Мiцькiна сядзiба
Недзе на Палессі, за пухнатым лесам, раскінулася маленькая, але ўтульная вёска Коцікі. Наш галоўны герой Міця Моцін некалькі гадоў таму атрымаў дыплом заатэхніка і стаў фермерам. Ён марыў аб гэтым з самага дзяцінства. Заўсёды на пытанне дарослых “Кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш?” ён адказваў: “Хачу мець ферму альбо сваю фазэнду, дзе будзе шмат дамашняй жывёлы і птушак, сад і агарод…!” І вось мара яго здейснілася. Сёння ён працаваў заатэхнікам і меў сваю асабістую сядзібу з прыгожым квяцістым садам. На рабоце яго вельмі паважалі і звярталіся “Зміцер Андрэевіч”. А вось дома для ўсіх ён быў проста Міцька. Чаго і каго толькі не было на Міцькавай сядзібе! Канешне, уся жывёла з’явілася не адразу, а паступова.
Перш за ўсё Міцька набыў трактар і назваў яго Дыдэрдас. Назва такая, бо вельмі любіў нямецкую мову ў школе. У гаспадарцы без яго нельга было справіцца.
Сабака Шчыры далучыўся да Міцькі, калі той быў яшчэ студэнтам. Аднойчы на аўтастанцыі Міцьку нейкія хуліганы прапанавалі купіць маленькага сабачку. Ад стыпендыі заставалася зусім мала грошай. Але Міцька, не разважаючы, адразу вывернуў кішэні і аддаў апошнія рублі.
Трохкаляровая кошка сама прыбегла ў дом. А дакладней улезла ў хату, каб паесці смятаны. Гэта была суседская кошка. Але пасля таго, як Міцька заспеў яе на месцы злачынства, яна атрымала імя Шкода і пачала жыць на два дамы.
У хуткім часе на сядзібе з’явіліся новыя жыхары, узорная сям’я Му-мукіных: бык Міхалыч, карова Геаргіна і цялок Аксаміт. За імі малады фермер прывёз з кірмашу непаслухмяную казу Маліну і ўпартага барана Зефіра.
Якая можа быць ферма без курэй і свіней?! Акуратная свінка Афіна таксама хутка заняла своё ганаровае месца ў гаспадарцы. Афіна была ўся ў чорных плямках і, як ні дзіўна, не любіла гразь. За Афінай Міцька ездзіў за пяцьсот кіламетраў ад сваёй вёскі.
Калі на птушыным двары з’явіліся куры, гусі і качкі, то жыць наогул стала вельмі весела. Гарэзы кураня Шусь і качаня Шась кожны дзень траплялі ў пацешныя гісторыі. Іх бацькі: шустрая курыца Дося і ганарысты певень Лукас, вясёлая качка Пенелопа і эгаістычны качар Пушок толькі і паспявалі ратаваць малых шкоднікаў. Апошнімі кватарантамі сталі цікаўны індык Гаджэт і задзірысты гусак Кусь. Паміж гэтымі двума сапернікамі заўсёды былі нейкія непаразуменні. Яны ўсё ніяк не маглі высветліць, хто з іх разумнейшы. Іх так і клікалі ў сядзібе: прафесар ды дацэнт.
Кожны дзень Міцька бег на работу, а на сядзібе пачыналася вясёлае жыццё, поўнае прыгод.
Свидетельство о публикации №223021800296