Усе вяртаецца. Аповяд на беларускай мове

У зімку цямнела рана. Марылька не любіла хадзіць на абходы ў такі час. Цяжка перасоўваючы ногі па снезе, яна ішла марудна і ўжо не была ўпэўнена, ці ідзе па тым месцы, дзе з раніцы яшчэ бачыла сцежку. Снежныя віхры непрыемна білі ў твар, а валёнкі набіліся белымі камякамі снегу так, што галёнкі змакрэлі і змерзлі. Яна ўжо шкадавала, што пагадзілася ісці да гэтых Шашкоў. Што новага яна ім скажа, калі ўжо ўчора было ўсё зразумела і відавочна? Дзіўныя людзі! Але што ж паробіш, трэба ісці. Марылька працавала фельчарам паўгады і негледзячы на малады ўзрост і невялікі практычны досвед даволі хутка заслужыла давер і прыхільнасць мясцовага насельніцтва. Нават занадта хутка. Дзяўчына ўжо пачала падазраваць, што яе добразычлівасць, спагада і ўсмешка, якімі яна адорвала сваіх пацыентаў успрымалася не як прафесіянальнае выхаванне і этыка, а як нейкая асабістая прыхільнасць. Часта старыя выклікалі яе без асаблівай на тое патрэбы. Жадаючы звычайнай увагі бабулі і дзядулі надумвалі сабе хваробы, каб яна прыйшла і проста пагутарыла з імі пра тое-сёе. Некаторыя дзядулі нязграбна заляцаліся да яе і ў такія моманты Марыльцы было асабліва няёмка. Але з Шашком усё было не так. Марыля была ўпэўнена, што стары дакладна не сімулюе сваю хваробу, але ехаць ў раён, куды яна выпісала накіраванне яшчэ ў мінулы раз адмаўляўся. Ні то ён баяўся, ні то сумняваўся  ў неабходнасці такога рашэння. Мяцеліца сцішылася, ісці стала крыху зручней. Недалёка яна пабачыла цьмяны свет, што ліўся з вокнаў старой шашковай хаты. Марыля адчыніла калітку без цяжкасцяў. Хтосьці клапатліва пачысціў на ўваходзе ў двор снег. Па ўсім відаць, што яе сапраўды чакалі. Збіўшы крыху снег з валёнак, яна пайшла ў напрамку чырвонай кропачкі, што гарэла ў цемры — хтосьці паліў на ганку.
— Добры вечар! — сказала Марыля чырвонаму агеньчыку. Той распаліўся ярчэй і хутка паляцеў некуды ў бок знікнуўшы ў цемры.
— Добры вечар. — адказаў нізкі, крыху сіпаваты голас. Гэта Аркадзь — сын старога Шашка, Марыля пазнала яго.
— Як сябе адчувае Яўхім Мікалаевіч?
Аркадзь памаўчаў з імгненне:
— Нажаль паляпшэння пакуль не назіраецца. Але лепш вам самой яго агледзець. Аркадзь рашчыніў дзверы і Марыля засклізнула ў цёплую цемру старой шашковай хаты. У нос адразу ўдарыў водар запыленых дываноў, сырой драўніны і старога цела. Аркадзь з звонам зачыніў дзверы і ўслужліва дапамог зняць паліто маладой фельчарцы. Ў прыхадзе, дзе была іхняя кухня, нерухома сядзела старая Шашыха. Марылька гучна з ёй павіталася, але тая, здаецца так яе і не пачула. Яны накіраваліся ўглыб хаты і завярнулі за печ, дзе на ляжанцы адгароджанай фіранкай ляжаў хворы.
— Добры вечар, Яўхім Мікалаевіч, як сябе адчуваеце? — бадзёра спытала Марылька, хоць і бачыла, што стары з мінулага яе візіту стаў выглядаць горш. Твар яго, і без таго сухотны, зусім асунуўся і пашэрэў, а шырокапасаджаныя вочы праселі ў цёмных вачніцах.
