Насельнiкi дрыгвы бел
Распалілі вогнішча, закіпяцілі воды, заварылі гарбату з духмяных зёлак. Дзед дастаў з кішэні акрайчык хлеба, разламаў напалову, зверху паклаў па лустачцы сала - смачна, хто разумее. Смачна і сытна. Перакусілі, сталі піць гарбату.
- Неяк, Колька, на гэтым балоце... - пачаў стары і раптам замоўк.
- Што, дзеда, што такое? - падхапіўся хлопчык.
- Вось, думаю, скажу - не паверыш. Скажаш, хлушу...
- Я не буду, дзеда, - стаў прасіцца хлопчык, - распавядай…
- Распавядай... - паўтарыў стары і сербануў са сваёй кружкі. – Пі, давай, а то астыне…
Хлопчык паслухмяна загубіў гарбату.
- Ну, так і быць, - махнуў рукой стары, - слухай.
Мне тады было, як табе зараз, не старэй. Пайшлі неяк нашыя мужыкі секчы лес для пана. Зарабіліся, і не заўважылі, як надышоў вечар. Бальшаком далёка, вырашылі выправіцца нацянькі, праз імшары.
Ідуць, гамоняць, раптам бачаць, нібы лiхтарыкі наперадзе мільгаюць. То ярчэй, то цьмяней, і на месцы не стаяць: рухаюцца, быццам дзеці са свечкамі адзiн за адным бегаюць.
- Эге, - кажа адзін з мужыкоў, - бачыце лiхтарыкі над дрыгвой? Прывабліваюць…
- А кажуць, - запярэчыў іншы, - лiхтарыкі - гэта душы ведзьмакоў, якія схавалі свае скарбы і зараз пільнуюць, пакуль хто-небудзь не забярэ.
- Забярэш тут... Глядзі, як бы ў дрыгву не праваліцца. Тут і днём страшна хадзіць, а ўжо ўначы...
- А мы паціху, - падхапіў трэці. - Нас чацвёра, справімся!
Так і вырашылі: выламалі па доўгаму кiю і пайшлі за лiхтарыкамі. Ідуць, з купіны на купіну скачуць, кiямі наперадзе сябе дарогу абмацваюць. Ідуць, а лiхтарыкі наперад уцякаюць, блізка не даюцца.
Зайшлі ўжо ў самую глуш, у дрыгву, туды, дзе не ходзіць ніхто. Раптам бачаць быццам ззяе нешта наперадзе. Такім, ведаеш, слабым зялёным зiхаценнем. А лiхтарыкi ў той бок рухаюцца і знікаюць. Спыніліся мужыкі.
- Што рабіць будзем? Далей ідзем ці вяртаемся?
- Пойдзем, чаго тут вяртацца… Можа там папараць-кветка ці яшчэ што…
І хаця дзеля папараць-кветкі тэрмін ужо прайшоў, усе пагадзіліся, што ззянне ня проста так. Можа, скарб ведзьмака, а можа, што і лепей.
Прайшлі яшчэ крыху і раптам заўважылі, што мясцовасць стала паніжацца. Яны быццам спускаліся на дно вялізарнай ямы, пасярэдзіне якой быў відзен валун, які зiхацеў зялёным колерам.
Праз нейкi час падышлі так блізка, што сталі прыкметныя невядомыя істоты, што ўскладалi дары на плоскую паверхню каменя. Таючыся і хаваючыся за купіны, мужыкі апусціліся на карачкі і пакрыёма працягнулі шлях. І вось ужо стала магчыма разгледзець гэтыя істоты. Усе яны былі падобныя на вялікіх, памерам з бабра, жабаў, з жэлепадобным, камякаватым целам, шэра-зялёнай балотнай скурай, выпуклымі вачыма і абвіслымі губамі.
- Глядзі якія... Думаеце, хто гэта?
- Хто ж іх ведае... Усе яны тут аднаго балота чэрці, у што б ні прыбіраліся...
У поўным маўчанні балотныя істоты скакалі вакол або проста сядзелі на кукішках перад неачэсаным каменем, які нагадваў па форме вялізарную жабу, на плоскай спіне якой размяшчаліся дарункі ўперамешку са ззяючымі зялёным колерам невядомымі грыбамі.
Гледзячы на гэтыя дары, усім раптам захацелася есці. Не разумеючы, што робяць, мужыкі падняліся з карачак і пайшлі проста да каменя. Убачыўшы людзей, балотныя істоты кінуліся наўцёкі.
Нейкi час мужыкі глядзелі на прынесеныя ў дар плёны дрыгвяных раслін і зiхыцеючыя грыбы. Пасля адзін працягнуў руку за плёнам, паднёс да рота і адкусіў. Гледзячы на яго, двое іншых мужыкоў таксама кінуліся хапаць і прагна есцi. І чым болей яны елі, тым больш жадалi. І толькі адзін з прыяцеляў, у якога хварэў жывот, не стаў нічога есці.
Праз нейкi час тыя мужыкі, што елі плады, адчулі слабасць, ногі ў іх хісталіся, у галаве туман. Яны былі як п'яныя. І раптам той мужык, што не еў, убачыў, як яго таварышы пачалі ператварацца ў такіх жа, падобных да жаб, балотных істот з шэра-зялёнай скурай, выпуклымі вачыма і абвіслымі губамі. Імгненне - і кінуліся ў розныя бакі…
Дзед пасядзеў, задуменна пажаваў губамі, нібы хацеў дадаць яшчэ нешта, але перадумаў і пакінуў словы невыказнымі.
- А той мужык, дзеда, - не вытрымаў хлопчык. - Што з ім стала?
- З мужыком-та? Людзі казалі, кінуўся ўцякаць ад каменя, ды камень яго трымаў, не адпускаў далёка. Толькі пройдзе крыху, глядзіць, зноў да каменя вярнуўся. Так і блукаў да самай раніцы.
- А раніцай?
- А што раніцай? Чары развеяліся... Глядзіць, стаіць ён адзін пасярод дрыгвы, і канца-краю той дрыгве не відаць. І каменя ніякага няма, нібы ніколі і не было... Ліха яго ведае, як выбраўся...
Дзед падняўся і затаптаў рэшткi цяпельца.
- Добра, Колька, пойдзем, нам яшчэ да хаты дабірацца…
Свидетельство о публикации №222122101003