цэлы дзень кветачка праплакала, шкадуючы сама сябе. А пад вечар хтосьці ціхенька абняў яе за плечы. Гэта было сонейка.
   - Чаго ты так плачаш?- ласкава спытала яно.
   - Ніхто мяне не любіць. Ніхто нават не зірне ў мой бок. Мне так крыўдна і балюча, - ціхенька і жалобна адказала кветачка.
   - Не плач,- суцяшала сонейка. -Кладзіся спаць і ні аб чым не думай. А раніцай, як толькі прачнешся, паглядзі на мяне і ўсміхніся.
   -І ўсё?- не паверыла кветачка, але згадзілася.
  Прачнулася кветачка ад таго, што штосьці цёплае і пяшчотнае дакранулася да яе. Адкрыўшы вочкі, убачыла сонейка і ўсміхнулася шчыра і ласкава. І раптам адбыўся цуд: кветачка зрабілася жоўтай і такой прыгожай, што ажно зазіхацела на сонцы. Яна была такая прыгожая, такая шчаслівая, што ўсміхалася сонейку цэлы дзень і нават спявала.
   Кветачка вырашыла ніколі не класціся спаць, каб зноў не зрабіцца зялёнай
і непрыгожай. Але ж сонейка не магло песціць кветачку і дзень і ноч. Праз некалькі дзён, стомленая ад бязсонных начэй, яна зрабілася  белай і такой худзенькай і лёгкай, што калі аднойчы прыляцеў гарэзлівы цёплы ветрык і падзьмуў на яе, то над лугам узнялося такое мноства прыгожых белых парашуцікаў, што, здавалася, пайшоу снег.
   З таго часу і пачалі ўсе любавацца прыгожымі залаціста-жоўтымі кветкамі, а потым і  мяккімі белымі камячкамі. А як любіць раздуваць іх дзятва! Кветачку ж так і назвалі - дзьмухавец.


Рецензии