Раздзел 17. 01-12-2024

...у якім русалкі няблага разбіраюцца ў тэхніцы



Сонца біла па апушчаных павеках, аблівала твар густой душнай гарачынёй. Па босых нагах, наадварот, казытліва прабягала прахалода: на самалётным чахле, дзе расцягнулася ва ўвесь рост Ліда, яны не змясціліся, давялося высунуць у траву. Вэрхал думак урэшце суняўся, у галаве запанавала спакойная і нечакана прыемная пустэча, а ўздоўж выпрастанага пазваночніка пралягла расслабленасць. Хіба нязвыкла было, што рамень не цісне (надзейна так, па-баявому), але па вялікім рахунку – някепска і без яго. Хм...

Толькі Сцеша гэтая ніяк не ўціхне. Шпількі са сваіх дурнаватых вузельчыкаў павымала, валасы распусціла і давай вадзіць грэбенем. Водзіць размерана ды мурлыкае штосьці: ці то “Амурскія хвалі”, ці то “Стомленае сонца” – Ліда ленавалася разбіраць. Ды й падчас такога бескарыснага прадпрыемства – танцаў – яе больш цікавіла, як расцягнуць жменю семак на ўвесь вечар. Або як зменіцца выраз твару Сцешы, пасля таго як ёй разоў пяць наступяць на нагу...

То бок валачы на белы танец няўклюду Віцьку – у самы раз?

– Лі-ід!

Цьфу, на чорта было кранаць яе думкамі? Тут жа голас падала!

– Чаго табе зноў? Толькі хутка.

Зашамацеў чахол – Сцеша борздзенька падсела бліжэй. Не трэба расплюшчваць вочы, і так уявіш, як гайданулася каштанавая грыва і сцякла па плячах, закрыўшы тэхнічны камбінезон.

– Лід, слухай... Тут вось казалі – ты раней у жаночым авіяпалку лётала. Праўда гэта? Ці брэшуць?

– Угу, мела шчасцейка... Адсунься ты, святло загарадзіла! – Ліда нездаволена варухнулася ў цені.

Сцеша паслухмяна ўгнула галаву, але не адступілася:

– І што, хіба зусім-зусім жаночы? Я хачу сказаць... Без нагляду вам не дазволілі б, так? Трэба ж камусьці... ну, эскадрыллямі камандаваць ці...

– Пры мне і палком кіравалі.

– Ого! Мо і тэхнікі скрозь дзяўчаты? – дапытвалася Сцеша. Дакладна штосьці задумала.

– Тэхнікі, механікі, прыбарысты, укладчыкі парашутаў... – манатонна пералічвала Ліда, і чароўная расслабленасць з кожным словам рабілася ўсё больш прывіднай. – Прынамсі год таму, а як яно цяпер... – Расплюшчыла адно вока, скасіла на Сцешу: – Збройнікі таксама.

– То ясна! – аж пакрыўдзілася яна. Паёрзала, узялася складваць шпількі ў акуратную купку. – Я проста думаю: вось бы дзе перасталі да мяне чапляцца! Бо мужыкі гэтыя – што яны цямяць? Як ім давядзеш, чаго дзяўчыне трэба для нармальнага жыцця?

Вочы ў Ліды расплюшчыліся зусім, яна ад сонца нават захінулася. Што гэта Сцешу панесла? А тая выстрэльвала слова за словам:

– Красуня, хоць да шлюбу: пад гімнасцёркай – мужчынская кашуля, пад штанамі – кальсоны, а на салодкае – боты як з мядзведжай лапы. Пудзіла, сярэдні род! Добра хоць спадніцу ўвялі, але гэта фу – казёншчына! І калі яе надзяваць, раз вечна ў гэны камбінезон улазіш ды ў масле з галавы да ног?

Рыўком сеўшы, Ліда рашуча ўскудлаціла валасы і ўтаропілася ў Сцешу, як куніца ў неасцярожную вавёрку.

– Гэта ты, значыць, выглядваеш сабе мястэчка, дзе ганяць не будуць? І дзе ні масла, ні камбінезона... А?

– Ну чаму? Усё я разумею... Праца збройніцкая на ўвесь фронт адна, і не будзеш жа ў спадніцы зараджаць, – залапатала тая. – Але ведаеш, сярод дзяўчат неяк па-свойску было б. Заўсёды згаворышся!

