Лайдакаваты паробак бел

Жыў на Браншчыне самотны лайдак па імені Пуця, і ўся вёска яго ведала. Ляжаў цэлымі днямі на печы і нічога не рабіў. А калі і возьмецца, то рабіў абы што і абы як. Вось выпадак быў: прыйшоў неяк Пуця на луг, кінуў касу, сеў пад куст вярбалоза перадыхнуць, ды так увесь дзень пад кустом і праваляўся. Увечары ўзяў касу і пайшоў дадому.
Здарылася ў той час старой млынарцы шукаць паробака. Запытала аднаго, другога - ніхто не згаджаецца. Чаму? Рознае адказвалі, ды толькі бабы баялі, што тая млынарка - ведзьма і вядзе сяброўства з нячыстай сілай, і таму ісці да яе ніхто не жадае. Праўда гэта ці не, невядома, ды толькі давялося млынарцы звяртацца зусім да нядбайных паробакаў.
Паклікала Пуцю, пасадзіла вячэраць і кажа: так, маўляў, і так, будзеш працаваць - грашыма не пакрыўджу. А станеш лайдакаваць - пакараю. Паслухаў той, пачухаў у патыліцы і пагадзіўся. Сам думае, будзь што будзе, нічога яна мне не зробіць.
І праўда. Адправіла млынарка Пуцю на поле сеяць, у абед прыходзіць паглядзець, а той ляжыць пад бярозай, варон лічыць. І збожжа пасяўное жуе, нібы той гусь лапчаты. Налаялася на гультая млынарка, забрала збожжа, сама пасеяла. А ён і рады, што лёгка адкараскаўся.
Другі раз даручыла млынарка градкі прапалоць. Прыходзіць, а Пуця замест праполкі ходзіць па градках і ўсё, што вырасла, затоптвае. І пустазелле, і агуркі, і трускаўку ў дадатак. Спытала, навошта, пацiснуў плячыма, адказвае, што ён пачаў палоць, а пасля стаміўся. Так і ходзіць, стомлены, па градках.
Праўду старыя людзі кажуць, за дурною галавою і нагам няма спакою. Нічога не сказала млынарка, адправіла паробака ў млын муку насіць, сама ўзялася палоць. Усё зрабіла, прыходзіць у млын, а Пуця спіць. Проста на мяшках з мукой.
Ну што ж, пайшла гатаваць вячэру. Смажыла, парыла, нешта шаптала і зёлкі падсыпала ў чыгун. Селі вячэраць. Паставіла перад лайдакам міску капусты і кажа: частуйся, як папрацаваў, так і павячэраеш. А Пуця і рады старацца: лыжку схапіў і давай наярываць. Хто не працуе, той есць…
Есць ды нахвальвае, такой смачнай здаецца яму даравая капуста. Ды толькі глядзіць, раптам замест носа здалося ў яго свіное рыла, па ўсім целе пайшло шчацінне, на руках і нагах сталі свіныя капыты. Імгненне - і ператварыўся ў ўкормленага кабана. Махнула рукой млынарка, пагнала лайдака ў хлеў, дзе яму самае месца.
Так баялі старыя людзі. Праўда цi не, ды толькі Пуцю з тых часоў ніхто не бачыў.


Рецензии