Чырвоныя гузiкi
— Мама, гэты стары дурань зноў хадзіў за мною! — крыкнула Алена, як толькі ўбегла ў хату. І мне здаецца, што ён нярускі нейкі: выглядае зусім па-іншаму, не так як дзядзькі яго ўзросту ў Ганску і ў нашым сяле.
Матуля адставіла чайнік убок, выцерла лоб і спытала:
— Аленка, можа табе здалося? Чалавек з сівою галавою не павінен займацца глупствам. Можа яму трэба якая-небудзь дапамога? Трэба было спыніцца і запытацца. Хаця я меркую, што табе здалося.
— Не, мама, не здалося! Каля школы я яго сустрэла, потым на аўтастанцыі, а пасля гэтага каля мастацкай школы, якая на другім канцы горада. А калі з Марынкай ехалі дадому, ён трапіўся нам на прыпынку. Такога не бывае! Я, канешне, так сабе вучаніца і шматлікіх законаў фізікі не ведаю, але нават я разумею, што гэта ненатуральна. Я баюся. Можна заўтра я не паеду на заняткі?
Маці глянула на дачку. Аленка ніколі не хлусіла, яна хутчэй прамаўчыць, чым скажа няпраўду. Дачка ў іхнім сяле Дзікава Гара скончыла толькі пачатковую школу. Пачынаючы з пятага класа, яна ездзіла ў Ганскую гімназію. На вучобу дзяўчынка дабіралася з бацькамі на аўтамабілі альбо на працоўным аўтобусе. "Лаз" прывозіў гарадскіх працаўнікоў на іх цагельню да сямі гадзін раніцы, а потым вяртаўся ў горад з мясцовымі вучнямі. Да васьмі трыццаці яна паспявала вельмі добра. Ужо некалькі дзён дзіця скардзілася, что ёй на шляху трапляўся адзін і той чалавек. Гэта было падазрона. Ірына зараз сядзела і не ведала, што рабіць. Тое, што дзяўчынка была вельмі ўважлівая і назіральная, заставіла маці паверыць ёй. Зараз трэба было шукаць якое-небудзь выйсце. Перш за ўсё яны вырашылі пазваніць бацьку ў Мінск. Той на дзве нядзелі быў адпраўлены ў сталіцу на курсы павышэння кваліфікацыі. Як толькі Ірына прыляцела з Мюнхена, дзе прысутнічала на Міжнароднай медычнай канферэнцыі, бацька паехаў адразу на курсы.
Муж выслухаў уважліва жонку і ва ўласцівай яму іранічнай манеры адказаў:
— Калі гэта і так, то мабыць нехта ляпнуў сяброўцы пра свае каралеўскія карані! Запытай сваю Кацьку, ці не разнесла яна слых пра твой пярсцёнак. Бо калі так, то не дзіўна, што нехта хацеў дабрацца да тваіх скарбаў! Мужчына суха засмяяўся.
— Як смешна!— пакрыўдзілася жонка. — Сам ведаеш ўсю праўду пра гэты скарб. Акрамя цябе нікому нічога не гаварыла. Сямейная гісторыя не датычыцца чужых людзей. Але зараз бачу, што і табе было нельга нічога расказваць. Ты хіба не разумееш, што гаворка ідзе пра тваю дачку, Міша?
— Ой, Ірка, хіба ты не памятаеш узроставую перыядызацыю? Ты ж педыятрам працуеш! Гэта падлеткі! Яны заўжды выдаюць жаданае за сапраўднае. Хочуць прыцягнуць увагу ды і толькі.
— Няма пра што казаць! Хопіць, сама буду разбірацца. Дабранач!
Канешне, яна зараз крыху хітравала. Пра пярсцёнак Кацька ведала. Але гэта здарылася выпадкова, і ў яе, Ірыны, не было магчымасці пазбегнуць тлумачэнні перад сяброўкай.
***
З Кацькай Ірына вучылася ў медыцынскім універсітэце, толькі на розных факультэтах. Абедзве дзяўчыны былі родам з Ганску і сябравалі яшчэ са школьных часоў. У хуткім часе Ірына пачала сустракацца з Міхаілам. Праз год яны пажаніліся, і маці Ірыны, Тамара Сцяпанаўна, перадала дачцы залаты пярсцёнак. Гэтае упрыгожванне некалі бабуля Марыя перадала дачцы Тамары. А ўжо баба Марыя яго атрымала ад сваёй маці Ганны.
