Раздзел 15. 28-07-2024

...у якім уладарыць спёка



Дарма Глеб успамінаў Ліду нядобрым словам: у той самы час, калі ён спрыяў засваенню ведаў, яна праводзіла своеасаблівыя заняткі сама з сабой. Камандзір палка не спяшаўся развеяць невядомасць наконт далейшага яе лёсу, і яна з тугі засела за вывучэнне мапы. Без штурхалёў кіраўніцтва, без нічога. Невыносна хацелася заняць мазгі хоць чым, а ёй усё роўна трэ было разабрацца, што за дэзарыентацыя напала на яе ў паветры. Нават калі лётаць па гэтым маршруце ёй больш не давядзецца...

Каб не мазоліць вочы палкавым насмешнікам, Ліда абрала зацішны травяны пятачок ля ўзлеску з двума імправізаванымі турнікамі. Кожны ў выглядзе літары “П” – пара бярвенняў, умацаваных тарчма, з металічнай трубой-папярэчынай. Іх паставілі з тым жа лозунгам, які ўпадабаў Глеб: марнаваць час – дык з карысцю. Турнікі, распаленыя паўднёвым сонцам, завабілі б толькі зусім звар’яцелых аматараў спорту, таму можна было без перашкод прымасціцца побач, абапёршыся спінай на бервяно.

Праўда, менавіта па прычыне сонца вучоба не заладзілася. Бярозы, якія ў першай палове дня накрывалі турнікі ценем, больш не абаранялі ад прамянёў, і на пятачку аказалася горача, як на патэльні. Хвілін праз дзесяць кропачкі ды рыскі на мапе пачалі плысці перад вачыма, і даводзілася яшчэ змахваць пот, які збіраўся на бровах. Калі надзея сканцэнтравацца выпарылася канчаткова, Ліда адклала планшэт і задрала галаву, каб бяздумна назіраць, як у вышыні мільгаюць вастракрылыя птушыныя сілуэты.

Трэба сказаць, свайму любімаму дзіцячаму занятку яна заставалася вернай і звычайна завітвала сюды не для таго, каб сядзець. На пілатажы дзясяткі разоў напружваеш прэс падчас перагрузак, так што закідваць фізпадрыхтоўку не выпадае...

Можа, і цяпер заняцца?

Яна ўзнялася, пацерла далоні, пастаяла між бярвёнамі, прымяраючыся. Падскочыла, павісла на разагрэтай перакладзіне, як мокрая бялізна на вяроўцы, але энтузіязму не адчула. Сонца пячэ, у страўніку колам стаіць абед, увапхнуты сілком, і рамень зняць забыла... Ліда паволі разгайдалася, з кожным махам усё мацней, закінула нагу на перакладзіну і, падцягнуўшыся, асядлала турнік.

Цішыня... Чуваць, як конікі цвыркаюць. Хоць і не спынялася праца ў палку, але, падаецца, запаволілася, каб адпавядаць густому спякотнаму паветру. А ў Лідзінага жыцця матор, відаць, заглух...

Не, не стрываць гэтай невядомасці! Чаму не адшукаць Круглага самой? Адшукаць і да сценкі прыперці: калі цвёрда сабраліся адвязацца, скажыце наўпрост! Няўжо гэта частка выхаваўчай праграмы – цягнуць час, каб яна не ведала, куды прыткнуцца?..

– Што, з аэрадромам развітваешся? – падчапілі яе неспадзявана Колевым голасам.

Цьфу, а вунь і ён: шыбуе кудысьці з двума сваімі нязменнымі прыяцелямі ды бадзёра ў спіны іх падпіхвае. Занадта бадзёра для такой гарачыні.

– Думаеш, за промахі адну мяне шкуматаюць? – вяла адгукнулася Ліда. – То дарма расслабіў булкі. Файна, файна пацалаваўся з прыборнай дошкай! Лічу, інцыдэнт вымагае абмеркавання на сходзе...

Коля спешна замахаў Ігнату з Арцёмам: рушце, маўляў, а я следам, скіну хуценька адзін нахабны рэпрадуктар са слупа!

