Старая яблыня
Колькі год квітнела гэтая яблыня, мабыць, ужо ніхто ў вёсцы б не сказаў. З пакалення яе гаспадароў даўно нікога не засталося, і нават наступнае за ім ужо састарэла. На ўсю вуліцу ўзімку заставалася пяць жывых хат.
Але зіма нарэшце скончылася. На пачатку красавіка на бацькоўскія і дзедавы падворкі пацягнуліся гарадскія машыны, па вуліцы пачалі лётаць падлеткі на роварах, загудзелі мабільныя маленькія трактарчыкі сезонных фермераў, успахваючы гароды.
Яблыня назірала за вясенней мітуснёй нібы з боку: на яе дзялянцы не адбывалася нічога. Старая гаспадыня пайшла некалькі год таму, гаспадара не стала яшчэ раней. Дзеці раз’ехаліся, а ўнукі, пэўна, ці памяталі, што ўвогуле існуе на свеце гэткі куточак, адкуль некуль пайшло прозвішча і сам іх род.
Дрэва квітнела з года ў год, пладаносіла, нягледзячы на адсутнасць клопату, але нікому не былі патрэбныя познія кіславата-салодкія светла-жоўценькія, амаль празрыстыя, з падрумяненымі бочкамі яблыкі. Час ад часу хтосьці з суседзяў мог сарваць акурат з галіны і пачаставацца. Але найчасцей яблыкі падалі ў траву і перагнівалі, толькі калі-нікалі прытупваў з лесу які вожык, падбіраючы адзін-два плады.
Два гады таму ў яблыні зламаўся адзін з ніжніх сукоў, але, зразумела, займацца ім не было каму, і сухія галіны так і засталіся тырчэць у траве побач з дрэвам.
Колькі год заставалася старой яблыні? Дрэвы, як і людзі, маюць свой час.
У адзін не надта сонечны вясенні дзень побач з надзелам, дзе даўно не было нават агароджы: стаяў толькі дом і некалькі гэткіх жа старых, але яшчэ крэпкіх дрэваў - нечакана прытармазнула ярка-чырвонае, яўна жаночае, маленькае і крыху смешнае аўто. Бразнулі дзверцы, і на былы, даўно занядбаны, не аднойчы зарослы травой і бур'янам гарод ступілі дзве пары ног: вялікія цёмныя мужчынскія чаравікі, на выгляд відавочна дарагія, і вельмі ж ужо непрыгодныя ў вёсцы дзявочыя туфелькі на абцасах.
Гэта ўжо потым яны прыдбалі нармальныя для працы адзежу і абутак. Якімі іх толькі не бачыла пазней старая яблыня: у скураных заляпаных фарбай ці мелам куртках, з заліхвацкімі па-іншаземнаму падпісанымі кепкамі на галовах, каб схавацца ад дажджу, у гумавых ботах, што хлюпалі па восеньскаму бруду - гарод стаяў у нізкім месцы і заўсёды пры дрэнным надвор'і збіралася вада.
Вясковыя, тутэйшыя і тыя, хто прыязджаў на лета ў дачнікі, не надта верылі, што ў гэтых, зусім гарадскіх, нешта атрымаецца. Дзяўчына не ведала, як праполваць бульбу (і ці трэба яе праполваць увогуле), мужык калі-нікалі мацюкаўся, прамахваючыся малатком, пакуль падбіваў скошаныя вокны ў хаце, і з кімсьці пераругваўся па мабільніку, стоячы на самым каньку страхі.
Але працавалі яны ладна, да суседзей хінуліся, і вёска іх прыняла.
У адзін з наступных візітаў з машыны вынулі колькі маладзенькіх саджанцаў. Яблыня адразу распазнала ігрушу, вішню, кусты парэчкі. Яблыневае дрэўца таксама было.
Але старую не спілілі. Зламаны сук пасеклі на дровы і на Купалу зрабілі кастрышча. Гаспадары, праўда, праз вогнішча не скакалі, але запрасілі суседзяў на шашлыкі.
А па восені збіралі яблыкі. Пах ад печкі, дзе сушыўся і варыўся сёлетні ўраджай, разносіўся далёка па двары, і на яго зляталіся апошнія кастрычніцкія мухі.
24.09.2022
Свидетельство о публикации №222122801685
З паважаннем,
Игорь Лебедевъ 17.01.2023 09:02 Заявить о нарушении