На апошнім курсе дзяўчаты аднойчы адпачывалі ў вельмі цікавай кампаніі. Адна з іх аднагрупніц святкавала свой дзень нараджэння. У асноўным сабраліся маладыя медыкі і дыпламаты. Яны слухалі прыгожую музыку, пілі дарагое віно, размаўлялі на прафесійныя тэмы. Гаспадыня дома, імянінніца Вікторыя, папрасіла Кацьку з Іркай дапамагчы з прыгатаваннем закускі. Дзяўчаты разам прайшлі на кухню і пачалі рэзаць салаты. Перад гэтым Іра зняла пярсцёнак і паклала яго на палічку. Праз некалькі хвілін на кухню зайшоў будучы дыпламат-міжнароднік Косця. Канстанцін быў навічком у гэтай кампаніі. Але ўсе зналі, што некалі ён нарадзіўся на Кубе, дзе працавалі яго бацькі. Косця падышоў да палічкі, узяў пярсцёнак, надзеў акуляры і … прыцмокнуў:
— Ох, нічога сабе! Чыё гэта? — спытаў хлопец.
— Маё, а што? — адказала пытаннем на пытанне Ірына.
— Віка, лупа ёсць? — працягваў Косця. — Я, канешне, магу памыляцца, але, здаецца, што… Вочы хлопца застылі, і ён не змог дагаварыць фразу.
Віка прынесла павелічальнае шкло і са здзіўленнем пацікавілася:
— Ну і што ты там убачыў? Не стамляй ўжо!
Хлопец збялеў адразу, потым пачырванеў і прамовіў:
— Тут стаіць кляймо Пецярбургскага прабірнага кіравання з ініцыяламі Л. Я. І., 1903-1910 гг. Золата дзевяцісотай пробы. Ух ты, можна ачмурэць! Адкуль, Ірка?
Ірына пачырванела:
— Ды не верце вы Косціку! Гэта простая імітацыя!
Але Кацька ўжо навастрыла вушы:
— А ну каліся, баярыня! Адкуль такія цацкі? Яно мне заўсёды не падабалася: нейкае старамоднае, асабіста я такое б не надзела. Але калі яно зроблена ў царскай Расіі, то гэта мяняе справу. Кацька хацела выхапіць пярсцёнак і паспрабаваць начапіць на свой палец, але Ірына праявіла характар і не дазволіла зрабіць гэта.
— Каця, хопіць! Нельга чужыя рэчы хапаць. А ты, Косцік, адкуль ведаешь пра кляймо і пробу?
Студэнт паціснуў плячыма і адказаў:
— У мяне ёсць энцыклапедыя дома па гэтай тэматыцы. Я пра ювелірку ўсё ведаю. Бацькі цікавяцца антыкварыятам, таму шмат спецыяльнай літаратуры ў хаце.
— Ясна. Раз ты такі разумны, то павінен ведаць, што трапляецца шмат падробак. Мая рэч у тым ліку. Давайце зменім тэму.
Калі з Косцікам было проста, то Кацьку абдурыць не атрымалася.
І яна такі дажала Ірыну: той прыйшлося ўсе расказаць. Але толькі тое, што Іра даведалася ад бабулі. Гэта была вельмі сціплая інфармацыя.
Адкуль у прабабулі Ганны мелася золата дзевяцісотай пробы, ніхто ніколі не дапытваўся. Па-першае, Ганна была вельмі строгай і дачку выхавала ў дысцыпліне. А гэта азначала, што задаваць пытанні маглі толькі дарослыя. Па-другое, часы былі складаныя. Адна толькі калектывізацыя чаму людзей навучыла: маўчы, будзь хітрым. Жанчына пражыла ўсё жыццё, не маючы блізкіх сябровак і трымаючы рот на замку. Да пенсіі Ганна працавала краўчыхай у мясцовым атэлье. Да яе заўжды шмат людзей звярталіся з просьбай нешта пашыць на замову, прапаноўвалі добрыя грошы, але Ганна імкнулася жыць не парушаючы закон. Дзецям яна паведаміла, што купіла пярсцёнак на блышыным рынку ў Маскве.
