Цуды прыроды
Зусiм нечакана адно воблака асвяцiлася промнямi сонца. Самога сонца нiдзе не было вiдаць, але яго яркiя промнi стварылi такую прыгажосць, што нельга было адвесцi погляду ад такой чароўнай казкi. Здавалася, што ў небе плыве вялiкi, мяккi i пушысты кавалак снегу. I так захацелася дакрануцца да яго рукамi. Белы колер змяшаўся з блакiтным, усё зiхацела, пералiвалася i плыло, змяняючы свае абрысы. А яшчэ здавалася, што вялiкi мастак, надзелены багатым уяўленнем i iскрамётнай фантазiяй, змешвае гэтыя фарбы i дабаўляе ў iх свой чароўны свет. Як зачараваныя, мы глядзелi на цудоўныя вiдовiшчы.
Не паспелi мы, як кажуць, "адысцi" ад такiх дзiвосаў, як неўзабаве з*явiлiся новыя ўражаннi.Тым часам мы ужо выехалi за Андроны i перад намi адкрылiся новыя карцiны. Недзе далёка наперадзе неба было вельмi цёмнае, амаль чорнае. Вецер так моцна гнаў хмары, што, здавалася, яны хутка закрыюць усё неба. А адна хмара была нiзка-нiзка над зямлёй i на першы час выдалася, што мы зачэпiмся за яе сваёй машынай.
Навокал стала так шэра i цёмна, хмара ўсё наблiжалася i наблiжалася, быццам хацела накрыць нас сваёй коўдрай. Зрабiлася так няўтульна i нават страшнавата. Перад намi была чорная паласа асфальту, мокрага ад нядаўняга дажджу, а навокал - нiчога, толькi адна хмара. Цёмная, халодная, страшная. На нейкае iмгненне нават здалося, што мы адарвалiся ад зямлi i ляцiм, як на самалёце. З жахам я паглядзела на свайго мужа, хацелася запытацца, цi справiцца ён з упраўленнем новай тэхнiкi. Я падзялiлася сваiмi ўражаннямi з мужам i сынам. Выявiлася, што не толькi мне здалося, што ляцiм на самалёце, але i iм таксама. Муж яшчэ спрабаваў пажартаваць, што на самалёце з Васiлiн мы яшчэ нi разу не ляцелi. Я сядзела, затаiўшы дыханне, баючыся нават зварухнуцца.
А навокал тым часам станавiлася ўсё цямней i страшней. I куды толькi дзеўся той мастак - чарадзей, якi маляваў на небе розныя дзiвосы? Зараз навокал было так жудасна, чамусьцi здавалася, быццам вось-вось пачнецца вайна. Яшчэ некалькi хвiлiн ехалi праз гэту цемру. I вось нарэшце "вайна" раптоўна скончылася. Нас выратаваў лес. Толькi мы ўехалi ў лес, як чорная хмара ад нас адчапiлася i навокал пачало хутка святлець. Неба не было ужо такое цёмнае, а я з палёгкай уздыхнула. Пайшоў невялiкi дождж, але мы былi ўжо ў Паставах.
Дома мы яшчэ доўга абмяркоўвалi ўбачанае i дзiвiлiся гэткiм хуткiм зменам у прыродзе. А адбылiся яны ўсяго за некалькi хвiлiн. Некалькi хвiлiн - а колькi розных пачуццяу i эмоцый. Aд прыгажосцi да жаху, ад захаплення да страху, ад высокай узнёсласцi да адчаю. Але добра, што ўсё скончылася так хутка.
Свидетельство о публикации №223021401805