Добра, калi...

Добра, калі …

У пачатку васьмідзесятых гадоў я працавала ў рэўматалагічным аддзяленні Баранавіцкай гарадской бальніцы па сістэме чаргавання амбулаторных і стацыянарных лекараў.

У гэты час у аддзяленні праходзілі інтэрнатуру трое выпускнікоў Гродзенскага і Мінскага медыцынскіх інстытутаў. Спачатку яны цураліся мяне: як жа, лекар аж з трохгадовым стажам, павучаць пачне, а вучоба яшчэ ў інстытуце надакучыла!

Паназіраўшы за мной нейкі час і не выявіўшы задаткаў “настаўніцы”, маладыя калегі сталі іншы раз звяртацца па дапамогу і параду.

Неўзабаве я даведалася, што Сяргей і Мікалай яшчэ не жанатыя, а Іна – у разводзе, выхоўвае трохгадовую дачку.

Практычна аднагодкі, мы з Інай пасябравалі; праз нейкі час яна расказала пра сябе.

Іна выйшла замуж па вялікаму каханню за свайго аднакурсніка, ураджэнца Баранавічаў. Муж Валерый быў з заможнай сям’і: маладыя маглі сабе дазволіць зняць нядрэнную кватэру ў Мінску.

Маладая жонка зацяжарыла супраць усіх канонаў медыцынскай навукі, у самыя бяспечныя дні менструальнага цыклу. Валерый не быў гатовы стаць бацькам, маўляў, няма чаго спяшацца, трэба пажыць для сябе. Іна з адмоўным рэзус-фактарам не згаджалася на штучнае перапыненне цяжарнасці: у мужа, як і двух трацін чалавецтва, была станоўчая рэзус-прыналежнасць.

Жанчына выдатна ведала, што перапыненая першая цяжарнасць, акрамя магчымага ўскладання – бясплоддзя, магла выклікаць і іншыя праблемы з рэпрадуктыўным здароўем: пры наступе другой цяжарнасці была высокая верагоднасць развіцця рэзус-канфлікту паміж рэзус-адмоўнай маці і рэзус-станоўчым плодам.

Нягледзячы на незадаволеннасць мужа, Іна захавала цяжарнасць і ва ўстаноўленыя тэрміны нарадзіла здаровую і, як аказалася пасля, адзіную дачку.

Не ўдаючыся ў падрабязнасці далейшага сумеснага жыцця, калега паведаміла, што праз нейкі час яны з мужам рассталіся па ўзаемнай згодзе.

– Ты ведаеш, я зразумела, што ён чужы для мяне чалавек, мы з ім абсалютна розныя людзі. Па маладосці захопленасць я прыняла за каханне, не вывучыўшы як след Валеру, – завяршыла прызнанне Іна.

Не дачакаўшыся майго каментара, прыяцелька працягнула:

– Падчас разводу не было ніякіх сцэн, узаемных абвінавачванняў і скандалаў – мы проста разышліся, захаваўшы добрыя адносіны. Валера дапамагае матэрыяльна, песціць дачку падарункамі, часта ла яе прыязджае, хоць у яго ўжо ёсць іншая сям’я, – задуменна вымавіла Іна.

– Так і табе трэба падумаць аб сям’і, вунь якія хлопцы ходзяць “безгаспадарнымі”, – кіўнула я на Сяргея, які праходзіў міма.

– Ды ну, яны яшчэ маладыя, – адмахнулася калега.

Праз нейкі час Іна прыйшла на працу ў фірмовых джынсах і прыгожай блакітнай блузцы, колер якой выдатна спалучаўся з каштанавым адценнем валасоў маладой жанчыны.

– Куды ж ты сёння, такая прыбраная і прыгожая, збіраешся ісці? – пацікавілася я (у пытанні не было ні кроплі іроніі – у васьмідзесятыя гады добрыя джынсы ў нашым правінцыйным горадзе лічыліся выхадным адзеннем).