У 1984 годзе яе не стала. Так і не дачакалася жанчына перабудовы. Унучка Тамара ўжо на той час была замужам, мела Ірынку на руках і давучвалася ў інтернатуры. У апошнія два гады ў Ганны прагрэсіравала дэменцыя. Дачка Марыя даглядала старую маці і вельмі часта ў струменні трызнення чула на першы погляд небыліцы. За некалькі дзён да смерці ў Ганны праяснілася прытомнасць. Яна пазвала дачку і папрасіла чаю з парэчкавым лісцем. Потым села на ложку, расчасала косы і пачала гаварыць. Аргументы былі жалезнымі. Тым больш, што сама Марыя ўсё памятала вельмі добра, асабліва пра цынгу і новую хату з дуба, якую маці купіла перад вайной ў 1940 годзе ў Дзікавай Гары. Гэта быў вельмі вялікі, моцны дом. Мабыць менавіта па гэтай прычыне яго аблюбавалі немцы і пасяліліся ў ім. Сама Ганна з дачкой павінны былі перабрацца ў невялікую прыбудову. У тое, што маці паведаміла перад смерцю, Марыі было складана паверыць. Ды і не надта хацелася. Тым болей, што Марыя Ігнатаўна была членам КПСС.
***
Ганна Мікалаеўна Вольская нарадзілася ў 1895 годзе ў сям'і прапаршчыка Мікалая Вольскага. Ў 1913 годзе выпусцілася са Смольнага інстытута высакародных дзяўчын. Гэта быў восемдзесят першы выпуск. Яшчэ ў час вучобы працавітую і адказную дзяўчыну запрыкмецілі і парэкамендавалі да працы пры імператарскім двары. Аляксандры Фёдараўне Ганна спадабалася. Дзяўчыну аставілі служыць краўчыхай ў царскім палацы. Служыла Ганна шчыра да сакавіка 1917 года. Яшчэ пад час Лютаўскай рэвалюцыі Аляксандра Фёдараўна паклікала Ганну і высыпала ёй у руку сем данатыўных залатых манет Расійскай імперыі. Данатыўныя манеты выкарыстоўваліся ў якасці падарункаў для членаў імператарскай сям'і. Вырабляліся яны на высокім якасным мастацкім узроўні. Усе сем манет датаваліся 1902 годам. Імператрыца падзякавала Ганне за службу і параіла схаваць золата да цяжкіх часоў. Не думала дзяўчына, што яны надыйдуць так хутка. Канешне, хто паверыў бы, што такія рэчы маглі належаць простай швачцы?! Калі ў сакавіку царская сям'я была арыштавана, Ганна схавала манеты. Перад тым, як збегці з імператарскага палацу, дзяўчына ўзяла кавалак чырвонай скуры і зрабіла гузікі. Потым прышыла іх на своё адзінае паліто.
Шлі гады. Пра сувязь з імператарскім дваром яна нікому ніколі не расказвала. У хуткім часе Ганна выйшла замуж, нарадзілася яе дачка Марыйка. Жанчына працавала і не думала пра царскія манеты: дастаць іх было небяспечна, і яна гэта добра разумела. Аднойчы Ганна паехала на сваіх прафесійных справах у Маскву. Яна ішла па шырокім праспекце, калі пачула, як нехта яе кліча. Жанчына павярнула галаву і ўбачыла Льва Якаўлевіча Іоффе, прыдворнага ювеліра. Той прапанаваў прагуляцца і пагаварыць. Ганна расказала пра царскія манеты. І пра тое, што практычна немагчыма было іх выкарыстаць. Хаця іх сям'і вельмі патрэбна была хата. Леў расказаў, што, уцякаючы ад праследавацеляў, сумеў захапіць усе інструменты, неабходныя для ювелірнай працы. Зараз у яго было шмат кліентаў, і ён не бедаваў. Таксама прыблізна назваў рэальную цану «гузікаў».
— Будзе табе і хата, і упрыгожванні! Карацей кажучы, будзеш з грашыма. Але за кожны гузік для цябе, разлічвацца будзеш таксама гузікам. Ганне нічога не заставалася рабіць як пагадзіцца. За першы гузік, які Леў недзе збыў для яе, Ганна аддала яму таксама чырвоны скураны гузік. За грошы, якія Леў перадаў жанчыне, яна купіла вялікі новы дом. Ды і тое, плаціла часткамі, каб не вызваць падазрэнне. Наступны раз гузік спатрэбіўся, каб аддзячыць доктару Шнітке, які дапамог выратаваць яе Марыйку.
