Раздзел 18. 20-12-2023
Даўно не была яна ў гэтым пакоі... Не была цэлую вечнасць, але ён так выразна адціснуты ў памяці, як адціскаюцца месцы, дзе праведзена большая частка жыцця. Напрыклад, ведаеш, колькі ад дзвярэй да канапы зялёна-чорных палосак на дыване. Ведаеш, дзе яго ворс каляны, мулкі ад пралітага клею (не найстрашнейшая ахвяра, бо вынік працы красуецца на шафе, нацэлены двухлопасцевым вінтом у бок акна). Ведаеш, што ля ножкі шафы зручна адстае масніца – ненамнога, якраз пад тайнік. Пыльна, што паробіш, але сшытак можна і загарнуць як след...
Дробязі абсталявання хаваюцца ў густым начным змроку. Асветлены толькі стол, дзе пакінута запаленая лямпа, ды масіўныя, шчыльна зашморгнутыя шторы, якія палаюць барвай, як неба падчас захаду. Ёй, захутанай у коўдру да падбародка, лямпавае святло бачыцца цьмяна – плыве і гайдаецца, дробіцца на бясформенныя плямы, адсякаецца стуленымі вейкамі. Мокрыя вейкі, мокрыя шчокі, мокрая навалачка пад вухам. Дыхаць праз нос – даўно марныя намаганні, а скроні пульсуюць настойлівым болем. Рэдка, рэдка выпускае яна слабасць на свабоду, і ёй адразу б’е ў галаву, варта пакаціцца першым слязам. І не спыніць іх, пакуль не выльюцца ўсе – ненавісныя, ганебныя, бясконца замкнёныя...
– Чаго ты, малая? Давай не будзем разводзіць макрэчу. Га?
На плячо ёй няўклюдна-спачувальна кладзецца цяжар, але яна парывіста скурчваецца, каб саслізнуў. Непрыхільнасць. Адмаўленне. Назваць бы іх халоднымі, але немагчыма вытрымаць дастаткова нізкі градус пачуццяў, калі ўся скаланаешся ад усхліпаў. Найбольш асэнсаваная рэакцыя – бяссільна адварочваць твар і ўціскацца ў падушку.
– Што, нялётнае ў цябе надвор’е? Ну – адставіць патоп! – загадваюць ёй з грубаватай спагадай. І хоць голас гэты ўпэўнены, у ім напінаецца ніякаватасць. – Што здарылася, таго не паправіш... Хацеў бы падаслаць саломкі загадзя, але вось яно як... І нічыёй віны тут няма, верыш? Паглядзі на мяне!
Яна мацней зажмурваецца, скамячыўшы ў кулаку рог падушкі; у скуру ўпіваюцца вострыя канцы пёрак. Гэтая маўклівая адчужанасць і натапыраныя па-матчынаму лапаткі прасякнуты нячутным крыкам: віна ёсць! Якое глупства думаць, быццам між імі ўсё можа застацца так, як раней. І што за карысць ад слоў, калі выправіць імі можна ніколечкі не больш, чым слязьмі?
Нават з заплюшчанымі вачыма, нават адвярнуўшыся, яна аднекуль ведае, што ён у няёмкасці шоргае сябе па саламяных валасах і ўпірае локці ў калені. Сесці бліжэй не спрабуе. Відаць, і праўда намецілася ў адносінах трэшчынка, з-за якой новыя паверхі не надбудуеш: перакрыцці не вытрываюць. Ды яшчэ разбярыся ў буянстве дзявочых эмоцый...
– І дзе мне шукаць Ліду? Сапраўдную Ліду, якая ніколі не дрэйфіць. Ці гэта і ёсць сапраўдная? – пытанне адрасавана як бы не ёй, а дывану пад нагамі. З мэтай разварушыць пачуццё ўласнай годнасці, патанулае ў слязах. – Або трымаеш марку заўсёды, або і не хапайся. Так я разумею. А са мной ці без мяне...
– Без! Вось іменна, тата! – яна ўскідваецца на пасцелі, адшпурнуўшы коўдру. Павекі апухлі, голас сеў і праз слова надломваецца. – Ага, трымай марку, і змагайся, і... Супраць мамы, Колькі – усіх! А я не магу, нічога не магу, чуеш?! Ты лепей за каго ведаеш і ўсё роўна... Ды як ты пасмеў? Як пасмеў... прастаяць столькі плячо ў плячо... і адступіцца! Кінуць без апоры – ды проста здрадзіць! І м-мне цяпер... адной!
