Сiла памяцi
НАЎСЛЕП
Навукова-даследчы інстытут ментальнага здароўя лічыўся ў жыхароў нябеснага свету адной з найважнейшых устаноў нароўні з Міністэрствам лёсаў. Аднак калі дзейнасць Мінлёса ахоплівала ў асноўным перыпетыі свету зямнога, то згаданы НДІ вывучаў і вылечваў тых, хто на небе пражываў наступнае жыццё, другое і апошняе. Уважлівую працу са свядомасцю не маглі не шанаваць, паколькі перайсці на гэты ўзровень існавання магчыма было толькі адным спосабам – сканаўшы. А таму з захворванняў часцей за ўсё рэгістраваліся выпадкі ментальнага разладу пасля смярцей рознай ступені цяжкасці. Бо памяць пра момант сыходу ў нябесных жыхароў захоўвалася.
Зрэшты, не ва ўсіх.
Валерый Аляксеевіч быў вядомы ў Мінлёсе як чалавек малапрыемны, але гранічна адказны. Службовыя абавязкі, што тычыліся кантролю зямных жыццяў у любых праявах, ён выконваў бюракратычна-пунктуальна і рупліва (бадай што, нават з перагібамі). У падпарадкаваных арганізацыях засвоілі: калі іх парог пераступала гэтая доўгая і прамая, як слуп, чорна-белая постаць, якая пад непрымірэнчы бляск акуляраў вымала з партфеля нататнік, з боку работнікаў было б разумна як хутчэй падчысціць хвасты.
Як чыноўнік Валерый Аляксеевіч быў неацэнны. Прычынай таму і яго выключная адданасць літары закону, і значны стаж працы інспектарам, але акрамя гэтага – той факт, што яго зямное жыццё аказалася сумна кароткім і ўспаміны аб ім так і не прыйшлі. Калі хто і мог вырашаць любы лёс бесстаронна, то менавіта ён.
У дзень, калі гэта атрымалася ў яго апошні раз, у НДІ ментальнага здароўя прайшла навукова-практычная канферэнцыя. Ён быў запрошаны больш для дакладу, чым для праверкі, а пасля заканчэння прыслухаўся да просьбаў кіраўніцтва і застаўся на банкет. Адзначыць было што: атрымала грант прагрэсіўная навуковая праца, у якой глыбей даследаваліся метады рэабілітацыі тых, хто скончыў жыццё самагубствам. Не тое каб для Валерыя Аляксеевіча гэтая нагода была важнай – у яго практычна зляцела з языка дзяжурная адмова. Можна было вярнуцца на працу, сістэматызаваць сённяшнія запісы, скарэктаваць план на тыдзень... Але гадзіннік паказваў дваццаць дзве хвіліны на пятую, а ў пяць, ведаў ён, зачыняецца міністэрская сталовая. І калі б канферэнцыя скончылася на сем хвілін раней, ён паспеў бы прынамсі ў буфет. Цяпер жа, калі час сышоў, нейкае незнаёмае пачуццё змусіла яго памарудзіць, прыслухацца да нясмелых намёкаў страўніка, звыклага да таго, што яго заўважаюць мала, пасля чаго ўперціся позіркам у акно: да шыбы ліпла панылая лістападаўская імжа. Усё разам мела такі гнятлівы ўплыў, што ён раптам пайшоў насуперак сваім прынцыпам і маладушна застаўся.
Урэшце, якая каму розніца, колькі доўжыцца канферэнцыя...
Апусціўшыся на вольнае месца за сталом злева ад маладой жанчыны, захутанай у белую пуховую хустку, Валерый Аляксеевіч зразумеў, што дапусціў промах. Насупраць яго апынуўся віхрасты рухавы хлопчык – той самы, які фігураваў на канферэнцыі як наглядны дапаможнік. Прыкра: успаміны аб ранейшым жыцці ўжо пачалі ў яго з’яўляцца, хаця яму яшчэ не ўдавалася прачытаць нават уласнае імя, што перайшло, як прынята, адтуль жа. Тры месяцы таму ён агаломшыў выхавацельку, калі на прагулцы без долі гідлівасці прэпараваў жабку аскепкам шкла і прасвяціў усю заінтрыгаваную групу адносна ўнутраных органаў.
Але ў астатнім гэта было звычайнае дзіця, а дзеці, на думку Валерыя Аляксеевіча, умелі толькі ныць і ўтвараць гармідар. Што пацвердзілася ў тую ж хвіліну: хлопчык пацягнуўся цераз паўстала па канапку з чырвонай рыбай і са звонам перакуліў келіх белага віна.
– Ой! О-о-ой, як шмат...
– Ха, і хоць бы глыток паспела зрабіць! – сузіраючы лужыну, весела пацокала рыжая кучаравая дамачка, якая сядзела побач з ім. – Ну, у цэлым слушна, скажы? «Мам, пераходзь на сок!»
Яна пафігістычна агледзелася ў пошуках сурвэтак, але ў найбліжэйшай фігурнай падстаўцы ўсё вымакла і распласталася, а яе адзінай сурвэткі было для лужыны малавата.
– Можа, і маю вазьмі? – прапанавала маладая жанчына справа ад Валерыя Аляксеевіча.
І, намацваючы, трапіла рукой на яго руку.
– Ох, я... выпадкова. Даруйце!
Руку яна тактоўна адняла, ён жа імпульсіўна схаваў сваю пад абрус. І, прысаромлены дурным рухам, катэгарычна сябе адчытаў.
Яна пацягнулася далёка наперад, перадала сурвэтку і села зноў, па стале чыркнулі кутасы пуховай хусткі. Валерый Аляксеевіч уедліва адсачыў, што яшчэ б два сантыметры – і яны негігіенічна леглі б у талерку, яна ж, захінаючыся, мімаходам зірнула на яго і раптам усклікнула:
– О, ды гэта вы! Ну трэба ж!
Ён скасіў вочы не без трывогі, рэфлекторна чакаючы нядобрае развіццё падзей.
– Вы-вы, я пазнала. А мяне вы не пазнаяце?
На пытанне, зададзенае з такой загадкавай паўусмешкай, нявыгадна механічна адказваць «не». Валерый Аляксеевіч узяў паўзу і насцярожана даследаваў яе знешні выгляд. Светла-русыя валасы, заколатыя ззаду вышэй за патыліцу. Белая блузка, па якой разбягаюцца маленечкія трыліснікі з чорнымі абрысамі. Тонкія пальцы, якія сцягваюць хустку...
І менавіта апошнія змусілі яго адкінуцца на спінку крэсла і скавана паправіць акуляры.
– Меркавана... пазнаю.
Верагоднасць, што яны сутыкнуцца яшчэ раз, была мізэрнай. Магчыма, дзесьці ў горадзе, на нейтральнай тэрыторыі; магчыма, ізноў у міністэрстве, калі яна не зараклася мець справу з лёсавікамі. Але каб тут... У той дзень яны гаварылі цераз стол, яго стол, цяпер жа ў моцнай пазіцыі яна. Па меншай меры не яна ў яго на працы, а ён у яе. Ізноў восень, ізноў хмурная цемра напірае на вокны... Неспасціжна: яшчэ і час той самы!
– Свецік, не бянтэж таварыша інспектара. А то гэта адаб’ецца на яго справаздачы. І мы заўтра ж атрымаем ад Міністэрства лёсаў найнепрыемнейшую навіну! – рыжая мама юнага унікума ўскінула нафарбавана-свавольна-драпежныя вочы. Яна працягвала ратаваць абрус, экспрапрыяваўшы дзесьці другі набор сурвэтак.
Валерый Аляксеевіч змерыў яе найнепрыемнейшым позіркам.
– Канферэнцыя была арганізавана належным чынам, а астатняе мяне не тычыцца! – адрэзаў ён.
Прагучала куды меней стрымана, чым мусіла, хаця задзірацца з падобнымі шэльмамі – не самы разумны крок. Якраз яны кплівей, чым хто, выглядваюць ступень прасавання стрэлак на штанах, вылічваючы сямейнае палажэнне, прытым абсалютна немагчыма прадказаць, якая фраза з чыноўніцкага арсенала адаб’е ў іх ахвоту выскаляцца. Калі адаб’е хоць якая. У такіх сварках Валерый Аляксеевіч заканамерна губляўся, а губляючыся – грубіў.
– Так, я вас памятаю, – адрывіста звярнуўся ён да жанчыны справа і гэтым пераключыў размову туды, дзе адчуваў большую ўстойлівасць. – Калі цікавіць яшчэ якая-небудзь інфармацыя аб жывых сваяках, то без электроннай базы...
– Не-не, – паспяшалася спыніць яна, – з пытаннямі я прыйшла б ізноў. Насамрэч я хацела... Як гэта... Хацела... папрасіць прабачэння.
Ён не знайшоў адпаведнай рэакцыі і міргнуў.
– Па шчырасці, я падумвала як-небудзь сабрацца і зайсці, але не зраслося, – яна задумліва распраўляла кутасы хусткі на цёмна-сіняй спадніцы. – Увогуле мне тады не варта было патрабаваць тое, чаго вы не маглі даць. Неяк непрыгожа атрымалася. Узрушаная заявілася, яшчэ і на познім тэрміне... – жэстам паказала жывот. – Цяпер вось разумею, што вырашыць можна не ўсё. У тым ліку праз вышэйшыя інстанцыі. І часта гэта... да лепшага?
Валерый Аляксеевіч слухаў і выпадаў усё больш. Па-першае, прымаць выбачэнні за святочным сталом, калі навокал поўна сведкаў, ва ўсіх адносінах складана. Па-другое, наведвальніца, аказваецца, увесь год трымала ў галаве тую няпростую сцэну і нават наважылася выбачацца, а гэта стварыла моцныя перашкоды ў яго карціне свету, дзе шматлікія сутычкі на службе паспяхова замыкаліся самі ў сабе і сыходзілі ў разумовы архіў. Па-трэцяе, ні ў адной з каталожных скрыначак памяці ён не змог адшукаць манеру паводзін, якая падышла б у такой сітуацыі.
Было яшчэ «па-чацвёртае», з найменшай логікай і найбольшым канфузам: ён таксама ні аб чым не забыўся і лічыў, што прасіць прабачэння варта яму.
– Што ж... Павінен прызнаць, не ўсе такія выпадкі безнадзейныя, – ён кашлянуў, будуючы адказ з улікам чужых вушэй і гарантаванай міністэрствам канфідэнцыйнасці. – Сапраўды, часцей за ўсё смерць адмяніць нельга – за выключэннем надзвычайных абставін. Але, мусіць... з майго боку... было б м э т а з г о д н а паведаміць аб гэтым у іншым ключы.
Ён з цяжкасцю дафармуляваў, выдыхнуў і, нарэшце зірнуўшы на яе, перахапіў стрэчны позірк. У якім – толькі падумаць! – чыталася куды менш напружання, чым у яго. Наогул не чыталася.
– Калі хочаце ведаць, я ніколькі не злуюся, – куточкі яе вуснаў з разуменнем прыўзняліся. – Вы мне дужа дапамаглі тады. Тым, што адмовілі.
Ад прыкрасці Валерый Аляксеевіч зусім зніякавеў і няпэўна тузануў галавой.
– Прыемна чуць, што праца Мінлёса выклікае ў кагосьці і станоўчыя эмоцыі, – буркнуў ён.
Па шчасці, яму не давялося працягваць гэтую пакутлівую размову: у дзвярах узнік натхнёны дырэктар НДІ і з парога папрасіў слова. Заставалася з палёгкай адвярнуцца ў яго бок.
Усё пайшло накасяк з самага пачатку і не мела ні шанцу выраўняцца. Хоць Валерый Аляксеевіч і абменьваўся прыстойнымі фразамі з добра знаёмай яму мужчынскай часткай банкету па левую руку, але пры ўсім жаданні не мог забыць аб суседцы справа, якая лёгка і натуральна перамаўлялася з калегамі. Яго прысутнасць нібы ні кроплі яе не турбавала, у той час як яму бачылася дзікім сядзець мірна поруч, змяніўшы чыста афіцыйныя зносіны на нефармальныя. Хай гэта і не азначала зносін услых.
Нават маўчання было для яго празмерна шмат: за кошт развітага бакавога зроку ён супраць волі заўважаў, як у тонкія пальцы кладзецца ножка келіха, як запясце, ахопленае скураным раменьчыкам гадзінніка, датыкаецца да краю стала, як паварочваецца галава і гайдаецца завушніца – два акруглыя серабрыстыя лісцікі, якія ўтвараюць нешта кшталту сэрца. Рухі былі плаўныя, жаноцкія нейкія – ці ёсць іншы эпітэт, здольны гэта перадаць? – а пушыстая хустка, якая ў цеснаце часам краналася яго рукава, навявала думкі аб нечым утульным і дамашнім. Прыкладна такімі Валерый Аляксеевіч чамусьці і ўяўляў жанчын, якія нарадзілі нядаўна. А можа, праецыраваў на яе тое, што ведаў і так. Як бы ні было, на кантрасце ён адчуваў сябе нязграбным, заціснутым і нервовым пры сваіх рэзкаватых жэстах і напружанай спіне. Кавалак не лез у горла, віно атрымалася толькі прыгубіць. І прычына была занадта зразумелая: развітаўшыся крыху больш за год таму з бледнай прыгнечанай наведвальніцай, ён быў не гатовы ўбачыць яе ціхамірнай і квітнеючай, а сябе – разладжаным, нібы тэхнічны сродак, які функцыянаваў так доўга, што забыў значэнне слова «рамонт».
У гэты дзень Валерый Аляксеевіч увогуле пачуваўся не лепшым чынам. Быў усяго аўторак, першы працоўны дзень пасля выхаднога, а стома ўжо суправаджала думкі пра план і абавязкі вэлюмам незнаёмай меланхоліі. Часткова быў вінаваты шчыльны графік цягам мінулага месяца, часткова – знаходжанне ў НДІ. Падчас канферэнцыі Валерыю Аляксеевічу пашчасціла выступіць адным з першых... Пашчасціла – бо чым даўжэй ён слухаў тэрапеўтаў, якія тлумачылі тонкасці працы з ментальнымі надломамі, тым выразней хацелася аслабіць гальштук: душыла здагадка, што для яго было б дарэчы наведаць гэтую ўстанову не як міністэрскаму работніку, а як пацыенту. Гэта яго і расхістала. «Я... не спраўляюся?» – тупа спытаў ён сябе пад трывожны стук сэрца, і грозны цень станоўчага адказу перакрыў палову ўсяго, з чым ён планаваў азнаёміцца проста дзеля агульнага развіцця.
Цяпер жа трэ было неяк кантактаваць з людзьмі.
З людзьмі, якія не былі пашкоджаны.
І ў непрацоўных акалічнасцях.
– Я слухала ваш даклад, Валерый Аляксеевіч. На канферэнцыі, – раптам звярнулася да яго светлавалосая суседка, узняўшы позірк ад талеркі з адбіўной і бульбай, ахутаных парай. Паўза выйшла такая працяглая, што ў самы раз было павітацца зноў. – Дык вы лічыце, наступны год будзе няпростым? Варта рыхтавацца зараз?
Ёй было, здавалася, вельмі цікава, бліскучыя вочы поўніліся ўважлівасцю. Ці то яе праўда вабіла гэтая тэма, ці то яна з гарэзлівага інтарэсу хацела паназіраць за ім пры стасунках. А можа, была ў яе нейкая свая таямнічая мэта, якую ён не мог разгадаць, і ад таго ў грудзях свярбеў неспакой.
А яшчэ... Трэба ж, яна памятала яго імя. Яе імені ён, безумоўна, не памятаў і не задумваўся над ім. Занадта часта сутыкаўся з імёнамі, каб бачыць карысць у доўгім іх захаванні, і пераводзіў кагосьці ў катэгорыю найменных у якасці выключэння, не правіла. Людзі выдатна запаміналіся яму знешне, але каб назваць кожнага... Ці не збыткоўна? Зручней успрымаць навакольных як роўнае мора, месцамі з нязначнымі ўсплёскамі (дзе важнасць большая), а для астатніх ёсць нататнік і база даных.
– Калі вы с л у х а л і, то памятаеце і лагічны ланцужок, – трохі буркліва зазначыў ён, адклаўшы нож і відэлец. Яму не давялося авалодаць мудрагелістым навыкам размаўляць і есці адначасова, ды і годным ён яго не лічыў. – Колькасць зафіксаваных у нябесным свеце цяжарнасцей б’е рэкорды. А з гэтага вынікае, што з той жа частатой людзі ў свеце зямным будуць паміраць. У хуткім часе.
– Дарэчы! Пацвярджаю са свайго боку, – рыжая кіўнула келіхам, які напоўніла зноў, хаця запэўніла, што згодная стаць непітушчай. – Будучыя мамачкі пруць на прыём як за дэфіцытным таварам у адной вядомай нам краіне. Па-мойму, чакаецца калапс! Наплыў дзяцей, параўнальны з наплывамі ў сусветныя войны. Я тут сама напружылася: калі што якое, мы трэцяга дзіцёнка пакуль не пацягнем. Ды і замяніць мяне на пасадзе няма кім, ва ўсіх дэкрэт. Трындзец, карацей...
Валерый Аляксеевіч, які не забыў крыўду, з халадком перачакаў – і працягнуў адказваць выключна суседцы. Гэта было блаславёнае працоўнае пытанне, і шаргаватая напруга ў грудзях паціху скамечвалася, даючы дыхаць.
