Зорка Венера казка

Зорачка мая,
Светлая мая,
Узімку і вясною,
А ці снег мяце,
А ці дождж ідзе,
Ты заўжды са мною.
\Песня. сл. В.Карызны\

Зямля застыла, укрыўшыся мяккім шалікам з бледнага туману. Надышоў час ціхай, але вельмі светлай ночы. У змрочным небе гарэла толькі адна Зорка. Але яе ззянне было настолькі моцным, што зірнуўшы на яе, ужо немагчыма было адарваць вачэй. Такім магічным здавалася гэта нябеснае святло.
А раніцай, як толькі ўзышло Сонца, на лясной сцяжынцы з'явілася незнаёмая дзяўчына. Яе прыгажосць адразу заўважылі пухнатыя елкі і стройныя бярозкі, пах яе доўгіх хвалістых валасоў тут жа адчуў ветрык, яе мяккія і лёгкія крокі – Зямля, а незвычайна прыгожай яркай сукенкай зачараваліся палявыя кветкі і трава. Птушкі пачулі яе звонкі голас, а вада ручайка прыняла цяпло яе далоняў.
Дзяўчына ўмылася ключавой вадой і ўсміхнулася ўсім. Гэта была Багіня Кахання – Венера. Яна спусцілася з нябёсаў, з той самай яркай Зоркі, каб падарыць Зямлі сваю дабрыню і любоў. Яе ласкавыя рукі абдымалі лясы, лугі і палі, яе мяккія вусны цалавалі кветкі і крыніцы, яе прамяністыя вочы сагравалі халодныя снежныя горы і ледзяныя вадаспады. І не толькі ім Венера дарыла сваю пяшчоту. Усім жывым істотам яна аддала яе, упусціўшы іскру Кахання ў іх сэрца.
І зараз, калі вельмі захацець, можна сустрэць Багіню Кахання на сваім шляху. Ад яе, нібы ад нябеснай зоркі, зыходзіць яркае ззянне. Толькі раз зазірнуўшы ў яе вочы, ты прасякнешся гэтым чароўным святлом, усё халоднае і змрочнае сыдзе ад цябе, саступіўшы месца цяплу, чараўніцтву і прыгажосці.


Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
У сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
/Раманс. Максім Багдановіч/




Мілы мой, любы, цябе я кахаю,
Толькі не ведаю, дзе ты цяпер.
Можа ў кімсьці цябе я пазнаю.
Усюды са мной ты, павер.
Будзем з табой мы под зоркамі разам
Песню, што склаў ты, удваіх напяваць.
Светлы пяшчотны твой позірк, каханы,
Буду ў сэрцы хаваць.
Час праляціць свежым ветрам над намі.
Буду кахаць цябе моцна заўжды.
Песні твае цешаць свет галубамі,
Іх не кранаюць гады.
/Далёкаму сябру. Прясвячаецца памяці Максіма Багдановіча/

27.11.10


Рецензии