Спецыфiка лётнай рамантыкi

– Не цямлю я, што за звер гэтае вашае  с п а т к а н н е. Штучнае слоўца! Што ім называць – ані паняцця, – прабурчала Ліда са свайго ложка. Яна сядзела па-турэцку ў адной ніжняй кашулі і галіфэ і без літасці драла грэбенем чорныя кудзеры.

Сцеша на суседнім ложку падняла вочы ад тоўстых нітак, з якіх майстравала ляльку для дачушкі гаспадароў хаты, дзе яны кватаравалі. Лялька ўжо мела імправізаваную спадніцу і рукі, раскінутыя крыжам, а Сцеша даплятала ёй касу.

– Табе для чаго наогул? – асцярожненька спытала яна.

– Ды проста! Што за дурная завядзёнка – усюды прыплятаць рамантыку? Я супраць! Калі хлопец чужы, то гэта не спатканне, а... тыпу знаёмства. І рамантыка ні пры чым. Калі ж вы... ну, разам... то і тут не да месца. Легкадумна!

Сцеша сентыментальна лыпнула вейкамі.

– А я люблю рамантыку, – прамуркала яна.

– Усё з табой ясна, фінціфлюшка! – Ліда змерыла крытычным позіркам спярша яе, потым ляльку. – Галоўнае, не развучыся авіяпушкі чысціць, пакуль коскі пляцеш!

– Ай, ну чаго ты зноў? Глядзіш, і табе плесці пачну. Вунь, адрасціла!

Сцеша мела рацыю: за апошнія месяцы Лідзіны кудзеры дасягнулі плячэй і сталі вымагаць «дзяўчачага» догляду – які яна цярпець не магла. Але стрыгчы не стрыгла. Толькі завязвала на час вылетаў шпагатам, каб не лезлі ў твар з-пад шлемафона.

– Мо табе слова не падабаецца? – працягвала Сцеша. – Дык выдумай сваё, і канцы... Як лічыш: маляваць твар ці не?

Ліда прыкра шморгнула носам і кінула грэбень на ложак.

– Цьфу, сваё! А ў галовах  т о е  застанецца. Якое можна чапляць да ўсяго... Ды без розніцы, твая лялька – ты і вырашай.

Сцеша замацавала касу чырвонай ніткай і любоўна завязала канцы банцікам.

– Не, не буду маляваць! У мяне рукі не з таго месца, – паведаміла яна. І хітравата прымружыла вочы. – Дарэчы, пра ру-укі! Ведаю я, з чаго ты! Хто ў нас сёння дзяжурыў у самалёце, а? І хто-о-о да яе прыйшоў пасядзець на крыле?..

Лідзін твар акамянеў, шчокі пайшлі плямамі.

– Нічога ты не бачыла! – выпаліла яна і шпурнулася падушкай.

Сцеша, пырснуўшы, залягла – снарад пляснуўся ў сцяну, і з яго палезла салома.

– Анягож, не бачыла! Ды і што рабіць на ўзлётцы таварышу намесніку кампалка? У яго і на КП спраў заваліся...

– Ах ты ж паскудніца! Прышыю, натуральна! – ускіпела Ліда, сціснуўшы кулакі.

Аднак здзейсніць пагрозу не паспела. Вызірнула міма Сцешы ў акенца – і спуджана скацілася з ложка, як па трывозе.

– Ч-чорт!

Яна ўскочыла ў боты, ледзь вылучыўшы колькі секунд, каб накруціць анучы, а пасля паспешліва занырнула ў гімнасцёрку, блытаючыся ў рукавах.

– Пайду... прагуляюся! – мармытнула цьмяна і страсянула чорнай вычасанай грывай. – А будзеш трапацца – во!

Яна грозна замахнулася рамянём, перш чым зацягнуць яго на стане, і куляй вылецела прэч, ляпнуўшы дзвярыма.

– Будзем-будзем яе заплятаць. Проста яна пакуль не ведае! – запэўніла ляльку Сцеша. І, вельмі задаволеная, пасадзіла яе на Лідзіну падушку.


07.01.2023

#райтчэлендж


Рецензии