Будзь здаровы, таварыш!

Будзь здаровы, таварыш!

У васьмідзесятыя гады дваццатага стагоддзя вельмі цяжка было купіць адзенне, якое б прыйшлося да спадобы маладой жанчыне. Выручалі добрыя краўчыхі, якія з якасных савецкіх тканін несамавітых расфарбовак, стваралі прыстойныя касцюмы, сукенкі, спадніцы і блузкі.

Гандлёвая сетка Заходняй Беларусі часта балавала пакупніц імпартнымі таварамі, асабліва абуткам. Члены нашай шматдзетнай сям’і ў дзяцінстве насілі недарагія сандалі-басаножкі-чаравікі айчыннай вытворчасці, а пасля заканчэння школы і паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, пераходзілі на імпартны абутак.

З адзеннем было складаней: ці то яе мала пастаўлялі, ці то яна “асядала” у гардэробах гандлёвых, савецкіх і партыйных работнікаў і набліжаных да іх асоб.

Падчас чарговага водпуску ў Целяханскай прамтаварнай краме я ўбачыла чорны з шэрымі палоскамі югаслаўскі трыкатажны касцюм і здзівілася, чаму яго ніхто не купляе?

Верхняя частка гарнітура ўяўляла сабой тэніску з кароткім рукавом, зашпількай і стаяча-адкладным каўняром.

– Сімпатычная кофтачка, – падумала я і разгарнула “спадніцу”, якая аказалася шортамі.

– Дык вось чаму да гэтай парЫ ніхто не паквапіўся на імпартны касцюм! Хто ж будзе насіць спартыўную вопратку для гульні ў тэніс або гольф? У нашым пасёлку і не ведаюць нічога пра гольф, а настольны тэніс – толькі ў школах, – разважала я, разглядаючы гарнітур.

Прыемную навобмацак якасную трыкатажную тканіну не хацелася выпускаць з рук.

Прадавец назірала за мной:

– Ну вось, прывезлі нам гэты касцюм, а хто такі выраб купіць? Нязвыклае для пасёлка адзенне, незразумела для каго прызначана: для мужчын ці жанчын? – паскардзілася работніца прылаўка.

– Давайце я прыкіну на сябе, а потым вырашым, для мужчын ці жанчын выраблены гарнітур! – прапанавала я і накіравалася ў прымерачную.

Па размяшчэнні гузікаў было зразумела, што касцюм прызначаны для моцнай паловы чалавецтва. Тэніска і доўгія шорты ідэальна “селі” на маю фігуру, візуальна “знізіўшы” вагу на тры-чатыры кілаграмы.

Выйшаўшы з прымерачнай, прайшлася міма прадаўшчыцы, якая ўважліва аглядзела мяне і вынесла вердыкт:

– Вам вельмі ідзе гэты касцюм: чорны колер выдатна спалучаецца з рудымі валасамі!

Было відаць, што маладая жанчына гаварыць шчыра; у той час прадаўцы яшчэ не ўгаворвалі пакупніка набыць неліквідны тавар. Прыслухаўшыся да сваіх адчуванняў, зразумела, што мне камфортна ў новым уборы і зусім не хочацца з ім расставацца.

– Усё ж такі, куплю я гэты зручны гарнітур, а дзе яго буду насіць, прыдумаю потым, – прытрымліваючыся жаночай логіцы, падумала я.

Прадавец адчула мой настрой і падказала, у якой сітуацыі будзе дарэчы надзець спартыўны касцюм:

– Падыходзячае адзенне для прагулак на возера, – нібы раздумваючы, вымавіла жанчына.

Яе падказка нагадала мае ранішнія паходы на возера. Сарафан, басаножкі, капялюш …

А калі кашуля пола, шорты, спартыўны абутак, бейсболка?  Праз лес жа ісці больш за два кіламетры?

З крамы я выйшла з пакупкай.

Дома пахвалілася маме сваім набыццём.

– І куды ты ў гэтым уборы будзеш хадзіць? Спадзяюся, не на працу? – з насмешкай удакладніла мама.

