Першая праверка

Першая праверка

Сістэма аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву Савецкага Саюза, якую пасля запазычылі многія краіны сацыялістычнага блока, была распрацавана і ўкаранёна ў пачатку дваццатага стагоддзя Мікалаем Аляксандравічам Сямашка, Народным камісарам аховы здароўя РСФСР.

У васьмідзесятым годзе, пасля гадавога праходжання інтэрнатуры ў Баранавіцкай гарадской бальніцы, я прыступіла да працы ўчастковага лекара-тэрапеўта. Першы год праляцеў непрыкметна: знаёмства з калектывам і насельніцтвам участка, вывучэнне функцыянальных абавязкаў і правоў доктара, наладжванне ўзаемаадносін з калегамі, азнаямленне з правіламі ўнутранага распарадку, традыцыямі ўстановы і гэтак далей.

Пасля гадавой адаптацыі да новых умоў працы я даведалася, што акрамя лячэбна-прафілактычнай работы на тэрапеўтычным участку, начных дзяжурстваў у стацыянары, урачэбных канферэнцый, кароткіх вытворчых нарад – пяціхвілінак, якія часам зацягваліся на паўгадзіны, яшчэ існавалі ПРАВЕРКІ.

Не злічыць узроўняў праверак і мэтаў, пастаўленых перад кантралёрамі: інспектавалася ўсё.

З другога года працы мяне таксама сталі правяраць. Калегі жартавалі, маўляў, адміністрацыя дала табе год на адаптацыю да практычнай аховы здароўя “па Сямашцы”, а цяпер пара звыкаць да рэалій жыцця.

– Вялікая важнасць, спалохалі! Што ў тэрапеўтаў правяраць? Тэрмометр,  танометр, фанендаскоп у мяне свой, падораны бацькам яшчэ ў студэнцкія гады, шпатэль, ды мноства паперак! – падумала я.

З вялікай колькасці перажытых мною праверак добра запомнілася першая, перакрыжаваная – медыкі правяралі медыкаў.

Для рэвізіі ў наш горад прыехалі берасцейцы; баранавіцкія ж спецыялісты адправіліся інспектаваць брэсцкія амбулаторна-паліклінічныя ўстановы.

Невялікае адступленне для разумення выкладзеных далей падзей. У практыцы ўчастковага тэрапеўта існуе паняцце “актыўныя візіты на дом”, гэта значыць, візіты да пацыента, якія доктар прызначыў сабе сам. Такія наведванні шырока практыкаваліся ў савецкія часы лекарамі першаснага звяна: на пэўны дзень доктар прызначаў сабе візіт да хворага з ангінай, гіпертанічным крызам, сардэчнай недастатковасцю і іншай паталогіяй, для эфектыўнага лячэння якой, хвораму быў паказаны хатні рэжым.

 У некаторых выпадках лекар без выкліку з’яўляўся да дыспансернага хворага і запрашаў яго на абследаванне; такія візіты таксама ставіліся да актыўных.
 
Старшынёй камісіі, якая інспектавала наш горад, быў Генадзь Аронавіч Ц., галоўны лекар адной з брэсцкіх паліклінік. Вывучыўшы статыстычныя справаздачы аб нагрузках медыкаў, ён выбраў тэрапеўтычныя ўчасткі з высокім узроўнем актыўных медычных наведванняў; у іх лік трапіў і даручаны мне трэці тэрапеўтычны ўчастак.

Выбар правяраючага быў абумоўлены вынікамі працы лекара: паказчык актыўных наведванняў за пэўны справаздачны перыяд складаў семдзесят пяць адсоткаў!
Логіка Генадзя Аронавіча была простая: на адзін “праўдзівы” выклік прыходзілася тры “несапраўдных”, прыдуманых (або прыпісаных?) лекарам. А прыпіскі – гэта ўжо сур’ёзна, трэба разбірацца з выездам на месца!