— Змагаемся. — крыва ўсміхнуўшыся паспрабаваў пажартаваць стары. Прыўзняўшыся на локцях ён падсунуўся на падушкі заняўшы напаўляжачае становішча. Твар яго ад рухаў зкрывіўся. Марылька расшпіліла скураную сумку, дастала і патрусіла ртутны тэрмометр і, падаўшы яго старому, расклала апарат для вымярэння ціску. Нацягваючы абшэўку на схуднелую руку старога Шашка яна разумела марнасць сваіх дзеянняў і не ведала, як яшчэ данесці да старога ўсю небяспечнасць яго стану. Скончыўшы свой няхітры агляд і пазначыўшы паказчыкі ў нататнік Марылька агледзела і памацала жывот хворага. Пры легкай пальпацыі стары збялеў ледзьве стрымліваючы боль.
— Значыцца так... — уздыхнула Марылька. — На сёння ў мяне для вас няма добрых навінаў. Я ўжо ўпэўненая, што гэта вострае запаленне апендыксу і вам тэрмінова трэба накіроўвацца ў раён на аперацыю.
Стары сціснуў вусны і незадаволена адвярнуў твар убок.
— Вы мяне чуеце? Аперацыю патрэбна рабіць тэр-мі-но-ва! У любы момант можа здарыцца разрыў і тады будзе перытаніт, сэпсіс... Такое выправіць цяжка... Не буду вас абнадзейваць на гэты конт: пацыенты гінуць ад такога хутчэй, чым паспяваюць спахапіцца.
Шашок з хвіліну нярвова пакусваў вусны, як раптам ні то спытаў, ні то канстатаваў:
— А аперыруе ў раёне Павал Васільевіч Рог...
— Так. — пацвердзіла Марылька і заўважыўшы, што менавіта гэты факт неяк засмучае старога паспяшалася дадаць: — Вы дарма так перажываеце. Аперацыя гэтая нескладаная. Галоўнае своечасова звярнуцца, што вам зараз і патрэбна зрабіць. А Павал Васільевіч вопытны хірург. Хай вас не засмучае, што ён у гадах, рукі ў яго недрыготкія і на іх ліку шмат сапраўды складаных аперацый. Хлопчыкі, якім ён ратаваў канечнасці ў войну і сёння прыходзяць дзякаваць.
Марыля была не надта добра знаёма з раённым хірургам, аднак неаднаразова сутыкалася з ім ў калідорах бальніцы падчас праходжання навучальнай практыкі. Каржакаваты, амаль з бялюткімі ад сівізны валасамі дзядок, меў добрыя, несурочлівыя вочы і выклікаў прыхільнасць. Цягам дню ён мог павітацца з Марылькай некалькі разоў, бо відаць забываўся, што бачыў яе напярэдадні. А аднойчы яна сапраўды стала сведкай таго, як да старога хірурга прыйшоў аддзячыць за выратаваную падчас вайны нагу былы чырвонаармеец з сваім сынам. Гэтую гісторыю яшчэ доўга абмяркоўвалі між сабой маладыя мядсястрычкі навыперадкі ўхваляючы яго прафесіяналізм і вялікае сэрца. Стары Шашок, аднак,  працягваў маўчаць і Марылька ўнутрана ўжо злавалася на гэтую яго асліную ўпартасць. Яна памаўчала разам з усімі з паўхвіліны, як нарэшце паднялася з месца і нервова зірнуўшы на гадзіннік на руцэ сказала:
— Так... Дарогу зараз зямяло і ў раён прыйдзецца ехаць канём. Я папрашу дзядзьку Стася, каб ён вас завёз. 35 кіламетраў не так і блізка, але іншага выйсця я не бачу. Стары захадзіўся і замармытаў нешта пад нос, але гэта нагадвала не столькі абурэнне і супраціў, колькі немач і бездапаможнасць. Марылька накіравалася да выхада, але на прыхадзе яе спыніў Аркадзь, які разгублена дакрануўся да яе локцю і азіраючыся на печ, за якой працягваў енчыць Шашок ціха загаварыў:
— Марыя Рыгораўна... Я сам адвязу бацьку, але справа ў тым, што нам патрэбна ваша дапамога.