Вочы перапаўняюцца адчаем, і зноў ён сцякае па шчоках, зноў трэба без канца выціраць яго тыльным бокам рук. Тыльным – бо далоні гідка перапэцканы крэйдай. Як тады. Ці зможа яна ў далейшым брацца за крэйду, калі пры адным гэтым адчуванні ўсплывае ў памяці тая карцінка? А яе хочацца адрынуць, сцерці без следу, як формулы са школьнай дошкі...
Яна іх так і не сцерла, дарэчы. Дошка засталася спісанай, хаця вось-вось мусіў адбыцца камсамольскі сход, а на рукаве ў яе чырванела павязка дзяжурнага. Што да анучкі, то яе перакідвалі адно аднаму цераз увесь клас, пакуль з прыадчыненых дзвярэй нёсся бязладны гул перапынку. І хоць набліжаўся поўдзень, давялося запаліць святло: за акном разгулялася снежная непагадзь. Яшчэ раніцай было ясна, хіба вецер гнаў па асфальце сухое лісце, але хутка ўверсе не засталося ніводнага блакітнага прасвету. Грувасціліся хмары, свістала завея, камячкі снегу ліплі да шыбаў...
За спінай з дакорам распасціралася недагледжаная дошка, а яна спрытна лавіла анучку і адпраўляла яе ў новы палёт. Інстынкты не драмалі, і, калі ў дзвярны праём усунулася лабатая хлапечая галава, “снарад” быў азартна запушчаны ў новую цэль. Клас расчаравана загудзеў: рэакцыя ў новапрыбыўшага аказалася не промах, і ён перахапіў анучку насупраць твару.
– Колька? Ты што тут забыў?
Ён хмурна зыркнуў спачатку на яе, пасля на заднія шэрагі варожага стану. Кінуў анучку на першую парту, не падтрымаўшы гульню.
– Ты таго... збірайся. Мама за табой.
І знік раней, чым яна паспела хоць бы збянтэжана хмыкнуць. Узялася сцягваць павязку пад шушуканне ў класе і стогны-парыпванні дрэў знадворку, але тая, як назло, захрасла на локці. Халера, усе рукі ў брыдкім крэйдавым налёце, а двума пальцамі нязручна...
З-за гэтай замінкі не адразу кінулася ў вочы жанчына, якая няўпэўнена зрабіла паўкроку з-за дзвярной створкі. Няўпэўнена? Хіба гэтыя строгія, хоць і ношаныя боцікі могуць прыпыніцца ля ўвахода, замест таго каб імкліва і ўладарна пераступіць парог?
Падмоклае паліто зацярушана снегам, хустка спаўзла на патыліцу, валасы на дзіва неахайна скручаны ў вузел. У чорным атраманце – тонкія пасмы ранняй сівізны. Твар і вусны колеру крэйды. Ці вапны?
– Там... Ведаеш, з бацькам...
Г а х-х!!
Сэрца здрыганулася: камяк мокрага снегу сарваўся з даху і разбіўся аб бляшанае школьнае падаконне.
...Гэты грукат прыводзіць яе ў прытомнасць. Вяртае ў цёмны пакой з барвай штор і прыміраным лямпавым святлом, на фоне якога – крэпкі, злёгку прыгорблены ад фізічнай працы мужчынскі сілуэт. Рысаў не разгледзець, але гэта лішняе: забыць іх так жа складана, як уласны твар. Рысы ў іх агульныя на дваіх, заўсёдных змоўшчыкаў, якія прывыклі аб’ядноўваць намаганні супраць любой знешняй пагрозы.
Самы небяспечны расклад – калі заспеюць паасобку.
– Ты не м-мог! Не павінен быў! Я не п-прабачу, ясна? – ніжняя сківіца ў яе калоціцца, яшчэ трохі – і прыкусіш язык. – Не веру, што знікаюць так лёгка... Напраўду хочаш застацца – зубамі ўгрызешся, але не спасуеш. Калі без цябе не могуць. Калі ты патрэбны, падлюга чортаў!