– У сяброўкі дзень нараджэння, пасля работы ідзем у рэстаран, – паясніла Іна.

– Глядзі, каб цябе, такую эфектную даму, не скралі! – дала я наказ прыяцельцы.

Як правіла, Іна з‘яўлялася на рабоце за чвэрць гадзіны да пачатку працоўнага дня; на наступны дзень пасля свята сяброўкі яна прыйшла роўна да васьмі гадзін, за пачатку пяціхвілінкі.

Знешні выгляд лекара пакідаў жадаць лепшага: спехам накладзены макіяж, нядбайная прычоска, бледны твар …

– Што здарылася, Іна? – спытала я.

– Потым раскажу, пасля пяціхвілінкі, – адказала прыяцелька.

Ледзь дачакаўшыся заканчэння планёркі і сыходу калегаў з ардынатарскай, Іна пачала:

– Усё было выдатна на свяце: і пачастунак, і музыка, і танцы, і мужчын цікавых у рэстаране было шмат, ніводнага танца я не прапусціла! Мы і не заўважылі, як хутка праляцеў вечар! – эмацыйна пачала аповед маладая жанчына.

Іна падрабязна апісала ўборы, абутак і ўпрыгожванні сябровак, як добра быў сервіраваны стол, якая музыка гучала ...

Твар апавядальніцы паружавеў, вочы заблішчалі; адчувалася, што яна ўсё яшчэ знаходзіцца на банкеце.

Я не прыспешвала падзеі; у пачатку васьмідзесятых гадоў выхад у рэстаран – даволі рэдкая падзея ў жыцці не вельмі забяспечаных лекараў.

– Мы з дзяўчынкамі танцавалі, пакуль спявала салістка рэстараннага ансамбля, а потым вырашылі, што пара дадому, заўтра ж на працу. Паціхеньку сышлі, нашы партнёры па танцах, азартна абмяркоўваючы нешта за сваім столікам, нават не заўважылі сыходу. Ідучы да аўтобуснага прыпынку, мая сяброўка Валя спынілася ля стаянкі таксі і прапанавала:
 
– А давайце на таксі дадому паедзем, гуляць, дык гуляць! Пагатоў, што чацвёра з нас жывуць ва Усходнім мікрараёне, на ўсіх раскінем аплату за праезд!

– Мы пагадзіліся; нашаму прыкладу рушылі ўслед дзяўчынкі з Паўднёвага мікрараёна, таксама адправіўшыся дадому на таксі, – працягнула Іна. – Даехалі мы хутка, ды і таксіст нядорага ўзяў, усяго па сорак капеек з кожнай. Мяне кіроўца высадзіў першай, ты ж ведаеш, я побач з галоўнай вуліцай мікрараёна жыву. Заходжу ў цёмны пад’езд, падымаюся на адзін пралёт і … раптам яркае святло ліхтарыка асвятляе мяне; я цьмяна бачу дзве мужчынскія фігуры.

– Хутка здымай штаны! – пагрозліва загадаў мне сіплы голас.

– Я замарудзілася; мне здалося, што ў святле ліхтарыка я ўбачыла лязо нажа, –  працягвала аповед ужо збялелая Іна.

– Хутка давай, каму сказаў! Толькі пікні, атрымаеш! – прыгразіў усё той жа сіпаты рабаўнік.

– Я расшпіліла гузік, маланку і пачала здымаць джынсы …

У той момант адчыніліся ўваходныя дзверы: наш сусед вяртаўся з выгулу сабакі. Разумная псіна адразу ўчула старонніх і забрахала; рабаўнікі стрымгалоў кінуліся да выхаду, ледзь не збіўшы з ног гаспадара хатняй жывёлы.

