Туi

Туі

Пасля завяршэння асноўных работ па добраўпарадкаванні нашага бацькоўскага дома ў пасёлку Целяханы, што на Берасцейшчыне, мая сястра Таццяна занялася азеляненнем участка. Высадзіла туі, самшыты, скумпіі, лімоннік, ціс, бэз, язмін, спірэю, каліну, айву, чорную парэчку, маліну, вінаград, вішні; у кветніку – фарзіцыю, ружы, гартэнзіі, клемацісы, касачы, хосты, гваздзікі, бадан і іншыя шматгадовыя кветкі.

Гледзячы на пасаджаныя сястрой невялічкія туйкі, я моцна сумнявалася, што на нашай неўрадлівай глебе вечназялёныя расліны сямейства кіпарысавых вырастуць у высокіх стройных прыгажуноў, такіх, “як у кіно”.

Першыя гады пасля пасадкі вышыня дрэўцаў візуальна не мянялася. Я падзялілася сваімі сумневамі з Таццянай, маўляў, яны зусім не растуць, нібы замерлі.

– Не спяшайся, так і павінна быць – пасля перасаджвання ў іншае месца саджанцы спачатку фармуюць каранёвую сістэму. Карані ў туек размяшчаюцца неглыбока, пераважна ў гарызантальнай плоскасці, таму паліваць дрэўцы варта так, як быццам купаеш іх. Лепш за ўсё выкарыстоўваць для паліву распырсквальнік вады. Тады кроплі вільгаці, сцякаючы з расліны, будуць трапляць на карані і падсілкоўваць іх, – растлумачыла мне сястра.

Таццяна – прыроджаны ланшафтны дызайнер; яе рукамі добраўпарадкавана тэрыторыя сямейнага катэжа ў горадзе Гродна і прысядзібны ўчастак нашага радавога гнязда ў Целяханах. Усе пасаджаныя сястрой расліны добра ўкараняюцца; верагодна, часта дапамагаючы ў дамашнім гадавальніку раслін бацьку, дыпламаванаму аграному, яна атрымала ў спадчыну яго здольнасці і веды.

Я прыслухалася да парады сястры адносна методыкі палівання туек; пасля завяршэння водных працэдур, як мне здавалася, галінкі дрэўцаў удзячна ківалі “паільцу”.

Мы абгарадзілі саджанцы частымі калкамі ад замахаў паўсюдных катоў; жоўтыя плямы-пазнакі, якія з’явіліся было на раслінах, паступова зніклі.

Паміж туйкамі і гаспадарчымі пабудовамі суседзяў, а таксама ў цені платоў, Таццяна пасадзіла папараць. Яна добра прыжылася і была ўпрыгожваннем прысядзібнага ўчастка да таго часу, пакуль не падраслі дэкаратыўныя хмызнякі і дрэўцы.

Прайшло некалькі гадоў. У адзін з прыездаў у бацькоўскі дом мы выявілі, што туйкі пачалі расці: ім стала цесна ў загародзе з калкоў. У абноўленай, больш высокай і шырокай агароджы, дрэўцы прабылі прыкладна год, прыкметна дадаўшы ў росце.

Мы і не заўважылі, як туі набраліся сіл і ўжо не мелі патрэбу ў агароджы і паліве. Вышыня часткі з іх зраўнялася з ростам жыхароў дома, затым дрэўцы перараслі людзей, а праз нейкі час туі сваімі шырокімі кронамі зачынілі гаспадарчыя пабудовы суседзяў.

Гэта патаемнае месца аблюбавалі зерлакі (споры) апенек і, упершыню выявіўшы іх на падворку, я спытала ў суседа-лесавода, што гэта за грыбы?

– Можа быць, апенькі, але я не ўпэўнены, так што лепш іх выкінуць. У лесе поўна добра вядомых грыбоў, вось там і збірайце! – прапанаваў сусед.

Некалькі гадоў я збірала ў двары і выкідвала “воўчыя”, як у нашых краях называюць неядомыя або атрутныя грыбы.

Неяк увосень сябар нашай сям’і Анатоль Васільевіч Кавалевіч пасля ўзворвання агарода ачышчаў лязо мотаблока ад зямлі і травы. Адцягнуўшыся ад чысткі, ён звярнуў увагу на сямейку грыбоў, якія выраслі ля альтанкі.

– Нічога сабе, у вас прама ў двары апенькі растуць! – здзівіўся ён.

– Якія гэта апенькі, гэта “воўчыя” грыбы, не паспела іх сабраць і выкінуць, –  запярэчыла я.

– Гэта – апенькі, я упэўнены, – паўтарыў Анатоль.

– Я апенькаў не ведаю і ніколі іх не бяру. Я бачыла, як яны выглядаюць на фота, а як ужывую – не ўяўляю, таму і не выпрабоўваю лёс, – адрэагавала я.

– А можна я іх збяру, а то жонка сварыцца, маўляў, хутка восень скончыцца, а грыбоў сёлета яшчэ не паспрабавалі! – спытаў Толік.

– Ды я сама іх збяру, пакуль ты управішся з тэхнікай, – прапанапала я. – А вы не атруціцеся, раптам гэта не апенькі? – па-ранейшаму сумнявалася я.

– Дакладна не атруцімся, упэўнены! – адказаў мой малады памочнік.

На наступны дзень пад надуманай нагодай я патэлефанавала жонцы Анатоля. Наўпрост сказаць пра прычыны званка я марудзіла; нібы адгадаўшы мае думкі, Святлана адзначыла:

– Вельмі смачнымі аказаліся смажаныя з цыбуляй апенькі, дзякуй! Калі яшчэ вырастуць, клікайце, мы збярэм па шляху з працы!

– Ну, няма чаго, я сама збяру, прыгатую, ды і даведаюся, нарэшце, смак апенькаў! – адказала я прыяцельцы.

З той пары на пытанні маіх знаёмых, якія культуры растуць на прысядзібным участку нашага радавога гнязда, разам з зелянінай, гароднінай і садавінай, я абавязкова называю грыбы апенькі.

Маю поўнае права аднесці апенькі да “культурных раслін”: у некаторыя гады ўраджай грыбоў не змяшчаецца ў два вялікія кошыка.

PS. Поспехі ў развядзенні “дамашніх” грыбоў падштурхнулі мяне на досведы па павелічэнні разнастайнасці макраміцэтаў, якія вырашчаны “у няволі”; пасля пераборкі і сартавання дзікарослых грыбоў усе адходы “вытворчасці” змяшчаюцца пад туі.

А раптам зерлакам белых грыбов і чырвонагаловікаў таксама, як і зерлакам апенькаў, спадабаецца зацішнае мястэчка пад разрослымі чатырохмятровымі туямі?


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Интересная история вышла с грибами. Как же хорошо иметь свои грибы - и в лес не надо ходить! И как же Вы раньше их не распознали, что это обыкновенные опята? Вот что значит, быть чересчур самоуверенным.
С уважением, теплом и улыбкой,


Людмила Каштанова   27.05.2023 14:59     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!
Искренне благодарю за отзыв!
С детских лет усвоила основное правило грибника: если есть хоть малейшее сомнение в съедобности гриба, никогда не клади его в корзинку! И сыновей к этому приучила.
Так что сработала не самоуверенность, а житейская осторожность.
С улыбкой и теплом.

Нелли Фурс   28.05.2023 13:42   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.