– Як я і агучваў – па прагнозах спецыялістаў, прычынай стане значная эпідэмія. Магчыма, пандэмія. Пакуль рана казаць аб чымсьці канкрэтным, але працы пабольшае ва ўсіх ведамствах. А нагрузка на нашу інфраструктуру – асобная размова... Дэмаграфічны перакос у бок нараджальнасці будзе для нас такой жа кепскай навіной, як для іх – масавы лятальны сыход. Зразумела, вашу галіну гэта закране таксама. Калі мне будзе дазволена даць рэкамендацыі, то не зашкодзіла б узняць дакументы за часы падобных успышак захворванняў.
У яе з такой неназойлівасцю атрымлівалася слухаць і жаваць, што Валерый Аляксеевіч ледзь не ўсумніўся ў сваіх перакананнях адносна этыкету.
– Толькі іх? А я пашукала б і прыклады працы тэрапеўтаў у сувязі з узброенымі канфліктамі. Працы ў тандэме з крызіснымі псіхолагамі, канешне... У тых, хто памірае ў стрэсавы час, сімптомы падобныя, і вось асноўны – залішне рана прыходзяць успаміны. Не, яшчэ раней! – яна ўсміхнулася, адсачыўшы яго позірк, які ссунуўся на хлопчыка. – Нават нараджаюцца з памяццю. Чапляюцца за цяжкае мінулае, захрасаюць у пачуцці віны і гэтак далей... Намагаюцца жыць жыццё, якое скончылася, а ім жа варта ўступаць у новае.
Валерый Аляксеевіч цяпер напоўніцу асэнсаваў, што сядзіць поруч з тэрапеўткай, якая даследуе разлады памяці. Яму зрабілася не па сабе, нібы яна, знаходзячыся так блізка, магла забрацца яму ў галаву і выцягнуць не толькі праславутыя ўспаміны, але і сённяшнія страхі.
– Гэта ж не мусіла трапіць у вашу практыку? – прамармытаў ён.
– Не, па працы я такога не застала... Але ў гэтым свеце перад маім нараджэннем рыхтык з’явілася шмат хлопчыкаў. Да дзевяностага года. І... я іх памятаю. Ведаеце, той выпадак, калі з самага пачатку адчуваеш, на каго хацела б вучыцца.
Валерый Аляксеевіч быў суразмоўцам з далёка не лёгкім стылем маўлення і сумна не ўпісваўся ў чые б ні было дыялогі, але гэты атрымліваўся ў іх на дзіва здорава: яна з ім гаварыла, і гаварыла свабодна, і на тэму, блізкую яму. Такая рэдкасць. Можа быць, спалучэнне выходзіла вычварэнскае, але ён не меў раскошы спалучацца хоць з кім і быў цьмяна ўдзячны за крыхі чалавечнасці, якія атрымаў.
Хлопчык між тым з падкрэсленай насупленасцю сузіраў сваю надкусаную канапку.
– Мам. Мам. Мам. Ма-ам. Я не буду, – мэтанакіравана паўтараў ён і, мяркуючы па рабізне напояў у келіхах, штурхаў нагой стол у такт. – Можа, хочаш падмацаваць імунітэт? Вітаміны я і так адкуль-небудзь вазьму...
– Сонейка, мама не можа з’есці ўсё за цябе. У яе няма грошай на шырэйшую сукенку. Не хочаш – не трэба, толькі лішняга не бяры, добра? – рыжая падліла яму ў шклянку апельсінавага соку і выразна зірнула на сяброўку: – І чаму я дзіўлюся, што гэты вундэркінд выбраў нарадзіцца ў сям’і ўрачоў? Хаця я ў тым жыцці банальнай цырульніцай была...
А хлопчык заззяў і выцягнуў з просценькай хлебніцы адразу дзве лусты.
Штосьці ў гэтай сцэнцы невытлумачальна драпнула Валерыя Аляксеевіча. Ён пільна глядзеў на дзіцёнка, які ўгрызся ў хлеб, і той, адчуўшы позірк, пытальна лыпнуў блакітнымі вачыма.
Адкуль ён у ж о ведае, што можна адмовіцца? Ці не досвед мінулага жыцця падказаў яму, што моўчкі падпарадкоўвацца дарослым неабавязкова? Што жаданага дабіваюцца просьбамі?
– І... наколькі ўплывае на вашу працу наяўнасць успамінаў? – драўляным голасам спытаў тэрапеўтку Валерый Аляксеевіч, не чуючы сябе і гледзячы некуды ўглыб.
Яна замарудзілася, быццам пачула два пытанні замест аднаго і не ведала, на якое адказаць. Загаварыла асцярожна:
– Калі ўспаміны прыходзяць заўчасна, з імі цяжэй. Але калі яны хаця б ёсць, я лепш разумею, з чым працаваць. Калі ўзяць масавае нараджэнне, то – так, нагрузка павялічыцца. Затое можна будзе выявіць... м-м-м... агульную тэндэнцыю. Няхай не паставіць пацыентаў на паток, але намеціць тыповую схему лячэння. Яна вядомая, таму што вядомыя ўспаміны.
Ён пачуў у гэтым, што калі невядома нічога – схемы лячэння быць не можа. І ясна ўявіў з глыбіннай дрыготкай, як нагрувашчаная на яго гара задач павялічваецца ў наступным годзе ўтрая, пакуль у яго імкліва знікаюць сілы, каб справіцца хаця б з той, што ёсць.
– Цудоўна, што вашу дзейнасць так проста палегчыць, – працадзіў ён, перакінуты з пачуцця ўдзячнасці ў глухое азвярэнне. – Шкада, у лёсавікаў не так! Значная нагрузка ставіць пад сумнеў якасць выканання кожнага пункта. А калі яна яшчэ і працяглая, то аб захаванні працаздольнасці няма чаго і гаварыць!
[Бядак, ён яшчэ не ведае, што акрамя пандэміі іх чакаюць рэвалюцыя і вайна... (заўв. аўт.)]
Яму здавалася, што пасля беспрычыннай рэзкасці любая жанчына мусіць раззлавацца зваротна, але яна не раззлавалася. Хаця выдатна гэта ўмела. Толькі сталовыя прыборы замерлі ў пальцах – ён адзначыў аўтаматычна, што на безыменным па-ранейшаму няма заручальнага пярсцёнка.
– Чамусьці мне бачыцца, што праблема зусім не ў пунктах, – мовіла яна нягучна. – Даруйце за асабістае, можа быць, пытанне... Вам нішто не баліць?
Ён сумеўся і не адразу даў рады з адказам, намагаючыся прачытаць у прыхільным выразе яе твару, шчырасць гэта ці іронія.
– Несумненна не баліць.
– Добра! – яна незразумела ўсміхнулася, заправіла за вуха пасму і вярнулася да адбіўной.
Добра? Валерый Аляксеевіч усвядоміў, што спрабуе разгледзець сваё адлюстраванне ў бутэльцы віна, і вырашыў, што стасункаў з медперсаналам яму на сёння досыць.
Гардэроб НДІ не працаваў, нягледзячы на лістапад, таму па паліто давялося вяртацца ў кабінет, вылучаны запрошаным. Валерый Аляксеевіч у зблытаных пачуццях ішоў па калідорах, і па меры яго прасоўвання свяцільнікі, усталяваныя стараннямі Міністэрства эканоміі рэсурсаў, паслужліва запальваліся, а за спінай гаслі, расходуючы не больш электраэнергіі, чым патрабавалася. Такім чынам, у яго было паўсотні крокаў асветленай прасторы. Цемра наперадзе, цемра ззаду – гэта гняло яго, зачыняючы сам-насам з дзіўным налётам ад размовы, якая толькі што здавалася натуральнай. Гэтая жанчына, госця з мінулага, нагадала яму нейкую спагадлівую настаўніцу, ласкавую з падапечным, чые разумовыя здольнасці не ў парадку, а ёй так хочацца, каб ён пачуваўся як усе. Гэта ўпляло ў рэчаіснасць адценне вар’яцтва, і Валерый Аляксеевіч паскорыў крок, спрабуючы ад яго збегчы.
«Я вярнуся заўтра на працу, і гэта пройдзе», – паўтараў ён сабе, але і тут не знаходзіў супакою. Хіба горы дакументаў дазволяць схавацца ад уласнага «я»?
Ён паспяхова забраў партфель і перакінуў цераз руку паліто, аднак далей здарылася самае недарэчнае, што толькі магло здарыцца: ён заблукаў. Лабірынты НДІ разгаліноўваліся, нібы сетка нейронаў, прадмет вывучэння яго спецыялістаў, і ён ніяк не мог выйсці да лесвіцы, хаця чатыры разы пераканаў сябе, што павінен быў павярнуць правільна – строга ў адпаведнасці са сваім выдатным адчуваннем прасторы. Больш за тое, шлях да знаёмага кабінета знік у цемры таксама, давялося ісці наўгад уздоўж аднолькавых дзвярэй абапал калідора і намагацца адсачыць заканамернасць у нумарацыі. Але гэтая задачка аказалася яму не па зубах: верагодна, замест кансерватыўнага мыслення тут патрабавалася гнуткая інтуіцыя... Паказальнікі прысутнічалі толькі на паверхах для прыёму пацыентаў, а супрацоўнікам ці не ўжыўлялі мапу ў мозг – іншага тлумачэння ўзнерваваны Валерый Аляксеевіч не жадаў выдумляць. Яму дапамог бы план эвакуацыі, але гэтую таблічку належала шукаць акурат ля лесвіцы, а калі ён знойдзе лесвіцу, нашто план?
Ён ішоў-ішоў, раздражнёны сваёй няўважлівасцю, і несвядома скіроўваў гэтае раздражненне вонкі. Была б наладжана праца гардэроба, такога не здарылася б – азначаны факт якраз варты занясення ў справаздачу. І чаму пустуюць калідоры, калі яшчэ цалкам працоўны час? Але дзесьці пад вонкавай прыкрасцю і дробнымі прыдзіркамі ўсё шырэй разлівалася мора бяссілля і ўсё няўмольней праступалі ў тумане скалы Закона раўнавагі – чорт яго ведае, чаму ён вылез менавіта цяпер. У адпаведнасці з ім Валерый Аляксеевіч, які пражыў у зямным свеце зусім няшмат, мусіў атрымаць тут найбольшую магчымую колькасць гадоў.
На жаль, гэтае жыццё будзе доўгім...
Хутка яму, змучанаму, прыйшло ў галаву, што па няўцямных прычынах ён не паспрабаваў тузануць ручку ніводнага з кабінетаў, а гэта ж самы відавочны варыянт. Аднак у той самы момант з-за рога ўрэшце пачуўся стук некалькіх пар абцасаў. Валерый Аляксеевіч спыніўся, апусціў пацяжэлыя павекі, пераводзячы дух, і некаторы час слухаў, як гук набліжаецца, адбіваецца рэхам, чаргуецца з жаночай гаворкай. Страхі, што абвастрыліся за сталом, па-ранейшаму былі з ім, і ўсё ж яго хваравіта пацягнула апынуцца з кім-небудзь, не з сабой.
Калі групка супрацоўніц НДІ павярнула ў яго калідор (а яны не маглі быць нікім іншым, бо яўна не заблукалі), ён ішоў ім насустрач і пралічваў момант, каб прытармазіць і звярнуцца з падрыхтаваным пытаннем. Але рэчаіснасць, якая ўладарыла ў гэтай установе, працягвала здзекавацца з яго закасцянелай грунтоўнасці: адна з жанчын паклікала яго першая.
– Вы яшчэ не сышлі! Такая ўдача! Ці можна вас на пару слоў, калі вы не вельмі спяшаецеся?
Гэта зноў была яна. Хутаючыся ў пуховую хустку, вызірнула з-за ўсіх і ажыўлена ўскінула бровы.
– Бадай што, у мяне не намечана нічога тэрміновага, – дыпламатычна выкруціўся ён, праглынуўшы ўласную састарэлую рэпліку.
Іншыя супрацоўніцы прасачыліся міма яго, яны пераміргваліся смяшліва і дзелавіта. Здаецца, цягнулі сякую-такую ежу з банкету, а таму сустрэча з міністэрскім інспектарам у вечаровых калідорах не ўпісалася ў іх планы, але пацешыла. Хвала таму нябеснаму алгарытму, што заставаўся пакуль на баку Валерыя Аляксеевіча: сярод іх не было ні рыжай, ні яе сына. Затое была адна з жыватом, акругленым пад жакетам, і ён убачыў у ім дадатковае нярадаснае прадвесце.
– Насамрэч я яшчэ за сталом вырашыла з вамі пагаварыць, але там... было неяк не да месца, – пачала яго знаёмая, праводзячы позіркам каляжанак.
Яна вагалася, падбіраючы словы, але ў тым, як трымалася, нічым не выдавала збянтэжанасці або скаванасці. Што, дарэчы, сустракалася рэдка: з улікам яго пасады многія агідна-лісліва мямлілі, а іншыя кпілі і агрэсавалі. Хаця яго ніяк нельга было папікнуць тым, што ён злоўжывае паўнамоцтвамі.
– Як я і казала, наша з вамі... няўвязка... мне толькі дапамагла. Нават больш: якраз дзякуючы ёй у мяне з’явілася тэма для даследаванняў. Я выступала з напрацоўкамі ў першай палове дня. Вас жа тады не было?
Ён адмоўна хітнуў галавой.
– Дык вось, пытанне вывучана мала, звесткі патрэбныя... А я – я магу аналізаваць сваю ж сітуацыю! Гэта сур’ёзная навуковая праца, і я пішу яе літаральна з сябе. Вы не згадзіліся ў той раз пайсці супраць інструкцый і падоўжыць жыццё маёй мамы, і яна... у мяне нарадзілася!
Валерый Аляксеевіч мімічна выявіў абцякальнае здзіўленне «Так-так, здараецца», бачачы, што суразмоўца гаворыць усё болей жвава і захоплена, а ў яе позірку разгараецца даследчы агеньчык. Ён пакуль не зусім разумеў, як гэта яго тычыцца, але схіляўся да таго, што слухаць хутчэй прыемна, чым не. Нягледзячы на нядаўняе дваістае пачуццё. Можа, таму, што цяпер між імі не назіралася такіх заўважных адрозненняў: ён толкам не ўступіў у дыялог і не паспеў адчуць, наколькі гэта ў яго не атрымліваецца, а яна ў слабым калідорным асвятленні была менш ідэальная. Ён прыкмячаў інспектарскім вокам злёгку абазначаныя кругі пад вачыма і пасмы, што выбіліся за дзень (ніяк не наўмысныя), а яшчэ драпінку спераду на туфлі – што не мусіла суіснаваць з жаночым поглядам на такія рэчы, калі аказалася бачна яго мужчынскаму.
Яму было складана з адзіным нюансам: адкуль у яе для працоўных пытанняў столькі імпэту, які адсутнічае ў яго?
Ці не, яшчэ: чаму нават пры не самай высокай ступені адпаведнасці ідэалу яна застаецца абаяльнай?
– Мне жудасна пашчасціла, – натхнёна працягвала яна, – мала якому тэрапеўту такое выпадае! Вы не ўяўляеце, што за механізмы могуць спрацаваць, калі маці з дачкой мяняюцца месцамі! Гэта ж памяць, агульная памяць – хоць наяўная, хоць схаваная. Выбудоўванне адносін, калі яны ўжо былі пабудаваны, узаемадзеянні штодзень, якія ідуць па тым жа сцэнарыі, але – і не па тым жа, бо расклад зваротны...
– Уласна... Вы штосьці хацелі ў сувязі з гэтым? – нацягнута пацікавіўся Валерый Аляксеевіч, які не меў ні маральных, ні фізічных сіл абмяркоўваць тэму, звязаную са словам «памяць», і міжволі міргаў на кожнай сэнсавай паўзе.
Яна кіўнула з выбачлівай усмешкай:
– Так, хацела. У вашым кабінеце я сказала найдурнейшую дурасць, але зараз гатовая паўтарыць яе. Я збіраюся... прапанаваць вам сваю прафесійную дапамогу. Ізноў. Калі яна вам яшчэ патрэбна.
У яго неяк адразу, раптам сціснула грудзі і шалёна зайшлося сэрца, да звону ў вушах і дрыготкі ў пальцах. І сляпуча страшна стала выдаць, што з ім нешта адбываецца, страшна, што пры чужым чалавеку, страшна, што ён не зможа гэта спыніць... Ён няцвёрдай рукой сцягнуў акуляры і, хоць яму было нязручна з паліто і партфелем, узяўся праціраць іх насоўкай, якую выняў з унутранай кішэні пінжака.
Які цяжкі дзень. Невыносна цяжкі.
– Не ўпэўнены, што разумею... – прасіпеў ён, гледзячы не вышэй за шэрыя пліты падлогі.
Стукнулі абцасы – яна падступіла на крок.
– Але ж я бачу, што... Не, не так... Вы самі гаварылі, што год будзе складаны. І што праца... яе акажацца навалам. А я ўпэўнена, што свядомасць кожнай асобы – за якую я адказваю – важная ніколькі не менш, чым усе разам пытанні сусветнага маштабу. За якія адказваеце вы. І калі я магу штосьці зрабіць, то зраблю – але гэта залежыць ад вашага рашэння. І ад таго, ці ёсць... праблема, над якой можна працаваць.
Ён уцягнуў паветра скрозь ціск на грудзі, задыхаў як мог. Скамячыў насоўку, але акуляры не надзеў, каб не глядзець.
