Залатая рыбка

Залатая рыбка

Пасля стамляльнай паездкі ў суседні горад я вярталася дадому. Параўняўшыся з мясцовым гастраномам, зразумела, што дастаткова стамілася і маё знемажэнне проста неабходна “заесці” чым-небудзь смачным.

Я зайшла ў краму і, шпацыруючы паміж стэлажамі з таварам, не магла вызначыцца, што ў маім цяперашнім стане можна аднесці да катэгорыі “смачнае”.

– Мясны аддзел … Не хочацца мне мяса, хоць я і мясаед! Ды і дома поўна мясных прадуктаў, нягледзячы на рэкамендацыі гэтых кепскіх дактароў аб карысці гародніны-садавіны і шкоде мяса, – разважала я, забыўшыся пра сваю прафесійную прыналежнасць да эскулапаў.

– Гародніна-садавіна … Яблыкаў і груш у нас паўнютка: яблыкі са свайго саду, а грушамі з выдатнымі смакавымі якасцямі нас частуе сусед. Бананаў, вінаграду, апельсінаў-мандарынаў не хочацца, вось калі б у продажы былі абрыкосы або персікі, так-так, асабліва персікі, – успомніла я навэлу О.Генры.

– Так, малочныя вырабы … Не люблю я іх, кожны раз прымушаю сябе есці тварог, малако – толькі для аўсянкі, вяршкі – для кавы, кефір і марозіва – летам, сыр – таксама рэдка, не, нічога мяне тут не прыцягвае! – абыякава прайшла я міма камеры з малочнымі прадуктамі.

– Ага, прысмакі-смачнасці … Не, яны таксама не вабяць мяне, – ляніва паглядзела я на выстаўленыя кандытарскія вырабы.

– На жаль, не атрымаецца “заесці” мой цяжкі дзень падарожніцы. Прамаешся так увесь дзень, а ў родным пасёлку і суцешыць сваю душачку няма чым! – расчаравана заключыла я.

Ужо накіроўваючыся да выхаду з гастранома, убачыла халадзільныя камеры з рыбнай прадукцыяй:

– Браць свежамарожаную – трэба чакаць, пакуль яна размарозіцца, а яшчэ разбіраць трэба, рукі потым не адмыеш, рыбны ж пах доўга захоўваецца. Мне б што-небудзь гатовае, каб не вазіцца, а адразу з’есці! – цяміла я, разглядаючы вітрыну.
Невялікая скрыначка з прэсервамі з селядца прыцягнула маю ўвагу:

– Сімпатычны на выгляд селядзец, але вельмі ж маленькая ёмістасць, тутака і есці няма чаго! А больш і няма нічога, толькі вэнджаны селядзец у вакуумнай упакоўцы, а вэнджаніна – наогул суцэльная шкода! Мабыць, вазьму я гэты апетытны селядзец у залацістай заліўцы. Муж абыякавы да рыбы, а мне адной – хопіць! – вызначылася я з выбарам.

Па шляху да касы я паклала ў карзіну яшчэ нейкую драбніцу.

Прадавец-касір прабіла кошт маіх пакупак, а прэсервы паклала ў паліэтыленавы пакет, растлумачыўшы пры гэтым:

– На ўсялякі выпадак, каб не працякла ўпакоўка!

Дома я з цяжкасцю адкрыла невялікую скрыначку. Успомніўшы абыходлівасць прадаўца, грэшнай справай падумала:

– А ці не са скончаным тэрмінам прыдатнасці мая пакупка? Ужо вельмі ветліва была касір!

Вывучыўшы этыкетку, супакоілася: да заканчэння тэрміну прыдатнасці селядца заставалася больш за месяц.

І тут я ўпершыню звярнула ўвагу на кошт: чатыры рублі пяцьдзесят чатыры капейкі!

 Ува мне праснуўся даследчык: я падрабязна вывучыла надпісы на ўпакоўцы.

 “Прэсервы рыбныя. Селядзец атлантычны. Філе-кавалачкі ў алеі з вострымі прыправамі Сонечная. Маса нета 0, 2 кг. Маса рыбы 0, 130 кг”.

Зрабіўшы найпростыя матэматычныя разлікі, высветліла, што кілаграм філе селядца, спакаваны кааператарамі ў скрыначкі, каштуе амаль трыццаць пяць рублёў!

– “Залатая рыбка”, – падумала я і паспрабавала высветліць прычыну завоблачнай цаны на выраб мясцовага камбіната кааператыўнай прамысловасці.
 
– Магчыма, для прыгатавання прадукта былі скарыстаны дарагія заправы ці нейкі экзатычны алей для залівання прэсерваў, – выказала здагадку я.