– А, накшталт: трапіла да такіх, як сама, і можна не напружвацца. Ага, кішэнь падстаўляй! Дысцыпліна ў палку – толькі трымайся. Ты тут во страляеш вочкамі, падміргваеш таму-гэтаму... А пад крыльцам у лётчыц – ні-ні! Стрыжкі ва ўсіх пад хлопца, вайсковая форма па статуце... Зрэшты, тады мне валасы і адчыкалі. Яшчэ калі мы на вучобу прыехалі ў сорак першым.

– Ад... чыкалі? – з дрыжыкамі ў голасе перапытала Сцеша.

– Не мне ж адной. Усім! – Ліда прыкра сажмурылася – успомніла, што вузельчыкі, падобныя да Сцешыных, насіла тады сама. Неба ў сведкі: яна не збіралася адстойваць гонар палка, з якога фактычна драпанула, аднак Сцеша са сваімі дзявочымі, разумееце, патрэбамі амаль дабівалася таго, каб яе паставілі на месца. – А ты, выходзіць, лічыш: павінны былі франціць пры поўным парадзе? Абцасікі там, завіўка, вусны паярчэй? Вайско-о-овец!

Сцеша паспела вярнуць сабе ўпэўненасць:

– Чаго адразу завіўка? Любіш жа ты ўсё перакруціць! У мяне і без таго завіваюцца...

– А вучыліся як? – напірала Ліда. – Каманда “Пад’ём!” зацемна, заняткі па дванаццаць гадзін на дзень, страявая падрыхтоўка... Палёты ў мароз, пакуль твар не заінее...

– Стро-ога, – Сцеша, затужыўшы, абняла калені. Не іначай, згадвала ранішняе дасыпанне ў хмызах. Прайшлася па Лідзе недаверлівым позіркам, падазрона спытала: – А ты не таго... не выдумляеш? Задужа крутыя парадкі – для жаночай-та часці.

Яна здзекуецца?! Ды каб дабіцца залічэння ў адзіны жаночы знішчальны полк, трэ было быць або агульнавядомай рэкардсменкай, або фантастычнай шчасліўкай. І будзь у Ліды хоць трошачкі меней упартасці, запхнулі б яе ў шэрагі бамбардзіроўшчыкаў – на гаргару “пешку” ці фанерную стракозку У-2. А цяпер, калі перашкоды яна адолела, асвоіла найноўшы знішчальнік, апынулася ў складзе мужчынскага авіяпалка... Цяпер яна змушана валяцца ля самалёта і выслухваць балбатню пустагаловай збройніцы!

– Ды што ты прывязалася?! Не верыш – не пытайся, от праблема! Усё адно не па табе апратка. Расселася тут на сонейку ды кудлы свае русалчыны чэша! Сама, нябось, не далася б, каб састрыглі, а туды ж – парадкі ёй крутыя! Распусціла Дуня косы... Лепш бы пушкі праверыла, чымся лухтой займацца!

Сцеша ўздрыгнула, быццам ёй заляпілі поўху. Хацела штосьці сказаць, але прыкусіла губу і адвярнулася – валасы хіснуліся хваляй. Апусціўшы галаву, пачала неслухмянымі пальцамі выблытваць з грэбеня каўтуны. Павяла плячом, схілілася ніжэй.

Ліда сярдзіта звяла бровы. Ат, зняважаная! Хіба прагучала хоць паўслова няпраўды?

– Толькі не раві, не люблю! На мяне не дзейнічае, ты цудоўна ведаеш!

Сцеша шморгнула носам, шумна задыхала праз рот.

– А ты – т-ты ведаеш, што я... што мне прыйшлося... Р-русалка, трэба ж! – яна нязграбным рухам адкінула з твару валасы – здаецца, і шчаку выцерці паспела. – Перш чым казаць такое, Лід... пабачыць трэ было для пачатку!

– Што пабачыць? Гавары толкам!

– А, чаго ты цяміш? Ніколі ў цябе не было валасоў як у мяне! І не будзе! І ў мяне не будзе!

– А гэта, прабачце, што? – Ліда ўзмахнула рукой, быццам Сцеша магла заўважыць.