– Нічога не змянілася, калі вы аб гэтым. Не змянілася да лепшага... Мабыць, ужо і няма патрэбы.
– Вы праўда так лічыце? Або гэта хвілінны імпульс і вы дасце іншы адказ?
– Я не медыцынскі работнік, каб мець нейкае ўяўленне пра... тое, што змяніць магчыма, а што не. І зыходзячы з гэтага прыняць рашэнне.
– Што ж, калі не паспрабаваць, наўрад ці ўяўленне з’явіцца... І потым, я не пыталася, ці верыце вы ў вынікі маёй дапамогі. Я спытала, ц і п а т р э б н а яна вам.
Размова зрабіла круг, вярнуўшыся да прамой фармулёўкі, і пальцы, што сціскалі акуляры, задрыжалі мацней.
– Справа не ў адных успамінах, – амаль прастагнаў ён, – справа ўва мне ўсім! Ніякай верагоднасці, што гэта ваша. Што вырашаюць выкрасленыя з памяці шэсць гадоў жыцця?
– Але ж гэтыя шэсць гадоў і змясцілі ў сабе жыццё, – сказала яна мякка.
Ён адчайна хістаў галавой, хістаў, быццам спрабуючы расхістаць сябе і на штосьці адважыцца, і не разумеў, як атрымалася, што яна выкрыла яго, загнала звычайнымі фразамі ў кут, і цяпер яму трэба думаць проста зараз, пераступаць парог проста зараз – непераступны парог, да якога ён прырос за гады і ад якога не можа нават адсунуцца. І чым напружаней ён вынаходзіў, як пазбегнуць адказу, тым мацней блыталіся думкі і адчувальней біў у скроні пульс.
– І што ж... што ад мяне патрабуецца? – зрывіста спытаў ён у выніку, супярэчачы самому сабе.
Настала паўза на тры секунды; ён ведаў, бо на кожную прыходзілася па два мітуслівыя ўдары сэрца.
– Гэта «так»? – ціха ўдакладніла яна.
Ён надзеў акуляры, не адразу трапіўшы дужкамі, але ўзняць позірк так і не здолеў.
– Так.
У грудзях заціскала, нібы ён зрабіў крок у чорную прорву і, падаючы, намагаецца ўгадаць, што на дне – вострыя камяні, пясок, быстрыня, а то і ўвогуле дна няма і давядзецца падаць вечна, так і баючыся ўдару.
– Ад вас патрабуецца толькі ваша жаданне. І прысутнасць! – сказала яна дружалюбна. – Можна нават цяпер... Ну, то бок не зусім – у кабінеце, канешне. Калі сёння вам зручна.
Ён не мог ацэньваць, не мог думаць, мог толькі павярхоўна дыхаць і глядзець міма, быццам пасля прынятага найскладанейшага рашэння ні на якое іншае, хай будзённае, не засталося сіл.
– Гэта неафіцыйна. А дзяўчаты зараз сыдуць. Хадзем! – вельмі проста прапанавала яна.
Ён азірнуўся ў змрок, ірацыянальна спалохаўся, што яна знясе святло з сабой, і рушыў за ёю.
Ісці аказалася лягчэй, чым стаяць. Пад стук абцасаў да Валерыя Аляксеевіча пачала вяртацца прытомнасць, і цяпер ён дзівіўся, якім чынам яго з больш ці менш ураўнаважанага стану вышпурнула ў штосьці малаадэкватнае. А яшчэ пастфактум уразіўся, што дыялог між імі ўсё роўна атрымаўся, нібы працягнулася нябачная нітачка. Страціць гэтае адчуванне ў маўчанні здалося яму нечым трывожным.
– Ужо... выйшлі працаваць? Вы разумееце, аб чым я...
– Так, працую. Добра, што дзеці тут развіваюцца хутчэй – і на стадыі плода, і пасля нараджэння. Асноўнае закладзена ў мінулым жыцці, так што патрэба ў бацьках не выражана... А блізу дзесяці месяцаў – гэта ўзрост.
– Сапраўды, з улікам функцый гэтага свету... нельга пакідаць абавязкі на гады.
Ён пачуў, як гэта прагучала, і на імгненне зажмурыўся, але яна са згодай нахіліла галаву:
– Думаю, таму ўсё і наладжана па спрошчанай схеме. Калі жывеш клопатамі абодвух сусветаў ды яшчэ спрабуеш даатрымаць у другім жыцці штосьці важнае... Тут і ў суткі трэба ўкладваць шмат! Што казаць пра гады. Спраў у НДІ па горла, ну а з Ленай могуць пабыць і мае бацькі, гэтага досыць... – яна запнулася і зябка абняла сябе рукамі. – У сэнсе, тутэйшыя бацькі. Мне, ведаеце, цяжка тлумачыць староннім, чаму дачка адначасна мама. Са знаёмымі іншая праблема: без імёнаў яны не адразу цямяць, каго з дзвюх мам я маю на ўвазе. Я пакуль не прыдумала, як быць... Можа, лепш не тлумачыць наогул.
Валерый Аляксеевіч не быў бацькам, не быў і знаўцам пачуццяў, але ва ўсёй гэтай рэпліцы яму падалося двайное дно. Паглыбляцца ў такія прывідныя матэрыі было для яго задужа складана, і ўсё-ткі ён адрозніў яе ранейшы імпэт ад гэтай неўразумелай задумлівасці.
– Прашу прабачэння, у той раз не запомніў... Як вас завуць? Святлана? – па інерцыі спытаў ён і не заўважыў, аб чым іменна пытаецца.
– Не зусім. Святаслава, – азвалася яна, зірнуўшы на яго рассеяна. – А вось скарачаецца «Света», мне не тое каб даспадобы іншыя варыянты.
«Нашто мне ведаць, як скарачаецца!» – унутрана абурыўся Валерый Аляксеевіч. Але яны якраз прайшлі таблічку «5-е аддзяленне памяці», а ў канцы калідора адчыніліся дзверы – выпырхнула чародка супрацоўніц, пярэстая ад шалікаў, паліто і куртак. Яны памахалі здалёк, і адна засталася чакаць ля дзвярэй, бразгаючы ключамі, – можа, нават тая, што неўзабаве мусіла сысці ў дэкрэт. Валерый Аляксеевіч несвядома запаволіўся, прапусціў спадарожніцу ўперад, і яна, падышоўшы, спачатку лёгкім беражлівым жэстам вывернула каляжанцы капюшон, а пасля прыняла ключы.
Яму дзіўна стала набліжацца, ён спыніўся – быццам перад стужкай, якая адгароджвала ад яго любыя праявы блізкасці.
Жанчыны абмяняліся парай нязмушаных фраз, яна павярнулася, паклікаўшы яго позіркам, і ўвайшла.
Ён мог не ўваходзіць, мог сысці ўслед за супрацоўніцамі, хоць і ў няёмкасці. Хто яго ўтрымае? У тую хвіліну ўласны стан не здаваўся яму безнадзейным. Але гэтыя дзверы, адзіныя з незлічоных дзвярэй, знянацку расчыніліся для яго, і адчуваў ён у іх штосьці... с в а ё, болей с в а ё, чым знайшлося б у лабірынтах.
Валерый Аляксеевіч звыкла крануў акуляры, насоўваючы іх на пераноссе. Нібы ад таго, што ён будзе бачыць выразней, магла з’явіцца гатоўнасць.
І ўвайшоў.
І не вельмі ўпэўнена зачыніў за сабой дзверы.
Фаза другая
ВЯЗЕНЬ СВЯДОМАСЦІ
Кабінет быў вялікі, у ім настальгічна пахла дажджом і восеньскай лістотай. Відаць, доўга было адчынена акно. Валерый Аляксеевіч слупом замёр ля ўвахода, гаспадыня ж прайшла да крайняга стала – лінолеум прыглушаў крокі, – дзынкнула ключамі па драўніне і, скінуўшы пуховую хустку, павесіла яе на спінку крэсла. Пасля чаго без аніякай спешкі выняла з шафы белы медыцынскі халат (за ім саслізнуў шалік ліловым палатном, але яго злавілі і заправілі назад) і надзела, не зашпільваючы.
– Сядайце, – кіўнула на высокае рэгуляванае крэсла. – Я тут крыху разграбу дакументы. Кінула ўсё ў самым разгары...
Валерый Аляксеевіч падшмаргнуў штаны і сеў, паклаўшы паліто на калені. Яму яшчэ не даводзілася бачыць ні ператварэнне шараговага грамадзяніна ў доктара, ні падрыхтоўку да прыёму, але ён стараўся не надта вылуплівацца на яе перасоўванні па кабінеце – такая асаблівая чароўнасць медработніцы прасякала іх, прыкметная і ў адсутнасць халата. Калі разважаць грунтоўна, гэта магло быць задумана: каб вобраз атрымаўся прыемны і добразычлівы, а значыць, дапамагаў у працы. Але ад адной думкі пра падтасоўку рабілася моташна.
Тым часам яна ў яго на вачах размяркоўвала паперы па стосах і, не маючы месца, ахайнай лесвічкай масціла адзін на другі, вылоўлівала між старонак ручкі і маркеры, збірала разрозненыя квадрацікі для занатовак і эканомна прыладжвала ўсё гэта на стальніцы. Ля манітора знайшоўся куток і для трох жалудоў, каштана і шышкі, раскладзеных на пунсовым кляновым лістку з падсохлымі краямі.
Валерый Аляксеевіч мімаволі ўспомніў свой чыста функцыянальны стол, дзе не меў права знаходзіцца нават аловак нявызначанага паходжання, не тое што кампазіцыі з прыродных матэрыялаў. І параўнанне зноў было неяк не на яго карысць.
– Падаецца, гатова! – задаволена абвясціла яна, калі на расчышчанай прасторы засталася толькі пухлая запісная кніжка, адкрытая на чыстых старонках.
Пры сваім росце і вышыні крэсла Валерый Аляксеевіч седзячы быў трохі вышэй за яе, калі яна стаяла, нібы да яго тут пабывала дзіця. Каб іх вочы апынуліся на адным узроўні, яна апусціла сядзенне нажной педаллю. І, замест таго каб скарыстацца прыхарошаным сталом, стала насупраць, скрыжаваўшы рукі на грудзях і прыўзняўшы куточкі вуснаў у знаёмай загадкавасці. У яе заўважна расправіліся плечы – ці то ў халаце была прычына, ці то ў вяртанні да любімых абавязкаў.
– Дык вось! Паколькі мы гаворым пра памяць, для пачатку сёе-тое праверым. Ці атрымаецца ў вас, не павяртаючыся, назваць колькасць працоўных месцаў у гэтым кабінеце?
– Шэсць. З вашым уключна, – адказаў ён, амаль не здзіўлены. Сярод захаваных зрокавых вобразаў намацаліся не толькі сталы, але і групка жанчын, апранутых для выхаду.
– Добра... Можа, прыгадаеце, на якіх блюдах нам падавалі рыбу? Памер, колер?
Валерый Аляксеевіч дапытліва ўгледзеўся ў яе непранікальны твар.
– Рыбу не падавалі. Толькі мяса, – сказаў ён з націскам. Яна мнагазначна варухнула бровамі, і ён атрымаў пацвярджэнне таго, што мае рацыю. Нават нягледзячы на тое, што за сталом яго думкі блукалі далёка ад ежы. – Ну а блюды – простыя белыя, сантыметраў трыццаць у дыяметры.
– Ага, тады што-небудзь цяжэйшае... Ля ўвахода ў НДІ скульптура – дзве зведзеныя далоні, – яна склала свае коўшыкам. – І трымаюць яны...
– Чалавека. У далонях спіць чалавек, высечаны з каменя. Гэта ваша эмблема, і на дакументах яна дублюецца.
– Выдатна. А ці была тая ж выява ў актавай зале?
– Была. На задніку сцэны. І, калі не памыляюся, на кожным тытульным слайдзе кожнага прадстаўніка інстытута... Яшчэ я магу сказаць, якая колькасць заяўленых удзельнікаў выступіла і якая адсутнічала, а таксама тое, колькі дакладаў было ў кожнай секцыі. Але гэтага вы, мяркую, не ведаеце.
– Паверу на слова, – яна ўсміхнулася шырэй.
– Аднак хіба на т у ю памяць усё гэта ўплывае не апасродкавана? Да таго ж пытанні тычацца не столькі запамінання, колькі ўважлівасці, што не можа служыць падставай для...
– Ох, не давяраеце вы мне, Валерый Аляксеіч! – яна хітравата прымружылася. – Чаму мы спаборнічаем у тым, хто з нас лепей ведае маю прафесію? Вельмі прашу вас пабыць пацыентам, хаця б нядоўга.
Ён і сам не заўважыў, як пачаў упірацца, несвядома падмацоўваючы пазіцыі. Быццам з хвілі на хвілю чакаў нападу, як у тым годзе. Не так лёгка аслабіць кантроль і даручыць сябе чалавеку, якога некалі адчувальна зачапіў, і незалежна ад выніковай карысці.
– Для поўнага абследавання спатрэбіцца МРТ, але прыкладныя паказальнікі можна атрымаць зараз. А то чарга пакуль падыдзе... – яна дастала з шуфлядкі прадаўгаваты футляр і адкрыла яго на стале, на чорнай падкладцы бліснулі акруглыя шкельцы. Але разгледзець іх ён не паспеў. – Гэта варта зняць, – мякка сказала яна і за дужкі акуратна пацягнула з яго акуляры. – Пінжак таксама зніміце, калі ласка. Вядома, калі вам не будзе халаднавата.
– Не будзе, – сказаў Валерый Аляксеевіч, якому ад апошняга яе жэста зрабілася трошкі горача. Ці не знарок яна – дзеля эфектыўнасці выхаваўчых мэт? Ён западозрыў бы яе ў заляцаннях, калі б гэтая думка не была максімальна бязглуздай, а апроч усяго іншага – у яго меліся больш чым сур’ёзныя прычыны знаходзіцца тут, яна ж пакідала ўражанне надзейнага спецыяліста з аналітычным ініцыятыўным падыходам.
Пакуль ён прыладжваў на каленях яшчэ і пінжак, пераканаўшыся, што спінка крэсла для гэтага не прыдатная, яна запаліла на сцяне кампактную лямпу на паваротным кранштэйне і нацэліла на яго плынь цёпла-аранжавага святла – як ад ліхтароў у маленькім парку ля міністэрства. Святло было яркае, але мудрагеліста рассейвалася, дазваляючы не жмурыцца. Свяцільнікі ж на столі пагаслі, ахінаючы кабінет прыцемкам.
Белы сілуэт вярнуўся ад выключальніка, крануў футляр, але ўсумніўся:
– Зрэшты, спачатку...
Яна села за стол і падсунула да сябе аркуш тоўстай ламінаванай паперы з табліцай, уступамі афарбаванай у розныя колеры, як перыядычная сістэма.
– Так... Падкажыце, калі ласка, колькі вам тутэйшых гадоў.
Ён уздыхнуў, бо прыкладна ўяўляў рэакцыю.
– Сорак шэсць.
Яму не патрэбны былі акуляры, каб разабраць, што яна журботна падціснула вусны, але палец слізгануў-такі на перакрыжаванне радка і слупка. І трапіў у зону, не афарбаваную нічым.
– Сапраўды, замалы каэфіцыент... Такая разбежка. І ўсё ж... усё ж вось гэта, – пазногаць стукнуў па ячэйцы, – можа нічога не значыць. Я перастала абапірацца на агульную статыстыку, калі нарадзіла сваю ж маці. Адкажыце вось на якое пытанне: ці памятаеце вы што-небудзь з таго жыцця?
– Нічога. Сцяна.
– Калі не карцінкі, то гукі, пахі? Смакі? Тактыльныя адчуванні?
– Нічога, – паўтарыў Валерый Аляксеевіч з натугай.
Ён не гаварыў гэтага нікому. У іншых нават у найгоршых выпадках было хоць штосьці – намёк на вобразы, цень атмасферы, эмоцыя... Немагчыма агучыць, што замест успамінаў, якія ў рознай ступені ёсць ва ўсіх, у цябе абсалютная пустэча. Нібы да цяперашняга жыцця тваёй асобы не існавала.
Яна памарудзіла, узважваючы яго словы даўжэй, чым было б натуральна.
– Можа, бывае часам дзіўнае пачуццё: ведаеце, сітуацыя да чагосьці падобна, але... быццам незнаёмая. А непакоіць. Не спяшайцеся, падумайце!
Валерый Аляксеевіч наморшчыў лоб. Яму ўспомніўся быў эпізод, калі сын рыжай апякункі цяжарных пазбаўляўся ад канапкі з рыбай, але па якіх крытэрыях зразумець, тое ці не?
– Складана сказаць...
Яму было няўтульна без звычайных афіцыйных фармулёвак: простыя адказы адчуваліся як занадта адкрытыя, заахвочвалі да збліжэння, а ад гэтага ён адвык даўно. Позірк жа атрымліваўся без акуляраў не стрымана-вострым, а змораным.
Адсунуўшы табліцу, яна ўстала, прайшла пад лямпу і прыхілілася да сцяны.
– Справа тут вось у чым... Ментальныя траўмы, атрыманыя ў мінулым жыцці, уплываюць куды мацней, чым траўмы ў цяперашняй. Таму важна даследаваць тое жыццё, каб вылечыць некаторыя рэчы, якія перашкаджаюць зараз. Разумееце?
– Разумею, што невылечны, – суха сказаў ён.