– Камсамолец Волкаў не мае поспехаў у асваенні тэхнікі і вылучаецца безуважным да яе стаўленнем, – манатонна працягвала Ліда. З яе багатым вопытам ідэалагічных прачуханак гэты тон нескладана было падрабіць. – Больш за тое: у час, калі існуе такая патрэба ў падрыхтаваных байцах, ён не толькі не выяўляе жадання дасягнуць узроўню таварышаў – нават падбухторвае іх часаць невядома куды. Узнімаем пытанне...

– Ідзі ты! У нас законны перапынак, матанулі ўрэшце. Старлей гэты задзёўб – во! – паскардзіўся Коля з нечаканай шчырасцю.

– Перапы-ынак? Здорава яго прыгрэла.

– Ну! Мы і скемілі – на рэчку зганяць... А без адпачынку псіхам станеш!

Марудзячы, Коля касіўся ў той бок, дзе меншалі цыбатая, як літара “І”, постаць Ігната і сярэднестатыстычная – Арцёма. Набіраў паветра, каб нешта сказаць, але перадумваў і выпускаў. Помніцца, гэтак жа вагаўся ў дзвярах яе кватэры, прыйшоўшы выбачацца перад яе бацькамі за шыбу ў кухні: раскалаціў футбольным мячом, калі іх двары сышліся ў апошнім восеньскім матчы. Зрэшты, доўга крыўдаваць з-за прыніжэння Кольку не давялося, бо яго каманда перамагла з лікам 7:5.

– Паганая ў цябе звычка – ляпаць языком, – прабурчаў ён і пакратаў шматпакутнае пераноссе. – Табе, можа, розніцы мала, нахаміла ды з’ехала. А мне – тут, з людзьмі... Давай так: ты не менціш наконт майго промаху – я забываю пра твой. Пойдзе?

Тактыка, аднак: займей перавагу ў вышыні, і праціўніку неахвота будзе з табою звязвацца.

– Замётана, – Ліда не стала ўпарціцца. – Але не спрацуе, калі плануеш атрымліваць такую штукень на носе кожны дзень. Ардэнок не дадуць, не, трэба штосьці болей важкае.

– Мо і досвед ёсць? – ён прываліўся да бервяна магутным плячом. Здавалася, пахіснуў бы, калі б націснуў мацней. – І праўда: узнагародамі цябе балаваць... За што? Тут хіба наўмысна падставіцца пад чаргу...

У іншы час Ліда замахнулася б на Колю нагой, але гарачыня і апатыя абцяжарылі канечнасці, прагнаўшы нават цень жадання варушыцца. Плавішся на сонцы і ўрастаеш у перакладзіну, як дэкаратыўны элемент.

– Не падстаўлялася я. Наогул не заўважыла, адкуль яны выскачылі. Усё ў секунду: ззаду зверху кулявыя трасы, ліхтар – на асколкі... Рука павісла. Левая. Быццам не мая, сама па сабе...

– Ты што, параненая была? Ты?! – Коля вылупіўся на Ліду, нібы яна заявіла, што пераводзіцца на кіраўнічую пасаду ў дывізію.

– Па-твойму, толькі зорныя-ўзорныя маюць права на раненне? Ну, было... Не тут, у папярэднім палку, – Ліда пазногцем адкалуплівала з бервяна часцінкі кары. – Удзвюх расстралялі “хейнкель”, ідзем зваротным курсам. Трыумфую сама сабе: бляск, першанькі збіты! Хоць і парай. Глядзіш, яшчэ два-тры ў спіс – і можна прарывацца ў мужчынскі полк... А тут на' табе, прывітанне. Прашу ў шпіталь, малодшы лейтэнант Жук.

– Паквіталіся ж вы? Хоць чаргой! – упэўнена падказаў Коля і забраўся на суседні турнік. Яму і разгойдвацца не трэ было: падцягнуўся з хэканнем ды сеў. Хто-хто, а ён быў на гэтай палянцы частым госцем.

