Летапiс - цела

Што, калі ўявім: наша фізічная абалонка памятае ўсе ўзаемадзеянні з сабою, якія паспытала за жыццё.

Нашто ўяўляць, калі так і ёсць? Калі цела сапраўды памятае кожны выпадак лепш за якую медкарту. Драпіны, мазалі, разбітыя каленкі, кулак і/ці мяч, які прыляцеў у нос, уколы і манту, камяні ў нырцы, глытанне эндаскопа, «каронныя» 38,5, апухлая ўджаленая шчыкалатка, кульганне з-за калена (не сядзі нага на нагу) – і гэтак далей, далей, у глыбіню гадоў і ў нетры памяці, апавядаючы гісторыю цела праз цела.

Так, яно захоўвае ўсё. У сабе і на сабе. Носіць між бровамі белую кропачку ад вятранкі на індыйскі манер, заробленую ў пяць гадоў. Носіць радзімку ля вуснаў, нібы «мушку» ў віктарыянскую-ці-якую-там эпоху. Носіць за левым плячом глянцаваны авал ад іншай радзімкі, шматкроць выпаленай вадкім азотам у клініцы, а побач – коўш Вялікай Мядзведзіцы, адлюстраваны злева направа і складзены з пяці радзімак замест сямі. Не можа не памятаць тры кіло і дваццаць грамаў, якія важыла пры нараджэнні ў 10:20 у аўторак (калі-небудзь мне варта запісаць усе свае супадзенні, звязаныя з двойкамі). Ёсць і свая экзотыка – вяснушка ў левым воку наўпрост на зялёна-карым райку.

Не толькі гэта. Мы пачалі з драпін. Возьмем рысачку-шнарык знутры правага запясця – ад драўлянай часткі канапы, калі гулялі з сястрой у звяроў. Там жа, але на тыльным боку, шнар «Адрынутых» – ад універсітэцкай папкі ў тыя дні, калі чытала пра закаханага Марыуса ў Гюго. На сцягне шнар Туунбака: падчас атакі на моль распарола металічным вуглом паліцы для клавіятуры, калі рэфлексавала над Сімансам. А за два дзясяткі гадоў да таго апякла мезенец ля пазногця і старанна макала яго ў сподак з разбітым яйкам, але шнара не пазбегла. Гаварыў мне тата: «Даша, не чапай паяльнік».

Гэты ўспамін па ланцужку асацыяцый выклікае суседнія. Пра сляды, што засталіся на іншых.

Напрыклад, як аднойчы восенню прыбегла на кухню на гук разбітага шкла, а там тата з акрываўленым локцем спакойна папрасіў паклікаць маму. Няўдала гайдануўся на зэдліку і прабіў локцем шыбу. Рука з часам загаілася, ну а шыбу ён на бліжэйшых выхадных паставіў новую.

Ці як малая сястра захацела заварыць «Ролтан», а кіпень з электрачайніка ў маіх руках плёснуў ёй на нагу. У мяне было глухое неразуменне – і калі сунулі пад струмень вады, і калі напяўся пухір, падобны да чыпсіны, і калі мама крычала, што гэта апёк трэцяй ступені («Хаця якой трэцяй, калі другой», – думала я ў дзявятым класе, запаўняючы табліцу на біялогіі), і калі тата насіў сястру на перавязкі ў адным боціку. І калі пісала гэта зараз. Неразуменне таго, што ж я зрабіла не так, калі ўсё зрабіла правільна. Адзінае, што не надзела акуляры.

Акуляры, лінзы... Таксама цела. Штосьці шараговае. Як і некаторы выгін пазваночніка, як і сэрца, з якім бяруць у войска (але аб тым я пісала), як і зубы, для якіх спатрэбілася чатыры пласцінкі, каб яны ўсталі раўней. Наогул жа, мяркую, дзеці баяліся б стаматолагаў у пяць разоў болей, калі б ведалі, якія страхалюдствы яны робяць дарослым. Гадоў да дваццаці чатырох я не баялася. Нават з улікам таго, што ў трэцім класе давялося запамінальна развітацца з малочным зубам, які яшчэ не хістаўся і таму раскалоўся ў працэсе.