– З гэтым я б не спяшалася. Яшчэ вы разумееце, магчыма, што з’яўляецеся для мяне аб’ектам навуковага інтарэсу... Спадзяюся, не прагучала неяк амбіцыйна. У НДІ нячаста завітваюць работнікі вашай патрабавальнай установы, ну хіба па службе, хаця яўна маюць той жа дыягназ з невялікімі варыяцыямі. Што для кіраўніцтва зручна... То бок, як бачыце, частковая адсутнасць успамінаў – штука распаўсюджаная. Поўная ж форма сустракаецца вельмі рэдка, яшчэ радзей, чым тое, што адбылося са мной. Мы вось гаварылі за сталом... Я расказвала пра стрэсавыя ўспаміны, якія прыходзяць з нараджэннем. Але ёсць і іншая крайнасць – ваша. Псіхіцы так цяжка, што яна хоча абараніць сябе ад мінулага жыцця. І блакуе яго. Ці ведаеце вы... што-небудзь? Пра вас.
– Што-небудзь – так. Больш чым агульна. У свой час я звяртаўся па звесткі, – ён ізноў паморшчыўся, з нацягам накручваючы на палец нітку ад паліто. – Але складана атаясамліваць кагосьці з сабой, калі не памятаеш.
Перакопваць туманныя ўспаміны шматгадовай даўніны і тым больш распінацца аб іх у яго жадання не было, і яна гэта заўважыла.
– У любым выпадку адштурхоўвацца мы будзем ад таго, што маем, а не ад таго, што маглі б мець. Скажу шчыра: з вашай разнавіднасцю амнезіі я не працавала, але – тым цікавей узяцца! І на практыцы пашукаць варыянты, аб якіх не ведае тэорыя. Таму, раз вы ў мяне, паглядзім, што можна зрабіць!
Бадзёра паведаміўшы гэта, яна зменшыла вышыню яго сядзення яшчэ крыху, падступіла ўпрытул, так што сталі бачныя трыліснічкі на блузцы, і аберуч злёгку павярнула яго твар лявей і вышэй, да святла. Ад дотыкаў у яго заказыталіся мурашкі дзесьці ля патыліцы, але атрымалася не адвесці позірк.
– Глядзіце вось сюды, – яна паказала сабе за спіну, некуды ў раён мацавання лямпы. – Дакладнасць працы вашай памяці мы праверылі, а зараз высветлім, як яна арганізавана.
– Ар... ганізавана? Яе можна ўбачыць? – насамрэч яго хвалявала не столькі пытанне, колькі тое, як бы схаваць за ім няёмкасць. – І чаму вочы павінны мець дачыненне да памяці?
– Не тое каб яны былі люстэркам душы... Пафасу мнагавата. Але ў іх і праўда зручна зазірнуць, як у акенца. Або вочка. Вочка ў свядомасць – так мы жартуем.
Яна адсунулася, аднак толькі для таго, каб узяць з футляра лінзу з тоўстага шкла, як для акуляраў у добрыя два дзясяткі дыяптрый, і паднесці да левага яго вока. Наколькі ён змог разабраць, шкельца было скрозь у рысачках рознай даўжыні і канцэнтрычных акружнасцях. Калі яно і дазваляла ўбачыць штосьці недасяжнае для простага позірку, то працавала ў іншы бок: сам ён назіраў толькі бясформенную пляму аранжавага святла, прапушчанага скрозь лінзу.
– І што ж г э т а сабой уяўляе? – падазрона спытаў ён, не спяшаючыся верыць у спрэчную методыку.
– Структура памяці індывідуальная... Хм, у вас гэта строгая сіметрыя і паралельныя прамыя – гарызантальныя і вертыкальныя. Нагадваюць міліметроўку, і ўсё сістэматызавана па ячэйках. Да чаго дробныя – тут патрабуецца большая кратнасць, чым даюць любыя лінзы! – голас у яе быў такі задаволены, быццам яна здагадвалася. Ён моўчкі здзівіўся трапнасці пападання ў асацыяцыю са стэлажамі каталожных скрыначак. – А ў мяне, напрыклад, памяць хаатычная – кшталту кветак на лясной паляне. Дзесьці ўкрапіны канюшыны, дзесьці рамонкі. Дзесьці лубін цэлым зараснікам. Я бачу як бы ўсе адразу, але адны падсвечваюцца ярчэй, а іншыя цьмянеюць. Гледзячы які колер шукаць... Патрымайце так! Не зашкодзіў бы асістэнт, ну ды нічога. На вас усё роўна не заведзена карта.
Ён ухапіў халаднаватую металічную аправу, асцерагаючыся парушыць знойдзенае становішча, а яна ступіла да стала і зашамацела ручкай па старонцы запісной кніжцы.
– Але ўсё гэта выглядае... малаверагодным. Бо памяць, здаецца, нематэрыяльная? – Валерый Аляксеевіч урэшце атрымаў магчымасць зміргнуць неспакой. Праўда, не тады, калі гэта патрабавалася яму больш за ўсё. Хто б мог падумаць, што непрыступнаму інспектару Мінлёса будзе невыносна знаходзіцца так блізка да тэрапеўткі, канфрантацыю з якой ён без страт выйграў год таму. Амаль без страт, калі ўлічыць, што цяпер ён у яе, каб яна ўсё-ткі паспрабавала вырашыць яго праблему.
– Ну, спосаб укараняць сны спецыялісты адшукалі ж. Таксама па-свойму ўнікальна: у зямных розумах цалкам мог здарыцца канфлікт з фарматам файла... Ці як гэта на прафесійнай мове снатворцаў? – яна вярнулася і прыняла лінзу з дрогкіх пальцаў. – У дадатак мы не прагледжваем змесціва памяці, мы вывучаем яе структуру. Тое, што нам даступна. Гэта не адно і тое ж, згодныя? А ў блакітных вачэй ёсць свой медыцынскі плюс: пры светлым райку відаць больш. Хаця гэта тычыцца самых простых метадаў, калі правяраюць, што называецца, на каленцы. Маючы толькі святло з патрэбнай даўжынёй хвалі і вось гэтыя шкельцы.
«У мяне блакітныя вочы». Чамусьці такую звычайную рэч, агучаную староннім чалавекам, свядомасць успрыняла пад іншым вуглом. І – затармазіла, не разумеючы, куды прыткнуць непазнавальнае адчуванне ад інфармацыі вядомай. Яго позірк збянтэжана саслізнуў з мацавання лямпы, заплямленага дзвюма парамі нярэзкіх ценяў, якімі бачыліся без акуляраў шрубы, і ўтаропіўся ў твар побач: пад выгінамі броваў засяроджана паблісквалі вочы, светла-карыя, як жалуды, а скрозь пасмы серабрыста-размыта мігцелі завушніцы.
Самы час пашкадаваць, што па зроку ў яго не такі вялікі мінус.
Яе зрэнкі ссунуліся насустрач позірку яго правага вока, і яна спытала:
– Мо падкажаце, колькі гузікаў было на маім паліто? Калі я прыйшла да вас тады.
– На... паліто? – ён у разгубленасці нахмурыўся і зрушыў лінзу брывом. Галоўная прычына даследаванняў нейкім чынам сышла для яго на другі план. – Тры навідавоку, так. І адзін, здаецца, пад шалікам...
– Неймаверна! – яна рассмяялася і адступіла, вяртаючы яму здольнасць бачыць абодвума вачыма, хоць і неаднолькава ясна з-за светлавой плямы, што блукала-назаляла злева. – Я б сама не памятала, калі б не перашывала нядаўна. І безумоўна не разлічвала на адказ. Але ваша свядомасць выдала яго з налёту і не заскрыгатала, скажам так... Зрокавая памяць у вас выдатная. Так, цяпер другое вока!
Уся гэтая сітуацыя меней дэзарыентавала б яго, калі б доктарка аказалася незнаёмай. Аднак яна – яна застала яго некалі ў момант сілы, пасля чаго касяком пайшлі моманты слабасці, а ён, наадварот, сустрэў спярша яе слабасць, а потым сілу. І не сказаць, каб такі расклад дапамагаў. Бо слабасць была чымсьці ўнутраным, што належала хаваць, а ў гэтых калідорах, у гэтым кабінеце ў Валерыя Аляксеевіча не атрымлівалася загнаць яе ўглыб і зачыніць там.
Магчыма, у нечай сістэме каардынат такое было не патрэбна. Магчыма, нехта мог дазволіць сабе быць слабым адкрыта. Але для яго было пакутай знаходзіцца на чужой тэрыторыі і ў безупынным хваляванні, не маючы ні шанцу ўмацавацца ў чым-небудзь звыклым – як выйшла ў яго напачатку на ўсе пяць балаў. І чым даўжэй заставаўся ён у падвешаным стане, тым складаней было захаваць аблічча.
А ўвогуле ўсё гэта было падобна да прыёму ў афтальмолага, да якога ён спраўна завітваў раз на год. З той розніцай, што яму не трэ было нікуды глядзець: глядзела яна, звонку ўнутр, і час ад часу мяняла лінзы. Шкельцы таўсцелі – нібы бясплённая спроба атрымаць выразную выяву, – і яна ўсё радзей гэта каментавала, занурыўшыся ў вывучэнне чагосьці ў глыбіні. Ён не пытаўся, ён пакорліва чакаў і стрымліваў дыханне, скаваны расплывістасцю свайго становішча. Ва ўсіх сэнсах.
Чарговая занатоўка з’явілася ў запісной кніжцы, чарговае шкельца адправілася ў футляр, але на гэты раз новае яна не ўзяла. Яна павярнулася да Валерыя Аляксеевіча і, апусціўшы рукі ў кішэні халата, абаперлася на стол. Лямпа працягвала свяціць, афарбоўваючы тканіну ў аранжавыя адценні.
– Што сказаць... Цяперашняя памяць учэпістая, трэніраваная – гэта ясна і з практыкавання, і са структуры. Але «міліметроўка» гнецца кепска. Што ў цэлым вытлумачальна: з улікам узросту было б дзіўна мець пластычную памяць дзіцячага ўзору. І я зараз прыкідваю, перашкодзіць гэта ці дапаможа прабіць нашу сцяну. Таму што напружанне... Яго шмат. За ім нічога не бачна. Яно наслойваецца, як... не ведаю, як фарба, нанесеная процьму разоў запар і ўсё цямней з кожным заходам.
Гучала нядобра. Трывожыла.
Нават пры тым, што яна сказала не «вашу сцяну», а «нашу».
– То бок можна і не прабіць? – у Валерыя Аляксеевіча падсеў голас. Пасля яе слоў ён адчуў напружанне ўсім целам і ўраз перапоўніўся ім – так застылая вада распірае пластыкавую бутэльку. У такім выпадку як адкруціць корак? Або чым спыніць ператварэнне ў лёд?
– Дапусцім, расклад не з простых, – тактоўна зазначыла яна, – але ёсць жа фізіятэрапія, медыкаментознае лячэнне... А яшчэ некаторыя методыкі, пакуль у асноўным эксперыментальныя. Усё гэта можна спрабаваць. Паслядоўна ці паралельна – паглядзім. І карэктаваць у адпаведнасці з тым, што будзе атрымлівацца.
Ён памкнуўся паправіць адсутныя акуляры, і давялося зрабіць выгляд, што засвярбела пераноссе. Мякка кажучы, адказ яго не супакоіў: ён прывык да цвёрдага і канкрэтнага парадку дзеянняў, да адназначных рашэнняў, а ад мутных перспектыў без аніякіх тэрмінаў у галаве пачынала агідна гудзець. Пэўна, гнуткасці мыслення яму і праўда неставала.
Здагадаўшыся па напружаным позірку, што за разумовы працэс у ім адбываецца, яна кіўнула з ледзь заўважнай усмешкай:
– Заплюшчыце вочы.
А потым ціха абышла яго і паклала далоні на скроні.
Можа, яму павінна было палепшаць, але зрабілася цяжэй: да гэтага моманту трывожныя думкі размяркоўваліся па ўсёй галаве, а цяпер мітусіліся ад скроні да скроні і дзяўбалі ў такт пульсу, быццам намагаліся раскалоць свядомасць. І... ён хоць і не бачыў яе, але адчуваў выразна. Яму не да месца ўспомнілася, як сцепануўся ён за сталом ад мімалётнага судакранання рук, і, першае і галоўнае, такая рэакцыя мала нагадвала нармальную, а другое – хто гарантуе, што з яе боку ўсё здарылася незнарок? Ды і спецыфіка вось гэтых маніпуляцый была яму невядомая, таму ён не мог адсачыць, які іх працэнт на самай справе неабходны. Абвінавачваць у гэтым было недарэчна, але яшчэ недарэчней – утрымліваць маску спакойнай абыякавасці, калі дыханне перарываецца, а апушчаныя павекі ўздрыгваюць у імкненні захоўваць пільнасць.
Самая адчувальная, інтуітыўная часцінка яго асобы ўсведамляла некаторую няправільнасць таго, што яго так палохаюць – і адначасна вабяць – найменшыя праявы ўвагі і клопату. Але асноўную частку гэта стопарыла і не дазваляла хоць наколькі-небудзь ссунуцца з мёртвай кропкі.
Акрамя таго, гэтымі сваімі рукамі яна не рабіла нічога, і нерухомасць у поўным бязмоўі непакоіла яго.
– Хаця б... што мусіць адбыцца? Я не разумею.
– А вам хацелася б зразумець загадзя? Паспрабуйце расслабіцца. Магчыма, дзень быў клапотны, столькі задач, столькі людзей вакол. А тут нічога гэтага няма, цішыня і прыцемак, ніякіх складаных дзеянняў... Толькі не забывайце дыхаць, добра? Удых носам... Павольней...
Валерый Аляксеевіч цяпер напружваўся ад таго, што нічога не выходзіла. Ён быў моцны якраз у выкананні задач і абсалютна бездапаможны ў спробах разгрузіць цела і розум. Сэрца, замест таго каб суняцца, тахкала ўсё больш нервова, лоб змакрэў, дыханне зрабілася павярхоўным. Ён раптам з жудаснай яснасцю ўбачыў сябе непаўнавартасным, няздольным рабіць штосьці звычайнае, што можа кожны. Нават дыхаць. Усе суцяшальныя стабільныя навыкі немінуча спадалі, як шалупінне, статус рассейваўся дарожным пылам, заставаўся ж чалавек, проста чалавек, які не ўмеў адчуваць сябе важным толькі таму, што ён ёсць.
Сэрца лупіла, дыханне збівалася, заледзянелыя пальцы сутаргава сціскалі адварот паліто. Ён ізноў быў у калідорах, цяпер у калідорах свядомасці, асветленых злавесна-аранжава. Унутраная сцяна, афарбаваная ў чорны, зусім не была глухой – у ён таксама былі дзверы, і ніводныя не адмыкаліся, і кожныя пераконвалі, што рэальныя адчыніліся несапраўдна і ненадоўга, а яму так і суджана блукаць аднаму па ўяўных лабірынтах, звонку якіх нагрувашчаны матэрыяльныя, і ўсё гэта ўрэшце раздушыць пясчынку розуму, якая пакуль утрымліваецца на мяжы адэкватнасці. Пошукі раўнавагі дзесьці тут выглядалі вар’яцтвам і імкліва ў яго саслізгвалі, а ён не мог гэта спыніць, бо не мог ні за што зачапіцца, бо нават ціск на галаву некуды знік, а рабіць нешта без ціску, без супраціўлення адчувалася занадта незнаёма, каб асвоіць гэта зараз...
Вышэй за лапаткі легла далонь, ловячы панічны рытм дыхання.
– Вы не адзін з гэтым, я таксама тут. І буду столькі, колькі спатрэбіцца.
Валерый Аляксеевіч высілкам волі расплюшчыў вочы і вярнуў сябе ў кабінет, такі ж аранжавы, але чамусьці з адценнем зелені.
Голас вывеў яго з калідораў. Вывеў, не ўтаймаваўшы ліхаманку... і ад яе не падзецца было нікуды, нікуды: яна запаўняла яго ўсяго.
Свавольна ганяла паветра сюды-туды.
Адбірала рэшткі вытрымкі.
Знясільвала.
Аднак далонь працягвала ляжаць на спіне, цёплая скрозь кашулю і грунтоўная. Другая апынулася на лбе – ён не памятаў, калі гэта здарылася, і ледзь не застагнаў, што там не трэба кранацца.
– Н-не магу... Не выходзіць! Наадварот... выкідвае кудысьці...
– Я зусім не чакаю, што выйдзе адразу. Гэта ж вельмі складана – такая перабудова... Але можна зрабіць маленькі крок наперад і паглядзець, ці робіцца трошачкі спакайней.
Голас даносіўся цяпер крыху збоку, гучаў цішэй і інтанацыйна інакш. Гэта апісвалася нечым глыбейшым за словы «карэктна», «спачувальна», «выгладжана»... Гэта ўвогуле не апісвалася, проста яна стала канструяваць сказы з нейкай новай беражлівай логікай.
– Мы пачнем з малога, будзем паціху вучыцца... Я ведаю, як гэта – калі блага дыхаецца. І я таксама не разумела і баялася. Але гэта можна выправіць. Вельмі многае можна выправіць... Паступова. І выпраўляеце вы ўжо цяпер. Вас выкінула, але вы вярнуліся, правільна?
– Так, але... не сам, і... Не атрымаецца, не! Занадта... даўно! Я так нічога не вылечу...
– Вы пацыент, памятаеце? Задача ў вас іншая. І я тут, каб з ёю ўвесь час дапамагаць. Вам зусім не трэба спраўляцца самому.