– Ага, канешне... Я ў той “хейнкель” усё дачыста выпусціла. Адкуль было ведаць, што спаткаем салодкую парачку “месершмітаў”? Ды ўсё роўна круціліся з імі нядоўга. У іх, можа, гаручкі было пад нуль, вось і адсталі, не дабілі...

Ліда неспакойна паёрзала на перакладзіне, якая ўпівалася туды, куды не трэба, і надзейней абняла нагой бервяно. Ці распісвала яна гэты выпадак хоць камусьці ў палку? Прывыкла трымацца брава, з гусарскай ліхасцю: ды я, ды ў мяне!.. Выдаваць, што ты апынулася на шпітальным ложку, ледзьве збіла першы самалёт, стратэгічна нявыгадна. І менш за ўсё на ролю слухача падыходзіць канкурэнт Колька.

– І... як яно?

– Што?

Ліда ўтаропілася ў яго, але ён з узмоцненай увагай разглядваў траву пад турніком. Нібы аповед зрушыў-такі нешта ў гэтай галаве, лабатай, з шорсткімі, як поўсць, цёмнымі валасамі.

– Ну, села неяк... Нават блізу аэрадрома, не ў полі – гэта памятаю, – скупа сказала яна. І сунула рукі ў кішэні, каб не паддацца спакусе і не крануць злашчасны ўчастак над локцем, загоены даўно і амаль без шнара. – Кепска, што адключаешся, сплываеш кудысьці. Павекі склейваюцца. Калі б не вібраваў самалёт і ў плячо не аддаваў боль... Словам, твая пасадачка яшчэ ніштаватая.

У далонь лёг пісталетны магазін, які па-ранейшаму чакаў свайго часу ў кішэні. Здавалася б, нашто пісталет у нябёсах, нашто запасныя патроны, калі і асноўны боекамплект ТТ не скарыстаць? Нашто працягваць стасавацца з чалавекам, з якім спаборнічаеш усё жыццё – пачынаючы ад таго, хто далей скочыць з арэляў, і заканчваючы пасадкай на знішчальніку?

– І якая мараль? – скептычна пацікавіўся Коля, выціраючы рукавом пот з ілба. Зачапіў пераноссе, паморшчыўся. – “Лётчык, будзь пільны! Расходуй снарады з аглядкай!”

– А ты як хацеў? Чым адкажаш, калі зваліцца на галаву які-небудзь блудны “месер”? Хаця што гэта я. Каб ты-ы-ы трапіў у пераплёт, бы разява Лі-і-ідка... Не, тытан жа, зубр!.. Сядзім як дома, так? – спытала яна знянацку. – Толькі без каштана.

І тут жа аблаяла сябе за тое, што паддалася імпульсу і агучыла гэтае пачуццё. Глыбіннае, асабістае, поўнае ўспамінаў...

Турнік перад Лідзіным домам змайстравалі жыхары двара – люд працоўны, рукасты. Стаміўшыся даваць у карак хуліганам, пастанавілі: а) прыстасаваць падшыванцаў да справы, каб не было часу цягаць у дарослых папяросы; б) прыахвоціць да здаровага ладу жыцця, далучыўшы да шэрагаў прыстойнай, фізічна выхаванай савецкай моладзі. Так і з’явіліся ўсе гэтыя перакладзіны розных узроўняў, кольцы, лесвічка знізу даверху... У прыдачу зладзілі падвесныя арэлі для малышні і пару новых лавачак замест струхлелых – гэта каб было ўлагоджана старэйшае пакаленне, а мамы маглі прыткнуць кудысьці сеткі з прадуктамі, пакуль скардзяцца на чэргі.

Хуліганкай малая Ліда не лічылася (пакуль), але чароўную канструкцыю сустрэла з натхненнем. Не прайшло і тыдня, а яна ўжо ўмела прабірацца па турніку з канца ў канец, не ступаючы на зямлю. Баялася толькі аднаго – саскокваць зверху на жвір дзіцячай пляцоўкі. Нават з ніжняй перакладзіны.

