Раздзел 16. 20-12-2023
Цішыня, вось што ўражвае. Кожны раз як першы. Варта заглушыць матор, адкінуць ліхтар – і яна змыкаецца вакол кабіны, падкрэсленая металічным шчоўканнем адшпіленых замкоў і стукам ботаў па плоскасці. На аэрадроме цішыня ніколі не бывае поўнай, і ўсё ж пасля строкату вінта і бахання зенітных снарадаў хочацца замерці ў ёй, паўднёва-густой, і ўслухацца: тое ж рознагалосае перасвістванне птушак далятае з бярэзніку, з тым жа трапяткім шолахам пагойдваюцца ў кронах серабрыстыя лісцікі-манеткі.
– Што, брат, зарабілі мы табе яшчэ пару латак? – спагадліва спытаў Дубоўка, абмацваючы некалькі адтулін у левай плоскасці – ад асколкаў снарадаў. Але чым благі вынік? Раён разведаны, звесткі здабытыя, а ўсе пашкоджанні – трохі падзёртая абшыўка ды прыкушаная губа (сцепануўся, калі побач з Ла-5 успухлі воблачкі разрываў).
Згрузіўшы парашут на стабілізатар, пад сонечныя прамяні, Дубоўка паклаў тут жа планшэт з мапай, разбіраючы ў памяці ўбачанае, падлічанае. Ветрык прыемна абвяваў твар пасля духаты кабіны, а вочы, якія доўга ўглядаліся ў рэальныя элементы ландшафту, прывыкалі да адлюстраваных на паперы.
Наўрад ці гэтая цішыня надоўга. Недалёка той час, калі над лётным полем увесь дзень будуць гудзець маторы і галасы. Адна група сядае, другая ідзе на ўзлёт – замяніць папярэднюю там, куды зараз перасоўваюцца войскі і сцягваецца тэхніка. Замест абеду – шклянка вады, спешна ўлітая ў горла (ежа не лезе, аж моташна), замест птушыных спеваў – выгукі ўпараных тэхнароў, якія запраўляюць, узбройваюць, залатваюць, зноў і зноў, як на канвееры. Бо наперадзе новы вылет, пасля яшчэ адзін і яшчэ – пакуль не закаціцца за вершаліны сонечны дыск, абрынаючы ўзлётную паласу ў цемрадзь. А захад не згасне: зарыва будзе палаць і ноччу...
– Ой, нарэшце! – піскнуў дзявочы голас з боку суседняй стаянкі. – Чаго новенькага на нашай вуліцы? Хоць што раскажы, а то сяджу тут без нікога, як квактуха на яйках. Нават Віцька змыўся, нягоднік: дэталі выбівае... Ну Лі-ід!
Не адрываючыся ад мапы, Дубоўка зрабіў крок, за ім другі і краем вока вызірнуў з-за хваста “дваццаткі”: міма самалёта нумар сем, заваленага маскіровачнымі дрэўцамі, пратупала Ліда, паныла падвалакваючы ногі.
– Адбой на сёння. Я толькі ад Круглага, – буркнула яна і накінула рамень планшэта на бярозавы сучок. Такім рухам вясковец прыладзіў бы на цвіку аброць – да наступнага ранку.
Збройніца, падабраўшы ногі, сядзела на самалётных чахлах, яе галава са сцягнутымі ў вузельчыкі валасамі цікаўна паварочвалася за Лідай, як стрэлка компаса. Сцепаніда, здаецца... Так, Сцеша.
– І як?
– Ніяк. Загараць нам да канца дня ўпустую, – Ліда млява расціснула пальцы, раняючы пілотку на чахлы, пасля чаго цяжка ўпала следам.
Выйсці зараз, пакуль не завязалася размова? Незаўважаным па сцежцы не пройдзеш, давядзецца ўзняць маленькі пярэпалах. І лепей рана, чым позна. З другога боку, як не хочацца лезці на вочы, калі ўсё толькі ўлеглася! Але стаяць-вычэкваць недарэчна, ён жа не адзін. Вунь тэхнік Юрка з лаянкай шукае па хмызах сумку з інструментамі, механік жа, вышэйшы на дзве галавы, сутулаватым слупом цягаецца следам і вінавата пачухвае патыліцу. Хоць ты зрабі выгляд, быццам узіраешся ў планшэт...