Сусед прывёў мяне дадому; я падзякавала яго за выратаванне і дапамогу. Прыняла душ, легла адпачываць, паўночы не магла заснуць, прыняла валакардын. Не пашкадавала – кропель, мусіць, пяцьдзесят выпіла, а ў ім жа фенабарбітал, вось і заснула моцна! Ледзь сёння на працу не спазнілася! – завяршыла Іна выкладанне сваёй ўчорашняй прыгоды.

Я паспачувала прыяцельцы і ўдакладніла, ці запомніла яна твары рабаўнікоў?

– Якія твары! Ты што, здзекуешся?! У мяне ў галаве была толькі адна думка: “Добра, калі згвалтуюць, а калі заб’юць?! Хто маю дзяўчынку вырасціць?”

Іна змоўкла. Абдумаўшы ўчорашнее здарэнне, я прапанавала сяброўцы:

– Так табе трэба заявіць у міліцыю аб нападзе!

– Не буду я пісаць заяву, бо апазнаць іх я не змагу, твараў-то ў цемры не бачыла. Ды і што прад’явіць, цэлая засталася, ды і джынсы пры мне, – адказала Іна.

У думках я пагадзілася з сяброўкай; не стане міліцыя шукаць “таго, невядома каго”.

Нечакана прыяцелька пачала ціхенька пасмейвацца, затым усё гучней і гучней.

Я здзіўлена паглядзела на яе: нічога смешнага не было ва ўчорашнім інцыдэнце.

– Ты заўважыла, што я сказала: “Добра, калі згвалтуюць …”?

Я склала кампанію сяброўцы, якая смяялася, паўтарыўшы: “Добра, калі …”!

PS. Праз два тыдні за выпіскай з гісторыі хваробы аднаго з пацыентаў рэўматалагічнага аддзялення ў бальніцу прыйшоў малады супрацоўнік міліцыі. Ён папрасіў старэйшую медсястру аддзялення адразу ж падрыхтаваць адказ на запыт. Яна пагадзілася і прывяла лейтэнанта ў ардынатарскую чакаць выканання дакумента.

У другой палове дня ўся праца была ўжо выканана ардынатарамі; мы пачалі гутарыць з вартаўніком парадку. Яго ўсцешыла ўвага маладых “дактарэс” і міліцыянт актыўна ўключыўся ў размову.

Я не ўтрымалася і распавяла пра інцыдэнт двухтыднёвай даўнасці, не называючы імя сяброўкі і не згадваючы пра яе думкі ў момант нападу.

– А голас у аднаго з іх быў сіплы? – пацікавіўся лейтэнант.

– Так, як быццам моцна пракураны, – пацвердзіла Іна, такім чынам выдаўшы сябе.
 
– Не хвалюйцеся, дзяўчына, мы іх затрымалі. Двое грамадзян, раней судзімых за крадзяжы маёмасці, займаліся здабычай дарагіх фірмовых джынсаў, высочваючы ахвяр на вуліцах і ў грамадскім транспарце. Яны толькі пагражалі нажом, але гвалтам не займаліся, – звярнуўшыся да Іны, супакоіў яе вартавы парадку.

Пачуўшы слова “гвалт”, мы з Інай пераглянуліся і засмяяліся.

Лейтэнант са здзіўленнем паглядзеў на нас: ён жа не ведаў, аб якога роду гвалце падумалі дзве несур’ёзныя “медычкі”!


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Интересную историю Вы рассказали про обладательницу новых фирменных джинс. Да, в 80-е годы была охота ни них не только любителей модно и дорого и одеваться, но и криминальных структур, которые всякими способами пытались заполучить джинсы или батники, которые пользовались большим спросом. Героине рассказа повезло, что её удалось спастись от грабежа, хотя думала, что её хотели изнасиловать.
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   26.05.2023 14:21     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!
Искренне благодарю за отзыв!
Натерпелась моя подруга страхов, услышав весьма двусмысленное требование.
Слава Богу, всё закончилось хорошо.
С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.

Нелли Фурс   27.05.2023 12:57   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.