– Гэта – высока? Мне па пояс! – дзівіўся Лідзін бацька, якога забаўляла, што і ў такога неўтаймаванага дзеўчаняці ёсць свае страхі. Ён таксама прыклаў руку да стварэння турніка і цікавіўся, як распарадзіцца ім дваровая дзятва. – Глянь: ногі твае на вось гэтым узроўні, – адмераў на сабе рэбрам далоні, – а вочы тут, – прачарціў вышэй. – Канешне здаецца далёка!

Ліда паблажліва круціла галавой, ухапіўшыся за турнік аберуч, і бацька з хітраватым прыжмурам заходзіў з іншага боку:

– Ну й няхай, дрыжы на здароўе. Можа, і мне варта? Можа, няхай усе будаўнікі калоцяцца ад страху... каб не скончыць ніводны дом, дзе больш за два паверхі?

Ліда нястомна круціла галавой, не заўважыўшы змены акцэнтаў, і чорныя коскі з чырвонымі банцікамі матляліся з боку ў бок. Ніякіх тлумачэнняў яна не чула і чуць не хацела: у каменьчыках, якія хрупалі пад бацькоўскімі чаравікамі, ёй бачыліся дахі далёкіх будынкаў, малюпасенькіх на такой жудаснай адлегласці – пяцьсот трыльёнаў кіламетраў. І падаць у гэтую прорву... Ні за што! Замест таго – павіснуць на шыі ў бацькі і без турбот пераляцець на траву.

З цягам часу скарылася і ніжняя перакладзіна, і сярэдняя, і верхняя. І нават галіна каштана. Але спыняцца на гэтым Ліда не збіралася. У няпоўныя шаснаццаць гадоў яна зрабіла крок насустрач сапраўдным дахам – з плоскасці аэраклубаўскага У-2. Вось толькі дамовіцца з вышынёй праз скачок з парашутам – мала, мала... Для поўнага поспеху яе трэба падпарадкаваць сабе. Каб колькасць кіламетраў пад табою змянялася па тваім жаданні. Каб зямля паслухмяна ўсплывала над галавою, нібы зялёная столь, а неба распасціралася ўнізе акіянам без дна. Каб зноў і зноў адчуваць тое, што “зямным” недаступна...

І пераконвацца: вышыня – тое, чым дыхаеш, а не тое, чаго варта баяцца.

– Што плануеш рабіць? Калі па праўдзе – таго... выкінуць.

– Не думала. Не хачу думаць.

Нязвыкла: з усяго палка, па сутнасці, адзін Коля здольны зразумець яе кіданні. Загваздка не толькі ў тым,  а д к у л ь  вяртацца, але і ў тым  к у д ы.

– А што, калі папросішся назад у гэты твой полк? Дзе была.

– Ты ўсур’ёз? Туды варожы бамбардзіроўшчык раз на месяц залятаў. І то выпадкова.

– Ха, ну ўсё лепш, чым на “кукурузніку” паштовыя рэйсы наварочваць!

– Можа, пошту і навяжуць. А можа, сашлюць у які аэраклуб. У тыл. І буду я ганяць вучлётаў, як Глеб сваіх курсанцікаў... Ганяла калісь. Крыху. І не, не цямлю, чаму ён гэтую руціну так услаўляе. Кожны ліст ад падапечнага – лепш, чым ад якой каханкі. Дзівак чалавек! Біцца-біцца, вытрасаць дурасць, а потым яшчэ і перапіску цягнуць... Мама не ацаніла б.

Ліда раптам адштурхнулася і саскочыла з турніка. Зямля ўдарыла па пятках, пальцы рук ублыталіся ў траву.

– Ты куды гэта?

– А да кампалка.

– Ён жа не клікаў...

– Сама пайду, – Ліда планамерна прыводзіла сябе ў парадак: абцягнуць гімнасцёрку пад рамянём, слізгануць пальцамі па каўняры, насунуць пілотку... – Думае, чакаць буду, трэсціся. А чорта з два! Пайду і ўсё вырашу.

Коля мыкнуў штосьці з адценнем павагі. Калі ж Ліда падабрала планшэт (халера, паспела сцёгны адсядзець), прачнуўся.