– Загараць, кажаш? А што, я за! – з ходу захапілася Сцеша. – Як загадаеце надзяваць сукеначку, калі рукі вось дасюль бронзавыя, – чыркнула па запясці, – а вышэй – бледныя як смерць?
Ліда, прадказальна не падтрымаўшы размову, з намаганнем сцягнула адзін бот, за ім другі. Раскруціўшы анучы, сунула іх у халявы. Узялася расшпільваць каўнер гімнасцёркі... Дубоўка няёмка міргнуў і адступіў на крок, гатовы адвярнуцца, аднак Ліда абмежавалася трыма верхнімі гузікамі і кінулася жыватом на чахлы, тварам амаль у траву.
– Хаця ўвечары ж цёмна, загару не бачна, – працягвала разважаць Сцеша. – Вось бы сёння больш ніхто не вылецеў на “сямёрачцы”! Тады не трэба да ночы важдацца з пушкамі. А значыць – танцы! І сукенка.
– Сукенка плюс кірзачы – гэта гучыць моцна, – падчапіла яе Ліда.
– Ты проста ўласнай не маеш, Жучок-павучок, таму і дзумкаеш!
– Ага, зараз. Вельмі трэба!
– Між іншым, я магла б пазычыць! Калі б адна асоба пераключыла ў галаве тумблер з рэжыму “афіцэр” у рэжым “дзяўчына”. Галоўнае, не гэтым вечарам, а так я не супраць. У мяне ўсяго на памер больш!
Ліда пагойдвала босымі нагамі, вызваленымі ад цяжкіх ботаў, і з асалодай варушыла пальцамі. Па гэтых мірных ступнях, якія высоўваліся з калашын галіфэ, не сказаць было, што іх гаспадыня – такая заўзятая ахвотніца паспрачацца. Малыя, з тонкімі косткамі і ў ружовых слядах ад мазалёў. Хоць і падкрэслівае пры кожным выпадку сваю надзвычайную вайсковую дасведчанасць, яўна нестае ёй цярпення накруціць анучы як след...
Ліда падзьмула на сцяблінкі мятліцы, якія хісталіся перад яе тварам, і, падумаўшы, выдрала адну.
– Пеўнік ці курачка?
– Пеўнік? – з надзеяй страпянулася Сцеша, якая ўсё ж падкасвала рукавы, адкрываючы скуру сонцу.
Ліда з сілай правяла ўздоўж сцябла знізу ўверх, каб у пальцах засталася толькі мяцёлка з зярнятамі.
– Міма. Без хваста!
Сцеша расчаравана запыхкала.
– Вось так заўсёды. Майся адна, курыца! – паскардзілася яна. – Ды і адкуль пеўніку ўзяцца? Усіх нармальных даўно разабралі. Віцька – зануда, Ваську без розніцы, з кім гуляць. Коля Волкаў глядзіць паўзверх галавы, пакуль пра пушкі дакладваю...
– А бяры майго вядучага. Прыкалупвацца да мяне будзе менш.
Сцеша няўцямна лыпнула вачыма – ды як пырсне дробным смехам, што перасыпаўся, быццам пацеркі ў якой-небудзь дзявочай скрынцы.
Ліда падціснула пальцы на нагах і змрочна перадражніла:
– Ха-ха. Ахвоці як весела. Рагачу, калі хачу... Ды што з табой? Адказвай, ну! Ботам кіну!
Тая круціла галавой, усё не магла выгаварыць.
– Сказала дык сказала! – залівалася яна. – Ты яшчэ гэтага... Круглага... сасватай...
Ліда ўтаропілася ў Сцешу доўгім невытлумачальным позіркам, затрымаўшы нагу прыўзнятай. Урэшце выкінула мятлічку, уткнула твар у складзеныя рукі і прабурчала нешта, здалёк неразборліва.
Калі ён выйдзе цяпер... “А будзеш ведаць, як падслухоўваць!” – з нечаканай прыкрасцю аблаяў сябе Дубоўка.