— Мая дапамога? — здзіўлена прыпадняўшы бровы перапытала Марылька. —Прабачце, Аркадзій Яўхімавіч, але ўсё што я магла я ўжо зрабіла. Я не хірург, а фельчар і тут мае кампетэнцыі канчаюцца. Калі вы хочаце дапамагчы бацьку вам трэба везці яго тэрмінова ў раён, падабаецца яму гэта ці не.
— Ды пачакайце! — перапыніў яе гаворку Аркадзь ўскінуўшы рукі. — ...вы не зусім разумееце ў чым тут справа!
— Відавочна, што не разумею. Можа вы нарэшце растлумачыце мне?
Марыля заклапочана скрыжавала рукі на грудзях інстынктыўна імкнучыся  адмежавацца ад гэтай сітуацыі. Гэта сям'я і незразумеласць раздражнялі яе ўсе больш і больш.
— Разумееце... Мой бацька і Павал Васільевіч...як бы гэта сказаць... Яны з некаторых часоў у ненадта добрых адносінах і... — ён запнуўся шукаючы патрэбныя словы.
— І вы мяркуеце, што ён настолкі надасць гэтаму ўвагі, што не дапаможа вашаму бацьку? — здагадалася і працягнула яго думку Марыля. — Кіньце! Ну што за глупства? Павал Васільевіч — прафесіянал.
Аркадзь ўтаропіўся ў падлогу і з шумам выдзьмуў паветра з лёгкіх. Нярвова паджаўшы вусны і перамінаючыся з нагі на нагу ён відавочна збіраўся нешта дадаць.
— Справа ў тым, што мой бацька...ён...ён....
— Ён забойца! — пачуўся ўедлівы голас старой Шашыхі.
Марылька здрыганулася ад нечаканасці, а Аркадзь збялеў як палатно. Старая Шашыха па-ранейшаму сядзела нерухома ля печы і здавалася, што гэтыя рыпучыя і непрыемныя словы выйшлі не з  яе, а аднекуль з паветра. Ўтаропіўшы свой шкляны позірк у прастору яна працягнула.
— Так-так, вы не ачуліся. Мой сын — забойца.
— Прабачце... але я не разумею... — разгублена адрэагавала на гэтую заяву Марыля.
— Колісь хірург ваш тут жыў, у нашай вёсцы. — пачала тлумачыць старая. — І сямейка ў яго была, сын — падлетак — Янка. Я яго добра памятаю. Як вайна прыйшла тут у вёсцы чаго толькі не рабілася. Паўліка на раён адправілі салдацікаў ратаваць, а Янка ягоны ўпотайкі партызанам дапамагаў, сведкі ўсялякія збіраў. Дык вось сынок мой на яго паліцаям нашым і данёс. А ніхто ж яго за язык не цягнуў тады. Хіба той Янка нам шкоду якую зрабіў? Гэта ж так паліцаям дагадзіць хацеў, трутням гэтым гітлераўскім. Забілі яны Паўлікавага сыночка. Катавалі два дні, ды толькі не сказаў той ім нічога. Застрэлілі ды маці на ганак кінулі. Нінка як Янку свайго пабачыла, дык галоўка яе таго гора і не вытрымала. Месца жывога на яе сынку тыя скаты не пакінулі. А тож быў апошні іх з Паўлікам сыночак. Старэйшыя на фронце яшчэ напачатку вайны палеглі. Шкада хлопчыка. Ой-ёй як шкада! Казала я сынку, што ў пекла табе сцяжынка ўжо замоўлена. — звярнулася старая да ляжачага за фіранкай Шашка. — Усе ў вёсцы ведаюць, што гэта Яўхім на яго данёс. І Паўлік ведае, ён яму і сказаў, што калі Бог цябе не знойдзе як пакараць, дык я пакараю — толькі звярніся да мяне. А жыццё вунь як усе выкруціла. Звярнуцца як раз і спатрэбілася. Ды толькі баіцца Яўхімка ў вочы Паўліку пасля таго глядзець, не тое што пад яго руку класціся.
