Чым больш пазнаю людзей

“Чым больш пазнаю людзей …”

Некалькі гадоў таму па суседстве з намі пасялілася маладая сям’я, галава якой працаваў паляўніцтвазнаўцам. Неўзабаве на падворку з’явілася абгароджаная сеткай пляцоўка і два сабакі, а праз нейкі час вальер папоўніўся яшчэ адным сабакам.

Гэтая падзея наўрад ці была б заўважана мною: я не маю звычкі назіраць за жыццём суседзяў.

Аднойчы раніцай маладая жанчына, прывітаўшыся, сама пачала размову:

– Мусіць, нашы сабакі не давалі вам спаць?

– Чаму не давалі, Вікторыя? – здзівілася я.

– Яны ўсю ноч гаўкалі, ніяк не жадаюць прымаць у кампанію трэцяга сабаку – лайку! – растлумачыла суседка.

– А якія пароды ў двух, ужо наяўных у вас, сабак? – пацікавілася я.

– Таксама лайкі, – адказала Вікторыя.

– Дык чым жа ім яшчэ займацца, як не брахаць; яны ж – лай-кі! – супакоіла я суседку, заўважыўшы пры гэтым, што ноччу не чула старонніх гукаў.

Я ніколькі не хітравала: у сельскім населеным пункце брэх сабака, кукарэканне пеўня, кудахтанне курыцы і мыканне каровы выглядаюць арганічна і, за рэдкім выключэннем, не заўважаюцца жыхарамі.

Заняўшыся гаспадарчымі справамі, я ўспомніла адну “сабачую” гісторыю, у вырашэнні якой мне прыйшлося прымаць удзел.

У пачатку двухтысячных гадоў у раённы выканаўчы камітэт паступіла скарга жыхароў вёскі, размешчанай прыкладна за шэсць кіламетраў ад горада Баранавічы. Прэтэнзія заяўнікаў заключалася ў тым, што іх аднавяскоўка развяла мноства сабак, якія па начах не даюць спаць суседзям.

 Распараджэннем старшыні раённага выканкама была створана камісія па разглядзе калектыўнай скаргі.

У яе склад увайшлі прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ветэрынарнай службы, праваахоўных органаў, сельскага Савета; узначаліў дэлегацыю старшыня раённага Савета дэпутатаў.

У камісію было ўключана двое медыкаў: раённы псіхіятр і я, кіраўнік раённай аховы здароўя.

Па дарозе да населенага пункта члены камісіі абменьваліся меркаваннямі, бОльшая частка якіх сканчалася пытаннем: навошта пажылой жанчыне столькі сабак?!

Самы лёгкі адказ “ляжаў не паверхні”: узрастовыя змены, якія выклікалі зніжэнне кагнітыўных функцый: здольнасці разумець, усведамляць і перапрацоўваць знешнюю інфармацыю.

Мы з калегам не бралі ўдзел у дыскусіі, дыпламатычна адказваючы на адрасаваныя нам пытанні: “На месцы пагутарым з жанчынай, паглядзім, а потым будзем рабіць высновы”.

У вёсцы члены камісіі першапачаткова сустрэліся з аматаркай жывёл. Па ўказаным у скарзе адрасе размяшчаўся акуратны падворак, невялікі домік і самаробны вальер, у якім знаходзілася больш за дзесяць сабак.

Пры нашым з’яўленні яны забрахалі; з хаты выйшла невысокая хударлявая, ахайна апранутая, жанчына. Ніякіх упрыгожванняў і касметыкі; сівыя валасы акуратна заколатыя на патыліцы.

Уладальніца сабак, Марыя Іванаўна, запрасіла членаў камісіі ў дом. Мэбля ўзору сямідзесятых гадоў, пячное ацяпленне, рукамыйніца, белыя сурвэткі і абрусы, невялічкія кілімы, звязаныя ўручную са старых баваўняных трыкатажных вырабаў …

Убачыўшы цікавасць да яе побыту, жанчына растлумачыла:

– Гэта дом маіх бацькоў, усё засталося, як было пры іх. Толькі невялікі рамонт зрабіла, на капітальны не назапасіла грошай за сорак гадоў настаўніцкай працы, – з сумнай усмешкай сказала пенсіянерка.

Старшыня камісіі расказаў аб мэце нашага візіту, паведаўшы Марыі Іванаўне, што ва ўмоўлены час у сельскім Савеце адбудзецца сход жыхароў вёскі.

– Так, мяне папярэдзілі, што ў дзве гадзіны будзе сход. Не сумняваюся, што ініцыятары напісання скаргі ператвораць яго ў судзілішча нада мною, – спакойна вымавіла жанчына.

Марыя Іванаўна коратка расказала пра сябе. Пасля заканчэння школы паступіла ў педагагічны інстытут, па размеркавані адпрацавала два гады ў невялікім расійскім мястэчку. Пажылыя бацькі папрасілі адзіную дачку пераехаць бліжэй да іх, у Беларусь. Некалькі гадоў працавала ў горадзе Баранавічы і больш за трыццаць пяць – у мясцовай сярэдняй школе.