Перадумаўшы звязвацца з галоўнай сцежкай, ён зладзеявата нырнуў пад бярозавыя галіны, у цень гаю. Прыгледзеўся, свіснуў маркотнаму механіку:
– Гэй, Пятрок! Ды вунь вашы інструменты, – і заспяшаўся прэч, і спінай сустрэў радасны выгук:
– Дзякуй вам, таварыш камандзір!
Быў яшчэ кружны шлях – праз гай, дзе між ствалоў вілася ледзь намечаная сцежачка. Крапіва цягнула да ботаў зубчастыя далоні, бярозы нізка схілялі галіны-косы і легкадумна шапталіся, замінаючы сабрацца з думкамі. А думкі было б нядрэнна ператварыць у звязны даклад, перш чым аб’явіцца на камандным пункце...
Прайшоўся, называецца, з разведкай!
Стрэчная бярозавая галінка сцебанула твар, нездаволена драпнула скулу. Дубоўка адвёў яе, уберагаючы вочы, ды і спыніўся пасярод гаю, дзе гучней і званчэй чуліся птушыныя галасы. Берасцянка раз за разам пачынала сваю працяглую трэль, але яе перарывала чужое ціўканне і яна змаўкала на сярэдзіне. Выкрадвала момант, спрабавала зноў – і не даводзіла да канца, і шапацелі крылы, выдаючы, што яна пералятае на суседняе дрэва.
Галінка, якую ўтрымлівалі няшчыльна, свавольна гайдалася на ветрыку, кранала твар. Пад ціхамірны пяшчотны шолах Дубоўка прыплюшчыў вочы; мерна пульсавала прыкушаная губа, дзе з унутранага боку напух рубец. А лістота, як бы набраўшыся смеласці, слізганула па шчацэ, носе, асцярожна заказытала апушчаныя павекі. Быццам чуйныя пальцы выпрабоўвалі: ці існуе тое недазволенае, за што іх адштурхнуць?
Дрэва знаёмае – з характэрным зазубраным сучком замест абламанай галіны. Калі ён стаяў тут у мінулы раз, сцяжыны яшчэ не было, а вось птушкі гэтак жа гаманілі ў вершалінах бяроз... Хаця не. Не гэтак. Тады скрозь голыя кроны натхнёна падміргвала сінь, скарыстаўшыся тым, што яны не паспелі захутацца ў буйную зеляніну. І менавіта гэтым натхненнем, бессмяротным, як неба, і незабыўным, як вясна, звінелі галасы птушак, што віталі красавік.
***
Дубоўка крочыць бярэзнікам па тым жа маршруце, на які праз два месяцы паверне цішком, каб абмінуць стаянкі. Пакуль што стаянак, па сутнасці, няма, самалёты толькі выстраены на ўскрайку поля, дастаткова роўнага, каб служыць неблагой натуральнай узлёткай. Шкада, немагчыма працаваць з яе цяпер: па такой макрэчы месца для разбегу хопіць хіба для “кукурузніка”. Ну ды нічога! Калі гэткае ж сонечнае надвор’е пратрымаецца хоць некалькі дзён, будучая паласа падсохне і эскадрылля зможа аблётаць новы раён.
Яшчэ б утрымаць людзей было настолькі ж лёгка, як расставіць самалёты па стаянках. Некалькі дзён – гэта шмат, а калі дні гэтыя не запоўнены працай, людзі разбрыдаюцца хто куды. Пераступаючы цераз лужыны, блукаюць па залітым сонцам гаі, звонка перагукваюцца наперабой з птушкамі... А тыя, ап’янелыя вясной, шчабечуць сабе ў вышыні і перапырхваюць з дрэва на дрэва, выглядаючы зручныя галінкі для гнёздаў. Што адны, што другія, далібог!