І паехаў інспектар у суправаджэнні намесніка галоўнага ўрача па экспертызе Баранавіцкай гарадской бальніцы Генадзя Іванавіча Лабковіча на аддалены ўчастак, пакінуўшы мяне ў паліклініцы чакаць вынікаў праверкі.

Любая праверка не абяцае нічога добрага; я пачала обдумваць, адкуль чакаць непрыемнасцяў?

Успомніўся мне адзін эпізод, які меў месца на мінулым тыдні. Вяртаючыся з візітаў, я ўбачыла каля прадуктовай крамы дыспансэрнага хворага, які ніяк не рэагаваў на запрашэнні медыцынскай сястры з’явіцца на прыём. Папрасіўшы кіроўцу спыніцца, я падышла да мужчыны, павіталася і, перапыніўшы яго гутарку з незнаёмцам, прапанавала прыйсці ў паліклініку для агляду і абследавання; пацыент з бачнай неахвотай пагадзіўся.

У думках выстраіўся магчымы дыялог членаў камісіі і дыспансэрнага хворага, які ухіляўся ад абследавання:

– Іван Іванавіч, а калі ў Вас дома была ўчастковы доктар?

– Ніколі яна ў мяне не была, я сам у паліклініку хаджу, ды і то рэдка!

– А вось нядаўна, на мінулым тыдні, у чацвер, доктар была ў Вас?

– Не-а, не была, я тады яшчэ ў краму хадзіў, сябра свайго сустрэў, мы з ім пагаварылі і вырашылі было “сцяміць на дваіх”, а тут доктарка на машыне пад’ехала. Яна выйшла з “Масквіча” і сказала, каб я ў паліклініку на абследаванне прыйшоў. У мяне апетыт адразу знік, ды і сябар сказаў: “Ты хворы, не буду з табой выпіваць!” – заключыў Іван Іванавіч.

– Як піць даць, не абміне ўвагай гэтую інфармацыю Генадзь Аронавіч, калі сустрэнецца з Іванам Іванавічам! Скажа, прыпіска, дома не была, а аформіла як актыўны візіт! – занепакоілася я. – Ды яшчэ і выхоўваць пачне, маўляў, не з таго ты, малады спецыяліст, працу пачынаеш! – накручвала я сябе.

Бясконца доўга цягнуўся час чакання; да моманту прыезду кантралёраў я ўжо была гатовая прызнацца ў “службовым злачынстве”.

Увайшоўшы ў кабінет, Генадзь Аронавіч не змог схаваць свайго раздражнення, а Генадзь Іванавіч толькі хітра ўсміхаўся.

– На сёння Вы можаце быць вольныя, – незадаволена вымавіў брэсцкі госць, звярнуўшыся да мяне.

– Усё добра, доктар, ідзіце дадаму, – сказаў Генадзь Іванавіч, ухвальна кіўнуўшы галавой.

На наступны дзень намеснік галоўнага лекара Баранавіцкай бальніцы распавёў мне, што яны з брэсцкім калегам сустрэліся з васьмю жыхарамі даручанага мне ўчастка: усе яны пацвердзілі факт наведвання іх участковым лекарам у названыя дні. А адна бабулька з цяжкай хранічнай хваробай сэрца, у якой я бывала даволі часта, вымавіла фразу са старога анекдота, некалькі відазмяніўшы яе. На пытанне правяраючага, як часта ў Вас бывае ўчастковы доктар, мая падапечная адказала:

– Часта, вельмі часта, яна і сёння была, можа, з гадзіну, як сышла!

 Заявіўшы прадстаўніку Баранавіцкай бальніцы Лабковічу Г.І., што на гэтай тэрыторыі пражываюць беларускія партызаны або іх дзеці, якія ніколі “не выдадуць” доктара, Генадзь Аронавіч прапанаваў спыніць аб’езд пацыентаў.