Ён бы з найвялікшым задавальненнем справіўся сам, але слаба разумеў, як рабіў гэта раней. Або не спраўляўся ніколі. Канечнасці здаваліся нечым чужародным і няўклюдным, а мышцы – ці то змерзлымі, ці то скамянелымі, але не жывымі. Жывой была яна, плаўная і па-жаноцку разняволеная; ён выразна адчуваў розніцу, неабсяжную, як прорва, і скаланаўся загадзя, адступаў загадзя, не верачы, што яе можна адолець. Вельмі наўрад ці да гэтага разняволення ўсё было так запушчана, як у яго...
Ну чаго ж яму так цяжка быць жывым?
Ад перабору кіслароду ў галаве звінела, сэрцабіццё то пачынала сціхаць, то зноў зашкальвала, варта было злавіць секундную палёгку. Зрэшты, спрабаваць супакоіцца, калі гэта цялесна адсочваюць, задужа нервова.
– Можаце гаварыць са мной, калі захочацца, – прапанавала яна.
– Аб... чым? – ён тужліва надламаў брыво пад яе далонню.
– Аб чым заўгодна. Што здаецца важным... Вам жа нешта замінае, так? Замінаюць мае рукі?
– Н-не ведаю... Так?.. – скорагаворкай выпаліў ён – ледзь не скурчыўся ад прамога пытання. Вымаўляць гэта было п а к у т л і в а сорамна, але пасля выпадзення свядомасці такое ўспрымалася хаця б як нешта больш выноснае.
– Гэта каб я разумела, што з вамі адбываецца. Каб вы адчувалі мяне тут, не заблукалі ў думках...
– Я амаль заблукаў, – ён не ў стане быў асэнсоўваць, адкуль яна ведае.
– А ад чаго вам было б лягчэй прызвычаіцца, як думаеце?
– Не... ведаю... можа... ад гэтага тлумачэння, нашто ўсё.
– Ага. Я крыху патрымаю, калі дазволіце. Мне здаецца, вы пакуль не зусім знайшліся.
Праглынуўшы камяк у горле, Валерый Аляксеевіч няпэўна тузануў галавой, што магло азначаць як забарону, так і дазвол.
Далоні асцярожна перасунуліся яму на плечы, і тыя ўздрыгнулі – ён не мог гэта кантраляваць.
– Так, так, і тут напружанне... Памяць – гэта не толькі пра галаву. Каб да яе падступіцца, бывае патрэбна пачаць здалёк. Няхай няма ў мяне моцных ведаў у псіхалогіі, усё ж у нечым мая праца з ёй перасякаецца. У свядомасці шмат што ідзе ў звязцы – гэта як вы не былі ўпэўнены, што ў вашай сітуацыі я падыходжу.
– Я і ц-цяпер... цяпер не ўпэўнены, што... яно ідзе куды п-павінна. Толькі горш... і ў вар’яцтва глыбей...
– Калі паглыбляцца раптам стане нясцерпна, вы заўсёды можаце мне сказаць. І мы прыдумаем выйсце разам, – яе голас заставаўся лёгкім і спакойным, нібы яна бачыла яго разлад не такім крытычным. – Дамовіліся?
Ён з перарывістым выдыхам ізноў тузануў галавой, насамрэч не маючы паняцця, ці зможа выпіхнуць з сябе нешта хоць на драбочак разумнае, калі яго пацягне ў калідоры. Гэта было нейкае насланнё. Ён ужо з цяжкасцю ўяўляў, як апынуўся тут пасля звычайнай канферэнцыі і амаль звычайных пасядзелак за сталом. Самая дзіўная тэрапія з самым непрадказальным эфектам, якую толькі давялося яму паспытаць за ўсё нябеснае жыццё.
А можа, дзіўная не тэрапія? Можа, ён і яго галава? Што, калі ён даўно з’ехаў з глузду і адно цяпер гэта ўсвядоміў? Быў бы ён нармальным, ліхаманка не апанавала б яго да такой ступені з-за н і ч о г а...
І, што б яму ні казалі, дзяліцца гэтымі думкамі было вышэй за яго сілы.
– Прыдумаць... выйсце... Але яго няма – я не бачу. Ні выйсця, ні плана эвакуацыі... Сцяна. І замкнёныя дзверы.
– Калі дзверы замкнёныя, то некалі іх адчынялі. І да кожных ёсць ключ, – слушна зазначыла яна. – Можна пашукаць ключы, а можна ўзяць адмычку, напрыклад. Або адвёртку. Або?..
– Ну, хаця б... сякеру? Штосьці масіўнае?
– Вось іменна. А яшчэ, як варыянт, можна пастукаць і папрасіць, каб адчынілі, – прапанавала яна з прыязнай хітрынкай. – А не адчыняюць – без дазволу прайсці наскрозь.
У гэтым месцы яго неяк рассеяла. Першыя ідэі выглядалі для яго затарможанага розуму болей жыццёвымі.
– Але... як... – гэта нават не было пытаннем. Для пытальнага тону патрабуецца хоць трохі веры.
– Вы адчуеце. Калі прыслухаецеся да сябе дастаткова, каб разабраць падказкі. Дарэчы... Вам зручна сядзець?
– Зручна, – машынальна мармытнуў Валерый Аляксеевіч.
А пасля зразумеў, што напраўду не. Што стаміўся захоўваць належную прамую спіну, а нагам у адной паставе застаецца толькі здзервянець. Што нахіл галавы і плячэй змяніць можна таксама. Што час урэшце расціснуць пальцы, якія самкнуліся на паліто мёртвай хваткай...
Далоні варухнуліся на плячах – спагадліва, ухвальна? – і замерлі надоўга.
А ён для нечага заплюшчыў вочы сам.
Спрабуючы забыць, што яна ззаду, што плечы пад чуйнымі далонямі ўзнімаюцца пры кожным яго нялёгкім удыху, ён безнадзейна слухаў, як цікае гадзіннік на яе запясці і дробна стукаюць па падаконні кроплі. Дагэтуль ён дажджу не чуў. Як і гадзінніка: у яе, напэўна, прыўзняўся рукаў. А слухаючы, здзіўлена ўспомніў, што ўжо рабіў гэта нядаўна – дыхаў з прыплюшчанымі вачыма і чакаў.
Калі спыніўся ў калідоры.
Рабіў несвядома, не ведаючы, як правільна. Рабіў таму, што быў знясілены і хацеў перадыхнуць.
І ў яго атрымалася.
Можа, цела ведае штосьці лепей за мозг?
Сэрца яшчэ спяшалася, спатыкаючыся кожны раз, калі ён яго заўважаў, ды і лёгкія працавалі змушана. Аднак ён уцягваў паветра, уцягваў старанна і размерана, каб падтрымліваць жыццё ў целе хаця б знарок. Быццам падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх з-за немагчымасці ўдыхаць самастойна.
Сачыць, адбываюцца змены ці не і ў якім аб’ёме, было даволі бязрадасна, але неўзабаве, на шчасце, яго ўвагу зноў адцягнула ціканне. Звычайна гэты назойлівы гук раздражняў, а цяпер... цяпер быццам не было з чым уступаць у рэзананс. Аслабла нацяжэнне трывожных унутраных струн, якія інакш непазбежна былі б зачэплены.
Гэта што ж – можна слухаць гадзіннік без нервавання? Калі нервы забарахлілі як ніколі?
Гэты парадаксальны факт збіў яго з тропу, і ён, забыўшы пра дыханне, дапытліва лавіў кожны крок секунднай стрэлкі – спачатку лічыў іх, але кінуў недзе на дзвесце дваццатым. Гадзіннік ішоў, а час спыніўся. З заплюшчанымі вачыма час быў бачны, быў неад’емнай часткай аранжава-чорных калідораў – і быў добразычлівы, варта было ўсяго заставацца нязрушным разам з ім і пры гэтым рухацца ў нагу з гадзіннікам. Гэтыя сентэнцыі не паддаваліся ніякаму тлумачэнню з пункту гледжання розуму, але чароўным чынам уносілі стабільнасць. Ён стаяў-рухаўся, а сцены з дзвярыма аддаляліся, адступалі... не, рабіліся празрыстымі і зліваліся са святлом. Для гэтага не патрэбна была спешка, не патрэбны былі хаатычныя кіданні па лабірынтах. Вызваліцца з палону сцен і падабрацца невідавочна блізка да адэкватнасці можна было і нікуды не падбіраючыся. Замерці на месцы, апынуцца з сабой, растаць у бачна-нябачным.
Дождж разбіваўся аб падаконне, ціканне разбівалася аб час, кончыкі пальцаў абмацвалі шаргаваты ворс паліто, і яму было не зусім зразумела, у якое імгненне ён задыхаў глыбока і роўна. Гэта прыйшло і расцяклося па целе асалодай, густой і прыемнай, напоўніла рукі і ногі, абяссіліўшы іх і пераканаўшы ў непатрэбнасці сілы, авалодала думкамі, запаволіла іх, развеяла іх, пакінула яму толькі дыханне. У рэшце рэшт ён амаль пазяхнуў, але млява ўразіўся і адрынуў гэта, не ўспрымаючы як штосьці прыстойнае.
– Ну вось, проста цудоўна...
Яна мякка і паступова абгладзіла кашулю ўніз да локцяў, і ён перастаў адчуваць гэтыя далоні, перастаў чуць гадзіннік. З яе боку не данеслася ні гуку, але нешта захіліла святло, якое прабівалася праз павекі – іх Валерый Аляксеевіч і цяпер пакідаў апушчанымі, хаця ніякіх указанняў яму не давалі.
– Як вы пачуваецеся? – яго скроней ізноў кранулася цеплыня і затрымалася на іх.
– Лепей. Чым было...
– А як было?
– Тут? Ці заўсёды?
– Можаце выбраць самі.
– Было... жудасна.
Сказаў – і па тым, як абарвалася сэрца, зразумеў, якая гэта праўда.
– Вы такі малайчына, што згадзіліся зайсці. Не заўжды проста адсачыць самому. Але вы нешта адсачылі, праўда? А цяпер ведаеце, што бывае інакш... Сённяшні вечар для такой сур’ёзнай прапрацоўкі як бы не вельмі падыходзіць, а наогул не падыходзіць зусім. Калі ўлічыць банкет і яго напоі. Але тады ў калідорах я пабаялася, што вы пойдзеце і не вернецеся, як вашы калегі з міністэрства... А дапамога акажацца вам патрэбна.
«Вам нішто не баліць?» – звярнуўся да яго з памяці яе ж голас і працяў раптам наскрозь, да вострага цягнучага адчування ў сярэдзіне грудной клеткі.
– Няўжо гэта настолькі бачна? – глуха спытаў ён.
– Бачна мне. Бо гэта мой профіль. А так людзі рэдка шукаюць тлумачэнне чужым учынкам сярод пачуццяў... На жаль.
Бадай што, цяпер далоні на скронях успрымаліся як штосьці натуральнае. Ён ці то скарыўся, ці то прывык, ці то зжыўся з імі як з элементам рэальнасці, які не можа не існаваць. Голас ішоў цяпер спераду, таму ў спалучэнні з далонямі атрымлівалася нешта замкнёнае і... нечакана ўтульнае. Ён нават здолеў вымавіць самыя неймаверныя рэчы, месца якіх было ў далёкім зацененым куце свядомасці, у пыле і павуціне.
– Са мной адбывалася штосьці... ненармальнае...
– Хвалявацца – нармальна. І баяцца – нармальна. Мы баімся і хвалюемся, таму што жывыя.
– Не... падобна... каб я быў жывы.
– Калі ж вы паспелі памерці? – жартаўліва папікнула яна, і далоні крыху пасунуліся. – Я б заўважыла. Дакладна кажу!
– Я памёр у тым жыцці. А потым так і не нарадзіўся.
– Ведаеце, а я ж таксама ўспомніла мінулае жыццё пазнавата. У дваццаць адзін год. Выходзіць, і я не была жывая датуль?
На гэта ў яго не знайшлося што сказаць. Тады яна спытала:
– А як бы вы зразумелі, што ўсё-ткі нарадзіліся?
– Не ведаю...
– Лепш так: па якіх прыкметах вы вызначаеце, жывы ці не? Таму што... вы дыхаеце. У вас б’ецца сэрца. Зрэнкі рэагуюць на святло, а скура – на дотыкі. Трэба штосьці яшчэ? Можа, я проста не ўсё разумею.
У яго вырваўся ўздых. Калі б нельга было трымаць вочы заплюшчанымі, ён не прымусіў бы сябе адказаць.
– Я рэагую... занадта моцна, – выціснуў ён. – Ненармальна.
– І аб чым гэта, па-вашаму?
– Аб тым, што нешта не так.
– Зараз таксама? Ці зараз больш падобна да «так»?
– Больш...
– А вы адсачылі, што ў вас атрымалася дапамагчы сабе? Калі целу стала «не так».
– Атрымалася?
У яго складвалася ўражанне, што «не так» – яго пастаянны стан, а «так» – надзвычайны і хутчэй анамальны. З якога нельга выйсці, бо не знаходзішся ў ім. І які зможаш намацаць, толькі калі пашанцуе.
– Гэта выпадкова... Мабыць.
– А мне вось падалося, што вы дзейнічалі цалкам свядома. І яўна згадаеце гэта, калі спатрэбіцца яшчэ.
Яго павекі пацепваліся недаверліва, нязгодна. Ён не прывык абапірацца на зыбкія адчуванні: абсурдна закладваць фундаментам тое, што не падпарадкаваць. Тое, што падпарадкоўвае цябе. Аднак замест гэтага сказаў:
– Я не ведаю, што такое «дапамагчы сабе».
Ён чакаў, што па прынцыпе пытанняў і адказаў, які ён здолеў пралічыць, яна пацікавіцца, ці даводзілася яму дапамагаць камусьці. Але не.
– А вам – вам дапамагалі?
Ён сумеўся:
– Не ўспомню з ходу...
– Ці можна назваць дапамогай тое, што раблю я? Ну, калі шчыра.
Заставалася часта прыгнечана заківаць: і праўда, такое не прыйшло яму ў галаву.
– Ага... А ці хацелі б вы... паступаць з сабой прыблізна гэтак жа? – яна прыцішыла голас настолькі, што яе словы немагчыма было б расчуць далей за стол, але ў агульнай для дваіх замкнёнай прасторы яны заставаліся яснымі. – Бо вы заўсёды ёсць у самога сябе. Заўсёды можаце сказаць сабе, што патрэбны адпачынак... Узяць паўзу, калі насоўваецца вось гэтае «нешта не так»... Паспачуваць сабе...
Ён трохі напружыўся і, здаецца, пачаў удыхаць цераз раз. У галаве тоўпілася мноства складаных пытанняў, а адказ, просты адказ, меўся толькі адзін: «Не магу». Самы нясцерпны.
– Вы ж правільна злавілі адчуванне, – працягвала яна ціха-ціха. – Калі рэакцыі становяцца «занадта»... то гэта сігнал, што лепей штосьці змяніць. І вы змянілі. Зразумелі, што вам патрэбна дапамога. Пагадзіліся яе прыняць. Крышачку пабылі з сабою тут і ўжо знайшлі ўнутры спакой... Усё гэта пра змены. Паступовыя і свядомыя.
Пакуль яна гаварыла, голас ператварыўся ў шаматлівы павольны паўшэпт, які ўплятаўся ў цішыню кабінета і быў... адчувальны скурай.
– Вас не пазнаць такога, як цяпер. Няма трывогі, няма заціснутасці, строгасці няма – зусім іншы чалавек... Які нават размаўляе па-іншаму. І быць такім у вас атрымліваецца. З в а м і ў с ё ў п а р а д к у, в ы ў м е е ц е г э т а. В ы з д з е й с н і л і г э т а с а м і. Вы можаце мяняць тое, што замінае, станавіцца любым, якім пажадаеце. І гэта чароўна.
З пужлівай выразнасцю адчуў ён, як ад слоў, вышаптаных з неапісальнай інтанацыяй, ад далоні, якая ласкава слізганула па валасах (а гэты жэст, меркаваў ён цьмяна, мусіў прызначацца камусьці маладзейшаму на чатыры дзясяткі гадоў), – ад усяго разам у калені пракрадваюцца дрыжыкі, шчыміць сэрца амаль фізічным болем і ўсё няўцямней сціскаецца горла, ды так, што хутка зноў давядзецца адваёўваць удыхі. А ён жа не быў чуллівы – зусім не. Ён па інерцыі працягваў так лічыць пасля ўсяго гэтага вэрхалу, дзіўнага і жахлівага, які вытрас пачуцці аднекуль са змрочнай глыбіні. З імі было складана, невыносна-бездапаможна, іх было больш, чым магло ў ім цяпер змясціцца. Ад іх, як і ад ліхаманкі, схавацца не было дзе, да гэтай бітвы ён быў катастрафічна не гатовы, роўна як і не быў здольны прызнаць, што бітва не патрэбна і што змагацца з сабою – з’ява разбуральная, сэнсу ў якой няма.
Не быў гатовы і да таго, што ў гэтае імгненне адчуе бязважкі дотык вуснаў да вуснаў.
– Вы, напэўна... шмат выпілі, – з намаганнем выгаварыў ён у гэтыя вусны, пакуль у грудзях станавілася цесна ад моцных, дакладных сардэчных удараў, якія не мелі нічога агульнага з нядаўнім дробным стукам. Расплюшчваць вочы ён цяпер баяўся, але расплюшчыў – наўпрост у загадкавыя, светла-карыя, што расплываліся на гэты раз таму, што былі побач.