Вунь ідуць насустрач двое, ён ды яна. Калі глядзець на ўмоўнасці праз пальцы, няма ў палку лепшай пары. Як з карцінкі. Фуражка ў яго брава ссунута набакір, касы сажань у плячах, у скураную куртку захінуў дзяўчыну, замяніўшы прызначаную ёй непрыглядную ватоўку. У адной гімнасцёрцы халаднавата, затое ордэны ўрэшце нясціпла зіхацяць на сонцы. Металічны бляск ордэнаў, гарэзны бляск вачэй... Ім шмат што прабачаецца, гэтым вачам. Ці за майстэрства, ці за лётчыцкую зухаватасць, ці за прыродную ўдачлівасць, якая сябруе нават з лікам трынаццаць.
З-пад чорных кучараў і чорных жа броваў, густых і шырокіх, як шчотачкі, вызірае насмешлівая сінь, і не дзіўна ёй паразумецца са смелай зеленню вачэй дзявочых, што адцяняюць свежую красавіцкую траўку. Не важна, што расплялася на канцы цёмна-русая каса, якая мудрагелістым “каласком” перасякае галаву і збягае на грудзі. Такім дзяўчатам да твару і лёгкая неахайнасць у прычосцы, і вайсковая гімнасцёрка, і спаднічка афіцыянткі... Гнуткія, танклявыя, яны нібы для таго і створаны, каб іх нязмушана абдымалі за плечы, прытым што рука гатовая саслізнуць на талію.
Андрэй Караткоў бесклапотна ківае, абмінаючы Дубоўку, дзяўчына ж выблісквае жывым загадкавым позіркам, быццам ёй вядома нешта, чаго не ведае ніхто. Дубоўка слізгае позіркам па няскончаным вянку з дзьмухаўцоў у яе руцэ, і на вочы яму трапляецца рамень, якім ладна перацягнута яе постаць. Рамень чамусьці камандзірскі, з зоркай на спражцы, хаця перад раздачай абеду афіцыянтка Апалінарыя – ці па-простаму Поля – завязвала фартушок паўзверх звычайнага.
Дубоўка прыпыняецца і хавае рукі ў кішэні ўласнай скуранкі.
– А ну, рабяткі, кру-угом! – з уздыхам камандуе ён і сам паварочваецца да гэтых дваіх. – Палінка, дазволіш скрасці твайго кавалера? Хвілін на пяць, не больш.
– Ну Рыгор Мікалаіч! – абаяльна-бойка пярэчыць яна. Пальцы яе разбіраюць касу на пасмы, і валасы цьмяна залацяцца на форменным сукне. Каб быць харошанькай, ёй дастаткова проста быць.
– На чатыры хвіліны і пяцьдзясят секунд.
– Засякаю! – смяецца Поля. І тут жа кліча ўбок: – Гэй, Сіма, стой! Можна я папрашу цябе?..
Пераскочыўшы адну за адной ямкі, у якіх стаіць вада, яна подбегам наганяе каляжанку па кухні – з велічнай паставай, з пышным вузлом валасоў. Караткоў і Дубоўка праводзяць дзяўчыну позіркам і бачаць, як паўзверх курткі расплятаецца каса.
– І даўно Поля прызначана маім намеснікам?
– У сэнсе? – Караткоў неўразумела паварочвае галаву.
– А з ёй нехта абмяняўся формай. Часткова. Хто, не ведаеш? – Дубоўка падчэплівае на таварышы салдацкі рамень.
Той, крэкнуўшы, прызнае:
– Памылачка выйшла. Не прыкмеціў, бывае...
– Бывае, вядома. Ну хоць гімнасцёркі не пераблыталі, – сухавата кажа Дубоўка.
– Ого, а ты нібы жартуеш? Добры знак! Эх, вясна – такая штука... Нават бярозкі прыбраліся! – аматар любоўных авантур пстрыкае пазногцем па каташку на галінцы.
– Вясна ў яго! Дзе твая зброя, малойчык? Пад арышт ахвота загрымець?
Караткоў машынальна хапаецца за рамень, але кабуру не знаходзіць. Згадвае: чужы.
– От жа трасца...
– Андрэй, я прашу цябе. Як чалавека прашу. Трэба табе шашні разводзіць – разводзь, справа асабістая. Але, даруй, не на вачах жа ўсяго палка! Нам папаўненне абяцалі... Колькі можна цягнуць поўную нагрузку ўшасцярых? Моладзь адвучыцца, прыедзе... І што ўбачыць? Хочаш, каб пацаны васямнаццацігадовыя выдумалі, што ім тут усё дазволена?