— Баба, ну што ты кажаш такое? Хіба бацька мог ведаць, што яны з тым Янкам такое зробяць? Вядома ж ён нам хацеў лепш зрабіць, нягоду ад сям'і адвесці...
— Ды хто твайго бацьку аб тым прасіў ? Ніхто нас не чапаў і чапаць не было ўжо чаго. Што немцы хацелі тое пабралі яшчэ напачатку. Пазагрэбалі свіней, коз ... Хіба ты не памятаеш? Не ведаў ён... Добра ён усё ведаў. Хто тыя паліцаі? Міцька Скурнік ды Валік Пугач — першыя лежні ды злачынцы на вёсцы. Хто не ведаў на што яны здатныя? Рабавалі суседзяў, гвалтавалі дзяўчат... Што ім каштавала забіць каго? Фашысцкія сракалізы ды здраднікі, а твой бацька перад імі выслужыцца захацеў? Цьху! Прадаў душу д'яблу і сёння не ведае як адхрысціцца.
Марылька, уражаная нечаканай шчырасцю і просталінейнасцю старой Шашыхі, стаяла аслупянеўшы. Думкі яе дагэтуль раздражнёныя і незразумелыя зблыталіся канчаткова.Чым яна можа дапамагчы, ды і ці павінна дапамагаць? Усё што ад яе залежала яна ўжо зрабіла, а пачутая гісторыя не дадавала нейкіх асабістых сімпатый Яўхіму. Можа сам сусвет стварыў такія ўмовы і чалавек павінен панесці адказнасць за свой подлы ўчынак? Марылька адчувала пагарду да Шашка, але па-чалавечы яго было і крыху шкада. Сама гісторыя, яе шчырасць, здаецца, абавязвала яе зрабіць што-небудзь яшчэ. Ды і ці правільна гэта, помсціць хвораму  пацыенту ў такі складаны і рызыкоўны для яго час? Урач павінен быць ўрачом, а не суддзёй. Марылька зразумела, што калі зараз яна скажа, што ўсё гэта яе не тычыцца і сыйдзе яна згубіць спакой і ўсё роўна думкамі будзе вяртацца да гэтай гісторыі і сваёй ролі ў ёй. Думкі праносіліся ў Марыльчынай галаве як шумны цягнік, а ў хаце ўжо з хвіліну стаяла ціш. Разгублены Аркадзь з-пад ілба з надзеяй глядзеў на маладую фельчарку і чакаў яе адказу, як нарэшце тая ціха і стрымана сказала:
— Я праеду ў бальніцу разам з вамі і пагавару з Паўлам Васільевічам. Але не чакайце ад мяне зашмат. У аперацыйную мяне наўрад ці пусцяць.
Аркадзь ўзрадаваны з палёгкай кінуўся паціскаць Марыльцы рукі і бясконца дзячыць, а старая Шашыха заклапочана хмыкнула і замармытала сабе пад нос нешта незразумелае. Пакідаючы хату Шашкоў Марыля наказала Аркадзю рыхтаваць воз і каня і забраць яе з фельчарскага пункту, на які яна накіравалася каб патэлефанаваць ў раён і папярэдзіць аб прыездзе пацыенту.