На пытанні старшыні раённага Савета дэпутатаў Марыя Іванаўна адказвала коратка і выразна. Так, спачатку яна трымала двух сабак, таму што з дзяцінства любіць адданых чатырохногіх сяброў. Так, сумленне не дазваляе ёй пакінуць на вуліцы “безгаспадарную” жывёлу, чым карыстаюцца не толькі жыхары вёскі, але і горада Баранавічы. Так, некалькі разоў даводзілася чуць, што ўначы каля яе дома спынялася машына, а ў двары з’яўляўся сабака, ужо не патрэбны ранейшым гаспадарам. Так і набралася амаль паўтара дзясятка сабак …

Прадстаўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі пацікавіўся, чым яна корміць такую колькасць гадаванцаў?

– Кашу з пярлоўкі запраўляю самым танным тлушчам, уся мая пенсія ідзе на гэта. Ды і сама пярлоўку ем з раслінным алеем або сметанковым маслам, ды яшчэ гародніна са свайго агарода, – як відавочнае, адказала Марыя Іванаўна.

– А ў лекараў будуць пытанні? – пацікавіўся старшыня камісіі.

– Так, будуць, але мы задамо іх Марыі Іванаўне ў адсутнасць іншых членаў камісіі. З этычных меркаванняў, – растлумачыла я.

На стандартныя пытанні раённага псіхіятра пажылая жанчына, як і трэба было чакаць, дала адэкватыя адказы. Расказала, што ў школе яна выкладала матэматычныя прадметы і вяла гурток “Шахматы і шашкі”. Асабістае жыццё не склалася; спачатку даглядала хворых бацькоў, а калі яны памерлі, то ўжо і не да замужжа было – узрост не той. Так што, адзіная яе ўцеха – сабакі …

Марыя Іванаўна не стала называць нам прозвішча ініцыятара напісання скаргі, мяркуючы, што ўсё стане зразумела на сходзе грамадзян.

Адкрыўшы пасяджэнне, старшыня камісіі зачытаў прысутным калектыўны зварот.

Маё месцазнаходжанне ў зале пасяджэнняў давала магчымасць назіраць за вяскоўцамі, якія прысутнічалі ў аўдыторыі. Частка  з іх адчувала сябе не камфортна: апусціўшы галаву, яны вывучалі абіўку крэслаў.

– Мусіць, гэта бацькі школьнікаў, якіх вучыла Марыя Іванаўна, – вырашыла я. Магчыма, яны саромеюцца, што ўдзельнічаюць у сходцы. А нікуды не дзенешся, бо старшыня сельскага Савета настойліва рэкамендаваў прыйсці.

Пераважная большасць удзельнікаў сходу паводзіла сябе спакойна, с цікавасцю пазіраючы на членаў камісіі – не кожны дзень раённае начальства ў вёску прыязджае!

У першым радзе размясціліся невялікая групка жанчын. Кідаючы непрыязныя позіркі на Марыю Іванаўну, якая сядзела непадалёк, кампаньёнкі нешта эмацыйна абмяркоўвалі.

– Аўтары паслання, – падумала я, паглядзеўшы на разгарачаныя твары заяўніц.
Скончыўшы чытанне скаргі, старшыня раённага Савета дэпутатаў звярнуўся да аўдыторыі:

– Хто хоча выказацца?

Ледзь даслухаўшы пытанне вядучага сходу, з месца ў першым шэрагу ўскочыла мажная бландынка сярэдніх гадоў і, стаўшы тварам да залы, вымавіла “выкрывальную” прамову.

Прэтэнзіі “змагара за справядлівасць” да аматаркі сабак зводзіліся да наступнага: вялікая колькасць сабак на падворку “пастаянна брэша і не дае ноччу спаць працоўнаму народу, які стаміўся за дзень”.

У розных варыяцыях жанчына шматкроць паўтарыла сваі патрабаванні да пажылой настаўніцы. Публіка хутка страціла цікавасць да невыразнай прамовы бландынкі; у зале пачаўся шумок.

Відаць, саюзніцы актывісткі чакалі больш яскравага выступу свайго “лідара”. Бясколерная прамова ініцыятара скаргі нібы выбіла глебу ў іх з-пад ног; яны апусцілі галовы і прыціхлі, не выказваючы жадання выходзіць на трыбуну.

Пад красамоўным указальным позіркам зачыншчыцы адна з жанчын паднялася з месца і неахвотна прайшла да стала прэзідыума.

– Хутчэй за ўсё, падпарадкаваная энергічнай застрэльшчыцы, вось і даводзіцца выконваць яе загад, – вырашыла я.

Стаўшы перад аўдыторыяй, жанчына глядзела ў залу і маўчала. Бландынка з месца нешта падказвала, актыўна жэстыкулюючы і падтрымліваючы таварку.