Караткоў кеміць, што размова будзе працяглая, і з тужлівым цоканнем накідвае фуражку на абломак бярозавай галіны. Мацае па кішэнях у пошуках папярос, жэстам прапануе камандзіру, але той робіць стрыманы адмоўны рух галавой.
– Ну і я не буду. Правільна! – імгненна згаджаецца Караткоў і апускае папяросы назад у кішэню. Удыхае на поўныя грудзі, быццам збіраецца ўвабраць у сябе ўвесь лес. – Што за паветра! Не надыхацца. Цэлы год адну вясну і чакаеш. А яна спачатку не спяшаецца наставаць, потым жа не прыкмеціш, як перацякае ў лета. Якая вераломнасць!
– Бачу, недалёка ты адышоў па асабістых якасцях. Настраляў сабе іканастас і давай хвастом круціць... – Дубоўка непрыязна зірнуў на больш чым важкі набор яго ўзнагарод.
– Не блытай прычыну з вынікам, як казаў мой дзядзька, калі ў трыццаць сёмым яго ледзь не зацапалі за неіснуючыя вершыкі пра волю і гуманізм. Будучыя, як высветлілася... Ты, камандзір, стрэлы амура з мяне выдзіраць не спяшайся, нават мой “чортаў тузін” не пераймаецца рэўнасцю. Наогул калі сам збіраешся падставіцца? Героям патрэбны надзейны тыл!
Караткоў бесцырымонна, на правах старога напарніка працягвае руку і адгінае Дубоўкаву куртку: на гімнасцёрцы зверху прышпілена “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза. Новая, святочна-бліскучая, аж ніякавата.
– Які там тыл... Адно найменне, – Дубоўка, тузануўшы плячом, прыкрывае медаль курткай. – Тыл адступіў хутчэй за перадавую.
Выразныя бровы Караткова смяшліва ўздрыгваюць.
– Опа! На свет божы выплываюць новыя падрабязнасці. А я ж, доўбень, так і не разнюхаў! Няўжо жанаты?
– Ну, быў... Ды ўсё як ва ўсіх, чаго разнюхваць? – Дубоўка моршчыцца і зашморгвае “маланку” даверху, як ад холаду.
Няпэўна паківаўшы, Караткоў прыхіляецца спінай да бярозы. Не адрывае хітраватага вывучальнага позірку, аднак лезці не лезе.
– Вось і ладненька! – міралюбіва заключае ён. – Бывае важна своечасова ператварыць марафонскую дыстанцыю ў спрынтарскую. Адолеў ды забыўся – правільна выводжу?.. Гэй, глянь, якая птаха! У каранях корпаецца. Берасцянка, не?
І праўда, варушыцца ля бела-чорнага ствала яркая пляма: птушка з прыкметнай аранжавай грудкай падчэплівае нешта дзюбай, кідае, пераскоквае далей. Падазрона косіць на людзей адным вокам і зноў зарываецца ў леташняе лісце – у няўтульнай цішыні чутно, як шапацяць пад лапкамі сухія пруцікі. Чутно і тое, як дзесьці на будучай узлётнай паласе пад мацюкі натужліва тарахціць трактар: сам захрас у веснавой гразі. А з узлеску ветрык паслухмяна даносіць галасы.
– Нязручная мне трапілася стаянка! Хто за тое, каб махнуцца? Цур вось гэтая – за мной! А табе ды Глебу ву-унь там у самы раз. Да сталоў блізка, ён ацэніць! Перагнаць бы “сямёрачку” як хутчэй...
– Гэта ты здорава абмеркавала. Сама з сабой. А ну як прыляціць ён – і па шыі?
– Дык ты плануеш таптацца ўбаку, пакуль з мяне будуць вытрасаць свавольства? Хаця не важна! Я і адзін на адзін гатовая сысціся, навык не прап’еш...
Гэта дзеляць стаянкі Ліда і Слаўка. Сашы не чуваць, але, канешне, і ён з імі. Уся эскадрылля ў зборы – акрамя Глеба, які вось-вось павінен вярнуцца з дывізіі. Не ўседзеў, напрасіўся ляцець на У-2 разам з камандзірам палка...