Дарога была ціхай і мяккай. Снег болей не ішоў, вецер заціх, а поўня, што выслізнула з пад хмар быццам ліхтарык асвяціла іх  працяглы шлях. Стары Шашок ляжаў маўкліва і нерухома, магло падацца, што ён спіць, але Марылька бачыла як яго шкляныя вочы міргаюць час ад часу ў цемры. Аб чым ён думае зараз? Раскайваецца ў зробленым, ці проста баіцца за свае нікчэмнае жыццё? Зразумець гэта было нельга, а распытваць неяк непаважліва і фамільярна. Марыля, цалкам аддалася сваім супярэчлівым думкам і таксама маўчала. Яе здзіўляла, як так сталася, што яна зараз едзе бараніць інтарэсы чалавека які ёй нават несімпатычны. А ці варта ўвогуле было ўмешвацца ў гэта і што яна скажа раённаму хірургу? Наколькі да рэчы яе прысутнасць ў гэтым пытанні? І чаму чалавек, які зараз ляжыць на возе, ў адзін момант жыцця адчуваў, што мае права руйнаваць чужое жыццё, а цяпер не варты несці адказнасць нават за сваё? Думкі Марылькі, заклапочаныя і незразумелыя, лавіравалі між двух супярэчлівых меркаванняў, дзе з аднаго боку яна лічыла сябе абавязанай прадухіліць магчымае забойства, а з другога адчувала штучнасць і непатрэбнасць свайго ўмяшання ў лёсавызначальныя рэчы.
— Прыехалі, Марыя Рыгораўна. — пачуўся голас Аркадзя. Дзве гадзіны шляху і думак праміргнулі хутчэй, чым чакалася і ўстаўшы з возу яны накіраваліся ў прыёмны пакой.
— Я б і сам пагаварыў з Паўлам Васільевічам, але ведаеце, баюся мне яго не пераканаць. — кінуўся апраўдвацца на падыходзе Аркадзь. —  Хацелася б каб з ім паразмаўляў хтосьці блізкі, з медычнай сферы. Тады можа і будзе плён.
Яны ўвайшлі ў цьмяны хол раённай бальніцы і зазірнулі ў прыёмны пакой, дзе сядзела за запісамі маладая медычка.
— Добры вечар. Гэта  я вам тэлефанавала. Яўхім Мікалаевіч ужо некалькі дзён запар сябе дрэнна адчувае. Трэба каб яго агледзеў доктар. — хуценька абвясціла Марылька.
— Праходзьце і лягайце на кушэтку. — стрымана адказала медычка. — Павал Васільевіч хутка будзе, а пакуль я агледжу вас і задам некаторыя пытанні.
— Я пачакаю звонку. — кінула Марылька і выйшла ў калідор каб дачакацца хірурга. Аркадзь застаўся побач з бацькам, выгляд якога не прадказваў нічога добрага. Змучаны і маўклівы ён ледзьве перасоўваўся і здавалася вось-вось згубіць прытомнасць ні то ад болю ні то ад прадчування хуткай сустрэчы з злашчасным хірургам.
Павал Васільевіч не заставіў сябе доўга чакаць, ўжо праз хвіліну пачуўся гул яго крокаў у холе.
— О,  Вітаю, Марыя Рыгораўна. — здзіўлена расплыўся ў усмешцы стары хірург. — Нечакаў вас пабачыць сёння ў нас. Як вам працуецца на новым месцы?
— Добры вечар, Павал Васільевіч. Усё цудоўна. — як мага ветлівей адказала Марылька. Сітуацыя ў якію яна так недарэчна ўлезла нечакана расхвалявала яе і голас ёй здрадзіў. Хірург заўважыў гэта і ў  вачах яго з'явілася занепакоенасць.
— Павал Васільевіч. Я тут невыпадкова. Да вас прыехаў пацыент, як вы ведаеце, і справа ў тым, што гэта... гэта Яўхім Шашок.
Стары хірург адразу змяніўся ў твары і праз імгненне падазрона прышчурыўся ўглядзеўшыся ў Марыльку.
— Павал Васільевіч... Так сталася, што я ведаю пра тое, што адбылося калісці паміж вамі і Яўхімам Мікалаевічам... Мне вельмі шкада вашага сына і што ўсё так адбылося, але я хацела б прасіць вас каб....каб ўсеж вашыя асабістыя крыўды не паўплывалі на... жыццё і здароўе чалавека нейкім чынам. — неўпэўнена выпаліла Марылька.
Стары хірург здзіўлена-разгублена глядзеў на яе з імгненне, як нарэшце ўдакладніў:
— Гэты чалавек прыходзіцца вам родзічам?