– Не болей за вас, – прашаптала яна і пацалавала зноў, акуратна і пяшчотна, прыцягваючы да сябе яго галаву і не даючы адхіліцца.
Узрушаны яе блізкасцю, аглушаны няпростым душэўным станам, ён адказаў на пацалунак, не паспеўшы спытаць сябе, ці разумна гэта, ці дарэчна. Ці рэальна? Доўга, увесь вечар, прывучаў ён сябе, што яна недасяжная, і разгубіўся, калі не толькі не сустрэў супраціўлення – калі яе рукі з лёгкасцю, якая абяззбройвала, перавялі дотыкі з шэрагу нейтральных медыцынскіх у... гэтыя. Ён не ўспомніў, як цяжка пераносіў іх бясконцасць хвілін таму, не заўважыў, як устаў, памкнуўшыся ёй насустрач, выпусціў з-пад увагі, што ўпалі з калень паліто і пінжак і засталіся ляжаць у іх пад нагамі. Неверагодна: яна была з ім сама, яе не трэ было ўтрымліваць, не трэ было пакутліва наладжваць кантакт і вынаходзіць першы крок, бо гэты крок зрабіла яна і гарнулася так, быццам не ён меў патрэбу ў ёй, а наадварот. Дазволіла абняць сябе пад халатам – абняць няёмка, пасля мацней і мацней, дазволіла цалаваць да ачмурэння ля сцяны, хаваючы ад святла лямпы, і цалавала сама, і абвівала шыю мяккімі рукамі.
Што гэта было? Ці не належала разабрацца? Або належала не задумвацца і прымаць цеплыню, колькі зможаш увабраць? Ён з палёгкай не задумваўся, і гэта была рэдкая рэдкасць: не чуць голас розуму, не ведаць, што ён дзесьці існуе, дыктуючы абрыдлае паняцце нормы. Цеплыня іншага чалавека, жывая дазволеная цеплыня была зараз каштоўней за нормы, важней за паветра – хваравітая патрэба ўпэўніцца, што сам ён усё-ткі жывы, што з ім у с ё ў п а р а д к у. Што зноў могуць змазацца адрозненні паміж імі дваімі, зблытацца ролі, ператвараючы ў чалавека з чалавекам. І водгалас гэтага адчування ён улавіў там, дзе ніяк не чакаў: яе падатлівыя трапяткія вусны хутчэй прасілі чагосьці, чым хацелі дарыць. І замест спагадлівай перакананасці, знаёмай па голасе, замест гарэзнасці, што ззяла ў позірку, прасякала гэта нейкая самазабыўная радасць з прысмакам меланхоліі... Мусіць, ён заблудзіўся з нязвычкі ў адценнях, бо гэта было яго ўласнае пачуццё: не адштурхнулі, хаця маглі. Тут быццам таксама таілася патрэба, сустрэчная, што шчасліва супала, і калі б ён хацеў думаць, думаць па-ранейшаму, то шляхам лагічных высноў разнёс бы такі варыянт ушчэнт. Урачу недапушчальна правальвацца ў асабістае, ва ўрача няма права бачыць рашэнне ў пацыенце... Аднак сухая бясстрасная логіка прайгравала абуджаным пачуццям, блякла ад адчуванняў, абвострана-яркіх, і ён паддаваўся – не мог не паддацца.
Якая да чорта розніца, атрымліваць ці дарыць, калі дорачы – атрымліваеш?
– Дзякуй... за гэтую дапамогу... Дзякуй! – шаптала яна між пацалункамі, і кончыкі пальцаў слізгалі па яго твары.
Ён не разумеў, аб чым гэта, але выявілася, што разумець і не трэба: дастаткова гэтых вуснаў, гэтых пальцаў, якія яго прымаюць, а прымаючы – адказваюць; дастаткова цеплыні скуры на паясніцы пад блузкай і таго, што яго руцэ не забаронена з бессаромнай дзёрзкасцю рушыць уздоўж пазваночніка і спатыкнуцца ў збянтэжанасці на пару шкадлівых пяцелек і гаплікоў...
– Ціха! Ці-ха...
Ён цяпер таксама пачуў гукі ў калідоры і замёр, дыхаючы ёй у шыю. Па інстытуце разносіліся шорахі крокаў і галасы: нехта натхнёна разважаў лектарскім тонам, нехта пасмейваўся, клацалі-зашпільваліся кнопкі на нечай вопратцы, і праз роўныя прамежкі часу звонка стукаў па плітах наканечнік палкі.
Спрабуючы ўявіць, што будзе, калі адчыняцца дзверы, ён шчакой адчуў, што яна ўсміхнулася, адчуў дрыжыкі ад бязгучнага смеху:
– Куды тут... глыбей у вар’яцтва... І ў чым выйсце?
Галасы і палка пачуліся небяспечна блізка, але, узвысіўшыся, адразу пачалі аддаляцца. Прыціхаў і рабіўся неразборлівым голас лектара.
– Хаця... Паспелі б, так...
– Пагасіць лямпу, – скончыў ён нечакана для сябе. Цяпер рашэнне прыйшло проста і без замінкі, хай гэта і не было заданнем.
Яна не пацвердзіла, не аспрэчыла – даверліва прыхілілася скронню, заказытаўшы валасамі.
Яго пальцы злёгку краналіся пяцелек, але ён выдыхнуў, выпусціў, рука слізганула ўніз па спіне...
Сляпучы боль працяў галаву – спярша скроні, потым макушку, патыліцу. Сціснуў мозг, не даючы ўцягнуць паветра, і ён, задыхнуўшыся, уткнуўся лбом у сцяну, пасля цяжка наваліўся плячом, ледзьве цямячы, дзе ў яго ногі, на якіх трэба ўстаяць. Розум скалануўся, як ад землятрусу, і зваліў у гару ўсё ўпарадкаванае змесціва ячэек. Змяшаліся паняцці «верх» і «ніз», «права» і «лева», «святло» і «цемра», памутнела веданне, што за субстанцыя паветра і для чаго яно павінна паступаць унутр, у секунду прагарэў сэнс эфемернага спалучэння «не балюча». Зараз, калі целу было знаёма расслабленне, усё здавалася суцэльным кашмарам.
– Што не так? Дзе баліць?! – яго локаць намёртва сціснулі. – Чуеце мяне?! Можаце канцэнтравацца на голасе?
Ён не мог. Боль цягнуў яго кудысьці. Свядомасць, з’ява далікатная, на якой варта было б змясціць аналаг меткі «Увага: шкло!», на вачах распадалася на буйныя вуглаватыя фрагменты, якія нагадвалі ўспораты асфальт (магчыма, чорныя, калі ён яшчэ здольны быў называць колеры правільна). І мігцела за імі штосьці, што магло ўпісвацца ў напаўстрачаную катэгорыю «святло», – там колераў было шмат, розных, далёкіх ад звыклага чорнага і таму цяжкіх для пазнавання.
Варта было яму пачаць думаць у іх напрамку, як «асфальт» умомант кудысьці разляцеўся – і рэзка плёснуў колерамі ў яго.
Вось яго нясуць, ён абдымае кагосьці за шыю, пад далонькамі скура, нагрэтая на сонцы і смуглявая. Тут шлейка купальніка на пары гаплікоў, пад шлейкай жа, ён ведае, хаваецца светлая палоска. Са ступняў асыпаюцца наліплыя пясчынкі, шамацяць хвалі і злізваюць з берагу аскепкі ракавінак, а па распасцёртым блакіце-блакіце мільгаюць іскры – сцежкай да самага сонца.
Вось глыбокая талерка з барвовым варывам, і да дна агідна далёка. Калі цадзіць гэтую гадасць павольна, зачэрпваць лыжкай паменей гушчы і паболей жыжкі, ужо халаднаватай, то рана ці позна здагадаюцца, што ён н е х о ч а, што можна адпусціць яго спаць, як усіх у групе, а не хадзіць абыякава наўкол, выціраючы сталы, пакуль ён узмоцнена выяўляе адмову...
Вось чародка дзяўчатак уцякае па траве, а адна пляскае ў ладкі з завязанымі шалікам вачыма – на спіну сцякаюць цудоўныя хвосцікі, залатыя з рыжынкай. А ў яго далонях скрабецца прыгажэнна-бліскуча-агромністы жук, зелянючы, быццам які каштоўны камень. Ён тыцкае яе ў плячо – адным мезенцам, іначай ніяк, – яна сцягвае шалік і цікаўна схіляе твар над самкнутымі рукамі. Тыя асцярожна расціскаюцца, жук паўзе па далоні, яе палец нацэлены на зялёную спінку... Вж-ж-ж! – тоўсценькае цельца ўзвіваецца ў паветра з грацыяй Карлсана. Віск – і адчайны штуршок у грудзі адкідвае яго, лаўца, на траву, дзе ён і застаецца сядзець, не разумець і дрыжаць пад агульнае хіхіканне.
Вось пальцы зарываюцца ў густую поўсць на загрыўку, усю ў парушынках, цяжкія лапы плямяць граззю штонікі. Дабрадушная пачвара горача дыхае ў твар, ахінаючы не самымі вабнымі пахамі, вільготны язык слізгае па шчацэ. Прыветнай ікластай усмешцы не патрэбны іншыя доказы сяброўства. «У яго могуць быць блохі!» – у захапленні думае ён.
Вось ён трымаецца за руку, вялікую, цвёрдую, рука цягне яго кудысьці, а ён з усіх сіл намагаецца паспець. І азіраецца на лужыны, чароўныя лужыны з перакуленым адлюстраваннем сплеценых голых галін і ліловых аблокаў – яны распырскваюцца кроплямі і сонечнымі зайчыкамі, калі ён знарок прабягае па краі. Але лужыны заканчваюцца, застаецца чорная земляная дарога, якая разразае ўсюдыіснае покрыва нежывой лістоты, і чорнае строгае паліто, да якога ён раз-пораз пытальна задзірае галаву. Рука сціскаецца настойлівей – загадзя асуджае спазненне...
Вось адкрытая кніжка з вялікімі нуднымі літарамі, вугал старонкі адагнуты ў нецярпенні перагарнуць, але вочы ўперліся ў апошні радок і ўсё ніяк не дачытаюць. Ён не ў позірку – у слыху: у тым, як за сцяной нервова бразгаюць відэльцы і шуміць вада, а кубак з раздражнёным стукам апускаецца на кухонны стол. У прыглушаным гуле галасоў не разабраць ні слова, але гул няроўны і скача, і сэрца ад нечага падскоквае з ім, а пальцы скамечваюць старонку. І тры рэчы здараюцца амаль адначасова – узвышаецца сярдзіты выгук, штосьці са звонам расколваецца аб ракавіну, а вугал старонкі абрываецца.
Вось венскае крэсла, падаконне з фіялкай і расчыненыя створкі акна ў неба за ажурнай гардзінай, сінічка зграбна сядзіць угары на адкосе. Ён узбягае да яе, пасунуўшы фіялку, і падбіраецца-цягнецца, ззяе ад мары, што схопіць у жменю, пакіне жыць у сябе, прывучыць дзяўбці з далоні і насіць запіскі... Але тут з-пад левай нагі выслізгвае падаконне. Сінічка пужліва ўспырхвае, а насустрач яму, гайдануўшыся, імкнуць цёмна-зялёныя кроны, бліжэй і бліжэй, між якімі шарэе жудасны квадрат асфальтавай пляцоўкі.
Фаза трэцяя
ЧАЛАВЕК У ДАЛОНЯХ
...Яго білі дрыжыкі, гарачыя слёзы струменіліся па шчоках і капалі на каўнер кашулі. Усё, што атрымлівалася ўцяміць, – праз мокрыя вейкі драбіцца аранжавае святло, скроней кранаюцца прахалодныя пальцы, а ён паўляжыць на падлозе і абапіраецца на нешта патыліцай. Або на некага?
– Я... Ш-што... Ч-чаму? – ніжняя сківіца калацілася, ён не мог ясна выгаварыць ні слова, ні склада – і абрынаўся ў жах...
– Ш-ш-ш, харошы мой, не трэба. Я тэрапеўтка, я медык. Пабудзем так, пакуль не пройдзе, ладна? – ціхі ласкавы голас ахінаў яго, у макушку ўпіраўся падбародак. Яна сядзела ззаду на падлозе, падагнуўшы ногі, і трошкі пагойдвалася з ім, нібы трымала немаўля.
Кусаючы вусны, ён сутаргава ўздыхнуў, прыняў усё як ёсць і зноў стуліў павекі, з-пад якіх працягвалі збягаць слёзы. Яго трэсла, грудзі сціскаліся, ціснула сэрца – невядома, як яно білася наогул. Пякельны галаўны боль ператварыўся ў рэдкую вострую пульсацыю і адсунуўся, але ён, маральна раструшчаны, згубіўся канчаткова, не кажучы ўжо аб тым, каб мець сілы быць сабой заўсёдным. Мусіць, не ганебна пабыць нейкай іншай версіяй сябе, пакуль рэчаіснасць не зробіцца ўстойлівей...
За акном шамацеў лівень, часам рассеяна ўдараючы па падаконні. Ізноў цікаў на запясці гадзіннік. А пад апушчанымі павекамі хаатычна ўспыхвалі вобразы – дрыжыкі мацнелі, пераходзілі ў здранцвенне-апагей, ненадоўга адпускалі, і тады туга распаўзалася па целе, падкочвала да вачэй, каб аднавіць дрыжыкі... Вобразы былі падобныя да сноў. Што гэта такое, ён ведаў у тэорыі, шматкроць кантраляваў здымкі і ўкараненне, але сам не бачыў ніводнага – як не бачыў ніхто ў нябесным свеце. І не таму, што не было каму зняць і ўкараніць, раз не існавала трэцяга свету над імі. Яны і зямныя сны стваралі не ўсе, толькі імітавалі, калі гэта было патрэбна, а ў астатнім чалавечая падсвядомасць аперавала вобразамі сама. Не, гэта быў яшчэ адзін неспасціжны закон іх свету, такі ж, як законы, якія ўраўнаважвалі працягласць двух жыццяў і іх напаўненне, давалі новую знешнасць, але пакідалі характар і загадвалі насіць сваё першае імя... І таму ён не ведаў, як гэта – быць закінутым у амаль сапраўдную сітуацыю і а д ч у в а ц ь яе, а пасля вынырнуць, задыхаючыся, і трываць, трываць, пакуль стрэмкі спалоху, радасці і болю неспалучальна шчымяць глыбока ўнутры.
– Вы... бачылі? – для нечага прасіпеў ён. На шчацэ замерла сляза.
– Не. Не... Але вы можаце расказаць, калі захочаце. Хаця гэта неабавязкова, – яна гаварыла вельмі ціха, быццам баялася разбудзіць кагосьці.
– Чаму так цяжка...
– Таму што малы каэфіцыент. А сцяна магутная. Я... чакала... Але зусім не так хутка.
– Што, калі гэта не пройдзе?..
– Адкуль змрочныя думкі? Канешне пройдзе. Праўда, алкаголь тут не памочнік, але яго было няшмат. Вашу свядомасць мы зберажом дакладна.
– І я не магу зрабіць абсалютна нічога?.. – надламаны голас быў прасякнуты безвыходнасцю.
– Памятаеце, як дыхалі? Зможаце зноў? Гэта ўмацуе надзвычай. Выдатна, вось так... – муркала яна супакойлівым тонам, якім размаўляюць з вельмі маленькімі дзецьмі.
Ён дыхаў, раставаў у халадку на скронях і ўрэшце абмякаў – чароўна расслаблялася мышца за мышцай, у грудной клетцы вызвалялася месца для паветра. Ён з цяжкасцю верыў, што не распаўся. Можа, распалася сцяна, якую ён палічыў цэлым сабою, а фрагменты свядомасці даволі стыкаваліся. Хоць і няшчыльна, як на паверхні мора стыкуюцца льдзіны – могуць схапіцца крэпка, а могуць разысціся. Але льдзіны прынамсі не чорныя...
– Шкада, у мяне ніводнай сурвэткі, – прызналася яна са змоўніцкай ноткай, як у чалавека, які праштрафіўся і прапануе пасмяяцца разам з ім. – Вось дык сорам, так?
Ён памарудзіў, аглядаючы захламленае сховішча памяці ў пошуках думак, якія рассыпаліся ад землятрусу. Пасля чаго зрабіў невыразны рух да ўнутранай кішэні, забыўшыся, што на ім няма пінжака.
– Там?
Яна дацягнулася сама, адшукала насоўку. Уклала ў няўпэўненыя пальцы. Ён прыціснуў насоўку ўсю да твару, каб увабрала вільгаць, і адчуў сябе бязмежна, смяротна знясіленым.
Рука ўпала на грудзі, варухнулася на кашулі, як нешта старонняе і асобнае. Каўнер расшпілены, гальштук аслаблены. А ляжыць ён, выходзіць, на паліто – ворс пазнавальны вобмацкам. Не, не магло здарыцца, каб ён споўз па сцяне так удала... І тут жа мяккія ніцяныя кутасы – вось што яна падклала пад сябе.
– Але белае... на падлозе...
– Лухта, прыбіральшчыцы наводзяць тут стэрыльнасць як у аперацыйнай. Апроч за тое, гэта мая працоўная хустка, таму для працы я вольная скарыстаць яе ўсяляк.
Яна заўважыла, што яго позірк, болей асэнсаваны, блукае па столі між спячымі свяцільнікамі, і спытала:
– Ужо лепей? Зараз патрэніруемся яшчэ. Крыху. Колеры вясёлкі назваць зможаце?