– Можна і на працу, усё роўна па-над касцюмам будзе белы халат, – адказала я з сур’ёзным выразам твару.

Мама занепакоена паглядзела на мяне: мабыць, перагрэлася?

Я не вытрымала і засмяялася:

– Не, у такой прыгажосці на працу я хадзіць не буду, а то, не дай Бог, маладыя пацыенты сурочаць! А вось на возера – у самы раз! – супакоіла я маму.

У той год мой адпачынак не супаў з водпускам мужа. Я адправлялася на возера раніцай, каб досыць наплавацца і, да наступлення дзённай спякоты, вярнуцца ў прахалодны драўляны дом.

Збіраючыся на возера ў першы пасля куплі касцюма дзень, па звычцы пацягнулася да сарафана.

– Я ж зусім забылася, што ў мяне зараз ёсць спецыяльны “азёрны” гарнітур! – успомніла я ўчорашнюю размову з мамай.

Экіпіраваўшыся па другім, спартовым, варыянце, адправілася ў дарогу. Адразу ж адзначыла, што такое адзенне і абутак (паўкеды), падабаюцца мне больш, чым убранне “паненкі”.

 Я хутка прыстасавалася да незвыклага для нашай некурортнай мясцовасці убора, ды і сустрэчныя пешаходы ніяк не реагавалі на мой гарнітур “з выклікам”.

На другім тыдні пры выхадзе з леса мне сустрэўся шасцідзесяцігадовый мужчына (па мерках мяне, трыццацігадовай, пажылы).

Як правіла, жыхары невялікіх населеных пунктаў Беларусі, нават незнаёмыя адзін з адным, у лесе вітаюцца; я падрыхтавалася “раскланяцца” з незнаёмцам.

Паглядзеўшы на твар сустрэчнага пешахода, жаданне выконваць правілы добраго тону ў мяне знікла: погляд падарожніка выказваў злосць, абурэнне і асуджэнне.

Параўняўшыся, мужчына перавёў свой “карны” погляд з майго твару на, тады ячшэ хударлявыя ногі, глыбока ўдыхнуў, адвярнуўся ад мяне і выказаў сваё стаўленне да “амаральнай” асобы пагардлівым выклічнікам:

– Цьфу!

Неадэкватная рэакцыя мінака на мой знешні выгляд, па толькі Госпаду Богу вядомай прычыне, выклікала ў памяці кліч піянераў “Будзь гатовы!”. Імгненна перайначыўшы заклік юных ленінцаў, які назаўжды засеў у сховішчы памяці, я гучна сказала:

– Будзь здаровы, таварыш!

І пайшла далей, не запавольваючы ходу.

Рэцэптарамі задняй паверхні тулава я адчула, што абаронец высокіх маральных прынцыпаў спыніўся і глядзіць услед; мне ўдалося на адлегласці “прачытаць” думкі пурытаніна:

– Мала таго, што распусная, дык яшчэ і прыдуркаватая!

Да высокай ацэнкі маёй сэксапільнасці адным з наведвальнікаў паліклінікі заставалася менш за два гады (мініяцюра аўтара “Тры літары” http://proza.ru/2021/02/22/862 ).

PS. Югаслаўскі касцюм праслужыў мне шмат гадоў, затым “па спадчыне” перайшоў старэйшаму сыну Дзянісу. Праз амаль сорак гадоў тэніска, якая добра захавалася, выкарыстоўваецца мною для паходаў у грыбы.


Рецензии
Нелли!

Когда я три месяца путешествовал по Беларуси, кое-какие словосочетания выучил.
Попробовал прочитать рассказ. Сложно. Понял почти всё, но не удаётся прочувствовать прелести повествования.

С уважением,

Саша Щедрый   07.06.2023 00:12     Заявить о нарушении
Добрый день, Саша!

Вы правы: к белорусскому языку нужно привыкнуть, сразу он кажется непонятным.

С уважением.

Нелли Фурс   07.06.2023 13:54   Заявить о нарушении
На это произведение написано 7 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.