Прытулак

На ўскрайку лесу, побач з рэчкай-змейкай,
Дзе вечарам таўкуцца камары,
Па волі лёсу ці стыхіі нейкай
Два дрэўцы тут прытулак свой знайшлі.

Гадуюцца дзве елачкі-красуні,
Як быццам бы дзве родныя сястры,
Вятры-завеі іх узімку гнулі,
Зрываючы іголачкі-лісты.

Снягі іх засыпалі да вярхушак,
Але ім цёпла ў футрах снегавых,
І сніўся ім вясенні гоман птушак
І дзіўны водар кветак лугавых...

Так дрэўцы год ад году ўсё сталелі
І ўсцілалі шышкамі зямлю,
А сотні птушак зерне з шышак елі,
Падзяку -песню пелі ім сваю.

І я сюды прыходжу не аднойчы:
Прыемна пасядзець тут, памаўчаць,
Паслухаць, як сарока штось стракоча
І птушкі то спяваюць, то крычаць.

Паразважаць пра сэнс зямнога лёсу,
Задумацца аб сутнасці быцця...
Тут пачуццё высока так узносіць,
Пазбавіўшы паспешнасці жыцця...

І думкі аб сяброўстве і каханні,
Аб еднасці, якую губім мы,
Гучаць тут для мяне, як заклінанне,
Як Бібліі адвечныя псалмы...

На жаль, мы вельмі рэдка іх чытаем,
Зусім не маем часу для душы...
Але прытулак для яе шукаем,
Каб сам-насам пабыць там у цішы...


Рецензии