У даведцы па выніках праверкі было адзначана: “Звяртае на сябе ўвагу высокая ўдзельная вага актыўных наведванняў на трэцім тэрапеўтычным участку гарадской паліклінікі нумар адзін, што выклікае сумневы ў дакладнасці справаздач”. Спробы адміністрацыі гарадской бальніцы пераканаць брэсцкага калегу выключыць з даведкі заканчэнне фразы не ўвянчалася поспехам: Генадзь Аронавіч спасылаўся на “нерэпрэзентатыўнасць выбаркі” наведванняў да пацыентаў участка.

Праз некалькі гадоў мяне прызначылі намеснікам галоўнага лекара па экспертызе часовай непрацаздольнасці Баранавіцкай гарадской бальніцы. Першы месяц, акрамя прыёму пацыентаў, я знаёмілася з дакументацыяй, перачытвала інструкцыі, кнігі, дапаможнікі, якія тычацца пытанняў часовай і  стойкай страты працаздольнасці.

У самы разгар штудыравання збору галоўных правілаў экспертызы, прыйшоў загад кіраўніка абласнога аддзела аховы здароўя: мяне ўключылі ў склад камісіі па правядзенні перакрыжаваных праверак. Іронія лёсу заключалася ў тым, што баранавіцкім спецыялістам трэба было правяраць паліклінікі горада Брэста.

Па дарозе ў прыгранічны горад я распавяла калегу аб праверцы шасцігадовай даўнасці.

– І што, правяраючы ўвесь твой неўладкаваны ўчастак аб’ехаў? – здзівіўся партнёр.

– Не ўвесь, але восем чалавек на ўскраінах ўчастка ён наведаў, – адказала я.

– Так трэба да яго і паехаць, паглядзець ўсё, ды і напісаць яму “добрую” даведку! – прапанаваў калега.

– Там паглядзім, – нявызначана адгукнулася я.

 “Глядзець” не прышлося: у Брэсце на вакзале нас сустрэла адміністрацыя паліклінікі нумар адзін і ўвесь тэрмін камандзіроўкі мы працавалі ў дадзенай лячэбнай установе і падуладных ёй структурных падраздзяленнях.

Нас апекавала намеснік галоўнага лекара паліклінікі Алена Пятроўна Ляўковіч; ад гэтай мудрай жанчыны я пачула фразу, аб існаванні якой, напэўна, не ведалі вялікія медыцынскія начальнікі:

– Не трэба нікуды ездзіць, не трэба ніякіх галіновых перакрыжаваных праверак, проста спусціся са свайго кабінета ў рэгістратуру. Вазьмі стос картак з любой ячэйкі – і ты знойдзеш там усё, што хочаш: парушэнне дзеючых інструкцый, дэфекты вядзення медыцынскай дакументацыі, несваечасовае ўзяцце на дыспансерны ўлік і таму падобнае, і гэтак далей.

Пасля завяршэння праверкі Алена Пятроўна па сакрэце мне сказала, што Генадзь Аронавіч, убачыўшы маё прозвішча ў загадзе аблздраўаддзела, зрабіў усё магчымае, каб праверка “не дайшла” да лячэбнай установы, якой ён кіруе.

Праз нейкі час мой першы правяраючы з’ехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Ізраіль.

Цікава, ці існуе на Святой зямлі такі від аказання медыцынскай дапамогі, як актыўныя наведвання пацыентаў дома лекарамі першаснага звяна?


Рецензии
Добрай ранiцы!
Да..., паважаная Нэля, ёсць такiя людзi, як гэты Генадзь Аронавіч!.. Але ж ёсць беларускія партызаны або іх дзеці, якія ніколі “не выдадуць”! I гэта сапраудна добра!
Дзякуй Вам!
П.С.
Да, Вам будзе цiкава...
http://proza.ru/avtor/belkutok

Игорь Лебедевъ   17.01.2023 08:34     Заявить о нарушении
Добрый дзень, паважаны Ігар!

Дзякую за водгук!

Вы не паверыце, але я і ёсць дачка партызана і ўмею захоўваць таямніцы!

Відаць, гэта якасць перадалася і маім падапечным...

Вялікі дзякуй за "Беларускі куток"!

Нелли Фурс   17.01.2023 12:52   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.