Ігната, мужа жанчыны, забралі на фронт, а ў хаце Ганны абаснаваліся нямецкія афіцэры. Зімой 1943 года Марыйка захварэла цынгой ад недахопу вітаміна С. Стадыя была ўжо апошняя. Дзіця цяжка пакутавала, пакуль афіцэраў не наведаў нямецкі доктар Вільгельм Шнітке. Ганна схапіла яго за руку і пацягнула за сабой плачучы. Ён не разумеў яе мовы, але было ясна, што спатрэбілася яго дапамога.
Доктар агледзеў дзяўчо і, ацаніўшы стан запалёных дзёсен, рэзка прамовіў:
— Knoblauch! Schnell!
Ганна ўжо чула ад немцаў гэтае слова. Яна ведала, што яно азначала "часнык". Жанчына не пыталася, на што яму той часнык спатрэбіўся. Яна хутка пабегла ў хлеў, дзе расліна захоўвалася, згрэбла са сцяны увесь і прытягнула ў прыбудову. Амаль месяц Ганна рабіла ўсё, што казаў і паказваў доктар. Калі Марыйка паправілася, Ганна залезла на дах, скінула адтуль сваё старое паліто і адрэзала крэпка прышыты гузік.
— Дзякую Вам, добры чалавек за тое, што мае дзіця засталося жыць. Гэта Вам, — сказала Ганна і працягнула гузік.
Доктар Шнітке глянуў на яе як на хворую, але гузік узяў. Хутка набліжаўся вызваленчы рух і да Дзікавай Гары. Немцы пакінулі вёску, а з імі і доктар, які выратаваў беларускую дзяўчынку.
Муж Ганны загінуў на вайне. Марыйка пасля школы стала медсястрой. У 1952 годзе яна выходзіла замуж, і Ганна палічыла гэта паважлівай нагодай, каб наведаць Льва Іоффе. Як і раней жанчына адрэзала два гузікі, глянула на два астатнія і зноў накіравалася ў Маскву. Леў зрабіў прыгожы пярсцёнак і паставіў клеймо і пробу часоў Мікалая Другога. Перад развітаннем сказаў, каб тая апошнія гузікі захавала да лепшых часін. Хутка прыйдзе добры час, калі не трэба будзе хавацца і саромецца таго, што працавала на царскую сям’ю. Гэта не злачынства, каб хавацца і употай прадаваць тое, што заплацілі за тваю плённую працу. Болей яны не бачыліся.
Аднойчы Ганна вырашыла пазваніць Льву Якаўлевічу, але ёй сказалі, што той памёр. Вось так і чакала Ганна лепшых часоў. Пра апошнія два гузікі яна так і не паспела паведаміць дзецям. Да перабудовы і галоснасці крыху не дажыла.
***
Ірына пасля размовы з супругам пазваніла сяброўцы. Кацярына выслухала пытанне і з усмешкай адказала:
— Да ты што! Ты мне тады сказала, што гэта толькі паміж намі. З таго часу я нікому нічога і не распаўсюджвала. Глупства гэта нейкае! І наогул, я сур’ёзна да гэтага ставіцца не магу.
Ірына сумна ўздыхнула:
— Тады як гэта растлумачыць? Ты таксама лічыш, што дзіця выдумала ўсю гэтую гісторыю?
— Хто? Аленка? Яна зусім у цябе прамая як палка: што думае, тое і кажа. Я вось заўважыла, што пачалося ўсё пасля тваёй замежнай камандзіроўкі. Думай. Нешта ідзе адтуль.
Ірына прызадумалася. У мінулым месяцы яна лятала на канферэнцыю ў Мюнхен. Гэта было мерапрыемства, на якое запрасілі вядучых педыятраў-наватараў. Ей пашчасціла туды папасці, бо яна з’яўлялася аўтарам адной навуковай распрацоўкі, якая вызвала рэзананс у медыцынскім свеце. Жанчына лічылася адным з лепшых педыятраў у сваім рэгіёне і загадвала педыятрычным аддяленнем у Ганскай клінічнай бальніцы. У Германіі пасля канферэнцыі і семінара ў яе ўзялі інтэрв’ю з некалькіх буйных нямецкіх медыцынскіх часопісаў. Яна пачала ўспамінаць, на якія пытанні адказвала, што гаварыла, а дзе абачліва прамаўчала. Раптам твар яе пацямнеў.