У шчылінку пад зачыненымі дзвярыма сеецца няяркае святло з вітальні. На дварэ ноч, але ў кватэры не спяць. І ён часцей паглядае на палоску святла, чым на дачку, нібы непакоіцца, што пад дзверы ляжа цень і перарве размову.
– Каб жа ўсё вырашалася праз упартасць... – выціскае ён глуха. – Галоўнае – табе ранавата адпраўляцца следам. Нічога не хочаш расказаць? Я хоць і не мама, а не сплю ў шапку. І калі дзіцёнак жадае скапыціцца, заблукаўшы немаведама дзе... Як гэта ў вас завецца – небаявая страта?
Нешта з гэтымі фразамі не так, і яна пакутліва моршчыць лоб, спрабуючы ўцяміць. Ён дазнаўся... Адкуль? І ці моцна будзе сердаваць?
– Але мы не пра тое... Не пра мяне... – яна ў разгубленасці шморгае носам і абараняецца: – Наогул не лезьце ў мае справы, ты і мама! Лётнай працы я навучаная і ўменням сваім веру. Вам застаецца верыць таксама або штораз дрыжаць са страху. Як некаторыя!
– Нібыта можна перастаць дрыжаць! Згадай, разумніца: хто цяпер мае такую раскошу – не баяцца наступнага дня? Не баяцца за ўсіх, хто пойдзе ў гэты дзень? А ты... ты пойдзеш.
– Адкуль табе ведаць? Чаму ўсе ўсё ведаюць лепш за мяне?
Успышка старой крыўды высмоктвае з яе апошнія сілы, і яна завальваецца на падушку, нібы марыянетка, у якой абарваліся нітачкі.
Яна больш не зварухнецца. Ніколі-ніколі.
– Гэта непад’ёмна... Я стамілася, тата... Я не магу, не хачу крычаць у пустэчу. Я хачу... чаго?
Вялікая рука кранаецца яе валасоў, гладзіць па галаве, зарываючыся ў кудзеры. Ад вострага жадання шкадаваць сябе шчыпле ў носе, а пад павекамі зноў збіраецца вільгаць.
– Не патрэбна я тут, і канцы. Што лётчыца ёсць, што няма... Ці ведаеш, як гэта – быць непатрэбнай? Усё дзеецца без цябе. Сунься, уплішчвайся – а не з’яднаешся з плынню! Яна і так насычаная... бы які ідыёцкі раствор. І ў ім важныя ўсе часцінкі – акрамя цябе! Ты скажаш: не адзіная ж ты на ўвесь полк. Куды ні плюнь, дзяўчаты. Але нават гэтыя збройніцы... Яны разам, кодлам! А я...
Рука гладзіць, не адступаецца, і ад размераных супакойлівых рухаў хочацца з размаху гваздануць кулаком па падушцы. І – адначасова, супярэчліва – адчуць заплаканай шчакой колкае шчацінне.
– Мне ўсё трэба самой... Самой, адной... Як ты мог? Чаму гэта не забаронена – гінуць заўчасна? Без сэнсу, проста так. Кінуць усіх і сысці – і цялёпкайцеся, калі можаце... Я не прабачу, не. Ні за што...
– Я ўсё яшчэ тут, ластаўка. Мы цялёпкаемся разам. Проста чым вышэй забярэшся, тым даўжэй падаць... І тым мацнейшы ўдар. Дык няўжо не забірацца зусім?
Пакуль гучыць голас, у прыцемку ля стала праступае шырэйшы бацькоўскі ложак і камода, а над камодай – люстра, жалобна завешанае палатном. Сюррэалістычна, але па-свойму вытлумачальна.
– Я казаў пра асцярогу, толькі і ўсяго. А здольнасці твае не лаяў. Сама ведаеш, не прынята ў авіятараў раскідвацца кадрамі...
Яна хваравіта крывіць вусны:
– Кадрамі? Не смешна.
– Але слушна. Каму зашкодзяць працоўныя рукі? Майстроў цяперака шукай днём з агнём, прасцей зялёных выхаваць. А калі трапяцца каму трэба...
