На руiнах замка бел

На ўскрайку Ліды, там, дзе рака Лідзейка разліваецца Замкавым возерам, стаяў замак. Каменныя муры даўно былі разбураны і ў некаторых месцах зруйнаваны, двор зарос быллём. Сум і запусценне панавалi ў замкавых мурах.
Ніхто не бываў тут, акрамя бадзяжных сабак і дзяцей, што прыходзілі пагуляць у руінах. Тут, у закінутых пакоях, нішах, арках, пераходах было шмат патаемных месцаў, схаваных ад чужога позірку.

Данік і Лёшка стаялі, прыхілiўшыся да плота, і размаўлялі. Чакалі Сцёпку.
- ...У нас у возеры вадзянік жыве. Дзядзька Ігнат на свае вочы бачыў.
- І які ён?
- Які-якi, звычайны... На бервяно падобны, толькі з рукамі. І галава такая, ведаеш… як у сома.
- Вось бы зірнуць…
- Ага…
Падышоў Сцёпка.
- Што робіце?
- Ідзём на возера вадзянiка глядзець. Ты з намі?
- Можна, - кіўнуў той. - Iрнага караня наламаем, смачна…
- Ты яму пра Тараса, а ён - паўтараста. Мы ж не есці збіраемся…
- Дык мы заадно…
- Ну, добра.
Гамонячы пра тое-сёе, хлопцы адправіліся ў бок возера. Яны амаль мінулі замкавыя муры, калі пачулі працяглае сабачае выццё.
- Бачыш, вые, - растлумачыў Сцёпка. - Відаць, там скарб ляжыць, дакладная прыкмета.
- Адкуль ты ведаеш?
- Дык ўсё кажуць.
- А я чуў, што сабака вые на нябожчыка...
- Ну, правільна. Нябожчык ходзіць, скарб ахоўвае... Стаў бы сабака проста так выць... Пойдзем паглядзім? Адным вочкам зірнем і назад…
- Ага, глянеш... Як бы ні залаялі...
- Ніхто не даведаецца, - адмахнуўся Сцёпка. – Ідзём!..
Пайшлі. Боязна хлопцам ісці, боязна, але цікава. Прыціхлі, па баках азіраюцца, калi што, кінуцца назад. Праз пралом у муры забраліся ўнутр.
Здаецца, ціха. Раптам бачаць: быццам агеньчык мільгае ля мура насупраць: то ярчэй, то цьмяней, нібы пунсовая кветка на ветры хістаецца ды вабіць…
- Мая кветка! - крыкнуў Лёшка. - Я першы ўбачыў.
- Вось і не, - запярэчыў Сцёпка. - Хто сарве, той і бярэ!..
Штурхаючыся, прыпусцілі навыперадкі. Бягуць, смяюцца, палову двара прабеглі, бачаць, замест кветкі дзяўчынка стаіць, у пунсовай сукенцы. Спыніліся.
- Ідзіце сюды, - паклікала дзяўчынка, - пагуляем…
Пераглянуліся. Пакрочылі да яе. Але ж чым бліжэй хлопцы падыходзілі, тым больш павольнымi рабіліся іх крокі. Нешта дзіўнае было ў абліччы дзяўчынкі, асоба яе няспынна мянялася. Яна нібы прымярала розныя абліччы: дзіцяці, бабулі, русалкі, ведзьмы...
- Ідзіце сюды, - уладна паўтарыла дзяўчынка, не адводзячы ад хлопцаў погляду. За спіной у яе цямнеў незаўважны здалёку вузкі ўваход у падзямелле.
Хлопцы са здзіўленнем глядзелі на дзіўную дзяўчынку ў старадаўняй вопратцы. Было яшчэ нешта незвычайнае ў яе абліччы, у тым, як яна глядзела прама перад сабой немігаючым позіркам і напружана прыслухоўвалася да таго, што адбываецца.
- Сляпая, - вырвалася ў Даніка.
- Сам бачу, - сказаў Сцёпка і спыніўся.
Падняў правую руку і павольна павадзіў перад яе тварам. І раптам, нібы адказваючы Сцёпцы, дзяўчынка таксама пачала вадзіць рукамі. Усхапiлiся уцякаць, але сілы чамусьці пакінулі хлопцаў. Баючыся паварушыцца, яны з жахам глядзелі на дзяўчынку, што мацала рукамі вакол сябе. Аднекуль павеяла нетутэйшым холадам; іншы свет, поўны цемры і хаосу, стаў выпаўзаць з падзямелля за яе спіной.
Дзяўчынка ўсё абмацвала паветра вакол сябе і не магла да іх дастаць. І тут хлопцы ўбачылі, як рукі дзяўчынкі сталі даўжэць, разгойдваючыся, нібы вудзільны, а з падзямелля з жудасным гукам адна за адной вывальваліся нязграбныя касматыя лапы невядомых пачвар. Тут былі лапы з трыма пальцамі, з сям’ю пальцамі, з двума скручанымі пальцамі з прысоскамі на канцах…
Адна з лап дакранулася да пляча Сцёпкі, ён залямантаваў і адхіснуўся. Сцёпкін крык нібы абудзіў хлопцаў, яны з лямантам кінуліся ўрассыпную. Завішчалі, завылі пачвары ў бяссільнай злосці, у немагчымасці выбрацца з падзямелля істотам іншага свету. Уцякаюць хлопцы, не смеючы азірнуцца, уцякаюць да запаветнага пралома ў муры... Выскачылі вонкі і па дамах.

На другі дзень пайшлі мужыкі з сякерамі і рыдлёўкамі паглядзець на пачвар, пра якіх расказвалі хлопцы. Увесь замкавы падворак абышлі, ды так нічога і не ўбачылі: ні ўваходу ў падзямелле, ні пачвар, ні дзяўчынкі. Толькі пунсовы шматок на ветры хістаецца. Хаця аніякага ветру і няма…


Рецензии