— Каця, у Мюнхене мяне спыталіся, чаму я вырашыла стаць менавіта педыятрам. Ведаеш, не адчуваючы небяспекі, я расказала, як у час вайны нямецкі доктар вылечыў маю бабулю ад цынгі часныком.
Каця перабіла сяброўку:
— Ты гэта сур’ёзна? Менавіта часнык некага мог зацікавіць?
— Ой! Кацька…
Каця заўсёды была аптымісткай. Вось і зараз яна засмяялася:
— Мо і праўда які немец цябе шукае, бо ты вельмі хутка з’ехала. Мабыць у чалавека ёсць да цябе пытанні. Думаю, што справа ў гэтым.
— Ну так а чаго ў горадзе шукае, а ў Дзікаву Гару не едзе? — вырвалася ў Ірыны.
— Я ж расказала, дзе ўсё адбывалася…у Дзікавай Гары.
У Кацькі заўсёды адказ ляжаў напагатове. Ні разу яшчэ не было, как тая не знайшла, што сказаць.
— Так вы ж усе прапісаны ў Ганску, а жывяце за горадам. Адкуль жа чалавеку ведаць, што ў той час, як ўсе інтэлігентныя людзі ходзяць у гіпермаркет, ты аддаеш перавагу сваёй уласнай гаспадарцы?
— Каця, ты геній! Заўтра заеду ў кватэру, тым больш, што кветкі паліць трэба.
***
На наступны дзень пасля шопінгу Ірына заехала за дачкой ў гімназію, а потом разам накіраваліся да сваёй гарадской кватэры. Каля пад’езда нічога незвычайнага не заўважылі ні дачка, ні маці. Але калі Ірына адчыняла дзверы, на лесвічную пляцоўку выйшла пажылая суседка Марта Кірылаўна.
— Ірачка, добры дзень! — прывіталася жанчына. — Тут да цебе нейкі чалавек прыязжаў. Мне здалося, што ён немец. Зараз прынясу паперку, што ён пакінуў для цябе ў дзвярах. Я баялася, каб дзеці якія не выцягнулі, таму забрала дадому. Нумар твайго тэлефона недзе згубіла. Чакай трохі.
Праз пару хвілін бабуля выйшла з кватэры і працягнула канверт. Ірына ўзяла з рук Марты Кірылаўны канверт і адкрыла яго. Ей пашанцавала: тое, што было напісана ў лісце, было на нямецкай мове. Нямецкім яна валодала. Шмат літаратуры прафесійнай пералапаціла менавіта на гэтай мове. Немцы ў галіне медыцыны адны з першых.
— Дзякуй Вам, Марта Кірылаўна. Выбачайце, мы спяшаемся. Толькі кветкі пальём і ў Дзікаву Гару адразу.
Ірына нават не заўважыла, як хутка з дачкой даехалі да Дзікавай Гары. Калі ўся дамашняя работа была зроблена, жанчына села на канапу і дастала ліст.