У скроні дзяўбе прытуплены боль. Туманіць думкі, не дае выкараніць неспакой, які прарастае ў свядомасці. Падобнае яна чула... Калі, дзе? Ад каго? А як складана растуліць мокрыя вейкі! Яна хацела б глядзець на яго ва ўсе вочы (чамусьці цяпер гэта здаецца важным), але здольная толькі лавіць інтанацыю ды ў зацьменні адзначаць, як ён прапускае скрозь няўмелыя пальцы яе кароткія кудзеры...
Кароткія? Дамашнія сцены не бачылі яе з абрэзанымі валасамі. Не кажучы ўжо пра...
– Апроч таго, настаўнічаеш. Не думала падмяніць Глеба? Голас ёсць, хоць зараз муштруй “жаўтароцікаў”...
Дзіўнае яно, апошняе слова. Не адсюль. Не гучыць у гэтым пакоі, не спалучаецца з ім – так здаўся б недарэчным гэты паласаты дыван, калі б ім заслалі падлогу ў казарме. Судакрананне двух паралельных сусветаў, дзіцячага і франтавога, прымушае напружыцца.
– Як ты можаш ведаць? Як увогуле можаш... быць тут? – яе пальцы расціраюць па скуры крэйду. – Гэта не вяжацца... І муштра ў маім выкананні – дурнота... Не падрабляйся пад яго, я не дамся! Я ўсё бачу! – сіпла націскае яна, хаця якраз-такі бачыць не можа. – Ты што, чакаеш майго даравання? Каб у адказ на здраду – пшык?
– _Я_ чакаю, што ў гэтай бядовай галаве нарэшце пабольшае разумнага сэнсу. І што яна кіне выпраменьваць адны жарсці, – упікае голас. Яна і тут спатыкаецца: якія доўгія сказы, складаныя выразы... – Хто ж паляціць замест цябе? Калі муштра перастане здавацца дурнотай!
За межамі апушчаных павекаў тым часам ярчэе святло, і яна з усё той жа глыбіннай празорлівасцю халаднее: зрушылася дзвярная створка, пашыраецца шчыліна...
– Сядзі як сядзіш! Застанься, будзь тут! – злятае з яе спалоханых вуснаў. Яна не столькі распазнае', колькі прадказвае яго імкненне зашыцца ў цемру. – Не пушчу зноў, не аддам!..
Хутчэй – падарвацца з падушкі, паспрабаваць ухапіць локаць... І скрозь вясёлкавыя блікі слёз на вейках угледзець замест рукава швэдра знаёмы зацыраваны рукаў гімнасцёркі.
Збянтэжанасць.
Неразуменне.
Збой у свядомасці, які патрабуе паўзы.
Дзверы, аднак, не чакаюць. Дзверы штуршком расчыняюцца, і плынь жоўтага святла затапляе пакой. Дашчэнту паглынае і шторы, і лямпу, і цёмны сілуэт на ўскрайку канапы...
– Не трэба... Не смей! Я не дазволю знікнуць! – яна, змярцвелая ад новай здагадкі, адчайна мацае наўслеп.
– Выкананне загаду, Ліда, – напамінаюць з зусім іншага боку, і чужая рука – чыя ж, урэшце? – саслізгвае ціхутка з яе валасоў, незнарок крануўшы мезенцам вуха. – На гэтым усё...
– ...Не смей!! – Ліда рэзка села, выдраўшы сябе са сну.
Вільготныя вочы студзіў вецер. Па шчацэ сцякла сляза і сарвалася з падбародка.
Як гулка, трывожна стукае сэрца! Як цісне грудзі шчымлівая туга! Свет наўкол у ненатуральна-зялёных адценнях: і неба, і бярозкі, і заблытаныя лініі на спацелых дрыготкіх далонях...
Ды няма ніякай крэйды. Проста скура...
– Лі-ід? Ты чаго шуміш? – Сцеша асядлала нос “сямёркі”, і дзявочы сілуэт вымалёўваўся на фоне аблокаў, нібы выразаны з кардонкі дзеля гульні ў тэатр ценяў. – Ой, Лід, гэта што з табой? Ты ж, па-мойму... н-ніколі...
– Не лезь!