Сабраўшыся з духам, запінаючыся і чырванеючы, закладніца сітуацыі ціхім і невыразным голасам паўтарыла выступ папярэдняга аратара: “яны ўвесь час брэшуць і спаць не даюць”.

Старшыня зноў звярнуўся да прысутных на сходзе:

– Пад калектыўным зваротам стаіць восем подпісаў, значыць, яго аўтары згодны з тэкстам заявы. Чаму ж ніхто больш не хоча выказацца?

У зале перашэптваліся, аднак ахвочых выступіць не было.

“Сапраўдных шалёных мала…”, – успомніла я песню Уладзіміра Высоцкага аб “Канатчыкавай дачы”.

Старшыня сельскага Савета прапанаваў:

– Няхай выступіць Марыя Іванаўна і раскажа, навошта ёй так шмат сабак?

Уладальніца сабак выйшла да стала прэзідыума і, у нямногіх словах, распавяла гісторыю аб прычынах павялічэння колькасці сабак на яе падворку, практычна паўтарыўшы свой аповед членам камісіі.
 
Спакойная манера апавядання “адказчыцы” стварыла спрыяльнае ўражанне на аўдыторыю. Марыю Іванаўну ўважліва слухалі і толькі мажная жанчына, ініцыятар напісання жалабы, напаўголасу бубніла:

– Але яны ж увесь час брэшуць, спаць не даюць!

Галоўны ветэрынарны ўрач раёна нягучна вымавіў:

– Увогуле, існуе толькі адна парода “маўклівых” сабак – басенджы, але яны могуць выць ці буркатаць. І невядома, что лепш: брэх ці выццё?

Убачыўшы цікавасць аўдыторыі, доктар дадаў:

– Хаця, ці наўрад Марыі Іванаўне падкінуць такую псіну – цана на іх ужо балюча “куслівая”.

Увага слухачоў пераключылася на ветэрынарнага лекара, які не выявіў парушэнняў ва ўтрыманні сабак на прыватным падворку Марыі Іванаўны. Прадстаўнік праваахоўных органаў давёў да ведама прысутных, што пры выкананні правіл утрымання жывёл і захаванні санітарна-ветэрынарных норм, колькасць сабак у прыватным сектары заканадаўча не рэгулюецца.

У завяршэнне сходу старшыня выказаў агульнае меркаванне членаў камісіі, якія не ўгледзелі парушэнняў ва ўтрыманні жывёл жыхаркай вёскі. І паскардзіўся, што выканкам пакуль не мае магчымасці ўсталяваць на падворку Марыі Іванаўны сістэму відэаназірання, каб высветліць асобы ананімных “дарыльшчыкаў” сабак аматарцы жывёл.

Некалькі чалавек у зале пасля заявы кіраўніка камісіі апусцілі галовы.
Мне ж успомнілася крылатая фраза, якая прыпісваецца, сярод іншых, Бернарду Шоу, Артуру Шопенгауэру і Джеку Лондану:

– “Чым больш пазнаю людзей, тым больш падабаюцца сабакі”.

PS. Ад загадчыка фельчарска-акушэрскага пункта я даведалася аб фінале гэтай сумнай гісторыі. Праз шэсць гадоў ад апісаных падзей Марыя Іванаўна памерла ноччу ад сардэчнага прыступу; аб трагедыі ў доме жыхары вёскі даведаліся па характэрным выццю чатырохногіх гадаванцаў чуллівай гаспадыні.

Сярод жыхароў населенага пункта не знайшлося жадаючых паклапаціцца аб сабаках пенсіянеркі, якая пайшла з жыцця; распараджэннем старшыні выканаўчага камітэта на кіраўніцтва раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі была ўскладзена адказнасць за вызначэнне далейшай долі жывёл.

Па выразе твару фельчара было відаць, што ёй вядома журботнае завяршэнне “сабачай” гісторыі …


Рецензии
Доброго дня Вам, уважаемая Нелли!

Да, наблюдая за подобными случаями порой с грустью констатируешь, что некоторые люди, увы, недалеко ушли от животных, а уж по части склочности нередко и фору дадут самой брехливой собачонке. Готовы устроить этакое судилище на ровном месте...
Хотя, конечно, иной раз и господа "собачники" (заметьте, не собаки) ведут себя, пожалуй, похуже своих питомцев.

С глубочайшим уважением,

Сергей Макаров Юс   02.09.2023 16:17     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемый Сергей!

Сердечно благодарю за отзыв!

Увы, я тоже знакома с женщинами, которые любую собаку "перебрешут". И очень гордятся своими "редкими" способностями оставить последнее слово за собой.

Я стараюсь не общаться с ними: мне иногда кажется, что "последним словом" окажется слово "гав".

С улыбкой и теплом.

Нелли Фурс   03.09.2023 09:48   Заявить о нарушении