– Тое, што засталося! – Сцеша рэзка выцерла другую шчаку. – Ты за ўсё жыццё такой касы не сустракала! Вакол пояса можна было абкруціць і на вузел завязаць. Па вуліцы ідзеш – пад каленкамі казыча. На зэдлік сядзеш – кладзецца на падлогу...

Ліда ўявіла даўжыню і стрымана прысвіснула. І ахвота важдацца?

Угадаўшы яе думкі, Сцеша злосна кінула:

– А дзе іх тут мыць, валасы гэтыя? Калі сушыць? І скручваць вечна, каб пад рукі не лезлі...

– Ты давай спакайней, а то Круглы прыкоціцца з КП. Адкуль мне было ведаць? – Ліда змрочна глядзела ўбок. Чаму з дзяўчатамі так складана? – Я вось чаго не разумею, – яна рашуча пляснула сябе кулаком па далоні. – Якой халеры ты ўвогуле тут робіш? Сядзела б дома, валасамі сваімі абклаўшыся, як у гняздзечку, і ўсім хораша!

Сцеша так і развярнулася: расчырванелая, заплаканая, блакітныя вочкі блішчаць...

– Дома? Я – дома? Ды ў мяне палова сваякоў служыць! Сям’я якая: адзін брат, чатыры сястры – усе старэйшыя, усе жанатыя-замужам! І колькі пайшло! А я што ж, малая-дурная? Рукі ў мяне не працуюць? Вінегрэт замест мазгоў? Я, калі хочаш ведаць, авіяпушку з завязанымі вачыма сабраць магу – трэцяй была, як вывучалі!

– Веру-веру, – Ліда старанна паліравала рукавом спражку рамяня, якая і без таго ззяйка адблісквала на сонцы. – Значыць, цябе ледзь не блаславілі – каці на здароўе? Пф-ф, а вось мая мама супраць была. І яшчэ як!

– Параўнала, канешне! Дзе збройніца, а дзе знішчальнік? – абурылася Сцеша. Хмурна падцерла нос, падумала і зноў перасела бліжэй. – Што, па праўдзе бушавала?

– Ну, не тое каб... Маўчала спярша – гэта я пра пошту. Потым пакрысе адтала, пайшлі лісты. Натуральна, і я калі-нікалі страчыла справаздачы: ем, сплю, энтузіязм як у выдатніцы перад апытаннем. А цяпер – па-новай цішыня, за апошнія месяцы неяк зусім нічога.

Сцеша паміргала:

– Ты ж не думаеш, што...

– Не думаю! І табе няма чаго думаць лішняе. Яна ж эвакуіравацца паспела, махнула да нашых маскоўскіх сваякоў, а ў тых краях, як ведаеш, абышлося. Змарудзіла б з ад’ездам – гісторыя атрымалася б невясёлая... І вось – ізноў маўчок, акурат калі трапіла я ў мужчынскі. Ха, намёк зразумелы!

– А як наконт праверыць? Ліст-другі адаслаць, дапусцім, і...

Ліда насупілася:

– Дурніца я – першай пісаць? Дудкі, таварышы! Сама ўпарціцца ўмею.

– А тата што? І ён супраць?

Ліда зрабіла выгляд, што не пачула. Нахіліўшыся, выцягнула травінку, якая ўсунулася між сярэднім і безыменным пальцамі на назе.

Сцеша памаўчала, накручваючы на палец каштанавую пасму. І раптам як схопіць Ліду за руку:

– Ты ж толькі пра валасы не кажы нікому! Чуеш, не кажы! Хлопцы – няхай, а дзяўчаты нашы задзяўбуць за такое. Маўляў, чаго нарабіла, крэтынка, цяпер да старасці не адросціш! Не скажаш, праўда?

– Я быццам не аматарка пляткарыць, – прабурчала Ліда, вызваляючыся, і зноў адкінулася на самалётны чахол. – Маўчаць змаўчу, але і ты глядзі мне – каб са зброяй не халтурыла! Не хапала праз цябе галаву скласці. Адзін раз сышло, а далей...

– Не буду я халтурыць, Лідусь, ой не буду! Хочаш – сёння ж пераправеру, каб дакладна. Нішто больш не адмовіць, адказваю!


Рецензии