Прыгоды Мульцяпкi i Кiкундзеля

                ***

     Блізняты Міша і Сярожа ўвесь год чакалі, калі нарэшце прыйдзе лета. У гэтым годзе хлопчыкі скончылі першы клас. Вучыліся яны даволі добра. Мішка больш любіў матэматыку. Сярожык з задавальненнем вучыў на памяць вершы. Ніхто ў класе не ведаў столькі вершаў, колькі іх ведаў Сярожа. Але, як і ўсе сённяшнія дзеці, хлопцы шмат часу надавалі гульням у тэлефонах. Бацькі адразу абмежавалі час, які хлопчыкі маглі правесці ў інтэрнэце. На працягу навучальнага года браты наведвалі розныя гурткі і спартыўныя секцыі. І гэта вельмі ратавала ад пустой траты часу. Але летам, калі пачаліся канікулы, прыйшлося спыніць заняткі. Амаль што ўвесь час дзеці знаходзіліся дома. Гарадскія двары былі пустыя, бо сённяшнія дзеці ўсё часцей аддаюць перавагу відэагульням і віртуальным сябрам. 

     Бацькі хлопчыкаў павінны былі выйсці ў водпуск толькі ў ліпені. Па гэтай прычыне ў чэрвені яны прапанавалі дзецям два варыянты: альбо школьны лагер, альбо ехаць да бабулі ў вёску. Школьны лагер браты адразу забракавалі. А вось да бабулі з дзядулем пагадзіліся ехаць з задавальненнем. Хаця мінулым летам бунтавалі, калі матуля прапанавала ехаць да старых. Зразумела, бацькі адразу здагадаліся, адкуль у Мішкі з Сярожкай з’явілася такое гарачае жаданне ехаць у вёску. Хлопчыкі даведаліся, што амаль на ўсё лета да бацькоў прыязжае малодшы мамін брат Кірыл. Кірыл даўно працаваў праграмістам і пісаў відэагульні для такіх гульцоў як яго пляменнікі. Акрамя гэтага, ён распрацоўваў розныя праграмы, на якія сёння меўся вялікі попыт. На што разлічвалі хлопчыкі? Вядома на тое, што дзядзька-праграміст абавязкова падтрымае іх моцнае жаданне сядзець дзень і ноч у тэлефонах. Як жа яны памыляліся! Кірыл хоць і распрацоўваў відэагульні, але калі ён заўважыў, што яго родныя пляменнікі не выпускаюць тэлефоны з рук, яму адразу прыйшла ў галаву ідэя.  Увесь свой крэатыў ён накіраваў на рашэнне дадзенай праблемы. Праз паўгадзіны Кірыл пазваў хлопцаў і, сабраўшы ўсе свае акцёрскія здольнасці, паскардзіўся малым:

— Хлопцы, карацей кажучы, трэба ваша дапамога.

     Вочы дзяцей загарэліся: ім вельмі хацелася прыняць удзел у важным працэсе дзядзькавай працы.

— Мы гатовы! Што трэба рабіць? — запытаўся Сярожка.

— Я люблю матэматыку і хацеў бы ў будучым як і ты, Кірыл, стаць праграмістам! — дадаў Мішка.

     Кірыл расказаў пляменнікам, што некалькі дзён назад ён распрацаваў вельмі цікавую відэагульню для дзяцей.

     Некалі даўно, калі Кірыл сам быў яшчэ малым дзіцём, яго дзед Цімафей кожны вечар расказваў яму цікавыя гісторыі. Галоўнымі героямі прыгод былі два хлопчыкі з планеты Летуценнікаў - Мульцяпка і Кікундзель. Чаго толькі не здаралася з гэтымі персанажамі! Колькі цікавых прыгод здарылася  з імі! У дзядулі Кірыла і Вікторыі, матулі хлопцаў, была вельмі багатая фантазія. Цімафей Андрэевіч, прадзед Мішы і Сярожы, шмат гадоў працаваў побач з малымі дзецьмі. Ён быў заўгасам у дзіцячым садку. Малыя заўсёды вешаліся на дзеда Цімафея і, калі бачылі яго, то кідаліся з усіх ног яму насустрач. І вось на днях Кірыл вырашыў зрабіць героямі відэагульні Мульцяпку і Кікундзеля. Але ім не спадабалася жыць у віртуальным свеце. Яны ціха, пакуль Кірыл спаў, збеглі ў рэальнае жыццё. І зараз Кірылу трэба было тэрмінова знайсці іх і вярнуць у гульню. І часу было толькі адзін месяц, бо заказчык ужо заплаціў часткова за працу.