– Стой, тут яшчэ... Ты раніцай так і не адказала. Ёсць у цябе план Б? Памятаеш – калі заспеюць на зямлі з адным ТТ. Як будзеш выкручвацца? Кулакі ў ход?

Ліды хмыкнула, і ён насупіўся:

– Я ж не з падтэкстам якім, проста для цікавасці. Прасвяці нас з хлопцамі: каму прызначаеш апошні патрон? Фашысту ці сабе?

– А ў мяне ёсць запасныя! – Ліда жэстам фокусніка прадэманстравала магазін. – Увогуле ж... Патроны, малодшы лейтэнант Волкаў, як і снарады, належыць выкарыстоўваць з розумам. Каб не давялося выбіраць апошнюю цэль!

Дзесьці на заднім плане сварліва загудзеў Круглы, і яна падабралася: вось і шанц!

– Усё, труба заве. З лёгкай парай, купальшчыкі!

І з усіх ног памчалася прэч, спрабуючы адвязацца ад думкі, што банальна збягае. Пару гадзін таму яна і не падумала б тачыць лясы з Колем! Прытым вось так. Занадта блізка, залішне няёмка...


***

Аказваецца, між гэтымі двума пунктамі – фанабэрыцца і дзейнічаць – патрэбна істотнае прамежкавае звяно. Па меншай меры калі за дзень ні разу не апыналася з камандзірам палка сам-насам.

– Таварыш падпалкоўнік!

Круглы, які цяжкавата крочыў па сцежцы ўздоўж стаянак, спыніўся і ўсім корпусам павярнуўся на голас.

– Ізноў ты... – буркнуў у вусы, акінуўшы Ліду мутным позіркам. – Думаеш, спраў іншых няма – толькі з табою валэндацца?

Яна аддыхвалася, а сама таропка падбірала інтанацыю. Так і не выбраўшы, па звычцы рынулася з месца ў кар’ер.

– Я прыйшла, каб канчаткова вызначыцца наконт... сябе. Майго знаходжання тут. Відавочна, маёй праблемнай асобе мала хто рады, а хутчэй зусім ніхто, проста не кожны мовіць услых. І... лічу гэта нагодай адкінуць... м-м... афіцыёз і выказаць агульную думку. Я тут як костка ў горле, як... трэцяе крыло ў “лавачкі”, ну і гэтак далей, але цярпець гэтае замоўчванне... Годзе!

Вось калі яна пашкадавала, што не адрэпеціравала. Сказы чапляліся адзін за другі і адцягвалі кудысьці на перыферыю, Круглы ж не імкнуўся ператварыць маналог у дыялог. Яго тужліва-чакальны выраз твару наводзіў на думку, што зараз ён паглядзіць на гадзіннік і абвесціць: “Даю пятнаццаць секунд, час пайшоў!” Адно было добра: сэрца ў Ліды пасля прабежкі спяшалася, гнала кроў па целе, і важнасць моманту не магла змусіць яго прапускаць удары. Таму вольна працаваў і язык.

– Карацей! – здалася яна. – Я хачу сказаць: калі я тут лішняя, не трэба рабіць з гэтага таямніцу. Хіба не сумленней даць падрыхтавацца?

Круглы стомлена, у два прыёмы развярнуўся і патэпаў далей, пакінуўшы Лідзе выбар – застацца на месцы або рушыць следам. Яна паазіралася, збітая з панталыку, і прыпусціла наўздагон. Ёй, па шчырасці, уяўляўся разбор палётаў на павышаных тонах, а то і яшчэ адна сварка. Падмахнуць жа яе пытанне на хаду...

– Я ўсчала гэтую размову, таму што не згодная! Вырашыць мой лёс між сабой, саслаць з палка невядома куды – і ні слова, ні...