Наколькі гэта спакайней – разбірацца з працай. Хоць і патрабуе яна празмерных высілкаў. А ўсё бытавое, пабочнае выбівае з-пад ног цвёрды грунт і прымушае адчуваць сябе недалэгам-паляўнічым на балотнай купіне. Памылковы крок – і правалішся ў багну разам з бескарыснай стрэльбай.
Кажаш, лепей па-спрынтарску? Адсекчы з ходу і зберагчы нервы для сапраўдных доўгіх дыстанцый...
– Якраз хутка і атрымалася. Тады, у чэрвені. У нядзелю, дваццаць другога... Атрымаў накіраванне ў часць, зайшоў дадому сабраць рэчы. Чамаданчык мой ужо дасталі, працерлі. Бялізна толькі з-пад праса...
Аказваецца, загаварыць нескладана. Голас роўны, амаль нават абыякавы, толькі што адрывісты. Цяжэй скарыць позірк, які адмаўляецца ўзняцца вышэй за сарамлівую шчацінку зелянюткай травы, якая прабілася насустрач ласцы сонца.
– Прыйшла з кухні. Рукі ў муцэ. Сказала, з’язджае да маці ў Талачын. Заўтра. Назусім. Яна так не можа – яшчэ ў саракавым гаварыла. І ў трыццаць дзявятым. Гэтая вайна – перабор. Ключы пакіне на тумбачцы пад сурвэткай, дзверы захлопне. Шыбы заклеіла паперай крыж-накрыж, калі раптам бамбардзіроўкі. З чамаданчыкам акуратней, бо замок заядае. Згатуюцца піражкі – дасць з сабой. А жыць ад вайны да вайны...
Дубоўка перарываецца і заплюшчвае вочы.
– І вось я думаю... Думаю амаль два гады. Можа, трэ было папрасіць, каб схавала ў шуфлядку? Я пра ключы. Яны ж і дагэтуль, мабыць, ляжаць на той тумбачцы. Пад сурвэткай. Пад слоем пылу. А сурвэтка карункавая, і яны, значыць, таксама ў пыле. І ніхто не пратрэ, каб пакласці ў кішэню... Або няма больш ніякіх ключоў і ніякай тумбачкі? А замест дома – разварочаная каробка з рэшткамі ячэек-кватэр?
Апошні сказ ён прагаворвае пад бестурботны плёскат вады. Гэта берасцянка нырае з галавой у лужынку і дзелавіта трасе крыльцамі, рассыпаючы кроплі.
Караткоў красамоўна адкашліваецца ў кулак.
– Выходзіць, вы з маім Гнядашыкам можаце спаборнічаць. У тым, хто каго перамаўчыць!
Ён адштурхоўваецца ад ствала і адыходзіць на пару крокаў, размінаючы адной далонню другую. Быццам змагаецца з памкненнем учыніць фізічна адчувальную вымову – ці невядомай жанчыне, ці камандзіру. Спыняецца на краі асабліва глыбокай яміны і, штосьці прыкідваючы, углядаецца ў блакітную роўнядзь вады з адлюстраваннем неба і дрэвавых крон.
– Мы з табой, між іншым, колькі лётаем разам? Год будзе? – пытаецца як бы мімаходам.
– Лічы, так. Перавялі цябе ў сакавіку, і калі не браць тое раненне... – Дубоўка аўтаматычна кранае перадплечча, хаця ведае, што праз скуранку шво не намацаць.
– Вось. Больш за год. І я ж упэўніўся: вока ў цябе намётанае як ні ў каго. На людзей. Іначай ты б зараз на гэтым месцы, – ківае на траву, – не стаяў. Трухлеў бы дзесьці ў зямлі з самалётам на пару, даверыўшы спіну нявартаму чалавеку... Але ж не: у кожнага зазірнуў, кожнага зразумеў. Абавязкі ва ўсіх – па здольнасцях. Любая расстаноўка – у кропачку!
