Вясна
Мама, мамуся мая, паабедала. Доўга шоргала тапкамі,
вяртаючыся з кухні, і нарэшце паведаміла. Там. Унізе, долу. Конь ходзіць з вялікім плугам. Глыбока арэ.
Я паглядзеў уніз. Восьмы паверх. Унізе, на тэрыторыі былога гета. На пляцоўцы. Дзе раней былі драўляныя дамы шчэ на маёй памяці. Там нічога не адбывалася. Снег кідаўся ў небе як д'ябал і зацярушваў усё і ўся скрозь. Тысячы легкавых самаходаў-жамяряў варушыліся на ўезд-выезд.
- Мама! Нікога! А ні ні!
- Ты прыгледзься. Конь ходзіць.
Я прыжмурыў вочы. Гіганцкі чорны конь цягнуў праз горад свой вялізны плуг. І выварочваў скібы ўспамінаў маёй памяці.
Чорный араты вёў каня ўзяўшы за срэбныя цуглі. Вочы ягоныя лучыліся чорнай скрухай. Араты падняў твар і наблізіў чорныя вочы амаль ў маю шыбу. Я адскочыў і схаваўся за фіранкі.
Я заплюшчыў да болю вочы. Сэрца мае перастала грукаць. Вялікі чорны жах апанаваў мяне.
Праз колькі хвілін я апрытомнеў. На канапе сядзела мая старэнькая Мамо і казытала ката. Кот мружыў блакіныя вочы і ціхенька вуркатаў.
- Мама! Я бачыў і каня і аратага.
- аб чым, ты, сынок?
Чорны конь у завіруху, што яшчэ ты пакажаш мне,гаротны Менск?
Свидетельство о публикации №223030500554