– Саслаць... Папаўненне толкам не аблёталася, а заданні паступаюць. Хто зоймецца? Волкаў ваш? – незласліва падкалупнуў Круглы. Па яго хадзе, запаволенай і пагрузнелай, чыталася, што ён ахвотна прыладзіўся б дзесьці адпачыць. – Знішчальнікамі завяцеся... Прызямліцца не здольныя ўдзень пры ясным небе. А калі б воблачнасць, туман? А калі б сядалі пад абстрэлам?

Павучаючы, Круглы не забываў паглядаць управа-ўлева: ці не расслабіліся падначаленыя, ці парадак? Вычапіў нешта позіркам, гукнуў на ўсю моц лёгкіх:

– Гэй, а ну прыбраць чужынца са стаянкі! Хто там трэцца? Ты, ты, кудлаты! І няма чаго хавацца за спінамі!

Ён памкнуўся быў завярнуць да тэхнікаў, аднак Ліда адчайна заступіла яму дарогу.

– Я ж усё-ўсё чула, таварыш падпалкоўнік! Ведаю, што ў мяне выпрабавальны тэрмін, а рашэнне будзе прынята не сёння-заўтра. І калі я ўсё праваліла, перакрэсліла... то лепей сказаць гэта зараз!

Круглы паўзверх яе пляча ўзіраўся ў купку абслугі ля бліжэйшага самалёта, але ўрэшце махнуў рукой і пайшоў сабе далей. Лідзіна сканцэнтраванасць на справе кантраставала з безуважнасцю, якая накочвала на яго самога. Падобна, Ліда выбрала не той час, каб рассекчы пакутлівы вузел: камандзір палка аказаўся не гатовы да лёсавызначальных размоў.

– Ты б, дзеўка, хоць сачыла за тым, што вырабляеш, – уздыхнуў ён, мружачы вочы на паўднёвае сонца. – Мы і так праславіліся на ўсю дывізію: полк Ла-5 адхапіў лётчыцу! Кажуць, з такім набыткам не відаць нам гвардзейскага сцяга. Не думай, што прыкаціла, схавалася між хлопцамі... Не-е, плёткі паперадзе цябе лятуць! А ты, бачу, клапоцішся, каб малолі языкамі не пра выкрунтасы цуда-лётчыцы, а пра ейны труп... Эх, ну й пекла, а?

– Так адразу і труп! Што я, зусім бязрукая? – натапырылася Ліда. Яна скіроўвала ўсе сілы на тое, каб тупаць поруч, не пашыраючы крокі да звычайнай хады. – І каму я патрэбна? Адзіны мужчынскі полк згадзіўся мяне ўзяць, і з таго вось-вось выпруць!

– Усё роўна не дужа вытыркайся. А то, глядзі, карэспандэнты набягуць. Каб захаваць для гісторыі вобраз савецкага сокала ў жаночым увасабленні... Дзіўлюся, што дагэтуль ніхто не сунуў нос.

– Карэспандэнты?..

– А колькі ў цябе асабістых збітых? Адзін ёсць? І сюды ж – два групавыя. Фігура! – важна ўзняў палец Круглы. Ён збочыў да шэрагу рукамыйнікаў і зазірнуў пад адну з накрывак.

– Два? Групавыя? – Ліда фыркнула. – З боку таварыша маёра так высакародна было падарыць мне збіты! Маўляў, пырхае ж, пастрэльвае, часам нават трапна. Як баявы лётчык – “толькі з нацяжкай”, затое ў ролі камедыянткі... Ш-што?

У яе руках немаведама адкуль з’явілася фуражка, а Круглы з непакрытай галавой схіліўся да рукамыйніка. Вада лінула ў падстаўленыя далоні, гулка застукала па дне тазіка.

– Кхм... Чаму ж падарыць? Нядрэнны прыклад узаемадзеяння: адзін адцягвае ўвагу, другі б’е ўсіх, хто страціў пільнасць. А выпадкова ці наўмысна... Каму якая розніца, калі ёсць плён? – па-філасофску зазначыў ён і энергічна прайшоўся далонямі па твары, змываючы дзённы пыл. Было незразумела, жартуе ён ці кажа сур’ёзна.

Ліда адчула сябе падманутай. Як так? Яна ж уласнымі вушамі падслухала! І ці не сам Круглы хацеў ад яе пазбавіцца?

