Грыжа

Грыжа

Аповяд пра дзеда Васіля Чырка і бабу Марыну.  Ружанцовых. З Аднаполля, за Прысном. На беразе Сажу. Там яны і ляжаць зараз на могліцах, каля  Сажу. Пад старымі бярозамі.

Аднаполле вёсачка.  Ферма. Крама. Віно Солнцадар.  Бераг Сажу. Лодка з маторам. І лодка старая жалезная , бакеншчыка, дзеда Чырка. Увечар ён да лодкі ійшоў , з вёсламі.  Дук дук дук , так працаваў матор.  Жалезнай лодкі. Ранкам на патэльні шкварчэла рыба.


Лазня у кутку сада, па чорнаму. Вуллі . І пчолы у саду.

І смашны, салодкі мед. Ліпкі. І суседка майго ўзросту. І сусецкія дзеці, якія адразу не ўзлюбілі мяне, гарадскога, за шорты і саламяны картуз.  І цвялілі нас з суседкай- цілі цілі цеста - жаніх і нявеста. Я злаваў. Казаў, прыедзе на МАЗе мой бацька, дык вам што дасць, то дасць. І ўвечар с пашы статак ідзе. Авечкі, каровы. Мы хаваемся за плот. І лёгкі пыл і пах скаціны, наеўшайся за дзень, задаволенай. Карова , петрусёва, чорная з белым. Стала, пацурболіла, задрала пысу ўгору і над вячоркам, над вёскай загуло працяжна: мууууууууууууу.

На той бок Сажу вазілі на пароме коней і трактарок,  т-25, і касаркі. Сена на зіму строіць. Мы сядзелі з хлопцамі, каля прывязаных лодак і лавілі печкуроў. Сьпёка. Больш нічога не бралося. Авады- бамбавозы атакавалі. У тое лета мяне так аб'елі. Ногі. Я расчухаў лыткі да крыві. Доўга яны не зажывалі. І на памяць засталіся на нагах ямкі у скуры. Святлейшага колеру.

Бакены запальваць. Мяне узяў Чырок. Аднаго разу. Я змерз.  На вадзе. І нечакана заснуў. І ні бачыў, як дзед запальваў агенчыкі.

У той год, баба Дуня мене тады прывозіла да шаптух. Мы хадзілі па вёсках.Барчанкі, Шарсцін. Радуга.  Баба называла сваё прозвішча. Нам давалі вячэру. І ложак.
Пад левым каленам, в мене, вырасла гуля с добры кулак.  Дактары у Менску сказалі - рэзаць
. А бабуля  - не.
Шаптухі зрабілі сваю справу.  Мне хутка шесцьдзесят.  Пухліна зышла тым яшчэ летам, у дзяцінстве.  І я здаровы.  А мо і не. На галаву.
У той жнівень, да Чыркоў, прывезлі ўнучку. Нінку. Нінцы было нейдзе трынаццаць год. Нешта ў яе з галавой было неяк не так.  Ранкам, калі паснедалі. Яешняй. Яна падыйшла да мяне, і запытала, дождж будзе?
Я не ведаў, так і адказаў. 

Яна схапіла з падаконніка нажніцы і пратыкнула мне далонь. Наскрозь. Заплакаць я не паспеў.
Нінка зняла з галавы хустку. Заматала руку маю. І сказала, дзеду не кажы. Ідзі , пасцы на руку.  Заўтра зажыве.

Лета . Сож.
Мне шэсць год.

1971


Рецензии