Запінаючыся, ён пачаў пералічваць, заблытаўся ў блакітным і зялёным, але яна не паправіла. І яму падалося раптам (ён цьмяна здзівіўся гэтай празорлівасці), што ёй важней было не што ён адкажа, а як.
Яе рукі не вярнуліся да скроней, цяпер яны ляжалі ніжэй за плечы. А ён запознена прыгадаў, што пальцы ў яе да таго не былі халоднымі. Ні за сталом, ні... пасля.
– Вы здорава збаяліся...
– Яшчэ як! Душа ў пяткі, – яна нягучна рассмяялася. Ён і пачуў гэта, і адчуў патыліцай. – Насурочыла я разважаннем, хто з нас жывы і наколькі. Вы перасталі дыхаць, зусім! І на якія-небудзь дзве хвіліны спынілася сэрца. А рэанімую я вельмі, вельмі няўмела... Але ваша гісторыя мне ўсё-ткі вядомая, і гэта мая галіна. А вось спецыялісту іншага профілю прыйшлося б туга.
Яна гаварыла аб гэтым нязмушана, роўным голасам, і яго не пужала, што ён амаль памёр. Мабыць, гэтая стабільнасць была яму патрэбна.
– Калі што, я ў парадку, – суцешыла яна ўслед. – І мне прыемна, што аб маім стане вы таксама непакоіцеся.
Прытомнасць вярнулася да яго дастаткова, каб ён улавіў у яе інтанацыі пэўную нейтральнасць, як раней. Так, лагоду, так, спачуванне, але... нейтральнасць. А з завалаў памяці ён выграбаў усё больш падрабязнасцей знаходжання ў гэтым кабінеце, і з-за іх галаўны боль адчуваўся мацней. Здольнасць думаць вярталася і ўскладняла ўсё. Прычым здзейсненае не было перадсмяротнымі мроямі: нічога падобнага яго стандартызаванае ўяўленне проста не выдумала б.
– Вы ведалі, што так будзе...
– Адкуль? Я ж не маю паняцця, чым вы жылі і як сышлі. Запусціць працэс можа што заўгодна, і адпраўная кропка вядомая толькі вам.
У яго не атрымалася паверыць. І зноў зрабілася штосьці з дыханнем. І зусім расхацелася ў гэтым разбірацца.
– Той хлопчык за сталом... які еў насупраць. Ён мне нагадаў... не ведаю... Было незразумела, – ён праглынуў камяк. – І яшчэ... спіна. Я дакрануўся... і чамусьці вылецеў.
Гаварыць аб гэтым напрасцяк было невыносна, тым больш адчуваючы скрозь кашулю яе далоні. Ён гнаў думку, што яна спецыяльна задумала тую правакацыю. Эксперыментальны метад скінуць напружанне... Ён быў бы рады не памятаць яе словы. Ён занадта стаміўся, каб ізноў шукаць падвох. Апынуцца ў абдымках сваёй тэрапеўткі, таму што яна кропельку перабрала з алкаголем ці таму што цалкам пры памяці палічыла гэта варыянтам лячэння... Невымерна розныя рэчы.
А як спытаць, ён не ведаў. Не здольны быў выстраіць ніводнай несаромнай фразы.
– Падобна, што напор на вашу свядомасць выйшаў сёння значны. Памяць чаплялі, чаплялі дробязі, пакуль не выцягнулі ўсю. А ўвогуле рызыка была немалая. Не прыхільніца я ўломвацца ў маналітную сцяну. Толькі пачалі вымаць цаглінкі... – здаецца, яна засмучана круціла галавой. – Добра, што вы паспелі так слаўна разабрацца, дзе напружанне, а дзе спакой. І дакладна павялічылі гэтым шанцы. Не ведаю я, колькі разоў вы нараджаліся, але сыходзілі з жыцця двойчы...
У яго галаву завітала непрыемная сваёй рацыянальнасцю думка: не так шмат каштуюць іх агульныя высілкі, раз завяршыць другое жыццё яму наканавана ох як няхутка. Калі ён памрэ цяпер, якім чынам сусвет уладзіць гэты казус?
Аднак дзесьці за павярхоўнай упартасцю спела тлумачэнне: яму цяжка было ўспрымаць спагадлівыя словы без цвёрдага разумення, што за імі стаіць.
– Я згадвала, што са мной было нешта падобнае. І магла б расказаць.
– Напэўна, – ён заплюшчыў вочы.
– Калі вы гатовы пачуць, як памерла я. Пачуць зараз, я маю на ўвазе...
– У мяне добрая памяць на дэталі. Хоць і благая на імёны.
– Як, вы зусім не забылі гэты мой радок у базе?..
Пры такім голасе ў яе абавязаны былі хітравата прыўзняцца куточкі вуснаў. Яна прыкмеціла яго адчужанасць і мякка, але настойліва імкнулася вярнуць давер. І ён апрытомнеў. Ці ў розуме ён – адмяжоўвацца ад яе, калі яна сядзіць з ім на падлозе, уладкаваўшы на сабе яго галаву? Няхай яму хацелася б высветліць болей... Але нейкі час таму ён ледзьве мог не тое што гаварыць з ёй – нават знаходзіцца побач. І верх недальнабачнасці – адмаўляцца браць ад гэтай сітуацыі ўсю блізкасць, што ёсць.
Пакуль ёсць...
– Наогул я думала пачаць не з гэтага. А з таго, што аж да чацвёртага курса не ўяўляла сабе папярэдняе жыццё. Ідзе апошні семестр, час пісаць дыплом... Успамінаў няма. А без іх мяне не дапусцяць да практыкі. Ці не глупства: збіраюся вяртаць некаму памяць, хаця сама яе не маю! Аднак да таго года вучобы назбіралася досыць ведаў, каб зразумець, з якога боку падысці. Я ўзяла для дыплома свой жа выпадак. Перакапала літаратуру. Супаставіла матэрыялы, у тым ліку супярэчлівыя... З маёй памяццю не было глуха: сёе-тое разрозненае зрэдку ўсплывала, трывожыла. Але далей не ішло. А я была бесталковая: звяртацца ў гэты самы НДІ здавалася мне чымсьці несумленным. Быццам тое, што я хацела трапіць сюды па размеркаванні, абавязвала мяне вырашаць усё ў адзіночку!
Гэтае «ў адзіночку» неспадзявана параніла яго, плечы скамянелі. На шчасце, калі яна і адсачыла гэта, то не пераключыла на яго ўвагу і працягвала звычайным тонам.
– Дык што я зрабіла? Я выбрала самы цёплы і радасны ўспамін, дзе мне было лепш за ўсё. Лес. Ён мільгаў сярод вобразаў часта, быў дэталёвым да дробязей – я літаральна бачыла ігліцу на сцежках і вавёрак ля каранёў хвой. І таму пайшла ў лес, які нагадваў яго. Намагалася прыслухацца да сябе, паўтарыць там нешта з убачанага... Ладная была спроба. Але спрацавала не гэта. Я проста спатыкнулася на нешта, упала, рассекла каленку аб шышку – нічога асаблівага! У гэты момант мяне і выключыла. Не буду пералічваць усё, што ўбачыла тады... Галоўнае, сярод гэтага была мая смерць. Пнеўманія ў дванаццаць – гэта не ўражвае таксама. Прычым рашаючая хвіліна нават не адклалася ў памяці, хіба вось гэта – страшна пячэ твар, не падымаецца галава і няма адкуль узяць паветра... Праблема была ў тым, што задыхалася я і тады, калі прачнулася.
Яна гаварыла і злёгку гладзіла яго плечы ўверх-уніз. Каб расказанае яго не ўцягвала? Ці каб утрымаць сябе?
– Акрамя мяне там не аказалася нікога. Лес! Не было каму супакоіць, патлумачыць. Дапамагчы. І я дапамагла сабе сама. Я прыкладна памятала, як трэба, мяне вучылі. Плюс штосьці кшталту прыступаў ужо здаралася, але... не такіх. Пасля бегу аддыхацца было цяжэй, чым іншым, вось і ўсё. А дзякуючы ўбачанаму я вывела гэта ў дыпломе як сімптом, хоць спачатку і не палічыла сімптомам... Вы цяпер таксама ведаеце, як гэта працуе.
Так, ён ведаў. Ён быццам наяве адчуваў той штуршок у грудзі і траву пад пальцамі. Колькі ён сябе памятаў, яго пакусвала жаночая непрадказальнасць, калі могуць прыняць, могуць адрынуць, а могуць напасці – і ўсё гэта з роўнай верагоднасцю і ў адвольным парадку. Пэўна, т а д ы ён напорваўся на гэта шмат разоў. І занадта добра засвоіў урок. І несвядома баяўся. Больш не выглядала супадзеннем, што яго дыханне імкліва перайшло ў панічнае, варта было ёй надоўга яго крануцца. Перайшло не таму толькі, што яна безнадзейна яму падабалася, – не, яшчэ ён памятаў яе гнеў, даўні адкрыты гнеў. І на інстынктах працягваў падазраваць небяспеку, ад якой трэ было паспець абараніцца.
За працоўным сталом і ў брані службовых абавязкаў прасцей.
– А ў лесе мы гулялі з татам – быў у нас маленькі лес, адразу за горадам. Заходзілі ў самы гушчар, хай ён і не быў асабліва дрымучым, а там пазнавалі птушак па галасах, шукалі вожыкаў пад кустамі і ўсё такое іншае... Але блізкія мы не былі, наадварот. Тата чакаў хлопчыка. І я з самага пачатку была не такой, як яму хацелася. Ва ўсім. У гульнях, прычосках, уборах. У тым, што любіла расціць на падаконні кветкі разам з мамай, а не корпацца ў маторы «Волгі». У тым, што прасіла на дзень народзінаў піяніна, а не ровар... Не хачу асацыяваць з сабой імя Слава. Гэты свет не дазваляе ўзяць новае, а ўсё-ткі я знайшла простае выйсце. І... мне спатрэбілася два гады, каб разабраць успаміны і стаць сабой. Замест кагосьці іншага, кім я была ў абодвух жыццях, спрабуючы заваяваць сімпатыю таты. І выглядала, само сабой, далёка не так, як цяпер. Аднак запомніла, што выручыў менавіта ён. Бо лес... гэта было месца, у якім мы аказваліся заадно. Такога я не адчувала нідзе. І ніводны ўспамін пра маму не мог гэта перакрыць, хаця яна чакала якраз дзяўчынку...
Праз яго праходзілі тысячы падобных гісторый, але ён слухаў абвострана, як першую, і намагаўся ўявіць, як можна выглядаць, калі заглушыць гэтую выразна акрэсленую жаноцкасць. Вобраз не складваўся, нетрэніраваная фантазія заходзіла ў тупік.
– Пасля маёй смерці яны разышліся, я высвятляла. Баюся, інакш быць не магло, – у яе спакойным голасе ўпершыню зазвінела горыч, такая цяжкаўлоўная, што яе можна было прыняць за стому. – А я... я прагартала сваё мінулае жыццё год за годам і зразумела ўрэшце, чаму мяне цягне да мужчын, якія трымаюцца закрыта і непрыступна. У лепшым выпадку. У горшым – робяць балюча. І якім я як асоба ні на драбок не цікавая.
Мурашкі разбегліся па яго целе пачынаючы ад яе далоней; ён варухнуў быў вуснамі, збіраючыся сказаць нешта, чаго яшчэ не сфармуляваў, але яна апярэдзіла:
– А што даведаліся пра сябе вы?
Настала доўгая паўза, падчас якой ён напружана шукаў высновы, і яна з дружалюбным дакорам пабарабаніла пальцамі па яго руках:
– Вы спрабуеце думаць. Не думайце зараз, добра?
– Я даведаўся... што падобны да бацькі. Што сябраваў са мной толькі сабака, вялізны, калматы і дваровы. А дзяўчаткі... смяяліся. Што мы ездзілі на мора, а можа, жылі там. Што я не любіў боршч у садку. Што падаць з акна... гэта балюча, – вусны задрыжалі, горла сціснулася, і ён пабаяўся працягваць.
Яна заўважыла і накрыла яго канцамі сваёй хусткі, дастаткова прасторнай, каб хапіла абаім.
Яны памаўчалі. Ён адчуваў, як яна мерна дыхае, і яго дыханне таксама запавольвалася, рабілася паўнейшым, а дрыжыкі праходзілі. Позірк рассеяна слізгаў па расплывістых сталах, якія стаіліся ў змроку, па цьмяна-ззяйкай спражцы партфеля, па высокім крэсле ў пляме аранжавага святла... Так за час, праведзены пад інструментамі стаматолага, паспяваеш вывучыць кожную шчылінку на столі і кожны сегмент на лямпе, якая навісае над табой.
Няўцямна: ён старэйшы за яе па-тутэйшаму на... колькі? На сямнаццаць гадоў? Хай нават зямныя гады іх трохі раўняюць. Але менавіта яна ў гэтай дзіўнай ролі – ці то сястра міласэрнасці, ці то найбліжэйшы сябар, якога ў яго ніколі не будзе, ці то мама. А ён – чалавек у далонях, як тая скульптура ля ўвахода, і яму не трэба нічога вырашаць.
– Я б сабе не дапамог... Калі б застаўся з гэтым сам-насам.
– Дык вы ўсё ж не верыце, што целам ведаеце больш, чым я магу вам расказаць? Ну праўда: як бы я змусіла вашы лёгкія дыхаць, калі б яны былі супраць? Я толькі падштурхваю ў патрэбны бок, каб вы знайшлі гэта ў сабе. І вы знаходзіце. Таму што ў вас гэта ёсць.
– Можа быць... – мармытнуў ён, прыгадваючы, што на яе вусны зрэагаваў дакладна без уплыву розуму.
– Злітуйцеся, я не геній ментальнай тэрапіі! Наша аддзяленне і побач не стаяла з дошкай гонару. Мае веды, мае рукі, валоданне голасам – адзінае, што ў мяне ёсць. І я ўсяго маці-адзіночка, якая нарадзіла ўласную маму і саскрабае ўвесь свой досвед тэрапеўткі, каб не звар’яцець ад гэтага. А яшчэ... вечна адцягвае вяртанне дадому. Таму што зноў будзе цяжка. Нават зазывае дадатковых пацыентаў, можаце ўявіць? – яна і жартавала, і не. – Часам я думаю: лепш бы нарадзіць звычайнага старонняга чалавека, і ліха з імі, з даследаваннямі. Правядуць без мяне! Дарэчы, я ўсё яшчэ магу адмовіцца ад гэтай сваяцкай сувязі. Нягледзячы на ўсё тое, што склалася дзеля яе, і тое, што я здольная з яе ўзяць. Паведамлю, быццам не спраўляюся, падпішу пару-тройку дакументаў... І ўсё ж, і ўсё ж.
– А я... я ўсяго сухар, зачарсцвелы ў крэсле чыноўніка. І не больш, – выгаварыў ён стомлена.
– Сухар?.. Што ж, вам ведаць лепей! – па голасе чуваць было, што яна ўсміхаецца. І яму пакутліва захацелася абняць яе, сціснуць ізноў з усяе сілы, утульную і цёплую, і ўткнуцца ў шыю, каб аддаліць адзіноту. – То вы хацелі б упускаць сабе ў душу ўсе... восемдзесят прыблізна чалавек, якія праходзяць праз вас за дзень? Ага, у мяне таксама добрая памяць на дэталі. Між тым гэтая чэрствасць абараняе вас.
– Вось тут вы няшчырыя... Я не веру. У той раз вы гаварылі роўна адваротнае, – змрочна сказаў ён. Выйшла амаль ранейшым тонам, і на долю секунды яму стала жудасна, што ён ізноў праваліцца ў гэта і больш не выкараскаецца.
– Затое зараз я аб’ектыўная, – з націскам сказала яна, шчыльней захінаючы яго ў хустку. – І пакуль вы ў такім стане, нападаць на вас не збіраюся. Пры ўсім жаданні – маім ці вашым. Калі захочаце, даспрачаемся пазней... Тым больш гэта чыстая праўда – наконт абароны. І тады я аб гэтым ведала. Але занадта нервавалася, каб успомніць свае працоўныя выкладкі... Я таксама не магу справіцца з напружаннем, прыкмячаеце? Хаця сама ўрач.
Яна дала яму ўзважыць гэтую думку.
– А што вы бачыце ў сваёй міністэрскай працы? Вы ж нешта ў ёй бачыце, інакш навошта выконваеце яе? Проста хачу ўявіць.
Ён адказаў не адразу. Над усім, што тычылася афіцыйна-строгага, цяпер узвышалася патрабавальная постаць бацькі. І на першы погляд раздзяліць яго і сябе было нерэальна: той паспеў загарадзіць яго асобу, прамільгнуўшы ў пары абрывачных успамінаў. Аднак поўнае супадзенне было ілюзорным. Чым даўжэй ён параўноўваў, тым выразней бачыў сябе.
– Для сваёй працы я падыходжу, – загаварыў ён размерана. – У ёй патрэбны дакладнасць, выверанасць. Уменне запамінаць і супастаўляць, знаходзіць памылкі... У тым ліку ў чужой галіне, якую ведаеш неглыбока. Планаваць, трымацца плана і сачыць, каб трымаліся іншыя. Адмаўляць, калі гэта мэтазгодна. То бок... штодзень кантраляваць безліч важных дробязей і за кожную адказваць. А даверыць усё гэта выпадковаму работніку... Нонсэнс. І яшчэ я сам памыляюся рэдка: каб памыляцца, трэба дазваляць сабе расслабленне...