Цела вытрымлівае шмат. Больш, чым можна пералічыць. Маё адолела фізкультурны страх куляцца праз галаву: дома я сцягнула на падлогу сядзенне ад канапы і спрабавала на ім да таго часу, пакуль не пачало атрымлівацца. І ўперад, і назад. Хаця назад горш – толькі наўкос, праз левае плячо, каб не зламаць шыю. Вытрымала цела ў свой час і сорак два кілаграмы (з рукамі тонкімі, як з канцлагера), і кругласутачнае бяссілле пры гемаглабіне сто два. Вытрымала каскад фігур пілатажу з перагрузкай шэсць адзінак у кабіне спартыўнага самалёта (і, спадзяюся, вытрымае яшчэ). Вытрымала ўсё той жа гвалт эндаскопам...

Важна памятаць, што вытрымліваць належыць не ўсё. І лепей палегчыць усё, што магчыма, каб згадваць палёгку.

Ёсць з’явы і ўнутраныя, нябачныя – як аўтаімунныя бойкі антыцелаў у маім арганізме, што ўсчынаюцца, варта ім запеленгаваць глютэн. Ёсць іх знешнія праявы – сіметрычныя плямы на шчоках і кісцях, якія могуць з’яўляцца і знікаць, бо скура перастала ўспрымаць сонца. На шчоках плямы ў выглядзе крылаў. Па той жа аўтаімуннай прычыне я прыкладна ведаю, як выглядае і адчуваецца цяжарнасць, і не люблю адзенне, цеснае на жываце.

Дарэчы, і роды, у каго яны былі, безумоўна «запісаны» целам.

Пэўныя рэчы агучваць не прынята, прынамсі шырока. Таму і ў гэты тэкст трапляе не ўсё. Але ж аб’ектыўна нішто не адбудзецца, калі агучыць «жаночае», чый адлік пачаўся ў трынаццаць гадоў – пакуль цягніком ехалі адпачываць ва Украіну. Ці то «Мінск–Новааляксееўка», ці то «Мінск–Сімферопаль»... Няўцямны боль моцна аддаваў у сэрца, і я пераляжала яго на верхняй паліцы, а пасля блытана выбачалася за ніжнюю бялізну, бо кроў жа мусіць быць чырвоная, а не бурая, значыць гэта штосьці іншае.

Не прынята, не прынята... Чаму? Гэта ж таксама цела, якое гаворыць, і гаворыць аб тым, што ўсё натуральна.

Спіс у памяці можна працягваць. Напрыклад, дотыкі – прыемныя і не, дазволеныя і не. Або сухі лісток, які змахнула з валасоў, а ён аказаўся чмялём. Або дробная галька і сцюдзёная марская вада, ад якіх сутаргай скруціла ступню. Або ламота ў калене, калі на школьным катку зноў разагналася і зноў грымнулася на лёд, не ўмеючы тармазіць (а сімпатычны аднакласнік безнадзейна сказаў другому: «Яна вунь катаецца лепш за мяне»). Або няспынны кашаль на ўроку англійскай, падчас якога строгая настаўніца перастала быць строгай і прапанавала пайсці ў канец класа, каб наліць сабе ў пластыкоўку вады з агульнай пяцілітровай бутэлькі. Або вераснёўская халадэча да стуку зубоў і адтайванне ля вогнішча мінулых эпох, толькі б застацца падаўжэй на гістарычным фестывалі і пасачыць, як сядлае каня сястра аднагрупніцы – рэканструктарка ў гусарскай амуніцыі. Або першы раз, калі, адпусціўшы цела, абрынулася ў істэрыку на псіхатэрапіі, з чаго і пачаўся шлях па прыступках «размарозка», «раззлаванасць», «разняволенне», бясконца чароўных у сваіх праявах.

У неабсяжнай памяці цела, перакладзенай на зразумелую мову, ёсць цудоўная здольнасць, дзеля якой і варта перакладаць.

Ведаеце якая?

Яна выклікае падобныя ўспаміны ў вас.


31.05.2023


Рецензии