Ён прыкра ўскалмачвае сваю шавялюру, а потым рашуча насоўваецца і аберуч хапае Дубоўку за плечы. Птушка, спуджаная рэзкім рухам, узлятае і абдае іх пырскамі.
– То растлумач мне, скрытняга, растлумач папулярна! Калі ўсіх нас ты бачыш наскрозь, дык якога чорта, якога д’ябла сутнасць нейкай цытры паддалася толькі... пасля?
– А ты чакаў бы? На яе месцы, – Дубоўка спакойна выцірае з ілба кроплі. – Урэшце, Халхін-Гол, фінская. Ды цяпер вось...
Караткоў на крок адступае і з пагражальным хрустам распроствае плечы, якім цесна ў форме.
– Я лічу за лепшае застацца на сваім месцы і пры сваіх поглядах. І табе раю таго ж! – у іншых абставінах было б недарэчна западозрыць між гэтымі бровамі напружаную зморшчыну. – А разменьвацца на ўсіх, без каго было б свяжэй паветра...
– Горш за ўсё неразуменне. Няздольнасць зразумець. Або нежаданне... – па няпэўнай інтанацыі складана ўгадаць, каму прызначана рэпліка. – Але т а м цяпер не лягчэй. Не, не лягчэй.
Поля, прысеўшы на пянёк, пераплятае далей дзьмухаўцы і весела шчабеча нешта, пакуль сяброўка з прыязнай усмешкай майструе з яе валасоў новую прычоску. А з-пад лётнай курткі, накінутай на Поліны плечы, крадком выглядвае кабура.
Падаецца, хтосьці з самага пачатку ведаў пра рамень, але дзеля смеху не стаў гаварыць.
Калі ж гэтая шараговая прачуханка паспела ператварыцца ў няпростую размову па душах? Яшчэ і засяроджаную на ім самім...
– Цябе чакаюць, Андрэй. Тупай, я абяцаў.
Не кранаючыся з месца, Караткоў узіраецца ў яго з непадробленай цікавасцю. Рысы мякчэюць, згладжваюцца, у нахіл броваў вяртаецца хітрынка.
– Ух, ды як у цябе выходзіць? Гляджу і не цямлю...
– Што выходзіць?
– Зусім не ўсміхацца. Столькі захоўваць сур’ёзнасць і не вар’яцець! Я спрабаваў. Не, па праўдзе: на цэлы дзень сябе пераламіў – ніводнага жарціка! – (Тут нават у Дубоўкі неадольна паўзуць уверх куточкі вуснаў.) – Памятаеш, вы тады чапіліся з роспытамі: ці то ліст не той прыляцеў, ці то яснавяльможная панна Апалінарыя байкатуе?
– Ну-ну, было...
– Дык ранкам яшчэ нічога, трымаўся. Пад вечар жа зрабілася мне да таго пагана – хоць пішы развітальную запіску і дзіраўся куляй. А ўсміхацца я забараніў сабе на дзень. Дзень!
– Калі ўзяць характар і памножыць на тэмперамент...
– Прычым тут!.. Як табе растлумачыць? Нельга нам, знішчальнікам, быць у напружанні. Дрэнна для здароўя. Для псіхікі!
– А ты лічыш, я ў напружанні.
– Няма ўсмешкі – няма расслаблення! А куды без яго? Колькі наваюем, калі не будзе разрадкі? Матор і той не вытрымлівае – а чалавек наўючвае на сябе цяжар, як на вярблюда, пакуль не ўкапаецца ў пясок па калена. Так, так, і няма чаго жмурыцца з гэткім скепсісам! – Караткоў натхнёны тым, што ўхітрыўся выклікаць з нябыту такую рэдкасць, як усмешка, таму спяшаецца пусціць у ход усе рэзервы вобразнасці. – Трываласць – рэч усё-ткі не бязмежная, каб яе выпрабоўваць. У гэты мех не ўціснуцца ўсе бядоты сусвету! Папросту неразумна навальваць яшчэ і яшчэ, калі ранейшае змесціва нікуды не дзяецца. Перапаўняешся стомай, раздзімаешся, як паветраны шарык... А потым – бах! – растапырвае пальцы ў маляўнічым выбуху.