– Хвіліначку... Ні ў якія агітацыйныя гульні я ўвязвацца не збіралася. Тым больш каб з мяне рабілі нейкую... персону! – яна рашуча ўзмахнула фуражкай. – Таварыш падпалкоўнік, ды ўсё, чаго я дабіваюся, – проста лётаць. І не баяцца, што мяне выправадзяць за любы няверны чых!

– І вада нагрэлася, – са шкадаваннем паведаміў Круглы і адабраў свой галаўны ўбор. Кроплі паблісквалі на яго вусах, бровах, вейках – Ліда не да месца падумала, што камандзір палка быў бы не супраць падацца на рэчку па прыкладзе Колі. – А ведаеш... Можа, і выправадзім. Калі навічкі пакажуць сябе лепшымі! – у яго вачах, з якіх бясследна знікла спякотная мутнасць, запаліліся насмешлівыя іскрынкі. – Нашто напружваць жаночы пол, пакуль мужыкі спраўляюцца самі? Ці ёсць пярэчанні?

Ліда вагалася, шукаючы словы: яе збіваў гэты позірк, паяснелы і нечакана дапытлівы. Яна прывыкла ставіцца да Круглага з ільвінай доляй паблажлівасці, успрымаць як праставатага непразорлівага дзядзьку, у якога толькі два настроі – сярдзіты і дужа сярдзіты. Яму было амаль трыццаць тры – страшэнны старызна па мерках самога часу, у які прыняць кіраванне палком маглі равеснікі Ліды. Круглы паднімаўся ў неба яшчэ тады, калі яна вылоўлівала ў газетах артыкулы пра авіяцыйныя рэкорды, выпісвала трапныя цытаты і схематычна замалёўвала механізмы (сшытак хавала пад масніцай – падалей ад пільнага матчынага вока). Наіўна меркаваць, што пыхлівае дзяўчо акажацца хітрэйшым за стрэлянага вераб’я, які здабываў лётны вопыт у баях над Іспаніяй!

Ліда ачомалася, толькі калі Круглы без яе адмахаў па сцежцы метраў пяць.

– І што – усё? Міхал Канстанціныч!

– Чаго табе? – ён азірнуўся.

– А як жа... пакаранне? Зброю адабраць, на “губу” засадзіць. Ну, не ведаю... У прыбіральню пад канвоем!

Круглы залажыў вялікія пальцы за рамень, з напругай сцягнуты на яго каржакаватай постаці. Паназіраў у роздуме за парай Ла-5, якія зніжаліся з выпушчанымі шасі.

– А ты яшчэ не зразумела? Рыгор дык разумее выдатна! А ну, просценькі тэст на лётнае мысленне. Чаго дастаткова, каб на сценку палез хоць ас, хоць “жаўтароцік”?

Ліда сцяміла і застагнала, закрыўшы твар рукамі.

– Ага, бачу працу звілін! Пакаранне тваё даўным-даўно ў дзеянні. І наўрад ці ты прыскакала б разбірацца, калі б яно не ўплывала. Сноўдацца без справы – рэч такая, малапрыемная. Нічога, пасядзі, падумай, веданне матчасткі падцягні... Вунь, глядзі, як трэба! На тры кропачкі! – ён ухвальна кіўнуў у бок самалётаў, якія беглі па полі, крануўшыся яго ўсімі коламі адначасова. – Не тое што “казліць”, тэхніку даломліваць!

Ацаніўшы Лідзіны журботна абмяклыя плечы і позірк, утароплены ў пыл, Круглы падышоў-такі, каб не крычаць здалёк.

– Хочаш ці не, але знішчальнік жаночага полу – з’ява не такая частая, каб застацца ў цені, – сказаў ён амаль спачувальна. – Усё навідавоку, не стоішся. Ад сякой-такой адказнасці не збяжыш... Таму запомні, нястрымніца: твой асноўны абавязак – быць жывой і не падстаўляць полк. А з баявым прымяненнем як-небудзь ды разбяромся!


Рецензии