— Вось і хочу вас папрасіць, как дапамаглі знайсці маіх уцекачоў.

— А як мы іх знойдзем? — спалоханым голасам запытаўся Сярожка.

— Мы ж не ведаем, як яны выглядаюць! — як заўсёды дадаў Мішка.

     Кірыл усміхнуся, але хутка паспяшаўся зрабіць сур’ёзны твар.

— У тым і справа: ніхто не ведае, як яны выглядаюць. Але з імі дзецям становіцца заўсёды весела і цікава гуляць. Дзятва забывае пра тэлефоны і кампутары, бо Мульцяпка і Кікундзель ведаюць шмат розных гульняў і ніколі не выкарыстоўваюць словы-паразіты. Гэта і будуць асноўныя прыметы.

— Прасцей простага! Мы знойдзем Мульцяпку і Кікундзеля і вернем іх у тваю гульню! — радасна заявіў Мішка.

     Кірыл глянуў на дзецей з усмешкай і сур’ёзна папярэдзіў:

— Толькі ёсць адно "але"! Калі побач з’яўляецца нехта з тэлефонам, пагружаны ў віртуальную рэальнасць, героі нашы знікаюць і трапляюць ужо ў іншае месца, дзе дзеці гуляюць без тэлефонаў. Зразумела вам?

— Нейкія прама Чып і Дэйл твае героі, дзядзька! — пажартаваў Сярожка. — Але мы іх абавязкова знойдзем!

     Хлопчыкі радасна пакідалі тэлефоны, нават на падзарадку не паставілі іх і пасля абеду пабеглі на вуліцу да вясковай дзятвы. Часы тры яны гулялі на свежым паветры. Пад вечар сумныя вярнуліся дадому.

— Ну што? Як справы? — адразу запытаўся Кірыл.

— Ты ведаешь, нас сабралася чалавек дзесяць, мы так весела гулялі, — пачаў усхліпваць Сярожка.

— Такая цікавая гульня! "Тымур і яго каманда" называецца, — працягваў Мішка. — Два хлопчыкі прапанавалі пагуляць і растлумачылі ўсім правілы гульні.

     Сярожка, ледзь не плачучы, дадаў:

— Гэта напэўна і былі твае Мульцяпка і Кікундзель! Але потом да нас падышоў пяцігадовы Захар з тэлефонам, які толькі сёння да сваёй бабулі прыехаў. І ўсё, як ты і казаў: хлопчыкі некуды зніклі!

     Бабуля пачала супакойваць унукаў:

— Ну нічога страшнага, заўтра яны зноў да вас прыйдуць і пакажуць якую-небудзь новую гульню. Не плачце, калі ласка, мае каточкі! Зараз павячэраеце, і я вам раскажу адну цікавую гісторыю, якую калісьці мой бацька мне расказваў.

— Кірыл, ты не хвалюйся, мы іх знойдзем і да цябе вернем! — паабяцаў больш упарты Мішка.

     Пра тэлефоны ні ў той дзень, ні ў наступны месяц ніхто і не ўспамінаў.


Рецензии
Какой очень необычный язык! Надо же какой в голове помещается! Думаю, что это не так просто несмотря,а, возможно, и оттого что он очень схож с русским.

Сергей Елисеев   31.05.2023 10:10     Заявить о нарушении
Очень тонко подмечено. Спасибо.

Марина Прокоп   31.05.2023 11:38   Заявить о нарушении
Да, некоторые очень похожие вещи весьма трудно помнить.

Сергей Елисеев   31.05.2023 11:46   Заявить о нарушении