Ліда сутаргава сціснула скроні. Як адрынуць гэтае дзікае, нясцерпнае адчуванне: і балюча, і цёпла, і саромны жах перапаўняе ад макушкі да пальцаў ног? Прагнаць, забыць... ці наадварот – затрымаць, каб нясцерпнасць не растала ў мешаніне ўражанняў? Яна гатовая была прысягнуць, што краёчак вуха яшчэ казычацца ад дотыку...
Дзе сон, а дзе рэчаіснасць? Чаму не суцішыць шалёнае сэрцабіццё ад галасоў у галаве, а траскатня сапраўдных конікаў здаецца такой штучнай?
– Гэй, чуеш – самалёт! А хіба вылятаў хто з нашых? – нязносная Сцеша, прыслухоўваючыся, круціла галавой з сабранымі нанова вузельчыкамі.
– Гэта ж... “кукурузнік”, – безэмацыйна выціснула Ліда. – Якая з цябе збройніца, калі гук матора не адрозніваеш?
– Ой, праўда... Дык пошта, мабыць! Пабеглі, першыя будзем!
Сцеша таропка спусціла ногі на плоскасць, саскочыла на зямлю. Чакальна памулялася, абціраючы рукі рыззём.
Ліда не скранулася.
– Ну, дагоніш! – упэўніваючы больш саму сябе, нацягнута абвясціла Сцеша. Яна паднырнула пад “сямёрку”, азірнулася ў сумневах і ўсё ж прыпусціла да паласы, на бягу склікаючы таварышак.
Вось і яна, адзінота. Самы час бязвольна ўткнуцца носам у калені і зарумзаць, як пяцігадовае дзеўчанё... Але танюткая струнка, да звону напятая ў грудзях, яшчэ трывае. А значыць, задушы ў горле енк, пачні адмерваць удыхі і выдыхі, каб не згубіць сябе ў шквале пачуццяў.
Зашмат для кароткага паўднёвага сну. Зашмат для яе адной.
Трызненні адмаўляліся выцвітаць. Мроілася: праўдзівыя менавіта яны, бо сплецены з такіх яскравых карцінак, гукаў, адчуванняў. А бляклая сонна-сонечная рэчаіснасць – толькі падманка. Адхінеш своеасаблівую маскіровачную сетку – і згасне сонца, і самкнецца над галавою ціхі кватэрны змрок, у якім, атрымліваецца, не ганебна выказаць самае-самае. Ці словамі, ці дзеяннямі... І з нашмат большай шчырасцю, чым было б прыстойна.
Даўно ёй не сніўся дом. Зацёрся, выцеснены крылатымі асацыяцыямі і ўсюдыісным колерам хакі. Ушчаміліся яны і цяпер, ды як бязглузда! А ўсё Сцешка вінаватая: ліха разбярэ, што там яна сніць на гэтых чахлах. Ці каго? Ведаць бы раней, што гэта заразна. Ёй, Лідзе, проста не хапіла б легкадумнасці, каб... Нават калі пакінуць хворае ўяўленне па-за дужкамі.
І ўсё-ткі... падсвядомасць штосьці паблытала. Таму што нехта, чыё прозвішча не будзем агучваць, ні на жменю не варты таго, каб за яго баяцца. Ды хіба не ён абраў гэты абавязак у дачыненні да яе?..
Над галавой натужліва прастракацеў У-2 і павярнуў, заходзячы на круг.
– Пошта? – схамянулася Ліда.
Яна патрэсла галавой, каб сагнаць чыгунны цяжар дрымоты, і ўгледзелася ў стрэлкі на наручным гадзінніку. Не паверыла. Калі б не цень ад “лавачкі” (ён прыкметна падаўжэў, нават накрыў чахол, на якім яе змарыла), ні за што не прызнала б, што выпала з жыцця на некалькі гадзін.
Зараза, У-2 ужо ідзе на пасадку! Занятая толькі пярэдняя кабіна – для лётчыка. Што, калі і праўда...
Ліда нязграбна падхапілася, ірванула была за Сцешай, але з мацюкамі вярнулася – падабраць рамень. Утаропіла вочы ў боты з заткнутымі ў халявы анучамі. Ды ну вас, няма калі! І стралою памчалася як была – басанож па траве, уплятаючы ў кудзеры вецер.
Свидетельство о публикации №223072400899