— Не. Зусім не. Проста...
— Тым больш дзіўна, што вы так клапоціцеся пра яго жыццё і здароўе. — перабіў яе Павал Васільевіч. — Не ведаю што яму патрэбна было і зрабіць ў жыцці каб заслужыць такога анёла-захавальніка. — з усмешкай дадаў ён і паціснуў яе плячо. — Не турбуйцеся. Усе будзе добра.
Ён змоўніцкі падміргнуў ёй і ўвайшоў у прыёмны пакой.
— Добры вечар, што вас непакоіць? — звярнуўся ён да бледнага як бальнічная прасціна Шашка. Маладая медычка заўважыўшы як цікаўна Марылька сочыць за тым што адбываецца з калідора паспяшалася адмыслова зачыніць дзверы ў яе перад носам. Разгубленая Марылька села на лаву ля кабінета. Што Павал Васільевіч меў на ўвазе і ці зразумелі яны адзін аднога? Яна вырашыла пачакаць нейкіх вынікаў і ўжо праз некалькі хвілін з кабінету выйшла тая самая медычка. Яна зачыніла за сабой дзверы і, не звяртаючы ўвагі на Марыльку хуткімі крокамі рушыла ў хол.
— Пачакайце! — узняўшыся з месца наўздагон ёй крыкнула Марылька. —Можна спытаць вас?
— Ну што вам, жанчына? — незадаволена развярнулася медычка.
— Што сказаў доктар? Як Яўхім Мікалаевіч?
— Дрэнна, ваш Яўхім Мікалаевіч. Згубіў прытомнасць прама ў кабінеце. У яго вострае запаленне апендыксу і зараз яго будуць аперыраваць. Выбачайце, але мне патрэбна ісці ў аперацыйную і перадаць распараджэнне.
Яна знікла ў цемры калідора, а праз некалькі хвілін з'явіліся два маладых санітары, з насілкамі.
За спінай Марылькі адчыніліся дзверы, спахмурнелы Аркадзь выйшаў, а санітары ўкацілі насілкі ў прыёмную, дзе хуценька пераклалі бялюткага Шашка з кушэткі на насілкі і павезлі ў аперацыйную. Стары хірург выйшаў і пакрочыў следам. Марылька разгубленая села на кушэтку і глядзела ім услед
— Аперацыя зойме гадзін дзве. — нарушыў цішыню Аркадзь. — Дзякуй вам вялікі. Вы не абавязаны былі ехаць, але паехалі.
Марылька сядзела ў задуменнасці і не адразу адрэагавала на яго словы.
— Ваш тата зрабіў дрэнную рэч, Аркадзій Яўхімавіч і я не ўпэўнена, што мне варта было ўмешвацца ў гэта.
— Вы лічыце, што помсціць чалавеку ў такім стане гэта слушна і правільна? — насупіўшыся спытаў Аркадзь.
— Я лічу, што чалавек павінен несці адказнасць за свае ўчынкі, асабліва калі гэтыя ўчынкі робяцца наўмысна і забіваюць людзей. — цвёрда адказала Марылька і паглядзела ў вочы Аркадзю. Той не стрымаў яго, сумяўся і адвёў позірк.
— Як бы то ні было... Бог вашаму бацьку суддзя, хоць сёння ў Бога і не прынята верыць. — дадала Марылька. Яны пасядзелі моўчкі яшчэ хвілін дзесяць, як раптам пачулі рэха крокаў, што няспынна да іх набліжаліся. У калідоры з'явілася тая самая медычка. Бледная і збянтэжаная яна падыйшла да Марылькі і Аркадзя.
— Прабачце, мне вельмі шкада, але ў вашага бацькі спынілася сэрца. Доктар нават не паспеў распачаць аперацыю. Спачуваю вашай страце.
Вочы Аркадзя напоўніліся слязамі, а Марыля адчула нейкую спустошанасць і незразумелае аблягчэнне. Яна не здзівілася, бо дзесьці на падсвядомасці ведала, што так усе і адбудзецца.


Рецензии