Наяўнасць дробнага шрыфта на этыкетцы не перашкодзіла мне вывучыць склад рыбнага “дэлікатэсу”, калі меркаваць па яго цане.

Селядзец быў запраўлены алеем, соллю паваранай харчовай, выспявацелям з духмянымі травамі для селядца, сумессю вострых прыпраў і некалькімі харчовымі дадаткамі.

Горкае расчараванне напаткала мяне: я не знайшла адказу на пытанне, што за выключны селядзец быў у маленькай несамавітай пластыкавай скрыначцы?!

– Можа быць, прэсервы выраблены з рыбы, здабытай “Заслужаным работнікам рыбнай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі”, а за ганаровае званне, якое ўваходзіць у сістэму дзяржаўных узнагарод Расіі, як вядома, трэба плаціць? Вось і плаціць спажывец за ўнікальную рыбу, злоўленую прафесіяналам самага высокага ўзроўню!

– А можа, яшчэ жывы атлантычны селядзец хуткаходным паветраным лайнерам дастаўляюць ад берагоў Паўночнай або Паўднёвай Амерыкі ці нават Антарктыды, у Беларусь, для якой праблема ёднай недастатковасці заўсёды была актуальнай? А які прадукт лепш за рыбу або марскія водарасці, лепш папаўняе дэфіцыт ёду ў арганізме? Вось таму кааператары, якія клапоцяцца аб здароўі народа, аплачваюць і рыбу, і працу рыбаловаў і лётчыкаў, і паліва, і амартызацыю параходаў і самалётаў …

– Ды і ў кааператараў Беларусі архіскладаная задача: трэба апрацаваць селядзец, у скрыначкі спакаваць, заліўку-запраўку прыгатаваць, надрукаваць і прыляпіць этыкеткі, правільна разлічыць кошт тавару! Цяжкая праца, яе ж таксама трэба аплачваць! – падагульніла я свае роздумы.

І знаходзілася б я ў шчаслівай недасведчанасці, калі б не муж. На наступны дзень у бліжэйшай прадуктовай краме ён купіў два буйных селядца духмянага пасола без галавы, заплаціўшы за куплю шэсць рублёў; у чэку быў пазначаны кошт аднаго кілаграма прадукту – дзевяць рублёў.

Разбіраючы салёную рыбу, я ў думках зрабіла нескладаныя разлікі:

– Ад аднаго кілаграма адымаем прыкладна дзвесце грамаў адходаў, восемсот грамаў дзелім на сто трыццаць, атрымліваецца шэсць з невялікім астаткам. Шэсць скрыначак прэсерваў можна вырабіць з аднаго кілаграма селядца атлантычнага.

Я не стала прэтэндаваць на званне местачковага Адама Сміта* і вылічваць паказчык эканамічнай эфектыўнасці продажаў прадукцыі камбіната кааператыўнай прамысловасці.

І так зразумела: не ў страту сабе працуюць мясцовыя кааператары.

*Адам Сміт – шатландскі эканаміст васемнадцатага стагоддзя, заснавальнік класічнай палітэканоміі.

PS. Селядзец, які прадаваўся на вагу, адрозніваўся ад “далікатэснага” выдатнымі смакавымі якасцямі.


Рецензии
Добры дзень, дарагая Нэлі! Сапраўды, калі ўзяць чырвоную рыбу ў нарэзцы і вакуумнай упакоўцы, то ў пераліку на кілаграм яна будзе каштаваць вельмі дорага. У яе кошт, думаю, закладваюцца і страты, і натуральнае змяншэнне.
З павагай і цяплом,

Людмила Каштанова   18.05.2023 11:42     Заявить о нарушении
Добрай раніцы, паважаная Людміла!

Шчыра дзякую за водгук!

У Вас цудоўная беларуская мова, яе можна дадаць у Вашу скарбонку ведаў славянскіх моў.

З удзячнасцю і паклонам.

Нелли Фурс   19.05.2023 08:43   Заявить о нарушении
Неллечка дорогая, Вы уж извините! Это я так шуткую. Не знаю я белорусского. Кое-что понять могу, конечно, но грамматику не знаю. Это я пользуюсь переводчиком из Яндекса. И свои литературные переводы тоже делаю с помощью этого переводчика.
Конечно, стихи он переводит на русский, разумеется, нескладно, местами непонятно, поэтому красивый сделать перевод не так-то просто.
С уважением,

Людмила Каштанова   19.05.2023 11:55   Заявить о нарушении
Вы цудоўна жартуеце (шуткуеце), дарагая Людміла!

З усмешкай.

Нелли Фурс   19.05.2023 13:31   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.