"Паважаная Ірына! Вядома, што я магу памыляцца, але маё пачуццё не можа мяне падвесці. Я таксама, як і Вы, працую доктарам. Але на жаль на апошняй канференцыі я адсутнічаў. Калі мне трапіўся артукул з Вашым інтэрв’ю, я вельмі ўзрадаваўся. Я ўпэўнены, што такіх супадзенняў проста не бывае. Падчас вайны мой дзед працаваў на тэрыторыі Беларусі і некаторы час знаходзіўся на службе ў Дзікавай Гары. Менавіта ў гэтым сяле ў адной жанчыны цяжка захварэла цынгой дачка. Дзядуля расказваў, як яму прыйшлося дэфіцыт вітаміна С кампенсаваць часныком. Дзяўчынка паправілася. Потым яе маці адарвала чырвоны скураны гузік і ў знак падзякі працягнула дзеду. Ён не адразу зразумеў, што гэта было, але ж кінуў падарунак у кішэню. Пасля капітуляцыі Германіі Вільгельм Шнітке трапіў у палон на тэрыторыі Польшчы. Менавіта там ад безвыходнасці ён дастаў і разадраў той гузік. Доктар знайшоў залатую мікалаеўскую манету. Думаю, Вам не трэба тлумачыць, як менавіта дзякуючы гэтай манеце ён апынуўся на волі. У дзеда на руках з’явіліся патрэбныя дакументы, а прыкінуцца нямым для дасведчанага доктара было няцяжка. Разам з маладымі сялянамі ён быў накіраваны ў Германію, каб прыгнаць кароў. Вось так ён сумеў вярнуцца дадому. Дзядуля да самай смерці працаваў доктарам і вельмі часта ўспамінаў дзяўчынку Марыю і яе маці Ганну, якая адарвала гузік з чырвона – шэрага паліто і тым самым выратавала яму жыццё. На жаль я так з Вамі і не сустрэўся. Паколькі Вы знаходзіцеся яшчэ ў водпуску, то прыйшлося даведацца, дзе Вы жывяце. Некалькі дзён я чакаў Вас каля дома, але толькі дзяўчынка заходзіла на некалькі хвілін і потым ізноў некуды ехала. Мне здалося, што я напужаў Вашае дзіця. Калі так, то выбачайце, калі ласка. Пакідаю свае каардынаты. З найлепшымі пажаданнямі, Петер Шнітке".
Ірына, не доўга думаючы, схапіла ключы ад старой прабабулінай хаты, якая па-ранейшаму яшчэ была моцная. На вялізарным куску Ганнінай зямлі Ірына з Міхаілам пабудавалі двухпавярховы цагляны катэдж. На яго фоне дубовая Ганніна хата здавалася зусім невялікай.
— Аленка, ідзі за мной,- загадала маці. — Хутчэй, трэба твая дапамога. Палезеш на дах.
— Не, мама, лезь сама, я баюся,— скрывіла твар дачка.
— Добра, сама палезу, а ты будзеш свяціць, бо там цемра несусветная.
— Ага, і яшчэ пыл усюды і старызна…
Ірына не стала слухаць ныццё сучаснага падростка, а хутка падпёрла драбіны і наказала дачцы трымаць. Сама палезла на дах.
Яна ніколі не бачыла прабабуліна чырвона-шэрае паліто. Але чула ад бабулі Марыі, што яе маці яго вельмі берагла і ніколі нікому не давала апранаць, ды і проста дакранацца. Усе з гэтым лічыліся і разумелі, што ў кожнага чалавека ёсць дарагія сэрцу рэчы. На даху стаялі сапраўдныя куфары з розным барахлом. Пасля смерці Ганны там ніхто нічога не крануў нават. Бабуля Марыя і Ірыніна маці Тамара сталі гарадскімі дамамі, сяло іх не вабіла. У Дзікаву Гару яны не вельмі імкнуліся ездзіць, ды і ўзрост ужо такі, што лепей на канапе каля тэлевізару. А вось Ірына з задавальненнем пераехала на свежае паветра за межы горада.
— Мамачкі, вось яно, шэра-чырвоные паліто, — выцягваючы рэч з драўлянай скрыні, прашаптала Іра.
Жанчына хутка накіравалася да выхаду, цягнучы за сабою старую трухлявую дзяругу. Ужо ўнізе яна загадала Алене збегаць за нажніцамі.
— Мама, навошта табе гэтая ануча? — не разумела дзяўчына.
— Нясі хутчэй, не размаўляй шмат! — крыкнула нервова Ірына.
Аленка працягнула нажніцы, а Ірына глядзела на два скураных чырвоных гузікі, і ей раптоўна стала вельмі страшна. Дрыготкімі рукамі жанцына адрэзала адзін, потым другі гузікі і зрэзала скуру з іх. З дзірак выглядваў залаты профіль апошняга імператара Расіі.
— Аленка, дачка, ты не можаш нават уявіць сабе, колькі каштуе гэтая, як ты дазволіла сабе выказацца, ануча. Дзіця, гэта кусок гісторыі, і ён не мае цаны.
Дома Ірына яшчэ раз прачытала пісьмо, аккуратна склала ў канверт і ціха прамовіла:
— Дзякуй табе, Петер Шнітке. Заўтра абавязкова табе пазваню.
Свидетельство о публикации №223021900455