– Ведаю я аднаго шалахвоста, якому расслабляцца супрацьпаказана. Пакінеш без нагляду на паўдня – усё, прапаў чалавек! Затое працаваць – толькі на разрыў, з максімальнай аддачай, каб потым засынаць ідучы...
– Усё так, але з паправачкай. Сачы за думкай: гаручае ёсць – самалёт ляціць. Гаручага няма – рыхтуй парашут, калі паспееш. Так і ў людзей! Якое там “на разрыў”, якая аддача, калі няма адкуль сілы чэрпаць?.. Эх, перавыхоўваць цябе трэба! Каму, як не мне? – Караткоў дакорліва круціць галавой. – Зросся ты з прозвішчам, вось і сябе змрочным дубам прымроіў. “Да, здесь, в этом лесу, был этот дуб, с которым мы были согласны...”** Ну і далей па тэксце. Але не дуб ты, браце. Ты каштан! Ёсць такія каштаны, з хворай кронай – можа, бачыў калі? Лістота жаўцее, сохне, скручваецца, нібы на яе заўчасна восень дыхнула. А самі – знарок, насуперак! – у майскай квецені да макаўкі, вясну напоўніцу святкуюць...
Дубоўка раптам ловіць сябе на тым, што цягнецца да скроні, якую пазбавіла колеру сівізна. Схамянуўшыся, папраўляе фуражку, нібы для таго і ўзняў руку.
Караткоў падміргвае:
– Во-во, і я пра тое! Квітней давай, Мікалаіч! Пыл з сябе абмахні і квітней. А то, глядзі, разбяруць дзяўчатак-та, пакуль разважаць будзеш. Я ж і камандзіру не саступлю, не мой почырк!
Сарваўшы з абломка галіны ўласны галаўны ўбор, ён вачыма пытаецца з дабрадушнай пакорай: дык я іду, так? Ці загладзіў правіну?.. Дубоўка нахіляе галаву, і той знімаецца з месца, папярэдне цвёрдым рухам узяўшы “пад казырок”. Не зразумець, жартаўліва або лагодна-выбачліва.
Бываюць жа такія людзі – пастаіш побач, і заўсёдная сканцэнтраванасць аслабіць тугія змяіныя кольцы. І стане ясна: вакол куды больш паветра, чым уяўляў ты цягам жыцця. Усё яно тваё, толькі дыхай. Адпусці думкі, і яны гуляючы пераляцяць загароды, узведзеныя розумам. Вольнага паветра ў цябе – на дзясятак жыццяў, далягляд няблізка, а красавік доўжыцца столькі, колькі адгукаешся на яго фарбы, пахі і зыкі.
– А дурыць не планую, адкінь турботы! – бадзёра абвяшчае здалёк Караткоў. За локаць яго надзейна падхоплівае Поля – вакол галавы каса, заплеценая “каронай”. – Ну, прынамсі навідавоку...
Поля хуткім гарэзным жэстам сцягвае з яго фуражку і надзявае на сябе, а на яго накідвае скончаны вянок.
***
Чэрвеньскі Дубоўка расціснуў пальцы, вызваляючы бярозавую галіну, але яна не адхіснулася – мякка легла на плячо, зашамацела аб выцертае сукно гімнасцёркі. Ён зірнуў уздоўж галіны, вышэй і вышэй – туды, дзе лапік неба свяціўся блакітам між бяроз. Унізе лёгкі прыцемак, а вершаліны аблітыя сонцам. І недзе там, у трапяткой лістоце, заліваецца берасцянка...
Калі яны з Зелянкоўскім са спакойным сумленнем зачынілі за сабой дзверы каманднага пункта, Дубоўка памарудзіў на прыступках, безуважна патузваючы каўнер.
– Мацейка, справа ёсць. Трэба мне адысці ненадоўга... Дык мо прыкрыеш? Ну, калі раптам...
Той усміхнуўся:
– Прыкрываў жа толькі што, і прыстойна, мабыць. Скаргаў не паступіла!
– Таму і прашу: пабудзь за мяне, а?
– Без праблем. А што так?
– Ды... на склад трэба зайсці. Потым раскажу.
Свидетельство о публикации №223052201426