Грыбны поспех

Грыбны “поспех”

Пасля працяглай засухі ў нашы краі прыйшлі дажджы. Усё ажыло: дрэвы і трава зазелянелі; пустазелле пайшло ў рост, спрабуючы “выцясніць” з агарода культурные расліны; умытыя і пасвяжэлыя дэкаратыўныя насаджэнні цешылі вока …

Пайшлі размовы, што ў лясах Гродзенскай і Брэсцкай абласцей Беларусі паўнютка грыбоў-лісічак. А тут яшчэ патэлефанавала мая знаёмая і паведаміла, што ў наваколлях Целяхан муж сабраў некалькі кілаграмаў лісічак.

Адклаўшы “на потым” усе справы па хаце, я запланавала паход у грыбы на першы дзень жніўня.

31 ліпеня прайшоў добры цёплы дождж; у мяне не было ніякіх сумневаў, што лісічкі чакаюць не дачакаюцца зборшчыкаў.

Раніцай першага жніўня мы з мужам адправіліся ў найбліжэйшы лес, за Агінскі канал. Збіраючыся у паход, я хацела было ўзяць плецены кошык, з якім звычайна хаджу па грыбы, але ўнутраны голас падказаў:

– Ты ж ідзеш за грыбамі першы раз у гэтым годзе, вазьмі невялікі пакет, калі не набярэш нічога, то ў кішэню яго схаваеш. А з пустым кошыкам вяртацца – неяк няёмка …

– Дарадчык знайшоўся! Мог бы падбадзёрыць мяне перад першым грыбным выхадам, а не парады даваць, – пакрыўдзілася я, але да рэкамендацый голасу розума прыслухалася.

У промнях сонца кропелькі расы на прыдарожнай траве здаваліся каштоўнымі камянямі. Успомніліся словы з паэмы беларускага савецкага паэта і журналіста Паўлюка Труса – “… дыяменты – росы …”.

Я не паспела паглыбіцца ў абдумванне трагічнага лёсу паэта, які памёр ад брушнога тыфа ў дваццаціпяцігадовым узросце; пачаўся лес.

Абыход “маіх” грыбных месцаў доўжыўся больш за гадзіну – ні-чо-га! Зрэдку мне сустракаліся малапрывабныя неядомыя пладовыя целы, а звыклых для нас падбярозавікаў, лісічак і сыраежак быццам ніколі і не было ў гэтым лесе!

– Ты ж бачыш, няма яшчэ грыбоў. Пайшлі дадому, навошта дарма “ногі біць”, – прапанаваў муж.

На самым выхадзе з лесу ў прыдарожнай канаўцы я убачыла, пакрытыя леташняй лістотай, як мне здалося, лісічкі. Нахіліўшыся, я выняла знаходку з-пад укрыцця; муж пільна назіраў за дзеяннем.

– О, пашанцавала табе, цэлую лісічку знайшла! – пажартаваў ён.

– Так, хопіць і на паджарку, і на суп, – не паддаючыся на правакацыю, з самым сур’ёзным выглядам адказала я, уважліва разглядаючы чатырохсантыметровы капялюшык свайго грыбного “поспеху”.

Прыйшоўшы дадому, у агародчыку я выявіла некалькі паўакружнасцяў жаўтлявых грыбоў, не заўважаных мною раніцай. Прапанаваўшы мужу сабраць невядомыя пладовыя целы, каб не разрасталіся, я ўзяла з сабой іх узоры для “ідэнтыфікацыі”.

У маёй настольнай кнізе “Макраміцэты” аўтараў Галіны Сяржанінай і Івана Змітровіча я адразу ж знайшла шукаемы матэрыял.

Аказваецца, на нашым падворку “пасяліліся” апенькі лугавыя (бел.– варушка), звычайны для Беларусі від.

Апенькі маюць шырокакалакольчаты гладкі жаўтлява-бураваты капялюшык дыяметрам два-пяць сантыметраў з бялёса-жаўтлявай мякаццю з мяккім густам і вострым пахам. А вось бялёсая цыліндрычная ножка аказалася досыць цвёрдай: я з цяжкасцю адарвала ад яе запэцканую зямлёй грыбніцу.

Расце на лугах, па ўзлесках на травяністых месцах. Плоданосіць ў чэрвені-верасні, часта вялікімі групамі, кольцамі.

Аўтары кнігі аднеслі апенек лугавы да малавядомых ядомых грыбоў у свежым і марынаваным выглядзе, дадаўшы, што гэты від па Дзяржаўнаму стандарту не нарыхтоўваецца.

Я пераказала мужу змест артыкула аб грыбах, сабраных ім у двары.

– Так і ў садзе я сёння бачыў нейкія белыя круглыя грыбы, – сказаў Валодзя.

Круглымі пладовымі целамі аказаліся порхаўкі, малавядомыя грыбы, ядомыя ў маладым узросце, пра што я і распавяла мужу.
 
– І ці варта нам у лес хадзіць, калі грыбы наўпрост ў двары растуць? – заўважыў Валодзя.

Я нявызначана паціснула плячыма, не агучваючы адказ на відавочнае пытанне: не толькі па грыбы-ягады ходзяць мясцовыя жыхары ў прыгожыя і дагледжаныя беларускія лясы. 


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Вы поступили мудро, не взяв с собой корзинку. когда пошли в лез по грибы. Хорошо, что дома росли грибы. Только, думаю, еще не в таком количестве, чтобы из них можно было бы суп сварить.
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   22.08.2023 05:20     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Вы правы: как-то неловко возвращаться из леса с одной-единственной лисичкой в корзине.

А в пакете никто и не увидит, что там...

С улыбкой и теплом.

Нелли Фурс   22.08.2023 14:12   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.