Ён асэнсаваў, ш т о сказаў, і ў яго вырваўся ціхі стогн.
– Няхай сабе! Мы не аб тым, – прымірэнча сказала яна. – Мне таксама бачыцца, што гэтая пасада ваша. Я са сваёй памяццю не ўпісалася б: тут патрэбна «міліметроўка», а не паляна з кветкамі.
– Але цяпер... калі я ўспомніў... Я не той чалавек? Я не змагу там працаваць?
– Калі ёсць жаданне – цалкам зможаце, чаму не? Тое жыццё не вызначае, якім вам быць. Яно толькі паказвае, якім вы былі тады, – каб зрабіць высновы і змяніцца, калі хочацца. Не варта ні замыкацца ў ім, ні адштурхваць яго... Хаця вашаму кіраўніцтву ведаць пра вас такія падрабязнасці неабавязкова. Хутчэй за ўсё, нам давядзецца пакінуць вашу старонку ў базе незапоўненай... Калі вы разумееце, аб чым я, – дадала яна асцярожна.
А ён думаў пра тое, што, можа быць, адштурхваць уплыў бацькі і не спатрэбіцца. Калі пакінуць яго ў сваіх межах, а сябе – у сваіх. Яна ж не адштурхнула, не закапала вобраз паглыбей як праблемны і балючы? Яна прыняла яго ў цяперашняе жыццё і трымала навідавоку. Шышку і жалуды, завушніцы-лісцікі, узоры на блузцы... Пэўна, гэта давала ёй штосьці. А калі давала, не адбіраючы, то ў гэтым была свая нелагічная правільнасць.
Так, выснова прыйшла праз логіку, прыйшла механічна, а ўсё-ткі сама. Пачуццям яшчэ трэ было вучыцца.
Яна варухнулася ззаду, уцягнуўшы паветра неяк асабліва, і ён усвядоміў, што абсалютна не ўяўляе, колькі часу. У хустцы яму зрабілася супакойліва-цёпла, нават горача, але, якімі б ні былі яго абставіны, ён не меў права так доўга быць дзіцем, калі яе чакала сапраўднае. Фармальнай нагодай магло лічыцца тое, што ў яго пачынала ныць шыя.
– Я... хачу ўстаць.
Яна страпянулася:
– Хочаце? Або можаце?
– Змагу, калі трэба... – ён заблытаўся, спрабуючы ўгадаць, які адказ больш удалы.
Ды аналізаваць яна не імкнулася.
– Як скажаце. Па-мойму, для свядомасці і праўда зашмат на сёння.
Яна расхінула канцы хусткі і акуратна ўперлася яму ў плечы, дапамагаючы сесці. Ён сеў і застыў, прыбіты галавакружэннем ад скачку крывянога ціску, а пакуль у вачах мільгалі мушкі, яна з няёмкім смехам разагнула адну сваю нагу, пасля другую. Рукамі.
– Уф-ф... Па шчырасці, не ўстану я адразу. Страшна засядзелася! Вы мне дасце яшчэ пару хвілін? – рахмана спытала яна.
Ён, моцна збянтэжаны, толькі і здолеў, што кіўнуць. У яе ж даўным-даўно невымоўна зацяклі ногі, але яна і голасам гэта не выдала. Бо так было трэба. Цяпер жа як нічога ніякага прыгладзіла валасы, зусім растрапаныя, адкінулася на сцяну і выцягнула ногі, накрыўшы калені спадніцай.
– Хо-ра-ша! – сказала яна з усмешкай і прыплюшчыла вочы.
Туфляў на ёй не было, яны стаялі побач. А халату, мяркуючы па ўсім, было не прывыкаць да вычварэнскіх складак.
Ён блізарука прыжмурыўся і збянтэжыўся яшчэ мацней, калі выглядзеў на яе шчоках шэрыя дарожкі, якімі сцякла туш. Міргнуўшы, здагадаўся схіліць галаву – каб убачыць сям-там на сваёй кашулі плямы падобнага паходжання.
Здаецца, ён нешта прапусціў, калі страціў прытомнасць.
Яго неяк пацягнула сесці гэтак жа, і ён пасунуўся да сцяны, беспрычынна дазволіўшы дадатковыя хвіліны самому сабе. Спіна атрымала апору, і ён з палёгкай уздыхнуў, пераконваючы сябе, што да слабасці можна прывыкаць паступова.
– Так ямчэй, праўда?.. Божачкі, я такая дурніца! Вы ж дрэнна бачыце! – схамянулася яна і азірнулася на стол. – Можа, падаць акуляры?
– Не трэба, не! – сказаў ён таропка, баючыся, што надзене з імі ранейшы свой вобраз.
І нашто ёй зрывацца з месца, калі ў іх з’явілася яшчэ трошкі сумеснай цішыні пад стук дажджавых кропляў?
– Я думаў... я затрымаў.
Яна ўсміхнулася чамусьці свайму.
– Хацела сказаць зараз: ну і няхай. Але ж быццам не мушу... Я навучуся. Пакрысе.
І, седзячы вось так на пуховай хустцы, у скамечаным халаце, з размазанай тушшу, яна без пераходу загаварыла з нечаканай медыцынскай цвёрдасцю:
– Цяпер давайце пра вас! Паслухайце, калі ласка, гэта важна. Заўтра вам нельга працаваць. У ідэале не толькі заўтра, але тут як карта ляжа. Паглядзім, ці атрымаецца гэта неяк аформіць... Бо серада – ваш прыёмны дзень, а такая плынь чужых жыццяў будзе мець фатальныя вынікі. Захаваных успамінаў звычайна больш, чым свядомасць паказвае ў першы раз, і да іх вельмі нават можна дакапацца. Але ўлічыце: калі паставіцеся да забароны легкадумна, усе нашы намаганні будуць марныя. Аж да таго, што пачне разломвацца «міліметроўка»... Так, я сабралася як след вас напалохаць, каб вы не падумалі, што абышліся клінічнай смерцю, а далей хоць трава не расці. Памятаеце пра сваю нагрузку ў наступным годзе? А пра мае навуковыя даследаванні? То-та! Працу над сабой і над памяццю варта працягваць. І таму паведамляю, што заўтра прыём і ў мяне – у першай палове дня, у працэдурнай. Карацей, гэта прапанова пасядзець у маёй чарзе... На жаль, таксама немаленькай. Магу паабяцаць, што насуперак вашаму шкоднаму прыкладу вылучу больш за тры хвіліны.
– А... узяць штосьці трэба? – досвед, які ён з задавальненнем не атрымліваў бы, сцвярджаў, што медустановы такія ж непрадказальныя, як і жанчыны.
Яна нязмушана скінула ваяўніча-дзелавую інтанацыю, як тады скінула хустку, і знаёма склала коўшыкам далоні.
– Вазьміце з сабой сябе, – сказала яна проста.
Ён для нечага паўтарыў гэты жэст, няўмела і скавана. І калі раней эмблема НДІ была для яго пра пацыента, які спіць у руках медыка, то цяпер ён сам трымаў таго, кім быў калісьці. Каго страціў, а пасля знайшоў. І збіраўся з духам, каб дапамагчы яму, а праз яго – сабе.
– Хіба такое бывае? Хіба можна ўспомніць... калі нават не памятаеш, навошта робіш тое, што робіш?
– Бывае і не такое. Канешне, калі выконваць тры ўмовы. Цеплыня, разуменне. Клопат, – апошняе слова яна прашаптала.
– А цяпер клопат быў... прафесійны? – з намаганнем спытаў ён.
Яна не адказала. Дакладней, адказала на штосьці іншае, і горыч у яе голасе чулася выразней.
– Прызнацца, самой мне клопат патрабуецца зусім непрафесійна. Яго не так проста ўвесь час аддаваць, калі амаль не атрымліваеш. І я ўжо пачынаю рабіць глупствы...
Апусціўшы позірк, яна накручвала на палец светлую пасму. Ёй зрабілася прыкметна цяжэй упраўляцца са словамі, яна падбірала іх доўга і ледзь выціскала з сябе. Нібы ім было спакайней хавацца ва ўнутраным прыцемку, а яркае святло задужа адкрыта высвечвала ўсю іх непрывабнасць.
– Насамрэч я зразумею... зразумею, так, калі вы спыніце выбар на іншым спецыялісце. Даруйце мне. Тое... што... тут было. Можа, на сёння віна і праўда мнагавата, мяне занесла. Сама не цямлю, як гэта зрабіла. Яшчэ і ў момант... калі мы выйшлі на стан безабароннасці... Думаю, вы здагадваецеся, што такое не дазваляецца катэгарычна, і... і магла б ісці размова аб адхіленні мяне ад практыкі на нейкі час, не тое што ад працы з вамі. Мяне выбачае... або ратуе... тое, што самая тонкая, эмацыйная, частка нашых узаемадзеянняў паспяхова скончана – хаця многае я намацвала чыста інтуітыўна. Калі б ведала, што сцяна абрынецца, не стала б пачынаць сёння, адна... Але выйшла, здаецца, няблага для майго ўзроўню падрыхтоўкі. Першую дапамогу пасля ўзрушэння я таксама аказала, а далей мая справа – памяць. Саму ж свядомасць стабілізаваць будзе псіхолаг. Бачу, і мне было б няблага схадзіць да яго зноў, раз дагэтуль... штосьці адбываецца... Мне дзіка, дзіка сорамна.
У яго аж адлягло ад сэрца – адлягло настолькі, што ён адно ў гэты момант сапраўды адчуў, як сцяна студзіць лапаткі. Цяпер, калі ён мог сядзець, яна перастала хаваць пачуцці за тэрапеўтычным спакоем, і яго ўразіла, што г э т а я жанчына можа ў душы распадацца на кавалкі, як распадаўся толькі што ён, а выглядаць такой чароўнай, якой ён яе бачыць.
– Дзякуй. За тое, што тут было, – паўтарыў ён. І, павагаўшыся на працягу некалькіх удыхаў і выдыхаў, ледзь адчувальна крануў яе мезенец мезенцам. Ранейшыя дотыкі адмяніліся, і давялося прымусіць сябе зрабіць што-небудзь самастойна. А ўвогуле ён пашкадаваў, што сеў. – І... я прыйду. Канешне прыйду.
Яна паглядзела на іх рукі, потым на яго – уважлівыя, дзіўна бліскучыя вочы. А ён адвярнуўся, яму зноў зрабілася складана. Няхай унутры ў яго нешта расціснулася, выліўшыся слязьмі, няхай навучыўся ён па-новаму строіць фразы і не прыкмеціў, калі і як гэта адбылося, усё ж аднаго вечару было недастаткова, каб навучыцца жыць з тым, што ён быў жывы. Роўна як і адчуваць сябе з ёю вольна. Нават калі б не здарылася той распуснай сцэны, такая нязвыкла беражлівая праца са свядомасцю не магла не выклікаць разгубленай удзячнасці. Хаця ён ведаў, цудоўна ведаў, што яна рабіла гэта для ўсіх.
Ім даўно трэ было заняць месцы доктаркі і пацыента, а калі і не, то прынамсі зноў атрымаць імёны. Ён ледзь не перапытаў, як яе завуць, бо звык успрымаць на слых і праз дотыкі, а пасля падумаў раптам, што ёй больш пасуе імя Света, проста Света – без поўных форм і афіцыйных зваротаў.
– Будзе правільна, калі я таксама зраблю адно прызнанне, – мовіў Валерый Аляксеевіч не без сарамлівасці. – Праўду кажучы, я зусім не запомніў, колькі на вашым паліто гузікаў. Я... хм... усяго ўбачыў яго ў шафе, калі вы даставалі халат.
Яна ўтаропілася неўразумелым позіркам у яго твар. Пырснула. І, дрыжучы ад смеху, ураніла галаву яму на плячо.
– Калі так, давядзецца нам папрацаваць як след! Пры такой кароткай памяці я не магу дапусціць вас да выканання звышважных міністэрскіх абавязкаў...
– Я ўжо не ведаю, чые абавязкі звышважныя, – сказаў ён шчыра.
Света хутка змахнула штосьці са шчакі і з недаверлівай усмешкай расцерла па кончыках пальцаў чорнае.
– Усе, дзякуючы якім чалавеку з чалавекам становіцца лягчэй.
КАРОТКІ, АЛЕ АБСАЛЮТНА НЕАБХОДНЫ ЭПІЛОГ
Валерыя Аляксеевіча вывела з будынка Света, на ўсякі выпадак моцна ўхапіўшы пад локаць і трымаючыся бліжэй да сцяны.
– Вы хоць намякніце, калі зберацеся падаць. Тут я буду бяссільная!
– Не збяруся...
Калі б ён і меў жаданне спрачацца, энергіі не засталося ні на гэта, ні на запамінанне шляху па падступных калідорах. Галава так пацяжэла ад уражанняў, што яму таксама неймаверна хацелася пакласці яе куды-небудзь надоўга, лепш за ўсё да ранку.
За стырно Света яго не пусціла, хаця ён і не рваўся з улікам абставін, і сама пасадзіла ў таксоўку.
– Цудоўна, цяпер я буду ўпэўненая, што вы вернецеся хаця б забраць машыну! – бадзёра абвясціла яна, прытрымліваючы капюшон на вятры, і звярнулася да кіроўцы ці то з просьбітным патрабаваннем, ці то з патрабавальнай просьбай: – Прасачыце, калі ласка, каб ён без прыгод дабраўся да кватэры. Высока ўзнімацца? – гэта ўжо да Валерыя Аляксеевіча.
– Трэці паверх. Без ліфта, – рассеяна азваўся ён з задняга сядзення, спрабуючы прышпіліцца, але ніяк не трапляючы спражкай рамяня бяспекі куды належыць.
– То самі і... прасачылі б, – кіроўца касіўся на абаіх падазрона. Вельмі можа быць, што яго напружвала найменне на фасадзе НДІ і тое, што Света не цалкам адцерла туш.
– Выбачайце – мне на тралейбус! – гранічна ветліва, але безапеляцыйна заявіла яна. І, закрыўшы дзверы за ўладкаваным пацыентам, коратка махнула яму на развітанне рукой, зацягнутай у пальчатку. Той няёмка міргнуў і цішком парадаваўся, што яму больш не трэба ёй супрацьстаяць.
Таксоўка рушыла. Скрозь запырсканыя акуляры і шкло аўтамабіля ён яшчэ ўбачыў, як Света ідзе да прыпынку, адвярнуўшыся ад дажджу і абыходзячы лужыны па краі (працоўныя туфлі яна змяніла на боцікі), а пасля паплыў міма вечаровы горад, увесь у агнях. І быццам не існавала ні інстытутаў, ні міністэрстваў, ні падапечнага сусвету з яго бясконцымі праблемамі – можна было проста адкінуцца на падгалоўнік і часова аб іх забыць. Забыць нават аб тым, што кіроўцу не зашкодзіла б дакладней выконваць ПДР, калі ён не хоча ўпісацца ў пярэднюю машыну.
Забыць а м а л ь...
Калі яны спыніліся на святлафоры ў хвасце ланцуга аўто, увагу Валерыя Аляксеевіча прыцягнуў сабака, які мэтанакіравана рысіў уздоўж дарогі. Масіўны, віславухі, залацісты з чорным падпалам і пушыстым хвастом колцам, ён наводзіў на думку адначасова пра дварняка і пра леанбергера – адкуль узялася ў галаве назва пароды, можна было толькі здагадвацца.
Іх позіркі скрыжаваліся, і Валерый Аляксеевіч раптам улавіў: тое няяснае пачуццё падчас сустрэч з вялікімі сабакамі, якое ён дасюль прымаў за глыбінную асцярогу, было зусім не ёю.
І хутка адчыніў дзверы.
Сабака, нібы таго і чакаў, зняўся з месца, і туша, аблепленая мокрай калматай поўсцю, нырнула ўнутр, адразу заняўшы ўвесь салон.
– Куды?!.. З бруднымі лапамі! – загаласіў кіроўца.
– Гэта мой. Такая ўдача, – прамармытаў Валерый Аляксеевіч без імкнення адыгрываць прыкметныя эмоцыі. Ён таропка абмацваў загрывак, баючыся знайсці і не знаходзячы ашыйнік, і ў грудзях ападала хваляванне, якое ўскалыхнулася ў секунду да такой ступені, што сэрцу стала балюча стукаць аб рэбры.
– Не, вы мне адкажаце! Што за народ пайшоў? Хай гэтае страшыдла толькі паспрабуе напэцкаць!..
Свяціўся зялёны, ззаду сігналілі, і кіроўца, не спыняючы лаянкі, змушана пераключыўся на дарогу. А Валерый Аляксеевіч надзейна зачыніў дзверы, адным упэўненым рухам спіхнуў сабаку на падлогу, і той улёгся нечакана кампактна, пабліскваючы карымі вачыма з несабачай мнагазначнасцю. Пасля чаго, пазяхнуўшы ва ўсю пашчу, супакоена апусціў важкую пысу на калена паўзверх паліто.
Следам за ім урэшце змог пазяхнуць па-сапраўднаму і Валерый Аляксеевіч, захінуўшыся рукой, і цяжар у галаве адразу паменшаў.
16.12.2022–24.01.2023 (асноўная частка), 31.01.2023 (раптоўны эпілог)
(пер. 07.03–28.07.2023)
(рэд. 05.08.2023)
Свидетельство о публикации №223080501019